12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Кацярына Безмацерных

_____________________
«Няма мастака без любові...»
Гутарка Кацярыны Безмацерных з мастакамі Аленай ШЛЕГЕЛЬ і Уладзімірам ГАНЧАРУКОМ


“Я не намалюю птушку лепш, чым зрабіў яе Творца...”, – кажа Уладзімір.
Уладзімір Ганчарук і жонка яго Алена Шлегель – сябры Беларускага саюза мастакоў, а таксама аб’яднання “Артэль”. У “Артэлі” ёсць прыгожы сайт у Сеціве (www.art-fakt.com) і агульная сістэма каштоўнасцяў. Дасканалая форма, гармонія – вось што ў карцінах істотна!

“Гэта ўжо як душа падказвае:
дзе праўда, а дзе хлусня”

Не паспела я і пытанні агучыць, як палкі мастак Уладзімір эмацыйна распачаў:
Уладзімір: Я студэнтам кажу: “Глабальна новага чалавек не можа ўнесці ў мастацтва, калі ён будзе размнажацца так, як цяпер размнажаецца, і будуць існаваць маці і баць­ка.” Мы нічога прынцыпова новага не выдумаем, бо чалавека што закранае? Мацярынства, любоў, дзіця… Проста ў якім свеце і ракурсе ты ўбачыш гэтыя спрадвечныя тэмы.
У гутарцы Уладзімір расцякаецца няўрымслівай, смелай хваляй – і ўжо не прыпыніш натхненне…
У.: У папярэдняга пакалення была свая сістэма суадносін з мастацтвам: карціны належалі музеям. Не было свабоднага рынку, калекцыянераў. Але ж мастацтва жывое толькі тады, калі яно запатрабаванае. А запатрабаваным яно будзе, калі народ стане больш-менш матэрыяльна забяспечаны. Лозунг дзядулі Леніна: “Мастацтва належыць народу!” – мне не падабаецца. Не, мастацтва належыць збіральнікам! І ў кожнага народа ёсць збіральнікі – арыстакратыя ў вышэйшым сэнсе гэтага слова. Карціна мастака мае пэўную сакральнасць. Палатно – гэта момант пакутаў і радасці жывога чалавека. Ён перажывае і як бы нараджаецца наноў. Чым больш чалавек мае грошай, тым больш ён жадае мець сур’ёзны твор мастацтва ў сваёй калекцыі. Калі ўзяць, напрыклад, малых галандцаў, то яны пісалі партрэты бюргерам, прадаўцам, рыбакам. Вялікія галандцы, як Рэмбрандт, пісалі на замову кардыналам.
– Калі ўжо закранулі Нідэрланды… Ван Гог цяпер – брэнд гэтай краіны для турыстаў. А ў амстэрдамскім музеі мастака ладзяцця дыскусіі: што такое карціны Ван Гога? Геніяльнасць ці не?
У.: Гэтыя сланечнікі, што як сонца гараць! Ёсць вельмі высокае мастацтва, ёсць менш высокае. А што тычыцца Ван Гога, тут, бясспрэчна, высокае мастацтва! Пошук новага, пошук душы ў мастацтве… Усе хочуць быць Ван Гогамі, але не хочуць пражыць жыццё Ван Гога, разумееце? Ван Гог быў чалавекам вечнага пошуку, вечных пакутаў…
Алена: Шмат мастакоў, якія працуюць шчыра, з усім полымем душы. Падчас апошняга наведвання Пушкінскага музея мяне ўразіла адна маленькая карціна. Тая ж галандская школа, партрэт жанчыны. Тады было вельмі шмат мастакоў такога плана, але менавіта гэта праца, настолькі тонкая і віртуозная, зачапіла за жывое! Але ж на хвалю знакамітых мастакоў аўтар гэтай працы не ўзняўся. Напэўна, у яго заўжды былі такія маленькія камерныя партрэты, але, для мяне асабіста, гэта мастацтва больш блізкае і слушнае, чым працы многіх знакамітасцей! Геній альбо не? Што за пытанне! Геній – шчыры мастак, які жыў гэтым, атрымліваў ад творчасці найвышэйшую асалоду. І валодаў сапраўдным майстэрствам.
– Але, вось Гётэ, які размяшчаецца на паліцы “геніі”, казаў, што жыццё для яго – усяго матэрыял для літаратуры. А пра Салжаніцына ёсць меркаванне, што адмыслова ён у ГУЛАГ трапіў, каб напісаць потым.
А.: Не судзі, ды не асуджаны будзеш. Я б наконт Салжаніцына не была такой даверлівай. Гэта ўжо як душа падказвае: дзе праўда, а дзе хлусня. А ўвогуле, я думаю, што праўдаў шмат, а ісціна адна.
– Алена, а што такое ісціна?
А.: Паверхневыя падзеі, якія мы бачым, і нашыя меркаванні аб іх таксама не ісціна. Я думаю, ёсць нейкі вышэйшы парадак рэчаў, недзе там усё выбудоўваецца і мусіць быць так, а не інакш. Вось гэта, напэўна, блізка да ісціны. Але яна для нас закрытая, бо слабы чалавечы розум. Мы можам толькі інтуітыўна калі-некалі адчуваць яе. Уся надзея на нутраны духоўны зрок, з дапамогай якога можна прыадчыніць фіранкі над вялікімі таямніцамі. Ці не гэта асноўны сэнс існавання творцаў у чалавечай супольнасці? Можа, для таго і даюцца камусьці з іх нейкія асаблівыя жыццёвыя абставіны, якія дапамогуць зняць шалупайку з рэчаіснасці. Гэта калі вярнуцца да Гётэ с Салжаніцыным.

