12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Бяляцкі

_____________________
Асвячоны беларусчынай. Лёс і творчасць Хвядоса Шынклера


Апынуўшыся ў Жодзінскай турме № 8, чакаючы разгляду касацыйнай скаргі, я напісаў заяву ў турэмную бібліятэку і папрасіў якія-небудзь беларускія кніжкі. Ведаў, што асэнсаванага і сістэмнага падбору кніжак у такіх бібліятэках чакаць не даводзіцца, бо зэкі звычайна чытаюць фантастыку і дэтэктывы, а беларускія кнігі тут і зусім рэдкасць. А таму, калі атрымаў з “кармушкі” адразу тры беларускія кнігі, шчыра падзякаваў бібліятэкарцы за іх. Потым пачаў разглядаць свой набытак.
Гэта былі “Першая справа Мегрэ” ў перакладзе Ніны Мацяш, “Агні хат” Адольфа Варановіча і – “Апошні рэйс” Хвядоса Шынклера. З кнігі Шынклера я і пачаў сваё чытанне. Яно навеяла на мяне некалькі думак, якія я вырашыў занатаваць. Зборнік выбранага Хвядоса Шынклера выйшаў у 1984 годзе ў серыі кніг пісьменнікаў-франтавікоў, якія не вярнуліся з вайны. Прадмову і каментары напісаў А. Лысенка.
Нарадзіўся Хвядос Шынклер 22 верасня 1903 года, на станцыі Ізяслаўль. Цяпер гэта станцыя “Беларусь” у Заслаўі. У кніжцы падаецца здымак гэтай станцыі тых часоў. Пагля­дзеўшы на гэты тыповы будынак з трыма ганкамі і шасцю вокнамі, драўляным фасадам, з невялікім падстрэшкам, уваходам і чатырма комінамі на даху, я адразу згадаў, дзе бачыў падобны вакзал. У гэтым жа маладэчанскім накірунку давялося мне не раз сыходзіць на станцыі Уша пры мястэчку Краснае, а далей я ішоў пешшу кіламетры два ў Ракуцёўшчыну. Музей Максіма Багдановіча, дырэктарам якога я быў, аднаўляў там невялічкую шляхецкую сядзібу, у якой улетку 1911 года адпачываў і пісаў зусім малады Максім. Дык там вось, на станцыі Уша, побач з новым цагляным будынкам вакзала, стаяў пэўны час стары, але дагледжаны, абшаляваны, дарэвалюцыйны станцыйны будынак, які ў адзін момант разабралі, пранумаравалі бярвенні і перавезлі ў музей архітэктуры і побыту ў Строчыцы. Не ведаю нават, склалі яго ў Строчыцах ці так і ляжыць ды гніе ён у штабелі, але візэрунак гэтага старасвецкага вакзала стаіць у мяне ўваччу, бо менавіта ён некалькі разоў сустракаў і праводзіў Максіма Багдановіча.
Людзі, якія ў той час служылі на чыгунцы, лічыліся, ды і былі, людзьмі адукаванымі і забяспечанымі. Яны складалі своеасаблівую касту – тэхнічную эліту, бо наўшчыльную з чыгункаю, рухавіком тэхнічнага прагрэсу, былі гэтаксама звязаныя і іншыя цуды цывілізацыі – тэлеграф і электрычнасць. Дамы, у якіх жылі чыгуначнікі, зазвычай будаваліся недалёка ад чыгункі і вылучаліся дабротнасцю. У адным дамку ранейшых чыгуначнікаў у Рабкораўскім завулку ў Мінску цяпер месціцца філія музея Максіма Багдановіча. Можна меркаваць, што прыкладна ў такой хаце колісь і нарадзіўся Феадосій Шынклер.
Адразу ж прыцягваюць увагу імя і прозвішча будучага беларускага пісьменніка. Пра імя Феадосій, якое затым перарабілася ў беларускае Хвядос, піша сястра Феадосія, Марыя: “Маці і бацька неяк сустрэлі вельмі прыгожага і ветлівага хлапчука па імені Феадосій і па мянушцы “Дзюка” і вырашылі, што, калі ў іх народзіцца сын, то назавуць яго толькі так. І ўсё далейшае жыццё нованароджанага хлопчыка родныя звалі Дзюка. І сам Хвядос прыватныя лісты да родных і сваякоў падпісваў менавіта так. Што тычыцца прозвішча Шынклер, то тут цяжэй. Ва ўспамінах сястры і пляменніцы Шынклера, змешчаных у кнізе, нічога не гаворыцца пра паходжанне гэтага прозвішча, якое мае яўна небеларускія карані. Хутчэй за ўсё нейкі продак Хвядоса па мячы (бацькавай лініі) быў немцам. На жаль, таксама нічога не гаворыцца пра нацыянальнае самавызначэнне бацькоў Хвядоса. Кім сябе лічыў ягоны бацька Сяргей Канстанцінавіч Шынклер: нашчадкам абруселых ці апалячаных немцаў, палякам, а можа, тутэйшым беларусам? У 80-90-я гады Ян Неслухоўскі таксама пэўны час працаваў на чыгунцы, дык вось ён лічыў сябе беларусам, пісаў вершы па-беларуску пад псеўданімам Янка Лучына. Можна сабе ўявіць, што бацька Хвядоса, Сяргей Шынклер, быў з ім знаёмы і, можа, нават чытаў тыя беларускія вершы.
Пра верагодныя каталіцкія карані сям’і Шынклераў ускосна сведчыць апавяданне Хвядоса Шынклера “Блок”, у якім апісваецца пакіданне ў 1920 годзе акупаванага палякамі Мінска. У гэтым апавяданні, напісаным у 1930 годзе, хапае голых лозунгаў і пустых сказаў, кшталту: “Косіць ёмка панская каса. Правіць баль-касавіцу”. Але ёсць і дакладнае апісанне ахопленага баямі Мінска. Можна меркаваць, што галоўны герой апавядання, падлетак Уладзік, які жыве з бацькам і цёткаю Адэляй на Мікалаеўскай вуліцы, часткова апісаны з самога Хвядоса. Дык вось гэтая ягоная цётка Адэля, каб засцерагчыся ад рабункаў, вывесіла на вулічнай браме абраз Маткі Боскай. Гэтак тады зрабілі ў Мінску ўсе каталіцкія сем’і. У аповедзе Хвядос апісвае бамбёжку цэнтра горада з бальшавіцкага аэраплана, таксама згадваюцца пілігрымкі мінскіх каталікоў да Маці Божай Вастрабрамскай, якія арганізоўваліся па чыгунцы ў Вільню. І, урэшце, вельмі рэальна апісваецца пажар на Віленскім вакзале, які пры адыходзе падпалілі польскія жаўнеры.
Гэта адно з двух апавяданняў, змешчаных у кнізе, якія закранулі мяне і сведчаць, што ў Хвядоса Шынклера быў несумненны літаратурны талент.
Дык вось, вяртаючыся да дзяцінства Хвядоса, што згадвае сястра Марыя: “Наш бацька, Сяргей Канстанцінавіч Шынклер, служачы-чыгуначнік, неўзабаве пасля нараджэння сына, быў прызначаны начальнікам станцыі Рудзенск”. Зноў жа, я дзясяткі разоў праязджаў гэты Рудзенск, калі ехаў на электрычцы да Асіповічаў, а затым, перасеўшы на дызель, яшчэ тры прыпынкі ў накірунку Старых Дарог да станцыі Дараганава, дзе ў нас стаяла купленая на лецішча хата. Станцыйны будынак у Рудзенску захаваўся яшчэ з дарэвалюцыйных часоў. Раней, мабыць, быў ён цёмна-вішнёвага колеру добра прапаленай высакаякаснай цэглы, акурат, як цяпер выглядае вакзальчык у тым жа Дараганаве. Але будынак у Рудзенску патынкавалі і пафарбавалі ў жоўты і крэмавы колеры, і выразнасць чырвонае цэглы, падкрэсленая ўзорам, які аздабляў падмуркі, знікла.
У накірунку на Рудзенск неўзабаве паедзе больш людзей з торбамі, бо зачыняюць СІЗА на Валадарскага, а ў Калядзічах пачалі будаваць новы ізалятар. Там будзе гэтаксама і рэспубліканская турэмная бальнічка. Наўрад ці ў Рудзенску будзе спыняцца новая хуткасная электрычка, якую збіраюцца пусціць да Асіповічаў. Бо сваякі зняволеных са сваімі клункамі і хатулямі стануць выгружацца павольна і, пэўна ж, будуць прытарможваць запланаваную хуткасць.
Недалёка ад Рудзенска стаяла сядзіба Бонч-Асмалоўскіх у Блоні, шляхецкі засценак, у якім гаспадар арганізаваў патаемную друкарню, і ці не ўся эсэраўская літаратура ішла адсюль па чыгунцы ў Мінск. Праз Рудзенск у 1890-я гады з трыма дзецьмі ехала па чыгунцы ў вёску Вяззе Марыя Багдановіч, маці Максіма… Вось на гэтай станцыі і прайшло дзяцінства Хвядоса. Як сам ён пісаў, перайначыўшы вядомую прымаўку: “На чыгунцы я стаў хадзіць пехатой пад вагоны”. Цікава, што такое самае магу сказаць пра сябе і я. Мая мама, Ніна, працавала ў Карэліі ў мястэчку Вярстсіля, дзе мы жылі восем гадоў, стрэлачніцай на чыгуначным пераездзе. Часам брала яна мяне з сабою на працу. Адзін з нямногіх маіх карэльскіх успамінаў, які зусім нечакана згадаўся пры чытанні прозы Хвядоса Шынклера, датычыцца якраз чыгункі: стаіць мама на пераездзе, стройная, маладая, у сінім чыгуначным палітоне, круглым барэціку на чорных смаляных валасах, трымае ў руцэ чырвоны сцяжок. Паўз яе з пыхканнем і грукатам праносіцца страшны паравоз. Але я не баюся яго, я ледзьве вышкрабся з хаткі стрэлачніка, бягу да мамы і штосьці весела крычу. Я памятаю яе трывожны вокрык, але ж я бягу да яе, цягнік мне не патрэбны.
