12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Рыгор Барадулін

_____________________
А сэрца верыць....
Вершы


Ліст у вечнасьць

Васілю Быкаву
Небаверны Васіль,
Без цябе
Стала мулка ў Крывіцкім краі.
А наўкола раб на рабе.
Кожны ноч нясе на гарбе,
Раніцу за сьвятло дакарае.

Ты пасланы быў на зямлю
Вочы й душы разнасьцежыць людзям.
Важка дзень утрымаць гальлю.
Цяжка цень падкаваць кавалю.
І нялёгка
Спагадлівым суддзям.

Як храм...

Паэт будуе сам сябе, як храм
Ці як пахіленую халабуду.
У храме весялей адбыцца цуду,
У халабудзе вылежыцца хлам.

На твары неба бліскавічны шрам
Заные, адчуваючы астуду.
Набожна ўкленчыўшы эцюду цуду,
Паэт будуе сам сябе, як храм.

А храм служыцьме долам і гарам,
Звон давярацьме гуду й перагуду.
У халабудзе кут адвёўшы цуду,
Паэт будуе сам сябе, як храм...


Вялік расьці!

Вячку Скоблу
на першы месяц стагоддзя

Аднаймёньнік крывіцкага князя,
Расьці!
І запомні, што ты –
Гордачол панавіты.
Па праменьнях ступацімеш,
Як па трысьці.
Да цябе прыйдуць раяцца
Зоры і міты.

Для цябе
Беларусь гадавалі вякі.
Сонца мае пазычыць
Паганскую сілу.
Дык прымай край
У долі з ахвярнай рукі
Ўвесь –
Ад бацькавай радасьці
Да небасьхілу!


Адышлі...

Адышлі маладыя дні,
Спадзяваньні з сабой забралі.
Шчырымі засталіся сябрамі
Нябожчыкі.
І ў памяці,
Як у бульбяной яме,
Пабольшала
Пустой глыбіні.
Не пастарэла толькі што ўсьмешка.
І пралегла лініяй лёсу
Сьцежка
У дамавіны на далані...


Адпаведна...

Цішыня, як падвялае сена,
Растрэсена,
Восень хмарыць даверліва
Бровы густыя.
На яшчэ неадпалымнелай бярэзіне
Галавешка вароны
Картава стыне...


Cапраўды

Сьвет гэты –
Міт.
Сваяк таму.
З жыцьця ў нябыт.
З турмы ў турму...


Эмігрант

Сяргею Навумчыку
Небу не хапае сінізны.
Восені далёка да вясны.
Рэха запытай –
Ня дасьць адказу.
Менскія ды віцебскія сны.
Сон ньюёрскі
Не прыйшоў ні разу.

Не маўчаць на дне азёр званы.
Небасхіл трымаюць курганы.
І на дахах рыцарскія латы.
Думкі і аблокі –
Цыганы.
Сны не пакідаюць роднай хаты...

Лацьвей

Намовіўшыся з самотай дазмоўку,
Благаючы роднае слова: «ня выдай»,
Будуе ў тайзе бесхаціннай дамоўку
Дубоўка –
Беларускі Авідый.

Лацьвей
З тугою пабрацца ізгою.
У руху
Шархебель з сякерай шчырухай.
Шуміць зімавейна
Суладна з тайгою
Паэтава барада завірухай.

А ўжо
Ля берага човен чакае.
Яшчэ не Харонаў.
Ду Фу з напамінаў
Адсюль недалёка
Жальбуе ў адчаі,
Што вецер
Страху чаратовую зрынуў...

Закот

І я ўздыхаю
Па сваім закоце.
Ду Фу
Сонца перад закотам.
Сьледам ціхія цені,
Як ахвяра за катам.

І трывога гусьцее.
І цьвярдзее здраньцьвеньне.
І дарога кусьцее.

Рэха дрэмле за пушчай.
Цемры хочацца соўцы,
Каб зрабіцца відушчай.
Страх цікуе па-воўчы.
І закоціцца сонца.
І закоцяцца вочы.


Адкрыцьцё

Як і Ньютону некалі,
Яблык зьляцеў
На маю галаву.
І гуз не набіў.
І я адкрыцьцё зрабіў:
Жыву!

Ахвочы

Ах, вочы!
Я, мадам,
Чытаць ахвочы
Бюстсэлер Ваш
Аж
Да цямнюткай ночы...

Пачынае часьцей...

Думацца пачынае часьцей
Пра той,
У якім мушу атайбавацца,
Сьвет,
Дзе спачне ўжо зямная праца.
Вярнуся я з гэтага,
Як з гасьцей.

Ці там чакаюць мяне свае,
Якіх застаць мне не давялося,
Ці там наліваецца жалем калосьсе
І птушка памяці гнёзды ўе?

Ці там гэты кут,
Дзе няма пакут,
Дзе не прыручана воля цярпеньнем?
Да зоркі лёсу
Пазычаным ценем
Прывязаны
Я пасуся тут...

Няўцямна...

Радасьць праз усе вякі маладая.
І я адчуваю няўцямна неяк,
Як нячутна іней спадае
У вушацкіх бярэзінак з веек...

* * *

Мароз цьвікі забівае без малатка.
Дарога санная грэецца ў лесе
Усьмешкаю маладзіка.

