12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Валянцін Блакіт

_____________________
Уваскрасеньне ўчарашняга дня.
Лірычна-дакументальны расповед (Працяг)




Пачатак
у №6 (31)

Часопісны
варыянт.



Як без ахвоты ехаў у Жалудок, так быў задаволены, рады, нават шчасьлівы, што прыехаў – мусіць, заўсёды так бывае. Зрабіў нечаканае адкрыцьцё: а жыць і працаваць у маленькім гарадку, дзе кожны кожнага ведае, дзе ты заўсёды ва ўсіх на віду, куды цікавей, чым у гарадской абязьлічцы. А галоўнае – тут была зусім іншая службовая атмасфера з больш шчырымі і цёплымі, пазбаўленымі інтрыжак і недобразычліўства стасункамі між людзьмі, у якой кожны пачуваў абсалютна натуральна, як рыба ў вадзе. Ва ўсякім разе я адчуваў сябе тут менавіта так, меў поўную свабоду дзеяньня, канешне ж, у межах літаўскага “Перечня”, установак ЦК КПСС і ўказаньняў райкаму партыі, якія пры добрым паразуменьні з ягоным начальствам можна было і беспакаранна праігнараваць альбо разумна абыйсьці. Рэдактар быў чалавек вельмі заняты – толькі першы сакратар райкаму і ён засядалі і на бюро, і на выканкаме, а тады было нормай, што гэтыя доўгія на ўвесь дзень пасяджэньні праводзіліся па разу, а то і па два разы на ты­дзень. Да ўсяго як член бюро райкаму і выканкаму райсавету ён меў замацаваны калгас, за які як упаўнаважаны адказваў галавой і партбілетам. А яшчэ ў Абрама Данілавіча была і на ўсё жыцьцё засталася неадольная звычка корпацца ў машыне, за што меў вечныя канфлікты з жонкай Тацянай Іванаўнай – дужа экспрэсіўнай, але мілейшай і дабрэйшай душы кабетай. Ён мог доўгімі гадзі­намі нешта прыкручваць, адкручваць у дабітым да ручкі рэдакцыйным “Масквічы”, каб раз выехаць, а потым зноў пачынаць нешта прымяраць-падкручваць, вяртацца дамоў у забруджанай, замасьленай адзежыне, чарговы раз атрымліваць ад жонкі на арэхі, якія адскоквалі ад яго, як гарох ад сьцяны. А мне дык падабалася і ягоная занятасьць, і прадастаўленая мне самастойнасьць. Бадай, нідзе і ніколі больш не працавалася так узьнёсла, з такім імпэтам, натхненьнем і самааддачай, імкненьнем самарэалізавацца, як тут. І ў калектыве, і ў раённага начальства, і ў гаспадарнікаў адчуваў да сябе добрае, прыязнае стаўленьне, быў дапушчаны да раённай кіруючай эліты ці, як сказаў сёньняшні народны класік, у “узкий круг ограниченых людей”...

У памяці захавалася шмат розных гісторыяў з тых часоў. Прыгадаю толькі адну – вясёлую і адначасова сумную пра Папялушку, якая на нейкі час стала прынцэсай, да чаго меў непасрэднае спрычыненьне...
Неяк пазваніў з райкаму рэдактар і загадаў неадкладна прыбыць у кабінет першага сакратара Мікалаенкава. Падзівіўся: навошта спатрэбіўся першаму, калі там рэдактар? Але клічуць дык клічуць – завёў матацыкл і праз дзьве-тры хвіліны быў у райкаме.
У першага сядзелі заклапочана абодва сакратары Грыгор’еў і Нялюбін, старшыня райвыканкаму Апрышчанка са сваімі намесьнікамі, загадчыкі аддзелаў, інструктары, усе тры сакратары райкаму камсамолу на чале з Мішам Крупіцам ды Абрам Данілавіч.
– Такая справа... – зьвярнуўся першы, ледзьве я пераступіў парог. – Ты шастаеш па калгасах, то мо ведаеш сьвінараку альбо цялятніцу, каб была да дваццаці пяці гадоў, беларуска, беспартыйная і не камсамолка, з пачатковай адукацыяй і, вядома, мела добрыя паказчыкі?.. – Мусіць, заўважыў на маім твары пытаньне і патлумачыў: – Трэба знайсьці кандыдатуру з такімі параметрамі на вылучэньне дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР па Савеце нацыянальнасьцяў, гэта значыць – адна на пяць раёнаў. Нельга ўпусьціць, трэба знайсьці і тэрмінова – ужо заўтра-пасьлязаўтра жывую-здаровую даставіць у абкам партыі...
– Ведаю такую, – кажу не задумваючыся. – Тыдні два назад нарыс надрукаваў. Сьвінарка з калгасу імя Куйбышава Ліда Тупік. Рабацяга – пашукаць, і ўсё падходзіць: дваццаць два гады, не камсамолка і беспартыйная, два ці тры класы адукацыі, а па нацыянальнасьці – дык там, здаецца, усе беларусы...
– А як яна ўмудрылася і сямігодку не закончыць, і па-за камсамолам застацца? – падзівіўся першы сакратар. – Калі райана кантралюе абавязковую адукацыю, а ён, – кіўнуў на Мішу Крупіцу, – усіх гамузам у камсамол прымае…
– Яшчэ дзяўчынкай памагала хваравекай маці-сьвінарцы, а потым узяла ўсе клопаты на сябе. Во так і засталася... – патлумачыў я.
– Ну, слава Богу! – узрадаваўся першы і ўзяўся званіць старшыні калгасу Гузаву. – Хай дзеўка хоць сьвет пабачыць...
Гузаў нічога канкрэтнага ня мог сказаць, апроч таго, што насамрэч ёсьць такая вельмі харошая маладая сьвінарка, пра якую толькі што надрукаваны вялікі артыкул у “За Радзіму”. Мікалаенкаў тут жа падсыпаў яму на арэхі, што ня ведае сваіх лепшых людзей і строга загадаў неадкладна ўдакладніць усе анкетныя дадзеныя і праз хвілінаў пятнаццаць далажыць яму асабіста і чакаць далейшых указаньняў...
І пайшло-закруцілася. У абкаме ўзрадаваліся, што знайшлася такая, узгаднілі кандыдатуру вышэй, загадалі: калі ня будзе заўвагаў па лініі кампетэнтных органаў, то заўтра, у крайнім выпадку з самай раніцы пасьлязаўтра даставіць прэтэндэнтку з пісьмовай згодай балатавацца для гутаркі ў абкам партыі. Раённы гэбіст па сваёй лініі атрымаў звыштэрміновае заданьне, і ўжо вечарам далажыў Мікалаенкаву і, пэўна ж, свайму начальству: ніякага кампрамату на Ліду Тупік ня маецца. Тут жа ў калгас Гузаву паступіла строгае ўказаньне: заўтра а дзявятай даставіць Ліду Тупік у райкам партыі з гатовай пісьмовай згодай балатавацца. А позна ўвечары той страшэнна растроены апалым голасам пазваніў першаму на кватэру і паведаміў, што Ліда Тупік наадрэз адмаўляецца ад дэпутацтва. Разгневаны Мікалаенкаў на высокіх нотах загадаў Гузаву а палове дзявятай разам з прэтэндэнткай быць у райкаме…
Недзе пасьля дзесяці раніцы ў мяне зазваніў тэлефон. Мікалаенкаў злым голасам загадаў:
– Бягом сюды! Разьбірайся са сваёй Тупік. Зьявілася, як пудзіла гарохавае, ды сваёй адмовай устройвае нам палітычны скандал. Забясьпечвайце разам з Каралёвым, а я паклікаў Раева, каб тэрмінова апрануў...
Ліда ў паношанай фуфайцы і гумовіках разам з Гузавым была ў кабінеце Каралёва, вельмі ўзрадавалася, убачыўшы мяне, аднак цягнула сваю ранейшую песьню, шукаючы ў мяне падтрымкі:
– Ёсьць мне час па Масквах разьязджаць, а хто сьвіньні карміць будзе?..
Тыдні тры назад у нас з ёю была доўгая гаворка і на ферме, і ў ейнай маленькай скасабочанай хацінцы з глінянай падлогай, паўразваленай печчу, дзе жылі ўдваіх з нямоглай маці. Усё гэта я напісаў у нарысе, прысароміўшы калгаснае кіраўніцтва, і ў той жа дзень мне пазваніў Гузаў, пакляўся, што неадкладна пашле брыгаду, якая зробіць усё як трэба. І насамрэч калгасныя будаўнікі ўзяліся ладзіць печ, вокны, дзьверы, слаць падлогу, у чым я пераканаўся, заскочыўшы па дарозе праверыць, як трымае слова Гузаў. Ліда была страшэнна рада і цяпер Мікалаенкаву і Каралёву заявіла, што верыць толькі мне. Я “аўтарытэтна” пацьвердзіў, што будзе езьдзіць бясплатна ня толькі ў Маскву, а куды і дзе толькі захоча, хоць да Уладзівастоку, жыць і карміць у Маскве таксама будуць задарма ды яшчэ і грошы плаціць, сваімі вачамі, як тут кожнага з нас, будзе бачыць самога Хрушчова і ўсіх, чые партрэты вывешваюць на сьвяты. Яна паверыла, але страшэнна непакоілася, як даедзе да Масквы і ці ня згубіцца там, бо далей Жалудка нідзе не была. Я супакоіў, што ў Маскву дэпутаты ад вобласьці ды ад рэспублікі езьдзяць кампаніяй, не дадуць згубіцца-заблудзіцца, а як асвоіцца – пачувацца ў Крамлі і ў Маскве будзе, як у сваёй вёсцы. А пра сваіх сьвіней хай не хвалюецца – пакуль будзе ў Маскве на сесіях ці на сустрэчах з выбаршчыкамі, іх дагледзіць падменная сьвінарка, што тут жа пацьвердзіў Гузаў, заадно запэўніў, што санітарка і медсястра з фапа будуць штодня прыглядваць за хворай маці. Ліда верыла і ня верыла, аднак згоду балатавацца напісала, дакладней – перапісала з напісанага Каралёвым буйнымі літарамі, старанна і цяжка выводзячы кожную каракуліну. А на прысаромнае пытаньне, чаму, едучы ў людзі, не апранулася прыстойна, ніякавата разьвяла рукамі: няма нічога лепшага, бо і патрэбы нямашака – з відна да цямна на рабоце, не да гуляў...
Усе разам пайшлі ў кабінет да першага, дзе ўжо быў вялікі, мажны дырэктар райбыткамбінату Раеў. Мікалаенкаў быў задаволены нашай з Каралёвым агітацыяй, пахваліў Ліду і загадаў Раеву:
– Стаў на вушы ўсе свае службы, каб праз тры гадзіны была апранутая з іголачкі і выглядала, як артыстка…
Раеў памуляўся, але пакорна запрасіў Ліду ісьці з ім, а тая нечакана заўпарцілася: у мяне грошай няма на абноўкі...
– Ды не хвалюйся, Ліда, – супакоіў Мікалаенкаў. – За ўсё заплоціць ён, – паказаў на Гузава. – Калгас заплоціць…
Ліда зноў ударыла ў хамут, заявіўшы, што ня верыць. І зноў давялося ўмяшацца, каб пераканаць, што будзе так, як сказаў першы сакратар…
А праз гадзіны чатыры райбыткамбінатаўскія майстры і майстрыхі ў аўральным рэжыме адзелі, абулі, прычасалі Ліду – і яна насамрэч стала, калі і не прынцэсай, то вельмі зграбнай дзяўчынай – проста не пазнаць. Глядзела ў люстэрка, усьміхалася сама сабе і, адчувалася, абноўкі ёй вельмі і вельмі даспадобы…
Ну а далей ператварэньне Папялушкі ў прынцэсу пайшло, як па масьле, па абкатаным сцэнары. Паездка на райкамаўскім легкавіку ў суправаджэньні загадчыка аргаддзелу ў Гродню, арганізаваны ў калгасе сход па вылучэньні з зачытваньнем напісанай Каралёвым просьценькай кароценькай прамоўкі, затым яшчэ пяць-шэсьць раз на сустрэчах з выбаршчыкамі ў розных раёнах, куды яе вазілі і адвозілі на райкамаўскіх легкавіках, а потым выбары са звычайным 99,99 працэнта вынікам. І ўжо спакойна, бяз сьпешкі і аўралу з самага моднага і дэфіцытнага матэрыялу пашылі ёй за казённы кошт у райбыткамбінаце ўборы на ўсе сезоны і выпадкі. Ну і нарэшце – Масква, Крэмль, дэманстрацыя рэалізаванага ленінскага запавету – кухарка, тое ж самае і непісьменная сьвінарка, засядае ў вышэйшым органе, кіруе дзяржавай...
Сустрэліся з Лідай адразу ж пасьля ейнага вяртаньня з першай сесіі. Трымалася яна куды сьмялей і ўпэўненей, чым перад ад’ездам у Маскву. Дужа пасаваў, рабіў яе значнай салідны значок дэпутата Вярхоўнага Савету ў форме чырвонага сьцягу з пазалочанай аблямоўкай на шэраватага колеру блузцы, якая была ёй вельмі да твару. У Ліды было шмат назіраньняў і ўражаньняў, і бадай, самае важнае – спраўдзілася ўсё, што я гаварыў. Ліда была амаль шчасьлівая і на разьвітаньне сказала пра сваё галоўнае адкрыцьцё, зробленае ў Крамлі:
– Цяпер я знаю, за што начальнікам такія грошы плоцяць – гэта ж выседзець столькі, нічога ня робячы!..
Больш мы з ёй ніколі ня бачыліся – зьліквідавалі раён, падзяліўшы паміж Лідай і Шчучынам. Калгас Куйбышава адышоў пад Ліду, а я пераехаў у Шчучын. Праз колькі гадоў пры сустрэчы з лідскімі калегамі пацікавіўся, як там пачувае Ліда Тупік. Расказалі, што выдатна, вельмі прызвычаілася да свайго дэпутацтва, нават выступаць навучылася без паперкі. А старшыня калгасу Гузаў на сёмым небе ад радасьці: завалодаўшы Лідзіным дэпутацкім блакнотам з афіцыйным грыфам Вярхоўнага Савету СССР на кожным адрыўным лістку, ад ейнага імя штурмаваў запытамі і просьбамі высокія ўплывовыя кабінеты, і амаль заўсёды што-небудзь выцыганьваў: то новы трактар, камбайн ці аўтамашыну, то найдэфіцытнейшыя ліміты на будаўніцтва, то звышпланавыя мінеральныя тукі, то новую механізацыю на фермы – ніхто ў раёне столькі не паймеў. А за чаркай любіў прыгадваць, які колісь дурань быў, падбухторваючы Ліду не згаджацца, шкадуючы грошы на ўборы...
У казцы пра прынцэсу-Папялушку непазьбежна і нястрымна наступае поўнач, у Лідзіным выпадку – сканчэньне тэрміну дэпутацтва. Двойчы ж рабіць Папялушку прынцэсай не прынята было… Расказвалі, Ліда страшэнна пакрыўдзілася, што не вылучаюць зноў, была перакананая: яе ашукваюць, падманваюць, не хацела нікому даваць веры, усё мкнулася адшукаць “таго чалавека, які жыў у Жалудку і казаў праўду”, імя і прозьвішча якога, праўда, забыла...
(…)
Усе мы, жалудоцкія, і хто згадваецца, і хто ня згадваецца ў гэтым расповедзе, у сталічнараённай гісторыі Жалудка назаўжды засталіся апошнімі. Мікалаенкаў – апошні першы сакратар райкаму, Апрышчанка – апошні старшыня райвыканкаму, Каралёў – апошні загадчык аддзелу прапаганды, Змудзяк – апошні рэдактар раённай газеты “За Радзіму”, Фядотаў – апошні начальнік міліцыі, Андрэй Кляцкоў (малодшы брат Леаніда Герасімавіча, які праз дзесяць гадоў стане галоўным гаспадаром Гарадзеншчыны і пакіне тут добры сьлед і памяць) – апошні загадчык райана, дый ваш пакорны слуга быў апошнім намесьнікам рэдактара жалудоцкай раёнкі… Ці так ужо было наканавана лёсам, ці няўдалае – занадта блізкае геаграфічнае знаходжаньне Шчучына і Ліды, ці па віне вышэйшага раённага начальства, што мянялася практычна кожныя два гады – ад партканферэнцыі да партканферэнцыі, і пачувала сябе тут часовым, таму ня рупілася займець нейкую сур’ёзную прамысловасьць, разбудоўваць, дацягваць пасёлак да статусу гораду, як гэта рабілі іншыя, і неўзабаве над гэтым сімпатычным гарадком навісла небясьпека запусьценьня і заняпаду, а з ёй і рэальная пагроза скарачэньня, расфарміраваньня раёну. Так яно ў рэшце рэшт і сталася… Чуткі-пагалоскі то ўзьнікалі, то зноў улягаліся, а вясной 1962-га сталі спраўджвацца. У абкам пачалі клікаць розных жалудоцкіх кіраўнікоў і ўладкоўваць у іншых раёнах, хоць каманды спыніць ці згортваць дзейнасьць раённых установаў і арганізацыяў не паступала. Неўзабаве райкам застаўся без сакратароў, райвыканкам без старшыні і амаль усіх намесьнікаў, і тады пранёсься кінуты Міхаілам Фядотавым вясёлы кліч: вечная ганьба таму, каго ўказ аб скасаваньні раёну застане на рабоце! Словам, больш за месяц рабілі толькі нешта мінімальнае альбо нічога не рабілі, з самага ранку зьбіраючыся ў чайной ці, калі дазваляла надвор’е, выязджалі на прыроду, і не асабліва хваляваліся: была б шыя – хамут знойдзецца, без работы не пакінуць. Хвалявала толькі: каб жа пашчасьціла і дасталася прыстойнае месца, а не якая-небудзь Зэльва, Іўе ці Воранава, Астравец!.. А як і не пашчасьціць – такой бяды, чым яны горшыя за Жалудок? Аднак гэта было толькі самасупакаеньне. Штодня чуйна сачылі, каго клічуць, і што прапануюць, а тыя, хто нецярпліва і незапакоена чакаў сваю чаргу на прызначэньне, абачліва бралі ў меру, паколькі маглі паклікаць у любую хвіліну. Найбольш бедавалі мясцовыя маленькія чыноўнікі, абслугоўваючы персанал, простыя рабочыя, хто і не чакаў ніякага новага прызначэньня, па сутнасьці заставаўся кінутым на волю лёсу, без работы. Як у нас у друкарні сталага веку жанчыны-наборшчыцы. Вельмі шкада было Ганну Мікалаеўну Маркевіч, загадчыцу друкарні, клапатлівую, няўрымсьлівую, сьпецыялістку экстра-класа, прывязаную да сваёй хаты і гаспадаркі. Дзе і хто дасьць ёй кватэру, дый, пэўна, работу? Мы і зараз дурня валяем, а яны да апошняга працуюць, набіраючы ўручную заляжалыя белтаўскія матэрыялы, вярстаючы, друкуючы нешта падобнае на газету, бо каманды спыніць выпуск не паступала.
Толькі адзначылі выдатнае прызначэньне Міхаіла Фядотава начальнікам міліцыі ў Навагрудак, дзе была рэальная персьпектыва праз колькі год атрымаць палкоўніцкія пагоны, як у абкам паклікалі Змудзяка. Вярнуўся задаволены і нават радасны – прызначалі намесьнікам да Вераб’ёва ў Шчучын. І яшчэ прывёз важную для мяне вестку: нібыта дамовіўся з Русаковічам, каб і мяне разам з ім перакінулі ў Шчучын, пакуль што загадчыкам сельгасаддзелу, а там відно будзе. Мяне гэта вельмі задавальняла.