Сям’я Шынклераў была даволі культурнай і інтэлігентнай. Як успамінала сястра Хвядоса Марыя: “У нашым доме была даволі вялікая бібліятэка з твораў айчыннай (пэўна ж, расійскай – А. Б.) і замежнай класікі. Маці да таго ж прывівала нам любоў да музыкі, тэатра. У яе быў цудоўны голас, яна ўдзельнічала ў аматарскіх спектаклях”.
Гэтыя лаканічныя радкі падаюцца мне да болю знаёмымі. Адразу згадваюцца атмасфера і стасункі ў сям’і Максіма Багдановіча – Адама і Марыі, якія былі вельмі і вельмі падобнымі. І ў адной і ў другой сям’і было па трое дзяцей, былі кранальныя сямейныя адносіны, было захапленне кнігамі, тэатрам. Бацька Максіма працаваў чыноўнікам у Гродзенскім банку, бацькі Хвядоса – чыноўнікамі на чыгунцы. Маці Максіма пісала апавяданні, маці Хвядоса спявала і грала з спектаклях. Менавіта ў такіх сем’ях дробнага чынавенства сярэдняга дастатку часта нараджаліся творча адораныя дзеці.
Марыя працягвае: “З дзіцячых гадоў Хвядос быў вялікі кніжнік. Садзейнічалі гэтаму бацькі, якія вучылі нас, дзяцей, цаніць перш духоўныя каштоўнасці, чалавечую дабрыню, высакародства”.
Захаваўся дзіцячы здымак Хвядоса, які змешчаны ў кнізе. Пяцігадовы хлопчык сядзіць у фотасалоне. На галаве ў яго саламяны брыль-панама. Ён налыса стрыжаны, адной рукой падпірае галаву, другая ляжыць на перавясле. На здымку Хвядос выглядае бландзіністым, бялёсым. На пазнейшых здымках ён пасмуглее, валасы стануць чарнявымі, і адзінае, што застанецца нязменным – велікаватыя вушы і надзвычай прыгожыя цёмныя вочы.
Зноў жа, гледзячы на гэты здымак, я згадваю іншы – з Лёвам, Вадзімам і Максімам Багдановічамі, такімі ж малымі, стрыжанымі налыса, і ў гэткіх жа па-хатняму простых кашулях. Мабыць, такая мода апранаць дзяцей была ў тутэйшай інтэлігенцыі, якая жадала быць блізкай да народу. Адзінае, што адрознівае гэтыя здымкі – сур’ёзны выгляд твару Хвядоса і гарэзлівыя тварыкі малых Багдановічаў. Можа, гэта звязана з тым, што на той час у Хвядоса была толькі адна старэйшая сястра, і яму не было асабліва з кім гарэзнічаць і свавольнічаць.
А якія могуць быць забавы ў станцыйных дзяцей? Малы Хвядос хадзіў слухаць, як гудуць тэлеграфныя слупы: “У маленстве трывожна білася сэрца, калі слухаў гудзенне тэлеграфных дратоў. Таямнічае, незразумелае, яно здавалася грозным. Я бег дадому, ратуючыся ад гэтай няўмольнай, нямоўкнучай і бязлітаснай сілы. Крыху старэйшы і больш упэўнены ў сабе, я доўга стаяў, прываліўшыся да гэтага тэлеграфнага слупа. Я ўслухоўваўся ў невыразныя шумы, што струменілі ў ім. Я намагаўся адгадаць у гэтых шумах чалавечую мову – словы, складзеныя з іх тэлеграмы. Марна!”
Я ў свой час ужо не слухаў шум слупоў! У 60-х гадах яны былі адначасова электрычнымі. Тэлефонныя драты ішлі ніжэйшым радам і былі танчэйшымі. Я кажу менавіта пра прычыгуначныя слупы. У Светлагорску, куды мы пераехалі, калі мне было ўсяго два гады, мая маці ўжо не працавала на чыгунцы. Яна пайшла на завод штучнага валакна прадзільшчыцай. У свае 18 гадоў у 1953-м годзе па вярбоўцы яна з’ехала ў лясную Карэлію, а ў 64-м з бацькам, маім братам і мною вярнулася на Радзіму. Тут пачалі будаваць заводы, з’явілася праца. І яны выбралі Светлагорск – нованазваны горад на месцы мястэчка Шацілкі, найбліжэйшы да бацькавай Рагачоўшчыны і матчынай Нараўляншчыны.
Першым улетку ў Светлагорск перабраўся бацька, збудаваў са смалістых дошак пакрытую чорным толем “урамянку” – светлую жоўтую хацінку майго дзяцінства, з аднаго пакоя, з печчу і халоднымі сенцамі. Падваліны былі засыпаныя пяском. Дзіўныя, злепленыя з разнастайных матэрыялаў – негабляваных дошак, абабітыя толем і іржавай бляхай, раскіданыя без асаблівага парадку ў лесе паміж чыгункаю і новымі мікрараёнамі, “урамянкі” былі своеасаблівымі беларускімі індустрыйнымі фавеламі, у якіх перабіваліся беларускія працоўныя, цярпліва чакаючы ў чарзе кватэру ў хрушчоўках. У такім курані мы пражылі пяць гадоў.
Я раблю такое доўгае адступленне, каб найперш самому прыгадаць, якім чынам атрымалася, што і маё дзяцінства прайшло каля чыгункі. Калі ўжо значна пазней, гадоў з пяць таму пачаў я распытвацца ў бацькі, а дзе ж стаяла наша “ўрамянка”, ён сказаў, што за сто пяцьдзясят метраў ад пераезда праз чыгунку. Я здзівіўся і напачатку не даў веры. Няўжо мы жылі так блізка ад чыгункі? Наўпрост атрымлівалася метраў сто. Але потым падумаў і зразумеў, што тады, калі мне было чатыры-пяць гадоў, гэтая адлегласць здавалася значна даўжэйшаю, і таму да чыгункі шлях быў таксама непараўнальна доўгім. І пакуль мы, падшыванцы, дабіраліся да чыгункі, па дарозе з намі здараліся розныя цікавыя прыгоды. Там, ля чыгункі, мы атрымлівалі некаторыя жыццёвыя веды… Думаю, што Хвядос таксама рабіў шмат розных рэчаў, якія робяць прычыгуначныя дзеці: падкладаў капейкі на бліскучыя рэйкі пад цяжар бязлітасных колаў цягніка, махаў машыністам, каб узялі яго з сабой ці хоць бы пагудзелі, а можа, і перабягаў каляіну перад падыходзячым цягніком, палохаючы да смерці машыніста...
Распавядаючы далей пра Хвядоса Шынклера, ягоная сястра Марыя гаворыць: “У брата рана выявіліся здольнасці філолага. Яго сачыненні былі адны з лепшых у класе”. Гэта хіба што можна сказаць і пра мяне. Я таксама пісаў творы, якія прызнаваліся нашымі настаўнікамі лепшымі, а з класа сёмага пачаў пісаць вершыкі. І такім гэта здавалася мне важным, такім значным, што ў мяне аж кружылася галава, як толькі я думаў пра гэта.
Пасля школы я паступіў вучыцца ва ўніверсітэт на філфак, а вось Хвядос пайшоў іншым шляхам. Мяркую, прычынаю гэтага была вайна, якая змушае людзей быць больш практычнымі і глядзець на жыццё цвярозымі вачыма. Бацькі Хвядоса аддалі хлопца працягваць вучобу ў Мінскую рэальную вучэльню. У параўнанні з гімназіямі, рэальныя вучэльні давалі найперш тэхнічныя веды. Рэалісты, калі працягвалі вучобу, паступалі на тэхнічныя спецыяльнасці, а гімназісты – на гуманітарныя. Нягледзячы на гуманітарныя схільнасці Хвядоса, бацькі ягоныя, мабыць, вырашылі даць сыну такую прафесію, якая магла б забяспечыць яму гарантаваны кавалак хлеба. Там жа ў Мінску ён атрымаў спецыяльнасць тэлеграфіста.
Нагадаю, што з такіх жа меркаванняў сыходзіў і Адам Багдановіч, бацька Максіма, калі адрадзіў яму паступаць на філалагічны факультэт Пецярбуржскага ўніверсітэта. І Максім, пасля заканчэння гімназіі, вымушаны быў вучыцца ў Яраслаўскім ліцэі на юрыста.
