12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Бэўвульф

_____________________
Першыя разьдзелы паэмы
Пераклад
і ўступныя
заўвагі
Антона
Францішка
Брыля.


Хоць паэзія даўніх англасаксаў атрымлівае ў нас непараўнальна меней увагі, чым спадчына грэкаў ці рымлянаў, усё ж наўрад ці хто з чытачоў ніколі ня чуў назвы “Бэўвульф”. Паэма гэтая, вядомая з рукапісу XI ст. і напісаная, па распаўсюджанай версіі, у VIII ст. – бясспрэчна, найславуцейшы твор і, без перабольшань­ня, твор стараангельскай літаратуры, шматкроць перакладзены на сучасныя мовы, пераказаны для дзяцей, экранізаваны ды перароблены ў коміксы.
Прыведзены тут тэкст – гатовая частка перакладу гэтай паэмы, над якім я цяпер працую, прыблізна адна восьмая ад усяго твору. У сюжэтным плане гэтыя ста­ронкі – толькі завязка дзеяньня, аднак яны дазваляюць скласьці агульнае ўражаньне пра эстэтыку “Бэўвульфа”. Падаецца, што праўда, карысным зрабіць спачатку некаторыя заўвагі адносна арыгінальнага тэксту і прыведзенага перакладу.
Па-першае, чытачу, верагодна, кінулася ўжо ў вочы нязвыклая перадача самой назвы паэмы (“Бэўвульф” замест “Бэавульф” ці “Беавульф”). Такое напісаньне – спроба наблізіцца да арыгінальнага гучань­ня: спалучэньне eo вымаўлялася, паводле рэканструкцыяў, як дыфтонг [eo] і, як уяўляецца, досыць адэкватна перадаецца беларускім эў. Такое рашэньне падаецца мне тым больш неабходным, што націск ва ўсіх імёнах і назвах прыпадае на першым склад, і замена дыфтонга на спалучэньне двух галосных зрабіла б многія словы занадта грувасткімі рытмічна.
Па-другое, патрабуе тлумачэньняў паэтычная тэхніка. Кожны радок паэмы складаецца з двух паўрадкоў. У радку чатыры моцныя націскі (па два ў кожным паўрадку); колькасьць ненацісных складоў не фіксаваная – іншымі словамі, у рытмічным плане верш зьяўляецца чыста танічным. Рыфма не ўжываецца. Такім чынам, можа падацца, што перад намі звы­­чайны белы тактавік. Але насамрэч мы маем тут справу з больш складанай зьявай – традыцыйным алітэрацыйным вершам. Паўрадкі зьвязаныя паміж сабою алітэрацыяй моцнанаціскных складоў (звычайна першы і/ці другі алітэруе з трэцім, чацьвёрты ў алітэрацыі амаль ніколі ня ўдзельнічае). Сугучча зычных аздабляе тэкст, зьвязвае паўрадкі паміж сабою, надае вершу ясную структуру – адным словам, служыць паўнавартаснаю заменаю рыфмы. Такая тэхніка вершаскладаньня не была выключна стараангельскаю; яна болей ці меней агульная для ўсіх германскіх народаў – падобным чынам напісаныя і скандынаўскае эдычнае “Прароцтва Вёльвы”, і стараверхненямецкія “Песьня пра Гільдэбранда” і “Мэрзэбурскія закляцьці”. Да агульных рысаў германскай паэзіі адносіцца і ўжытак складаных паэтычных сінонімаў – кенінгаў. Прыкладам кенінга можа служыць выраз “шляхі кітоў”, які сустракаецца ў першых радках паэмы і азначае мора.
Верш перакладу ў агульным будуецца на тых жа прынцыпах, што і арыгінальны, з пэўнымі невялікімі адрозьненьнямі. Найперш, прымаючы пад увагу нязвыкласьць такой тэхнікі для беларускага чытача, я досыць часта пашыраю сугучча, уцягваючы ў яго не адзін зычны, але зьбег зычных альбо зычны разам з наступным галосным. Апроч таго, алітэрацыю другога націскнога складу з чацьвёртым, арыгінальнай тэхніцы не ўласьцівую, я выкарыстоўваю даволі шырока, ідучы ў гэтым за некаторымі з сучасных ангельскіх перакладаў. На карысьць гэтага варыянту можна сказаць, у прыватнасьці, што такая алітэрацыя стварае на канцах паўрадкоў сугучча, досыць падобнае да звыклай нам рыфмы і можа, такім чынам, набліжаць верш да сучаснага ўспрыманьня, не парушаючы пры гэтым істотна арыгінальнай тэхнікі. Алітэрацыю першага складу з чацьвёртым я хоць і не выключаю ўвогуле, але разглядаю як найменш пажаданую і па магчымасьці пазьбягаю, бо сугучча складоў, настолькі далёка разьнесеных, амаль ужо не ўспрымаецца на слых. Пры перакладзе я імкнуўся ў першую чаргу захаваць характэрнае гучаньне стараангельскага вершу. Адпаведна, арыгінальную сістэму складанай сінанімікі я перадаю ў той толькі меры, у якой яна, перанесеная ў «менш кампактную» беларускую мову, не перашкаджае дынамічнаму рытму.
Адносна яшчэ аднога пытаньня, а менавіта ўжытку архаізмаў у тэксь­це, дазволю сабе проста працытаваць эсэ Джона Толкіна “Пра пераклад Бэўвульфа”: “Калі вы жадаеце перакласьці (а не перапісаць наноў) Бэўвульфа, вашая мова павінна быць паэтычнай і традыцыйнай. Не таму, што з напісаньня паэмы прайшло шмат часу, і не таму таксама, што ў ёй гаворыцца пра рэчы даўно мінулыя, але таму, што мова Бэўвульфа была паэтычнай, архаічнай, штучнай (калі жадаеце), ужо ў дні, калі паэма стваралася. Многія словы, што ўжываліся старадаўнімі ангельскімі паэтамі, былі, нават на VIII стагоддзе, ужо не ва ўжытку цягам жыцьця пакаленьня, а часам і соцень гадоў.”
Тут нарэшце можам скончыць прадмовы ды перайсьці да ўласна тэксту. Слухайце!

