12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Рыгор Барадулін

_____________________
Анёл спагады.
Вершы


* * *
Надвор’е стомленай душы
Прагнозу не падпарадкуецца.
Анёл спагады апякуецца
І смутны хмель ліе ў каўшы.

На сподзеў п’е душа з каўшоў,
Каб паступова праяснілася
У ёй,
Што ў снах вясновых снілася,
Пакуль па стрэхах
Дождж ішоў.

Душа прачнецца –
І наноў
Няўдзячныя атуляць клопаты.
Цвярозы дзень
Учыніць допыты,
Што снілася ў краіне сноў?..


* * *

Родная старана,
Я адчуваю ў спёку
Тваю раку
На сваім плячы.


* * *

Крокі смялеюць.
Заікаецца рэха.
Святло вачэе.
Раніца
Баіцца згубіцца…


* * *
…хаця…
Як сябе перанесці
Цераз рэчку жыцця?..


* * *

Гультаяваты дождж
Дзяўбе зярняты журбы
На далоні цішыні..


* * *

Пакуль магіла
Не прытуліла навечна,
Дыхання
І маўчання хапіла,
Каб загасіць свечку…


* * *

Нямы размаўляе.
Бязногі бяжыць.
Бязрукі рукаецца.
Ў сне…

* * *

Яшчэ зялёную
Наіўны грэе страх
Бярэзінку
На восеньскіх вятрах…


* * *

Вечар
Палез цішыні ў кішэні.
А там –
Вецер…


* * *

Рыбіна восень
Выкінулася на азяблы бераг
І грэе яго
Луской жаўталісця…


* * *

Хто бачыў,
Як плача пятля,
Вітаючы караля?..


Тэлеграма

Бог даў
І талент, і моц каму?
Вядома ж –
Алесю Камоцкаму!..


* * *

Каб не ўбачылі,
Плача ад рання трава.
А каса
Не зважае на слёзы…


А шкада…

Раз
вітанне,
Два
вітанне,
Тры
вітанне.
І нарэшце –
Развітаннне…


* * *

І ў смерці
Ёсць любімчыкі свае.
Але яна
Прылашчвае па-свойму –
Калі ўжо ашчаперыць у абдоймы,
Ні жыць, ані памерці не дае.

Любімчык просіць,
Каб яго забрала
Смерць да сябе.
А ёй увагі мала…


Тры дзясяткі

Картавіць вір,
Прамаўляючы слова
Жвір.
Плынь ў далячынь нясе
Спадзяванні рачулкі ўсе
Падрамаць
У трымтлівым марозе.
З падмытага берага
Утапіўся вяз
Якраз на павароце.
Рака даганяе час
Нацянькі.
І такі малады
Голас вады…
10.10.10

* * *

Не таю,
Што не першаму мне
Упершыню
Не хочацца старасць сваю
Прызнаваць за радню…


* * *

Абстуквае дзяцел
Сухарукую яблыню.
А я ласкава прашу:
– Абстукай маю душу,
Яна азябла…


Ля грубкі

Прысмерк
З вокан не зводзіць вачэй
Прыпамінамі
Грэюцца выпадкі.
Каб з палону
Уцячы хутчэй,
Дровы ў грубцы
Гараць навыперадкі.

Распранаецца цішыня.
Дым-начлежнік
Аж душыцца пыхаю.
У расчуленага агня
Серада гарачая
Дыхае…


* * *

Ягамосць злосць!
Даруй,
Што часта турбую
Цябе знерваваную
І немаладую.

Паненка мілосць
Лагодная і трапяткая
Ад мяне
Далёка ўцякае.

А ты заўсёды
Паблізу ёсць
Бязлітасная
Ягамосць злосць…
7.1.10, лякарня


Ці…

А што галоўнае ў жыцці?
Ці разгубіцца ў забыцці?
Ці сцежкай ісціны брысці?
І ў рэшце рэшт
Сябе знайсці?
Ці?..