Тут трэба сказаць, што адначасова з ліквідацыяй нашага раёну ўсчыналася чарговая пературбацыя кадраў, якія так любіў ператасоўваць Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў. На гэты раз яна не прамінула і раённы друк. Палавіна раёнак зьліквідоўвалася, а на іх базе з разьлікам адна на два раёны і персьпектывай далейшага скарачэньня арганізоўваліся міжраённыя са статусам газетаў абкаму партыі, непадуладныя мясцовым органам. Штаты міжраёнак павялічваліся зусім нязначна, і ледзь ці не палавіна газетчыкаў засталіся незапатрабаванымі. Пераважна гэта былі людзі ў перадпенсійным узросьце, хто пасьпеў ужо ладна выпісацца альбо ніколі не хапаў зорак з неба, але па-за рэдакцыямі апынулася нямала і таленавітых газетчыкаў, якія па розных сямейна-бытавых абставінах не маглі пакінуць наседжанае месца і ехаць некуды з амаль нулявой персьпектывай атрымаць кватэру і ўладкаваць на працу жонку-настаўніцу. Прыладжваліся дзе толькі хто мог. Паколькі міжраёнкі меліся быць прынцыпова новымі выданьнямі, ніводнай не пакідалі старую назву. Хросны бацька сядзеў у ЦК, відаць, ня надта вылучаўся густам і фантазіяй, таму добрая палавіна ягоных хрэсьнікаў вар’іравала “ленінскі”, “ільіча”, “камунізм”. Нашую ж шчучынскую дык і ўвогуле ахрысьціў па-дурному – “Савецкая вёска”, нібыта магла быць і не савецкая, быццам прызначаецца для начыста аграрнага рэгіёну. Шчучынская міжраёнка мела абслугоўваць свой і Радуньскі раёны. Ніхто толкам ня ведаў, як і што з гэтага атрымаецца, але мяркуючы па задуме, горш быць не магло. Забягаючы наперад, зазначу, што няпоўны год, які праіснавалі міжраёнкі, быў сапраўдным рэнесансам і зорным часам малой прэсы, вызваленай з-пад некваліфікаванай і дробязнай апекі мясцовага партыйнага і савецкага чынавенства. Канешне ж, цярпець такую прэсу яны доўга не маглі, неўзабаве істэрычна раздзьмулі дэмагагічнае кадзіла, эксплуатуючы правадыра сусьветнага пралетарыяту: маўляў, і дня ня можам жыць без уласнага “калектыўнага прапагандыста, агітатара і арганізатара”, у адсутнасьці якога ўсе нашы недахопы і пралікі…
Тым часам ці ня ўсе першыя і матэрыяльна адказныя асобы ўстановаў і арганізацыяў, за выключэньнем райкаму і райвыканкаму, маючы новыя прызначэньні, заставаліся ў Жалудку на ранейшых пасадах – чакалі ўказ, пасьля чаго можна афіцыйна спыніць дзейнасьць і пачаць перадачу маёмасьці, архіваў новым гаспадарам. І, канешне ж, усе як адзін трымаліся закліку, каб Указ не засьпеў на рабоце. Такой амаль двухмесячнай лафы ніхто ніколі ня меў. Мы вельмі спачувалі Міколу Каралёву, якога ўпраглі ў хамут загадчыка аддзелу прапаганды ў Шчучыне, і ён быў вымушаны штодня езьдзіць туды на работу. Праўда, з верасьня яго накіроўвалі на вучобу ў ВПШІ, і Мікола зрабіў свой звычайны Каралёўскі жэст: саступіў выдзеленую яму кватэру свайму інструктару Рыгору Кавальчуку, на жыльлё ў Шчучыне ў якога былі вельмі няпэўныя, ва ўсякім разе няблізкія персьпектывы, а сам рашыў колькі месяцаў дабірацца на работу з Жалудка, дзе намерыўся пакінуць сям’ю на час сваёй вучобы.
І нарэшце, для многіх ужо насамрэч доўгачаканы ўказ зьявіўся напярэдадні майскіх сьвятаў 1962 году...
Разгром райцэнтру ўступіў у сваю заключную і незваротную стадыю...
Потым, сустракаючыся на розных нарадах, семінарах у Гродне, Мінску ці выпадкова ў камандзіроўках, санаторыях і праз год, і праз пяць, і праз дзесяць, і праз дваццаць, і нават праз сорак, заўсёды адчувалі сябе ледзь ці не сваякамі, настальгічна прыгадвалі і сыходзіліся на думцы, што такой зычлівай, шчырай сяброўскай атмасферы, як колісь у Жалудку, больш ніхто нідзе ня зьведваў. Хто ж яго ведае, мо гэта і так, а мо час быў іншы і мы былі іншыя, ва ўсякім разе маладзейшыя, а маладосьць заўжды прыгадваецца сьветла...
Шмат хто пасьля ліквідацыі раёну так больш ніколі і не бываў у Жалудку, які ляжыць воддаль ад ажыўленых дарогаў. Нехта знарок рабіў кругаля, каб хоць адным вокам зірнуць, прыгадаць былое... А я дык бываў як мінімум два разы на год. Спачатку разам з жонкай наведвалі жывых цесьця і цешчу, а зараз – іхнія магілы на старых ліпічанскіх могілках.
Ах, я і не сказаў, што за няпоўных два месяцы да ўказу мне, як тут лічылі самаму прыкметнаму жаніху, наканавана было нечакана, нават на дзіва ўсім пакончыць з вольным халасьцяцкім жыцьцём, павязаўшыся вузамі Геменея з зусім непрыкметнай нявестай, але адчайна-рамантычнай і настолькі ж сімпатычнай студэнтачкай медвучылішча Ліляй, з якой пазнаёміўся пад Новы год у час ейнага прыезду да бацькоў на канікулы...
(…)
…Чэхаславацкія падзеі 1968 году крута павярнулі мой журналісцкі лёс. У першы ж трывожны дзень у Навагрудскі райкам пазванілі з абкама партыі і загадалі тэрмінова знайсьці і любым відам транспарту – аж да машыны першага сакратара, калі з-за туману не паляціць рэйсавы самалёт-кукурузьнік, даставіць мяне да сакратара Гарадзенскага абкаму Ульяновіча. Ехаў на райкамаўскай “Волзе” і ніяк ня мог уцяміць, навошта гэтак, у пажарным парадку спатрэбіўся Ульяновічу? Праходзіла мабілізацыя рэзервістаў, і быў амаль перакананы, што выклік зьвязаны з чэхаславацкімі падзеямі – няйнакш арганізоўваюць нейкую ваенную газету... Тое, што пачуў ад сустрэтага ў абкамаўскім калідоры загадчыка аддзелу прапаганды і агітацыі Грышкевіча, ледзь ня кінула ў шок: толькі што бюро зацьвердзіла мяне загадчыкам сектару друку, радыё і тэлебачаньня. Як так: не папытаўшы згоды, не пагутарыўшы?! З Грышкевічам пайшлі да Ульяновіча, дзе я рашуча ўдарыў у хамут, а потым павялі да першага сакратара Мікуловіча, які з парогу заявіў:
– Лічы сябе мабілізаваным. Бачыш, якая абстаноўка ў сьвеце... – І калі я ледзь ці не ўзмаліўся, каб пакінулі ў газеце, супакоіў: – Ладна, пабудзеш з годзік, а там паглядзім...
Загадчыку сектару друку, радыё і тэлебачаньня належала чытаць і аналізаваць раённыя газеты, абавязковыя экземпляры якіх паступалі ў абкам партыі, час ад часу рыхтаваць тэматычныя ці нейкія іншыя агляды і друкаваць у абласной газеце пад сваім прозьвішчам з абавязковым указаньнем пасады альбо бяз подпісу, што гэтаксама сьведчыла аб афіцыйнай пазіцыі абкаму, выяўляць і публічна ўхваляць нейкія журналісткія знаходкі ў раёнках, раніцой слухаць абласное радыё і выказваць свае заўвагі калектыву альбо старшыні радыёкамітэту Сінілаву, які чамусьці ўспрымаў іх заўсёды насьцярожана і балюча, нават калі тычылася абсалютна відавочных ляпаў. І яшчэ найважнейшай задачай было па публікацыях выяўляць таленавітых і персьпектыўных журналістаў, запрошваць на іх вусныя характарыстыкі ў рэдактараў, самаму бываць на месцах для знаёмства з калектывамі, вывучэньня ўзятых на прыкмету для вылучэньня работнікаў. Калі не было каго вылучаць на месцы, рэдактары званілі і прасілі прыслаць добрага хлопца. Пад рукой у мяне быў абноўлены сьпіс творчых работнікаў усіх газетаў. І яшчэ абавязкам загадчыка сектару было пісаць устаўкі ў даклады на пленумы, у выступленьні першага сакратара з ацэнкамі і ўстаноўкамі ў дачыненьні газетаў і радыё, а таксама пункты ў пастановы партканферэнцыяў, пленумаў, бюро абкаму. Ну і, вядома ж, разьбіраць і рабіць заключэньні па розных скаргах і ананімках, якія зрэдку паступалі ў абкам ці перасылаліся з менскіх альбо маскоўскіх высокіх інстанцыяў. Нават такія, як штогадовыя звароты ў перыяд абвастрэньня хваробы ціхага і сьціплага загадчыка аддзелу пісьмаў адной раённай газеты на імя Генеральнага сакратара ЦК КПСС і старшыні КДБ СССР аб тым, што Герынг уцёк з-пад вісельні і затаіўся на пасадзе рэдактара іхняй газеты пад прозьвішчам Шут, і для доказу прыкладваў фотакартку беднага рэдактара...
Але вернемся да маёй абкамаўскай адысеі. Адбылося нешта неверагоднае, чаго і ўявіць сабе ня мог – не прайшло і году, а я ўжо і думаць перастаў аб вяртаньні ў газету. Мусіць, заўсёды ў маладыя леты абвостранае амбітнае памкненьне самарэалізавацца, даказаць некаму, а найперш самому сабе, што ты ня лыкам шыты, а найперш – зьдзейсьніць нешта важнае, важкае, дамагчыся як мага большага грамадскага прызнаньня. Тут, у абкаме, – самай высокай і аўтарытэтнай уладнай установе, для таго былі, здавалася па маладосьці і наіўнасьці, найлепшыя ўмовы і магчымасьці. Займеўшы статус афіцыйнай асобы, а з ім – і пэўнае права выступаць ад імя абкаму, атрымаў магчымасьць непасрэдна ўзьдзейнічаць на стан і творчы ўзровень прэсы, перш за ўсё, канешне ж, раённай, бо ўжо твае вусныя ці выказаныя ў аглядах друку на старонках “Гродненской правды” думкі, ацэнкі, заўвагі, прапановы ўспрымаюцца як афіцыйныя, патрабуюць адпаведнага стаўленьня і рэагаваньня. А сваё бачаньне праблемаў, персьпектываў разьвіцьця прэсы, яе падыходаў да актуальных палітычна-гаспадарчых задачаў мог рэалізоўваць, укладваючы іх у даклады на абласных партканферэнцыях, пленумах абкаму і канцэнтравана ў пункты іхніх пастановаў, якія мелі абавязковы дырэктыўны характар. Канешне, усё гэта ўсьцешвала душу, надавала важнасьці рабоце, і толькі з гадамі прыходзіла разуменьне “суеты сует”, столькі марна патрачанага часу і нерваў!
Бадай, самай сур’ёзнай і важнай справай, якую ўдалося зрабіць тады, была арганізацыя абласнога тэлебачаньня. Мо калі землякі-гарадзенцы, сьвяткуючы нейкі надта ж круглы юбілей свайго мясцовага тэлебачаньня, прыгадаюць добрым словам, а не прыгадаюць – такой бяды, ня ў тым справа, галоўнае, што яно адбылося. Калі пачыналі, то ні я, каму па пасадзе належала займацца арганізацыяй тэлестудыі, ні мае начальнікі ня мелі ніякага ўяўленьня, што гэта такое. У Гародні быў, хіба, адзін больш-менш дасьведчаны ў тэхнічных праблемах тэлебачаньня чалавек – Валянцін Дзьмітрыевіч Лапін, якога і прызначылі дырэктарам неіснуючага тэлецэнтру. Яму давялося пачынаць з нуля – і будаваць памяшканьне, і даставаць-выбіваць у Менску, Маскве патрэбнае абсталяваньне, падбіраць, рыхтаваць тэхнічныя кадры. Гэта проста шчасьце, што знайшоўся такі няўрымсьлівы, улюбёны ў тэлебачаньне прабіўны арганізатар, высілкамі якога было зроблена амаль немагчымае. Каб займець адпаведную айчынную тэхніку, трэба было як мінімум за два гады патрапіць у сьпісы усясільнага і непрыступнага маскоўскага Дзяржплану, паколькі абсталяваньне выпускалася паштучна на заводах ваенна-прамысловага комплексу. Айчынная прамысловасьць тады не асвоіла і палавіны патрэбнай тэхнікі, а дэфіцытную валюту для закупу за мяжой трымаў у сваіх руках яшчэ больш непрыступны маскоўскі Мінфін, якому да лямпачкі нейкая двойчы перыферыйная тэлестудыя. Таму чакаць планавай камплектацыі тэлецэнтру раней, чым на пяцігодку – справа безнадзейная, і Лапін стаў дзейні­чаць па прынцыпе: са сьвету па нітцы – і голаму кашуля. Праз дасьведчаных людзей у Маскве ён праўдамі-няпраўдамі выведваў, на якіх студыях маецца лішняе ці запасное абсталяваньне, узбройваўся абкамаўскімі і аблвыканкамаўскімі просьбамі-хадайніцтвамі і дапінаў аж да маскоўскага Лапіна – старшыні Дзяржтэлерадыё, чалавека інтэлігентнага, які ня мог адмовіць свайму цёзку, і падпісваў распараджэньні аб бясплатнай перадачы з балансу на баланс Гарадзенскага тэлецэнтру тэхнікі з маскоўскага Астанкіна, Рыгі, Кіева, Вільнюса і г.д.
Будаўніцтвам і тэхнікай пасьпяхова займаўся няўрымсьлівы Лапін, але ня меней складанай задачай было ствараць на голым месцы пры поўнай адсутнасьці кадраў дзеяздольны творчы калектыў. Дырэктарам тэлестудыі выбралі рэдактара ашмянскай раёнкі Якава Ільіча Карабка, які эмацыянальна рукамі-нагамі адбрыкваўся ад прапановы: ды не мая гэта справа, ніякага паняцьця ня маю аб тэлебачаньні, аднак яму нагадалі пра партыйны білет, партыйную дысцыпліну... Карабку далі карт-бланш: шукаць касьцяк кадраў тэлевізійнікаў дзе толькі можа пад гарантыю атрыманьня жыльля. Першым прывёз ён з Вільнюса рэжысёра Ёнаса Дзяргінчуса, які быў там ці не асістэнтам і завочна вучыўся ў інстытуце. Дзяргінчус усім нам спадабаўся, адразу ж атрымаў ордэр на кватэру і з імпэтам узяўся вучыць падабраных самім жа аператараў, асістэнтаў, гукааператараў, мастакоў-афармляльнікаў, настойліва авалодваў беларускай мовай, паколькі вяшчаньне меркавалася весьці па-беларуску. Ён быў неспакойны, творча неардынарны чалавек, мог запярэчыць, паспрачацца ня толькі з Карабком, але і са мной. Неўзабаве ён стаў галоўным рэжысёрам, з першага ж дня фактычна фарміраваў аблічча гарадзенскага тэлебачаньня, адпрацаваў тут ледзь ці ня трыццаць гадоў і зьехаў у Вільнюс, калі Літва стала незалежнай дзяржавай.
Першым тэлежурналістам, які самасеем прыбіўся ў Гародню, быў Іван Тарасюк. Яго пагналі, ці то толькі зьбіраліся пагнаць, за злоўжываньне сьпіртным з нейкай чарговай, здаецца, Брэсцкай тэлестудыі. Ды як кажуць, на бязрыб’і і рак – рыба. Іван кляўся-бажыўся, што больш і глядзець ня будзе ў бок чаркі, а Карабок умеў трымаць такіх у жорсткіх рукавіцах. Тарасюк быў класны тэлевізійны прафесіянал і стаў сапраўдным настаўнікам для маладых газетчыкаў, якія рабілі першыя крокі на ніве тэлежурналістыкі.
Але найбольшая праблема ўзьнікла з дыктарамі-вядучымі. Мужчынскую ролю мог выконваць Тарасюк, а на жаночую прагледзелі сотні пратэндэнтак – ніводная не падыходзіла. Нарэшце, удалося спакусіць добрай кватэрай у цэнтры гораду Веру Шэбеку з рэспубліканскага тэлерадыёкамітэту. Апроч кватэры, якой ёй і не сьвяціла ў сталіцы, у Веры былі складаныя стасункі з начальствам, якое не хацела выпускаць яе на тэлеэкран, трымаючы на радыё. Вера стала тварам гарадзенскага тэлебачаньня, а праз колькі гадоў напаткала суджанага, пераехала ў Маскву, дзе яе ахвотна ўзялі на ЦТ, і неўзабаве на многія гады, аж да ГКЧП, стала ў пары з Кірылавым весьці галоўную інфармацыйную праграму краіны “Время”.
Уся вобласьць з нецярпеньнем чакала разрэкламаванага выхаду ў эфір першай тэлеперадачы з прыгожай застаўкай “Гродна”. І яна зьявілася на экранах тэлевізараў напярэдадні Новага 1970 году. Гэта была прыкметная падзея ў інфармацыйным і культурным жыцьці Прынёманскага краю, творчым хростам і сапраўдным сьвятам для маладога калектыву і, канешне ж, для мяне, каму практычна штодня даводзілася займацца падрыхтоўкай гэтай падзеі. Ні пра які відэазапіс тады ніхто і ўяўленьня ня меў, дыфіцытная кінаплёнка практычна адсутнічала, працавалі толькі ў прамым эфіры. І цудам тэхнікі лічылася прыгнаная з Рыгі сьпісаная старая грувасткая ПТС (перасоўная тэлевізійная станцыя), з дапамогай якой можна было выдаваць у прамым эфіры перадачы з прылеглых да Гародні калгасаў, з вялікіх канцэртных пляцовак гораду. Памятаю, трансьлявалі з Дому палітасьветы канцэрт этнаграфічных самадзейных калектываў больш за сем гадзінаў бесьперапынку, і на дзіва не паступіла ніводнай скаргі на “закрыцьцё” важных маскоўскіх і менскіх перадачаў. Асабліва пацешыла мяне выступленьне кабет і мужыкоў з майго Вострава, якія прасьпявалі самімі ж падпраўленую песьню часоў культу асобы:

Прыязджай таварыш Брэжнеў,
Прыязджай, айцец радной...

З рэгулярным выхадам у эфір абласных тэлеперадачаў набыла свой паўнацэнны зьмест і мая пасада, якая ў штатным раскладзе значылася як “загадчык сектару друку, радыё і тэлебачаньня”, як і “старшыні камітэту па радыё і тэлебачаньні абл­выканкаму”, які ачольваў газетчык Сінілаў у пенсійным узросьце. Паколькі ён займаўся толькі радыё, а ў тэлебачаньне ўпрогся Карабок, старшынём радыётэлекамітэту рашылі прызначыць выпускніка ВПШ, былога сакратара па ідэалогіі са Смаргоні Яўгена Місарэвіча, што вельмі пакрыўдзіла Сінілава, і ён тут жа падаў заяву аб выхадзе, як казалі, на заслужаны адпачынак. Місарэвіч даволі хутка для нежурналіста ўвайшоў у курс справы і зусім не выглядаў у маладым, малавопытным калектыве белай варонай. На пасаду рэдактара грамадска-палітычных перадачаў з Магілёву вярнуўся з набытым вопытам радыйнай работы Мікола Каралёў, які без усялякіх цяжкасьцяў засвоіў тэлевізійную сьпецыфіку, стаў адным з найбольш папулярных тэлевядучых. А восеньню прыехалі тры выпускніцы аддзяленьня тэлебачаньня і радыё факультэту журналістыкі БДУ, дзьве з якіх – Надзея Сакалова і Каця Шрубейка і па сёньняшні дзень вызначаюць твар Гарадзенскага тэлебачаньня.
