12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Рыгор Барадулін

_____________________
Хай сумленне будзе чыстае і душа ясная. Нарада маладых пісьменнікаў у запісах
студэнта II курса БДУ Рыгора Барадуліна


Тэксталагічная
падрыхтоўка
запісу
Наталлі
Давыдзенкa.
Уступнае слова
Сяргея
Шапрана.



Гэтыя запісы зробленыя больш паўстагоддзя таму – тады яшчэ студэнтам 2-га курса беларускага аддзялення філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Рыгорам Барадуліным – падчас трохдзённай працы секцыі паэзіі Саюза пісьменнікаў БССР. Барадулін занатоўваў за старэйшымі калегамі крытыку на адрас такіх жа самых, як ён, маладых паэтаў. Пэўна, гэта былі своеасаблівыя паэтычныя калі не ўніверсітэты, дык курсы, дзе ў якасці настаўнікаў выступалі Мікола Аўрамчык, Барыс Бур’ян, Антон Бялевіч, Васіль Вітка, Анатоль Вялюгін, Сцяпан Гаўрусёў, Аляксей Зарыцкі, Навум Кіслік, Аркадзь Куляшоў, Мікалай Рыленкаў (Расія), Максім Танк. Што ж тычыцца асобных маладых, дык імёны некаторых з іх сёння нічога не скажуць чытачу — яны так і засталіся ў тым часе, у 1950-х гадах. Крытыка ж іншых выклікае цяпер добрую ўсмешку. Вось, напрыклад, што было сказана на адрас сёння шырока вядомага паэта, даследчыка і выдаўца Кастуся Цвіркі: «Гульня ў вершы, гульня ў каханне, у працу. Усё перапетае». На паэзіі ж слыннага паэта і перакладчыка Валянціна Тараса ўвогуле быў неабачліва пастаўлены крыж: «“Рамесніцкія вершы”, пісаць не трэба». У гэтым сэнсе больш добрых слоў дасталося Уладзіславу Нядзведскаму: «У вершы ёсць паэтычнае зерне». Але найбольшае прызнанне атрымаў Уладзімір Караткевіч (з Кіеўскай вобласці, як пазначыў Барадулін). Газета «Сталинская молодежь» пасля паведамляла: «Говоря о стихах Короткевича, М. Лужанин, В. Витка, Р. Нехай, М. Танк единодушно отметили, что в молодую белорусскую поэзию пришел инте­ресный, самобытный поэт».
Між іншым, цікава цяпер параўноўваць справаздачу «Сталинской молодежи» з барадулінскім запісам. Так, калі пра Караткевіча ў газеце толькі вось гэтыя вышэй цытаваныя агульныя словы, дык у «стихах рабочего тракторного завода» Івана Бурсава (у будучым аднаго з лепшых дзіцячых пісьменнікаў, казачніка і перакладчыка беларускай паэзіі на рускую мову) старэйшыя калегі ўбачылі «душевную теплоту, лирическую проникновенность». Тэксты ж для песняў Авяр’яна Дзеружынскага, кваліфікаваныя як «слабые стихотворнические упражнения», падвергліся «суровой критике», якую той сустрэў у штыкі, — «в его выступлении прозвучало зазнайство, нежелание прислушаться к голосу опытных литераторов».
Дарэчы, у тым артыкуле ў «Сталинской молодежи» выступленне Якуба Коласа нават не прыгадваецца, тады як у запісах Барадуліна прыводзіцца такі вось запавет аўтара «Новай зямлі» маладым літаратарам: «…трэ апраўдаць годнасць інжынераў чалавечых душ. […] Хай сумленне будзе чыстае і душа ясная». Заўважым таксама, што адзіны фотаздымак, на якім ёсць і Якуб Колас, і зусім яшчэ малады Рыгор Барадулін, быў зроблены якраз тады, падчас гэтай нарады.
Але галоўнае — гэтыя запісы каштоўныя тым, што зроблены 19-гадовым паэтам-пачаткоўцам, будучым народным паэтам Рыгорам Барадуліным, які толькі ўваходзіў у вялікую літаратуру і, шукаючы сваё месца ў ёй, занатоўваў за старэйшымі, якой жа павінна быць яна — сапраўдная беларуская паэзія.
Сяргей Шапран.

Абмеркаванне творчасці У. Нядзведскага:
М. Лужанін: Верш ідзе ў вельмі спакойным рэчышчы. У вершы ёсць паэтычнае зерне. Трэ граніць вершы, даводзіць іх да канца. Па тэматыцы разнастайныя. Лепшыя вершы, якія выходзяць з назірання. «Дома» — літаратуршчына. Лепшыя вершы, дзе ўспаміны.
Трэба пісаць сучаснае. У вершах грамадскага зместу збіваецца на штампы. Гэтыя вершы трэба пісаць страсна, выношваць. «Мара і песня», «Гвардзеец навукі», «Пра настаўніцу» – вершы кароткія. Гэта абавязвае да яснасці і дакладнасці думкі, да глыбіні думкі. «Песня Купалы» – акрэсліць сыноў. Перагружанасць паўторамі. «Калгасны радыст» – канец ёсць. 1[-я] страфа – няма адзінства месца. 2[-я] страфа – чаму, калі пад’елі хлеба, драты працягнуў? «Спадчына» – не выходзіць з рамак сям’і. Трэ ўжыць грамадскія з’явы. «Тэхніка».
Больш за 10 вершаў на адзін памер: «На позицию девушка…» 4 радкі. ВНТ. Трэба даводзіць вершы да канца.
М. Аўрамчык: Ёсць зерне. Трэ звярнуць увагу на рыфмы.