Хутчэй за ўсё з 17-га па 20-ы гады, калі ўлада ў Мінску шэсць разоў пераходзіла з рук у рукі, Хвядос знаходзіўся ў горадзе, бачыў усё на свае вочы. Напісалі пра бачанае ў гэты час у Мінску і ваколіцах Сяргей Пясецкі, Вацлаў Мацкевіч, Мельхіёр Ваньковіч. На жаль, усё па-польску. Ваньковіцкую аповесць “Шчанячыя гады” я прачытаў, а вось найцікавейшыя, пэўна ж, аповесці Пясецкага і Мацкевіча пакуль не змог. У Хвядоса Шынклера пра гэты час трагедыі для беларускага народа, падзеленага рэлігійна і па станах, будзе толькі адное апавяданне “Блок”. А трагедыя ж якая была – неперадавальная! Якія часы! У пакутах вайны, у бежанстве, у тыфозных кашмарах і залітых вадою смярдзючых акопах, распаласаваная фронтам на дзве часткі, харкаючы сухотнай крывёю і паміраючы ў гарачцы ад іспанкі, зненавіджаная суседзямі і прададзеная-зняважаная моцнымі гэтага свету ў Брэсце, нараджалася новая Беларусь. І адвальвалася ад яе, адрывалася з крывёю і шыпамі, мяса ад мяса, костка ад косткі, беларуская (ды каб жа беларуская!) шляхта. Збівалася ў Корпус Доўбар-Мусніцкага, у віленскія атрады добраахвотнікаў, у іншыя часткі войска польскага і сыходзіла адсюль назаўсёды, кінуўшы свой народ, незаўважна для сябе стаўшы яму чужаніцаю моўна, рэлігійна, культурна.
Не напісаў Хвядос Шынклер сваёй “Белай гвардыі”, як зрабіў гэта Міхаіл Булгакаў, перажыўшы ліхалецце ў недалёкім Кіеве, не напісаў... Чытаў жа ён купалаўскія “Тутэйшыя”, у якіх акурат апісваецца тагачасны Мінск, але не натхніў яго Купала, не натхніў, а шкада.
Жыццё між тым пайшло далей. Неяк усталявалася мяжа паміж саветамі і Польшчай... А Хвядос Шынклер, урэшце, апынуўся тэлеграфістам на чыгуначнай станцыі ў Асіповічах.
Мой бацька Віктар таксама быў сувязістам і тэлеграфістам. Дарэчы, перад вайной яго сям’я перасялілася ў Карэлію, і яны жылі на хутары, спешна кінутым фінамі, як згадвала бабуля Марыя, “бы ў раі”. А калі ў 1941 годзе пачалася вайна, яны эвакуяваліся ў Архангельскую вобласць, дзе бацька пайшоў вучыцца ў фабрычна-заводскую вучэльню, фабзу, як тады казалі, на сувязіста. Вярнуўшыся назад у Карэлію з эвакуацыі, ён падлеткам яшчэ лазіў па тэлефонных слупах, наладжваў тэлеграфную і тэлефонную сувязь. А затым служыў у войску сувязістам. Ёсць у мяне здымак, дзе бацька ў форме сядзіць за рацыяй, рука на ключы, ліхі такі сувязіст. Яны, сувязісты, у 53-м годзе першыя пачулі пра смерць Сталіна, а затым пра тое, што Берыя – вораг народа...
…У 20-я гады Асіповічы былі невялікім мястэчкам, не нашмат большым за той самы Рудзенск, дзе прайшло дзяцінства Хвядоса. Усё жыццё ягонае круцілася вакол чыгуначнага вузла. Хвядос адначасова з працаю, на грамадскіх пачатках загадвае бібліятэкаю і клубам. Такім чынам, праявілася ягоная прывязанасць да кнігі, да асветнай працы. І вельмі рана, з дзевятнаццаці гадоў, ён пачынае пісаць як карэспандэнт і рэпарцёр у розныя літаратурныя выданні. Хвядос пісаў нататкі, фельетоны, рэцэнзіі і артыкулы. У апантанасці да пісання Хвядоса можна параўнаць з Максімам Багдановічам. У свой час я доўга ламаў голаў, навошта, напрыклад, Максім так натуралістычна апісваў у дзённікавых запісах свае інтымныя адносіны з Клаваю ў Крыме. І прыйшоў да высновы, што ён проста не мог жыць, каб не напісаць штодзень хоць некалькі радкоў.
Пэўна, магу меркаваць, што і тэлеграфічная кар’ера мала вабіла Хвядоса Шынклера, ён быў пры чыгунцы, працаваў на чыгуначным тэлеграфе, але самарэалізоўваўся ў пісанні.
Прыблізна ў той час умацоўвалася і вызначалася беларуская свядомасць маладога творцы. Цікава, што паўплывала на яго ўсведамленне – ці незалежніцкія беларускія газеты 19-20-х гадоў, ці сустрэча з беларусамі-незалежнікамі на якой-небудзь вечарыне, ці мітынгу, ці імпрэзе ў Беларускай хатцы. А можа, беларуская мова ўпершыню працяла яго на беларускіх спектаклях трупы Фларыяна Ждановіча? Ці ўсё ж ён быў з пакалення ўжо савецкай беларускай моладзі 21-га і наступных гадоў?
Гэтая мяжа – да 20-га і пасля 20-га года выразна адбітая на творчасці беларускіх пісьменнікаў. Не нашмат старэйшы за Хвядоса Шынклера Максім Гарэцкі, які выдаў да рэвалюцыі адзін празаічны зборнік, ужо ніколі так і не стане савецкім пісьменнікам. І нават пагодкі Хвядоса – Уладзімер Дубоўка, Уладзімер Жылка, якія хапанулі беларушчыну яшчэ да канчатковага ўсталявання ў Мінску савецкай улады, былі ўжо іншымі, асвячонымі гэтай беларушчынай, і нічым іншым, аж да смерці. Але ж у выніку 23-гадовы юнак шчыра вітае выданне двухтыднёвай беларускай старонкі “На Беларусі” ў рускамоўнай газеце чыгуначнікаў “Гудок”: “Наш беларускі чыгуначнік часта не ведае беларускай мовы, бо палітыка царскай улады зрусіфіцыравала яго, а ў вывучэнні роднай мовы вялікае значэнне мае друк. І старонка “На Беларусі” бярэцца за яе выкананне. Вялікі атрад беларускага пралетарыяту будзе мець сваю беларускую газету, якая азнаёміць з жыццём, культураю роднага краю”.
У гэты перыяд Хвядоса Шынклера можна лічыць болей культурным работнікам, які браўся за асветніцкую задачу і адначасова пісаў, пісаў, пісаў. На жаль, у “выбраным” няма публікацыяў за гэтыя гады. Паглядзець бы наноў, свежым вокам на ягоныя публікацыі. Пэўна, што знайшлося б штосьці вартае і цікавае, што магло б болей распавесці пра самога пісьменніка, а таксама перадаць атмасферу таго часу.
Уздым беларусізацыі прыпадае на 1926-28 гады. Беларуская работа лічылася пакуль яшчэ пачэснай і важнай. Яе рахавалі і цягнулі “старыя” беларусы, якія паверылі ў тое, што тут, у Савецкай Беларусі можна пабудаваць Беларускі Дом. З-за мяжы вярнуліся М. Гарэцкі, У. Жылка, А. Цвікевіч, В. Ластоўскі ды іншыя, прайшлі ўзбуйненні, і да Беларусі далучылі Віцебск, Магілёў, Гомель і рыхтавалі Смаленск, актыўна працаваў Інстытут беларускай культуры – правобраз Акадэміі навук, станавілася на ногі беларускае школьніцтва, беларускі друк. І ў гэтай шырокай плыні, куды прыйшлі навабранцамі сотні і тысячы працаўнікоў, меў сваё месца і сціплы тэлеграфіст з станцыі Асіповічы Хвядос Шынклер.
Чатыры гады беларусізацыі далі моцны штуршок беларушчыне, яе далейшых праяваў у самых разнастайных галінах грамадзянскага жыцця. Міжволі просіцца паралель з апошнім адраджэнскім уздымам з 91-га па 94-ы – ізноў тыя ж 4 гады…
На сярэдзіну 20-х прыпадае і шлюб Хвядоса Шынклера з асіповіцкай (можна меркаваць) тэлеграфісткаю Ксеняй. Яна была на два гады старэйшая за яго, была “слыхачкаю”, лавіла і расчытвала гукі азбукі Морзэ на слых. Як пісаў Хвядос пазней, “працаваў я ў свой час на чыгуначным тэлеграфе… і там шмат ёсць слыхачоў, якія прымаюць на слых па больш слабому гуку магнітнага якара апарата. Я таксама спрабаваў “браць на слых”, але гэта было нібы балаўство. Я не авалодаў гэтым вышэйшым класам мастацтва тэлеграфіста”.
Вось жа ў сваю калегу-слыхачку і закахаўся малады Хвядос. Іхні сын Юрка нарадзіўся ў 1926 годзе. Значыць, хутчэй за ўсё шлюбам маладыя пабраліся ў 1925-м ці яшчэ раней. Фота Ксені ёсць у кніжцы. Паўнаватая шатэнка з акруглым тварам, гладка прычасанымі валасамі на прабор і выразным поглядам вачэй. Ян Скрыган апісвае Ксеню ў мінскі перыяд жыцця Шынклераў так: “Маладая, невысокая жанчына ў простай, зграбнай сукенцы, у мусліновай танюсенькай хустачцы ў бобачкі, завязанай на самым версе валасоў вельмі фацэтным вузлікам, што вострымі ражкамі тырчаў над ілбом”.
“Дарагая Ксенічка” – так звяртаўся да яе ў прыватных лістах Хвядос і падпісваў іх: “Дзюка”. Так, мабыць, яны і былі адзін для аднаго ўсе пражытыя разам гады: дарагая Ксенічка і Дзюка.