Cлухайце! Пра данаў даўнія дзеі,
Пра моц неаслабную мы чулі, і пра славу,
Што яны адважна здабывалі ў бітвах.
Ск’ільд Ск’евінг часта ад мядовых чаркаў,
Ад лаваў балявальных адрываў, раптоўны,
Ваяроў варожых. Гаротны, пакінутым
Знойдзены калісьці, пасьля ўзнагароджаны
Быў ён за нягоды: годнасьцю ўзьнёсься
Пад хмарамі, слаўны, і слухмяна слалі
Па шляхох кітоў даніну каштоўную
Суседзі скораныя. Добры быў конунг!
Неўзабаве наступніка, сына дастойнага,
Даў ратаборцы Бог нябёсны
Людзям на ўцеху, бо бачыў, як люта
Пакутвалі бяз ладу, калі безуладдзе
Доўга цягнулася. Адораны добра
Жыцьцядаўцам дужым люд быў дацкі:
Славу Бэўвульф здабыў вялікую,
Наступнік Ск’ільдаў, скора між суседзяў.
Напраўду і належна справамі годнымі,
Дарамі шчодрымі з часу юнацтва
Любоў заслужыць, у мужоў дружынных,
Каб за моцным у бітву, дапаможцы верныя,
Ішлі з ахвотай. Ухвальнымі дзеямі,
Славаю няўцішнаю няхай багацее.
У час наканаваны адышоў вайскаводца,
Правіцель данаў, ва ўладаньні Божыя.
Аднесьлі пераможнага да берагу мора
Воіны верныя. Так запаведаў
Ск’ільд шматслаўны, калі шчэ словы
Яму служылі, калі жыў ён ды правіў.
Там на хвалях чакала зухвалага,
Зьзяючы ільдзяна, ладдзя крутаносая.
Тады паклалі падаўцу пярсьцёнкаў,
Конунга спачылага, на грудзі чоўну,
Ля мачты, моцнага; заморскую зброю
Ды скарбы вялікія скупілі побач.
Ніколі ня чуў я пра човен пышнейшы,
Лепей убраны зброяй войнаў,
Адзеньнем воінаў; ладдзю напоўнілі
Багацьцямі нямалымі, што мусілі з конунгам
Плыць па водах, вандраваць па моры.
Ск’ільду ў дарогу дароў ня меней
Далі дружыньнікі, чым тыя, што калісьці,
Хвалям марскім яго пакінулі,
Дзіця малое. На мачце прыладзілі
Сьцяг залаты. Затым жа воіны
Конгунгаў човен даручылі хвалям,
Водам даверылі, трывожныя сэрцамі,
Думкамі сумныя. Ніхто пад сонцам
Сказаць ня можа, ні мужныя ратнікі,
Ні райцы сталыя, дзе прыстаў ён.

