12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Кацярына Безмацерных

_____________________
«Вулканічная энергія мужчынскагаі гарманічная мудрасць жаночага...» Гутарка з мастакамі Аленай Бараноўскайі Віталём Герасімавым


Муж беларускай мастачкі Алены Бараноўскай Віталь Герасімаў – асоба смелая і амбіцыйная. Прафесар кафедры жывапісу Беларускай
дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, у чыіх
экспрэсіўных палотнах гэтак шмат колеру крыві. “У яго ўсё гарыць, усё кіпіць!” – кажа пра свайго спадарожніка жыцця Бараноўская.
Яе ж працы – вельмі беларускія. Спакойныя
і гарманічныя пейзажы, прырода, снежная зіма…

“У нашай групе ён, напэўна, быў самы актыўны.”

У 1984 годзе Віталь Герасімаў, з дыпломам Днепрапятроў­скай мастацкай вучэльні, прыехаў на падрыхтоўчыя кур­сы Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інс­тытута.
Віталь: Алену прывёў тата – мастак Бараноўскі Анатоль Васільевіч. Яна саромелася, і ён занёс яе планшэт з паперай. Я ў той час ўжо маляваў і, памятаю, падыйшоў да яе і папрасіў сцірку. А калі мы ўжо паступілі, то былі на адным курсе – мастацкі факультэт, станковы жывапіс.
Цікавы быў у іх курс, 1984 года паступлення. На манументальным жывапісе – беларусы Уладзімір Ганчарук, Лада Шчасная, якой цяпер няма з намі, Руслан Вашкевіч… А ў групе станковага жывапісу два чалавекі – з Афганістану, адзін з Казахстану, а яшчэ адзін – з Арменіі. Восем чалавек і ўсяго адна дзяўчына – Алена Бараноўская.
Алена: Я чалавек вельмі спакойны, неімпульсіўны. У мяне няма рэзкіх рухаў. А Віталь зусім іншы па сваёй энергетыцы. Відаць, калі людзі розныя па сваім тэмпераменце, яны таксама неяк прыцягваюцца. У нашай групе ён, напэўна, быў самы актыўны. Я адчувала, што Віталь закаханы ў жывапіс, у мастацтва. Я таксама расла ў такой сям’і, дзе вышэй за ўсё ставілася мастацтва. Тата гэта з дзяцінства прывіваў.
У школцы – самай звычайнай, не мастацкай – Алена выдатніцай была.
А.: Не магу сказаць, што я выдатніца ад прыроды, якім можна нават хатнія заданні не рабіць. Вядома, у мяне былі нейкія прыродныя дадзеныя, неблагая памяць, але усё адно гэта была вельмі вялікая праца, дадковыя заняткі, бібліятэкі… Выхадных не было, як і цяпер, зрэшты. Ну, нічога. Па выхадных прыходзіла займацца з татам маляваннем, атрымлівала ад гэтага вялікую насалоду.
Акрамя малявання, была ў Аленіным дзяцінстве яшчэ і музыка.
А.: Гэта было ўключана ў выхаванне дзяцей таго часу. Калі я расла, многія набывалі фано. Потым стала зразумела, што ўсяго чалавек цягнуць не можа: і добра вучыцца ў школе, і займацца музыкай, і маляваннем. Мы вырашылі: ад нечага трэба адмовіцца. І адмовіліся ад таго, што менш перспектыўным выглядала. Я пакінула музыку ў спакоі – і стала лягчэй. Было абсалютна ясна, што нікім мне не быць, акрамя мастака. Мне гэта падабалася, мне было добра, калі малявала.
Школу Алена скончыла з залатым медалём. І ўсе здзіўляліся: Тэатральна-мастацкі інстытут?.. Вучаніца беларускага пейзажыста Анатоля Бараноўскага, яна працягнула рэалістычную лінію бацькі.
У мужа Віталя Герасімава ўсё было інакш.
В.: Мяне прывялі ў школу, у першы клас, і там быў урок малявання. І я ў маляванні, напэўна, быў адзін з лепшых у класе. Здаецца, дзядзька майго бацькі рэстаўратарам працаваў, але я яго ні разу не бачыў. З трэцяга класа я ўжо ў мастацкую школу хадзіў, а потым паступіў у Днепрапятроўскую вучэльню. Затым было войска. Колькі сябе памятаю, толькі з гэтым і быў звязаны. Школа мастацкая, студыя выяўленчага мастацтва, вучылішча, Акадэмія, асістэнтура.
На чацвёртым курсе Тэатральна-мастацкага інстытута яны нарадзілі дзіця. “Акадэмку” Алена не брала, выхоўваць мама дапамагала.
Глеб Герасімаў, сын, выпускнік Акадэміі мастацтваў – таксама станковы жывапіс. Глеб – быў пераможцам Рэспубліканскага мастацкага конкурсу, стыпендыятам Спецыяльнага фонда прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Летась у жніўні пабраўся шлюбам з аднагрупніцай – Веранікай Верамейчык, цяпер ужо Герасімавай.
А.: Я лічу, што мастак – мужчынская прафесія. Мой бацька казаў: “Жывапіс – самая раўнівая жанчына”. У слабога полу – дзеці, яшчэ нешта… і ты выбіваеш­ся з гэтай сістэмы! Як спартсмены. Спартсмен заўжды мусіць быць у добрай фізічнай форме, а мастак мусіць быць не толькі ў добрай фізічнай фоме, але і ў добрай творчай. Гэта цяжка. Бо ў жанчыны ўсё роўна мусіць быць сям’я. І яна павінна клапаціцца пра сваіх дзяцей, пра сваю сям’ю. Раздзяляць творчасць, любоў, зарабляць нейкія грошы… Цяпер рэдка хто можа жыць проста за мастацтва.
В.: Вельмі важна, якое плячо ў сям’і знаходзіцца побач. Напрыклад, я ведаю цудоўна, што Алене трэба папісаць, трэба папрацаваць – і я дапамагу стварыць патрэбную атмасферу. У гэты час яна вельмі моцна канцэнтруецца і за гэты кароткі адрэзак выдае, колькі можа.