У кнізе ёсць і фотаздымак Хвядоса Шынклера 1927-га года. Яму 24. У яго акуратны пінжак, кашуля пад гальштукам, на штрыфелі пінжака – круглы значок з зоркаю ўсярэдзіне. На галаве – акуратны прабор, пад носам невялікія вусікі. Круглыя цёмныя вочы глядзяць даверліва, з цікаўнасцю да будучага жыцця, якое, здавалася, толькі адкрывалася прад ім.
Пра культурныя і літаратурныя зацікаўленні Хвядоса ў той час сведчыць ягоная рэцэнзія “Чатырохсотлецце беларускага друку”. Грунтоўны зборнік даследаванняў беларускіх навукоўцаў быў прысвечаны дзейнасці Францішка Скарыны і эпосе беларускага рэнесансу. “Залаты век” беларускай дзяржаўнасці і культуры ў ХVІ стагоддзі быў гістарычным абгрунтаваннем спеласці беларускага народа. Гэтыя веды здымалі пачуццё непаўнавартаснасці беларусаў, разбуралі нападкі шавіністаў і русафобаў, якія сцвярджалі, што самыя паняцці беларускі народ і ягоная адметная мова – штучныя ўтварэнні, якія не маюць права на жыццё і перспектываў для далейшага існавання.
Неўзабаве гэтыя ідэі будуць абвешчаныя шкодніцкімі, а падобныя кнігі будуць спаленыя ці патрапяць на паліцы спецсховаў. Але яшчэ ў 1927-м годзе Хвядос Шынклер пісаў: “Выдаючы кнігі «людзем простым, посполитым к пожитку» на іх роднай мове, бо «человек простый и посполитый читучи их или слухаючи, может поразумети», Скарына адлюстроўваў той нацыянальна-культурны рух, які ахапіў беларускую шляхту і гандлёвую буржуазію ў ХVІ стагоддзі. Ён з’явіўся пачынальнікам беларускай літаратуры, яго выданні даюць пачатак беларускай літаратурнай мовы”.
Гэтая рэцэнзія з’явілася ў першым нумары часопіса “Узвышша” ў 1928 годзе. Сама тэма рэцэнзіі мела на ўвазе адпаведную культурную падрыхтоўку і веды яе аўтара. Літаратурнае аб’яднанне “Узвышша”, якое нарадзілася з “Маладняку”, ставіла на мэце аб’яднаць прафесійных пісьменнікаў. Верагодна, што змяшчаючы гэтую рэцэнзію ў першым нумары часопіса, кіраўнікі літаб’яднання хацелі бліжэй прыцягнуць маладога і здольнага літаратара з правінцыі да супрацы.
Пра “маладнякоўскі” перыяд у творчасці Хвядоса Шынклера сведчыць паметка пад першым ягоным апавяданнем, змешчаным у “Выбраным” – “Пас зачапіў”: “Асіповіцкі літгурток імя Маладняка”. Гэтае апавяданне, у якім распавядаецца пра ўцягванне чыгуначнага рабочага Адама ў грамадскае жыццё, з’яўляецца паказальным у далейшай творчасці Хвядоса Шынклера. Дыдактычная, штодзённая, агітацыйна-публіцыстычная роля мастацкага слова выходзіць для маладога пі­­сь­ме­н­ні­ка на першы план. І ў гэтым была далейшая ягоная трагедыя як літаратара. Бо мог бы ён не бегчы ў сваіх творах за індустрыялізацыяй, калектывізацыяй… Хаця б так, як гэта зрабілі Кузьма Чорны, Міхась Зарэцкі.
Гэтымі вышэйзгаданымі дзвюма публікацыямі Хвядоса Шынклера фактычна былі пазначаныя два магістральныя шляхі, па якіх пойдзе далей жыццё беларускай літаратуры. Першы шлях – беларускі па форме і змесце гуманістычны, агульначалавечы па сутнасці шлях пакутаў і катаванняў, рэпрэсіяў і пераследу. Другі – “новай” літаратуры, зробленай у стылі “сацыялістычнага рэалізму”, у якой было аж зашмат сацыялістычнага і вобмаль рэалізму, шлях задзірлівых камсамольчыкаў, якія хацелі перавярнуць стары несправядлівы свет. Намеры іх былі шчырыя і ў нейкім сэнсе пазітыўныя, але куды яны завядуць гэтую таленавітую моладзь, не ведаў яшчэ ніхто. Выглядае, што стаяў Хвядос Шынклер дзесьці паміж гэтых шляхоў. Ягоная адукацыя і “паходжанне” цягнулі да “ўзвышэнцаў”, а савецкая культурна-прасветная работа трымала яго ў “Маладняку”.
У канцы 1928-га ці на пачатку 1929-га года Хвядос Шынклер напісаў абразок “Чую кліч”, у якім канчаткова вызначыў свае ідэйна-мастацкія перакананні. Абразок падзелены на чатыры невялікія сэнсавыя часткі. У першай пісьменнік перадае свае ранейшыя “пошукі і хістанні” інтэлігента, чалавека непралетарскага паходжання, які згодна класавай тэорыі бальшавікоў не мог быць у першых шэрагах “будаўнікоў светлай будучыні”: “Здалёк пачуўся працяглы гук… Даляцеў да сэрца майго, узбудзіў, ускалыхнуў… Чулася ў ім: “Дзе ты, сын мой? Дзе блудзіш? Дзе знік?..”
Затым Хвядос захоплена перадае працэс пабудовы новага грамадства. Паўстае ашаламляльная па грукаце, віску, вытворчай какафоніі карціна індустрыяльнай працы: “О, як люба, як зразумела мне гэта песня! Чуецца ў песні той лязгатанне колаў на шляху сталёвым, енк чыгуна пад вострым свідром варштата такарнага, прарэзлівыя галасы сігнальных ражкоў, моцны подых машын паравых. Расце, шырыцца мелодыя. Песня ператвараецца ў гучны, суладжаны, поўны пафасу гімн урачыстасці працы, перамог будаўніцтва. Гудуць, пераклікаюцца паравозныя гудкі… Будзяць у сэрцы маім сугучнасць, прагнасць да працы”.
У трэцяй частцы абразка “будаўнікі новага жыцця” заклікаюць “спадарожніка” да супрацы: “Адчуўся настойлівы, валадарны заклік: “Ідзі, сын наш, да нас. Ідзі, будуй з намі, змагайся, працуй!”
І што ж адказаў асіповіцкі тэлеграфіст з літаратурнымі здольнасцямі і прыстойным выхаваннем? У чацвёртай частцы абразка, ён піша: “Гудуць паравозныя гудкі… Чую! Іду!”
Праз пару гадоў, ужо ў 1930-м, будзе Хвядос у артыкуле “Шлях паэта”, напісаным да 25-годдзя творчасці Янкі Купалы, патрабаваўча звяртацца да паэта ад імя “працоўных Беларусі” з вераю: “што напеўна і прызыўна будуць гучаць жалейка і гуслі песняровы, складаючы незабыўныя, бадзёрыя песні працы і перамог сацыялістычнага будаўніцтва”.
Янка Купала адкажа на зварот Хвядоса Шынклера… спробай самазабойства. Тое, да чаго яго не здолелі давесці царскія ўлады, давялі “свае” бальшавікі... Першаму прэзідэнту Акадэміі навук Беларусі гісторыку і грамадскаму дзеячу Усеваладу Ігнатоўскаму, абвінавачанаму ў антысавецкай дзейнасці, самагубства ўдалося. Янку Купалу адратавалі. Ён застаўся жыць, але псіхалагічна зламаўся... Хвядоса Шынклера ж і ламаць не трэба было. У “песню працы і перамог” ператворыцца ўся ягоная далейшая творчасць. Але ці ж была ў гэтым толькі ягоная віна? І ці быў ягоны творчы шлях абраны свядома? На жаль, адказу на гэтыя пытанні я не знаходжу.
Неўзабаве Хвядос Шынклер па запрашэнні Міхася Лынькова пераязджае ў Бабруйск на працу ў газету “Камуніст”. І першае яго апавяданне “Пас зачапіў” і вышэйзгаданы абразок “Чую кліч” былі надрукаваныя ў дадатку да газеты “Камуніст”, які называўся “Вясна”!
Так, так – “Вясна”!
Была ўжо бабруйская “Вясна” – сапраўднае апірышча маладой беларускай літаратуры, вакол якой у 1928-30-х гадах аб’ядналася ладная грамада маладых беларускіх пісьменнікаў.
Прачытаўшы цяпер “Апошні рэйс” – кнігу выбранага Хвядоса Шынклера, і даведаўшыся ўпершыню пра бабруйскую тагачасную “Вясну”, я яшчэ раз пераканаўся, якім літаратурна-традыцыйным у сваёй фантазіі аказаўся некалі, прыдумляючы ў 1996-м годзе назву для новай праваабарончай арганізацыі. Хацелася, каб у назве быў пазітыў і спадзеў на лепшае. А што ж такога мог прыдумаць літаратуразнаўца? Штосьці лірычнае, простае і трывіяльнае. Вось і атрымалася – “Вясна”. Вясна, пра якую некалі спявалі і якую заклікалі Янка Купала і Якуб Колас, якую чакалі, не маглі дачакацца беларускія сыны і дочкі. А яшчэ была “Вясна” Алега Мінкіна – гімн новага беларускага Адраджэння 1980-х гадоў. Вось мы сабе і ўзялі гэтую больш літаратурную, чым праваабарончую, назву – “Вясна”. Як потым аказалася, не шмат праваабарончых арганізацыяў у свеце маюць “лірычныя” назвы. У асноўным гэта цэнтры, лігі, камітэты, асацыяцыі, фонды, у назвах якіх сур’ёзнасць і саліднасць. А ў назве “Вясна” мне чуецца няўрымслівасць і аптымізм. Праўда, за 15 гадоў працы “вясноўцы” напоўнілі яе праваабарончым зместам, і назва паўплывала на нас, на манеру працы, на ўзаемаадносіны і стасункі з грамадствам.