Абмеркаванне творчасці Біруліна (Маладзечна):
Лірычныя вершы пра Нарач на рускай мове. «Детский лепет».
Абмеркаванне творчасці Валянціна Тараса:
М. Гарулёў (дакладчык): Адзін з першых вершаў «Наследник». Шмат га­зетчыны.
М. Рыленкаў: Не бачна стымулу, які заставіў бы напісаць вершы. «Рамесніцкія вершы», пісаць не трэба.

Абмеркаванне творчасці Сімарына (Брэст):
Рыгор Няхай: Работает над тематикой знакомой. Тема дружбы. Мало образного мышления.
Н. Горулёв: Очень много переплясов, но переписать Твардовского никто не может. Симарин — лирик.
С. Гаврусёв: 1) Надуманность; 2) мало образности.
Ан. Клышка: Няма канфлікту.

Абмеркаванне творчасці Сідаровіча (Гродна, педінстытут):
Няхай Р.: [1 неразб.] пачуцця. Слабізна.

Абмеркаванне творчасці К. Цвіркі:
К. Кірэенка (дакладчык): Чалавек вопытны ў вершаскладанні. Няма парыву маладосці. Паэт — не пасіўны сузіральнік. Дробныя, нязначныя факты жыцця. «Паэт не творца, а вершаскладальнік», — так думае вершаскладальнік. Гульня ў вершы, гульня ў каханне, у працу. Усё перапетае. Ёсць, праўда, і добрыя.
Н. Рыленков: Не все правильно понимают печать времени. Плещеев — по­чи­тать. Поэт должен найти свой мир. Полнее раскрывать богатство души сов[етского] человека.
А. Зарыцкі: Справа не ў тым, каб напісаць вонкава наш час. Трэба, каб адчув[аўся] [1 неразб.] змесце чуўся дух нашага часу.

Абмеркаванне творчасці М. Арочкі:
А. Вялюгін (дакладчык): 2 плацдармы: 1) вёска, дзе нарадзіўся, 2) студэнцк[ае] жыццё БДУ. Заўсёды трэба ставіць пытанне: варта пісаць верш або не. «Дзень нараджэння» — манернасць адчуваецца. Няўдалы «Камень».
А. Куляшоў: Пісаць тады, калі неабходнасць ёсць. Але можа часам чалавек і добрую думку выкласці блага. Адна думка ў вершах «Вяртанне» і «Канікулы» выкладзена не роўна. Важна, каб унутраны свет чалавека-паэта быў цікавы, багаты.
Вучоба маладога аўтара ў старэйшых паэтаў. «Маладзік» — запазыч[анне] у 3 аўтараў. 5 арыгінальных рэчаў.

Абмеркаванне творчасці Алеся Ставера:
А. Зарыцкі (дакладчык): Паэма. 13 частак. Пралог, эпізод, уступ апісальны, расцягнуты. Калі назваў героя, трэба яго паказаць. Няма напружання. Апісаль­на, вяла, безкалярова. Набор стандартных, вядомых слоў. Няма пачуцця. Абсалютная пустэча. Няўдача. Друкаваць нельга. Справіць нельга. Надуманыя героі. Усё робіцца проста прымітыўна.
А. Бялевіч: Добра напісана легенда. Няма скразнога дзеяння, якое б цэментавала. Кускі. Задача была, відаць, паказаць людзей вёскі Маргавіцы ў цяперашні час. Можа, з кавалкаў напісаць но[вую] рэч?
Максім Танк: Паэма развальваецца. Першы блін комам. Ёсць у паэме, ёсць удачн[ыя] мясціны.
Ніл Гілевіч: Збіта з кавалкаў. Лёгкім танцам свет герояў збеднены, спрош­чаны.
Абмеркаванне творчасці Гурбана:
М. Аўрамчык (дакладчык): Няма ніякога росту. Непісьменнасць.

Абмеркаванне творчасці Паўла Воранава (Віцебск):
А. Русецкі (дакладчык): Вершы-замалёўкі. Адсутнічае думка. Дае факт і не абагульняе яго (няма думкі — няма закончанасці).
Н. Макаеў: У Воранава лепш атрымліваюцца лірыч[ныя] вершы.
М. Танк: Бедная мова вершаў. Няма жывога вобраза, метафары. Вобраз дае эканомію выяўленчых сродкаў. Усё ў ружовых колерах. Канцоўка — паэт[ычная]. Зерне неспадзяванае і лагічнае завяршэнне. Канчаем там, дзе змарыліся, а не там, дзе трэба.
І. Калеснік: Несур’ёзнасць.

