12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Рыгор Барадулін

_____________________
Вечаровая малітва.
Вершы


Маміна слова

І на пачатку Слова было,
І слова было ад Мамы.

Маміна слова
Мне сьвет гадавала.
Анёл далікатны самы
Браў слова маміна пад крыло,
Каб на яго
Ні дажджынкі ня ўпала.

Маміным словам
Малюся й хварэю,
Маміным словам
Баюся й сьмялею.
Маміным словам
Жыву!

Не ўтаіцца

Жыцьцё
З такімі хітрымі вачыма,
Што ад яго ўтаіцца
Немагчыма!

Дасюль…

Дасюль для памяці
Насьцеж расчынены
Вясёлыя весьніцы
Суседскіх двароў.
Над комінам родным
Распагоджана аблачыніцца
Даверлівы дым
Бярозавых дроў…

Адказаць…

Перш чым тленам зрабіцца
Гожа
Узалочвае дол лісьцё.
Мабыць,
Толькі мёртвы і можа
Адказаць,
Што такое жыцьцё…

Сьнілася…

Прачынаюся…
Усторкваю сонна
На плечы слова.
Ды спахопліваюся,
А гэта кашуля мая
Вывернута
Ці на той бок?..

Як быццам проста

Закон жыцьця
У прынцыпе воўчы.
Усё тое будзе, што ўжо было.
Паціху зьмяркаюцца нашыя вочы,
А нам здаецца –
Старэе сьвятло…

Вусьціш

Самота ў вязьніцы
І днюе й начуе.
І рэдкія зоркі,
Як кроплі расы.
І вязень
У цішы закрачанай
Чуе,
Як у яго растуць валасы…

Нанізаць…

Камяні з брукаванкі,
З роднай Каменскай вуліцы
Нанізаць на нітку тугі,
Каб атрымаўся ружанец
Для вечаровай малітвы
Па ўсіх вушацкіх,
Якіх не хапае мне,
Як баравога спакою…

Гузікі

Стагоддзі –
Гузікі, на якія
Зашпільвае Час
Свой сьвяточны сурдут.
А ў Нябыта
Ад аднастайных пакут
Бычэе шыя.

Адарвуцца гузікі –
Новыя прышывае
Бясконцасьць
Ніткамі бліскавіц,
Яблык разладу
Падае ніц.
Зажывае рана
Рана сьвітаньня
Жывая...

Васільковае

Даверлівыя васількі—
Нябёсаполымныя сьвечкі.
Ім вырывацца
Так дарэчы
У ветра сквапнага з рукі.

Павесялелы далягляд
Зрабіўся раптам васільковым.
І летні гром разжыўся словам
Сказаць,
Што ён прачнуцца рад.

…Як далікатнымі цьвікамі,
Прыбіта рэха васількамі
Да асачыстых берагоў,
Дзе хвалі сноў
Шукаюць схоў…

Крэўнае

Родная старана,
Ты – незагойная рана,
Схаваная
Ад вока чужога
Старанна.
Душа без цябе
Лодкаю без стырка
Б’ецца ў халодныя
Берагі тугі.

Ты, як душа, адна,
Крэўная старана...

Дрэмле сон…

Сталіца сноў маіх –
Вушача.
Бо толькі там
Да гэтых дзён
Асьвер пяе,
Бяроза плача,
Сьмяецца затанулы звон.

Сон

Мае памяць маладую,
Як ранішняя цішыня.
Ён моўчкі сам сябе гадуе,
Расьце ад вечара да дня.

Сьвітаньня сіняя сініца
Надзеяй цьвеліць
Змрочны скон.
Жывеш –
Табе рэальнасьць сьніцца.
Памрэш —
Жыцьцё ўзгадае сон.

… А ў роднай хаце
Ёсьць палаці,
Дзе дрэмле сон,
Што сьніўся маці…

Недарэмна…

Зялёнай зайздрасьцю
Сенажаць
Не зайздросьціць ціхім лясам.
Кожны павінен
Сябе паважаць
Сам.

Чоўну нясьмеламу
Сьцежку ў трысьці
Лёгка згубіць.
Кожны стараецца
Ў гэтым Жыцьці
Быць.

Колас,
Які расьце для куцьці
Недарэмна дрыжыць.
Самае страшнае
Ў гэтым жыцьці
Жыць...

Лічыцца

Ня трызьнячы
Прывідным раем
Ня лічачы пеклам
Свой дом,
Упарта штодня паміраем,
А лічыцца –
Вечна жывём...

Сустрэліся...

Дзік змроку
Грэў у мосе лыч мурзаты.
Прысьніла рэчку
Рэчышча старое.
Учора і сягоньняшняе заўтра
Сустрэліся на вуліцы настрою...

Саступае…

Расьце трава.
Прачнулася вада.
Быць гожа
З завушнічкамі бярозам.
Галуб нясе
Галінку для гнязда.
Дарогу крозам
Саступае розум…

Даспадобы…

Нам даспадобы,
Мне й красавіку,
Варона на бярозавым суку…

Без

Пытаньне гэтае
Без адгадкі:
А ці сьвярбяць
У нябожчыка пяткі?...

