12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Кацярына Безмацерных

_____________________
«І ў прафесіі, і ў жыцці ёсць такая рэч, як адданасць...»
Гутарка з мастакамі Вольгай Гардзіёнак і Ігарам Гардзіёнкам


Не кожную жанчыну хочацца акрэсліць
як “разумная!”. А графіка і жывапісца
Вольгу Гардзіёнак-Кірэеву – хочацца.
Вольга ўпэўнена разважае і пра сістэму адукацыі,
і пра літаратуру, і пра беларускую культуру
ў цэлым. Муж Вольгі Ігар Гардзіёнак, таксама
жывапісец і графік, аматар беларускай гісторыі,
кажа пра жонку: “Акрамя агульных інтарэсаў,
застаецца прадчуванне чагосьці нечаканага ад Вольгі.
Адчуванне свежага паветра.”

“Жылі гэтакім дзіцячым домам”

Сваё студэнцтва ў Беларускай акадэміі мастацтваў Вольга і Ігар узгадваюць з захапленнем.
Вольга: Я вучылася з 1988 па 1994. Ігар з 1989 па 1995. Сябравалі не групамі, а плынямі. З намі вучыўся графік Павел Татарнікаў, рэжысёр Дзяніс Скварцоў і іншыя.
Ігар: Мастакі ад 35 да 45 гадоў – гэта нашае пакаленне.
В.: У нас была такая цікавая кампанія. І ў мяне, і ў Ігара. Мы ўсе сябравалі! Не было такога, каб нехта выпадаў. Усе былі свае, усе ў адным рэчышчы. Было і такое, што ўсе з адной міскі сёрбалі. Жылі гэтакім дзіцячым домам.
І.: Першае, што ўзгадваецца з маладосці, – часу хапала на ўсё! І на падарожжы, і на сустрэчы, і на госці, і на працу. Дзень быў невычэрпна доўгі. Вучоба ў Акадэміі была вельмі насычаная: дзве практыкі толькі за лета трэба было зрабіць, выставіцца. Але часу на ўсё хапала!
– А як завязаўся ваш саюз?
І.: Нашыя майстэрні былі побач на адным графічным аддзяленні.
В.: Ездзілі разам на практыку ў Гальшаны. Гэта нейкае кармічнае месца! Чаго мы толькі там не рабілі! Мы мусілі маляваць, але чаго толькі не рабілі! Не пабачыць адзін аднаго ў нас не было аніякіх шанцаў.
І вось ужо дваццаць гадоў Вольга і Ігар разам. Гадуюць дачку Яніну і сына Севярына – Севярусіка.
В.: Мастацкія саюзы вельмі трывалыя. Так шмат агульнага пройдзена, што гэта трэба берагчы!
І.: І ў прафесіі, і ў жыцці ёсць такая рэч, як адданасць. Калі чалавек адданы, то ён і будзе дасягаць нейкіх вышыняў. Вядома, можа, прасцей зараз было б стаць будаўніком, эканамістам ці яшчэ кімсьці. Тое самае і з сям’ёй. Можа быць, было б прасцей пайсці пашукаць шчасце дзе-небудзь яшчэ…
А Вольга смяецца: “Думаеш, гэта было б прасцей?”

“Падтрымліваем любую культурную нацыянальную ініцыятыву”

