12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Бліцкрыт

_____________________
"Ніякай літасьці Валянціне Г.".
Размова пра кнігу Альгерда Бахарэвіча



Словатворчасьць імкнецца да эканоміі лексічных сродкаў, жанравай мінімізацыі. Гэта дадзенасьць. Словатворчасьць літаратуразнаўчая – ня вынятак. І гэта засмучае. Крытыка відавочна не пасьпявае за літаратурным працэсам. Крытыка не пасьпявае «крытыкаваць», абмяжоўваючыся пераважна канстатавальным анатаваньнем. На старонках прыціснутага незалежнага літаратурнага друку і ва «ўнутрыцэхавых» гутарках адсутнічае літаратурная палеміка. Пра дзяржаўныя выданьні мовы няма. Але крытычны дыскурс шукае новыя шляхі пашырэньня культурнае прасторы. І знаходзіць іх у вольнай віртуальнай прасторы.
Асноўнай мэтай гэтае рубрыкі ёсьць «шырокае абмеркаваньне» новых выданьняў. Мяркуецца, што да яго далучацца як вядомыя крытыкі і літаратары, гэтак і «звычайныя» чытачы (найперш – пры дапамозе вышэйназванай прасторы). Рубрыка дазваляе не марнаваць часу на вынаходжаньне формы й выказвацца па сутнасьці ў найменш клішаваным ключы, з той самай лексічнай эканоміяй. Мінус палягае ў небясьпецы кампліментарнага эпігонства.
Пачаць мы вырашылі з бязьлітаснай крытыкі кнігі Альгерда Бахарэвіча “Ніякай літасьці Валянціне Г.” (ці варта казаць, амаль не заўважанай у друку), што выйшла летась у выдавецтве “Логвінаў”. Гэтую кнігу, нягледзячы на тое, што пры апытаньні “Нашай Нівы” яе згадалі ўсяго два рэспандэнты, можна без нацяжкі лічыць літаратурнай падзеяй 2006-га году. Так, паводле анкетаваньня інтэрнэт-часопісу “Новая Еўропа”, А. Бахарэвіч быў названы пісьменьнікам году. Да ўсяго, кніга выклікала пэўны розгалас у беларускай благасферы – ад слова “блог”, інтэрактыўны дзёньнік сістэмы “livejournal” (хаця часам блага робіцца ад павальнасьці гэтага зьявішча). Водгукі з некаторых блогаў прапануем увазе чытачам “Дзеяслова”, а таксама падаем віртуальныя імёны асобных удзельнікаў “Бліцкрыту”.
Варта дадаць, што нашае апытаньне пераўзыйшло меркаваныя жанравыя межы рубрыкі. Некаторыя тэксты, пры мінімальнай дапрацоўцы, маглі б выступаць як самастойныя паўнавартасныя рэцэнзіі, пры тым, што большасьці з іх, хутчэй за ўсё, наканавана было застацца адно ў сьвядомасьці аўтараў.
Запрашаем чытачоў далучыцца да абмеркаваньня наступнае кнігі. Гэта будзе зборнік выбраных твораў Анатоля Сыса “Лён”. Будзем рады пачуць вашыя водгукі адносна кнігі і асобы аўтара, а таксама прапановы, што да далейшых кнігаў рубрыкі “Бліцкрыт”. Пашырайма прастору!
Анатоль Івашчанка.

Андрэй Хадановіч, паэт, перакладчык, эсэіст.
На нядаўняй прэзентацыі кніжкі А. Бахарэвіча ў “Падземцы” я, імправізуючы, выказаў думку пра нашую беларускую любоў да ўсяго паралімпійскага. Як мы цешымся з посьпехаў нашых спартоўцаў-паралімпійцаў, якія перасоўваюць сябе ў інвалідных вазочках, цешымся з пераможцаў дзіцячага “Еўрабачаньня”, у якім таксама ёсьць нешта паралімпійскае, мы ўсё жыцьцё цешыліся, як любілі ў нас літаратуру чытачы-слухачы, страшна далёкія ад літаратуры, народныя паэты і пісьменьнікі цешыліся грандыёзным посьпехам у вясковых бабулек. І разам з тым – ня бачылі, што нам не стае сапраўдных спартоўцаў сярод спартоўцаў, сьпевакоў, не шанцуе на посьпехі сапраўдных літаратараў сярод выкшталцоных аматараў літаратуры. Мы прызвычаіліся ў літаратуры сеяць разумнае-добрае-вечнае, г. зн. – быць больш, чым паэтамі, больш, чым пісьменьнікамі. А таму зараз сур’ёзна рызыкуем стаць менш, чым паэтамі, менш, чым пісьменьнікамі. Бо так, напраўду, літаратар ня мусіць рабіць нічога, апроч як добра, з усіх сілаў рабіць сваю справу – цікава пісаць. А ў нас гэта амаль развучыліся рабіць.