Праз месяцы тры-чатыры работы ў абкаме адбылася на першы погляд абсалютна непрыкметная, ардынарная падзея, якая, як потым высьветлілася, мела важнае значэньне ў маім далейшым лёсе. Ледзьве належным чынам асвоіўся на пасадзе загадчыка сектару, як ад Грышкевіча па строгім сакрэце даведаўся, што Мікуловіч паклаў на мяне вока і намераны зрабіць сваім памочнікам. Я заявіў, што нізашто не згаджуся, і Грышкевіч падтрымаў мяне. Сталі думаць, як прыстойна адмовіцца-адбрыкацца, не выклікаючы непатрэбнай злосьці і непрыязі ў першага. Вопытны Анатоль Аляксандравіч куды больш, чым я, ведаў характар, звычкі, Мікуловічаву ўчэпістасьць: калі нешта надумае – рэдка калі саступіць. Параіў настойліва трымацца трох пазіцыяў: педаляваць на поўнае няведаньне партыйнай работы – раз, тое, што не пасьпеў як сьлед увайсьці ў курс справы, а тут трэба пачынаць наноў, і такі аргумент на яго заўсёды дзейнічае – два. Па-трэцяе, як мага больш упэўнена і пераканана гаварыць пра сваю любоў да журналістыкі, з якою цяжка раставацца і патрэбен нейкі час, каб абарваць пупавіну... Ну, і мець на прыкмеце адну-дзьве кандыдатуры журналістаў, якіх можна парэкамендаваць – такое пытаньне абавязкова ўзьнікне, калі ён рашыцца адступіцца. Але Грышкевіч папярэдзіў, што з адказам ні ў якім разе сьпяшацца ня трэба, спасылаючыся: маўляў, надта ж сур’ёзная і адказная пасада, трэба падумаць, параіцца і папрасіць пару дзён на роздум – першаму такі сур’ёзны падыход падабаецца. А тут ёсьць на прыкмеце неблагі хлопец – загадчык аргаддзелу ў Сьвіслачскім райкаме партыі Жылінскі, журналіст, партыйную работу ведае. Якраз тое, што трэба. Во і падсунем праз пару дзён – і яму будзе добрае вылучэньне, і мы застанемся пры сваіх інтарэсах...
Праз дзень паклікаў Мікуловіч і пачаў здалёку, распытваючы, як пачуваю сябе на партыйнай рабоце, а потым, сьвідруючы пранізьлівым позіркам, прапанаваў перайсьці да яго памочнікам. Як і раіў Грышкевіч, я шчыра падзякаваў за высокі давер і пачаў адмаўляцца, аргументуючы пункт за пунктам. Ніводзін з маіх аргументаў ён не прыняў усур’ёз, працягваў дапытвацца, чаму ж усё-ткі адмаўляюся быць ягоным дарадцам і памочнікам, нібы здагадваючыся, што нечага не дагаворваю. Крыць было больш нечым, і без усялякай дыпламатыі, шчыра і непасрэдна рубануў:
– Не па мне гэтая халуйская работа, Іван Фёдаравіч...
Ён аж прыўстаў, зьдзіўлены, нават разгублены і, падалося, ня ведаў, як паставіцца, як адрэагаваць на маю ці то недаравальную дзёрзкасьць, ці то недапушчальную нетактоўнасьць.
– Значыць, маё даручэньне чытаць і правіць выступленьні, артыкулы ты лічыш халуйствам? – Ён паглядзеў дапытліва сваімі шэрымі прыжмуранымі вачыма, і для мяне не засталося незаўважаным, што ў іх не было ні асуджэньня, ні злосьці, хіба толькі пульсавала нейкая задзірлівая цікавасьць, а на ягоным трохі асіметрычным твары сьвяцілася лёгкая гарэзна-паблажлівая ўсьмешачка...
Я быў зьбіты з тропу і нечакана павернутым пытаньнем, і гэтай усьмешачкай, мармытаў нешта, што гэтак не лічу, бо ўспрымаю ягоныя даручэньні як свой непасрэдны службовы абавязак, стараюся выконваць іх як мага лепш, як толькі ўмею, і надалей буду рабіць з найвялікшай адказнасьцю, але толькі пакіньце ля журналістыкі, дзе я свой, і для справы карысьць будзе большая...
Ягоныя вочы палагаднелі, было відаць, што мая шчыра-ўмольная непасрэднасьць зрабіла ўражаньне. Усьміхнуўся загадкава і сказаў:
– Ладна, давай дамовімся так: альбо ты знаходзіш мне лепшую, чым сам, кандыдатуру журналіста, альбо, даруй, давядзецца ўпрагацца, як ты лічыш, у халуйскую пасаду... – І паўшчуваў: – Гэта ж трэба, гэта ж трэба... Словам, тры дні на пошукі і роздум...
З Міколам Жылінскім, якога з падачы Грышкевіча я парэкамендаваў Мікуловічу ў памочнікі, у нас на доўгія гады склаліся добрыя прыяцельскія стасункі. З лёгкае Грышкевічавай рукі мы ў абкаме сталі Ільфам і Пятровым, паколькі ледзь ці не над усімі Мікуловічавымі артыкуламі і выступленьнямі сядзелі ўдвух, і потым доўгія гады жартам зьвярталіся адзін да аднаго імёнамі вялікіх сатырыкаў. Што праўда, то праўда, але дысертацыю шэфу пісаў Мікола без аніякага майго ўдзелу, спачатку нават не прызнаваўся – надта ж канфідэцыйна-сакрэтнае меў даручэньне. У яго быў пісьменьніцкі дар, самабытная вобразная беларуская мова, аднак рашыў усьлед за шэфам падацца ў навуку. Не памяняў свайго рашэньня нават тады, як прызначылі намесьнікам рэдактара “Гродненскай правды”, дзе было, канешне, не да дысертацыі. Потым я сагітаваў яго ехаць на вучобу ў Маскву ў ВПШ, дзе ёсьць усе ўмовы і для здачы кандыдацкага мінімуму, і для напісаньня дысертацыі. А праз колькі гадоў сустрэліся з ім калегамі ў аддзеле прапаганды і агітацыі ЦК: ён загадваў сектарам газетаў, часопісаў і выдавецтваў, я – тэлебачаньня і радыё. Прабыў на сектары ён нядоўга – не сьцярпеў прыдзірак загадчыка аддзелу Паўлава і, маючы вучоную ступень, перайшоў у Інстытут гісторыі партыі. Пасьля адыходу ў нябыт КПСС, а з ёй і Інстытуту яе гісторыі, дзе сумленна зарабляў свой кавалак хлеба, перабіваўся ў розных малапрыкметных выданьнях, пераважна артадаксальнага накірунку кшталту сумнавядомага камароўска-базарнага “Славянского набата”, дзе быў адным з кіраўнікоў. Потым, калі газетка загадала доўга жыць, разьмяняў добрую кватэру ў прэстыжным былым цэкоўскім доме па вуліцы Пуліхава і некуды зьехаў, ні з кім больш ня мае ніякіх стасункаў, а ягонае прозьвішча, здаецца, зьнікла з прэсы пэўнага кшталту, як і са сьпісаў актывістаў абодвух кампартыяў.
І як чалавек, і як кіраўнік гэтакага рангу Мікуловіч быў арыгінал і трохі дзівак. Прыехаўшы ў раён, ён мог спыніцца ня ў так званым люксе мясцовай гасьцініцы, нават ня ў першага сакратара ці нейкага старшыні калгасу, а выбраць наўгад вясковую хату і напрасіцца туды на начлег. Гаспадары прымалі яго за ня надта важнецкага начальніка, паколькі сур’ёзнае начальства па вёсках не начуе, а калі і начуе, то ня меней, як у старшыні калгасу; і за звычайнай вясковай вячэрай з кубкам сырадою, а то і чаркай самагонкі вялі гаворкі за жыцьцё, а раненька, да сонца падкатвала “Волга” і госьць, зьеўшы наскора яечню, запіўшы малаком, дзякаваў гаспадарам і ехаў у кантору альбо адразу ў поле да камбайнаў, на зерняток ці на ферму. І калі потым гаспадарам казалі, што ў іх начаваў сам Мікуловіч, нізашто не хацелі даваць веры – надта ж просты і мужыцкі быў кватарант. Ён апантана ўкараняў брыгадны падрад – першыя зародкі рынкавай эканомікі, а паколькі пра ніякі падрад ня згадвалася ў рашэньнях зьездаў і пленумаў ЦК КПСС, ну аніяк ён не стасаваўся з падручнікамі па палітэканоміі сацыялізму, нават з самымі найноўшымі, таму Мікуловіч меў нямала апанентаў і праціўнікаў сваіх сумніўных у тэарэтычным плане эксьперыментаў. Між тым новая арганізацыя працы без аніякіх капітальных укладаньняў адразу ж давала фенаменальныя практычныя вынікі, таму адкрыта і ўлабавую праціўнікі выступаць не адважваліся, дзейнічалі апрабаваным метадам – спадцішка сеялі скепсіс, ставілі палкі ў калёсы, намагаючыся скампраментаваць усе Мікуловічавы пачынаньні. Гэта былі вельмі ўплывовыя людзі, сярод якіх і сакратар ЦК па сельскай гаспадарцы Уладзімір Фёдаравіч Міцкевіч, Мікуловічаў папярэднік на пасадзе першага сакратара абкаму, які вельмі раўніва ставіўся да нечаканых посьпехаў Гарадзеншчыны, а Мікуловіч, бы знарок, правакаваў гэтую рэўнасьць, падкрэсьліваючы і ў выступленьнях, і ў шматлікіх артыкулах, пачынаючы з “Правды”, “Коммуниста”, канчаючы аграрнымі маскоўскімі выданьнямі, пра пачатак імклівага росту з году ягонага прыходу да ўлады. У рэдакцыях не разумелі, чаму бярэцца адлік не з пачатку пяцігодкі, а нейкага невядомага году, выкрэсьлівалі, аднак у дасланых на візу гранках аўтар аднаўляў, расшыфроўваючы, што з памянёнага году пачалося ўкараненьне брыгаднага падраду. Апанентам Мікуловічу і ягонаму падраду ў вобласьці быў старшыня аблвыканкаму Малочка. Пэўна, Міцкевіч ня раз пашкадаваў, што ў свой час памыліўся ці не настаяў, каб ягоным натуральным пераемнікам стаў Малочка, а не Мікуловіч...
У адпаведнасьці з самымі элементарнымі законамі журналістыкі мы з Міколам Жылінскім не маглі дапусьціць, каб адны і тыя ж слоўныя канструкцыі пераходзілі з артыкулу ў артыкул, з выступленьня ў выступленьне. Аднак Мікуловіч і слухаць не хацеў пра нейкія незразумелыя яму журналісцкія законы і не дазваляў “псаваць”, як яму здавалася, вельмі дакладна і ўдала сфармуляваныя раней думкі. Ён учэпіста помніў запалыя ў душу ранейшыя стылёва-слоўныя канструкцыі і патрабаваў, каб яны непарушна да апошняй косачкі заставаліся хоць у пяты, хоць у дзясяты раз у ягоных артыкулах і выступленьнях. Гэта добра ведалі загадчыкі аддзелаў, рыхтуючы так званыя балванкі і ўстаўкі для Мікуловіча. Неўзабаве і мы з Міколам зьмікіцілі, што можна і не абцяжарваць сябе лішняй мазгавой дзейнасьцю – з дапамогай ножніцаў і клею зварганіць з ранейшых выступленьняў і артыкулаў хоць куды прамовіну ці артыкульчык, клапоцячыся толькі пра “мосьцікі” і “пераходы” паміж разьдзеламі і абзацамі ды на гэтых “ мосьціках-пераходзіках” сфармуляваць нешта новае, сугучнае тэме і месцы выступленьня і, вядома ж, падмацаваць патрабаваньнямі найноўшых партыйных дырэктыў, каб потым эксплуатаваць іх на ўсю поўніцу...
Гэтакім жа адналюбам Мікуловіч заставаўся і ў стасунках з людзьмі, перш за ўсё кіруючымі кадрамі. Спадабаецца нехта – і ўжо амаль немагчыма парушыць ягоную веру і перакананьне, што гэта вельмі прыстойны і варты ўсялякай падтрымкі чалавек. І гора таму, хто сваімі дзеяньнямі дасьць падставу першаму зрабіць адкрыцьцё, што падвёў яго, ашукаў у самых лепшых ягоных пачуцьцях і памкненьнях – не чакай літасьці, сатрэ ў парашок. Гэта ведалі ўсе і намагаліся працаваць сумленна, не дазвалялі сабе ўцягвацца ў нейкія авантуры і непрыстойныя справы.
Мусіць, і праўду казалі, што патрапіў я Мікуловічу на ласкавае вока, бо праз два з невялікім хвосьцікам гады сеў у кабінет намесьніка загадчыка аддзелу...
А на кар’ернай лесьвіцы, як і ў побыце: чым вышэй падымаешся – тым далей і больш відно. На новай пасадзе адразу ж кінулася ў вочы, чаго раней пры сваёй прыналежнасьці да нечынапачытальнай, трохі анархічнай журналісцкай браціі не заўважаў ці мо не зважаў, не надаваў ніякага значэньня таму, з чым цяпер нельга было не лічыцца. Перш за ўсё – строга структураваным субардынацыйным стасункам ва ўсёй дзейнасьці апарату абкаму. Зрабіў адкрыцьцё, што пры агульным маналіце тут існуе як мінімум чатыры слаі, і кожны са сваімі інтарэсамі, правіламі паводзінаў, сваёй карпаратыўнай, ледзь не каставай салідарнасьцю, сваімі правамі і абавязкамі, сваімі прывілеямі. Самым нешматлікім (пяціасабовым), але найважнейшым слоем былі, натуральна, сакратары абкаму. Трапіўшы ў сваю наменклатурную абойму, яны абавязаны былі трымацца адзін аднаго, ня толькі калегаваць, але і таварышаваць. Яны не маглі не запрасіць ці не прыняць запрашэньня адзін аднаго на нейкую сямейную ці іншую ўрачыстасьць, паколькі гэта лічылася верхам нетактоўнасьці, вялікай абразай. Трохі асабняком стаяў другі і ўжо зусім над усімі – першы сакратар. Сакратары мелі персанальныя службовыя машыны з вадзіцелямі, маглі выклікаць іх у любы час. Да галоўных дзяржаўных сьвятаў ім прывозілі на кватэры падабраныя па першым класе наборы харчовых далікатэсаў і напояў па даступных цэнах.
Ніжэй ішла кампактная і самая арганізаваная загадчыцка-аддзелаўская праслойка. Тры з адзінаццаці загадчыкаў аддзелаў – аргпартработы, прапаганды і сельскагаспадарчы – мелі намесьнікаў, якія на час адпачынку, камандзіровак аўтаматычна выконвалі іхнія абавязкі, а калі загадчыка аддзелу забіралі на павышэньне, амаль заўсёды ягоны кабінет пераходзіў да намесьніка. Адны намесьнікі, перш за ўсё сельгасаддзелу, як правіла, узначальвалі раёны, другія – падымаліся на прыступку альбо ачольвалі важныя абласныя службы, таму былі дапушчаныя да памянёнай кампаніі ці як жартам звалі “прафсаюзу”, куды і мне прадстаяла ўступаць з першай палучкі. За выключэньнем загадчыка аддзелу аргпартработы (член бюро абкаму) і фінансава-гаспадарчага (свая рука ўладыка) ніхто персанальных машынаў ня меў, карысталіся дзяжурнымі, але паколькі тады пра ніякія ліміты і гаворкі не было, кожны выклікаў “Волгу” з ведамымі кожнаму даішніку абнулёўленымі нумарамі і езьдзіў. Да сьвятаў членам гэтага “прафсаюзу” завозілі ў буфет куды сьціплейшыя, чым сакратарам, пакункі з дэфіцытам, якія яны аплочвалі і дастаўлялі дамоў.
Найбольш шматлікім, мо таму і найменш арганізаваным і дасьведчаным слоем былі так званыя адказныя работнікі – загадчыкі сектараў, інструктары і прыраўняныя да іх. Яны карысталіся грамадскім транспартам, аднак, калі выдаралася нешта тэрміновае, неадкладнае, загадчык альбо намесьнік мог выклікаць машыну, каб падкінуць інструктара ці загадчыка сектару на месца. Але гэта ня надта ўхвалялася, паколькі машынаў па розных прычынах заўсёды было менш, чым тых, хто меў права выклікаць і карыстацца імі, таму часам утвараліся заторы і нярвовыя сітуацыі. Для інструктарскага саслоўя да сьвятаў завозілі ў буфет даволі сьціплы дэфі­цыт, які па норме ўзважвала і брала плату буфетчыца Зіна альбо работніца базы. Заўсёды тут трэба было адстаяць у чарзе, паколькі адначасова і па той жа норме абслугоўваліся тэхнічныя работнікі – сакратаркі сакратароў, машыністкі, вадзіцелі, прыбіральшчыцы і г.д., хоць у службовых стасунках яны і адказныя трымаліся, як правіла, на пэўнай дыстанцыі.
Да гэтага ніколі не надаваў значэньня, ня надта ўнікаў у субардынацыйныя перапетыі, ведаючы, што кругом, нават нашто ўжо дэмакратычных рэдакцыйных калектывах начальнікі рознага рангу і ўзроўню маюць адпаведныя перавагі і прывілеі, у чым ня бачыў нічога кепскага і несправядлівага – з каго большае патрабаваньне, таму і належыць мець большае... Так заўсёды было, так ёсьць і так будзе... Хіба толькі пры камунізме ўсе ўраўняюцца, але сьветлая будучыня чалавецтва ў практычным плане ўяўлялася вельмі цьмяна і няпэўна... Абкамаўскую няроўнасьць можна было параўнаць з армейскай – усе слаі выразна абазначаныя, дакладна структураваныя, і ў кожным была свая асаблівая службовая мараль, свая каставая салідарнасьць, свая этыка паводзінаў і зносінаў. Рашуча асуджалася, напрыклад, калі нехта прызвычайваўся бавіць час ды яшчэ за чаркай з падначаленымі ці ніжэйшымі па рангу, што кваліфікавалася як службовая непрыстойнасьць, недапушчальнае запанібрацтва, нават здрада сваім кланавым інтарэсам. Бывала, што з нейкай нагоды нехта выпадкова трапляў у больш высокую кампанію, і заўсёды адчуваў сябе там няўтульна, не ў сваёй талерцы. Падобнае расслаеньне назіралася паўсюдна, але тут, у галоўным кіруючым доме вобласьці на кручы Нёману ў старадаўнім Новым замку, дзе некалі засядаў знакаміты маўклівы сейм, які паклаў канец Рэчы Паспалітай, яно вызначалася неяк асабліва падкрэсьлена, рэльефна і фатальна: ня сунь носа не ў сваё проса. І рэдка хто з зайздрасьцю, больш дык з найвялікшым разуменьнем і спачуваньнем ставіліся да загадчыка аргпартаддзелу Леаніда Сікоры, які як член бюро боўтаўся паміж сакратарскай і загадчыка-аддзелаўскай кампаніямі. Пад чаркай па сакрэце ён прызнаваўся, што пакутуе, пачувае сябе чужаком, ніяк ня можа пазбавіцца ад гнятлівай непаўнацэннасьці ў сакратарскай і пачувае самім сабой, адпачывае душою толькі ў сваім родным і блізкім “прафсаюзе”.
Дагэтуль я меў службовыя справы, пазаслужбовыя стасункі ў асноўным з творчай браціяй. Яна мяне прымала за свайго, я яе таксама, і адчуваў у журналісцкіх дэмакратычных, трошкі багемных кампаніях раскавана і камфортна. І сталася, што больш чым за год работы ў абкаме ні з кім з калегаў абкамаўцаў не сышоўся блізка, па душах. Мо толькі трохі з вечна занятым Міколам Жылінскім, з кім ільфапятровілі над чарговымі творамі шэфа. Розныя службовыя справы ўзгадняў і рашаў з Грышкевічам, а калі яго не было – ішоў напрамую да Ульяновіча, абмінаючы намесьніка загадчыка Уладзіміра Паўлавіча Філіпчыка, якога і не прымаў за сваё начальства, і ён ня крыўдзіўся, разумеючы, што ў газетных і тэлерадыйных справах мала што кумекае. У свой час прызначаючы загадчыкам аддзелу Грышкевіча, які практычна ня меў вопыту партыйнай работы, у тандэм яму паставілі аргпартаддзельца Філіпчыка. Ён узяў на сябе палітасьвету, лектараў, агітатараў, у блізкія Грышкевічу сферы ня надта соваўся і ўнікаў. З ад’ездам Грышкевіча ў ЦК КПСС сітуацыя амаль што паўтарылася, і для новага тандэму на месцы пад рукой аказаўся я і стаў курыраваць сродкі масавай інфармацыі, культуру, творчыя саюзы, як і Грышкевіч...