Ігар Гардзіёнак родам са шчодрай беларускай зямелькі – Віцебшчыны, Ушацкага раёна. Ды і яшчэ… былы сусед Рыгора Барадуліна
І.: Мама ўвесь час паказвала мне на адну цётку, называючы яе першым каханнем Барадуліна. Людзі вясковыя заўжды з павагай ставяцца да сваіх славутых землякоў, ганарацца. І тое, што мы землякі Барадуліна, заўжды ўзгадваюць. А таксама Быкаў недалёка, сястра ягоная цяпер жыве праз возера.
З цікаўнасцю гутарылі мы пра беларускую літаратуру. І беларускае выяўленчае мастацтва ім даспадобы, патэнцыял у ім адчуваюць.
І.: У нашым пакаленні ёсць вельмі цікавыя людзі, і іхнія дасягненні міжнароднымі ўзнагародамі пацверджаныя. Наколькі сучаснымі, наколькі актуальнымі былі выставы таго ж Цвіркі і Кішчанкі! Ім абавязкова павінны быць выдзеленыя дзве залы ў Музеі. Той жа самы Цвірка… Была выстава, паглядзіце ў якім стане захоўваюцца яго працы! Яны проста чарнеюць, яны проста асыпаюцца, яны проста знікаюць… Яны настолькі сучасныя, настолькі нават авангардныя, можна сказаць! Наколькі смелыя, што зараз многія мастакі, якія сыходзяць з камерцыі, проста сціплыя ў параўнанні з тым, што рабілі гэтыя майстры. Абсалютна актуальныя мастакі!
В.: Я лічу, што беларускае савецкае мастацтва ўвогуле вельмі цікавае. Трэба было больш месца яму аддаць у Нацыянальным мастацкім музеі. Увогуле, мы падтрымліваем любую культурную нацыянальную ініцыятыву з задавальненнем. Нават сабе ў страты гэта часта робім. Беларускія дзеці не ведаюць сваіх нацыянальных герояў! Працы для мастакоў тут, для культуры рабіць не перарабіць...
– Вы сябры суполкі “Пленэрыя”. Распавядзіце, што гэта за суполка такая?
І.: Гэта яшчэ адна спроба стварыць другі фронт культуры. “Пленэрыя” – дзейнасць па арганізацыі і правядзенні мастацкіх пленэраў. Час ад часу мы вяртаемся да гэтага праекта, але і адрываемся ад яго, бо дзеці нараджаюцца. Мы нязменныя ўдзельнікі, запрашаем сяброў, таварышаў. З блізкімі, а не чужымі людзьмі цікавей гэта рабіць. Мы арганізоўвалі шэраг пленэраў. Напрыклад, Будслаўскі. А яшчэ на Гродзеншчыне арганізавалі пленэр, прысвечаны Дарагастайскаму. Быў пленэр ў гонар Астрожскіх. Але мы самі сябе пазабаўлялі, дзяржаве гэта не было цікава…
– Вольга, вы выкладаеце ў каледжы-гімназіі мастацтваў імя Ахрэмчыка, а вы, Ігар, у Акадэміі. Назавіце прозвішчы таленавітых!
І.: Давайце паставім тут шматкроп’е. Кагосьці мы назавем, кагосьці прапусцім. Гэта будзе проста несправядліва.
В.: Да мастацтва ставішся з павагай у любых праявах і прозвішчах. Я так стаўлюся. Нават калі не твая сфера!