Думаю, шмат маладых літаратараў, прачытаўшы “Валянціну Г.”, шчыра пазайздросьцяць Альгерду Б. Бо ён сказаў тое, што, відаць, хацелі сказаць многія, але пабойвалася гэта рабіць з прычынаў маральных. А менавіта паралімпійскі белліт у паралімпійскім вазочку (усе гэтыя народу – свабоду, мова – слова і інш., лямант няўдачнікаў пра свае няўдачы) – графаманія.
На жаль, адзіны сродак вылечыцца ў гэтай сітуацыі – паставіць жорсткі, але справядлівы дыягназ. А калі гаворка пра літаратараў, паэтаў, празаікаў, крытыкаў, – то займацца сваёй непасрэднай задачай: павышаць свой прафесійны ўзровень, чытаць болей кніжак ня толькі з беларускай, але і з сусьветнай літаратуры, казаць тое, што баліць табе асабіста, а ня ёсьць фарматным у дадзенай тусоўцы/часопісе, казаць непрыемныя ісьціны, не баючыся страціць чытачоў, як гэта спрабуе казаць А. Бахарэвіч.
Чытаю кожную Альгердаву кнігу і радуюся пазітыўным зьменам. Мне заўсёды падабаліся ў яго кароткія рэчы, але даўжэйшыя выглядалі менш удалымі. У апошняй кнізе і аповесьць чытаць цікава ад пачатку да канца. Зноў метафарызуючы спартова, Альгерду пачынае хапаць дыханьня і на стаерскія творы.

Валянцін Акудовіч, філосаф, празаік.
“Мізантроп” – ня самая знакамітая з п’есаў Мальера. Аднак мне яна найлепей запомнілася. І вось чаму. У маладыя гады я прагнуў любіць людзей – усіх! Калі заўгодна – тады гэта было першасным заданьнем маёй жыцьцядзейнасьці, якое я пэўны час нават пасьпяхова выконваў. Але потым са мной нешта здарылася і людзі мне раптам абрыдзелі – усе, разам. Я нікога не хацеў ні бачыць, ні чуць і ўвесь час думаў куды б яно зьбегчы, каб нідзе нікога…
З гэтага свайго стану я добра такі пералякаўся, бо ў тагачасным маім даўменьні не любіць людзей агулам маглі толькі злачынцы. І я, нечакана для самога сябе, апынуўся адным з іх. Натуральна, мне было вельмі блага…
На маё шчасьце, якраз тады я чытаў п’есы Мальера і сярод іх – “Мізантроп”. Галоўны герой быў адмоўным персанажам і таму ня выклікаў асаблівых сімпатыяў. Але яго бязьлітасная і бліскуча аргументаваная аналітыка чалавека, як a priori заганнай істоты, якая па азначэньні (з гледзішча мізантропа) не падлягае любові, мяне неверагодна ўразіла і разам з тым суцешыла. Бо я ў адначасьсе зразумеў некалькі надзвычай істотных для сябе рэчаў:
а) мой стан ня ёсьць нейкай паталагічнай хібай, паколькі паходзіць з досыць пашыранай зьявы, якая мае нават легітымнае найменьне – мізантрапія;
б) чалавек немагчымы як чалавек без свайго цёмнага боку, дзе прытоеныя зламыснасьць, хцівасьць, ненавісьць, здрада, сквапнасьць і яшчэ безьліч усякага такога, што па сваёй прыродзе ня можа ахоплівацца любоўю. З гэтага атрымліваецца, што любіць усяго чалавека па азначэньню нельга, а можна любіць толькі яго сьветлую персьпектыву;
в) да таго ж любіць чалавека зусім і не абавязкова, бо не на любові чалавека да чалавека трымаецца сьвет (любоў яго толькі ўпрыгожвае), а на адказнасьці кожнага з нас і перад другім чалавекам, і перад быцьцём як такім.
