12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Тацяна Беланогая

_____________________
Скульптура слова. Вершы


Мёртвая трава

Што такое сэрца?
Што такое вера?
Што такое сорам,
Калі я мёртвая трава?

Што такое танец?
Што такое сонца?
Што такое песня,
Калі я мёртвая трава?

Вырастае ў горадзе на суседнім доме.
Вырастае ўнутры ў маім пакоі.

Што такое колер?
Што такое вага?
Што такое пахі,
Калі я мёртвая трава?

Што такое ноч?
Што такое вечар?
Што такое вечнасць,
Калі я мёртвая трава?

Што такое позна?
Што такое рана?
Што такое лета,
Калі я мёртвая трава?

Вырастае звонку на суседнім доме.
Вырастае ўнутры ў маім пакоі.

Анёлы

Белыя анёлы спявалі песні,
Ірвалі сэрцы, шукалі прыстань.
Белыя анёлы вясну гукалі, зіму прымалі,
Кружылі лісцем
Ў краіне, дзе літара “Я”
Забітая была.
Ў краіне, дзе літара “Я”
Забітая была.

Белыя анёлы пісалі кнігі
Пра свае крылы, пра свае ночы.
Адбівалі такт на парапетах
Высока ў нябёсах, высока на дахах
Ў краіне, дзе літара “Я”
Забітая была.
Ў краіне, дзе літара “Я”
Забітая была.

На белых анёлаў чорныя людзі
Ставілі пасткі, ставілі сеткі.
Сквапныя рукі хацелі крануць
Тумановыя косы.
Але іх бараніла літара “Я”.
Напэўна, гэта была
Святая душа.


Кола

У сутонні чорным мая птушка стогне.
Божа, ты ўсё можаш – вярні мне жыццё.
Дзе той Пётр з ключамі ад цудоўнага раю?
Дзе цуд, у які верым?

А мая дарога ператвораная ў кола.
Я хаджу па ім ды спяваю песні.
Жабракам ды сляпым дзецям.
Маладым наркаманам ды галодным сіротам.

А я хацела сказаць, што я не супраць.
Я так хацела сказаць, што мне не блага.
Толькі вашае неба мне стала атрутай,
Толькі вашыя ролі мне сталі смерцю.

Мне спяваць не цяжка.
Мне спяваць не цяжка.
Мая мара толькі застацца сабою.
Мне спяваць не цяжка.
Мне спяваць не цяжка.
Проста балюча.


Птах

Наш засмучаны птах. Хто пазнае яго пасля войнаў?
Апусцілі наш сцяг, ды палова сказала: “Усё роўна”.
Чорны колер крыві перальецца праз белыя рукі.
Птах забыўся на сон. Ломяць крылле жыццёвыя скрухі.

Стома прыйдзе, як ноч. Цераз межы пяройдзе, дзе сіла.
Птах захоча заснуць, ды жыве даўно сон у яго крылах.
Цемра чорнай рукой адчыняе гасцінец для болю.
Птах баіцца глядзець, гаспадарыць хто там за гарою.

Наш птах ляціць у неба.
Наш сцяг гарыць на сонцы.
Наш твар хаваць не трэба.
Ды гэта толькі ў снах.
Ды гэта толькі ў снах.

Дзе сябры – там хлусня, ды ўсё роўна з адкрытай душою.
Сумна жыць у клетцы дня і палова сяброў за мяжою.
Птах застаўся сядзець на зямлі з пераломленым крыллем.
Вецер, дапамажы, перадай прывітанне шчаслівым.

Вось надзея ляжыць – адразайце ўсе колькі вам трэба.
Можа гэта хлусня – існаванне шчаслівага неба.
Сумным позіркам зор птах акіне чорнае мора.
Сэрца ў цэнтры зямлі, як мішэнь для сусветнага гора.

Наш птах ляціць у неба.
Наш сцяг гарыць на сонцы.
Наш твар хаваць не трэба.
Ды гэта толькі ў снах.

Ды гэта толькі ў снах.
Ды гэта толькі ў снах.


Маўклівая

Маўклівая.
Яе вачам трыста год.
Яны бачылі больш за гаманлівы натоўп.

Ты далоняў сваіх да вачэй не тулі –
Паглядзі, яе слёзы ападаюць на твае сляды.

Раніцой кожны дзень надыходзіць вайна.
Ёй патрэбна пасталець яшчэ давідна.

Яна ведае сум. Ёй знаёма журба.
Яна сумленна жыве, бо жыве адна.

Яна ведае тое, пра што лепей маўчаць.
Каго ненавідзець, а каго вітаць.

У канцы змрочных дзён раскіне рукі крыжом.
Пойдзе ўцехі шукаць і скажа: “Няўжо?”…

Маўклівая.