Вось гэтаксама і бабруйская “Вясна” 20-х гадоў вызначыла таму-сяму з пачаткоўцаў-літаратараў іхняе далейшае жыццё.
Рэдактарам бабруйскай акруговай газеты “Камуніст” быў тады малады пісь­меннік, удзельнік грамадзянскай вайны Міхась Лынькоў. Адразу двое, хаця ж было іх значна болей, “чырвонаармейцаў” тагачаснай беларускай літаратуры згадваюцца мне цяпер: Міхась Лынькоў ды Кандрат Крапіва. Многія з тых, хто ведаў Міхася Лынькова, пакінулі пра яго ўспаміны як пра мяккага і спагадлівага чалавека. Але ў 20-я – 30-я гады ягонае рэдактарства ў “Камунісце” ды партыйная біяграфія нікому не давалі падставаў да сумненняў у адданасці камуністычным ідэалам і ленінскай дактрыне. Хвядос Шынклер пісаў пра М. Лынькова: “Ён сваімі чулымі таварыскімі лістамі, парадамі прымусіў мяне падумаць і аб літаратурным шляху, праз яго рукі прайшлі ўсе мае творы, яго заўвагі памагалі мне ў працы, вучобе”. Міхась Лынькоў выцягнуў Хвядоса з Асіповічаў у Бабруйск і гэтым запрашэннем і парадамі рэдактара-камуніста, ідэйнага савецкага пісьменніка ён канчаткова вызначыў літаратурны шлях маладога тэлеграфіста.
У “Камунісце” Хвядос Шынклер быў адказным сакратаром, фактычна першым памочнікам рэдактара М. Лынькова, а таксама – кіраўніком філіі новага літаратурнага аб’яднання “Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў” – БелАППа. Сама назва гэтага аб’яднання ўжо гаворыць пра творчы і ідэйны напрамак пісьменнікаў, што згуртаваліся ў ім.
Па ўспамінах Сяргея Грахоўскага менавіта Хвядос Шынклер рэдагаваў “Вясну”: “Імя Шынклера я добра ведаў па апавяданні, па навелах у бабруйскіх выданнях. А цяпер убачу і самога. Вось хто, выходзіць, робіць “Вясну”. Яна і зімой, і летам была сапраўднаю вясною для кожнага аматара літаратуры, для кожнага пачаткоўца на бабруйшчыне. З “Вясны” пачынаўся шлях у літаратуру многіх маіх аднагодкаў.”
Апроч Міхася Лынькова і Хвядоса Шынклера ў “Камунісце” працавалі яшчэ Рыгор Лынькоў (Суніца), родны брат Міхася, а таксама Цімох Крысько (Ва­сіль Вітка). З дзевяці работнікаў рэдакцыі, якіх я бачу на фотаздымку 1929-га года – чатыры беларускія літаратары. Відавочна, што рэдактар Міхась Лынькоў праводзіў выразную кадравую палітыку... Да літаратурнай бабруйскай грамады гэтаксама адносіліся празаік Барыс Мікуліч, паэты Яўхім Кохан, Сяргей Грахоўскі і Аляксей Зарыцкі, літаратары А. Казека, Ю. Рудзько, К. Уласюк, А. Жукоўскі, Я. Замерфельд...
Мне было б цяпер цікава пагартаць старонкі тае “Вясны”. Чамусьці здаецца, што там былі не толькі песні ў гонар калектывізацыі, але і добрая маладая паэзія і проза. Ніколі раней і ніколі пазней у Бабруйску не было і не працавала столькі беларускіх творцаў. Такія цікавыя былі часы.
На фоне гэтай у асноўным сялянскай па паходжанні літаратурнай грамады, Хвядос Шынклер выглядаў “дробнабуржуазным”. Як успамінае Я. Кохан, “гэта быў досыць смуглатвары, выразны брунет з шэрымі, іскрыстымі, ветлівымі вачыма, апрануты, як усе мы, не з іголачкі, проста, але, можа быць, у чымсьці зграбней, інтэлігентней, акуратней”. С. Грахоўскі дадае: “Пры вакне сядзеў малады чалавек з маленькімі вусікамі, з роўным праборам чарнявых валасоў. Стаячы каўнерык вышыванай чорным узорам кужэльнай кашулі расплінуты зверху… Вечаровае сонца чырваніла прыгожы смуглявы твар. А вочы! Такіх ясных іскрыстых і добрых вачэй раней ніколі не сустракаў”.
З апавяданняў, змешчаных у зборніку Хвядоса Шынклера, яшчэ адное моцна зачапіла мяне. У кастрычніку 1928 года ва ўсё той жа “Вясне” ён надрукаваў дзіўны твор “Чмута”, напісаны, як пазначана, яшчэ ў Асіповічах. Апісваецца ў ім жыццё маленькай чыгуначнай станцыі, якая знаходзіцца пад пагрозаю нападу “прыхільнікаў свабоды”, як аўтар называе партызанаў. На гэтай станцыі з усяе савецкае ўлады ёсць толькі адзін агент ЧК Гарбатчык: “На чыгуначнай станцыі, маленькай людскай выспачцы ў лясной пушчы, утаілася жыццё. Хаваюцца чыгуначнікі, замыкаюцца ў сабе. Адслужыў – і да хаты. Старанна абходзяць усё тое, што магло б быць паказам іхняе прыхільнасці да Савецкай улады. Дзе тут да выказвання прыхільнасці? Спакой бы толькі. Паспачувай, а потым прыйдзе савінкаўская банда дый усцягне на першую асіну. Ёсць таму яскравыя прыклады. Так ціхенька думае кожны. Думае і хаваецца. І няма з кім словам перакінуцца адзінокаму агенту ОРТЧК. Вось ужо больш за месяц як трапіў ён у гэтую пустэль­ню. А тут яшчэ партызаны не даюць спакою. То на мост нападуць, каб падарваць яго, то захопяць у палон чырвонаармейца. Апроч таго сярод навакольных пасялкоўцаў-хутаран ёсць тайныя спачувальнікі бандыцкія. Тут іх апорныя пункты, тут падсілкоўваюцца яны, адсюль тчэцца іх агентура, нябачная сувязь”.
Задача чэкіста Гарбатчыка ў тым, каб “падмеціць кожны рух, сачыць за ўсім, што робіцца наўкола, выяўляць бандыцкую агентуру, своечасова паведамляць куды трэба. Адхінуць кожную небяспеку. Напружаная, адказная праца!” А сітуацыя, тым не менш, пагаршаецца: “што дзень, то больш неспакойна, што дзень, то больш трывожна”. Гэтая атмасфера паступова даводзіць чэкіста Гарбатчыка да нярвовага вычарпання: “нейкая з’явілася хваравітая падазронасць да ўсяго і ўсіх. Здаецца, на твары кожнага чыгуначніка нейкая патаемная ўхмылка. Нахабная быццам нейкая. І вось ужо, калі сустракае чэкіст чыгуначніка, дык здаецца яму, што той думае: “Дабяруцца і да тваёй скуры, пачака-а-ай…”
А калі стала вядома, што партызаны напалі на суседняе мястэчка і зусім у чэкіста сон знік: “Не спіць Гарбатчык. Ходзіць, блукае. Кожны гук ловяць чулыя нервы. Ад кожнага ледзь прыкметнага шолаху ўздрыгвае напружанае, паданае ўперад цела. Вочы імкнуцца зрабіць немагчымае – прарэзаць чорную цемру”.
Гарбатчык змораны дарэшты: “гарачая, цягучая кроў стукае ў скроні, залівае мазгі. Галава гарыць полымем”... Урэшце Гарбатчык засынае ў сваім станцыйным пакоі. І праз сон чуе, як да станцыі пад’язджаюць партызаны: “Апошнія рэшткі сну скідае з сябе Гарбатчык. Паміраць дык паміраць з трэскам. А раней бандытам нашкодзіць! Схапіў гранату, скінуў колца, выпрастаўся і з сілай кінуў у акно. Страшэнны, працяглы грукат-выбух устрос будынак, узняўся слуп пяску, камення, павыляталі шыбы. Скінулася з акна газета”.
Аказалася, што кінуў Гарбатчык у свайго начальніка ЧК: “На пад’ездзе, абціраючы кроў з параненага пальца і дакорліва ківаючы галавой, стаіць начальнік ОРТЧК. Адзін з двух ягоных спадарожнікаў аглядае прабіты асколкам гранаты шынэль”. І што кажа змучаны чэкіст у сваё апраўданне?
“– Сон… Чмута… – мармытаў збянтэжаны, змяшаны Гарбатчык”.