Карацей кажучы, сваім “Мізантропам” Мальер досыць аператыўна вылечыў мяне ад мізантропіі і надалей падобных мітрэнгаў я ўжо ніколі ня меў.
Перакінулася шмат год, перш чым я зноў узгадаў “Мізантропа” ды сваё выбаўленьне ад заганы чалавекалюбства – і гэтая згадка была зыніцыяваная прозай Альгерда Бахарэвіча. Дзеля ўласнага карыстаньня я яе адразу пазначыў як мізантрапічную, бо апісаньне чалавека ў А. Бахарэвіча было такім жа бязьлітасным, як і ў героя Мальера. Але паколькі панятак “мізантропіі” ў грамадскай сьвядомасьці ўсё яшчэ поўніцца адмоўнымі канатацыямі, дык да гэтай пары я не выкарыстоўваў яго публічна. На тое ў мяне мелася як мінімум дзьве грунтоўныя прычыны. Па-першае, Альберт Бахарэвіч глыбока сімпатычны мне як чалавек і я не хацеў, каб які зласьлівец з маіх развагаў прычапіў яму мянушку “мізантроп”. А па-другое, ужо з дэбюта Альгерда Бахарэвіча відавочнілася, што гэта ня проста яшчэ адна кніжка, напісаная прозай, а сакральны акт нараджэньня Празаіка. І таму было б зусім неабачліва яшчэ кволы парастак сакральнага публічна выпрабоўваць прафанным.
Разам з тым, для сябе я ўжо даўно зацеміў, што лічы кожны вялікі празаік, як мінімум, латэнтны мізантроп. Найлепшым сьведчаньнем таму агульнавядомы факт, што ва ўсёй сусьветнай літаратуры адмоўныя героі эстэтычна куды больш выразныя, чым станоўчыя. Бадай пасьля аўтара “Апакаліпсіса” самым вялікім мізантропам сярод пісьменьнікаў быў Дантэ, з чаго мы і атрымалі геніяльнае “Пекла”, куды ён паскідаў усіх ненавісных яму людзей (“Чысьцец” і “Рай” у той жа “Боскай камедыі” мала чаго вартыя раўнуючы з “Пеклам”). І нават такія па-чалавечы сімпатычныя героі, як Дон Кіхот і Швейк ёсьць нічым іншым, як прыхаваным зьдзекам Сервантэса і Гашэка з лялечна абфарбаванага чалавека, якога грамадства нас прымушае любіць. Што ўжо тут казаць пра сучасную літаратуру. Згадаем хаця б Мішэля Уэльбэка, феномен папулярнасьці якога цалкам абумоўлены татальна мізантрапічнай візіяй як кожнай людзіны паасобку, так і ўсяго сусьвету агулам.
Дарэчы, калі паспрабаваць зазірнуць у зьяву, якая ахопліваецца гэтым непаглядным паняткам, дык стане бачна, што яе семантыка добра такі зблытаная. Бо словам “мізантроп” мы называем і псіхалагічна хворага на нелюбоў да людзей чалавека, і проста абыякавага да іх, і моцна кімсьці пакрыўджанага, і апантанага “звышчалавечай” ідэяй, і мужнага, які не палохаецца ўглядацца ў прыцемкі чалавека…
Між іншым, неяк, чытаючы Ніцшэ, я зразумеў адну простую рэч: мысьленьне – гэта перадусім інтэлектуальная мужнасьць. Талент мысьленьня, аналітычныя здольнасьці, багаты досьвед гісторыі ідэяў без інтэлектуальнай мужнасьці ніколі ня зробяць мысьляра мысьляром, бо мысьліць без астачы страшна, а бывае і вельмі страшна.