Тонкі лірык Анатоль Бараноўскі і і смелая рука Зоі Літвінавай

– Разглядаючы карціну, ці можаце вызначыць: хто ствараў – мужчына альбо жанчына?
В.: У мужчын бывае, што агрэсія проста прэ з палатна. У жанчын часам заў­важаеш інфантыльнасць у працах. Я не супраць кветачак, вядома, але…
А.: Але ў жанчыны ёсць такая асаблівасць: упрыгожыць і так прыгожае. А асабліва калі недастаткова мастацкага густу, то пачынаюцца нейкія “блёстачкі, каруначкі”. Але, напэўна, гэта тычыцца толькі тых жанчын, якія не атрымалі добрую адукацыю. На гэтым жанчыны гараць вельмі хутка. Мужчына, канечне, не пачне там нейкімі блёсткамі ўпрыгожваць, фальгой. І нават калі будзе гэта ўносіць, то будзе усё ж нейк інакш выглядаць. А ўвогуле, я не сказала б, што мастацтва падзяляецца на мужчынскае і жаночае. Мужчыны бываюць вельмі тонкімі лірыкамі. Напрыклад, мой бацька. Яго працы чыстыя, крыштальныя. І сказаць, што гэта мужчына маляваў, вельмі цяжка.
В.: А вось Зоя Літвінава, напрыклад. Яна па-мужчынску робіць. Але ўсё адно нейкая цеплыня ёсць. І курсы цяпер не такія, як калі мы паступалі. Мала хлопцаў. Два-тры чалавекі паступіць – лічыцца ўжо добра.
– І чаму сітуацыя цяпер такая?
А.: Зараз даволі меркантыльна настроеныя людзі. За жанчынай не стаіць такая задача – зарабіць шмат. І ведаеце, што самае цікавае, што мы і хацелі б узяць хлопцаў, але яны горшыя. Ну, немагчыма нават чатыры паставіць па малюнку! А адных дзяўчат таксама нельга набіраць. Жаночы калектыў – складаны калектыў. Па прыродзе закладзена: самка самку не вельмі любіць…
В.: Невыпадкова хлопчыкі і дзяўчынкі разам вучацца, бо тады ідзе нармалёвае развіццё. У пэўны момант жанчыне складана выжыць ў мастацтве, але калі яна ўжо там засталася, то і застанецца! І жыццё сваё абставіць адпаведным чынам.