З першай зарплаты мы з Філіпчыкам замочвалі свае новыя пасады, а для мяне гэта было прадстаўленьне і прыём у “прафсаюз” – загадчыка-аддзелаўскую кампанію. Філіпчык са сваёй звычайнай добрай стрыманай усьмешкай, якая час ад часу перарываецца вясёлым сьмехам з характэрнымі жэстамі, расказаў, як гэта робіцца і супакоіў: не хвалюйся...
Напярэдадні заглянулі да загадчыка фінансава-гаспадарчага аддзелу Піліпа Пятровіча Дайнэкі, а потым да буфетчыцы Зіны – разьбітной, ветлай і адначасова нахабнаватай кабеціны, якая была тут з незапамятных часоў, ведала ўсё і ўся, умела да каго хочаш пад’ехаць. Расказвалі, калі ў Гародні наведваўся, каб рашыць на месцы шматмільённае будаўніцтва заводу па выпуску капралактаму, саюзны прэм’ер Касыгін з кіраўнікамі Дяржплану, Дзяржснабу, саюзнымі міністрамі, кіраўнікамі рэспублікі Машэравым і Кісялёвым у сьвіце, абед высокім гасьцям рашылі арганізаваць у толькі што адрамантаванай, адрэстаўраванай абкамаўскай сталоўцы ў круглай зале на першым паверсе, над якой такая ж, дзе некалі маўклівы сейм падзяліў Польшчу, а цяпер засядала бюро абкаму. Заслалі сталы сьвежымі бялюсенькімі абрусамі, завезьлі з лепшага рэстарану прыгатаваныя кухарамі экстра-класу па вышэйшым разрадзе стравы. Вопытныя афіцыянткі з рэстарану пад наглядам аховы да прызначанага часу серві­равалі сталы, аднак стравы стынуць, а госьці ўсё не ідуць, гаворка паверхам вышэй доўжыцца і доўжыцца, і ніхто не асьмеліцца ўтыркнуцца туды, запрасіць на абед. І тут Зіна ў бялюткім фартушку ўрываецца з залу, на віду анямелых удзельнікаў рашуча накіроўваецца да Касыгіна:
– Аляксей Мікалаевіч, абед стыне. Прашу... Дагаворыце пасьля...
Той ад нечаканкі запнуўся на паўслове, вытрымаў паўзу і нечакана па ягоным суровым, змрачнаватым твары праплыла добрая гарэзная ўсьмешачка, зьвярнуўся да прысутных:
– Што ж, зробім перапынак на абед! Нельга, каб прастыла... – Устаў і першы пайшоў за Зінай...
Нашая з Філіпчыкам, як цяпер сказалі б, прэзентацыя новых пасадаў і “прыём” мяне ў прафсаюз, натуральна, з прастаўкай і замочкай адбылася ў пятніцу пасьля работы ў бакавушцы, дзе абедалі загадчыкі аддзелаў і намесьнікі, маючы кожны сваё месца, і абслугоўваліся адразу ж, якая б чарга ні была ў агульнай зале. З гэтага дня і я атрымліваў тут сваё законнае месца...
Існавала завядзёнка зьбірацца сваёй кампаніяй, як правіла, напярэдадні Новага году, майскіх і кастрычніцкіх сьвятаў і, канешне ж, 23 лютага – у дзень Савецкай арміі і флоту, калі сьвята выпадала не на выхадныя. Ну і, натуральна, зрэдку з нагоды прыёму некага ў “прафсаюз” ці адзначкі чыйгосьці круглага альбо паўкруглага юбі­лею, калі таго хацеў юбіляр. Гэтыя зборкі збліжалі, спрошчвалі чалавечыя і службовыя стасункі. Можна было запроста зайсьці да любога загадчыка аддзелу і без усялякай цеганіны і ўзгадненьняў па-свойску вырашыць любое пытаньне. Ініцыятарам збораў часьцей за ўсё быў Піліп Пятровіч, які вельмі любіў і чарку ўзяць, і пагаманіць у кампаніі, альбо вясёлы, імпульсіўны, таварысцкі Васіль Сурмач, загадчык прамысловага аддзелу. Яны з Філіпчыкам былі родам з Мастоўскага раёну, дружылі сем’ямі, і неяк неўпрыкмет, бадай што адразу і мы з ім сталі добрымі прыяцелямі. А потым нашы службовыя лёсы пайшлі паралельна – амаль адначасова перабраліся ў Менск у ЦК, жылі ў дамах па суседстве, разам гаспадарнічалі ў Атоліна (загарадны цэкоўскі прафілакторый), і нас заўсёды збліжала, радніла гарадзенскае зямляцтва і абкамаўскае мінулае. З ЦК яго прызначылі нафта-газавым міністрам. А неўзабаве пачалося татальнае раскраданьне краіны. Сурмач быў чалавек старой закваскі – не дазваляў сабе і другім не даваў цягнуць, словам, замінаў, і неўзабаве з нечае падачы быў пасьпешліва прагнаны тымчасовым прэм’ерам Кебічам без прад’яўленьня нейкіх сур’ёзных прэтэнзіяў і прадастаўленьня яшчэ не ў пенсійным узросьце іншай работы. Васіль Васільевіч пачуваў сябе страшэнна абражаным, і калі пачалася першая дэмакратычная прэзідэнцкая кампанія, дзе прэтэндэнтам пад нумарам адзін, натуральна, ішоў Кебіч, Сурмач, дзе толькі мог і як толькі мог, агітаваў супраць яго, сьвяткаваў як сваю асабістую перамогу, калі той пацярпеў сакрушальную паразу ад малавядомага дырэктара саўгасу. Аднак і пасьля перамогі апанента Кебіча Васіль Васільевіч аказаўся незапатрабаваным – яму ня толькі ніхто не прапанаваў ніякай работы, яго дэманстратыўна, бесцырымонна, выкінулі з лечкамісіі, дзе ён меў пільную патрэбу ў пастаянным назіраньні ўрачоў. Такога бессаромства, абразы заслужаных людзей, былых членаў Ураду не дазваляла сабе ні адна ранейшая ўлада. Васіль Васільевіч перажываў выгнаньне з лечкамісіі мо нават больш балюча, чым беспадстаўнае звальненьне з міністэрскай пасады. Памёр ён раптоўна ў яшчэ адносна маладым веку і амаль што ў галечы. Пра ягоную сьмерць не палічыла патрэбным паведаміць ніводная ўрадавая газета... Але я ўжо надта забягаю наперад.
Хоць мы, тры намесьнікі, фармальна ўваходзілі ў склад загадчыцкага “прафсаюзу”, насамрэч роўнасьці, канешне, не было і быць не магло – для таго кожнаму з нас трэба было падняцца яшчэ на адну службовую прыступку. Роўнымі не маглі быць і загадчыкі, паколькі розную сацыяльную і палітычную вагу мелі сферы, якія яны курыравалі. І сярод нас траіх пранырлівы і хітры аргпартаддзелавец Станіслаў Андрыеўскі пастаянна намагаўся даць зразумець, падкрэсьліць, што ён першы сярод роўных. Мо таму шчырасьці, дружбы з ім не завязвалася ні ў мяне, ні ў аграрыя Аляксея Яновіча, з якім мы сышліся адразу ж. І, мусіць, ня толькі таму, што былі амаль аднагодкі і не задумваліся, хто з нас важнейшы. Мне вельмі імпанавала, што Аляксей жыва цікавіўся ўсім, што тычылася культуры, найперш – літаратуры, імкнуўся як мага больш уведаць, пазнаць дасканала, не саромеючыся пытацца пра самыя элементарныя рэчы, і хапаў усё на ляту. Раней ён кантактаваў з Грышкевічам, а зараз ледзь ці не штодня забягаў да мяне пагаманіць пра розныя навіны і праблемы літаратуры, культуры, гісторыі. Занятыя праблемамі сваіх сфераў кіраўнікі галіновых, дый і іншых аддзелаў мала, а то і зусім не цікавіліся перапетыямі сусьветнай палітыкі, прытрымліваючыся, мусіць, надзейнага старога прынцыпу: чым менш ведаеш – тым лепш сьпіцца. Толькі аграрнік Яновіч сістэматычна адсочваў міжнародныя і ўнутраныя падзеі, аналізаваў, выяўляў іхнія яўныя і тайныя спружыны, арыентаваўся ня горш за прафесійнага лектара-міжнародніка. Перад абедам ён забягаў да мяне, і мы разам, перадаючы адзін аднаму старонкі, чыталі сьвежую, толькі-толькі атрыманую па тэлетайпе інфармацыю ТАСС для службовага карыстаньня, частка якой зьявіцца вечарам у інфармацыйных выпусках тэлебачаньня і радыё, у заўтрашніх газетах, але шмат што не патрапіць у адкрытую прэсу. І яшчэ, звычайна, Аляксей перачытваў ад першай да апошняй старонкі ўзяты ў мяне аналітычны бюлетэнь АПН для службовага карыстаньня. Забясьпечваў яго я і радыёперахватам беларускай “Свабоды”, які на бланку Дзяржтэлерадыё БССР пад грыфам “Сакрэтна” прысылалі ў абкам партыі для арыенціроўкі і наладжваньня дзейснай контрпрапандысцкай дзейнасьці. З запісаў забугорных галасоў яго больш за ўсё цікавілі перадачы па гісторыі, а найперш – нацыянальна-вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі. Праўда, тады ён і не заікнуўся, што паходзіць з роду Дварчанінаў...
Яновіч усё больш і больш выклікаў сімпатыю няўрымсьлівай дапытлівасьцю, настойлівым імкненьнем пашыраць і паглыбляць свой інтэлектуальны кругагляд, і ў мяне не было сумненьня, што ў Аляксеевай асобе неўзабаве будзем мець разумнага, усебакова дасьведчанага кіраўніка вельмі і вельмі высокага рангу. Неўзабаве гэта стала спраўджвацца – трыццацігадовага Яновіча паслалі ўзначаліць самы эканамічна моцны Карэліцкі раён, дзе на ўрадлівых глебах, як нідзе, расьлі Героі, ардэнаносцы высокай пробы і, натуральна, кіраўнікі высокага палёту. Адсюль, дарэчы, стартаваў на сваю высокую арбіту і Мікуловіч...
Пасьля пераезду ў Карэлічы, адкуль павінен быў адбыцца ягоны вялікі кар’ерны ўзлёт, сустракацца мы сталі рэдка, пераважна на розных нарадах і сходах. Аляксей намагаўся дэманстраваць, што ў нашых прыяцельскіх стасунках нічога не перамяні­ліся, але яму цяжка было хаваць, а мне не заўважыць, што на іх патыхнула халадком іншаўзроўневага “прафсаюзу”, выветрываючы астаткі шчырасьці і душэўнай цеплыні. Я ўжо збольшага ўведаў законы, правілы, звычкі наменклатурных калідораў, таму не было ў тым ні нечаканкі, ні нейкай крыўды альбо зларадства, хіба толькі зьдзіўленьне, што Аляксей гэтак хутка захварэў на патрыцыянства. Тым ня менш, забягаючы наперад, калі ў Маскве ў ВПШ сярод нашага беларускага зямляцтва заходзілі спрэчкі-гаворкі, хто з маладых разумных кадраў мае патэнцыял і рэальны шанц у бліжэйшай ці аддаленай персьпектыве зазьзяць на кіроўным небасхіле рэспублікі ў сонме зорак першай велічыні, я заўсёды сьцьвярджаў і даказваў, што сярод іх абавязкова будзе Яновіч, а мой калега Яўген Рабко, родам з Карэлічаў, катэгарычна не згаджаўся: для таго трэба быць асобай, а Яновіч – проста чыноўнік-служака сярэдняй рукі, а я надта забольшваю ягоныя якасьці. Спрачаліся мы да хрыпаты і, магчыма, абодва мелі рацыю: я ведаў Аляксея болей з параднага боку, Яўген – трохі з іншага...
Тым ня менш Аляксей зрабіў неблагую кар’еру, праўда, далёка не такую, якую яму прарочылі, дый, пэўна, сам спадзяваўся. Ягоным эпагеем і найвышэйшым узьлётам стала пасада старшыні аблвыканкаму ў эканамічна слабенькай Магілёўскай вобласьці, адкуль, выдатна разумеў, уехаць у стольны Менск на белым кані – персьпектыва прывідная. Куды больш рэальным быў пераможны ад’езд з Масквы, і ён даў згоду на ня надта прыкметную чыноўнічую пасаду ў першапрэстольнай. Спадзяваўся, пэўна, што там заўважаць, ацэняць, прасунуць на стартавыя пазіцыі. Ня ведаю, наколькі гэта дакладна, але кажуць, што ў Маскве ён зрабіў вялікую прамашку, адмовіўшыся ад высокай пасады ў адным з аддаленых рэгіёнаў Расіі, пасьля чаго на ягонай кар’еры быў пастаўлены крыж, і нічога не заставалася, як у рэшце рэшт вяртацца ў рэспубліку на вельмі і вельмі сьціплае месца начальніка ўпраўленьня саўмі­ну, дзе і прасядзеў да пенсіі. Праўда, калі пайшла мода і ўшчаўся вялізны попыт на магілёўскія кадры, яму дазволілі вылучыцца ў дэпутаты і аднаму з нямногіх у парадку выключэньня сумяшчаць чыноўніцкую работу з дэпутацкай дзейнасьцю. Але ненадоўга...
Не магу не сказаць колькі словаў пра Івана Аўсейчыка, які тады з ад’ездам Яновіча ў Карэлічы прыйшоў на ягонае месца ў абкаме. У адрозьненьне ад свайго папярэдніка Іван ня надта цікавіўся перапетыямі высокай міжнароднай палітыкі, праблемамі літаратуры і мастацтва, аднак мы адразу ж, з першага знаёмства, сышліся як землякі – абое паходзілі ня толькі з аднаго раёну, але і з аднаго калгасу. Ягоныя Шынкаўцы былі побач з Астрыной, дзе ён канчаў школу, таму раней не сустракаліся і ня зналіся. Іван быў сьветлы, рэдкай абаяльнасьці чалавек, здаецца, аж сьвяціўся шчырай дабрынёй, спакоем і разважлівасьцю. У ім жыла натуральная, глыбінная сялянская самавітасьць, якая з першага ж знаёмства выклікала давер і надзейнасьць. Па сабе заўважаў, што ўсе, хто трапляў у наменклатуру, памалу, неўпрыкмет заражаліся кар’ернымі бацыламі, неўласьцівым раней прагматызмам, пачыналі ня толькі зрэдку задумвацца, але і ледзь ці не штодня клапаціцца: а што ж будзе далей? Вяртацца, адкуль прыйшоў, пабыўшы ў начальніках, ужо неяк няёмка і перад знаёмымі, і перад самім сабой. Застаецца толькі верна і аддана служыць, не гнявіць начальства, каб не апраставалосіцца, аскандаліцца ды патрапіць у разрад бесперсьпектыўных. На дзіва ўсё гэта Івана аніколечкі не хвалявала і не клапаціла. Напачатку я не хацеў даваць веры, думаў трохі выпендрываецца землячок, але і не паверыць было немагчыма, калі ён адкрыта казаў начальству, што чыноўнічая служба яму не па душы, прыгнечвае, прасіўся адпусьціць ў які-небудзь хай сабе і дабіты да ручкі калгас старшынём альбо аграномам. На партыйную работу ён трапіў выпадкова: сказалі цягнуць воз – і цягнуў надзейна, перапрагалі – і ён зноў цягнуў, падымаючыся з прыступкі на прыступку, аж пакуль не дапяў да ненавіснай канцылярска-папяровай работкі ў абкаме партыі. У гэтым плане ён быў белай варонай, але ў адрозьненьне ад бальшыні нас ягонае амаль абсалютнае ігнараваньне кар’ерных памкненьняў рабіла яго куды больш свабодным, незалежным, самім сабой. Іван мог без аглядкі на начальства казаць, што думае, што лічыць патрэбным сказаць, часам дзёрзка, у піку нейкай чарговай дурноце зьверху. У Мікуловіча насуперак элементарнай наменклатурнай логіцы часам такія яршыстыя непачціўцы выклікалі не раздражненьне, а давер і сімпатыю. Не мінула і году, як Іван паехаў першым у Смаргонь, адкуль званіў мне ледзь ці не штодня параіцца ці пракансультавацца па ідэалагічных пытаньнях, а часьцей дык перакінуцца слоўцам, падзяліцца сваімі клопатамі, выслухаць маё меркаваньне і, канешне ж, чарговы раз запрасіць прыехаць ці то на пленум райкаму, ці то на нейкае іншае мерапрыемства альбо проста пабыць на прыродзе, пагаманіць ад душы. І я заўсёды выбіраў самы далёкі Смаргонскі раён, калі пасылалі прадстаўляць абкам на нейкіх важных раённых мерапрыемствах і як не было нейкіх неадкладных справаў у іншых месцах. Іван ніколі, што звычайна мелі за правіла ў іншых раёнах, не вазіў мяне на пачостку да некага ў калгас, а прымаў сам альбо на прыродзе, альбо ў сваёй трохпакаёўцы ў звычайным шматкватэрным панельным доме – ён быў адзін сярод першых сакратароў, які адмовіўся ад раскошнага сакратарскага асабняку за высокім парканам, загадаўшы аддаць яго шматдзетнай сям’і, пажадаў жыць не выдзяляючыся абсалютна натуральна і шчыра, без усялякага папулізму і выпендражу. Ці то ў яго, ці то ў мяне, калі ён іншы раз заставаўся нанач у Гародні, мы заўсёды пад сьціплую чарачку заседжваліся за добрай сяброўскай гаворкай да позьняй ночы.
Мяне заўсёды зьдзіўляла, захапляла ягонае ўменьне гаварыць з людзьмі, у тым ліку даваць некаму наганяй – спакойна, не павышаючы голас, не зрываючыся, і заўсёды з павагай да субяседніка, нават калі той праштрафіўся, зрабіў непрыгожы ўчынак. Ня раз сам назіраў, чуў ад іншых, з якой павагай ставіліся да свайго першага і кадры розных узроўняў, і простыя людзі. На вялікі жаль лёс гэтага добрага, няўрымсьлівага чалавека склаўся вельмі трагічна. Здавалася, яму, невысокаму, каржакаватаму мацаку, век зносу ня будзе, а тут нечакана прычапілася страшная хвароба, якую ён пераносіў з незвычайнай мужнасьцю і аптымізмам. Па настаяньні медыцыны вымушаны быў пакінуць Смаргонь, адкуль яго ніяк не хацелі адпускаць, і пераехаць у Гародню на пасільную работу. Апошні год ён ляжаў зусім спаралізаваны, многа чытаў, а потым, нібы на злосьць сваёй немачы, пачаў пісаць вельмі вясёлыя, надзвычай аптымістычныя апавяданьні і гумарэскі. Я быў літаральна ўражаны, прачытаўшы прысланыя мне ў “Вожык” два невялічкія апавяданьні з кароценькім, напісаным з вясёлым гумарком, пісьмом аб сваіх нечаканых творчых памкненьнях і просьбай ацаніць, што з гэтага атрымліваецца. Без усялякага перабольшаньня і скідак: і тут у яго выходзіла таленавіта. Адразу ж сёе-тое падправіў па стылі і мове, аддаў у друк, а Івану напісаў ліст з ухвалай і падтрымкай, прапанаваў, каб усё, што напішацца, дасылаў мне і назваў нумар часопісу, у якім будуць надрукаваныя ягоныя першыя творы. Неўзабаве атрымаў ад яго шчыры радасны ліст з падзякай за вельмі важную для яго зараз маральную падтрымку і яшчэ адну гумарэску. Потым дасылаў яшчэ і яшчэ, часам ледзь ці ня кожны тыдзень. На жаль, ня ўсё была магчымасьць надрукаваць, аднак на працягу больш чым году Іванава прозьвішча не сыходзіла са старонак “Вожыка”, нават калі яго ўжо ня стала на гэтым сьвеце...