Можаце…

Маладя вясна
Пасылае вас на…
А вы малады
Можаце йсьці
Туды
Ці
Куды яшчэ,
Покуль ваш цень худы
Не ўцячэ
Ў хлуды….

Да партрэту навальніцы

Цемнач рассоўвае межы свае.
Пярун цішыню меле
Ў жорнах забытых.
Бліскавіца аўтографы раздае...

Цяжка

Сум не важаць
На вясёлых вагах.
Смутку й на вясёлых вагах
Важка.
Без радзімы на чужых абсягах
Нават ветру дыхаецца цяжка...

Шукае…

Комін –
Абеліск у памяць пушчы,
Што загінула ў галоднай печы.
Воблакам зрабіўся
Дым відушчы,
Каб сябе адчуць у старавеччы.

Комін стыгне.
Воблака блукае.
…Зноў даліну сноў
Душа шукае…

Непадуладны…

Жыцьцё
Рыфмуе ўсё як ёсьць —
Стагі й сьнягі,
Мілосьць і злосьць.

Нябыт Ад зайздрасьці глухі

Ані жадае чуць сугучча,
Бо ведае, што немінуча
Усё павяжацца ў мяхі
Няшчадныя.
А ў тых мяхах
Перад жыцьцём нямее страх.

Як ні стараецца
Нябыт,
Яму непадуладны
Міт…

Чорна-белы

Чорна-белы кот,
Як ноч і дзень,
Што разьвітваюцца
На зьмярканьні.

Пазычае кот
Бярэзіне свой цень
І, бяросту росту
Зьмераўшы,
Зьнікае
У зьнявераную мрою.

Чорна-белы кот
Азяблага настрою…

Зялёна…

Мурагу,
Як і чалавеку,
Чужую не зразумець тугу.
Абы не сьцюдзёна й зялёна
Было б.
Яму, як і ветру,
Не задумацца
Ў апошнім парыве
Па кім сумуе
Абмалочаны сноп.
Па маўклівых зярнятах
Ці па гаварлівай ніве?

Галасы сьлядоў

Мох непрымусова расьце,
Быццам дратваю
Прашываюць валёнкі.
На верасовай вярсьце
Цішу вярэдзіць
Лямант сойкі.

Мох пад расою расьце.
А пад туманом,
Як паганскі сьвятар пад расаю,
Баравік у сваёй таўстаце
Перад сном
Думае пра нешта ласае.

Галасы сьлядоў
Глухнуць у мосе.
Радуюцца дзікі :
Хоць усмак
Жалудоў наямося!

Яшчэ ляцець…

Сябры мае
Дамоў пайшлі
Са згоды небакраю.
А я застаўся на зямлі,
Сваю чаргу чакаю.

Балюча й сумна навакол.
З кім
Пацьвяліць самоту?
Я ўжо як той
Апошні кол
Паваленага плоту.

На ім драмалі гладышы,
Сушыла хвост сарока.
Як кол, я рухну,
А душы
Яшчэ ляцець далёка…

І я там…

Чым далей,
Тым сьмялей карацее дарога.
Адчуваю, што я ўжо
Ня йду, а вяду
Ператомленага сябе самога.

А на лузе ўспамінаў
Зялёнастога
Смутак дрэмле.
І я там прытулак знайду…

Даганяючы вякі

Заходняя Дзьвіна
Даганяе вякі,
А па дарозе заходзіць
У Полацк,
Каб на распагоджаных хвалях
Палюляць Сафійку,
Што, як лілея,
Ўзьбегла берагу на плячо
І затрымалася.
Сафійка ведае,
Што рака часу
Не забудзецца на яе
І не пакіне ў самоце…

Вясьціны

Няўжо з Сарочына прыляцела
І пад вакном маім села сарока?

Сьвітаньню сьмела,
Бярэзіне бела.
Вачам шырока.
Смутку глыбока.
Вясьцінам з роднае стараны
Цёплакрока…

* * *

Раўнавазе трэба
Гэтак мала –
Каб хвароба
Жыць не замінала…

* * *

Ня голад і не пятля,
А зямля халодная
Вечна галодная…

* * *

Пакуль я зьбіраўся
Развагу прасіць на падмогу,
Жыцьцё мільганула,
Як заяц цераз дарогу…

* * *

Дарагія мясьціны наведаць
Ногі прысталі.
Затое ўспаміны
З маладымі нагамі…

Сьледам…

Дрымотнай павуціны
Шоўк
Акрыў чало паляне.
Застаўся я
Адзін, як воўк,
Суцешыць разьвітаньне.

Цень вогнішча ляснога
Змоўк.
Сум разбудзіла жрыца.
Я нікаю
Адзін, як воўк,
Каб страху заіскрыцца.

І сьледам за ваўкамі
Зьнікаю,
замаўкаю…

Аптымістычнае

Крутая ў быка рызыкоўнасьці
Шыя.
На стромах пыхлівасьці
Чэзлая нарасьць.
Шчырэйце ў радасьці,
Маладыя!
За вамі будучыня – і
Старасьць.