Для чаго ўвогуле мастацтва існуе?

– Мая сяброўка хадзіла ў мастацкую школку-каледж, затым быў Універсітэт культуры… Маляваць яна любіць, але – амаль кінула гэтую справу. Дзяўчына не разумее, навошта сыходзіць у свае мроі і навошта ўвогуле гэтае мастацтва, калі можна проста гуляць у лесе, напрыклад, піць гарбату з жывымі людзьмі…
А.: Мастак, я так думаю, не ставіць для сябе пытанне: для чаго гэта трэба? Вось яно, можа быць, нікому ні для чаго ўвогуле непатрэбна! У мастака маля­ваць – гэта такая ж неабходнасць, як папіць гарбаты. Сапраўдны мастак ніколі не задаецца пытаннем: каму гэта трэба? Для чаго гэта трэба? З такімі пытаннямі ён ужо не мастак. І што самае цікавае: калі гэта патрэбна мастаку, то заўжды знойдзецца той, каму гэта будзе патрэбна. Мастак не бывае самотны! Калі ён шчыры і не прыгінаецца ні пад чые густы…
В.: Калі пасля сканчэння Акадэміі паназіраць гадоў дзесяць за выпускнікамі, то ўбачыце, што толькі адзінкі ўваходзяць потым у Саюз мастакоў і ўступаюць у творчае жыццё. Астатнія – нават калі добра вучыліся, нават калі добра малявалі, сыходзяць… Вельмі мала людзей, якія і надалей застаюцца ў творчасці. Але кожнаму чалавеку ёсць, што сказаць. Ён для гэтага і з’явіўся на свет. Нехта праз музыку выказваецца, нехта праз жывапіс.
А.: Раней, калі я яшчэ не выкладала, майстэрня была адзіным месцам працы. Вось ідзеш часам, а ў цябе запытваюцца: “А ты куды?” “А я на працу!” “У майстэрню? А што так апранулася, як на свята?” Калі на працу ходзіш, як на свята, гэта вельмі вялікая божая ласка. Ты ходзіш проста таму, што без гэтага ты не можаш… Потым едзеш на адпачынак, спачатку усё здорава, набіраешся ўражанняў, усё так шыкоўна… Але, ведаеце, нас з Віталём цягне не столькі дахаты, колькі папрацаваць!
– А ці ёсць у вас студэнты таленавітыя, але ж лайдакі?
В.: Не скажаш, што паступаюць неталенавітыя. Толькі сярод таленавітых ёсць больш таленавітыя, а сярод больш таленавітых – яшчэ больш таленавітыя! Але чалавек яшчэ мусіць быць гатовы да гэтага жыцця. Многія проста ламаюцца, многім проста грошай не хапае на творчасць, а потым праходзіць час – і яны ўжо не могуць да яе вярнуцца. Талент – гэта справа няпростая. Ёсць доўгая дыстанцыя, і ты мусіш па ёй ісці, ісці.
А.: Так прыродай закладзена. Таленавітых людзей шмат, але мастакамі становяцца далёка не ўсе. Мастакоў столькі, колькі трэба. Тут натуральны адбор. Выжывае толькі той, хто выжывае, каму сапраўды дадзена быць мастаком. Гэта праца – вялікая, цяжкая ва ўсіх адносінах. Можна быць таленавітым, а потым раз… і за сваё студэнцтва ўсё сказаў! І так бывае! “Я ўжо стаміўся… І паднакучыла… Хочацца нечым іншым заняцца…” Напэўна, мастакоў ёсць столькі, колькі трэба!