Прайшлі гады, дзесяцігоддзі, а тыя абкамаўскія “прафсаюзныя” сходкі прыгадваюцца з цеплынёй і ўдзячнасьцю. Рэдкія выпадковыя і невыпадковыя сустрэчы з былымі калегамі заўсёды выклікаюць добрыя, прыемныя пачуцьці, нібыта на нейкія хвілі вяртаешся ў даўнюю адшумелую маладосьць. На жаль, усё менш і менш іх застаецца на гэтым сьвеце. Адны ляжаць немаведама дзе, як мілы Іван Аўсейчык на запушчаных могілках амаль што вымерлай ягонай роднай вёскі Шынкаўцы, другія, як Грышкевіч, Русаковіч, – на розных Маскоўскіх могілках, а больш за ўсё – у Гродне, на так званай алеі вядомых людзей, якую пачалі ў пачатку сямідзясятых з рана памерлага вельмі папулярнага старшыні аблвыканкаму Рыгора Філатавіча Фамічова. І добра тады зрабілі, адкрыўшы гэтую ганаровую дзялянку – можна прыйсьці і аднаму за адным пакланіцца. Ад Фамічова да непадалёк Надзеі Андрэеўны Быкавай. І канешне ж, Аляксею Нічыпаравічу Карпюку...

Аляксея Карпюка я ведаў даўно, па публікацыях у “Гродненской правде”, у альманаху “Нёман”, які ў свой час выходзіў у Гродне. Асабліва ўразіла рамантычнасьцю, сьветлым каханьнем ягоная аповесьць “У маладыя гады”. Потым ён практычна перапісаў яе, памяняўшы імя галоўнай гераіні, пашырыўшы твор разы ў чатыры, і яна ня раз выходзіла пад назвай “Данута”. Па мне дык гэта найлепшы, найдасканалейшы Карпюкоў твор. Сустракаліся мы на розных семінарах маладых літаратараў, на якіх ён быў як кіраўнік і настаўнік, а я – радавы ўдзельнік, і нават сумняваўся, што Карпюк запомніў мяне. Калі стаў працаваць уласным карэспандэнтам “Гродненской правды”, сяды-тады прысутнічалі разам на партыйных сходах у рэдакцыі, дзе ён быў на партуліку. Але, здаецца, Карпюк ні разу на гэтых сходах не выступаў, больш за тое – рэдка калі даседжваў да канца: зарэгіструецца дзеля прысутнасьці, пасядзіць з паўгадзіны – і пайшоў па сваіх справах. Усе ведалі Карпюкоў характар, ягоную фантастычную непаседлівасьць, і не зважалі. А ўсур’ёз пазнаёміўся з ім, калі стаў працаваць у абкаме партыі і асабліва – як пачаў курыраваць абласное аддзяленьне Саюзу пісьменьнікаў, дзе ён быў старшынём. Прадставіў мяне яму Васіль Быкаў, з якім выпадкова сустрэліся, стаялі і гаманілі непадалёк ад будынку абкаму на Замкавай вуліцы. І тут, як віхор, на нас літаральна наляцеў Карпюк, заклапочаны, сканцэнтраваны ў сабе.
– Здароў! – прыпыніўшыся, падаў руку Быкаву, потым, глянуўшы з-падылба, – мне.
– Знаёмся... – кіўнуў на мяне Быкаў.
– Ды я раней за цябе яго ведаю! – з выклікам, пераможна глянуў на яго Карпюк, потым скасіў вока на мяне: – У начальства выбіўся?
– Ды якое там начальства, Аляксей Нічыпаравіч...
– І правільна, не зазнавайся! – падміргнуў, і ўжо да Быкава: – Ну, будзь здароў! Няма часу...
– А ты куды?
– Туды! – хітнуў галавой на абкам. – Куды ж яшчэ! Вы ж ніхто і пальцам не паварушыце...
Быкаў здагадваўся, мо нават дакладна ведаў, якія клопаты гоняць таго да начальства: Карпюковай няўрымсьлівай натурай завалодала чарговая вялікая ідэя – чаго б там ні каштавала, а зрабіць рамонт і рэстаўрацыю дому Элаізы Ажэшкі, дзе два пакоі, у тым ліку і знакамітую камінную залу пісьменьніцы займала аддзяленьне Саюзу пісьменьнікаў, а асноўныя плошчы – аддзел замежнай кнігі абласной бібліятэкі. Драўляны дом пад касьметычнай тынкоўкай быў у аварыйным стане, і Карпюк паставіў усіх на ногі, не даваў спакою, пачынаючы з мясцовых, канчаючы найвышэйшымі маскоўскімі інстанцыямі, каб захаваць гістарычную рэліквію. Быкаў, канешне ж, падтрымліваў гэтую сьвятую справу, дзе трэба ставіў свой подпіс, закідваў слоўца, але на магчымасьць яе рэалізацыі глядзеў даволі скептычна: хто гэта дасьць дэфіцытныя ліміты, падрады, будматэрыялы на нейкі домік нейкай Ажэшкі, калі іх нестае на вялікіх будоўлях камунізму, ня кажучы пра стратэгічныя ваенныя і такія ж важныя аб’екты па лініі грамадзянскай абароны. Але ён і на гэты раз недаацаніў арганізатарскай хваткі і прабіўных здольнасьцяў Карпюка. На дзіва справа з рэстаўрацыяй дому Ажэшкі зрушылася з месца – паехалі розныя камісіі, рабілі адназначную выснову: аб’ект з-за амаль поўнай струхнеласьці сьценаў аўтэнтычнай рэстаўрацыі не падлягае, уратаваць яго як гістарычную каштоўнасьць можна толькі, калі на ўмацаваным фундаменце ўзьвесьці ягоную цагляную копію, захаваўшы драўляныя элементы страхі, літыя рашоткі балкону, печкі і, канешне ж, камінную залу са старадаўнім люстэркам, а таксама іншыя элементы афармленьня інтэр’еру. Знайшліся праціўнікі гэтакай рэстаўрацыі, але Карпюк у сваёй рашучай наступальнай манеры асадзіў іх: дурні, з-за драўлянай аўтэнтычнасьці загубіце ўсё! Ён днямі прападаў на будоўлі, пры разборцы сачыў, каб ні адна прыдатная дэталька інтэр’еру не была пашкоджаная альбо прапала па недаглядзе, а потым, калі ўзводзілі сьцены, прыдзірліва назіраў за якасьцю кладкі, тыцкаючы ў кожную неахайнасьць. Асабіста магу засьведчыць, што будаўнікі і іхні прараб пабойваліся Карпюка больш, чым свайго высокага трэстаўскага начальства, ня кажучы пра ня надта дасьведчанае ў іхняй прафесійнай справе абкамаўскае ці аблвыканкамаўскае. Ён не даваў спакою нікому, ад каго хоць неяк залежала будоўля і рэстаўрацыя, спыніўся толькі, калі радасны, задаволены ўсяліўся на сваю абноўленую, але ранейшую да дробязяў палавіну, дзе нават ягоны экстравагантны лозунг “Усе мы выйшлі з народу, ці не пара вярнуцца назад?” вісеў на ранейшым месцы.
Першыя службовыя стасункі з Аляксеем Нічыпаравічам у нас адбыліся напярэдадні 100-годдзя Леніна, якое рыхтавалася і праводзілася з небывалым размахам. З падведамасных арганізацыяў запатрабавалі планы мерапрыемстваў па правядзеньні вялікага юбілею правадыра сусьветнага пралетарыяту, якія мелася зьвесьці ў адзі­ны абласны і зацьвердзіць сумеснай пастановай абкаму і аблвыканкаму, надаўшы яму абавязковую сілу закону. Натуральна, я пазваніў Карпюку і папрасіў на працягу тыдня скласьці, абмеркаваць і прадаставіць у абкам мерапрыемствы па лініі аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў. Ён справіўся не праз тыдзень, а ў наступны ж дзень прынёс чамусьці ня мне, а напрамую Ульяновічу надрукаваныя на машынцы мерапрыемствы з толькі аднаго пункту: “Правесьці ў вобласьці масавую кампанію пад дэвізам: а Ленін ня піў”. Сакратар абкаму ледзьве не паехаў са сьмеху:
– І гэта ўсяго?
– Астатняе самі панапісваеце, а да гэтага – не дадумаецеся! – пераможна глянуў Карпюк.
Пра ягоную бескампраміснасьць да алкаголю па сёньняшні дзень ходзяць легенды, дакладней – амаль што дакументальныя гісторыі, і амаль усе дзіўнаватыя, сьмешнаватыя, донкіхоцкія, у якія найчасьцей трапляюць вялікія мройнікі і максімалісты... Хоць бы ягонае памкненьне стварыць усесаюзнае таварыства цьвярозасьці, для чаго сьпецыяльна езьдзіў у Маскву да непітушчага генерала Гарбатава, пра што добра напісаў, а яшчэ лепш любіў расказваць Васіль Быкаў… Можна падумаць, што Карпюк змалку быў гэтакім зацятым антыалкаголікам. Ды не! У партызанах, франтавых акопах быць цьвярозьнікам цяжка, амаль немагчыма, і Карпюк, як і ўсе, рэгулярна браў свае наркамаўскія сто грамаў, а то і больш. Пералом адбыўся ў самым канцы вайны ў Берліне, калі нямецкі асколак з ашмоцьцем гімнасцёркі глыбока засеў у лёгкіх, і ваенурач пасьля аперацыі, відаць, для прафілактыкі ад наступстваў тых штодзённых наркамаўскіх ста грамаў, папярэдзіў: жыць будзеш толькі, калі кінеш піць, інакш – хана... Так што сам выбірай...
Аляксей Нічыпаравіч зрабіў ня толькі асабіста свой выбар, але з унікальнай энергіяй, напорыстасьцю і апантанасьцю пачаў ратаваць ад шклянога нячысьціка ўсіх – і сяброў-таварышаў, і ворагаў-непрыяцеляў, і знаёмцаў, і незнаёмцаў. Гэты шкляны д’ябал у абліччы зялёнага зьмія зрабіўся для яго найвялікшым і найагіднейшым ворагам Чалавека і чалавецтва, змагаўся з ім абсалютна шчыра і пераканана, з самымі найлепшымі памкненьнямі рабіць людзям дабро. Ён учыняў скандалы ўсім, хто на ягоную думку спойваў Быкава, – і ў Гродне, і ў Менску. Праўда, мяне не чапаў, хоць аднекуль уведваў, калі і дзе мы з Быкавым ці то ў кампаніі, ці то ўдвух бралі чарку. Наўрад ці ўважаў, што я хоць нейкае, але начальства, бо, наадварот, да начальства ў яго былі свае, куды больш строгія меркі ва ўсім, у выпіўцы ў тым ліку. Атрымаў індульгенцыю ў Карпюка, расказаўшы яму праўдзівую гісторыю, як у дзяцінстве дабраўся да гарэлкі і насмактаўся так, што напалоханыя маці і бацька, не даўмеўшыся пра прычыну нечаканай “падучай” хваробы, стрымгалоў памчалі на фурманцы да доктара ў суседнюю вёску. Той выказаў падазрэньне, рашуча адвергнутае маці і бацькам, і доктар даў выпіць нейкае лякарства, ад якога ўсю дарогу выварочвала вантробы, пасьля чаго больш ніколі ў жыцьці ня зьведваў жаданьня ні выпіць ні пахмяліцца. Карпюк прыняў гэта за чыстую манету і пачаў вінаваціць Быкава, што той спойвае мяне...
У барацьбе за цьвярозы лад усяго грамадства і кожнага паасобку, гарадзенскіх пісьменьнікаў, канешне ж, у першую чаргу, на ягоную думку, былі дапушчальнымі ўсе сродкі і метады – ад афіцыйнага звароту да адміністрацыяў, партыйных і прафсаюзных арганізацыяў да ня надта цырымоннага ўмяшальніцтва ў асабістыя і сямейныя справы. І гэтая адчайная барацьба іншы раз (калі не часьцей за ўсё) насіла камічна-анекдатычны характар. Карпюковыя антыалкагольныя выхадкі часам у сяго-таго выклікалі прыкрасьць і непаразуменьне, аднак усе ведалі ягоны характар, і ніхто ўсур’ёз ня крыўдзіўся, ня кажучы, каб затойваць нейкую злосьць і помсту. На Аляксея Нічыпаравіча проста немагчыма было злавацца ці крыўдзіцца, бо ва ўсім, у тым ліку ў сваёй зацятай барацьбе з п’янствам, ён быў гранічна шчыры, дзейнічаў бяз задніх думак, абсалютна перакананы, што робіць сьвятую, праведную справу. І каб закончыць легендарную карпюкоўскую антыалкагольную тэму, прыгадаю нашу гаворку з ім, калі ўсчалася небывалая па размаху ўсесаюзная гарбачоўска-лігачоўская антыалкагольная кампанія з высячэньнем вінаграднікаў, дэмантажом вінна-гарэлачных заводаў, абмежаваньнем продажу сьпіртнога, масавым стварэньнем таварыстваў цявярозасьці, пачынаючы ад ЦК КПСС і канчаючы нейкай задрыпанай вёсачкай.
– Ну што, Аляксей Нічыпаравіч, – кажу, – нарэшце, вашы ідэі прабілі сьцяну і завалодваюць масамі. На метр у зямлю глядзелі. Цяпер сам лёс наканаваў вам узначаліць калі не рэспубліканскае, то абласное таварыства...
– Хм... – у сваёй звычайнай манеры з пад ілба энергічна і выразна бліснуў вачыма Карпюк. – І ты думаеш, што я ў гэтае таварыства пайду?.. Дулю!..
– Чаму-у??! – шчыра зьдзівіўся я, падумаўшы, што хутчэй за ўсё гэта звычайная Карпюкова эстравагантнасьць.
– Ты думаеш, там зьбяруцца цьвярозьнікі?.. – скептычна махнуў рукой ён. – Чорта з два! Сыйдуцца п’яніцы, каму і ў галаву не прыходзіла кідаць піць. Будуць засядаць, пляжыць п’янства, прымаць пастановы і рэзалюцыі, а потым, схаваўшыся, замочваць свае антыалкагольныя рэзалюцыі. Усе гэтыя створаныя загадамі зьверху з пагалоўным ахопам таварыствы – прафанацыя і кампраментацыя. Удзельнічаць у гэтай камедыі я не зьбіраюся... І ў іхняе таварыства не ўступлю...
Толькі потым, калі насамрэч гэтае мёртванароджанае таварыства стала імкліва дэградаваць, як і сама антыалкагольная кампанія, у час якой наламалі гэтулькі дроў, зразумеў, што Карпюк як у ваду глядзеў...

Я ня ведаў большага няўрымсьліўца, лёгкага на пад’ём чалавека, непаседу, чым Аляксей Нічыпаравіч. Ён мог пазваніць жонцы, што ідзе на абед, а вечарам пера­званіць: я ў Маскве ці Менску. Ня раз бачыў, як страшэнна нудзіцца Карпюк на розных нарадах, пасяджэньнях, сходах, высядзець якія больш за гадзіну было для яго неймавернай пакутай. Як і на розных гасьцяваньнях, у кампаніях. Можна толькі дзівіцца, як пры гэтакім характары ён мог змушаць сябе без пярэдыху на многія-многія гадзіны прыкоўвацца да пісьмовага стала, з ранку да вечару адным пальцам “дзяўбаць” на пішучай машынцы, тут жа бязбожна чыркаючы, перадрукоўваючы. Звычайна, ён вечна быў нечым заклапочаны, вечна некуды сьпяшаўся, як кажуць, быў на бягу, і ягоны характар цалкам адпавядаў ягонай таропкай энергічнай паходцы. Нават у семдзясят з ім цяжка было сысьціся маладым. Калі раптам пачаў зьяўляцца на людзях з доўгай кацубешкай, было ўвачавідкі, што яна спатрэбілася яму зусім не для помачы нагам, а каб падавацца арыгінальным ды часам па-дзіцячы гарэзьліва шаргануць ёю па нейкім плоце ці металічнай рашотцы. Ён і насамрэч ва ўсім быў арыгінал – каларытны, часам экстравагантны, дзівакаваты і, здаецца, яму падабалася падтрымліваць такое рэнамэ. Аляксей Нічыпаравіч ня тое што крыўдаваў ці абвяргаў розныя недарэчныя анекдатычныя гісторыі з ім кшталту ліста маршалу Жукаву, знаходкі і здачы ў ваенкамат карабінаў і г.д., якія любіў баяць пад настрой Быкаў, але і сам ахвотна расказваў іх, дапаўняючы яшчэ больш камічнымі дэталямі. Апавядальнік ён быў выдатны, з бліскучым пачуцьцём гумару і тонкім адчуваньнем камертону вуснай гаворкі, трапнага народнага слова. Мне здаецца, што гэта ў яго атрымлівалася значна лепш, чым на пісьме.
Прыгадаю адну з гэтых камічных гісторыяў, у якой увесь Карпюк. Вычытаў, што Леў Талстой езьдзіў на веласіпедзе, і канешне ж, рашыў быць падобным да класіка. Купіў веласіпед і прыехаў да Быкава: паглядзі, Васіль! Купляй і ты, будзем езьдзіць, як Талстой. Быкаў паспрабаваў праехацца, падумаў: а чаму і насамрэч не займець – можна і ў горадзе, і за горад выехаць разьмяць ногі. Карпюк паехаў далей, а ён схадзіў у магазін, выбраў такі ж самы – зялёненькі з закручанымі ручкам, папрасіў прадаўшчыцу патрымаць, пакуль сходзіць дадому, а потым – у ашчадную касу зьняць з кніжкі грошы. Толькі адчыніў дзьверы – як заклапочаны тэлефонны званок Карпюка:
– Васіль, зайдзі тэрмінова...
– А што здарылася? Мы ж толькі што бачыліся...
– Зайдзі, не тэлефонная размова...
Пайшоў. Адчыніліся дзьверы – і застыў з акругленымі вачамі: уся Карпюкова фізіяномія – абадраная, у крывавых падцёках і ў сіняках.
– Што з табой, Аляксей?!
– Во паглядзі... – паказвае на скурожаны веласіпед з адарваным пярэднім колам.
– Што здарылася?!
– Ат, разагнаўся з горачкі па Каліноўскага, а тут зьлева высоўваецца на дарогу матацыкл. Буду ўсякаму гаўну саступаць, падумаў, і – во...
У Быкава прапала ўсялякая ахвота купляць веласіпед. Карпюком жа цалкам завалодала ідэя-фікс: чаго б там ні каштавала, а займець уласны транспарт, ды не які-небудзь веласіпед ці матацыкл, а надзейны, на чатырох колах. Якраз тады добра пайшла “Данута” – і ў “Полымі”, і ў выдавецтве асобнай кніжкай добрым накладам, і ў перакладзе ў “Нёмане”, затым двума выданьнямі ў Менску, у “Дружбе народов” і асобнай кніжкай у Маскве, амаль адразу ж па-літоўску, латышску, польску, і грошы завяліся. Ды грошы грашыма, гэта ня сёньня, калі за іх можна ўсё, тады ж мог мець і мільён, а ўласнага легкавіка – дулю купіш: машына была немаведама які дэфіцыт і неспасьцігальная раскоша. Ніводзін начальнік ня меў права на яе, а нейкі дзясятак “Масквічоў” на год, што паступалі па разнарадцы на вобласьць, разьмяркоўваўся аблвыканкамам для продажу вядомым і заслужаным людзям па персанальным сьпісе. Карпюк тады быў славутасьцю першай велічыні і без усялякіх праблемаў патрапіў у той запаветны сьпіс.
Ледзь ці не паўгода вечарамі хадзіў на курсы, дзе прылежна вучыў правілы дарожнага руху, будову і прынцыпы работы аўтамабіля, здаваў экзамены і, атрымаўшы жаданыя правы, тут жа рашыў сесьці за руль і з шыкам пракаціцца па Гародні на сваім новенькім бліскучым “Масквічы”. Перш за ўсё, канешне ж, заехаў пахваліцца да Быкава:
– Глядзі! Хочаш – пракачу!..
– То пачакай, пераапрануся...
– Ат, няма часу! Ладна, іншым разам... – і памчаў уніз па Кашавога, а пад горку на вуліцы Горкага ўтыркнуўся ў зазор між двума вялізнымі грузавікамі ў застылай на месцы вайсковай калоне.