Уладзімір Ганчарук прывабіў Алену Шлегель сваім талентам

А. : Я ўжо ў чатыры гадкі казала, што хачу быць мастаком. Малявала заўжды. У школцы, здаецца, і нядрэнна вучылася, але настаўнікі ўсё роўна: “Мастачкай будзе!” Само сабой, што я пасля восьмага класа пайшла ў мастацкую вучэльню.
А знаёмства з будучым мужам Уладзімірам Ганчаруком адбылося ў Тэатральна-мастацкім інстытуце.
У: Я ў Кішынёўкім мастацкім вучылішчы вучыўся. Бацька – будаўнік, ездзілі паўсюль па Саюзе. Нарадзіўся я на Паўночным Каўказе. Але продкі мае з Вялікага княства літоўскага, з Каменю Падольскага, які яшчэ вялікі князь літоўскі Гедымін заснаваў. У Мінск, у Тэатральна-мастацкі інстытут, я прыехаў да Гаўрылы Вашчанкі паступаць, на манументальны жывапіс. Мне хацелася менавіта ў яго вучыцца. А з першага разу не паступіў, таму што сачыненне пісаў з памылкамі (гучны смех)
І Алена з першага разу на “манументалку” не паступіла.
А.: У той час дзяўчынак вельмі слаба бралі, максімум адну на групу. Гэтая спецыялізацыя ў мастацтве тады лічылася не зусім жаночай. Але ж потым неяк удалося даказаць сваю прафпрыдатнасць. Я вельмі ўдзячная сваім настаунікам Г. Х. Вашчанку, А. В. Бараноўскаму, У. Л. Зінкевічу і інш. Вучыцца ў тыя гады на “манументалцы” было вялікім гонарам.
У.: Я памятаю Алена стаяла, нядрэнна так пісала. Танклявая, высокая… Я думаю: “Што гэта за дзяўчынка?” (гучны смех) Мяне здзівіла, што яна не паступіла адразу… Калі здавалі іспыты, то мелі тры майстэрні, глядзелі, хто там як малюе, параўноўвалі. У Алены за плячыма ўжо быў манументальны роспіс – дыпломная праца ў фае мастацкай вучэльні. Нас з ёй аб’ядноўвала тое, што мы Тэатральна-мастацкі інстытут успрымалі, як нейкі Храм Мастацтва, думалі, што гэта казачны свет такі, трапіць туды хацелі…
– Алена, а чым жа вас прывабіў Уладзімір?
А.: Таленавітасцю сваёй! З усіх пяці курсаў ён быў, напэўна, самы заўважны. Я толькі на першы курс прыйшла, а ён ужо быў на трэцім. Як сапраўдная жанчына, я найперш шукаю ў мужчыне моц. Ён абавязкова мусіць быць у чымсьці лепшы за мяне. Прафесійна ў момант нашага знаёмства Уладзімір быў на галаву вышэйшы за ўсіх, каго я ведала. Канечне, асобы ў мастацтве не могуць ісці адным шляхам, але ў яго заўсёды было чаму павучыцца. І тады, і цяпер ёсць у ім нейкая непарушная ўпэўненасць, дух лідэра, які вельмі прыцягвае, магнетызм моцнага чалавека.
У.: А потым аказваецца, што ўсё наадварот… Жанчына – яна больш мабільная, больш дасканалая. А мужчына што? Стрэсавы стан – стамляецца хутка. Жанчына лягчэй пераносіць стрэс, можа сабрацца, гэта прыродай закладзена, бо яна маці. А маці заўжды думае не толькі пра сябе. Вялікі мужчына можа паплакацца маленькай жанчыне – тут нічога такога няма. І гэта крохкая істота дасць яму моц.