Але тое самае і ў літаратуры. І калі я для себе як адну з верагодных персьпектываў беларускай прозы зьвязваю з постацьцю Альгерда Бахарэвіча, дык гэта перадусім таму, што ў Альгерда мужнае пісьмо, якое не палохаецца адваротнага (цёмнага) боку чалавека. Я аддаю належнае яго гнуткаму і пругкаму стылю, умельству “натуральнай афарбоўкі” псіхалагічных сітуацыяў, інтэлектуальнай насычанасьці і да таго падобнаму. Але ўсё гэта толькі талент…
Дарэчы, шмат хто лічыць, што для літаратара акрамя таленту болей нічога і ня трэба. Так, для шараговага творцы дастаткова ўсяго толькі таленту, аднак маштабныя фігуры паўстаюць на зусім іншым подзе. Ці ёсьць у героя гэтага невялічкага эсэ маштабная персьпектыва? Наперад такое ніхто напэўна ня скажа. Але тое, што мізантрапічна мужнае пісьмо Альгерда Бахарэвіча ня ведае літасьці ні да наратара, ні да чытача, ні да, натуральна, “Валянціны Г.” дае падставы спадзявацца на нешта большае, чым мы атрымліваем звычайна.
P.S. Пакуль што самае слабое месца Альгерда Бахарэвіча – гэта, як раней любілі казаць, архітэктоніка ягоных твораў. За рэдкім выключэньнем, у іх разбэрсаная структура і рыхлая кампазіцыя, лакальныя фрагменты і сітуацыйныя перыпетыі дамінуюць над цэлым, а дэталь нярэдка падпарадкоўвае сваёй прыхамаці вобраз. З усяго гэтага драматургія часта заблытваецца сама ў сабе і, каб злучыць у нешта супольнае канцы і пачаткі, аўтар змушаны рабіць штучныя захады (не абумоўленыя ўнутранай логікай аповеду).
Зрэшты, на ўвесь гэты структурна-фармалістычны вэрхал чытач, здаецца, не зьвяртае ўвагі. Хаця апошняе зусім не азначае, што гэта і насамрэч добра.

Віка Трэнас, паэтка.
Чарговая кніга беларускага празаіка Альгерда Бахарэвіча – «Ніякай літасьці Валянціне Г.» – ня менш, а, магчыма, нават больш цікавая за папярэднія. Прынамсі, у крытыкаў зьявілася нагода гаварыць пра ўзьнікненьне ў нас сучаснай інтэлектуальнай прозы, якая, нягледзячы на эстэтычную выкшталцонасьць, чытаецца лёгка і займальна: падобнай якасьці яўна не ставала некаторым узорам беларускай класікі! Кніга складаецца з шасьці твораў, жанравая акрэсьленасьць якіх вагаецца ад апавяданьня да аповесьці (хаця сам аўтар пазначыў на тытуле кнігі: «апавяданьні», тэксты пад назвамі «Прыватны пляж на ўзьбярэжжы Леты», «Ніякай літасьці Валянціне Г.», «Ацалелы» ніяк не адносяцца да малога празаічнага жанру па сваёй задуме, колькасьці персанажаў, разьвіцьці сюжэтных лініяў, але цалкам могуць прэтэндаваць на ганаровае званьне аповесьці). Зрэшты, такая фармальная нявызначанасьць засмучае хіба што філолагаў і ніяк не ўплывае на мастацкую вартасьць новае кнігі.
У ліставаньні з Юрасём Барысевічам, што зьмешчанае напрыканцы выданьня1, Альгерд Бахарэвіч заўважае: «...Прытрымліваюся думкі, што рэалізм у літаратуры – фікцыя. Няма нейкай адной, аб’ектыўнай рэальнасьці: іх, здаецца, ужо больш за пяць мільярдаў. Пісьменьнік можа распавесьці ў кнізе сваю Гісторыю, прыдуманую ім ад пачатку й да канца, і гэтай рэальнасьці для літаратуры дастаткова». Аднак творчы метад аўтара, як можа высьветліць уважлівы чытач, усё ж мае пэўныя прыкметы мастацкай сістэмы рэалізму ў класічным яго разуменьні. (…).
