12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Рыгор Барадулін

_____________________
Карані цішыні... Вершы


Яшчэ…

Дзень кожны на зямлі
Як свята.
Размеркавана ўсё ў жыцці –
Вадзе цячы,
Траве расці
І валунам маўчаць зацята.

А мы,
Яшчэ жывыя цені,
Наіўныя ў сваім трымценні…


Далягляд

Далей глядзіць электарат,
Калі – вісіць на ліхтарах…

На вуліцы
– Як вам рэжым?
– Дрыжым…


* * *
Сорам –
Агонь з бязлітаснымі вачыма.
Пазбегнуць ягоны пагляд
Немагчыма…


* * *
Пакуль
У вырай сноў не адляцела,
Пакутуе душа
Ў цямніцы цела…


* * *
Смакуючы зорны акраец,
Ноч
Не баіцца нікога
Апроч
Раніцы…


* * *
Прасвечваецца наскрозь.
Вісіць уніз галавой.
І плача слязьмі сцюдзёнымі
Свечка ледзяша…


* * *

Хвораму на геніяльнасць сп. Генадзю Мацуру
І не пазайздросціць каралю,
Як мастак на геніяльнасць хворы.
Паядналі неба і зямлю
Мацураўскай думкі рукатворы…


Па часе

Знікаюць дні,
Як беглыя вязні.
Цішэе тлум
На людскім кірмашы.
Па часе
Пачынае выразней
Акрэслівацца
Профіль душы…


Дваякасць

На спачын не просіцца ўспамін.
Ахінуць абсяг змагла імгла.
Тоіць след пакут забыты кут.
Адсырэў у хмарах цень крыла арла.
Шэпту раіць ціш шукаць спарыш.
Ашукаць свой сон скала дазвол дала…


* * *
…кормлю с ладони воробья
Марына Наталіч.
Вераб’я карміць з далані –
Лёсу дзякаваць,
Што дазволіў
Дакрануцца да вышыні,
Сум даверыць
Крылатаму болю.

Вераб’я карміць з далані –
Па-зямному нябесны занятак.
Вераб’ямі злятаюцца дні.
Як спытаць,
Дзе канец, дзе пачатак?

У чаканні зашмат радні.
У спаткання адно найменне.
Мы жывем,
Пакуль ёсць памкненне
Вераб’я карміць з далані…


* * *
Рака, што пада мной смяялася,
Сплыла.
Разбілася люстэрка.
І толькі смех
Яшчэ гучыць
У берагах нястойкіх памяці…

* * *
Вякі вядуць
За сабой скразнякі.
А пыл ад славы
Такі цяжкі…


* * *
У лістападзе
Журба ў паглядзе
У пані Восені…


* * *
У няўмольным жыцці
Жыць і не наракаць.
Не шукаць, каб знайсці,
А знайсці, каб шукаць…


* * *
Жыццё па-свойму
Доўжаць праз вякі
Руплівасць цеслі
І лянота кáта…


* * *
Не зважае на ветравы кпіны
Згарбелы курган.
Даткнуўшыся да сцягна вярбіны,
Збянтэжыўся
Маладзюткі туман…


* * *
І цені –
Жывыя істоты.
І козытна рэху ў бары.
Зялёную мову лістоты
Смялей разумеюць вятры…


* * *
Ашчадна восень лічыць дні,
Акрыўшыся пажарам.
Хапае ветру цішыні
А бездажджоўя – хмарам…


* * *
Дзе абначаваць ласуну Лесуну?
Спаконны зялёны спакой разварушаны.
Балюча нагадвае пра вясну
Графіка засохлай ігрушыны…


* * *
Даўгацыбы дзівак
Мае клопат вялікі –
Босы дождж
Не можа ніяк
Па назе падабраць чаравікі…


Пытанне

Несупыннасць трываліць рух.
А калі адпачывае слова?


* * *
Шлях жыццёвы
Не такі даўгі,
Каб паспець
Аддаць усім даўгі.
Толькі й спадзяюся,
Што аддам
Там…


* * *
Кароцячы адлегласць
Дзень пры дні,
Мазгі цяжкія,
Як старыя жорны,
Дамолваюць
Абмецце мітусні…


* * *
Народзіны.
Народзе, на
Яшчэ адну
Труну.
Яшчэ аднога
Нікога,

Госпадзе,
Малю тваю
Стому,
Не аддавай нікому
Назусім,
Ні вёсен, ні зім
Нікому…


Не…

Не верыць водгулле долу.
Не умее маўчаць крыніца.
Не надакучыць колу
Наўкола сябе круціцца.

