12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Юрась Барысевіч

_____________________
Жыццялюбства супраць славалюбства.
Штрыхі да творчага партрэта мастака Сяргея Рымашэўскага


Сяргей Рымашэўскі – адзін з найбольш паважаных, але найменш вядомых беларускіх мастакоў. Ягоныя палотны, падобныя да класічнага галандскага жывапісу і адначасна да мультфільмаў, падабаюцца амаль усім. Але назваць Рымашэўскага модным мастаком нельга: ягоныя працы не сустрэнеш у салонах (прынамсі, у Беларусі), пагатоў на плакатах і тэлеэкране.
Адзіная на радзіме галерэя, з якой ён супрацоўнічае, «ЛаСандр-арт», спецыялізуецца на антыкварным савецкім жывапісе і сучасным, умоўна кажучы, рэалізме, там не ўбачыш карцінаў, якія могуць абурыць або напалохаць. У гісторыю мастацтва, на мой погляд, лягчэй трапіць вобразамі, якія агаломшваюць сучаснікаў аўтара, аднак галерэя клапоціцца не столькі пра гісторыю, колькі пра грашавітых кліентаў, якія збіраюць хатнюю калекцыю вечных каштоўнасцяў.
Вялікія (напрыклад, памерамі) палотны распавядаюць пра вялікія падзеі, і ствараюцца яны для вялікіх грамадскіх будынкаў (палацаў, храмаў, музеяў). Маленькія, зручныя – для аздаблення кватэры ці офіса. Зрэшты, сур’ёзныя людзі купляюць жывапіс не для сябе, а для дзяцей – укладаюць грошы «навырост», як у нерухомасць або антыкварыят. Падобны да працаў «старых майстроў», хоць і драбнейшага фармату (столі ў цяперашніх дамах надта нізкія) жывапіс Рымашэўскага выглядае ўсё ж прывабна для інвестыцыяў.
Заснавала «ЛаСандр-арт» фірма «Мальвіна», ледзь не буйнейшы ў Еўропе вытворца мяккіх цацак (у асноўнай прадукцыі яна таксама аддае перавагу «рэалізму», у тым ліку выпускае футравых мядзведзяў у натуральную велічыню). Жывапіс Рымашэўскага з ягонымі дзіцяча-казачнымі вобразамі сугучны асартыменту «Мальвіны», у галерэі ён лічыцца адным з асноўных мастакоў (разам з пейзажыстамі Аленай ды Ігарам Бархатковымі, прымітывістам Валянцінам Губаравым). Аднак прыгледзімся да папулярных жанраў мастацтва, не толькі выўленчага. Эстрадныя спевакі, кіназоркі, тэлевізійныя шоўмены, аўтары дэтэктыўных раманаў – усе яны працуюць на адной цацачнай фабрыцы, на сусветнай мальвіне постмадэрнізму.
Рымашэўскі з’яўляецца сябрам шэрагу прафесійных аб’яднанняў – Міжнароднай гільдыі жывапісцаў, «Арцелі», Саюза беларускіх мастакоў. Удзел у іх чыста прагматычны, дазваляе паказаць свае творы на радзіме, у лепшых залах краіны, хай сабе ў групавых выставах. Жывыя суполкі ўтвараюцца вакол фармалістычных пошукаў, спрэчак пра прыроду мастацтва, спробаў сказаць больш, чым сам разумееш. Але навошта займацца рок-жывапісам, калі за эстрадны плоцяць больш і праблемаў з уладамі ніякіх? «Форма дзеля формы, знешнія эфекты, эпатаж – чужыя шчыраму мастаку, галоўныя ягоныя якасці – глыбіня, праўдзівасць і чэснасць». Маніфест «“Арцель”: неарамантычныя тэндэнцыі ў беларускім мастацтве» раіць не эксперыментаваць, а прыстасоўваваць да новых грошай старыя ўяўленні пра вечныя каштоўнасці.