Вось такое апавяданне, якое мае прыкметы сюррэалізму і звышнатуральнасці. У ім Хвядосу Шынклеру ўдалося перадаць малавядомую нам атмасферу 20-х гадоў. Мяркую, што ён апісаў праўдзівую гісторыю, якая магла здарыцца на слуцка-асіповіцкай чыгуначнай каляіне. Тут ёсць і ачмурэлы чэкіст, і згадваюцца партызаны з густых старадарожскіх лясоў, і бой за мост, і знявечаны палонны чырвонаармеец. І, урэшце, таямнічая і неадольная, разлітая над усёй Беларуссю – Чмута.
Я лёгка сабе ўяўляю псіхалагічны трылер, зняты па сюжэту гэтага апавядання. Колькі яшчэ такіх сюжэтаў роілася ў галаве маладога пісьменніка, можна толькі здагадвацца. На жаль, далейшая праца ў “Камунісце” паставіла на творчых пошуках Хвядоса Шынклера крыж. Усё, што напісана ім пазней, было ідэалагічна выверана і правільна, але зусім, зусім не цікава. Хаця з фармальнага пункту погляду ягонае ўменне пісаць паляпшаецца. Пісьменнік рупна працуе над моваю сваіх твораў, ён актыўна ўжывае як дыялектызмы, так і неалагізмы, якія натуральна ўпісваюцца ў тканіну ягонай прозы. У яго прысутнічае гладкасць мовы, лёгкасць і яснасць выкладання, ён выпрацоўвае ўласны літаратурны стыль. Піянеры гукаюць у яго: “Зважай!”, а цягнік кіруецца стырном-рэгулятарам. Я наўскід выпісваю цікавыя для мяне словазлучэнні і словы: “не было амбарасу” (праблемаў), “я быў управах”, “сяброўскія адлікі” (членскія ўзносы), “такарны варштат”, у дзяцей “шыйкі на тычкі парабіліся”, “паглумішча людское”, “знушчаешся” (здзекуешся), “апусціў голаў доле”...
Што мяне яшчэ зацікавіла, дык гэта допісы маладога Хвядоса Шынклера, датычныя беларускай мовы. У кніжцы гэтых артыкулаў няма, пералічваюцца толькі назвы некаторых: “Аб слове “Савет”, “Аб слове “цягнік”, “Ці ваенізуемся мы?” Цікава было б пачытаць ягоныя развагі. Бо культура аўтарскай мовы – адметная рыса прозы Хвядоса Шынклера.
У канцы 20-х, пачатку 30-х пісьменнік стварае аповесць “Сонца пад шпалы” – апалогію сацыялістычнага будаўніцтва. Напачатку аповесці сустракаюцца някепскія замалёўкі і эпізоды працы на чыгунцы. “Сонца пад шпалы” – цікавая паэтычная метафара. Падчас рамонту чыгуначнага палатна “металічныя аправы канцоў узнятых угару падбоек яркімі, сляпучымі агеньчыкамі блішчаць на сонцы. Хутка апускаючыся ўніз, яны маланкай цягнуць за сабой стужкі-праменьчыкі, нібы заганяюць іх пад шпалы”.
Гэтая метафара, якая стала назваю аповесці, мае яшчэ і сімвалічны падтэкст: беларускім будаўнікам сацыялізму падуладна ўсё. Яны – валадары прыроды! Яны могуць і сонца пад шпалы загнаць!
Калі пачатак аповесці пісаўся ў 1929 годзе і Хвядос Шынклер яшчэ спрабаваў засяродзіцца на драматызме характараў галоўных герояў, дык дапісвалася аповесць ў 1932-м годзе, і ў канцы яе ўжо на ўсю моц ідзе барацьба з падкулачнікамі ды іншымі ворагамі, якія на будаўніцтве чыгункі займаюцца вырабам “куфраў на пасагі і пузатых мяшчанскіх камодаў”. Працоўныя выконваюць і перавыконваюць вытворчыя планы, а інжынеры “са старых чыгуначнікаў” шкодзяць ім на ўзор “шахцінскіх шкоднікаў”. І толькі поўная адданасць справе дазваляе некаторым з іх перабудавацца і заняць пачэснае месца ў шэрагах будаўнікоў сацыялізму.
Аповесць адпавядала духу часу. Яна была вядомаю і чытанаю. Таму без іроніі ў 30-я гады можна было назваць Хвядоса Шынклера” – “папулярным сучасным беларускім пісьменнікам”.
У 1930-м годзе Міхась Лынькоў ад’язджае ў Мінск. І, як згадвае Сяргей Грахоўскі, “неаспрэчным аўтарытэтам у нашай філіі застаўся Хвядос Шынклер. Ён тонка адчуваў нават непрыкметную фальш у апавяданні і ў вершаваным радку, моўныя і стылістычныя агрэхі лавіў на слых, не цярпеў штукарства і ненатуральнасці, але гаварыў пра іх далікатна, мякка, каб дапамагчы, каб не зняважыць маладзейшага таварыша. А ён радаваўся самай маленечкай удачы, жывому радку, трапнаму слову, нечаканаму павароту думкі”.
Жаданне аб’яднаць, злучыць творчы літаратурны працэс з вытворчым даходзіла ў Хвядоса Шынклера часам да абсурду. Як успамінае Яўхім Кохан, там жа, у Бабруйску, літаратары хадзілі на адзін тыдзень на чыгуналіцейны завод, дапамагалі “ліквідаваць вытворчы прарыў”. Яны “выпускалі баявыя насценныя лісткі, у якіх вершамі і прозай расказвалі пра поспехі і недахопы, пра іх канкрэтных носьбітаў… Арганізатарам і душой рэйдаў быў Хвядос”. Такім чынам, беларускія тагачасныя літаратары выступалі наватарамі, спевакамі індустрыялізацыі, літаральнымі песнярамі сацыялістычнага будаўніцтва. Яны ладзілі своеасаблівыя літаратурна-індустрыяльныя перформансы. Але гэтыя навацыі не далі ніякога плёну. Літаратура любіць індывідуалізм, цішыню і спакой.
У асабістым жыцці Хвядос Шынклер заставаўся інтэлігентным і мілым Дзюкам. С. Грахоўскі ўспамінае: “аднойчы пасярод вуліцы я ўбачыў як стары, з’езджаны конь ледзьве цягне воз грабавых дроваў. Вазак папіхае, упіраючыся ў пярэдняе біла, не крычыць, не хвошча лейцамі. Прыгледзеўся і пазнаў Шынклера.” У гэтай бытавой замалёўцы – увесь Хвядос, які нават каня не мог шлёгнуць і гатовы быў сам за яго цягнуць воз.
Ёсць ва ўспамінах Сяргея Грахоўскага і хвалюючы для мяне падтэкст. Бо я быў знаёмы з ім асабіста. Я вітаўся і размаўляў з Сяргеем Іванавічам. І праз яго ад мяне да Хвядоса Шынклера пралягла нябачная сувязь людскіх стасункаў. Мне здаецца, што праз знаёмых нам людзей, мы атрымліваем сігналы і флюіды іншых. Яны слабейшыя, як лясныя водгукі, як рэха, якое згубілася ад ляснога акаёму і разляцелася ў розныя бакі, але яны ёсць! Яны ёсць, яны шчыльна звязваюць навакольны свет, звязваюць мінулае з сучасным і будучыняй.
Я ведаў Грахоўскага, Грахоўскі ведаў Шынклера. Ланцужок звязаўся. Хаця паміж датамі нашага нараджэння 59 гадоў…
У 1932-м годзе Хвядос Шынклер пераязджае на працу ў новаствораную газету “Ударнік” палітаддзела чыгуначнага вузла ў Жлобіне. Чыгунка неадольна прыцягвала Хвядоса. Пэўна, што праходзячы працаваць у гэтую газету, ён хацеў ізноў апынуцца бліжэй да чыгункі, на якой нарадзіўся і вырас, дзе прайшлі ягоныя, бадай, лепшыя гады. Туды ж, у Жлобін, ён перацягвае з Бабруйска Васіля Вітку і Яўхіма Кохана. Як згадвае Я. Кохан: “хаця ён (Хвядос Шынклер) афіцыйна лічыўся сакратаром “Ударніка”, але фактычна вёў усю практычна работу, як самы вопытны газетны спецыяліст рэдакцыі… з ім працавалася дружна, плённа, прыемна”. Відавочна, як ні імкнуўся Хвядос Шынклер адкараскацца ад “гнілой інтэлігеншчыны” ў сваёй творчасці, шляхетнасць у яго засталася, засталося і трапяткое стаўленне да беларускай мовы. Ён скардзіўся Я. Кохану на газетную цякучку, на “штодзённую мітусню”, якая “для літаратурнай творчасці не самая лепшая памочніца”.
Ведаў Хвядос Шынклер і пра “трэскі”, якія паляцелі пры “выкарчоўванні кулацтва”. Бацькі Я. Кохана былі раскулачаныя і высланыя. Хвядос суцяшаў Яўхіма, прыводзіў сябе ў прыклад: “калі мне часам бывае да немажлівасці цяжка і горка, ад якой-небудзь нечаканай напасці, я шукаю сабе ратунку ў добрай кнізе. Учытаюся і як бы апынуся ў іншых абставінах”. Такім чынам Хвядос Шынклер уцякаў ад суровай рэчаіснасці 30-х гадоў.
Кніга стары, правераны таварыш і сябар людзей, якія апынаюцца ў адзіноце. І мяне цяпер у няпростых жыццёвых абставінах падтрымлівае кніга. Яна была вызначальна важнай для мяне ў дзяцінстве і юнацтве, а затым на яе стала меней часу, інтэрнэт адсунуў яе яшчэ далей. У турме, адрэзаны ад шалёнага жыццёвага рытму, я ізноў адкрыў для сябе факталагічныя літаратурныя вітражы, якія, працёртыя ад пылу штодзённасці і мітусні, зайгралі ўсімі фарбамі.
