12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Роберт Бёрнс,
Поль Верлен,
Вінцэсь Каратынскі,
Іван Франко,
Федэрыка Гарсія Лорка

_____________________
ў перакладах Галіны Дубянецкай


З Роберта БЁРНСА

Мелодыя – ДЛЯ Некага

Мне сэрца ціхенька шчыміць,
Усё шчыміць пра Некага;
І ноч зімовую ня сьпіць,
Яно ня сьпіць праз Некага.

О-гой! пра Некага!
О-гэй! пра Некага!

Магу я ўсю зямлю прайсьці—
Абы дайсьці да Некага;
Ты, Зорка Любасьці, сьвяці
У цёмначы для Некага;
Даўгія сьцежкі скараці
І прывядзі мне Некага!
О-гой! да Некага!
О-гэй! да Некага!

Чаго я толькі не змагу
На сьвеце дзеля Некага!


Мая любоў

Любоў мая – бы ружачка,
Якую высьніў сад;
Любоў мая – бы музыка,
З якою ў сэрцы лад.

Са мной харашыня твая,
З табой мая любоў,
Пакуль ня змоўкне акіян
Ля гэтых берагоў.

Пакуль ня змоўкне акіян,
Пакуль скала стаіць,
Пакуль бяжыць пясок жыцьця,
Адно табой мне жыць.

Чакай мяне, любоў мая!
Не адмыкай журбе.
І ведай: дзе б ні бег мой шлях,
Ён прыйдзе да цябе.


Табе

Калі завея зойме сьвет
І згіне шлях, і згіне шлях,
Я над табой напну свой плед,
Нібыта дах, нібыта дах.
Калі б нарынуў градабой
Ліхіх падзей, ліхіх падзей,
Я б стаў між імі і табой
За мур цьвярдзей, за мур цьвярдзей.

Калі б я, гнаны і кляты,
Ня меў кута, ня меў жытла,
Я б зладзіў рай, адно каб ты
Са мной была, са мной была.
А каб на царскі сеў пасад
Па той дзяльбе, па той дзяльбе,
Сваю б карону і арнат
Аддаў табе, аддаў табе.


Красуня з Эклефэхану

— Браў мяне ты, браў мяне
Ты, можа, без нічога?
Калаўрот вунь пры сьцяне,
А во, глядзі, начоўкі!
А што ў дзеда хаты дзьве,
А трэцяя – пуня?
А сама я ўжо табе –
Дык, можа, не красуня?!

— Ай, досі языком пляскаць,
Ай, досі гэнай зьвягі!
З чаго ж, хоць не любіў гуляць,
Падаўся я ў бадзягі?!
Пад вэрхал твой забыў спакой,
Закінуў гаспадарку…
Цягні шатан цябе з сабой —
Я б вынес яму чарку!


Песьня пра Ганну

Ўва мне ўчарашні хмель ня сьціх –
Ды не з віна я п’яны:
Учора на грудзях маіх
Заснулі косы Ганны.
Габрэй галодны, што шалеў,
Дапаўшыся да манны,—
І ён той слодычы ня меў,
Што я – ад вуснаў Ганны.

Усё загрэблі каралі –
Ад Інду да Саванны;
Ды што б яны ні набылі,
Ня варта вабаў Ганны.
Нашто мне бляск імператрыц
Ці ўвесь гарэм султана?
Ні трошкі ім не замяніць
Пяшчотаў любай Ганны.
Хутчэй сыдзі, пыхлівы дзень!
Прэч, зыркая Дыяна!
Схавайце, зоркі, свой прамень,
Калі са мною Ганна!
Няхай не падымаюць вей
Сьвяцілы ў час каханьня…
Пазыч пяро мне, салавей,
На вершасьпевы Ганьне!

P o s t s c r i p t
Царква ды суд няхай вярзуць,
Бы ўчынак мой заганны.
Няхай яны да д’ябла йдуць,
А я пайду да Ганны.
Яна — вачэй маіх сьвятло,
Прытулак мой жаданы.
Каб тры жыцьці ў мяне было,
Й ніводнага – бяз Ганны.


З Поля ВЕРЛЕНА

Мастацтва паэзіі

Спачатку – музыка між хаосу,
Тады і ўчуеш рытм-памер:
Бязважкі й лёткі, як сам этэр,
Няцот лаві, дык ня мецьме зносу.

І хай, можа, песенька твая
Хістае словы, нібы з капрызу:
Пад хмелем расхростанага брызу
Дакладнасьць пякнейшая ўдвая.

Гэта як позіркі праз вялёны,
Гэта скрозь лісьце вырай сьвятла,
Гэта ў затокі цёмнага шкла
Гармідар зораў глядзіць шалёны!