Рэмбрант у свой час надта вытыркаўся з агульнай масы сучасных яму аўтараў – г.зв. “малых галандцаў” з іхнім лёгкім пацяшальным мастацтвам. Узняў рынкавае штукарства да эпічна-сакральных вышыняў і памёр у галечы. Як потым Ван Гог, Малевіч ды іншыя, менш вядомыя. Маральны, эмацыйны або інтэлектуальны маштаб твораў Рэмбранта, а потым авангардыстаў, прымушаў маленькага чалавека, шараговага гледача, адчуваць сваё жыццё мізэрным і малацікавым – а каму тое спадабаецца? Такое мастацтва выдатна пасуе для аздаблення цэркваў, але пратэстанцкім храмам жывапіс наогул быў непатрэбны, а ў сябе дома такое мастацтва можа трымаць хіба заўзяты калекцыянер. Іншая рэч – нацюрморты, краявіды, побытавыя сцэнкі: іхні водбліск дазваляе разгле­дзець шляхетную раскошу звычайнага пасрэднага жыцця. Напэўна, і тэлевізар мы любім не за тое, што бачым у ім новыя зоркі, а за тое, што гэтыя зоркі падобныя да нас, а почасту высвятляецца, што тыя зоркі ў параўнанні з намі і апранаюцца безгустоўна, і прамаўляюць бязглузда. Ёсць нагода крыху больш сябе паважаць, а гэта заўсёды нам даспадобы.
Што такое постмадэрнізм? Сітуацыя, калі мастак абмяжоўвае гульню ўяўлення дзеля камерцыйнага поспеху ці, у краінах з пераходнай эканомікай (тых, дзе квітнее гандаль у падземных пераходах), дзеля стабільнага дзяржаўнага заробку. Каб дасягнуць прафесійнай сталасці, майстравітасці, даводзіцца ахвяраваць вынаходлівасцю. Скрайні прыклад гэтай тэндэнцыі можна бачыць у рамане Альгерда Бахарэвіча «Натуральная афарбоўка», герой якога, авангардны мастак-самавук, кідае сваю нікому не патрэбную творчасць і ўладкоўваецца працаваць на завод маляром.
Апроч галерэі «ЛаСандр-арт», Рымашэўскі мае кантракт з амерыканскай і галандскай галерэямі (з расійскімі Сяргей не супрацоўнічае: стаўленне да мастакоў там менш паважлівае, плоцяць горш і не адразу.) Па сутнасці, працуе на канвееры глабальнай арт-фабрыкі: піша карціны пад замову (галерэйшчыкі вызначаюць тэму і фармат) і адразу адсылае на Захад. Прыкладна чвэрць прадукцыі застаецца ў Беларусі, у прыватных калекцыях.
У выніку штогод, ужо восем гадоў запар, Рымашэўскі мае выставу-продаж у Галандыі, але ніколі не меў персанальнай выставы на радзіме: па-просту не хапае вольных працаў. Толькі дзве карціны захоўваюцца ў беларускіх музеях, дый тыя старыя, яшчэ эксперыментальныя.
Прысвяціць сябе жывапісу Сяргей вырашыў яшчэ ў дзяцінстве, у Гародні, дзе наведваў аматарскую студыю. Паступіў у Мінскую мастацкую вучэльню – пашчасціла вучыцца каларыту і кампазіцыі ў падпольных мадэрністаў Альгерда Малішэўскага і Алега Маціевіча. Іхні ўплыў у карцінах Рымашэўскага цяпер, бадай, не заўважны, але ўсё ж навучылі бачыць свет шырэй, чым належала савецкаму мастаку.
У вучэльні Рымашэўскі пасябраваў са знакамітымі цяпер музыкамі, першым складам гурта «Мроя» (N.R.M.) – Вольскім, Дземідовічам, Ляўковым, Давыдоўскім. Хлопцы прапанавалі далучыцца да гурта, але Сяргей адмовіўся, хоць добра грае на баяне. Рок-музыка – творчасць калектыўная, Рымашэўскі для яе занадта індывідуаліст.
Пасля службы ў войску (у Маскве, на аўтабазе Генштабу) Сяргей паступіў у Беларускую акадэмію мастацтва, дзе вучыўся манументальнаму жывапісу. Яшчэ студэнтам рабіў роспісы цэркваў на Гарадзеншчыне, Берасцейшчыне і Міншчыне, пасля акадэміі два гады аздабляў новую царкву ў Оструве Паўночным на Беласточчыне. Тая праца дапамагла развіць манументальнае мысленне, разуменне структуры паверхняў, што потым прыдалося і для станкавага жывапісу.
Акадэмію Сяргей скончыў напярэдадні скону СССР і сацрэалізму, у 1991 годзе. Бадай, ніколі ў беларускай гісторыі мастакі не мелі столькі свабоды самавыяўлення, як у тыя першыя гады стварэння новай еўрапейскай дзяржавы, усведамлення нашай прыналежнасці да цывілізацыі Захаду, паскоранага засваення традыцыяў мадэрнізму і, адначасна, постмадэрнізму. Нічога дзіўнага, што і Рымашэўскі пачаў кар’еру жывапісца як радыкальны мадэрніст (гэта потым дапамагло яму трапіць на стажыроўку ў майстар-клас Маркуса Люперца, аднаго з заснавальнікаў “новага дзікага” жывапісу, рэктара Дзюсельдорфскай акадэміі).