Сьвет, абмаляваны аўтарам, больш нагадвае тэрыторыю хаосу: калі гаварыць тэрмінамі постмадэрнізму, то варта было б згадаць такое паняцьце, як рызома, але яно ўжываецца для абазначэньня шматслойнага сьвету, што існуе ў шматлікіх адрозных вымярэньнях. У дадзеным жа выпадку можна вылучыць мадэрнісцкую манеру дуалістычнага сьвету – рэчаіснага і метафізічнага. Пра гэта сьведчыць такі прыём аўтара, як своеасаблівае раздваеньне кожнага персанажу – уласна на асобу, якая жыве, дзейнічае і ходзіць на працу, і на героя гэтай асобы, які існуе метафізічна і ўяўляе сабой плынь сьвядомасьці персанажа, яго ўнутранае жыцьцё, што адлюстроўвае псіхічныя і сацыяльныя матывы яго дзейнасьці. Альгерд Бахарэвіч піша: «...Бязгучна й плаўна з сьцяны выязджае доўгая шуфляда. Там, нібы лялька ў падарачнай каробцы, сьпіць мой герой – істота, замест якой жыву я. <...> У нашых герояў столькі ж ад топ-мадэляў, колькі ад неандэртальцаў. Мерна гудуць лямпы. Як яны пасуюць адно аднаму – героі, мейсца якіх займаем мы»; «На што мы трацім сваё жыцьцё? На перасьлед хімэраў. Нашыя героі пераварочваюцца ў сваіх ледзяных ложках, бачачы, як мы марнуем адведзены нам час»; «Той, хто жыве замест мяне, ня ўмее нічога, акрамя як размаўляць па-кудзінску. Такая здольнасьць не дае яму аніякіх выгодаў і нічога не зьмяняе ў сьвеце...» («Прыватны пляж на ўзбярэжжы Леты»). (…)
У назвах частак аповесьці «Ніякай літасьці Валянціне Г.» выкарыстаныя паняцьці традыцыйнай японскай паэтыкі, што дазволіла пісьменьніку ўнутрана суаднесьці фабулу твору з яго галоўнай ідэяй. У творы дзейнічае Хадок – малады чалавек, які працуе літкансультантам і рэдактарам аддзелу паэзіі ў нейкай пасрэднай і дробнай газетцы. Ён вымушаны весьці літаратурнае аб’яднаньне пад пафаснай назвай «Пламя», што іранічна было ім перайменавана ў «Пляму», дзе зьбіраюцца і чытаюць свае опусы няздарныя паэты, якіх Хадок вымушаны пасьля друкаваць. Адна з такіх паэтак – Валянціна Г., інвалід, становіцца зборным гіпербалізаваным вобразам так званых графаманаў, якія фанатычна ставяцца да ўласных творчых высілкаў і гатовыя на ўсё, каб толькі іх апублікаваць, нягледзячы на відавочную антымастацкасьць такіх твораў. Валянціна Г. перасьледуе літкансультанта, літаральна становіцца ягоным ценем, тэлефануе ўдзень і ўночы, піша скаргі і пісьмы, нават ладзіць з дапамогай мясцовых чыноўнікаў і Саюзу інвалідаў дэманстрацыю перад будынкам рэдакцыі ў абарону сваіх «геніяльных» вершаў, якія Хадок адмаўляецца друкаваць з эстэтычных меркаваньняў. Дзякуючы сродкам гумару, іроніі і сарказму Альгерду Бахарэвічу ўдаецца пераасэнсаваць сучасную беларускую літаратурную сітуацыю, выявіць яе трагікамізм і абсурднасьць. Пісьменьнік фактычна адстойвае права таленавітага творцы на свабоднае самавыяўленьне і права мастацтва быць мастацтвам, а ня сьметнікам для ўзораў дурноцьця і няздарнасьці.
Кніга «Ніякай літасьці Валянціне Г.» адносіцца да тых, якія набываеш і пасьля прачытаньня не шкадуеш пра задарма патрачаныя грошы, але наадварот – раіш яе сваім сябрам і знаёмцам. Не выклікае сумневу тое, што Альгерд Бахарэвіч – адзін з самых цікавых і персьпектыўных сучасных празаікаў Беларусі.
Цалкам рэцэнзія друкавалася
на сайце інтэрнэт-часопісу “Новая Еўропа” (www.n-europe.eu).

Марыя Мартысевіч (maryjka), эсэістка, перакладчыца.