“Чалавек, Сусвет і Бог адзіныя”

– На сайце аб’яднання “Артэль” ёсць радкі: “Мы забыліся, што ёсць Бог, прыгажосць, любоў, што без іншых людзей мы нішто, што чалавек, сусвет і Бог адзіныя і ў гэтым адзінстве вечныя”. Давайце пагутарым пра любоў у вашым жыцці.
А.: Складаная тэма – любоў. Прасцей, вядома, успрымаць як “мужчына і жанчына”, але, напэўна, гэта толькі малая частка нечага вялікага. Любоў – гэта ўсё. Напрыклад, у майстэрні ты працуеш з любоўю – і гэта адзін са складнікаў творчасці мастака. Ёсць любоў у яго працы ці не? Ты ўстаеш зранку, любіш свет ці не? Я, мусіць, яшчэ не саспела да сапраўднай любові. Хаця я і прымаю жыццё, але не хапае нейкай духоўнай моцы рабіць усё правільна! Тады, можа быць, і прыйшло б больш чыстае ўспрыманне ўсяго…
У.: Любоў – усеабдымнае паняцце. Нават не ведаеш, з чаго пачынаць. Адно магу сказаць: няма мастака без любові! Ты не можаш адарвацца ад працы! І ў гэтым любоў. Вось гэты кавалак ты не дарабіў і сядзіш, яго ўдасканальваеш. Любоў – гэта шчырасць, гэта самааддача. Любоў – гэта вялікая праца. Праца ўспрымаць іншага чалавека з яго хібамі, недасканаласцю. Любоў – гэта ўменне дараваць. У любой рэлігіі ёсць панятак даравання.
– Хрыстос казаў: “Я і Бацька – адно”. Можа быць, усведамленне сваёй еднасці з Іншым, усведамленне, што ён – гэта і ёсць ты, можа быць, гэта і ёсць любоў...
А.: Калі мая дачка была яшчэ маленькая, у нас якраз пераклалі “Хронікі Нарніі”. Я ўзяла пачытаць для свайго дзіцяці, але сама зачыталася і была вельмі ўражаная кніжкай. Льюіс казаў: “Я напісаў казку, якую сам хацеў бы прачытаць.” Я думаю, што ў творчасці важна рабіць для сябе і для людзей адначасова.
– Але творчы чалавек сядзіць сабе адзін, корпаецца ў вобразах уласнай галавы, прагне прызнання і поспеху… Часам яшчэ і заклапочаны тым, што нешта недасканала рэалізаваў, нешта не паспеў… Ніколі не здавалася, што творчасць сама па сабе з’ява эгаістычная?)
А.: Можна заняцца чым-небудзь іншым, але і гэта будзе свая форма эгаізму, бо мы так уладкаваны, што ўсё праз сябе прапускаем. Сваімі вачыма глядзім на ўсю бязмежную прыгажосць сусвету. Сваёй душой успрымаем багацце культурнай скарбніцы чалавецтва. Але ісціна пасярэдзіне. Калі чалавек у сваёй творчасці толькі сябе і сцвярджае як цэнтр сусвету, гэта незразумела. У мастацтве ёсць катэгорыя рэчаў, якія я не ўспрымаю ўвогуле. Калі гэта выразна антычалавечае, калі апелюе да нейкіх нізкіх інстынктаў, палкасцяў, калі ўсё гэта ніжэй пояса… Якім бы ні быў твор геніяльным у прафесійным сэнсе, я не лічу гэта мастацтвам.
У.: Творчы момант закладзены ў кожным чалавеку! Проста адзін яго развівае, другі не.