Праўду кажуць: бойся галалёду і вайсковых вадзіцеляў – часьцей за ўсё яны першы раз самастойна селі за руль. Так яно і сталася: вадзіцель пярэдняй машыны адпусьціў тормаз – і грузавік падаўся назад на Карпюка ў новенькім “Масквічы”... Прыехала аўтаінсьпекцыя, высьветліла, што вінаваты сам Карпюк – ён ня меў права ўтыркоўвацца ў вайсковую калону, якая стаяла, захоўваючы належную дыстанцыю бясьпекі між машынамі... Тым часам сьпідометр пакалечанага “Масквіча” адлічыў толькі першыя дванаццаць кіламетраў...
– Усё! Больш ты мне за руль ня сядзеш! – сказала, як адрэзала, жонка. – Сама буду езьдзіць!..
На рамонт грошай не шкадавалі, і неўзабаве майстры вярнулі “Масквічу” ледзь ці не ранейшы выгляд. Жонка хадзіла на курсы, а Карпюк нудзіўся, пакуль яна атрымае вадзіцельскія правы. Нарэшце, правы ў кішэні, дакладней – у жончынай сумачцы, і яна адважылася зрабіць свой першы выезд. А ў гэты час ля варотаў стаяў добра паддаты сусед і невядома як патрапіў пад “Масквіча”. З пераломам рукі яго паклалі ў бальніцу, а Карпюку выпала місія па-добраму дамовіцца-адкупіцца, не дапусьціць да суда. Сышліся на пяцістах рублях, аднак як толькі сябры па няшчасьці ў палаце даведаліся пра змову, пачалі пацьвельвацца: ну й прадзешавіў жа ты, у нейкіх няшчасных пяцьсот рублёў ацаніў сваю правую руку!.. Сусед даў задні ход: менш, чым на тысячу не згаджуся... Карпюк, каб адкараскацца ад суда, і не таргаваўся. А неўзабаве пацярпелы падняў планку і выцыганіў яшчэ пяцьсот рублёў, хоць каб быў суд, пэўна дулю меў бы – сьведкі бачылі, як той па-п’яні з распрасьцёртымі рукамі выскачыў перад самым капотам “Масквіча”, спрабуючы невядома чаму спыніць машыну. Ледзьве выплацілі суседу, трохі супакоіўшыся, вадзіцелька зноў выехала ў горад. Аб’ехала квартал, стала заяз­джаць у двор, а тут немаведама адкуль наперарэз, проста пад пярэдняе кола памчала неўмаля!.. Ад нечаканкі вадзіцелька разгубілася, замест каб націснуць на тормаз, з жахам хапілася за галаву, ледзь ня страціўшы прытомнасьць. Машына ледзьве сунулася, дзіця штурхнула трохі бамперам і яно кульнулася ў бок, нават не набіўшы гузака, паднялося і пабегла далей, а жонка сказала рашуча і катэгарычна: усё, прадавай да д’ябла гэтую праклятую машыну...
На ёй і насамрэч, мусіць, вісеў нейкі праклён. Ледзьве купіў яе ў Карпюка ашалелы ад неспадзяванага шчасьця выкладчык педінстытуту, як тут жа рашыў пракаціцца да Друскенікаў, і на сёмым кіламетры за горадам ... сутыкнуўся з грузавіком. Сьпідометр тым часам адлічваў толькі саракавы кіламетр... За рамонт узяўся малады хлопец – шафёр. Тры тыдні валэндаўся, даводзячы да ладу, а як закончыў, палічыў, што грэх было б не пракаціцца з ветрыкам... Як на тую бяду і яго пацягнула ў бок Друскенікаў. Ля самай мяжы з Літвой, не даязджаючы да Прывалкі не справіўся з кіраваньнем і ўрэзаўся ў прыдарожнае дрэва. Ды так, што ад машыны застаўся металалом, рамонту не падлягала. А вадзіцелю проста неверагодна пашчасьціла – адбыў толькі гузакамі. Ці то са страху, ці сьвядома (у кішэні была позва ваенкамату аб прызыве ў армію) кінуў разьбітую машыну, падаўся дадому, і пакуль адшукалі ейнага гаспадара, уведалі, што да чаго, вайсковы эшалон з тысячамі новабранцаў ужо недзе падбіраўся да Уралу... Сьпідометр ушчэнт разьбітай машыны не перабраўся і за семдзесят кіламетраў прабегу... Прадаў небарака тэхнічны пашпарт з кучай металу нейкаму мясцоваму Кулібіну, і той з запчастак сабраў новы аўтамабіль. Убачыўшы на гарадзенскіх вуліцах знаёмы нумар, Карпюк з усьмешкай казаў:
– Во, мой “Масквіч” паехаў...
На тым і скончылася ягоная транспартная адысея...
Ён увесь час трапляў у падобныя сумнавата-экстравагантныя, але часьцей за ўсё сьмешныя, камічныя гісторыі. Падазраю, што чалавек з рэдкім адчуваньнем гумару і самаіроніі, Карпюк часам знарок ствараў іх, сьвядома соваючыся ў розныя недарэчныя, паўавантурныя альбо зусім авантурныя сітуацыі, каб па-дзіцячы папрыдурвацца, пацешыцца самому і пацешыць іншых, прыкідваючыся гэтакім цельпукаватым недалэнгам і дзіваком, якіх колісь можна было сустрэць ледзь ці ня ў кожнай заходнебеларускай вёсцы. Іншы раз было цяжка зразумець, ці гэта ён усур’ёз, ці блефуе, ці проста тлуміць галаву. Як з тым жа знакамітым пісьмом маршалу Жукаву, знаходкай і здачай карабінаў, пра што напісаў Васіль Быкаў у “Доўгай дарозе дадому”. Як гісторыя, калі Карпюк зморам узяў ваенкамат, каб накіравалі на доўгатэрміновыя вайсковыя зборы, пасьля якіх належала атрымаць афіцэрскае званьне, і кожны дзень хадзіў у штаб падштурхоўваць, паскорваць прадстаўленьне. А як толькі сказалі, што прадстаўленьне зрабілі, тут жа начапіў лейтэнанскія пагоны, каб “не казыраць усякаму гаўну”. І невядома, ці насамрэч у прысваеньні афіцэрскага званьня яму адмовілі, ці ў штабе сказалі, каб адчапіўся, а самі і ня думалі рабіць ніякага прадстаўленьня... Альбо: на зьдзіўленьне ўсім ён, адукаваны філолаг, вядомы пісьменьнік, мог раптам падкрэсьлена і дэманстратыўна “засакаць” – наеўса, напіўса, нахадзіўса, як гаварылі некалі дый цяпер яшчэ гавораць старыя людзі ў ягонай і іншых вёсках, празваныя “сакаламі”. Карпюк пачаў ня толькі сам ужываць, але ўпарта насычаў гэтым “са” свае творы, перш за ўсё простую мову сваіх герояў, намагаючыся ўвесьці яго ў літаратурны ўжытак. Рэдактараў удавалася пераконваць, але як толькі даходзіла да карэктараў – усе гэтыя ненарматыўныя “са” бязьлітасна вычышчаліся. Але ж такі ўвёў у літаратурны ўжытак сваё фірменнае Карпюкоўскае слоўца – файны, файнае, файная, чым можа пахваліцца ня кожны пісьменьнік...
Неяк выпадкова сустрэў Карпюка ля гасьцініцы “Беларусь”, непадалёк ад якой ён нядаўна атрымаў новую кватэру. Паздароўкаліся, і ён з ходу загадкава, таемна прапанаваў:
– Пойдзем, нешта пакажу...
Не пасьпелі падняцца на другі паверх, як па той бок дзьвярэй ушчаўся тоненькі, злы сабачы лямант.
– Мой ваўкадаў... – усьміхнуўся Карпюк, адмыкаючы ключом дзьверы. – Будзь асьцярожны, ад яго можна ўсяго чакаць...
Як толькі адчыніліся дзьверы, дарогу мне, неймаверна лемантуючы, ашчэрыўшыся, перагарадзіла малюсенькая чорная сучачка гатовая ўпіцца ў нагу, як толькі асьмелюся пераступіць парог.
– Ну, як яна табе? – пераможна глянуў Карпюк. – Гэ-э-э, то не дурная Кайра ў Быкавых, што лашчыцца да кожнага, можна з хаты ўсё вынесьці, а яна і ня гаўкне...
Я пахваліў злую, як аса, малютку, прызнаўся, што ніколі яшчэ ня бачыў такую ліліпутку ў сабачым царстве. Карпюк узяў на рукі сабачку, якая працягвала люта глядзець на мяне і заходзіцца брэхам, нечакана прапанаваў:
– А хочаш, я табе шчанюка ад яе дам?
Я замахаў рукамі: ды няма каму ў мяне глядзець-даглядаць сабаку, нават такога малюсенькага... Маю адмову ён успрыняў зусім абыякава, ня стаў угаворваць, зачыніў сучачку ў адным з пакояў, адкуль яна працягвала заходзіцца, кідаючыся на дзьверы. Мяне зьдзівіла, што ў ягоным хатнім рабочым кабінеце больш чым сьціплая бібліятэка. Злавіўшы мой недаўменны позірк, Аляксей Нічыпаравіч з разуменьнем патлумачыў:
– Я трымаю толькі самае неабходнае і патрэбнае для работы. А то дзеля моды наробяць кнігасховішчаў... – усьміхнуўся сам сабе. – Праз гэта са старым Пестраком у мяне некалі вялікае непаразуменьне выйшла... – і расказаў гісторыю, якую я ўжо чуў ад Быкава...
У кожны свой прыезд у Гародню Піліп Сямёнавіч калі і не спыняўся, то заўсёды наведваўся да Карпюкоў – гаспадыня была дачкой вядомага дзеяча рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі Цыгільніцкага, таварыша і паплечніка Пестрака, а гаспадара ён любіў за існую заходнебеларускасьць, і, мусіць, за пэўнае падабенства іхніх эгацэнтрычных характараў. У трыццаць дзявятым, калі Пестрака проста з-за турэмных кратаў прызначылі гарадзенскім гораданачальнікам, ён аніяк ня мог спаць на волі, штовечар браў пад паху падушку і накіроўваўся начаваць у турму. Дык вось: сядаюць гаспадар і госьць за стол на кухні, Пестрак дастае са свайго знакамітага пашэрпанага партфеля пляшку, Карпюк ставіць для сябе бутэльку сітра і пацягваюць кожны сваё, вядучы доўгую нетаропкую бяседу. Неяк Піліп Сямёнавіч раптам за­цікавіўся Карпюковымі кніжкамі. Прагледзеў уважліва ўсё, што было на палічках, запытаў з несхаваным абурана-пагрозьлівым падтэкстам:
– Ляксей! Нешта ня бачу чатырохтомніка Пестрака!.
– Ды-ы-ы... – замуляўся Карпюк, і каб выкруціцца, адначасова ўсьцешыць аўтарскае самалюбства госьця: – Тут сусед надоечы заходзіў, папрасіў пачытаць...
– Брэ-эшаш, гіцаль!.. – пагразіў пальцам госьць. – Старога Пестрака на мякіне ўздумаў правесьці?.. А хвігу ты не хацеў!? Ведай, гіцаль: нагі маёй больш тут ня будзе!.. – нярвова апрануў свой паношаны сьветла-карычневы плашч, нацягнуў капялюш на голую, як бубен, галаву, схапіў партфель, не разьвітваючыся, ляснуў дзьвярыма...
Ды прывёў мяне Карпюк ня толькі, каб зьдзівіць малюсенькай, але вернай сучачкай-вартаўніцай і расказаць, як намерваўся падмануць старога Пестрака, з якім урэшце рэшт памірыліся. Галоўнае было наперадзе. Закончыўшы ў сваёй звычайнай сьпешнай манеры расповед пра Пестрака, ён без інтэрвалу паманіў таемна за дзьверы на шырокую і доўгую ледзь ці не на ўсю сьцяну лоджыю: паглядзі!.. А сам уважліва і раўніва сачыў, якое ўражаньне зробіць створанае ім. На прасторнай лоджыі былі градкі, дзе буялі цыбуля, часнык, радыска, салата, кроп, нават колькі каліваў памідораў у гаршках пад кветкі. Я і насамрэч быў уражаны, зьдзіўлены, падумаў: рабіць яму няма чаго ці што – праз дарогу ж рынак, дзе можна купіць усё гэта за капейкі...
Ён, мусіць, чакаў ад мяне нейкай іншай рэакцыі, загадкава ўсьміхнуўся і патлумачыў:
– Хэ, думаеш, толькі менскім лысагорцам можна? Во і я рашыў на сабе праверыць, наколькі моцна сядзіць сялянская душа і псіхалогія. І скажу табе: ой як моцна і чэпка, халера, сядзіць яна, сялянская душа... Сам паспрабуй – у вашым “бункеры” балконы і лоджыі ўсё роўна пустуюць, галубы заводзяцца, усё вакол засіраюць...
Канешне ж, я не паслухаўся ягонай парады апрабаваць на балконе моц сваіх сялянскіх каранёў, але наіўная Карпюкова балконная аранжарэя, як сёньня, стаіць перад вачамі, выклікае добрую сьветлую ўсьмешку...
І яшчэ адна дэталька, у якой, як у кроплі вады – увесь Карпюк. Калі ягоны захоплены альпінізмам сын сарваўся са скалы і патрапіў у шпіталь, устрывожаны Аляксей Нічыпаравіч неадкладна выляцеў на Каўказ. Адведаў шпіталь, а потым упрасіўся пабыць у гарах, дзе сарваўся і на шчасьце не атрымаў нейкай сур’ёзнай траўмы сын. У свае даўно за пяцьдзясят ён за два дні аблазіў ледзь ці ня ўсе навакольныя скалы, вярнуўся ў Гародню задаволены, акрылены. На маё пытаньне, ці дазволіць пасьля ўсяго, што здарылася, сыну лазіць па гарах, Карпюк шчыра зьдзівіўся і адказаў:
– Ах, каб ведаў жа ты, як гэта цікава!..
Заўсёды і ва ўсім, нават у сваіх дзівацтвах ён быў гранічна шчыры, непасрэдны, сумленны, праўда, часам залішне просталінейны, не жадаў прызнаваць ніякія дыпламатычныя ўмоўнасьці, інтрыжкі і хітрыкі, нагаворы і абгаворы, якіх, чаго хаваць, хапала і хапае ў творчым, і ня толькі творчым, асяроддзі. Мог без аніякай задняй думкі паставіць трымальнікаў так званай даверчай, канфідэцыйнай інфармацыі ў становішча горш за губернатарскае, таму аматары сакрэтнічаньня мець справу з ім асьцерагаліся.
І яшчэ, думаецца, па вялікім рахунку Аляксей Нічыпаравіч быў адным з апошніх перакананых, адданых рэвалюцыйным ідэалам ідэалістаў-рамантыкаў, якія сьвята верылі і самааддана змагаліся, імкнуліся перайначыць сьвет, зрабіць яго лепшым, справядлівым, больш утульным, і ў гэтай барацьбе для іх не існавала ні чыноў, ні рангаў. Яны пачыналі з сябе, і ўсіх, усё мералі толькі высокімі ленінскімі меркамі, а гэтымі меркамі ну аніяк не хацела мерыцца ні акаляючая рэальнасьць, ні верныя ленінцы ад самага-самага верху да самага нізу. І ў тым была трагічнасьць ідэалістаў-рамантыкаў. Той жа Карпюк як існы барацьбіт за ідэалы партыі ў поўнай адпаведнасьці з духам і літарай Праграмы і Статуту бясстрашна і бескампрамісна, не зважаючы на чыны, рэзаў праўду-матку ў вочы, без усялякай абачлівасьці, ніколькі ня думаючы пра магчымыя пасьледкі. Менавіта гэтае донкіхоцтва больш за ўсё і ўскладняла ягонае жыцьцё. Вядома ж, не магло падабацца ўсемагутнаму першаму сакратару абкаму Міцкевічу, што яго публічна палошча-пляжыць з трыбуны кожнага пісьменьніцкага зьезду і пленуму ў прысутнасьці ня толькі самага высокага рэспубліканскага начальства на чале з Машэравым, але і першых асобаў саюзнага, брацкіх рэспубліканскіх пісьменьніцкіх Саюзаў, болей за тое – прадстаўніка ЦК КПСС, які невядома ў якія дзьверы ўвахожы і што можа напісаць ці нашаптаць некаму на вушка. Ды каб яшчэ папікаў за нейкія службовыя промахі, а то вышуквае такое, за што могуць прыпісаць і злоўжываньне...
Тады не зусім разумеў, а цяпер, перачытаўшы некалі падораны Карпюком салідны двухтомнік з размашыстым, напісаным ягоным ня дужа разборлівым почыркам аўтографам на абедзьве старонкі шмуцтытула, дзіўлюся: а з-за чаго па вялікім рахунку разгарэўся сыр-бор, усчалася тая шматгадовая антыкарпюкоўская кампанія? Памятаю, больш за ўсё прыдзіраліся, выяўлялі крамолу ў аўтабіяграфічнай “Маёй Джамалунгме”. Але ж толькі апошні зласьлівец ці вар’ят мог адшукаць нешта антысавецкае, антынароднае і ў гэтым, і ў іншых Карпюковых творах. З адлегласьці часу выразьней і яскравей відаць, што гаварылі нібыта пра мастацкія творы, а мелі на ўвазе ягоныя публічныя выказваньні. Вядома ж, і пра гарадзенскае начальства, і пра больш высокае, аж да самога дарагога Леаніда Ільіча, падтасоўваючы, падводзячы ўсё гэта пад ачарненьне сацыялістычнай рэчаіснасьці, ліцьцё вады на варожы імперыялістычны млын. Пісьменьніка шальмавалі ў прэсе, на партыйных, камсамольскіх, прафсаюзных сходах і пленумах, перасталі друкаваць, забаранілі сустракацца і выступаць перад чытачамі. Але каб спраўна гарэў аблічальны касьцёр, патрэбна падкідваць дровы. Аблыжныя ж, бяздоказныя абвінавачаньні між тым пачыналі тлець, як таплякі, а нечага істотнага, канкрэтнага супраць Карпюка не было і знайсьці не ўдавалася. Нарэшце, як заўсёды, вылучыліся доблесныя чэкісты – выкапалі ў архівах канцлагеру на тэрыторыі Польшчы, з якога некалі ўцёк Карпюк, ведамасьць з ягоным подпісам за атрыманьне ў немцаў грошай. Зрабілі фотакопію і адрапартавалі адпрацаванай версіяй: паколькі якія-небудзь уцёкі з нямецкіх канцлагераў выключаліся, значыць, немцы завербавалі Карпюка, зрабілі платным сексотам, а потым інсьпірыравалі ўцёкі з мэтай укараненьня ў партызанскі рух, дзе Карпюк і рабіў сваю чорную справу... Адрапартавалі куды трэба і сталі чакаць заслужаных узнагародаў, прэміяў, павышэньняў па службе, дачасных зорак на пагоны. За прэміямі, узнагародамі, зоркамі справа ня стала, а на Карпюка, паціраючы рукі, пачалі рыхтаваць спачатку персанальную справу па выключэньні з партыі, а затым і ўзбуджэньне крымінальнай за здраду Радзіме, правакатарства і платнае супрацоўніцтва з фашыстамі. Мала хто верыў, што чалавек, маладым трапіўшы у кіпцюры паліцыі пры выкананьні дыверсіі на чыгунцы, вытрымаў катаваньні ў турме, канцлагер, адкуль уцёк, ледзь ці не праз усю Польшчу дабраўся дадому, дзе з мясцовай моладзі арганізаваў баявы і дзёрзкі партызанскі атрад, узначаліў яго, ваяваў да самага прыходу Чырвонай арміі, а потым, маючы бронь, добраахвотнікам пайшоў у дзеючую армію, прымаў удзел у вызваленьні Варшавы, штурме Берліна, мае баявыя ўзнагароды і два раненьні, мог быць платным правакатарам і фашыстоўскім паслугачом, аднак... Пасьля ачышчэньня і самаачышчэньня кампетэнтных органаў ад сталіншчыны і берыеўшчыны не прынята было кідаць цень, падвяргаць сумненьню, кажучы словамі жалезнага Фелікса, гарачыя сэрцы і чыстыя рукі чэкістаў новай фармацыі. І ад факта нікуды не падзенешся: маецца фотакопія нямецкай ведамасьці з Карпюковым подпісам і ягонае прызнаньне, што подпіс сапраўдны, не падробка. А тое, што наадрэз адмаўляе факт атрыманьня грошай ад немцаў, нібыта ня можа прыпомніць, дзе, як, пры якіх абставінах расьпісаўся, патрабуе фотакопію ўсёй ведамасьці – гэта ўжо іншая опера... Нават блізкія яму людзі, хто бачыў усю недарэчнасьць і абсурд абвінавачаньняў, разумелі, што справа паварочваецца ўсур’ёз, спадзявацца можна толькі на цуд, паколькі па-ранейшаму ўсясільнае КДБ не любіць памыляцца, тым больш прызнаваць свае памылкі, ня кажучы, каб дазволіць гэтак садзіцца ў лужыну... Карпюк між тым патрабаваў, рваўся ў Польшчу, каб самому паглядзець тую ведамасьць у архіве, пераканацца, сфатаграфаваць, даказаць. Але яму перакрылі дзяржаўную мяжу, зрабілі нявыязным, навесіўшы падазрэньне ў цяжкіх злачынствах...