Трымай мяне

Мой тата кажа:
“Праўда ў кожнага свая”.
Мая маці кажа: “Любі людзей”.
Мая сястра кажа:
“Я не ведаю, куды пайсці”.
Мая бабуля кажа:
“Галоўнае, каб не было вайны”.

Трымай мяне на коўзкіх прыступках.
Трымай мяне, няісны хлопчык.
Трымай мяне на халодных пралётах.
Трымай мяне, цвёрды голас.

У кожнага свая
Ў галаве вайна.
І кожны сам замінае сабе.
А я ўяўлю,
Што я заўтра памру,
І зраблю тое,
Што хацела зрабіць учора.


Баль

Не забівай маё “Я”, вельмі прашу цябе,
Грэшны кат.
На цёмных калідорах зашмат
Галодных пацукоў.
Я нешта хацела сказаць
Пра сонца і святло.
Я нешта хацела.
Успомніліся боты ды
Захарканы крывёю снег.
Баль у час, калі
Забіваюць герояў.
Баль у час, калі
Косткі ныюць ад болю.
Баль у час, калі
Рукі не знаходзяць апоры.
Баль у час, калі
Сляпыя вочы слязяцца.
Сляпыя вочы слязяцца.

О, ружовае дрэва,
Забудзься на сваё жоўтае сонца.
Кітайская лялька,
Ты такая падобная да нашага стагоддзя.
Апошняе слова
Застанецца за паэтам.
Жыццё – гэта кола,
І нехта хоча парушыць
Законы сусвету.


Чорная ноч

Гэтай чорнаю ноччу
Мне паветрам не дыхаць.
Гэтай чорнаю ноччу
Мне глядзець у вакно.

Мае раны ўжо
Стогадовыя дзеці,
Мае песні ўжо
Састарэлі даўно.

Хто паўзе, хто крычыць –
Адчыняю вам дзверы.
Я, таксама, як вы –
Я, таксама адна.

Толькі той чалавек,
Што адзіны ў свеце,
Не пачуе мяне
Не адчуе цяпла.


Мы – Вецер

Слова ў гэтай цішыні
Можа забіць.
Слова ў гэткай цішыні
Можа забіць.
Але мне не страшна,
Бо чую я твае крокі.
Але мне не страшна,
Бо думкі не паміраюць.
Але мне не страшна
Нават сказаць табе,
Што мы – Вечнасць.

А па лесвіцы ў вечнасць
Ходзіць маўклівы каваль.
А па лесвіцы ў вечнасць
Ходзіць сейбіт.
І яго зерне –
Гэта шлях у бязмежжа.
І мне здаецца,
Што мы знайшлі дарогу.
І мне не страшна нават сказаць табе,
Што мы – Вецер.

Ну а ветру немагчыма
Падрэзаць крылы.
Вецер толькі баіцца
Бетонных сценаў.
Ты суцеш мяне і скажы,
Што там за мурам.
Ты суцеш мяне і разбі
Гадзіннік.
І калі не страшна табе,
Скажы мне, хто мы.
Мы – Вечнасць, Мы – Вецер.


Метро
Я паеду на метро.
Я паеду на метро да цябе.
Я буду глядзець у вакно,
Я буду глядзець,
А бaчыць сябе.

Нехта сказаў: “Наверсе дажджы”.
Мне так шкада дзяцей у Руандзе.
Я ведаю, што пасля смерці зямлі
Будзе новае Неба!..

Я паеду на метро
Да таго, хто чакае мяне.
Сіроты ды дождж,
Сіроты ды дождж
На беразе тым...
І я здзіўляюся жорсткасці дзвярэй,
Якія зачыняюцца.
І я здзіўляюся жорсткасці людзей,
Якія забіваюць...

Я паеду на метро да цябе.
Я паеду на метро да цябе.

Дрэва
Уночы
Я шукала свой бераг.
Уночы
Паміралі мае вочы.
Я не магла ўжо спаць.

Назаўтра
Рушыла я на поўнач.
Назаўтра
Паміралі мае вусны –
Я пачала маўчаць.

А потым
Паміралі мае ногі.
Мяне ўжо
Не вабілі дарогі.
Я пачала стаяць.

Я – дрэва ў бясконцым полі.
Я – дрэва ў жахлівай ночы.
Я – дрэва ў сцюдзёным сне.

І ветры заламаюць маю волю,
Змайструюць пасткі, сеткі
Караням ды галінам маім.

І будзе лес на гэтым полі...
Я знаю, знаю – праўду любіць:
Вінаваты без віны,
Маўклівы без віны,
Забіты без віны.


1984

Год нараджэння 1984 –
Шчуры бягуць з карабля.
Год нараджэння 1984 –
Іх можна зразумець.