I.

Па сьмерці бацькі Бэўвульф Ск’ільдынг,
Правіў людам, любы народу,
Ухвальна ўладарыў, дацкага конунга
Наступнік годны. Ад яго нарадзіўся
Хэальфдэнэ сьмелы, што быў да сьмерці
Правадырам дужым падданым на шчасьце,
Да старасьці цьвёрды. Ад яго ж чацьвёра
На сьвет зьявіліся: віцязі добрыя
Хэўрагар і Хродгар і Хальга слаўны;
А дачку сасватаў конунг Онэла,
Ск’ільвінг моцны абдымаў на ложку.
Дасталася Хродгару ўлада над данамі,
Удача ў бітвах. Дужаму воіны
Ахвотна служылі. Дружына вырасла
Ў магутнае войска. І вось, задумаў
Хродгар уладны, каб харом вялікі,
Балявальную залу збудавалі людзі
Пра якую б слава не змаўкала па сьвеце,
І там бы сільны ўсім адорваў
Воінаў сьмелых, што меў ад Бога,
Не дзяліў бы толькі зямлі агульнай
Ды жыцьцяў люду. З далёкіх мясьцінаў
З народаў розных у Сярэдзінных Землях
Сышліся работнікі. Быў узьведзены
З палацаў найлепшы належным чынам
У хуткім часе. Назву Хэўрат
Даў яму слаўны, уладны словамі,
Хвалёны шчыра падаўца шчодры
Багатых дароў. Харом узвышаўся
З дахам рагатым. Чакаў загубы
Ў нясытым агні: прагневяцца дужа
Родзічы знатныя ў час прызначаны
Адзін на аднога, ды вайны не пазьбегнуць.
І тут абурыўся жыхар цямрэчы,
Ліхое задумаў дух нядобры,
Штодзень ён чуў незьлічоныя клікі
Весялосьці ў палацы, салодкі голас
Арфы звонкае; сьпяваў для воінаў
Паэт шматведны пра стварэньне сусьвету,
Як Усяўладны зладзіў сушу,
Раўніну прыгожую ўзьняў над водамі,
Слаўны, сонцу высока ў небе
Прызначыў месца й месяцу яснаму,
Добра аздобіў долы зямныя
Зялёным лісьцем, надзяліў таксама
Жыцьцём і рухам розных істотаў.
Жылі прывольна воіны конунга,
Ня зналі бяды, пакуль не задумаў
Лютаваць забойца, пачвара пякельная.
Зваўся Грэндэлем выступца грозны,
Блукаў у балотах, валодаў пустэчаю,
Муж нядобры, домам бязрадасным
Зданяў паганых з даўняга часу,
Калі Стварыцель пракляў ды адрынуў
Каінаў род; пакараў сурова
Бог адвечны забойцу Авеля.
Ня цешыўся акрутны кроў праліўшы:
Прагнаў ад людзей за дзею гэтую
Магутны нягоднага й семя ягонае –
Эльфаў, волатаў, пачвараў падводных,
Таксама й гігантаў, якія змагаліся
Некалі з Богам ды ня ўніклі кары.

II.