Абмеркаванне творчасці А. Дзеружынскага:
Н. Рыленков: Идет по неправильн[ой] линии, которая не принесёт поэ­ти­ч[еских] удач («Рыба»).
В. Вітка: Вялікую шкоду паэту зрабілі кампазітары. Аказалі мядзведжую паслугу. Спажывецкі падыход да песень. Непрыемна слухаць выступленне. Ён хваліцца, што песні яго нібы праніклі нават у Польшчу. Некультурнасць нашых кампазітараў, якія не ведаюць нашай паэзіі.

Абмеркаванне творчасці Клімянкова:
М. Барсток (дакладчык): Вершы няроўныя. Уменне шукаць. Мала вершаў сюжэтных. Няма актыўнага ўмяшання ў жыццё.
М. Аўрамчык: Даліся ў знакі. Мала паэзіі. Страшэн[ная] штучнасць. Як закруціць што, дык аж страх. Уплыў іншых аўтараў. Страшэнная надуманасць.

Абмеркаванне творчасці Ул. Караткевіча (Кіеўская в[обласць]):
М. Танк: Здольны пісьменнік, якому трэба пісаць.
М. Лужанін: Вельмі здольны чалавек. Па-сапраўднаму добра.
Васіль Вітка: Кожнаму нешта прыемнае сказаць хочацца. Схільнасць да эпіч[най] паэзіі.

Абмеркаванне творчасці І. Бурсава:
А. Бялевіч (дакладчык): Як дом без людзей, так і верш без думкі, без вобраза. Больш урываецца ў жыццё, але ёсць і шэрыя, слабыя. Паэт са шчырым, уласным голасам.
Навум Кислик: Непосредственность чувства, о живых вещах. Но есть, проскакивают литер[атурные] штампы. Умение поэтич[ески] мыслить.

Абмеркаванне творчасці Е. Гольскага:
Б. Бурьян (докладчик): Доброт[ные], гладкие, сделанные профессиональной опытной рукой. Умело завинчены строки. Стихи есть, но поэзии нет. Влияние других поэтов. И не украдено ничего, и своего нет. Часто выпячивает «я», но человека не чувствуется. Добротность не спасает автора. Поэзию такие стихи не обогащают.
Рыгор Няхай: Багатая біяграфія, а вершы бедныя. Збітыя фразы. Больш заняцца вывучэннем жыцця. Чалавек здольны. Вершы аб Малдавіі, Якуціі і Беларусі — роўныя.
Бойка: Нет своего собственного поэтич[еского] видения. Однообразие размеров. Ко всему одинаковое отношение. Эпич[еское] спокойствие.
И. Семижонов: Лавка ювелирного магазина. Здесь много вещей, но безделушек. Холодные. Печать созерцательн[ости], холодности, внешней красивости. Не вложено сердце, душа. Много от лит[ерату]ры, от внешнего любовательства.
В. Вітка: Не разумее сваіх магчымасцей, прыгажосць паэзіі. Паэтам трэба баяцца ўмоўнай прыгажосці. Трэба баяцца позы. Трэба, каб і без слова «прыгожы» адчувалася прыгажосць. Гладкапісь.

П. Глебка (заключнае слова):
Было ў рабоце шмат недахопаў: не ўсе паэты прысутнічалі, не ўсе знаёміліся з творамі. Шмат карыснага, хто сумее ўсё ўзважыць, зрабіць вывад, атрымае многае. Гольскага збівае жаданне многа ахапіць. Сухасць вершаў таму, што з пачуццём напісаны толькі апошнія радкі. 1) Жаданне вялікай паэзіі, якая ляжыць на шляху вялікіх праблем, якімі жыве наш народ. (Разумеецца дух верша, не павярхоўны ахоп усяго.) 2) Трэба больш страсці, больш хвалявання. Трэба пазбаўляцца ад агульшчыны. Недахоп майстэрства. Слова часамі валодае паэтам. Трэба працаваць упарта. Працавітасці пажадаць.

Якуб Колас:
Мова — падмурак, на якім узводзіць свае творы пісьменнік. Бедная мова ў нас, у маладых пісьменнікаў. Пушкін вучыўся мове ў нянькі. Крылоў хадзіў на кірмаш. Народ — крыніца нашай мовы.
Трэба адабраць матэрыял, каб ён быў народам успрыняты. Тады трэба скласці план. Часцей звязвацца з народам.
Кожная з’ява грамадск[ага] парадку не павінна заставаца без увагі пісьмен­ніка.
Этычныя адносіны да людзей, трэ апраўдаць годнасць інжынераў чалавечых душ. Не трэба пагар[джаць]. Быць прыкладам сав[ецкай] маралі і сумлен[ня]. Хай сумленне будзе чыстае і душа ясная. «На шляхах волі».