Цяпер Адценьне хай возьме лейцы:
Ня Колер пэўны – адно Нюанс
Павабіць мары на кантраданс,
Ражок павядзе насустрач флейце!

Але адцурайся Вастрыні –
Падступны Досьціп ці Сьмех забойчы
Імгліць ня сьмее Даверу вочы,
Ні потых нізкае варыўні!

Красамоўству шыю скруці набок!
І добра, каб не вагаўся густ
Наводзіць Рыфму штораз на глузд,
Бо дасца ў знакі нам ейны скок!

О Рыфма, споўненая пракудства!
Які глушэц, а які лайдак
Бразготку тую цаной мядзяк
Пусьціў па сьвеце назвоньваць глупства?

Яшчэ раз – музыкі! І чуцьця!
І верш твой, быццам уздых няроўны,
З-пад сэрца вымкне, любасьці поўны,
Да вышаў, поўных жыцьця.

Хай верш нясецца ў вір авантуры,
Як загулялы ў палях віхор,
І мяту ўблытае, і чабор…
А іншае ўсё – з літаратуры.


З Вінцэся КАРАТЫНСКАГА

Тры праявы

Каханьне й Жыцьцё – бліскавіца ў бяздоньні:
Тому, хто чуе, — адвечнасьці покліч…
У долі-нядолі, да скону й па сконе,
На судзе апошнім…
— Заўжды буду поплеч!

Каханьне й Жыцьцё – латарэя сьляпая:
Шанц табе, хлопча, — ня лыпай вачыма…
Шанц табе, дзеду, — глянь, выпадае…
Заўтра ці прыйдзеш, мой любы?
— Магчыма!

Каханьне й Жыцьцё – кірмашовыя транты:
Попыт заўсёдны, скрозь поўдзень і поўнач…
Гэй, прайдзісьветы, дзялкі, рызыканты!
Хто дае болей?
—Бог помач, Бог помач!

У альбом Аляксандру Тышынскаму

Паміж імёнаў, што Богам абраны
На родным небе зоркамі зьзяці
Ў жытніх каронах працы й пашаны,
Сьціплае слова пішу табе, браце.

Як абступала ў злыя гадзіны
Бездараж думкі, багна няверцы,—
Вёў мяне з цемры голас адзіны,
Голас пакліканьня нашага ў сэрцы.

З гэтай зямелькаю сумнай, бяздольнай
Нас паядналі крэўныя ніты
Смутку супольнага, веры супольнай
І даўніх мараў, што не забыты.


З Івана ФРАНКО

* * *
Цікавала зіма:
Што там з гольля цячэ,
Хто падточвае лёд
На шырокай рацэ?

Варажыла зіма:
Скуль той водар плыве,
Што ўзрушае спакой,
Што так слабне сама?

Не ўгадае зіма:
Скуль нямая зямля
Набірае чуцьця,
Ажывае штодня?

Лютавала зіма:
Ёй дыван сьнегавы
Як пасьмела прабіць
Дробных кветак гурма?!

І дыхнула на іх
Сьцюжай з вуснаў шкляных,
І пластом пачала
Сьнег кідаці на іх.
Кветкі ніцам ляглі –
Не відаць ад зямлі;
Шура-бура прайшла –
Зноў галоўкі ўзьнялі.

І найболей за ўсё
Лютавала зіма,
Што на дробны той квет
Ейнай моцы няма.


* * *
Бязьмежнае поле, у сьнежным спакою,
Гэй, дай мне прасьцягу ды волі!
Я сам сярод пусткі, ды конь пада мною,
Ды ў сэрцы нясьцерпныя болі.

Нясі ж мяне, коню, праз гэтае поле
З віхурай, што тутай гуляе, —
А можа, ўцяку я ад лютага болю,
Што сэрца маё разрывае.


* * *
Раз у Пярэмысьлі, дзе Сян плыве зялёны,
Стаяў на мосьце я ў цяжкой задуме,
Я думаў пра цябе, душа мая,
Пра шчасьце тое, што лятучай зданьню
Зьявілася, ўсьміхнулася дый шчэзла,
Пакінуўшы на сэрцы сьлед нязгасны,
І я згадаў адно апавяданьне,
Што тут, над Сянам, ад народу чуў.

Зіма была. Замерз зялёны Сян,
І па бліскучым ледзяным памосьце
Працерлі санны шлях сабе сяляне.

І вось нядзелькай гожаю, апоўдні
Выходзяць людзі з цэрквы. Зьзяе сонца,
Іскрыцца сьнег. Натоўп народу выйшаў
Над Сян, гучаць вясёлыя гамонкі.