Калі ноч настала, выступны вораг
Да харому, злавесны, разьведаць выйшаў,
Ці чувае варта пасьля баляваньня,
І ўбачыў там, што таны дацкія
Ўсе паснулі, спачывалі сільныя,
Бяды не чакалі. Тады пачварны,
Дух пракляты, нядоўга марудзіў,
Прагны, драпежны, схапіў між паснулымі
Трыццаць воінаў; тады ж, задаволены,
Здабычу лову павалок у логва,
Спажыву крывавую, жэрці ў цемры.
Нядобрым досьвіткам, у час нядольны,
Адкрылася людзям лютасьць акрутніка.
Быў там лямант апасьля весялосьці,
Гаротны плач. Уладны Хродгар,
Добры конунг, сядзеў у маркоце,
Стары, тужыў па мужох загубленых,
Сьлед убачыўшы забойцы начнога,
Пачвары паганай, нягодам доўгім,
Няшчасьцям пачатак. Праз час кароткі,
У ноч наступную новыя крыўды
Ўчыніў бязбожны, не пакінуў разбою,
Справы ліхое, грахоў жахлівых.
І ў хуткім часе ўжо часта шукалі
Ад палатаў воддаль начлегу воіны,
Бясьпечнага месца, зразумеўшы добра,
Што гожым харомам здань варожая
Ў цемры правіць. Прэч ад палацу
Беглі ўначы, баючыся пачвары.
Так на многіх адзін хадзіў вайною,
Учыняў беззаконьні, пакуль не спусьцелі
Палаты багатыя. Гора гэтае
Дванаццаць зім на землях данаў
Панавала ўсяўладна, бяда й бязладдзе,
Гора конунгу. Народам наўкольным
Хутка вядома ўжо добра стала
З песьняў тужлівых, што ліха ўчыняе
Пракляты Грэндэль магутнаму Хродгару,
Вораг нягодны, год за годам
У вайне бясконцай. Не шукаў ён міру
З народам дацкім, не жадаў, беззаконны,
Супыніць забойствы, прынесьці віру.
Спадзяваліся б марна атрымаць ад злодзея
Таны слаўныя належную плату.
Працягваў няправедны справы страшныя,
Жэр ваяроў старых ды юных,
Нападаў са сховаў, выходзіў у змроку,
З імглістых балотаў. Невядома людзям
Дзе прыстанішча істотаў падобных,
Лютых укрывішча. Крыўды страшныя
Чыніў бязь ліку бязьлітасны вораг,
Дзеі выступныя. Стаў прытулкам.
Пякельнае здані дом аздоблены.
Толькі трону падаўцы пазьбягаў нядобры
Й любові ня меў да месца ўладарава.
Гора валодала годным конунгам,
Цяжкі смутак. Мужоў мнагамудрых
Нярэдка зьбіраў на раду слаўны,
Супольна разважыць, як ад пачвары,
Ад жаху раптоўнага, знайсьці паратунак.
Усклікалі часта на капішчах даны,
Уздавалі гонар нягодным ідалам,
Аховы прасілі, сілы ліхія
Ў дапамогу звалі. Такі бо звычай,
Надзея паганцаў, ліхадзейным бесам,
Апраметнай верных. Ня ведалі Бога,
Уладара ня зналі, узносіць ня ўмелі
Створцы людзей падзяку належную,
Горняму славу. Нягода, гора
Таму, хто мусіць ісьці на мукі
Ў полымя вечнае; няма збавеньня
З пакутаў няўцішных. Радасьць і ўцеха
Таму, хто прыйдзе па сьмерці, праведны,
Шукаць супакою ў руках Айцовых.

III.