* * *

Вецер нешта рабіне на вуха
Гэткае прашаптаў,
Аж зачырванелася маладзюсенькая...

* * *

Колькі важыць душа,
І зорка ня ведае,
Якая трымае аблокі ветлівыя.

* * *

Рэха дагнаць і ўгаварыць
Вярнуца назад – гэта паэзія.

* * *

У неба на высокім чале
Маршчынка Млечнага Шляху.


Рэгістрацыя шлюбу з небам...

Па ўзлётным полі
Разгублена раз’язджае трап,
Як самаўпэўнены пастамент,
Што шукае свой зьбеглы помнік...
За сьпіной сядзеньня ўчахлёнага
Падносы на падмацунак нябесны,
Нібы злубянелыя запасныя крылы,
На якіх хіба што хутчэй
Даляцець да сьпякотнага пекла...

Чую дагэтуль...

У восеньскім садзе
Далёка й шырока,
І так непрытульна
Для ўсіх вятроў.
У восеньскім садзе
Сьмяецца сарока
Марозным сьмехам
Бярозавых дроў.


Ня скажа...

Ад ненадзейнай галіны
Пажоўклы ліст адарваўся.
Але ня ўпаў на абыякавы дол –
Зачапіўся за ценькую павуцінку.
Так і дрыжыць ні жывы,
Ні мёртвы
Спаміж зямлёю і небам.

Ці доўга яшчэ дрыжэць засталося,
Ня скажа ягоны ветраны лёс...


Закаханы санет

Іне Снарскай
Калі чароўнай талент Бог дае,
Ён двоіць ёй надзеі і пакуты.
Ідзе вяроўка лёсу ў перакуты.
У слова, як і ў неба, — ўсе свае.
Лёд ад тае галінкі адтае,
Якую не ўкаляніць сівер люты.
Ня будзе вырай шчырасьці пачуты,
Пакуль журба ад думкі адстае.

Сьцяжыне крыўскай золка на чужыне.
Калючай трэба быць, каб слыць, шыпшыне.
Сама сябе бароніць прыгажосьць.
Нябеснае старэе сутарэньне.
А ці шчасьлівы ён, каго сустрэне,
Яе неўтаймаваная мілосьць?


* * *

Прыйшла аднойчы,
Каб пайсьці,
Журбу пакінуўшы са мною.
У сэрцы ўсё
Як і ў жыцьці –
Мана зьмяняецца маною.

Сны недасьнёныя ў маны.
Іх ані ўзважыць,
Ані зьмерыць.
Сябе ашукваюць яны.
А сэрца верыць...


Паклоны б’е сякера...

Чаўнар – вядзьмар
Да патаемных змовін
Вады з зямлёй далучаны адзін
Таму й рака ягоны лашчыць човен
Халодная ад крыгаломных ксьцін.
І рэбры гне –
Каб выпінацца рэбрам –
З сасны, як у Адама з рабрыны.
Каб човен мог луской—
Дарэмным срэбрам
Сплаціць даўгі паганскай даўніны.

Як валачомец з цёмных валачомін
Вяртаецца са стомаю ў касьцях
Прасмалены смалой сутоньня човен
Дамоў,
За дзень наплыўшыся ў гасцях.

У чоўна з берагам ня дрэмле спрэчка,
Чыя рака, каго яна вязе.
Як куфар човен.
Не хапае вечка.
Быць вечкам аблачыне балазе.

Паклоны чаўнароўская сякера
Б’е дрэву за штодзённыя грахі.
Яшчэ паганская спрыяе вера,
Каб човен выплываў з вады сухі.
Рака сьпіною неба падпірае.
Пільнуюць хітры бераг чараты.
Украсьці вёслы хоча ноч старая.
І страхі шчэраць
Сонныя раты.


Сьцежка чаканьня

Па жыцьці
Мяне сьцежка чаканьня вяла.
Ды яна дапазна
Жаўталісьцем запала.
Мне хапала марозу,
Хапала цяпла.
Мне хапала сьвятла.
Мне сябе не хапала...


Іспас, Што яблычным імем завецца.

Прапахлі яблыкамі крыжы.
Шапчу сваёй палахлівай вейцы:
Не калышы сьлязу,
Не дрыжы...

Сьлязою яблык дрыжыць на галіне.
Раса дрыжыць на смутнай траве.
Хмурынка
Лёгкая на ўспаміне
У памяць незабыцьця плыве...


Цесна....

Цесна і ў песьні,
І ў самім сабе
Было Анатолю Сысу.
Быў ён толькі намесьнікам
Сябе самога.
Бліскавіцу слова,
Як жывога вужа,
Галаруч трымаў на вісу.
Босай душой
Па халодных аблоках
Ступаў да Бога...

Туга

Туга па Радзіме – хвароба старых –
Уся з маладога чаканьня.
Таму й выкрасаецца
Рэчка з-пад крыг,
І лямантам давіцца каня.

Калі дажывеш да тугі,
Да яе
Ідзеш, як ахвяра да ката.
Даўгія й кароткія пааддае
Даўгі твае ўсе
Да дуката.
Кароткія доўжаць
У прошласьць шляхі,
Даўгія кароцяць надзею.
І ўбачыць сьляпы,
І пачуе глухі,
Як сумна Радзіма зімее...