12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Марыя Баравік

_____________________
На змаркочанай струне. Вершы


Разьвіднеемся

Бог – ёсьць ісьціна.
А праўда ж ёсьць прамень.
Глянем, калі думкай несьляпыя?
Мабыць не пакора, ад калень,
А выразнасьць, ад сьвятла, заные.
Думкай разьвіднеемся ў маленьні,
І яна адпусьціць боль каленяў,
Каб зрабілі мы да Бога крок...
Каб адчулі болем свой урок.

* * *

...І дакранаюся да пяра:
Іду з атлуму.
Каму багацьце зьбіраць,
А мне – думаць...

Тут ні прадаць, ні купіць –
Тут адмыслова.
Камусьці сродкі капіць,
А мне – словы.

Сумленьнем іх шанаваць
Ці ў снах, ці ў крозах,
Каб сэнс сьвяты вызнаваць
Праз сьлёзы.


* * *

Ты ўмеў мяне бачыць сьвятой
На сьцежцы нашай крутой,
На сьцежцы нашай нявіннай.
Малітвай Табе павінна.


* * *

Час Твой вобраз аддаляе,
А Душа – у думным сьне.
І ўсё лёс жалобу грае
На змаркочанай струне.

Вочы смуткам прамываю --
Мой дзянёк ідзе ад сьлёз.
Восень ціха астывае.
На журбе іграе лёс.


* * *

О, як балюча. Як безвыходна:
Ніколі не прачытаеш
Тугу па Табе, мой родны,
Ня вымавіш: “Ты – сьвятая”.
А я сьвяцею ад болю
За нашу горкую долю.


* * *

Сьляза сумленьня – ад жалю мленьне.
Хвілін судум’е, душы маленьне.
Такой шчыпучай сьлязой, гарачай
Так непадробна сумленьне плача.


* * *

Як я, мой Божа, не здагадалася,
Што ўвесь жа сьвет ёсьць у чалавеку
Для веры і для любові –
Так сум прамовіў.


* * *

Што ж мне не прысьняцца сны лясныя,
Толькі сон, як дыхаць ты ня мог?
О як сьвет мой у душы заные –
За дваіх у ёй сумуе Бог.

І выводзіць Ён цябе на сьцежку
Незгасальнай памяці маёй,
Дзе цяпер не расьцьвітае ўсьмешка,
Вымытая думнаю сьлязой.
15 кастрычніка 2008 г.


* * *

Не замахніцеся на Роднае.
Яго ратуйце, пакуль жывое.
Яно такое безабароннае,
Як немаўлятка, парою.


* * *

Трымціць у пальцах целагрэйка.
Яна ж так слаба грэла цела.
І ад мяне ці адляцела
Душа бяздольная Сяргейкі?

Бо там, дзе мы былі, як дзеці,
Асобна памяць забалела.
Ня зьліцца больш на гэтым сьвеце
У думцы бел-чырвона-белай.


* * *

Душы Тваёй мо адна дарога –
Не ў аддаленьне,
Бо адчуваю: яна – у Бога
Майго сумленьня.
28 лістапада 2007 г.
* * *

Так і таплюся ў сьлязах успамінаў
Сёньня і ў чэрвень-пару.
Да Баравога – дзясятак хвілінак –
Вёз нас цягнік у зару.

Шчасьце лясное прысьніцца сьвітальна:
З рук я сунічкі бяру.
Там усё родна, непараўнальна
І беззваротна. Даруй!


* * *

На скарбах людзі растуць.
А хто й на вершах.
Мо хоча быць чалавек
Дзе-небудзь першым?

А хто й на лесьвіцы ўверх
Ў крутнечы дымнай.
І б’ецца жылка яго
На ўсеабдымнасьць.

А як да Неба штурхнуў
Дух невярутны,
Хацеў жа быць чалавек
Усемагутным?

Сабой высока ўзьляцеў,
Сябе ж і сьпешыў.
Як хоча быць чалавек
Заўсёды лепшым!

Восень

У душы наплыўна.
Пакідаюць сілы.
Горка, незабыўна
Згадка падступіла.

Бачыць мая восень –
Я адна ля гаю.
Цісьне сум на просінь,
Болем набягае.

Разьвялі маўкліва
Дрэўцы рукавамі.
Мой ты бор санлівы
З рыжымі брывамі!

Ой, у мары пуста!
Ой, у лесе глуха!
Ой, як думак густа,
Ціха каля вуха!
30-31 кастрычніка 2007 г.

Засталіся

...І, сьляпой у разумнасьці, мне
У тым сьне, што ўжо больш не прысьніцца
У сунічныя дні навальніцай,
Засталася журбота ў акне

І агонь малітоўны ў радках,
Разьвітальны ў мальбе вобраз твой:
Як хрысьціўся аслаблай рукой,
І, як больш не ўзьляцела рука.

* * *

Я апрытомнела ў бядзе.
А роднага Цябе – нідзе.
З такой аголенай душой
Ва ўсёй бяздушнасьці чужой,
Ва ўсёй бязьдзейнасьці сьляпой,
У гэтай хворасьці зямной.
І толькі словы: “Божа мой!”.

Ёсьць

Яго няма? А ты з ім ціха будзь
У найсьвятлейшай думнасьці сваёй,
У самай боскай боскасьці жывой.
Там, дзе ёсьць Бог, усе мы разам ёсьць.

Ніякіх ценяў!

Мае гаротнікі: матуля, тата, муж,
Няма вас для вачэй, вушэй і рук.
Пра вас цяпер – мой найпяшчотны гук.
Пра іх, зямное, памяці ня руш!
Ніякіх ценяў! Вобразы ідуць
У позірк памяці. Я іх далей вяду...
Па чысьціні раскайлівасьці іх.
Яны ня сходзяць са сьцяжын маіх.