“У кожнай долі выпадковасці
ёсць кропля бацькоўскай крыві – стваральніка”

– Алена, Уладзімір, у чым вы розніцеся як творцы?
А.: Я азначаю вобразы, апрацоўваю дэталі свайго твора толькі да стану пазнавальнасці – і прыпыняюся. Галоўнае для мяне – стварэнне шматслойнага фантастычнага асяроддзя, у якім існуюць казачныя ці міфічныя істоты. А Валодзя даводзіць выяву да звышрэальнай дасканаласці, быццам выцягвае на паверхню сутнасць рэчаў, іх душу. Ступень і мова стылізацыі ў нас таксама розныя.
У.: У мяне трывання хапае толькі на адзін вобраз, а Алена імкнецца больш да сумяшчэння ў адной працы мноства розных сімвалаў, знакаў, стварэння нейкай новай рэальнасці з мноствам дзеючых асобаў.
А.: Агульнае ў нас у тым, што ў кожнай карціне і ў мяне, і ў Валодзі ёсць нейкая гісторыя, інтрыга. Сітуацыя, што стварае магчымасць для сутворчасці гледача.
Алена і Уладзімір выхоўваюць дзвюх дачок – дзесяцігадовую Лію і Паліну васемнаццаці гадоў. Алена кажа пра мужа:
– Добра, калі чалавек, які побач, разумее, чым ты займаешся! Валодзя вельмі падтрымлівае мяне як творцу, бо мне ўласціва заўсёды сумнявацца. А раптам гэта недастаткова добра? Можа, недапрацавана? Ты, здаецца, мусіш радавацца завяршэнню працы, але не атрымліваецца. Я ведаю, што ў яго высокі ўзровень, і магу яму верыць, калі кажа, што твор адбыўся.
Уладзімір Ганчарук яшчэ і фатаграфуе, шануе старую добрую стужку.
– Стужка – гэта выпадковасць. Поль Валеры казаў: “У кожнай долі выпадковасці ёсць кропля бацькоўскай крыві – стваральніка.” А калі ёсць гэты момант выпадковасці, то тут ужо ёсць пэўны момант мастацтва. Стаіць палатно, я павярнуўся – і яно ўпала. Нейкія пляміны з’явіліся. Можна адразу пачаць выціраць. А потым прааналізуеш… а можа, гэтых плямінаў і не хапала? Амерыканскі мастак Эндру Уайт, часам проста праліваў на карціну разбаўленую фарбу, каб збіць лішнюю правільнасць.