Пакаленне загнанае ў кут,
Пакаленне дрыготкай зямлі,
Пакаленне разбураных сцен,
Зняважанага попелу.
Пакаленне праклятае днём,
Пакаленне распранутых душ,
Пакаленне мірнага,
Але не святога неба.
Год нараджэння 1984 –
Шчуры забіваюць сябе.
Год нараджэння 1984 –
Іх можна зразумець.

Пакаленне глядзіць у туман.
Пакаленне забівае цвікі.
Пакаленне плюе, плюе, плюе, плюе...
Пакаленне марыць паспаць,
Пакаленне марыць узляцець,
Пакаленне марыць знайсці сябе, сябе, сябе...


Зямля

Памалюся за цябе. Хай прысніцца сон,
У якім сонца.
Памалюся за цябе. Хай прысніцца сон,
У якім вецер
Калыша высокія травы, калыша высокія травы.

Маліся за мяне. У вачах маіх
Змаляваныя сцены.
Маліся за мяне. У руках маіх
Жалезныя вены. Маліся за мяне.
Я – каменне на дарозе,
Каменне на дарозе.

Хай малітвы паляцяць
І на небе будуць разам.
Малітвы паляцяць
І на небе будуць разам.
Зямля не для кахання,
Зямля не для кахання.


Каменны горад

Я так хачу сустрэцца з Вамі
Ў каменным горадзе N.
Я так хачу сказаць, што зоркі
Вышэйшыя за краты гэтых сцен.

Толькі нам гараць ліхтары.
Толькі нам грае ноч.
Толькі нам падае зверху бурштын.
Толькі нас бачыць Бог.

Мы – гіпс, мы – лёгкае віно.
Мы – чыстае сумленне калодзежу і дна.
Усё пачнецца, і ўсё ўжо было.
Цнатлівая трава, апошняя трава.

Толькі нам гараць ліхтары.
Толькі нам грае ноч.
Толькі нам падае зверху бурштын.
Толькі нас бачыць Бог.


Малітва

Калі ў вачах нічога, акрамя адбіткаў святла ліхтароў,
Калі на сэрцы трывога, а на пальцах кроў,
Збірайся ў дарогу – дарога твой дом,
Збірайся ў дарогу – дарога твой брат.

“Я хачу быць з табой, я хачу быць з табой”, –
Казала зорка ў небе, ляцела малітва ўверх.
У мяне ёсць тое, у мяне ёсць тое,
Што падарыў Бог, – гэта Любоў.
Іду за ёю па вадзе, іду за ёю па вадзе...

І, можа быць, лепей, што ты не такі, як усе.
І, можа быць, лепей, што ты любіш пабыць адзін.
Дарога не дазволіць старэць, дарога спытае цябе.
Дарога не дазволіць старэць, і дарога адказ табе дасць.

“Я хачу быць з табой, я хачу быць з табой”, –
Казала зорка ў небе, ляцела малітва ўверх.
У мяне ёсць тое, у мяне ёсць тое,
Што падарыў Бог – гэта Любоў.
Ідзі за ёю па вадзе, ідзі за ёю па вадзе...


Горы

Я люблю глядзець на горы.
Яны бліжэй да неба.
Ты падымаеш мяне на сваіх руках.

Я люблю глядзець на мора.
Вецер нараджае хвалі.
Ты жывеш прасторай у маіх грудзях.

Занадта блізка, вельмі далёка.
Занадта нізка, вельмі высока.
Занадта лёгка, вельмі цяжка –
Звычайнае каханне.

Я люблю глядзець на срэбра душ –
Размовы людзей, смех дзяцей.
Размаўляй са мной і трымай мяне за руку.

Я сказала: “Люблю”.
Адгукнулася: “Кахаю”.
І патанае каменне ў глыбокіх морах.

Занадта блізка, вельмі далёка.
Занадта нізка, вельмі высока.
Занадта лёгка, вельмі цяжка –
Звычайнае каханне.

Я веру ў любоў

Я тая, што затрымала свой позірк. Адказу няма.
Я тая, што доўга маўчала. Так хацела сама.
Я тая, што вельмі кахала. Адказу няма.
Я тая, што бачыла кола.

Я не веру ў літары, я веру ў любоў.
Я не веру ў знакі, я веру ў любоў.
Я не веру ў гукі, я веру ў любоў.

Я тая, якой пяць мільярдаў. Ты будзеш вечна.
Я тая, што будзе падаць. Усё так дзіўна.
Я тая, якой трэба неба. Ты будзеш вечна.
Я тая, што будзе лётаць.

Я тая, што крочыць. За вакном вясна.
Я тая, што танчыць. Палымянае сэрца.
Я тая, што спявае. За вакном вясна.
Я тая, што шукае.

Я не веру ў літары, я веру ў любоў.
Я не веру ў знакі, я веру ў любоў.
Я не веру ў гукі, я веру ў любоў.