Паштоўкі і беларуская кніжная графіка

Спадар Ігар, вы вядомыя сваімі паштоўкамі…
І.: Апошнім гэта былі такія прыватныя замовы для кампаніяў, фірмаў. У продаж яны не паступалі. Таксама рабіў для “Белпошты” да юбілею Андэрсана паштоўку з партрэтнай выявай і сюжэтам з казкі. Каляндар для “Белросбанку” рабіў. Сёлета быў першы Новы год, калі не было замовы. Я сам сабе паштоўку рабіў!
Гутарылі пра кніжную графіку. На XII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы «КНІГІ БЕЛАРУСІ – 2005» па выніках конкурсу «Мастак і кніга» за ілюстрацыі да «Спрэчак анёлаў» Ірыны Жарнасек Ігар Гардзіёнак атрымаў вышэйшую адзнаку конкурсу. Нядаўнія праекты мастака – гэта ілюстрацыі да зборніка духоўнай паэзіі, што будзе выдавацца саборам Пятра і Паўла. А таксама ілюстрацыі да гістарычнай кнігі Алеся Краўцэвіча па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.
І.: Цяпер асвойваецца кампутар і рукамі ўжо менш малююць. Вось, напрыклад, уся школьная, навуковая літаратура. Раней рабілася мастакамі, а цяпер спра­буюць кампутарныя тэхналогіі прымяніць. Гэта танней, гэта хутчэй, адразу лічбавы фармат. Кліп-арты, калажы розныя… Напрыклад, нядаўна ў выдавецтве запыталіся: што мы робім? Я высылаю, а яны кажуць: “Нам такое не падыходзіць, вы паглядзіце, калі ласка, нашае выданне.” Я паглядзеў. Ад мастацкай кнігі там нічога не засталося! Проста набор карцінак з кампутара, па тэме набліжаных, каб недзе супадалі з тэкстам. Гэта нейкі віток часу зараз такі… Пачытаць таго ж Міларада Павіча. У розны час розныя галіны развіваюцца. Цяпер мы на тым вітку, калі гуманітарныя дысцыпліны адыйшлі на другі план. Зараз больш усё тэхналагічнае, інжынерная думка, камерцыя. Будзем чакаць лепшых часоў!
В.: Практычна няма аўтарскай ілюстрацыі. Сёння была на кніжнай выставе. Што там ляжыць з беларускага? Дзіцячая ілюстраваная кніга – адна-дзве. Мала! Што такое адна-дзве для краіны, для дзяржавы? Апошняе, што прыцягнула ўвагу, гэта кніга “Чароўны свет”, ілюстраваная Славуком. Нашая малая нават у школу яе панесла.
І.: У Літве юбілей Грунвальду – гэта цэлая праграма. Пачынаецца з таго, што чалавек заходзіць у краму набыць цукерку, а яна ідзе з фірмовым лагатыпам, прысвечаны гэтай падзеі – Грунвальдскай бітве. Не кажучы ўжо пра розныя культурныя з’явы, культурныя праекты, паштоўкі, плакаты…

“Мастацкая адукацыя не замінае ніводнай прафесіі на гэтай зямлі”

– Як ставіцеся да нашай акадэмічнай мастацкай адукацыі?
І.: Мастацкая адукацыя не замінае ніводнай прафесіі на гэтай зямлі!
В.: Адзін наш сябар вучыўся на графіцы, а стаў рэжысёрам. Мастацкая адукацыя сапраўды не замінае. Я станоўча стаўлюся. Насамрэч нашая базавая акадэмічная вельмі неблагая. Яна сістэмная: пачынаеш спачатку, паступова ідзеш да больш складанага. Адзінае, што зараз ёй замінае, – бясконцае адміністраванне. А зерне нашай акадэмічнай адукацыі даволі моцнае. Я не толькі з мастакамі кантактую. Нядаўна прыехаў чалавек, які вучыўся ў Кембрыджы і абараніў там дысертацыю па біялогіі. Ён сказаў, што будзе вялікая бяда, калі нашая адукацыя стане такая, як заходняя. А мы да гэтага ідзем! На Захадзе грунтоўнай мастацкай адукацыі няма, толькі нейкія праекты, нейкія асобы. Умовы дыктуе рынак. Мы цяпер таксама ідзем у той бок. Будзе вельмі шкада, калі разбурыцца тое, што ёсць. Нейкія Балонскія канвенцыі, усё астатняе, на мой погляд, мала што даюць. Вось ёсць прыклад Латвіі: была школа латышскага жывапісу і гэта быў адзін з напрамкаў іх эканомікі. А зараз нічога не засталося. Усе мастакі на Захад з’ехалі, і прапала нацыянальная школа.
Доўга, з захапленнем Вольга і Ігар распавядалі пра свае літаратурныя густы.
І.: Шмат чытаць бракуе часу. Але ў майстэрні працую, паралельна слухаю кнігі. З нядаўняга прачытанага вельмі спадабаўся Сяргей Пясецкі – “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”. Твор пра кантрабандыстаў.
В.: Ён вельмі эмацыйны. І не пра што як быццам бы: чалавек ходзіць у лесе туды сюды праз мяжу. Але настолькі захапляльна, хаця і трыста старонак.
І.: Нашая малая разам з беларусамі, якія святкавалі юбілей Караткевіча, слухала аўдыёкнігу “Чорны замак Альшанскі”. У нас увесь час “вайна”: колькі ёй паставіць перад сном хвілінаў паслухаць?
В.: Увогуле, мае стасункі з літаратурай цяпер такія, што часцей пампую кнігу з Інтэрнэта, бо не ўгонішся ўсё набываць.
– А якія літаратурныя ўражанні здараліся з вамі на працягу ўсяго жыцця?
В.: Я, калі малая была, нічога не чытала. Ужо крыж на мне паставілі. Пачала чытаць толькі ў чатырнаццаць гадоў. Андрэй Платонаў – першая кніжка. Дзіця, якое не чытала, раптам села і прысохла да кніжкі Платонава! Першыя беларускія кнігі – “Чорны замак Альшанскі” і “Каласы пад сярпом тваім”. У мяне пасля гэтых твораў проста крылы выраслі. Прарыў у свядомасці! Набокаў, Бунін падабаюцца. Не люблю Каэльё, але “Алхімік” спадабаўся, асабліва аўдыёкніга, прачытаная Міронавым. Добрыя Рубіна, Уліцкая, але не ўсё. У іх вельмі свой менталітэт. “Бяскрылая птушка” Бернэ вельмі спадабалася. Не горш за “Вайну і мір”. Хаця і ландшафтным дызайнам Бернэ займаўся, але напісаў такую добрую кнігу. Адзін чалавек “Ночны дазор” параіў пачытаць, але не змагла!
І.: Адкрыццём быў раман “Майстар і Маргарыта” Булгакава, потым “Шляхціц Завальня” Баршчэўскага, “Новая зямля” Коласа, паэзія Арсенневай, Гілевіча. Таксама люблю Набокава: адчуваеш колер, пахі, пыл. Падабаецца Павіч – гэта проста кіно, анімацыя для мяне. Усе бледныя побач з Павічам.
В.: Не, проста ў Павіча складаная вобразная мова пасля якой астатнія аўтары не вельмі ўспрымаюцца.