2000 знакаў пра Бахарэвіча
Проза Альгерда Бахарэвіча, у прыватнасьці, кніга “Ніякай літасьці Валянціне Г”, ёсьць для мяне сімвалам уваходу ў нашую літаратуру новага тыпу героя. У адрозьненьне ад папярэдняга, пасіянарна-рамантычнага, “лабановіцка-загорскага” тыпу, герой Бахарэвіча – рамантык латэнтны, ён хаваецца ад сябе і сьвету пад маскай цыніка – пра гэта сьведчыць, напрыклад, кранальная дэталь партрэту героя “Прыватнага пляжу на ўзьбярэжжы лета”, выкладчыка нікому не патрэбнай, напаўмёртвай кудзінскай мовы (прыдуманага аўтарам міксу славянскіх граматык). Герой Бахарэвіча – мізантроп, які стварае вакол сябе абалонку чужасьці сьвету, кокан гідлівасьці. Нават імя яго абраньніцы (Тая – “Натуральная афарбоўка”, “Яна” – “Прыватны пляж...”) маюць сьлед граматычнай адчужанасьці1 . Герой Бахарэвіча раскрываецца менавіта ў стасунках з жанчынамі. У “Ніякай літасьці...” літкансультант Стах Хадок атрымлівае пад дых ад мужчынаў абсьмяяных ім паэтак – маладой графаманкі Машы і пажылой – Валянціны. Але яго пакута не фізічная, а метафізічная. Носьбіт бездакорнага паэтычнага густу Стах самотны, яму не знайсьці паэткі, чыім вершам уласьцівая паэтыка яго мары, яму няма за каго даваць пад дых заілам у цёмным завулку. У гэтым персанальная трагедыя Стаха, але і абагульненая трагедыя беларускай літаратуры. Паказальны фінал твору: Стаха бяруць на пасаду крытыка “газеты №1”, ён стаецца кімсьці накшталт Галоўнага Санітара з раману Т. Талстой “Кысь”.
Герой Бахарэвіча – катэгарычны эстэт і фатальны няўдачнік; ён тоіцца ў кожным з нас, як бы мы гэтага не цураліся.
2000 знакаў – памер рэкламнага матэрыялу ў масавым часопісе. Ні ў якім разе не прыніжаючы культурную вартасьць “Дзеяслова”, прашу, тым ня менш, лічыць гэты сьціслы водгук непрыхаванай рэкламай новай і, безумоўна, на дадзены момант, найлепшай прозы Альгерда Бахарэвіча.

Кандраценка Сяргей (kanaj), вярстальнік.
Проза новай кнігі Альгерда Бахарэвіча “Ніякай літасьці Валянціне Г.” амаль што пазбаўленая форматворчых наваротаў, характэрных для ягоных папярэдніх кніг. Фактычна — гэта рэалізм. Ніхто ж не вінаваты, што беларускія рэаліі ў некаторых сваіх праявах дадуць фору самым наймагічным з усіх магічных рэалізмаў. Кніга некалькі гадоў рыхтавалася да друку, таму некаторыя дэталі пасьпелі маральна састарэць. Аднак тыя ж самыя зьніклыя пэйджары сваёй адсутнасьцю толькі вылучаюць (ману)ментальную непахіснасьць Ладу.
Пакуль лірычныя героі пасьлядоўна замыкаюцца ў сабе, упарта, крок за крокам аддаляючыся ад грамадства, ад родных і блізкіх, нарэшце, ад саміх сябе, чытачы, зазіраючы ў старонкі, быццам у люстэркі, непазьбежна пазнаюць сябе ў кожным з герояў, вяртаюцца ў пражытыя сітуацыі, крок за крокам усё болей заблытваюцца на, здавалася б, такіх знаёмых сюжэтных маршрутах, каб урэшце дасягнуць сапраўднага прасьвятленьня. Бо раптам аказваецца, што ўсе склізкія саркастычныя сьцежкі, пракладзеныя аўтарам, вядуць кожнага чытача ўнутр самога сябе. “Чытач чакае ад мастацкай кнігі, каб тая завязала яму вочы, узяла за ганарлівую руку й завяла ў таямнічы лес – завяла й кінула там,” – спрабуе патлумачыць гэты эфект аўтар. “Я не люблю людзей,” – прамаўляе ён жа вуснамі героя “Прыватнага пляжу на ўзьбярэжжы Леты”. Пад гэтымі страшнымі, цалкам пазбаўленымі какетлівай гатычнай гламуршчыны словамі падпісваюцца і лірычныя героі ўсіх астатніх твораў Альгерда. У чарзе за імі стаяць героі драбнейшага калібру... І вось ужо сам чытач сьціскае ў дрыжачых пальцах асадку, зьбіраючыся з духам, каб прызнацца ў гэтай нелюбові перадусім самому сабе.
