12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ірына Бельская

_____________________
Каб адагрэць сваю душу.
Вершы



Мара

Я марыла адчай разьбіць.
Рэальнасьць з мрой ляпіла.
Хацела зоркай яркай быць,
Ды неба не хапіла.

Мне скруху удалося збыць,
Хоць танна, але скора.
Марской хацела зоркай быць,
Ды абмялела мора.

Лісьлівых твараў не забыць,
Што памяць паланілі,
Прасілі зоркай шчасьця быць,
Ды шчасьцем абдзялілі.

І мне няма каму сьвяціць
Між небам і зямлёю.
Таму, напэўна, лепей быць
Ня зоркаю – ральлёю.


Сьлёзы

Сьлёзы коцяцца толькі ўніз:
сьлёзы лёгкімі не бываюць.
Сьлёзы цяжкія з ног зьбіваюць –
Гэтак спрытна й прыгожа – ніц.
Сьлёзы горкія сьпеляць вочы,
быццам скрыўдзіў хтось злы дзіця.
Так прысьнілася мне. Хаця –
сёньня плакаў паэт уночы.


Сагрэцца

Ня грэе месяц уначы,
Няма цяпла ў вачах і сэрцах –
І я стараюся ўцячы
Бліжэй да сонца, каб пагрэцца.

І я з апошніх сіл сьпяшу
Прэч ад жыцьцёвага астрога,
Каб адагрэць сваю душу
За пазухай у Пана Бога.


* * *

Мой мілы-любы, за каханку
Ты сам сабе абраў маланку.
Казаў «дабранач» ёй уночы,
Пяшчотна цалаваў у вочы,
Трымаў за жоўтыя далоні.
І не прасіў ні спраў, ні слоў, ні
Абяцаньняў, ні сустрэчаў.
Ёй не дарыў каштоўных рэчаў.
Калі дачула я, прасіла
Яе аддзякаваць, мой мілы,
Табе за дабрыні нямала.
Як жа цябе йна цалавала!
Казала, што яна твая ўся,
А ты асьлеп, бо ты баяўся
Яе пякучай прыгажосьці,
Яе халоднасьці і злосьці…

Ці ведаў ты, што бліскавіца –
Мая стрыечная сястрыца?


* * *
Зьмерыў душу нейчы крок –
папрок
Рэхам адбіўся пустым –
густым
Вечар упаў на зямлю –
тулю
Сонца ужо да грудзей –
радзей
больш не будую масты –
лісты
Ўжо не пішу на вадзе –
нідзе
Ноч не пасьпее згарэць –
сагрэць
Рукі мае і душу –
гляджу
Сьвеціцца нехта чужы –
хто жыў
Нехта няродны ня ў час –
пагас
Ранак пляце ці туман –
ці зман
Блытае сны ў галаве –
заве
Хто не прыпомніць мяне –
міне
Той хто маім ня стаў –
растаў
Дзень мой згубіўся у сьнег –
пабег
Сонца згарэла ў грудзях –
наўспрах.

Ня я
Абяздоленая.
Абясьсіленая.
Абяскрыленая.
Абязьвершаная.

…а бяз верша – ня я.