Ад Жлобіна, дзе жыў і працаваў Хвядос Шынклер, ужо зусім недалёка застаецца, мо якіх кіламетраў 35 па чыгунцы, да станцыі Шацілкі, якая ўжо на маім вяку была перайменавана ў станцыю Светлагорск-на-Бярэзіне і каля якой прайшлі мае дзіцячыя гады. Пэўна, што асобнікі “Ударніка”, рэдагаванага ў тыя гады Хвядосам Шынклерам, даходзілі і да Шацілак. Нават цікава стала мне, выйшаўшы з турмы, схадзіць першы раз у новы будынак нацыянальнай бібліятэкі і пашукаць гэты “Ударнік”, паглядзець, пагартаць, мо і захаваліся хоць некаторыя, не спаленыя ў вайну, нумары.
Ад’язджаючы ўсё далей ад Мінска, Хвядос Шынклер адлучыўся і ад мінскай атмасферы першых рэпрэсіяў, якія пракаціліся па беларускай літаратуры ў 1930-м годзе. Затым выкрыццё нацдэмаў і шпіёнаў працягвалася кожны год. Тым не менш, у 1935-м годзе Хвядоса Шынклера запрашаюць у Мінск на працу ў газету “Літаратура і мастацтва”. Вось як згадвае С. Грахоўскі пра мінскі перыяд жыцця Х. Шынклера: “Мы часта сустракаліся ў Доме пісьменніка, але ён заўсёды быў заклапочаны, некуды спяшаўся, яго апаноўвалі неадкладныя справы. Празаік Мікола Лобач успамінае “дабрэйшы твар Хвядоса Сяргеевіча”. Ян Скрыган гэтаксама гаворыць пра яго: “з першых дзён, як ён паявіўся ў нас у “ЛіМе”, мы ўбачылі, што гэта вельмі добры, чулы і мяккі чалавек. І голас яго быў не моцны, мяккі”. У “ЛіМе” тады таксама працаваў бабруйскі гадаванец “Вясны” Барыс Мікуліч. Я. Скрыган заўважае, што “Шынклер вельмі рэдка ўсміхаўся. Ён быў добры, спакойны, разважлівы, але на ўсмешку вельмі стрыманы. Толькі дома, у сям’і, бачыў я яго ўсмешку”.
Гэтыя сціплыя нататкі Я. Скрыгана і С. Грахоўскага дастаткова гавораць пра псіхалагічны стан Хвядоса Шынклера ў гэтыя трагічныя гады. Абодва яны адзначаюць сціпласць і дабрыню пісьменніка, але ён цураецца блізкіх прыяцельскіх стасункаў, ён падкрэслена заняты, ён не пасміхаецца на людзях. І толькі дома ўнутраны кантроль спадае, і ён пачынае ўсміхацца. Бо толькі тут ён адчувае сябе ў бяспецы.
Такім чынам, перад намі паўстаюць два Хвядосы Шынклеры. Адзін – вонкава дабразычлівы, роўны з усімі ў адносінах чалавек, які цалкам кантралюе свае словы, паводзіны і эмоцыі. Другі ж у сям’і – сапраўды разняволены і ўсмешлівы любімы бацька і муж. Пляменніца пісьменніка Наталля заўважае: “Ён заўсёды быў удзельнікам і завадатарам нашых гульняў і свавольстваў.. Ён хадзіў з намі ў кіно, на пляж… Усе збіраліся за святочным сталом. Дзядзя прыносіў з сабою жарты, смех, радасць”.
Засталася нязменная ў Хвядоса Шынклера ранейшая пашана да беларускай мовы. Па-беларуску размаўляў ягоны сын Юрка. Пляменніца Наталля піша: “Ён вучыў мяне чытаць і назаўсёды прывіў любоў да кнігі, літаратуры, роднай мовы”.
У гэтыя гады Хвядос Шынклер шмат піша для дзяцей. Сыход у дзіцячую літаратуру быў хіба адным легальным сыходам з трывожнай і жахлівай рэчаіснасці.
З “ЛіМа” Хвядос Шынклер пераходзіць у “Полымя”. У гэты час ён перажывае вал сталінскіх рэпрэсіяў, які ў 1937 годзе дасягнуў свайго эпагею. Што адчуваў Хвядос Шынклер, калі адзін за адным знікалі ягоныя старыя і новыя знаёмыя, абвешчаныя “ворагамі народа”? З бабруйскага літаратурнага асяродку былі арыштаваныя Барыс Мікуліч, Яўхім Кохан, Сяргей Грахоўскі, з “лімаўскага” – Ян Скрыган ды многія іншыя. Што ён адчуваў, калі пад нож пайшла новая тэхнічная інтэлігенцыя – інжынеры-чыгуначнікі, сувязісты, электрыкі? Што адчуваў Хвядос Шынклер са сваім прозвішчам, калі сталінская каса пачала касіць асяродкі палякаў і немцаў?
Мяркую, што страх панаваў у ягонай душы. І ён са сваім непралетарскім паходжаннем з усіх сілаў у сваёй дзейнасці і творчасці імкнуўся даказаць і паказаць сваю гранічную шчырасць і адданасць савецкай уладзе і камуністычны ідэалам. І ён штодня чакаў арышту, адчайна баючыся хоць рухам, хоць словам выдаць гэты свой усеабдымны страх.
Хвядос Шынклер перажыў 1937-ы год, ягоная тактыка знарочытай, паказушнай адданасці савецкай уладзе дала свой плён, хаця яна дапамагала далёка не ўсім. Яму пашанцавала выжыць. Але за гэта ён мусіў заплаціць высокі кошт. Ён мусіў да астатку вытруціць усё жывое ў сваёй творчасці, ён мусіў забіць у сабе пісьменніка, пакінуўшы жыць ідэалагічнага работніка. Парадаксальна, але рэпрэсаваныя знаёмыя Хвядоса Шынклера, якія заплацілі доўгімі гадамі зняволення за тое, што хацелі быць і былі беларускімі пісьменнікамі, засталіся ў беларускай літаратуры. Барыс Мікуліч адсядзеў у Гулагу дзесяць гадоў і здолеў напісаць пра перажытае ўспаміны. Яны з’яўляюцца праўдзівым і трагічным творам беларускай літаратуры другой паловы 40-х гадоў. На жаль, неўзабаве ён памёр, пакінуўшы здароўе ў сталінскіх лагерах. Сяргей Грахоўскі адсядзеў яшчэ большы тэрмін – і выйшаў з Гулагу толькі пасля смерці Сталіна. Але ён здолеў яшчэ раскрыцца і рэалізавацца як цудоўны паэт і празаік. І ягоныя ўспаміны пра пакутніцкі шлях з’яўляюцца набыткам нашай літаратуры. Стаў добрым празаікам пасля шматгадовага зняволення і Ян Скрыган. Лаканічны і ашчадны ў словах і фарбах, ён не дазваляў сабе ніводнай фальшывай ноты ў напісанай прозе.
Але гэта будзе пазней.

Пачалася вайна. 25 чэрвеня 1941 года Хвядосу Шынклеру разам з сям’ёй удалося выехаць з палаючага Мінска. Спыніліся яны на Урале, у Свярдлоўску. З беларускіх знаёмых там нікога не было. 2 кастрычніка 1941 года Х. Шынклер пісаў: “Я тут адзін. Працую на тэлеграфе, узгадаў старую, кінутую 14 гадоў таму спецыяльнасць. Быў пару дзён Маўр, не затрымаўся, накіраваўся ў Алма-Ату”.
У кнізе ёсць здымак Свярдлоўскага цэнтральнага паштамта, пабудаванага ў стылі канструктывізму: строгія простакутныя абрысы будынка, дэкараванне фасадаў адбываецца коштам разнастайных па форме вокнаў. Углядаюся ў гэты будынак, і ён падаецца мне знаёмым. Амаль увесь 1986-ы год я служыў у савецкім войску ў артылерыйскай частцы, якая стаяла на ўскраіне Свярдлоўска. І калі мы хадзілі ў звальненне, а такое здаралася раз ці два разы на месяц, мы сноўдаліся па горадзе, часам забрыдаючы і ў цэнтр. Свярдлоўск запомніўся мне канструктывісцкімі будынкамі. Пэўна, што я хадзіў і каля паштамта, а можа быць нават і заходзіў у яго. Калі б я тады ведаў, што буду пісаць гэтае эсэ, то дакладна звярнуў бы на будынак большую ўвагу.
Працуючы тут, Хвядос Шынклер напісаў аповесць пра працу тэлеграфістаў “Пульс жыцця”. Напісаная ў форме дзённіка лёгкім публіцыстычным стылем аповесць, асабліва напачатку, мае пэўную мастацкую вартасць. Вось чалавек, закінуты вайною на Урал, ідзе працаваць тэлеграфістам. І нікому тут ягоныя здольнасці літаратара не патрэбныя і не цікавыя. Савецкай краіне ў гэты момант патрэбныя салдаты, можа быць трохі – тэлеграфісты, але не літаратары.