Тыя першыя цыклы палотнаў асабіста мне нагадваюць амерыканскі жывапіс сярэдзіны ХХ стагоддзя ва ўсіх ягоных трох асноўных іпастасях (абстрактны экспрэсіянізм, жывапіс «каляровага поля», поп-арт). Нагадваюць карціны Джаспера Джонса з рытмічным чаргаваннем рэчаў-сімвалаў (у Рымашэўскага гэта не сцягі ці мішэні, а, напрыклад, ключы ад невядомых дзвярэй) і пачварных драпежных кабетаў на палотнах Вілема дэ Кунінга (Сяргей у падобных творах маляваў, вядома, не каханую палову чалавецтва, а герояў беларускай ды індзейскай міфалогіі). Феміністкі шмат гадоў вінавацілі дэ Кунінга ў нянавісці да жанчынаў, пацярпеў за монстраў і Рымашэўскі: у сумнавядомым прапагандысцкім фільме «Дзеці хлусні», паказаным у прайм-тайм напярэдадні рэферэндума пра дзяржаўныя мову і сімволіку, менавіта гэты цыкл, «Паляўнічыя», фігураваў як узор дэградацыі беларускага жывапісу і наогул культуры пад уплывам зламыснага Захаду.
Тых дэманічных істотаў Сяргей паказваў на выставе суполкі “Пагоня”, але да самой суполкі, згуртаванай вакол нацыянальнага пытання, далучацца не стаў. Зразумеў, што касмапалітычныя працы лягчэй знаходзяць пакупніка. Нават на радзіме. Сяргей пагаджаецца з культавым для адраджэнцаў паэтам Анатолем Сысом, які яму аднойчы сказаў: «Пакуль не пачнеш думаць на беларускай мове, не здолееш і маляваць па-беларуску». Рымашэўскі, вядома, беларус, далікатны і сарамлівы, але думае пераважна на рускай мове, а калі малюе, то нават «з яўрэйскім акцэнтам» (мяркуе, што крыху картавы акцэнт мусіў мець у думках і Рэмбрант, які захапляўся містыкай сюжэтаў Старога Запавету). Сяргей праваслаўны, але верыць у рэінкарнацыю і нябачную трансляцыю жыццёвага досведу паміж эпохамі. Гэтая вера дапамагае цяпер самому трансляваць гледачам стылістычныя прыёмы Веласкеса, Вермера, Банара, іншых сугучных аўтараў.
Пра свой «гераічна-дэманічны» перыяд Сяргей не любіць прыгадваць. Як і пра тагачасны перформанс у Траецкім прадмесці, дзе спрабаваў паставіць апошнюю кропку ў геаметрычным авангардзе – спаліць муляж знакамітага квадрата Малевіча, «каб растварыўся ў космасе». Дакладней, спаліў квадратную раму з «пустым» квадратам: у той час захапляўся містыкай прыродных стыхіяў.
Калі б не было тых фармалістычных пошукаў, то і ў традыцыйным жывапісе Рымашэўскі быў бы менш цікавы. Канцэптуальным мастацтвам цяпер не займаецца: яно ператварае аўтара ў героя, лёс у подзвіг, а Сяргей – чалавек надта жыццялюбны і не надта славалюбны. Калі арэнда майстэрні каштуе ў некалькі разоў больш за сярэдні заробак у краіне – эксперыментаваць не так проста, як хацелася б.
Але падштурхнула Рымашэўскага да традыцыйна-камерцыйнага мастацтва, бадай, навучанне ў Галандыі, у майстэрні Люперца. Сам мэтр, паслядоўнік Пікасо, на Сяргея ніякім чынам не паўплываў. Уразіў Амстэрдам, ягоная атмасфера свабоды, утульнасці і выкшталцонага густу. Уразілі палотны «малых галандцаў» і натоўпы турыстаў перад імі ў Rijksmuseum (Нацыянальным музеі). А побач, за 300 метраў, у Stedelijk Museum of Modern Art (Гарадскім музеі) вісяць творы Малевіча ды іншых знакамітых авангардыстаў – там гледачоў амаль няма: занадта разумнае мастацтва мала каго кранае. (Напэўна, людзі звычайна хочуць бачыць на карцінах нешта падобнае да свайго жыцця, таму рэалізм больш папулярны за абстракцыянізм, які ад жыцця свядома ўцякае.)