Трохкутнік

*
Не заўважыць далеч немагчыма,
Адлічыўшы кіламетры кроз.
Толькі ласка з сумнымі вачыма
Атуліць азяблы ўмее лёс.
Шэпт даверу чуе цішыня.
Адчыняе ўсмешка дзверы дня…

*
Намерам верыць навальніца.
Агонь не звык хаваць чало.
Там мусіць цуда паўтарыцца,
Адкуль тваё імя прыйшло.
Шукаючы свае сляды,
Адчуе кон – ён малады!..

*
Неба падрастае разам з намі.
Аблачынам мулка на зямлі.
Таямніцам быць няма калі.
Ахінае смутак туманамі.
Шырыню глынае глыбіня.
Адстае ад ветру цень штодня.


* * *

Сон –
Галодны груган,
Які аднойчы
Хацеў бы
Выдзяўбсці вочы
Роспачы.
Але намеры свае
Раніцы не выдае…


* * *

Усё з надзеі жыве.
І верыць, што ён
Яшчэ паспее даспець,
Зялёны яблык
На спілаваным суку…

* * *

Між летам і восенню
Жоўты лісток
Дрыжыць
На танюсенькай павуцінцы…


Задымлены трыпціх

*
Злеціўшы цішыню,
Спавядаецца
Дым агню.

*
Агонь небу ў вочы
Пускае дым,
Што ён безабаронны зусім.

*
Выядаючы вечару вочы,
Жаліцца дым
На свой лёс сірочы.

* * *
Раскідзіста сукаваты,
Зялёнымі ад здзіву вачыма
На мяне ўзіраецца сад.
Я на ганку
Мамінай хаты.
І разумею,
Што немагчыма,
Да сябе
Вярнуцца назад…

* * *
Па дарозе дадому
Імёны вёсак
Гучаць мне
Маміным голасам:
Вацлавова,
Завыдрана,
Завячэлле,
Вяркуды,
Вярхоўе…
Вяртаюся да пачатку:
Ці гэта канец
Не дазваляе
На яго забыцца?
Дарога кароткая
Ад да…


Нявесціцца…

На замчышчах,
Каля забытых двароў,
Дзе хмыз вырастае няхлынна,
Нявесціцца
Хутаранка шыпшына –
Калючы позірк,
Зялёная кроў.

На волі
Ружова бачыцца свет,
Ніжэюць
Захмарныя кручы.
І сватаецца
Таксама калючы
Дзядоўнік –
Шляхетны сусед.

Уздыханне
Расчуленых сівяроў
Незгаворлівая прычына,
Цвіце асцярожна
Цыганка шыпшына –
Калючы позірк,
Зялёная кроў…


Крылатая мілосць

У птушак ветраны шлюб
І зірк на ўзаемнасць
Цупкі.
Развеярыў хвост галуб
Каля адналапай галубкі.

Хаценне ў вясны ў гасцях.
Надвор’е ў добрым гуморы.
Падумаць пра свой працяг –
Замала зямной апоры.

Сарокам усё відно.
Трашчаць на жалезным плоце.
Яшчэ застаецца адно –
Дагнаць мілосць у палёце…

Н…

Лістотна крылаціцца
Дрэва жыцця.
Трываліць ягоныя ўзлёты
Не вогнішча жарсці,
Не вір забыцця,
А шчырасць пяшчоты…

Сівее…

Ты нясеш дадому
Унучку стому.
А спачынак
Жмурыцца здалёк.
Сумна
Пасівеламу, старому
Сачыць,
Як сівее васілёк…

* * *

Як усё
Выкінуць з галавы
І жыць пачынаць нанова?
Ці вучыцца
Ў вечнай травы,
Дзе губляе голас падкова?
Ці пагутарыць ціха
З часам,
Што гадуецца самапасам?
Ці
Да самога сябе
Прыйсці?..


