12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ірына Бельская

_____________________
Адпускаю сваю сініцу. Вершы


* * *
Хата пастарэла разам з мамай.
А у мамы пацямнелі вочы.
Рукі сталі чорнымі таксама.
Доля маміна чарней ад ночы.

Ды на небе ўночы зоркі зьзяюць.
А да зорак цяжка дацягнуцца.
…Я б хацела да цябе вярнуцца,
Ды сама лёс незайздросны маю.

Помніш, як я марыла стаць зоркай,
Каб сьвяціць табе і не здавацца.
Дык нічога,
што ў жыцьці так горка –
Кажуць: «Горка!» – трэба цалавацца.


* * *
Выціраю сьлёзкі
З вочак Маткі Боскай.
Так раблю, бо плача
Праз мае няўдачы.

Абдымаю ногі
Маткі Пана Бога.
Быццам бы у хаце
Я у роднай Маці.

Узгадаю вочы,
Што за мною сочаць –
…Як далёка хаты
Родных маіх Матак.


* * *
Восень тузае за спадніцу,
Бы дзіця тое, вінавата.
— Восень! Хутка ідзі дахаты:
Лепш з вячэраю не пазьніцца.

Восень тупае з парасонам,
Лісьце ўскідвае босай ножкай –
Неяк сьмешна і дзіўна трошкі
Назіраць адвячоркам сонным:

Я сьпяшаюся павячэраць.
Восень тузае за спадніцу.
Адпускаю сваю сініцу
Гэты момант пражыць яшчэ раз.


* * *
Пад небасхілам быцьця начнога
Вас абдыму – ледзь не раздушу.
Я не пакіну сабе нічога –
Бярыце! Піце маю душу!
І закусіце кавалкам сэрца,
Запіце чарку маёй сьлязой.
А па сабе вы усіх ня мерце:
Сяброўства – вострае, як лязо.
Я папрашу дараваньня ў Бога –
У вас нічога не папрашу,
І не пакіну сабе нічога –
Бярыце! Піце маю душу…

* * *
Я чакаю кагось. Хутка восем.
Я гатую вячэру. Надвор’е
Мне чамусьці нагадвае восень:
Рассыпаюцца з клёнаў сузор’і.

Я чакаю кагось. Хутка будзе.
Прастывае вячэра. Сьцюдзёна.
Я чакаю кагось, і штодзённа
Мой куток не наведваюць людзі.

Я чакаю кагось. Ён ідзе ўсё.
Ціха ў шыбу пастукаўся. Дзесьці
Толькі быў – і кудысьці падзеўся.
Па калюжынах бегаюць дзеці.


* * *
Ты думаеш, мая віна
У тым, што я ня п’ю віна
І ад віна я так п’янею,
Таму што піць яго ня ўмею?

Дык ведай жа, люблю віно,
Ды не піла яго даўно,
Бо піць патрэбна асьцярожна:
Віно са шчасьцем зблытаць можна.


* * *
Я рыбіна. Я так крычу –
аж цёмна робіцца ўваччу.

Ды сумны вырак маю:
я рыба – я нямая.


* * *
У дзіравым мяшку
ты душу сваю нёс –
Ты б аддаў мне яе,
ды ў дарозе растрос.
Можа, частку прапіў,
штось аддаў жабраку,
рэшта ўпала на дно,
калі плыў праз раку.
І цяпер я трымаю
у руках мех пусты –
Гэта ўсё, што быў здольны
пакінуць мне ты.
Я кажу:
што прынёс,
тое ўсё забяры,
Калі хочаш, мы будзем
Ня проста сябры…

Я магу быць сястрою,
а ты будзеш мне братам.
Толькі ты не ў настроі,
ты чамусьці ня рады…


* * *
Я маленькая дурніца –
Я жыцьця не разумею.
Я люблю зьбіраць чарніцы,
Я грыбы зьбіраць умею.

І зграбаць увосень лісьце,
І карміць з рукі сініцу,
Сьнег люблю і бульбу чысьціць
Я маленькая дурніца.

Я маленькая дурніца –
Маміну люблю кашулю,
Маміну нашу спадніцу –
Маму у душы нашу я.

Мо жыцьцё і зразумею,
Калі сон пра сьмерць прысьніцца,
А пакуль я жыць ня ўмею:
Я – маленькая дурніца.


* * *
Я цісну калючую лапу зімы:
Мы з ёй заключылі дамову,
Што мы не сустрэнемся болей, бо мы
Згубілі агульную мову.

Мы з ёй не дзялілі нічога, а сьвет
Глядзеў на нас і ўсьміхаўся.
Я проста на сьнезе пакінула сьлед –
І сьнег у мяне закахаўся.


* * *
Лекі п’юць мяне ўсё часьцей –
Хутка лекі мяне ўсю вып’юць.
Я – для лекаў і для гасьцей,
Я – уночы на поўню выю.

А як з неба зьнікае поўня –
Хочаш вер мне або ня вер –
Прылятае анёл-ахоўнік
І ўцякае мой дзікі зьвер.

Ды цяпла майму зьверу мала.
Добра, што гэтай ноччу хоць
Я анёла у рай паслала:
Як захочаш павыць – заходзь.


* * *
анёлы у рай сьпяшаліся
з іх кожны хапаў прамень
сьціскалі і апякаліся
ня выпусьціць каб са жмень

у Вырай буслы сьпяшаліся
зьбіраць прамяні – край грэць
і крылы ахвяравалі ўсе
дазволіўшы ім згарэць

як душы бусловы плакалі
як дзюбы бусловы плакалі

як вочы бусловы плакалі
сачылі за сонцам дзень

я ў Выраі тым была калі
я ў Выраі тым была калі
я ў Выраі тым была калі
ня стала буслоў нідзе

ляцець вас пускаю з мірам я
вам крылы у шлях зьбяру

два сонцы яшчэ да Выраю
буслам не хапае рук.