Рымашэўскі не ведаў, што трэба прывезці з сабою матэрыял для працы. Выручыў мастак з Польшчы – падараваў чыстае палатно на падрамніку, хоць і з іржавымі цвікамі. Сяргей хуценька намаляваў мастыхінам карціну ў рэалістычнай манеры («Нявеста» – там дзяўчынка з букетам і чэрапам). Студэнты з Румыні пасмейваліся з «правінцыйнага» рэалізму беларуса, але на выніковай выставе тую карціну за добрыя грошы купіў мясцовы жыхар, галандзец. А калі Рымашэўскі зрабіў абстракцыянісцкае палатно – наогул запаважалі. Там, у Амстэрдаме, Сяргей зразумеў, што беларускае мастацтва мае свае перавагі перад замежным: дазваляе вывучаць і скарыстоўваць традыцыйную рэалістычную тэхніку, найцікавую для бальшыні гледачоў і патэнцыйных пакупнікоў з шэрагаў «сярэдняга класу».
З цягам часу жывапіс Рымашэўскага стаўся больш светлы і далікатны. Гэта натуральна для аўтара, які хоча падабацца не толькі блізкім людзям і прафесійным знаўцам мастацтва. Дарэчы, карціны зазвычай амаль квадратныя, 70х60 см. Магчыма, гэта і ёсць выпадкова знойдзены вянец эвалюцыі супрэматызму. Піша пераважна казачныя партрэты дзяцей з мудрымі вачыма. Наогул любіць жанр партрэта, бо праз чалавека можна паказаць увесь свет. А з іншага боку, дадам, з вачэй на карціне нас бачыць не толькі той, каму яны належаць: за кожным удалым персанажам стаіць гісторыя мастацтва, тысячагадовая чарга ўсіх намаляваных людзей. Напэўна, Сяргею не сорамна лавіць гэты позірк, не сорамна за сваю працу. Партрэты «ў профіль» робіць вельмі рэдка: «люблю, – кажа, – калі на мяне глядзяць з карціны». Дый у камерцыйным плане карціны «з позіркам» пісаць больш выгодна: яны імгненна «чапляюць» патэнцыйнага пакупніка, западаюць яму ў душу.
Мадэлямі для бальшыні партрэтаў, паводле словаў аўтара, сталіся ягоныя дзеці, Сева і Вера, іхнія фотаздымкі. У пэўным сэнсе, Рымашэўскі малюе самога сябе, аднак спадзяецца, што ў героях карцінаў пазнае сябе і глядач, бо нашае дзяцінства нікуды не знікае, пад покрывам даросласці яно працягваецца. Дзеці на палотнах надта сур'ёзныя для свайго ўзросту, ніводны не смяецца, нібыта на іх плечы ўжо цісне стос пражытых гадоў. Напрыклад, героі карціны «Імгненні жыцця» – дзіцё, дарослы і стары, усе ў цярновых вянках, – выглядаюць бадай што аднагодкамі. Тэма дзіцячых вобразаў, алегарычных і крыху іранічных, дазваляе аўтару казаць пра сур’ёзныя глабальныя рэчы, пра жыццё, смерць, каханне, не баючыся выглядаць смешным, пафасным.
Свой цяперашні стыль Сяргей акрэслівае як рамантычны рэалізм з элементамі сюррэалізму. Любіць містыку, неадназначнасць, прыхаваную драму, якая зусім не абяцае хэпі-энду, але ўсё ж пакідае гледачу лёгкі подых надзеі на тое, што наш свет не такі кепскі, як падаецца з тэленавінаў. Лічыць, што карціна павінна быць зразумелая не толькі сябрам і гісторыкам, а любому чалавеку, які не мае прафесійна трэніраваных вачэй і нерваў.
Што можа зацікавіць, крануць выпадковага гледача (пакупніка), для якога асоба аўтара не надта істотная? Карціна павінна быць не столькі разумная, колькі душэўная, чапляць гледача не за эрудыцыю, а за сэрца. Не, твор можа быць і вельмі складаны, але тую складанасць давядзецца схаваць за феерверкам эмоцыяў. Надта разумных аўтараў гледачы звычайна караюць абыякавасцю. Беспакарана здзеквацца з прыгажосці свету дазволена хіба што знакамітым мастакам – тым, у чыіх працах калекцыянеры купляюць не столькі саму выяву, колькі аўтарскі подпіс.
Славалюбныя людзі выпраменьваюць у прастору святло, жыццялюбныя – цяпло. Рымашэўскі надта любіць жыццё, каб дасканаліць подпіс, а не выяву. Паміж славай і грашыма Сяргей выбірае тое, што і бальшыня з нас: слава абцяжарвае, адбірае шмат часу ад працы, а грошы даюць свабоду і час на сяброў. Што ж, сяброў ён мае шмат.