Дыктоўка

Сонца дыхтоўна
Дыктавала дыктоўку
Старанная вучаніца
Вясна
У канцы зялёнага сказа
Паставіла
Залатую кропку чмяля.

Пасля
Восень разважлівая
У канцы жоўталістага сказа
Паставіла
Крамяную кропку яблыка.

А зазімак чаропкі
У канцы азяблага сказа
Паставіў
Шматкроп’е сняжынак.

перапынак…
кароткі…


Нашаптанае

Дождж ціхі, як змрок.
Змрок сонны, як зрок.
І, даўшы зарок,
Не спяшаецца крок,
Каб ноч апярэдзіць.
Знарок…


Крывіцкай мове – чалом!

Крывіцкая мова матчына,
Ты нашчышся даўняй журбой.
Маёй прысутнасці мачына
Трываліцца толькі табой.

Крывіцкая мова шчырая,
Гляджу з-пад тваёй рукі,
Як дзён ператомленых выраі
Лятуць праз мяне ў вякі.

Крывіцкая мова няспынная,
Нявесціцца твой пасаг.
І гэта жыццё пакіну я
Са словам тваім на губах…

* * *

Звініць сінічка
У бетонным лесе.
З-пад кажушыны асфальту
Трава злінялая лезе.
Мігценне і цені
На небе экраняцца.
Святлу святочнаму
Цемра чужая.
Раса насцярожаная
Да раніцы
Ападаць ці падрамаць,
Разважае…


* * *

Нарачонка променя –
Страла,
Маладой імгненнасці
Суперніца,
Уцякае з далані святла,
Ведае,
Што дзень назаўтра вернецца.

Хоча ніцавокая імгла
У загнаных далях
Пакунежыцца.
Прывітае раніцу страла.
Знадакучыць туману
Начлежыцца.

Недасяжнасць верыць вышыні.
Веснаходу першы гром
Падтаквае.
І лятуць у вырай нашы дні.
Пазіраем ім услед
З падзякаю…


* * *

Вечар цеціву
Напяў наўпрост.
Пастарэла гамана гарластая.
Ад стралы застаўся толькі хвост –
Ластаўка…

* * *

Жыццё міне
І не заўважыць
Цябе ў спрадвечнай мітусні.
Не шмат
Усё тваё заважыць
На шалях зла і дабрыні.

Твой лёс
Затоіць са спагадай
Усмешку сумную ў вачах.
І ўцяміш,
Ашуканы здрадай, –
Агонь патух
І жар ачах.

Адстануць ад цябе заганы.
Быць светлым
Стоміцца язмін.
І застанешся,
Смуткам гнаны,
Сабе самому на ўспамін…


Надзейны…

Чэславу Сенюху
Вітай з падзякай
Дзень свой малады
Вясёлай нечаканасцю чаканы.
Старэюць ператомлена гады.
А кожны новы дзень –
Пястун пашаны.

Ён прагне ўвагі,
Як жывой вады,
Сваёй даверлівасцю ашуканы.
Не томіцца імкненне ад хады.
Імгненню даспадобы
Шлях туманны.

У тумане
Смялей блукае верш –
Надзейны спадарожнік
І дарадца.
Яму і трэба верыць.
А найперш
Ягонай моцы вартым быць
Старацца…


Абразок

Страла даганяла стралу.
Набытку не верыла страта.
Прызналася цемра свету –
Самотнаю быць сумнавата.

Сцюдзёным стаць
Вецер звык.
Спыніцца рупіла кроку.
Замроены маладзік
На ўсё пазіраў звысоку…


* * *

Наступны дзень
І дзень апошні,
Як адгадаць,
Які з іх твой?
Лёс грузіць час
У воз парожні,
І цемра жмурыцца савой.

Наступны
Абяцаць ахвочы.
Скупы апошні,
Як праснак.
Лёс ад усіх
Хавае вочы.
Надзеяй снедае жабрак.

Маўчыць туга.
Плывуць аблокі –
Шлях іхні,
Як і твой,
Далёкі…