З энтузіязмам гідлівага энтамолага Альгерд Бахарэвіч вывучае і апісвае акаляючую нас з вамі рэчаіснасьць – складанае перапляценьне Сярожак і Янак, Мішаняў і Завалюхіных, Галінаў Іванаўных і Міхаілаў Самсонавічаў, Хадакоў і Сэнсэічаў, непрыбраных ложкаў і непыласошаных дываноў, надрыўнага сьцёбу на паседжаньнях літсуполак і апатычнага расьпіцьця піва на лаўках сквераў... І чытачы з насьцярожанай зацікаўленасьцю, шырока расплюшчанымі вачыма разглядаюць, быццам у музеі, вялізны экспанат, элементы якога зьнітаваныя павуціньнем татальнай нелюбові. Бо гэтая сістэма, такая складаная ў сваёй супярэчлівасьці, сістэма настолькі ж родная для кожнага з нас па сваім духу, наколькі й непрымальная для нашай, у прынцыпе, здаровай сьвядомасьці, працуе, жыве і насуперак усім законам эвалюцыі не разьвіваецца. Ня з гонарам, але з жахам аўтар падводзіць нас да высновы: беларусы будуць працягваць таньчыць на крыштальных шарах і пасьля ядравай вайны, толькі ўжо для прусакоў. Маральна слабыя чытачы могуць нават занурыцца ў адчай. Асабіста ж я разглядаю аўтарскія высілкі як шляхетны (ад усьведамленьня аўтарам камернасьці сваёй аўдыторыі) спосаб стымуляцыі зьменаў у грамадстве шляхам стварэньня добрай, цікавай для ўсіх Літаратуры на “кудзінскай” мове, шчодра начыненай ментальнымі бомбамі рознага калібру – для рознакалібернага чытача.

Зьміцер Вішнёў, паэт, празаік, мастак, адзін са стваральнікаў літсуполкі «Бум-бам-літ».
Як на мой погляд, Альгерд Бахарэвіч з тых нешматлікіх сучасных беларускіх празаікаў, творы якога выклікаюць цікавасьць у чытача. Ён заўсёды непрадказальны і правакацыйны. Добрае пачуцьцё гумару, арыгінальная вобразнасьць, нязвыклыя сюжэтныя павароты.
Трэцяя кніга аўтара “Ніякай літасьці Валянціне Г.” пацьвярджае, што ён здольны і да эксьперыменту ня толькі ў пабудове сюжэтных кампазіцыяў, але і ў падыходзе да стылістычнага афармленьня твору. Гэта, напраўдзе, заўважна, калі разглядаць усе тры кнігі. Ёсьць аповеды нагрувашчаныя вобразнасьцю, ёсьць складзеныя пры дапамозе дыялогаў, ёсьць... Кожным разам Альгерд Бахарэвіч разнастайны.
Мне блізкая думка Альгерда, калі ён піша: “... той мужык, які гучна й груба ўсклікнуў калісьці: “А хто там ідзе?”, насамрэч быў сьляпым, што да літаратуры, а другі мужык, з абавязковым батанічным псеўданімам, ня ўмеў пісаць прозы, а трэцяга праз пяцьдзясят гадоў не надрукавала б нават тая антылітаратурная газета, дзе працаваў Хадок, настолькі цьмянае ўяўленьне пра мастацтва слова меў класік”. Гэта нармальны здаровы сарказм са штучна збудаваных каштоўнасьцяў. Бо сучасная беларуская літаратурная сітуцыя па-свойму унікальная. Няздары імкнуцца пісаць пад Коласа і Купалу, часам нават пад Ясеніна, але па-беларуску, і закідваюць літаратурныя прасторы сваім сьмецьцем. Тое, што не вытыркаецца, а інакш шэрасьць, вельмі блізкая для людзей, якія ніколі ня мелі свайго голасу ды і ніколі не імкнуліся да чытаньня кніжак, таму, менавіта, такая псеўдалітаратура часта і падтрымліваецца на афіцыйным узроўні. А тое, што напраўдзе ўтрымлівае неардынарнасьць, арыгінальнасьць, сэнсавую глыбіню – палохае. Палохае тым, што незразумела, бо занадта сьмела і ня ўпісваецца ў межы “направа-налева-сьмірна!” Таму такую літаратуру ў лепшым выпадку не падтрымліваюць, у горшым заціскаюць і ўзводзяць у ранг маргінальнай. Маргінальнай для каго? Для чыноўнікаў? Ці для інтэллектуальнага чытача?