Аж вунь за Сянам на бялюткім полі
Штось зачарнелася, званцы брынчаць,
Падковы бомкаюць аб дол прамерзлы,
І наўскакі ўтаптанаю дарогай
Важнецкая жане чацьверка. Вупраж
Да сонца зіхаціць; нібы віхура,
Ляціць карэта, пугаю вазак,
Бы з пісталета, ляскае…
Убогі
Вясковы люд глядзіць на тую зьяву,
Дзівуецца. І хто б то мог так ехаць?
Ніколі ні запрэжак, ні вазкоў
Такіх тут не вялося. Ні старыя,
Ні маладыя здумаці ня могуць,
Хто гэта едзе, скуль і да каго?

Чацьверка ж, не збаўляючы хады,
Панеслася па лёдзе. Застагнаў
Пад капытамі конскімі, азваўся
Памост крыштальны, рыпам зарыпеў
Пад коламі карэты зьмерзлы сьнег.
І ляснуў пугаю вазак; бы вецер,
Чацьверка неслася.
Аж пасярод
Ракі, дзе крые тоўшча лёду
Найглыбшы вір, штось хрупнула –
разок,
Аднюткі раз там хрупнула! Шырокі
Круг лёду, бы абкроены, падаўся,
І коні, і карэта, і вазак,
І што было ў карэце, нібы сон,
Нібыта здань дзівосная, прапала.
І толькі Сян забулькацеў, бы д’ябал,
Ды аблізаўся хваляю зялёнай,
Што плюхнула шырока паўзьверх лёду
І зноў сышла да тоні таямнічай,
А той карэты з коньмі—хоць бы знак.

І не дазналіся ніколі людзі,
Хто гэтак ехаў, скуль і да каго.
Ніхто пра іх ніколі не распытваў,
Ані ў рацэ ніхто якіх парэшткаў
Не адшукаў. Калі б адзін хто бачыў
Праяву, а ня сотня сьведкаў, сам ён
Па часе б веры ўжо сабе ня даў,
Па часе б мусіў сам на тым спыніцца,
Што ўсё быў сон.
То майго сэрца драма!
Калі б ня гэтулькі гадоў пакуты,
Пякучых боляў, сьлёз і бажавольля,
Глухое роспачы, шалёных бунтаў
Прыгнечанага сэрца, дык я сам,
Згадаўшы нашу першую сустрэчу
І той праменьчык яснае надзеі,
Што бліснуў мне, ані б не сумняваўся,
Што быў то сон, надсянская легенда.


* * *
Як пачуеш той плач між начной цішыні
За вакном, дзе так зімна ды гразка,
Ня будзіся ад сну, не праймайся ані,
Ня ўзірайся ў той бок, мая краска!

То ня ўбогі які, не прыблудны кульга,
Не галодны жабрак, мая зорка;
То самота мая, без патолі туга,
То любоў мая плача так горка.


Маёй не маёй

Паклон табе, асмужаная кветка,
Мая таемная з таемных мрояў,
Астатні мой паклон!
Хоць нам сустрэчы выпадалі рэдка,
Як часта мне ўспамін той сэрца кроіў,
А ўсё ж вітаны ён!

Калі мяне бліжэй ты не пусьціла,
Ў маёй крыві суцішыла й згасіла
Любоўны, дзікі шал,—
На ўвесь мой век самотны і бадзяжны
Ты мне ўпісала ў сэрца недасяжны
Жаночы ідэал.

І сёньня, хоць між намі долы й горы,
Калі кладзецца цень каменнай зморы
На зрок мой і абшар,
Адно цябе душа тады шукае
І да цябе ў зьнямозе прынікае
І зроньвае цяжар.

А часам, як у сьне цябе пабачу,
Адразу й злосьць, і ўсю гаркоту трачу
І прэч адкідваю, бы зьмеяў збой;
І штось душу нібы сьвятое грэе,
Хоць не любоў, ня вера, не надзея,
А чысты вобраз твой.


* * *
Цьмеюць макаўкі гор,
На сьцяжынах імгла.
Што паўстала табе насупор?
Што за хмара чало спавіла?

Як віруе вада!
Як гудзе Чарамош!
Атачылася ў думках нуда
І ўсё гострыць паціху свой нож.

Нейкі быццам дакор
Дзесь гукае душу,
Быццам каня з імглы з па-над гор
Сумна квіліць і просіць дажджу.


З Фэдэрыка Гарсія ЛОРКІ

Прылюдыя

Таполі пойдуць ад нас,
але сьветлыня застаецца.

Таполі пойдуць ад нас,
а з намі пакінуць вецер.

А вецер стаіў дыханьне,
накрыты прасьцінай неба.

Але галасоў калыханьне
пакінуў блукаць па рэках.

Віры сьветлячкоў сусьветавых —
паўсюль успаміны раяцца.

І сэрца – малое зернетка,
жарынка ў сьцішаных пальцах.