Не змусіць нікога знямога
З’іначыць сябе самога…


* * *
Звык цярпець
І сябе й свой кон,
Думкі тоячы пад замком,
Беларусь –
Як пакрыўджаны звон
З вырваным языком…


Недатыкальны

Мой недатыкальны запас
Пад прыглядам роднага краю –
Маміны яблыні,
Бацькаў вяз
І пугурак,
Дзе мама чакае…
(лякарня)


* * *
Конь смутку
Мурог неспакою скубе.
Спякота ўсхліпвае
Смягларэка.
Шукае ў вандроўных думках
Сябе
Беспрытульнае рэха…


* * *
Тут нашчыўся
Слязой начлежны дым.
Тут лашчыўся
Да ўзгадкі сум птушыны.
На хацішчы,
На хутары былым
Няўпэўнена
Цвіце яшчэ шыпшына…


* * *
Радзіма пад небам тым,
Дзе сонна ў далонях жару,
Дзе марыць з коміна дым
Сагрэць азяблую хмару.

Радзіма пад зоркай той,
Якая вядзе дадому.
Радзіма за той вярстой,
Якая не верыць нікому…


* * *
За хвілінку,
Як за кволую галінку,
Я хапаюся,
Каб затрымацца тут.
Толькі час
Не прызнае супынку.
Кожны кут
Прыдатны для пакут.

Час імчыць,
Як жарабец падкуты,
Іскры высякае з цішыні.

І лагода
Мае нораў люты.
І ў вятроў
У небе карані…


* * *
І ў пакутаў абутых,
І ў кпінаў босых
Цвярозы бярозавы посах…


* * *
Запытацца хоча агмень,
Хто з вас жывы,
Я
Ці мой пакрыўджаны цень?...


* * *
Кляновага ліста даланю
Восень да ілба прыкладае,
Каб узгадаць,
Калі яна маладая
Паспрыяла
Сарамяжліваму агню
Узгарэцца ў зялёных шатах.
І ўся ў залатых дукатах
Сумна слухае цішыню.

Кожны раз
Упершыню…


Заўсягды

Вецер спрабуе голас.
Думкай цяжэе колас.
Ціха шалее асцё.
Смела хмялее жыццё…


* * *
Сон дасынае курган.
Снедае змрокам груган.
Ловіць туман трапяткі
Раніца ў дзве ракі…


* * *
Вадзе не цёмна нідзе.
Вадзе не страшна нідзе.
Вадзе не цесна нідзе.
Вада сябе
Ў напамін вядзе…


У рэанімацыі

І страх не адкажа,
Чым пахне смерць…


* * *
І крыж, і меч –
Стрыечныя браты
Спагадліва заўважаныя існасцю.
Крыж
Са сцюдзёнай вечнасцю на ты.
Меч
Прысягае волі непахіснасцю.

Крыж
Сустракае вырай туманоў.
Меч
І са смерцю, і з жыццём рукаецца.
І, цвелячы ўначэлых груганоў,
Смялее аблачынка-белачаіца…


Настраёвае…

Пазірае з двара
Ноч
Яшчэ не старая.
Ценькі цень камара
На сцяне
Дакарае
За санлівасць мяне,
У лямпы настольнай
Павекі
Зліпліся.
У разгоністым табуне
Сноў
Самыя сціплыя
Мае.
Ім рашучасці
Не стае.
Як і мне…


* * *
У лесе,
У зялёнай імжы
Затуленыя вякамі
Каменныя стогнуць крыжы
З адсечанымі рукамі.

Калі багоў даўніны
Хрысцілі –
Адцялі рукі.
І сталі крыжамі яны,
Сакральныя помнячы рухі.

Тут часу зацішна яшчэ.
Збягаюцца здані з адхонаў.
І камень сцюдзёна пячэ
Сузор’е паганскіх пісьмёнаў…


І зноў...

Расстанняў і нечаканак
Быццам і не было.
Засумавалы ганак.
Крыўдлівых вокан святло.