Аксана Бязьлепкіна (euga), празаік,
літаратурны крытык, выкладчык журфаку БДУ
Яго папракаюць за змрочнасьць твораў. Але чаму? Ці ён адзін вызначаецца падобным сьветаадчуваньнем? Песімістычны (хай ён і ня згодны з гэтым) Бахарэвіч са сваімі героямі, дабраахвотна асуджанымі на маргінальнасьць, на хісткіх шалях беларускай літаратуры ўсіх “пераважыў”, а таму выклікае больш нараканьняў, чым заслугоўвае. Побач з ім і блізка няма нікога роўнага, а для ўяўнай гармоніі ў літаратуры і супакаеньня крытыкаў патрабуецца яго канкурэнт, гэткі клінічны аптыміст, але раўназначны Бахарэвічу па ўзроўню таленту, па еўрапейскасьці, па адукацыі і адукаванасьці. Кніга “Ніякай літасьці Валянціне Г.” толькі пацьвярджае, што Альгерд Бахарэвіч – адзін з найлепшых сучасных беларускіх празаікаў.

Выказваньні з блогаў

cemryk_welet:
«Кнігі Альгерда для мяне – пэўнае выключэньне.
Прынамсі, маю іх усе.
Што мяне вабіць, дык гэты ягоны «мікрараённа-спальны» стыль.
Пачыналася ўсё з «Практычнага дапаможніка», пасьля зьявілася «Натуральная афарбоўка», цяпер у руках трымаю «Валянціну». У кожнай кнізе я знаходзіў адзін-два творы, якія насамрэч прыцягвалі сваёй будоваю, стылем, сюжэтам. У першым выпадку гэта збольшага «Рамонт Гадзіньнікаў», у другім — «Беларусы на крыштальных шарах», цяпер - «Ніякай літасьці Валянціне Г.».
Зьдзіўляе сваёй абыякавасьцю кола чытачоў, бо я зрабіў вялікую памылку, калі узяў «Валянціну» з сабою на лекцыю па псіхалогіі. Здарылася так, што чытаць давялося менавіта «Сэдока», і таму я ледзьве не папсаваў мае адносіны з выкладчыкам з-за прыцішанага зьедлівага сьмеху ў зале. Ня маю права раіць набыць гэту кнігу, аднак было б няблага выдаць «Валянціну» асобнай кнігай, бо яна самадастатковая бяз першага твора, які я ня здолеў перамагчы.
Цікава, чым зоймецца Альгерд наступным разам?»

pingvin-ass:
“...сёньня я дачытаў трэцюю кніжку Альгерда Бахарэвіча – “Ніякай літасьці Валянціне Г.” Кніжка пазітыўная праз негатыў. Як заўсёды беды на голаў Эстэта, але гэтым разам яны маюць сьветлы характар (вядома, на мой шызануты хрыбетнік). Бахарэвіч мае патэнцыял сапраўднага Творцы-першаадкрывальніка, але, магчыма, сам гэтага ня можа ўсьвядоміць, можа шчэ не сасьпеў, можа яго вельмі захапіла бытавуха першых шлюбных гадоў. Як ні дзіўна, як і ў выпадку з трэцяй кнігай Акудовіча, найварцейшае для сябе я знайшоў у апошнім разьдзеле кнігі – інтэрв’ю з аўтарам.
Крэпкае 5 па 10-бальнай сістэме.
Думаю, болей ніхто з беларускіх празаікаў на дадзеным этапе разьвіцьця ня варты такой высокай адзнакі”.

viershnick:
“А. Бахарэвіч, нягледзячы на творчы нонканфармізм ды інтравертнасьць, найбліжэй падышоў да стварэньня культавага твору для беларускага чытача пачатку ХХІ ст., часу, які ўжо пасьпяшаліся ахрысьціць Эпохай Ацтою. Мажліва, гэты твор ужо напісаны...”

У наступным нумары “Дзеяслова”
чытайце новы твор Альгерда Бахарэвіча...