Ад напасьці гэтае спадчыньнік Хэальфдэнэ
Сродку ня ведаў, ня мог адвесьці
Злую нядолю, доўгіх нягодаў,
Няшчасьцяў пазбыцца, збавіць падданых
Ад бедаў жахлівых, ад набегаў пачвары.
І вось, дачуўся воін Хігелака,
Годны між геатаў, пра гора данаў.
З усіх найдужэйшы хто жыў на сьвеце
Быў ён тады, у гады жыцьця свайго,
Магутны й зацны. Сказаў ён човен
Для дружыны зладзіць. Абвясьціў: дзяржаўцу
Па шляхох лебядзіных ідзе шукаць ён,
Бо вартых слугаў не стае ў шматслаўнага.
Мужы старэйшыя мала пярэчылі
Ў тым ратаборцы, хоць быў ён ім любы,
Ды ўхвалялі задуму; добрыя знакі
Прадвяшчалі ўдачу. Шчытнік магутны
Ў паплечнікі выбраў лепшых між геатаў,
Адважных ратнікаў. Пятнаццаць разам
Выйшлі ў дарогу. Павёў ён герояў,
Стырнік умелы, да межаў сушы,
Да берагу мора. Карабель быў на хвалях,
Човен ля скалаў. Ступілі скорыя
На борт вандроўнікі – прыбой несупынны
Набягаў на пясок – занесьлі таксама
Ладдзі на грудзі груз належны –
Мячы ды кальчугі. Спраўны човен
Панёс нарэшце ў дарогу дужых.
Зь ветразем надзьмутым праз мора сьпяшаўся
Карабель трывалы, ляцеў па водах,
Аздоблены пенаю, падобны да птаха,
І ў дзень другі ўжо ўбачылі геаты,
Мэту жаданую, краіну данаў,
Уцёсы бліскучыя, скалы стромкія,
Шырокія мысы. Шлях праз мора
Карабель адолеў. Нядоўга марудзячы
Выйшлі на бераг воіны ведэраў,
Прычалілі човен, кальчугамі зьзяючы,
Адзеньнем бітваў, ды падзяку Богу
Ўзьнесьлі героі за дарогу лёгкую.
Хродгараў мечнік, што гэтыя месцы
Вартаваў нязьменна, здалёку заўважыў
Як з ладдзі сыходзяць у дасьпехах зіхоткіх
На бераг віцязі. Дзівіўся дужа,
Ня мог адгадаць дружыньнік дацкі
Хто тыя госьці. Каня свайго ён
Скіраваў да вандроўнікаў, падняў сурова
Дзіду моцную, ды так прамовіў:
«Хто вы, воіны з мячамі вострымі,
Шчытамі трывалымі, хто і навошта
Прывёў дружыну па сьцяжынах водаў
З дальняга краю? Пастаўлены здаўна
Сюды я дазорцам, доўга трымаю
Ля берагу варту, каб ніводны вораг
Прыйсьці па моры ня мог незаўважаным,
Ды не ўзгадаю, каб на землі данаў
Гэтак адкрыта ратнікі збройныя
Выйшлі нязвана, дазволу ня маючы
Родзічаў дужых. І героя роўнага
Ў жыцьці я ня бачыў мечабойцы моцнаму
Што йдзе між вамі. Не адзеньнем дзівіць –
Асаблівы стацьцю. Аблічча такое
Рэдка сустрэнеш! Але зараз вам трэба
Адкрыць, якога вы краю ды роду,
Каб надалей ня быць, нібыта лазутчыкам,
Тут неназванымі. Таму па звычаі
Цяпер, вандроўнікі, вы, не марудзячы,
На гэтае слова, чужаземцы слаўныя,
Трымайце адказ: адкуль прыйшлі вы?»

IIII.

Адказваў ратніку з атраду старэйшы,
Расчыніў ён, скоры, скарбніцу словаў:
«Мы – вандроўнікі з народу геатаў,
Хігелака слаўнага слугі й супольнікі.
Быў мой бацька ратаборцам дужым,
Эктэўв добры, вядомы таксама
І ў гэтых землях; зімаў нямала
На сьвеце пражыў ён. Мужы вучоныя
Шмат прыпомняць ягоных подзьвігаў.
Мы ж без адкладу ўладнага Ск’ільдынга
Бачыць жадаем, конунга дацкага.
Нам да дужага будзь правадырам,
Да князя вашага. Важная справа
Да яго вядзе нас: раскажам праўдзіва,
Утойваць ня станем. Тое ці праўда,
Як між людзей ідзе пагалоска,
Што якісьці вораг воінаў вашых
Нішчыць бяз ліку, ліха ўчыняе,
Бясконцыя беды, беззаконьнем, люты,
Цешыцца ў цемры? Хацеў бы я Хродгару,
Ўладару вашаму, падаць параду,
Як яму, добраму, адолець выступцу,
Калі да стамлёнага палёгка мусіць
Прыйсьці нарэшце, калі сьціхнуць павінны
Агмень маркоты, іначай жа конунг
Будзе й надалей цярпець нядолю,
Трываць пакуты, пакуль застаецца
На месцы ўзрочным з харомаў найлепшы».
Тан бясстрашны так ім адказваў,
Конунгаў коньнік: «Павінен кожны
Мечнік адважны ўмець разважыць
Аб словах ды справах, калі праўды шукае.
Прыйшлі вы, бачу, да нас, мечабойцы,
Не для зла ды збродні. Збройна й дасьпешна
Пройдзеце далей. Я правяду вас
І вояў дастойных тут пастаўлю
Човен ваш вартаваць ад напасьцяў,
Карабель прасмолены пры беразе нашым
Належна сьцярэгчы, пакуль не зьбярэцеся
Ў шлях зваротны дарогаю мора,
На дрэве круташыім у вандроўку па хвалях.
Адвагаю моцны, пераможца гэты,
Непашкоджаным выйдзе з цяжкога бою».
Рушылі разам – дужагруды човен
Чакаў, прычалены, часу вяртаньня,
Стаяў на якары – дзікоў выявы
На гелмах золатам зырка блішчэлі,
Зіхцелі яскрава, абаронцы жыцьцяў.
Узмацніўшыся духам, сьпяшаліся дужыя
Супольна далей, пакуль уладараў
Харом залатаверхі нарэшце ня ўбачылі,
Дом найпрыгажэйшы між людскімі жытламі,
Палац пад небам з усіх найслаўнейшы,
Што зьзяньнем поўніў землі вакольныя.
Муж суровы паказаў героям
Да высокага дому шлях нядоўгі,
Дарогу простую, Хродгараў воін,
І гэтак прамовіў да годных ратнікаў:
«Час ісьці мне. Айцец усяўладны
Хай захавае вас ад нягодаў,
Не пакіне ў зьнямозе. Мне ж да мора
Вяртацца трэба, да ўзьбярэжнай варты».