А тым часам праходзілі тыдні, месяцы, Карпюковая ж справа нібы завісла, ня рухалася з месца. Гэта магло азначаць: альбо органы працягваюць капаць ушыр і ўглыб, каб зусім закапаць Карпюка, альбо недзе ў высокіх сферах узважваюць палі­тычныя вынікі гэтай справы, альбо і насамрэч адбываецца нейкі цуд... Тады, як і пазьней, для мяне ўсё гэта было незразумелым, загадкавым, нават дзіўным. Толькі праз гады заслону на закулісьсе Карпюковай справы трохі прыадчыніў былы першы сакратар абкаму партыі Іван Фёдаравіч Мікуловіч... Аказваецца, і насамрэч тады на Карпюковую справу ўзьдзейнічалі і названыя вышэй фактары, і іншыя нябачныя падводныя плыні ў няпростых стасунках і інтарэсах моцных гэтага сьвету. І перш за ўсё – між Міцкевічам і Мікуловічам, старым і новым гаспадарамі вобласьці. Новы насуперак скепсісу старога энергічна правёў пад выглядам эксьперыменту рэарганізацыю сельгасвытворчасьці на аснове брыгаднага падраду, зрабіўшы стаўку на павышэньне матэрыяльнай зацікаўленасьці ў канчатковых выніках працы – і за год-паўтара вобласьць па ўсіх паказчыках стабільна замацавалася на першым месцы ў рэспубліцы, набірала і набірала рост. Вопыт гарадзенцаў загрымеў па ўсім Саюзе. Ва ўсіх сваіх выступленьнях, шматлікіх артыкулах Мікуловіч не прамінаў прыгадваць, што было раней і што стала цяпер, а Міцкевіч усё гэта ўспрымаў як злосныя выпады персанальна ў свой адрас, дзе толькі мог і як толькі мог рабіў падножкі “няўдзячнаму выскачку,” а той адплочваў адпаведным чынам. Іхнія інтарэсы і па Карпюковай справе разышліся дыяметральна: сакратар ЦК Міцкевіч хацеў правучыць, адпомсьціць непачціўцу, які ў Гродне папсаваў яму столькі крыві, а першы сакратар абкаму Мікуловіч менш за ўсё жадаў мець у сваёй прагрэсіўнай парафіі сумніўны палітычны працэс над вядомым пісьменьнікам з магчымым гучным міжнародным скандалам і непрадказальнымі вынікамі. Са сталінскіх часоў санкцыю-адмашку на такія справы давалі першыя партыйныя асобы абласьцей, рэспублік. Мікуловіч, калі да яго прыйшлі абласны пракурор і кіраўнік мясцовага КДБ па санкцыю на ўзбуджэньне крымінальнай справы і арышт Карпюка з папярэднім выключэньнем з партыі, згоды ня даў, вырашыў не пароць гарачку, выказаў пэўныя сумненьні, загадаўшы капнуць глыбей, знайсьці доказы правакатарскай і здрадніцкай дзейнасьці Карпюка ня толькі ў канцлагеры, але і ў бытнасьць камандзірам партызанскага атраду, у час службы ў Чырвонай арміі. Адшукаць, накапаць стала справай прафесійнага гонару чэкістаў і на пошук былі кінуты вялікія сілы. Калупаліся ў нямецкіх, польскіх, партызанскіх, архівах Савецкай арміі ў Падольску, з пэўнай накіраванасьцю апытвалі былых партызанаў, тысячы людзей на тэрыторыі дзеяньня Карпюковага партызанскага атраду – і ўсё безвынікова, ніводнай зачэпачкі... А тым часам узьніклі сумненьні іншага кшталту: ва ўладзе яшчэ заставаліся былыя партызаны на чале з Машэравым, роля партызанскага руху яўна перабольшвалася, ідэалізавалася і нехта выказаў думку: а ці ня ляжа чорнай плямай на ўвесь доблесны партызанскі рух і ягоных кіраўнікоў, як паставіцца Пётр Міронавіч, калі абнародаваць, што сярод здраднікаў і фашыстоўскіх паслугачоў былі ня толькі нейкія адкіды грамадства, а нават камандзіры партызанскіх атрадаў? Наколькі і каму ад гэтага будзе выгадна? Але і спусьціць на тармазах атрымалую розгалас справу – значыць, прызнаць паражэньне, кінуць цень на доблесных чэкістаў... Прыкінулі, што найлепшы варыянт – увогуле адлучыць Карпюка ад партызанкі, абвясьціць самазванцам, і закруцілася ўсё ў гэтым накірунку. З партызанскіх архіваў альбо зусім прыбралі, альбо схавалі далей зьвесткі пра атрад Карпюка, у справу падшылі напісаныя пад дыктоўку сьведчаньні былых партызанаў, нібыта яны ведаць ня ведаюць ні такога камандзіра, ні такога партызана. І канешне ж, вянцом усяго было сьведчаньне былога камбрыга Вайцяхоўскага, які пісьмова засьведчыў, што ў ягонай брыгадзе не было ні такога атраду, ні такога камандзіра. Калі гэта паказалі Карпюку – у таго аж вочы на лоб палезьлі, тут жа сабраўся і памчаўся на ленінградскі цягнік, дзе ў горадзе на Няве жыў былы камбрыг, з якім яны падтрымлівалі добрыя стасункі. “Даруй, Лёша, мяне змусілі, нагаварылі на цябе чорт ведае чаго, – прызнаўся той, ледзьве ўбачыўшы ў сябе дома былога баявога таварыша. – Але я хачу памерці сумленным чалавекам, і ўласнаручна засьведчу табе, што было і як было”... Ён тут жа ўсеўся за стол і напісаў і пра сьмелы гераічны атрад, і пра ягонага адчайнага камандзіра Карпюка...
Проста з вакзалу акрылены, узбуджаны Карпюк памчаў у гаркам партыі, пераможна працягнуў першаму сакратару ўласнаручна напісанае і заверанае натарыусам сьведчаньне былога камбрыга, а той і слухаць-бачыць не жадае: у нас ужо ёсьць дакумент, падпісаны Вайцяхоўскім...
Тады ні я, ні хто-небудзь, ні сам Карпюк ня ведалі, маглі толькі здагадвацца пра тыя супярэчлівыя закулісныя інтрыгі. Памятаю сваё поўнае недаўменьне, калі (быў яшчэ загадчык сектару друку) сакратар абкаму Ульяновіч загадаў тэрмінова на ягонай машыне ехаць у рэдакцыю на партыйны сход з разглядам персанальнай справа Карпюка, хоць яшчэ паўгадзіны назад рашылі не пасылаць прадстаўніка абкаму. Аляксандр Іосіфавіч строга наказаў, нічога не тлумачачы, ня ўмешвацца, не выступаць, ніякім чынам і не пры якіх абставінах не выказваць сваёй думкі і пазіцыі, устрымацца ад якіх бы там не было і каму б там ні было каментароў. Дадаў толькі, што справай Карпюка займаецца гаркам партыі, чыім органам таксама з’яўляецца абласная газета, а мая задача паглядзець, як усё будзе праходзіць і падрабязна праінфармаваць яго. З удзячнасьцю падумаў, што ён здымае і цяжар з маёй душы, і аберагае маю чалавечую рэпутацыю. Але навошта тады пасылаць? Праінфармаваць можа і рэдактар... Нешта за гэтым было, а што – не разумеў...
З Карпюком сутыкнуўся адразу ж у калідоры на першым паверсе. Ён нярвова хадзіў узад-уперад, заклапочана паглядваючы на дзьверы, падобна, чакаў некага. Моўчкі паручкаліся. Агледзеў сваім вострым позіркам з пад калматых брывоў, насьцярожана, недружалюбна запытаў:
– І ты прыйшоў мяне тапіць?
Не ўпаўнаважаны на большае, я сказаў толькі, што і ня думаю яго тапіць, падба­дзёрвальна паціснуў яму руку вышэй локця і хуценька пайшоў на другі паверх, дзе на пляцоўцы перад залай пасяджэньняў ужо табуніліся, дымілі курцы, заклапочаныя, засяроджаныя. Дружна кінуліся да мяне, сьвідруючы запытальнымі позіркамі. Але што я мог сказаць маім нядаўнім сябрам-калегам!..
З інфармацыяй пра Карпюкову персанальную справу выступіў прадстаўнік гаркаму партыі, які нічога новага да таго, што ўжо ведала журналісцкая брація, не дадаў, прапанаваўшы выключыць Карпюка з партыі. Прапанову ўспрынялі моўчкі, ніхто нават не задаў ніякага пытаньня. Нешта спрабавалі ўдакладняць у Карпюка, які, апроч сапраўднасьці свайго подпісу ў невядомай яму ведамасьці, рашуча адрынаў усе высунутыя яму абвінавачаньні. Трэба сказаць, што гэта было ня з лепшых ягоных публічных выступленьняў, якія мне даводзілася чуць. Першымі ў абмеркаваньні выступілі два адстаўнікі, якія дамагліся стаяць на партуліку не ў домакіраўніцтве па месцы пражываньня, а ў рэдакцыі на той падставе, што сяды-тады друкавалі ў газеце патрыятычныя вершы да рэвалюцыйных сьвятаў, розных знамянальных датаў і па­дзеяў кшталту чарговых гістарычных партыйных зьездаў, пленумаў і г.д. Яны з належным пафасам дружна кляймілі “здрадніка і фашыстоўскага паслугача, які падманным шляхам пранік у рады ленінскай партыі”, патрабавалі выключэньня і адданьня пад суд. Аднак нехта спакойна і разважліва падаў кампрамісную прапанову: паколькі ў справе многа няяснага, то да поўнага высьвятленьня абмежавацца вымовай з занясеньнем ва ўліковую картку. Яму тут жа запярэчылі: а чаму з занясеньнем? А калі не пацьвердзіцца, то што тады? Дастаткова абмежавацца вымовай. Павісла насьцярожанае маўчаньне. Як ні ўгаворваў загадчык сельгасаддзелу Уладзімір Толкач, які вёў сход, браць слова, ніхто выступаць не хацеў, прапанавалі падвесьці рысу і галасаваць. Як гэта заведзена, у канцы для падвядзеньня вынікаў і дырэктыўных указаньняў старшынствуючы прадставіў слова мне, прадстаўніку абкаму партыі. Мая катэгарычная адмова выступаць, як потым казалі, была ўспрынятая і як акт самаспаленьня, і як празрысты намёк... За выключэньне паднялі рукі, наколькі памятаю, усяго пяць чалавек – у асноўным адстаўнікі і ветэраны. Узьніклі спрэчкі: вымова строгая ці звычайная, з занясеньнем ці без занясеньня, абмежавацца заўвагай альбо проста абмеркаваньнем? Аднак усе разумелі, што яўным пераборам можна нашкодзіць і Карпюку, і самім сабе, дружна прагаласавалі за строгую вымову без занясеньня, якую можна, калі ўсё праясьніцца, зьняць без усялякіх наступстваў. Задаволеныя прынятым рашэньнем тут жа пераключыліся на абмеркаваньне нейкага іншага пытаньня, а я хуценька зьнік, каб далажыць, як усё было, Ульяновічу. Уважліва выслухаўшы мяне, ён зусім не засмуціўся...
Потым Карпюк прызнаваўся, што з таго сходу вельмі запаважаў мяне, і слухаць не хацеў, што не было ніякага майго ўчынку, бо паводзіць так меў загад ад Ульяновіча. Аляксей Нічыпаравіч ставіўся прадузята і не заўсёды справядліва да гэтага чалавека.
Рашэньне партыйнага сходу выклікала прыкрасьць у арганізатараў і натхняльнікаў судзілішча над Карпюком, але ў іх была магчымасьць абысьціся і без пярвічнай партарганізацыі – бюро гаркаму не пагадзілася і сваім рашэньнем выключыла Карпюка. Аднак выключаны па статуту партыі меў права на апеляцыю ў вышэйшыя інстанцыі, аж да ЦК КПСС, якое, натуральна, ня мог не скарыстаць Карпюк, каб выйграць час і нейкім чынам дапяць да тых канцлагераўскіх архіваў у Польшчы. Прайшоўшы абкам, ягоная справа пасьля праверкі і заключэньня рэспубліканскай парткамісіі лягла на стол Машэрава, пры кім у адрозьненьне ад іншых рэспублік у Беларусі на пісьменьнікаў і іншых вольнадумцаў-дысідэнтаў не было ніводнай гучнай карнай акцыі. І гэтая, Карпюкоўская, яму была яўна не даспадобы – усё адкладваў і адкладваў, даручаючы яшчэ і яшчэ раз праверыць і пераправерыць. Тым часам ня спаў у шапку і Карпюк. Акольнымі шляхамі, з захаваньнем колішняй строгай партызанскай кансьпірацыі выйшаў на вядомага польскага пісьменьніка-дакументаліста, папрасіў тэрмінова знайсьці ў архіве, зрабіць бяз выняткаў фотакопію той зласчаснай ведамасьці. І неўзабаве пасланец з Польшчы перадаў з рук у рукі Карпюку... Глянуў – і тут жа ўспомніў, як педантычныя немцы змушалі вязьняў расьпісвацца за пасылкі і грашовыя пераводы з дому і тут жа канфіскоўвалі. І ён некалі расьпісаўся за прысланыя бацькам грошы...
Словам, сфабрыкаваная Карпюкова справа, на якую патрацілі столькі сіл, грошай, нерваў, рассыпалася імгненна, як картачны домік, скончылася вялікім канфузам для ейных арганізатараў. Сьцяўшы зубы, фальсіфікатараў звольнілі з органаў, Карпюку вярнулі партбілет, аднак, нягледзячы на поўную рэабілітацыю, шлейф падазронасьці цягнуўся за ім не адзін і ня два гады, як ў тым анекдоце: ці то ён, ці то ў яго ўкралі кажух, але нешта было... Апошні раз сфабрыкаваная брудная гісторыя адрыгнулася на старонках сумнавядомага пагромнага “Политического собеседника” ўжо ў гады перабудовы. Карпюк падаў у суд, рэдакцыя была вымушаная надрукаваць абвяржэньне, публічна папрасіць прабачэньня і выплаціць яму запатрабаваную маральную кампенсацыю ў памеры... аднаго сімвалічнага рубля! Гэта быў першы ў Беларусі судовы працэс па адстойваньні гонару і годнасьці. Бедны Аляксей Нічыпаравіч у труне перавярнуўся б, каб уведаў, што наступяць часы, калі схоплены за руку з украдзенымі сотнямі тысячаў даляраў чыноўнік высокага рангу, ужо седзячы за кратамі, можа запатрабаваць праз суд ад несімпатычнай уладам газеты і аўтараў, у тым ліку былой падначаленай яму пенсіянеркі, якая ў інтэрв’ю сказала, што ён заваліў работу, маральнай кампенсацыі ў дзясяткі мільёнаў “за падрыў дзелавой рэпутацыі”, і суд задаволіць апетыты арыштаванага злодзея... Што ж, для ўсіх – суддзі тут не выключэньне – рана ці позна, а наступае час Божага суда... Як некалі наступіў для сакратара ЦК Міцкевіча. Захварэўшы на цяжкую невылечную хваробу, ён сьпецыяльна прыехаў у Гродна да Карпюка пакаяцца за свой грэх, папрасіць прабачэньня і дараваньня. Аляксей Нічыпаравіч быў чалавек адыходлівы, незлапамятны, у ім дзіўным чынам ужываліся непахісная воля трымацца сваіх максімалісцкіх маральных прынцыпаў, дамагацца, каб па іх жылі ўсе, хто побач, і нейкая наіўнавата-безабаронная дабрыня, мяккасьць, гатоўнасьць кідацца на дапамогу кожнаму, нават тым, хто кідаў у яго каменьні. Ён з гатоўнасьцю прызнаваў свае памылкі, калі бачыў, што гэта насамрэч памылкі, і высока цаніў людзей, якія таксама ўмелі рабіць тое ж.
А што тычыцца Уладзіміра Фёдаравіча Міцкевіча, то незалежна быў гэта Божы суд ці суд сумленьня, што па сутнасьці адно і тое ж, але ягоны ўчынак выклікае павагу. І зноў, і зноў наводзіць на роздум: а мусіць, праўда, што ўсялякае зло не застаецца ў рэшце рэшт беспакараным...
Усе, хто больш-менш ведаў Карпюка, не сумняваліся: калі б не пайшоў ён у прыгожае пісьменства – яго б чакала бліскучая кар’ера ў адміністратыўна-кіруючых сферах... Мяне даўно займала гэтае ня дужа далікатнае пытаньне, і неяк падабраўшы момант, калі Аляксей Нічыпаравіч быў у лагодным настроі, напаўжарт-напаўсур’ёз запытаў, як кажуць, у лоб: чаму ён гэтак апрыёры ня любіць усялякае начальства? І тут жа выказаў здагадку: мо таму, што начальства аніяк ня хоча заўважаць ягоныя арганізатарска-кіраўнічыя таленты, не дае праявіцца, разгарнуцца? Карпюк зьдзіўлена глянуў з-пад ілба, ніякавеючы, нібыта яго нечакана злавілі на нечым ня надта прыстойным, зыркнуў ваўкавата з-пад калматых брывоў, усьміхнуўся сам сабе, падумаў і пакінуў пытаньне без адказу.
– А ўсё ж?.. – настойваў я.
– А за што яго любіць, начальства?.. – няпэўна, пытаньнем на пытаньне адказаў ён і хуценька пераключыўся на нешта іншае.
Пры ўсёй нелюбові да начальства ён увесь час хадзіў па высокіх кабінетах, каб нешта зрабіць, нешта прабіць, некаму памагчы, нешта паправіць у гэтым недасканалым сьвеце. І менш за ўсё думаў нешта займець, нешта прабіць для сябе асабіста. Я ня ведаю выпадка, каб ён хоць памкнуўся займець нейкую выгоду для сябе.
Што тычыцца арганізатарскіх талентаў, то ў яго былі найпершыя і, бадай, найгалоўнейшыя для пасьпяховага кіраўніка тых часоў якасьці – энергія, напорыстасьць і прабіўная сіла. Самае цікавае: Карпюк ніколі ні ў кога нічога не прасіў, ён патрабаваў, ды з такой наступальнай перакананасьцю і ўпэўненасьцю, што яму проста нельга было адмовіць, перад ім не маглі ўстаяць самыя мацёрыя бюракраты-валыншчыкі. У тым я пераканаўся, і калі ён займаўся рэстаўрацыяй дому Ажэшкі, і калі “выбіваў” для пісьменьнікаў кватэры, ды не абы-якія і не-абы дзе, а ў цэнтры гораду, у дамах з найноўшай планіроўкай, і каб абавязкова быў лішні пакой пад рабочы кабінет. Але асабліва – як упрогся ў арганізацыю музею... Але пра тое варта сказаць асобна...