“Гісторыя – гэта і дэтэктыў, і рамантыка”
– Яшчэ два вашыя моцныя інтарэсы – гэта рэлігія і гісторыя…
І.: Рэлігія і мастацтва заўсёды ішлі разам. А што можа быць цікавейшым за гісторыю? Гісторыя – гэта і дэтэктыў, і рамантыка.
В.: Гісторыя – гэта неаранае поле. Асабліва ў Беларусі. Можна капаць і капаць. Для многіх людзей гэта ўвогуле нешта касмічнае.
І.: Гістарычная самаадукацыя ў нас увесь час адбываецца. Я і Вольга любім гістарычныя фільмы, гістарычнае дакументальнае кіно. Сярод апошніх прыдбаных намі аўдыёкніг – “Пытанні па гісторыі” Ермаловіча.
– А што такое Бог?
І: Бог ёсць любоў.
В.: І я тое самае скажу!
– Як прыхільнікі беларускай культуры і мастакі, скажыце, чым беларуская культура адрозніваецца ад усіх іншых?
В.: Неспасцігальнасцю! Яна багатая, вобразная, цесна звязаная з еўрапейскай культурай. Яе трэба спасцігаць і спасцігаць, мы толькі пачалі гэта рабіць. Беларуская культура – Атлантыда. Мы ёй вельмі абавязаныя. Яна ўся раскіданая. Было б жаданне толькі збіраць. Беларусы сярод еўрапейскіх народаў самыя занядбаныя і несвядомыя. Чэхі з нуля вярнулі сваю культуру...
І.: ...Для нас беларуская культура – гэта не толькі культура вёскі і даматканыя посцілкі. Гэта і радзівілаўскія партрэты, і архітэктура барока. Скласці нейкі адзіны вобраз немагчыма.
Напрыканцы гутаркі прыходзіць дачка-школьніца з сяброўкай – тут, у майстэрні, яны займаюцца маляваннем.
Ігар на развітанне даруе каляндар з рэпрадукацыямі “Марыя – святыня Духа Святога”: дзеці і прафесійныя мастакі, сярод якіх ёсць і герой інтэрв’ю, а таксама Лада Шчасная, Тацяна Сіплевіч, Павел Кандрусевіч, адлюстравалі будслаўскія края­віды й святыні, якія я буду з удзячнасцю разглядаць увесь наступны год…