Хвядос Шынклер апісвае стасункі паміж тэлеграфістамі, сутнасць іхняй працы, суперажывае той інфармацыі, якая праходзіць праз яго рукі. Але хутка эфект дзённіка разбураецца, галоўны герой, чытаючы тэлеграмы, выкрывае шпіёна. Чыстай агіткаю выглядае перапіска тэлеграмамі братоў Колчыных, адзін з якіх шахцёр, а другі – аўтаматчык на фронце. Яны ладзяць паміж сабой спаборніцтва: “Мікалай Колчын паведамляў брату: “Лік прадаўжаю. 94 гітлераўскія мярзотнікі склалі галовы пад маімі кулямі. Берагу аўтамат, міма не страляю”. Сцяпан Колчын у адказ выканаў шахцёрскую норму на 350 працэнтаў. Вось такім сацыялістычным спаборніцтвам з крэсла тэлеграфіста ўяўлялася пісьменніку вайна...
Захаваўся здымак Хвядоса Шынклера ў Свярдлоўску. Яму 38 гадоў, ён у сваім нязменным гарнітурчыку пад гальштукам, з глыбокімі стомленымі вачыма, схуднелы і без сваіх заўсёдных вусікаў. Зразумела чаму, бо такія самыя, як аказалася, насіў і Адольф Гітлер.
Жывучы ў Свярдлоўску, Хвядос Шынклер спрабуе аднавіць сувязь з беларускімі пісьменнікамі. Ён піша Янку Купалу. Замест Янкі Купалы адказвае ягоная жонка Уладзіслава, спасылаючыся на тое, што Купала “цяжкі на пад’ём”. Можа, так яно і было, а можа, Купала проста не пажадаў пісаць. Затое адгукнуўся Васіль Вітка, які працаваў у газеце “Савецкая Беларусь”, што выходзіла тады ў Маскве. В. Вітка піша Хвядосу, што “зараз пытанне стаіць аб збіранні кадраў усіх, у тым ліку – пісь­меннікаў і журналістаў. Мы з Кузьмой Чорным ужо ставілі аб тым пытанне”.
У красавіку 1942 года Хвядосу Шынклеру ўрэшце прыходзіць чаканая тэлеграма: “Выязджайце Маскву Цэка партыі пастаянную работу сакратар Цэка Беларусі Гарбуноў”
Але ў гэты час Хвядос Шынклер ужо быў у… войску.
У канцы сакавіка 1942 года Хвядос Шынклер, як піша А. Лысенка, маючы белы білет, “добраахвотнікам” быў прызваны ў войска. Яго пасылаюць вучыцца ў пяхотную вучэльню ў г. Кіштым Чалябінскай вобласці, што недалёка ад Свярдлоўска. Але пісьменнік не пакідае спадзявання на перавод у Маскву. У лісце да жонкі ён піша: “Быў у камісара з тэлеграмаю. Яна, вядома, цяпер нічога не вартая. Буду пісаць Міхасю (М. Лынькову – А. Б.). Трэба фарсіраваць, калі ён зможа гэта зрабіць”. Бачна, што “добраахвотнасць” Хвядоса Шынклера пры прызыве ў войска мае прымусовы характар, але змяніць ужо што-небудзь было вельмі цяжка, калі не немагчыма зусім.
Хвядос Шынклер вельмі хвалюецца за сям’ю, за маленькую дачку Ірыну, якая нарадзілася ў 1940-м годзе і якую ён называе Анай-Кікі: “Амаль паўмесяца няма ад вас лістоў. Я страшна хвалююся, ёсць хвіліны, калі месца сабе не знаходжу. Чаму вы маўчыце, пазбаўляеце мяне адзінай радасці? Хоць пару слоў – і мне лягчэй будзе, дні будуць весялейшымі”.
Пры цяжкіх нагрузках, калі курсанты знаходзіліся, як піша Хвядос Шынклер “на становішчы радавых ды яшчэ жарстчэй у 10 разоў”, ён сур’ёзна захворвае. Пісьменніка кладуць у бальніцу, збіраюцца рабіць аперацыю. Але галоўурач вырашае яе адмяніць, бо тады на лячэнне пайшоў бы ўвесь час вучобы. У Хвядоса Шынклера знайшлі склероз сэрца і міякардыт. Ён піша жонцы Ксеніі: “не здаючыся ўсё ж хваробам, я сёння хадзіў на заняткі. Вынік варты жалю – боль і цяжка хадзіць, задыхаюся… не ведаю, чым гэта скончыцца…” У траўні 1942 года адбылася медыцынская камісія. Пісьменнік піша жонцы: “Быў я 9/V на камісіі, учора даведаўся вынік: пакінуты ў страі”.
Хвядос Шынклер працягвае спадзявацца на М. Лынькова і В. Вітку. Але спадзяванні марныя. Ён з горыччу паведамляе жонцы: “Меў паштоўку ад М.Лынькова. Ён піша: “Шкада, што гэтак бязглузда атрымалася з табой. Што-небудзь паспрабуем зрабіць, але каб сказаць тут што-небудзь пэўнае, дык не бяруся”. Я яму напісаў яшчэ ліст”. Далей у кнізе – скарачэнне. Можна здагадацца, што ўкладальнікі кнігі апусцілі крыўдлівае выказванне Хвядоса пра свайго былога літаратурнага і ідэйнага бацьку.
Хвядос Шынклер на сабе адчуў жорсткасць і бяздушнасць армейскай машыны, якая зусім не зважала ні на ягоныя прафесійныя здольнасці, ні на здароўе. Жыццёвая практыка моцна разыходзілася з той разумнай і рацыянальнай тэорыяй, якую ён прапагандаваў у сваіх творах.
Я адчуў гэтую сляпую сілу вайсковай бюракратыі на сваёй скуры ўжо ў 80-я гады “развітога сацыялізму”, бо ў мірны час (калі не лічыць вайну ў Афганістане) мяне, аспіранта Інстытута літаратуры Акадэміі навук забралі ў войска і накіравалі ў вучэбку ў Свярдлоўскую вобласць, у мястэчка Ялань, дзе я быў вывучаны на… механіка-вадзіцеля самаходнай гарматы і браніраванага цягача.
Хвядос Шынклера ўсё яшчэ не пакідаюць надзеі на ўлік ягоных уласных якасцяў пры далейшым лёсе. Ён піша жонцы: “Хочацца стаяць цвёрда на сваіх нагах і папрацаваць са сваёй ініцыятывай”. Ён супакойвае жонку, а, мабыць, і сябе: “Цімоша (В. Вітка – А. Б.) піша, што ў іх шмат гавораць пра Дзюку, робяць усё неабходнае, каб забраць да сябе, і гэта, пэўна, будзе зроблена”.
Пасля заканчэння чатырохмесячных курсаў вайсковай вучэльні малодшы лейтэнант Хвядос Шынклер у верасні 1942 года быў накіраваны ў лінейную частку, якая фармавалася тут жа, на Урале, у вёсцы Кур’я. Здароўе ў яго гэткае ж благое, ён скардзіцца жонцы: “…хадзіць цяжка. Пайду на днях да хірурга. Няхай дасць бандаж ці дапаможа чым іншым”.
Ізноў паўстае пытанне пра аперацыю і пра камісаванне Хвядоса Шынклера з войска. Але лёс і камандзіры распарадзіліся па-іншаму. 30 верасня 1942 года ягоная частка выехала на захад. Цягнік без супынку праязджае Свярдлоўск. Хвядос піша з дарогі жонцы: “Крыўдна, так шкада, што не пабачыўся з вамі”.
Гэта было апошняе падарожжа Хвядоса Шынклера па чыгунцы, якую ён так любіў. Лёс напаследак падараваў яму гэтае тысячакіламетровае падарожжа праз лясы, палі і масты, насустрач непазбежнай смерці. 13 кастрычніка ён дасылае апошнюю паштоўку жонцы, у якой паведамляе: “Усё яшчэ ў паходзе… цяжка мне без вас… і ўвесь час у думках я з вамі. Беражыце маіх рабятак, нагадвайце ім пра татку і яму будзе лягчэй”.
Вайсковая частка Хвядоса Шынклера была накіравана пад Сталінград. У гэты час там ішла адна з найбольш крывавых бітваў Другой сусветнай вайны. Я не ведаю, ці паспеў малодшы лейтэнант, беларускі пісьменнік Хвядос Шынклер паваяваць хоць два-тры дні, ці ён быў забіты ў першы ж дзень, у першым жа баі. Урэшце, гэта не мае ніякага значэння. З усіх здольнасцяў Хвядоса Шынклера ў гэтыя дні спатрэбілася толькі адное – пайсці па загадзе і памерці. Гэты хворы немалады ўжо інтэлігентны чалавек, пісьменнік, які так аддана даказваў савецкай уладзе сваю патрэбнасць, які гэтак актыўна ўдзельнічаў у фармаванні новага тыпу чалавека, апантанага савецкім патрыятызмам, павінен быў пакласці на алтар уласнае жыццё…
25 кастрычніка 1942 года камандзір узвода 1-й роты 93-й асобнай стралковай дывізіі малодшы лейтэнант Хвядос Шынклер загінуў пад Сталінградам на вышыні 95,9 каля пасёлка Бекетаўка.

Р.S. Праз год 15.09.1943 года загіне сямнаццацігадовы сын Хвядоса Шынклера Юры, які добраахвотнікам пайшоў на фронт…
Жодзіна, турма № 8.


“Дзеяслоўцы” шчыра віншуюць свайго сталага аўтара і сябра
Алеся Бяляцкага з пяцідзесяцігоддзем і зычаць яму
трывання і аптымізму, здароўя і Свабоды…