Недаядае скруха.
Вестку прынёс павук.
Смачна ные ля вуха
Шчамель,
Як калматы гук…


Каляхатняе

Дарозе бегчы хочацца з канца.
Маною
Любіць суцяшаць сябе абраза.
Дол грэюць папялінкі дзьмухаўца.
А нада мной
Зялёны космас
Бацькавага вяза.


На Вушаччыне

Не ставяць на стол
Памінальныя клёцкі.
Не тоіць усмешку
Возера Шо.
Бо як зазначыў Алесь Камоцкі,

Яшчэ не ўжо…


* * *
Вушацкаму адвячорку
Старэе восень.
Дзень ідзе на схон.
Сырэе дзьмухаўцовая завея.
Прымоўк агонь
І сніць гарачы сон.
Ссівелы сам
Гляджу, як жар сівее…


Прыходзім…

Раману Скачку
Прыходзім,
Каб знайсці сябе ў жыцці,
А не згубіцца
І не разгубіцца.
Дапытлівасці смелая крыніца
У скроні лёсу б’ецца ў забыцці.

Завершанасць
Спрыяць жадае тым,
Хто самахоць
Да ўпартасці прыкуты.
У недасяжнасці свае маршруты.
Ад вогнішча надзей салодкі дым.

Чужое рэха
Гнёзды ўе ў лісці.
Перапляліся карані з вякамі.
Вясёла
Маладосць сталець звыкае.
Прыходзім
У жыцці сябе знайсці…


Карані цішыні

Смех
Змоўк.
Бег
Воўк.
Луг
Глух.
Звяў
Звон.
Спаў
Сон…


Млявае

Як век,
Плыве паром.
А берагам крутым
Брыдзе ахрыплы гром,
І ўслед
Маўклівы дым.

Спакой гаспадаром.
І волі ўволю
Ўсім…


* * *
Здымаю ў Бога кут.
Пакуль магу,
Шчырую.
Хачу,
Пакуль я тут,
Не думаць пра сырую.

Тут
Непадкупны мой
Сум сам сабе дарадца.
Тут
З босаю душой
Яшчэ хачу здарацца…


Акравясновіца

Галінка гняздзечка калыша.
Аблокі віншуюць вясну.
Лагодная хваля з зацішша
Імкнецца ўзгадацца чаўну.
Наўкола раздолле такое
Ажно рупіць расці валуну.

Шалёна не спіцца спакою.
Ачухацца час Перуну.
Былосці з сабою няўтульна.
Лянотна віруецца дну.
І ўлескам і пасечнай вульна
Не ў смак ветравей палыну.
Сарока траскоча навіны,
Кудысьці нясе пер’іну.
А лівень прымлела нахлынны
Яшчэ не выпростваў спіну…


* * *
Балючае маё надвор’е,
Дзе
То крыўда
Ранішні настрой астарыць,
То першых дзён блакіт
Журбой захмарыць,
То сцежка згоды
Ў ростань павядзе,
То наплыве дакор,
Як дым начлежны…

…я метэазалежны…


* * *
Не шукай сваіх сярод чужых.
А яно па часе
Ўсе чужыя.
Нават успаміны бычаць шыі.
Лепей не чапаць
Сярдзітых іх.

Кожны ў свеце
Сам сабе чужы.
Так ужо спрадвеку павялося.
Кожнаму
Ў сваім няўтульна лёсе,
Што стаіць, як хутар
На мяжы
Крыўды і спагады,
І штоміг
Зрынуты быць можа
Землятрусам.

Ні па шчырасці,
Ні пад прымусам
Не шукай сваіх сярод чужых!..


* * *
Дзе пачынаецца неба?
Дзюна Такамі.

А яно пачынаецца там
Там,
Дзе рака
Давярае вірам.
Дзе ў дарогу
Збіраецца час.
Пачынаецца неба
Ў нас…


* * *
Душа прымярае
Жыццё чарговае,
Нібы тую
Новую апранаху
Набытую
На кірмашы,
Дзе выбар багаты.

І прыгадваецца,
Як жадалі,
Калі малому
Дарылі абнову:
– Хай носіцца, дзярэцца,
На новае бярэцца!

Даношваецца, дзярэцца
Маё жыццё.
А душа,
Як модніца тая,
Новае выбірае…