Пачалося ўсё з пастановы ЦК, якой “з мэтай усебаковага пашырэньня і паглыбленьня матэрыялістычнага сьветапогляду, павышэньня ўзроўню і далейшага ўзмацненьня наступальнасьці антырэлігійнай прапаганды” ў Гродне ствараўся рэспубліканскі музей атэізму. Адказнасьць за ягоную арганізацыю ўскладвалася на абкам партыі і Міністэрства культуры. Гародню выбралі месцам разьмяшчэньня рэспубліканскага музею таму, што, па-першае, тут самы шматканфесійны рэгіён, а па-другое, і самае важнае – тут, як нідзе ў рэспубліцы, захаваліся культавыя пабудовы, адну з якіх, натуральна, меркавалася перадаць пад музей. Была пастанова, але адсутнічала хоць нейкая канкрэтызаваная канцэпцыя будучага музею. Ня кажучы, што не было ні кадраў, ні яшчэ не аддадзенага пад гаспадарчыя патрэбы нядзеючага культавага збудаваньня – царквы, касьцёлу, сінагогі. І тут пашкадавалі, што колькі гадоў назад узарвалі ў гістарычным цэнтры гораду царкву і знакамітую Фару Вітаўта – вялізны чырвоны касьцёл, які дамінаваў над горадам. На месцы царквы планавалася ў персьпектыве, зьняўшы бугор, “пасадзіць” новы будынак абласнога драматычнага тэатру, а замест велічнага касьцёлу побач з аблсаўпрофам разьбілі худасочны скверык з круглай клумбай пасярэдзіне. Пад музей у рэшце рэшт выбралі цэркаўку з па-жывому абламанай наўскось вершалінай, дзе ў комплексе з прыбудаванымі манастырскімі кельлямі разьмяшчаліся дтсаафаўскія тэхнічныя службы, майстэрні, розныя складскія памяшканьні.
Але, перш за ўсё, трэба было знайсьці дырэктара, каб быў і добры гаспадарнік-арганізатар, і кеміў, што за музей стварае, і каб згадзіўся пачынаць усё з нуля. Тыя, хто мог згадзіцца, нічога, апроч змаганьня “з опіумам для народу”, і то пераважна ў тэарэтычным плане, ня ўмелі, а тыя, хто ўмеў і мог “пацягнуць”, ведалі, што за работка чакае, і катэгарычна адмаўляліся. Перабіралі магчымыя і немагчымыя кандыдатуры, аж раптам мне ў галаве цюкнула: Карпюк! Арганізатар – што трэба, валодае праблемай – толькі што на мясцовым матэрыяле напісаў раман антырэлігійнага накірунку і зьместу “Вершалінскі рай”. Яму і карты ў рукі!
Сакратар абкаму партыі па ідэалогіі Еўдакія Яфімаўна Емяльянава, рашуча падтрымала, даручыла мне неадкладна сустрэцца з Карпюком, пагаварыць, угаварыць, калі спатрэбіцца, папрасіць помачы ў Быкава. Трэба сказаць, у адрозьненьне ад многіх жанчын-вылучэнак, што ледзь ці ня масава прыйшлі на высокія ідэалагічныя пасады, і перш за ўсё, параўноўваючы з ідэалагінямі іншых абласьцей, гарадзенцам вельмі пашэньціла, у чым неўзабаве, перайшоўшы на работу ў ЦК, змог пераканацца.
Карпюк тады працаваў прадстаўніком камітэту па аўтарскіх правах па Гара­дзенскай і Брэсцкай абласьцях, спраўляўся, але адчувалася, што справа яму ня надта па душы. Распытаўшы, што і да чаго, ён адразу ж згадзіўся, выказаўшы, праўда, сумненьне, што ягоную кандыдатуру прапусьціць Ульяновіч, які са сваёй пасады першага намесьніка міністра культуры, паколькі музей будзе падначальвацца ня толькі абкаму, але і міністэрству. Аднак насуперак ягоным песімістычным прагнозам усё прайшло без аніякіх ускладненьняў, і Аляксей Нічыпаравіч з імпэтам узяўся за справу.
Дтсаафаўцы, не ўступаючы ў канфлікт, сьціснуўшы зубы, уступілі дзьве кельлі будучаму музею, спадзеючыся, што намечанае будаўніцтва іхніх гаражоў, майстэрняў, складоў на ўскрайку гораду зацягнецца на многія гады, і яны, палкоўнікі, маёры, да часу, як спатрэбіцца перабірацца з цэнтру гораду да чорта на выселкі, пасьпеюць выйсьці на пенсію, а там, як кажуць, хоць патоп. Аднак неўзабаве спахапіліся, якога далі маху, упусьціўшы Карпюка на сваю тэрыторыю, усчалі бамбардзіроўку ўсіх магчымых і немагчымых, аж да Міністэрства абароны, інстанцыяў, даказваючы, што перадыслакацыя дтсаафаўскіх тэхнічных службаў падарве абароназдольнасьць краіны, і патрабуючы выкурыць Карпюка з тых дзьвюх кельляў. Ды кепска яны ведалі, з кім маюць справу. Месяцы праз два ў абкам да мяне ў кабінет уляцеў разьнерваваны, рукі трасуцца палкоўнік і істэрычна закрычаў:
– Остановите Карпюка! Уберите Карпюка! – Трохі супакоіўся, выпіўшы прапанаваную мною ваду. – Представляете, я уже боюсь появляться на своей собственной территории. Он затерроризировал всех. Представляете: заставляет меня, атеиста, советского офицера, чинить церковную крышу! Может ты и крест прикажешь воодрузить, спрашиваю? И крыж поставить на место сьледует, отвечает. Да это же издевательство, форменное издевательство!..
Выкурыць Карпюка, канешне ж, палкоўніку не ўдалося, і ён днямі стаў прападаць на сваёй будоўлі за горадам, каб як мага хутчэй разысьціся з настырным музейшчыкам. Карпюк тым часам таксама не даваў драмаць будаўнікам, што ўзводзілі дтсаафаўскую базу, абыходзячы абкамаўскія, аблвыканкамаўскія кабінеты, адкуль маглі падштурхнуць вырашэньне пытаньняў з забесьпячэньнем іх будматэрыяламі, ні на дзень не пакідаў у спакоі дырэктара будтрэсту. На дзіва, будоўлю закончылі ледзь ці не ўдвая раней, чым намячалі самымі аптымістычнымі планамі. Не пасьпелі вайскоўцы забраць свае пажыткі, як Карпюк разгарнуў рамонтныя і рэстаўрацыйныя работы. Ягонай энергіі хапала на ўсё – і прыдзірліва сачыць за рамонтнікамі і рэстаўратарамі, каб не схалтурылі, і калясіць па ўсёй рэспубліцы, прыглядваючыся ці адразу прывозячы экспанаты для музею. І тут узьнікла закавыка: назва “музей атэізму” ну ніяк ня можа адпавядаць магчымай экспазіцыі, паколькі атэізм не існуе асобна ад рэлігіі, і Карпюкова прапанова дадаць у назву музея слова “рэлігіі” была прынятая.
Даючы згоду ўзначаліць музей, Аляксей Нічыпаравіч паставіў умову: ніхто ня будзе ўмешвацца ў падбор і прызначэньне супрацоўнікаў, арганізацыю экспазіцыі. Згадзіліся, папрасіўшы, каб, як гэта належыць, узгадняў кандыдатуры свайго намесьніка, загадчыкаў аддзелаў, гарантуючы поўную падтрымку. Ён набраў сабе ў штат толькі моладзь – пераважна выпускнікоў педінстытуту, да якіх прыглядваўся, уважліва вывучаў на працягу амаль двух гадоў. Дзяўчаткі і хлопцы пад ягоным кіраўніцтвам працавалі, як мурашачкі, сьцягваючы матэрыялы і экспанаты з ўсёй рэспублікі. Ён радаваўся, як дзіця, калі траплялася нешта арыгінальнае, чаму і цаны няма, заўсёды заходзіў ці званіў таемным голасам: прыходзь – нешта пакажу... За многія гады дтсаафаўцы са сваёй тэхнікай так навандалілі і насьвінячылі ў манастырскіх пабудовах, асабліва ў царкве, што даводзілася траціць месяцы на ачыстку квадратнага метра прамасьленых сьценаў, падлогі. Карпюк сам ня спаў начамі і нікому не даваў спакою, намагаючыся як мага хутчэй зрабіць свой музей дзеючым. Яшчэ не закончыліся рамонтныя і рэстаўрацыйныя работы, як у кельлях разгарнулі часовую экспазіцыю, куды вадзілі студэнтаў, вучняў старэйшых класаў, і супрацоўніцы музею набывалі вопыт, атточвалі сваё экскурсаводчае і лекцыйнае майстэрства.
Нельга не сказаць колькі слоў пра адзін экспанат – гонар і гордасьць Карпюка, вяршыню ягонай кіпучай арганізатарскай дзейнасьці. Трэба быць Карпюком, каб за няпоўны камандзіровачны дзень у Маскве дапяць аж да самога прэзідэнта Акадэміі Навук, знакамітага акадэміка Аляксандрава і без адзінай капеечкі выцыганіць экспанатам для музею найноўшы тады, астранамічна дарагі касьмічны апарат “Пратон” ды яшчэ з бясплатнай дастаўкай у Гародню з Амерыкі, дзе той знаходзіўся на міжнароднай касьмічнай выставе. Везьлі яго спачатку марскім шляхам, а потым з Ленінграду да месца прызначэньня – на сьпецыяльнай чыгуначнай платформе. Выгрузілі на сарціровачнай станцыі Аульс пад Гародняй і магутным аўтацягачом у суправаджэньні міліцыі, якая скіроўвала патокі машынаў на іншыя вуліцы, павезьлі да месца прызначэньня. І тут высьветлілася, што аграмадзіна ня толькі ў царкву, а нават на цесную пляцоўку перад ён ня лезе. Сталі сьпешна маракаваць, што рабіць, і ўрэшце рэшт паставілі ў двары педінстытуту, дзе агромісты, прыгожы “Пратон” і сёньня стаіць помнікам Карпюковай гаспадарча-арганізатарскай дзейнасьці...
Адрэстаўраваная, пафарбаваная ў яркія бела-сінія колеры раней усіх намечаных тэрмінаў цэркаўка-музей цацачкай, цешыла вока, упрыгожыла старадаўнюю Замкавую вуліцу і прылеглы гістарычны квартал з вузенькімі крывымі вулічкамі. Толькі незразумелы жалезны прэнт заместа крыжа выглядаў недарэчна, пачварна, псаваў архітэктурны выгляд і царквы, і акаляючага асяроддзя наогул. У рэшце рэшт паставілі на вежу-цыбуліну ажурны крыж – і ўсё стала на сваё месца...
І ў зьвязку з арганізацыяй музею гісторыі рэлігіі і атэізму Карпюк ня мог не пазнаёміцца і не наладзіць кантакты з Патрыяршым экзархам у Беларусі, які ставіўся да яго паважна, прыязна. А тут прыехаў новы – Філарэт, малады, імпазантны, увесь час у разьездах, і Аляксей Нічыпаравіч, жывучы ў Гародні, усё ніяк ня можа даступіцца да яго. Угаварыў Алеся Адамовіча папрасіць у Філарэта аўдыенцыю на дваіх і пабыць у яго як пісьменьнікі, паколькі ён, Карпюк, як дырэктар музею з атэістычным ухілам, ня дужа зручны субяседнік для маладога Экзарха. Філарэт гасьцінна прыняў іх у сваёй рэзідэнцыі, прапанаваў прычасьціцца каньячком, але на ягонае зьдзіўленьне абодва пісьменьнікі аказаліся поўнымі цьвярозьнікамі. Тым ня менш, завязалася і пацякла гутарка на філасофскія тэмы. Канешне ж, Карпюк не прамінуў пацікавіцца перамовамі Рускай праваслаўнай царквы з Ватыканам, на што гаспадар, зрабіў зьдзіўленыя вочы: першы раз чую пра такія перамовы... Карпюк пераможна “прасьвяціў” яго ня толькі пра ход, але і пра зьмест тых перамоваў, пра што ўведаў з польскай прэсы. Філарэт слухаў надзвычай уважліва, зацікаўлена, вельмі дзякаваў за цікавую і патрэбную яму інфармацыю, а на разьвітаньне папрасіў Карпюка, калі гэта таму ня надта клопатна, паведамляць усё, што зьявіцца ў польскай прэсе пра перамовы.
– Слабак! Пра элементарныя рэчы ня ў курсе... – зрабіў заключэньне Карпюк, калі выйшлі ад Філарэта.
– Слабак! – пагадзіўся Адамовіч.
І няўцям было абодвум знаўцам, што менавіта Філарэт, як тады адначасова і кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Маскоўскага патрыярхату, асабіста вядзе тыя перамовы з Ватыканам...
І калі ўсё было адладжана, увайшло ў нетаропкі, разьмераны рытм музейнага існаваньня, нечакана для ўсіх Карпюк прынёс заяву на звальненьне: маўляў, што ад мяне патрабавалася – зрабіў, сядзець далей – нецікава, зараз дзяўчаткі лепей за мяне ўправяцца, а мне час засесьці за новую аповесьць... На ўгаворы пабыць яшчэ хоць паўгоду, падрыхтаваць сабе дастойную замену, рашуча адказаў: замена гатовая – намесьніца, лепшай ня знойдзеце... На тым і закрылася яркая старонка ягонай арганізатарскай і адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасьці, якая на жаль не прынесла яму ні славы, ні добрай памяці. Прыйшлі іншыя часы, і музей са словам “атэізм” у назове набыў адыёзна-атавістычнае гучаньне, яго новыя ўлады сарамліва прыкрылі, перадаўшы экспанаты абласному краязнаўчаму музею, а цэркаўку – па прызначэньні, вернікам...

Некалі ў разгар антыбыкаўска-карпюкоўскіх кампаній, і пазьней, дый цяпер час ад часу ў мяне ўзьнікае крамольная думка: а ці не знарок гэтак неразважліва, падкрэсьлена-дэманстратыўна кідаўся ў бой, лез на ражон Карпюк? Мо гэта было нечым кшталту выкліку агню на сябе, кіданьне на амбразуру, каб прыкрыць Быкава, свайго найбліжэйшага таварыша і паплечніка, памкненьне не пакідаць яго самотным, і калі ўжо ісьці на Галгофу, то разам, у зьвязцы? Калі гэта можна было, шукаў і не знаходзіў зручнага моманту, каб па шчырасьці намёкам, паўнамёкам, напаўжартам спытацца ў самога Аляксея Нічыпаравіча, але разумеў усю нетактоўнасьць такога пытаньня і тое, што наўрад ці ён захоча адказваць. Сёньня ўжо няма каму адказаць, таму можна рабіць толькі нейкія здагадкі...
Яны хораша таварышавалі, дружылі больш за два дзесяцігоддзі, хоць мелі абсалютна розныя характары: непапраўны аптыміст і жыцьцялюб, ярка выражаны халерык па натуры Карпюк і гэтакі ж непапраўны песіміст і скептык, заўсёды спакойны і вытрыманы Быкаў – і насамрэч адзінства супрацьлегласьцяў. Тым ня менш я ўстрымаўся б ад слова “сябравалі”, бо гэтае высокае пачуцьцё ўсё ж, мусіць, патрабуе нейкай большай блізкасьці і характараў, і звычак, і няўлоўнай духоўнай энергіі. Зьядноўвалі іх, самых вядомых на Гарадзеншчыне людзей, канешне ж, агульныя літаратурныя інтарэсы, заўсёдная ўзаемавыручка і ўзаемападтрымка, розныя сямейна-бытавыя праблемы. Ня ведаю, ці заўсёды і ўсё яны чыталі, абмяркоўвалі, раіліся, прыслухоўвалі да думкі адзін аднаго перад здачай сваіх новых твораў у друк, а вось абмеркаваньне надрукаванага адбывалася заўсёды, часам даволі крытычна, асабліва з боку Карпюка. Часьцей за ўсё Быкаў не пагаджаўся ці рабіў выгляд, што не пагаджаецца, але ў спрэчкі не кідаўся. Памятаю, неяк у машыне Карпюк са сваёй звычайнай экстравагантнасьцю раптам заявіў:
– Васіль, канешне, ты неблагі пісьменьнік, але і ў цябе ёсьць буйныя недахопы і пралікі...
– Ага... І што ж гэта за недахопы і пралікі? – пацікавіўся Быкаў.
– Сексу ў цябе малавата...
Абодва мы, нават шафёр, аж пакаціліся ад сьмеху. Адзін Карпюк заставаўся сур’ёзны, працягваў:
– Ну хіба “Альпійскую баладу”, а хто, як франтавікі вымруць, усё тваё іншае пра баі і акопы будзе чытаць, каму гэта будзе цікава?
– М-да-а, м-да-а... – перастаў сьмяяцца Быкаў. – Які там секс, калі вакол сьмерць, кроў, гразь...
– Мо хочаш сказаць, што на фронце ніякага сексу не было? – наступаў Карпюк. – Альбо вазьмі партызанку... – І пачаў расказваць розныя гісторыі...
Ня ведаю, ці паймела нейкае ўзьдзеяньне на Быкава тая гаворка, магчыма, тады ён сам ужо выношваў задуму, але новай ягонай аповесьцю была “Пайсьці і не вярнуцца”...
На іхнія стасункі патыхнула халадком толькі на самым-самым канцы гарадзенскага перыяду Быкава, калі Карпюк з найлепшымі памкненьнямі, на правах старой дружбы са звычайнай сваёй напорыстасьцю, ня надта зважаючы на далікатнасьць, шчыра і самааддана ратаваў сямейны човен Быкава, працягваў адчайна змагацца нават тады, калі было відавочна, што човен ня проста даў цечу, а рассыпаўся, пайшоў да дна. Васіль Уладзіміравіч страшэнна не любіў выстаўляць напаказ свае асабістыя справы, не выносіў, калі нехта бяз спросу і такту мкнуўся совацца ў іх, таму празьмерная Карпюкова актыўнасьць з уцягваньнем усіх, хто мог і ня мог паўзьдзейнічаць на Быкава, выклікала ў яго прыкрасьць, пратэст, злосьць і раздражненьне, і ўсё гэта не магло не адбіцца на іхніх стасунках...
Аляксей Нічыпаравіч вельмі перажываў усё гэта, бліжэйшага за Быкава чалавека ў яго не было ў Гародні, ён сумаваў, яму вельмі не хапала Быкава, калі той пераехаў у Менск. Карпюк прыкметна стаў хінуцца да мяне, але я, вядома ж, ня мог замяніць яму Быкава – па-першае, Быкаў ёсьць Быкаў, па-другое, мы былі людзьмі розных пакаленьняў: яму падбіралася пад шэсьцьдзесят, а мне не было і сарака, і па-трэцяе, мусіць і праўда, што пад шэсьцьдзесят ужо не знаходзяць новых сяброў-прыяцеляў, а толькі губляюць старых...
Вестка пра сьмерць Карпюка летам 1992 году напачатку падалася неверагоднай, нейкай недарэчнай памылкай. Яшчэ зусім нядаўна ён прыязджаў у Менск, быў, як заўсёды, поўны энергіі, значна маладзейшы на свае гады, якія нібыта ня мелі ўлады над ім... Я праводзіў яго да самага апошняга ягонага зямнога рубяжу на алеі заслужаных людзей новых гарадзенскіх могілак, пакінуўшы і свае сімвалічныя жменькі жвіру на ягонай дамавіне... Тым ня менш і сёньня кепска сабе магу ўявіць Гародню, вузенькія вулачкі ў ягонай гістарычнай часцы без самабытнай, каларытнай Карпюковай постаці, роўна як і сьціплай Быкаўскай. Для мяне яны дык працягваюць жыць тут у гэтых старажытных мурах, гэтай адшліфаванай нагамі столькіх пакаленьняў старой, але па-ранейшаму надзейнай брукаванцы. Мо таму, што даводзіцца бываць тут, як кажуць, рады ў гады і цяжка прывыкнуць... Ідзеш сярод незнаёмага люду і міжволі паглядваеш, чакаеш насуперак усяму: вось-вось дзе-небудзь з-за павароту на вуліцу Ажэшкі альбо з вечнага натоўпу ля галоўнага ўнівермагу па Савецкай узьнікуць насустрач іхнія знаёмыя постаці, Быкаў усьміхнецца здаля сваёй добрай прыязнай усьмешкай, а Карпюк таропка працягне руку, коратка і энергічна павітаецца: ну, здароў!..

Працяг будзе