V.

Брукаваным шляхам ішлі падарожнікі
Разам наперад. Дасьпехі зьзялі,
Кольцы зіхоткія, пазлучаны хораша
Майстрамі ўмелымі. Сьпявалі мечнікі,
У грозным убраньні да брамы рушачы.
Зьнялі героі шчыты шырокія,
Моцна зладжаныя, склалі да лавы,
Пры сьцяне пакінулі. Зьвінелі кальчугі,
Адзеньне бітваў; дзіды стаялі,
Мараходаў зброя, сабраныя разам,
Гай срэбнаверхі. Ня ведаў нястачы
Атрад у рыштунку. Ратнік ля брамы
Запытаў сурова ў герояў заморскіх:
«Скуль, шчытаносцы, да нас прыйшлі вы –
У шаломах надзейных, у сталёвым адзеньні,
З коп’ямі вострымі? Я – конунга дацкага
Вястун і воін. Вам жа роўнага,
Поўным адвагі, не прыпомню атраду.
Не прытулку, мяркую, тут вы шукаеце,
А сэрцаў веліччу да данаў прыведзены».
Яму адказваў муж праслаўлены,
Ратнік геацкі ў гелме трывалым,
Гэтак гаворыў: «Мы – воіны Хігелака,
Мужнага мечнікі. Бэўвульф імя мне.
Расказаць хачу я зацнаму Ск’ільдынгу,
Князю моцнаму аб нашай мэце,
Калі пажадае ўладар дазволіць
Гасьцям у харомы ўвайсьці з вітаньнем».
Адказваў Вульфгар, вайскаводца вендэляў,
Ратнік мужны, мудрасьцю слаўны
Да земляў дальніх: «Сябра данаў
Пра тое спытаю, вітаньне вашае
Падаўцы дарункаў перадам не марудзячы,
Пасьля ж вярнуся міласьлівага словы
Аб’явіць, як належна, адказ абвесьціць,
Які пажадае даць вам дзяржаўца».
Пасьпяшаўся храбры туды, дзе Хродгар,
Сядзеў між райцамі, стары гадамі,
Сівы галавою. Наблізіўся воін
Шпаркімі крокамі да князева трону
Ды прамовіў дужы да ўладара й сябра:
«Прыйшлі вандроўнікі да брамы харому,
Сьцяжынаю доўгаю мужы магутныя,
Дасьпешнікі з геатаў. Першы між імі
Завецца Бэўвульфам. Ветлымі словамі,
З табою жадаюць, валадару добры,
Абмяняцца моцныя. Ня стрэнь адмоваю
Просьбу герояў, ласкавы Хродгар:
З выгляду годныя госьці гэтыя
Вялікай пашаны; прыйшоў, напраўду,
Правадыр адметны сюды з атрадам».