12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Бліцкрыт

_____________________
"Лён"
Размова пра кнігу Анатоля Сыса



Пра Анатоля Сыса сказана й гаворыцца нямала. Болей – пра асобу, асабістыя стасункі, меней – пра паэзію і паэтыку. Кніга “Лён”, з аднаго боку, – нагода зірнуць на Зьяву Сыса з пэўнае адлегласьці, даказаць недаказанае, з другога – даць адзнаку працы выдаўцоў першай пажыцьцёвай кнігі выбранага, узважыць, зьверыцца з сваім унутраным успрыманьнем гэтага паэта.
Шматгранны талент А. Сыса зьяднаў людзей зусім розных мастацкіх канфесіяў, узростаў, лагераў ці, праўдзівей, тая эпоха, якую ён сімвалізуе, зьяднала іх, сьведчаньнем чаго – гэтая публікацыя.
Наступным разам мы вырашылі абмеркаваць кнігу “Жанчыны выходзяць з-пад кантролю” (“Кнігарня “Наша Ніва”), каб разабрацца, што гэта за зьявішча – беларуская жаночая проза і ці ёсьць яна наогул. Чакаем вашыя водгукі.
Анатоль Івашчанка.


Ала Сямёнава, літаратуразнаўца, крытык, празаік:
“Лёс зямны адбіты ў зорным небе...” — напісаў паэт Анатоль Сыс. Напісаў — прадчуваючы сваю лінію жыцьця, сваё наканаваньне. Ведаючы і іншае, вызнаючы прыродныя каардынаты, залежныя і ад той, зорнай, арбіты, і ад зямнога шляху, што пачынаецца з дзяцінства, з радаводных каранёў, з генаў продкаў. З мелодыі прыроды, натуры. З адзінства і тоеснасьці натуры і фантазіі. У ім заўсёды адчувалася гэтая тоеснасьць. Натуральнасьці, прастаты вясковай — і гульні, тэатру, відачынства, умоўнасьці.
Анатоль Сыс. Адначасова просты і складаны, наіўны і прытчава мудры, ціхамір­ны і эпатажны... З тых, каго адны ледзь не абагаўлялі, другія — творча разумелі і любілі, трэція — грэбліва адмаўлялі, нават не чытаючы... Таксама — ён ня першы і не апошні. Згадаем хаця б Байрана, у якім некаторыя сучасьнікі бачылі толькі інфантэрыбля, прыхільніка Бахуса і Вакха. Або Эдгара По, якога лічылі і першаадкрывальнікам, і тэарэтыкам, і вялікім — ня хто-небудзь, а Бадлер і Валеры, якога высока цанілі Тэнісан і Йетс, і лічылі за нішто Эмерсан і Генры Джэймс.
Зьявіўся Сыс ярка, сьвежа, узьлётна. Сам па сабе і як сябра суполкі “Тутэйшыя”. Памятаю іх у тую пару — у сярэдзіне-напрыканцы 80-х. Ужо мінулага стагоддзя. Маладыя, прыгожыя, натхнёна-дзёрзкія, сьмелыя. З тым неадпрэчна-пераможным творчым штандарам — усё наперадзе. На ўздымнай хвалі перабудовы. З галоўнымі, вызначальнымі праблемамі. Залежнымі ад часу і незалежнымі ад яго. «З чаго пачаць? Пачну з Радзімы. Так абавязаны пачаць». І тут жа жорстка-іранічна перапыніць сябе: «Але ў яе ты не адзіны, навошта пра любоў крычаць?» Крычаць Сыс ня будзе, агульнаслоўем ня зганьбіць высокую, сакральную тэму. «Дзьве маці ў аднаго сына. I былі яны родныя — мая маці Марыя і маці Радзіма».
Анатоль Сыс быў адным з тых, для каго паэзія — «спосаб існаваньня». Яго ўласныя словы. А спосаб існаваньня ў яго быў і анкетна-просты, і сьвядомасна-складаны. Школа, універсітэт, армія, праца... I той “бальшак да ісьцінаў зямных», дзе «кожны дзень пачынаецца з сонца», дзе «пад вакном журба зьбірае мяту», дзе «песьні пахнуць белымі туманамі»... Дзе зборнікі паэзіі «Агмень», «Пан Лес»,»Сыс»... Дзе трывожна-асабістае і самотнае існаваньне, дзе няма разьліку і карысьлівасьці.
Паэт шукаў стрыжань, аснову існаваньня і – вольнае паветра духу. У звычайным, знаёмым, родным. «Лес — гэта храм... Лес — гэта сьвятарнае месца». Што перад лесам усе скарбы Крэза? Золата і срэбра — танныя рэчывы. Паэту падабалася то паяднаць, то сутыкнуць базісную каштоўнасьць і якую-небудзь зусім ня сьветаканцэптуальную існасьць, дадзенасьць: “Вечнасьць зрывае пялёсткі з ружы...»
Сыс быў натуральным, але і з тым неад’емна-тэатральным выклікам, які і ад прыроды, і ад няспраўджанага (шкада!) імкненьня паступіць у тэатральны інстытут. «Быць паэтам — і фарс, і драма». Анатоль зазнаў і тое, і другое. «А мне ня трэба шлях, дзе скрозь падковы», — з выклікам напіша ён. І прачытае. А чытаць ён умеў! Згадаем хаця б вечарыну ў гонар яго 30-годдзя ў Доме літаратара, які яшчэ належаў пісьменьнікам. Паўнюткая зала, шалёны посьпех. А ён, Анатоль Сыс, мысьліў пра такога паэта — каб былі «на ім біблейскія пяшчынкі» пад «евангельскім небам Радзімы».
Анатоля Сыса папракалі ў нарцысізме: «Паэт — боская птушка». Сын Янкі Купалы і брат Максіма Багдановіча. Напаўжартам? А яшчэ і рэплікі — на ўвесь Дом літаратара, яго было чутно без мікрафонаў. Дзе тут натуральнае жыцьцялюбства, а дзе гульня... Ці не з агнём? «Талент — гэта горы і бездані. Інакш — роўнядзь», – адзначаў неяк Гюго. А калі гэта такая бездань, што «засталося дзевяць вершаў мне пражыць...» Пражыць... А ня проста словамі пазначыць.
Гляджу на здымкі ў кнізе. Сьветлы, ясны юнак. I такі ж сьветлы, ясны позірк. А пазьней — тужлівы, трагічны погляд — на выяве выдатнага фотамайстра Анатоля Клешчука. «Гэта лёс. Вы ня верце, што гэта стыхія...» Прадчуваньні... празарэньні... «Пайду туды, адкуль прыйшоў, па-за зямлёю, па-за часам... «Без мяне будуць жаць і губляць з перасьпелых калосьсяў залатыя зярняты на белую нашу зямлю».
Няўжо ж усё марна? Яго мажная, прыкметная постаць, яго шырокая натура, яго пошукі... Яго «перпендыкулярны» нораў? Яго простая, як хлеб, і сьветлая, як матчына сьляза, сьветаканцэпцыя? Яго экспрэсія? Яго ўвесьчасны нярвовы імпульс? «Мо — не дажыў да ісьціны?»
А дзе і якая – ісьціна? Якога яна быційнага колеру? Калі нават з такім пытаньнем (у якім — само жыцьцё, здаецца) паэт зьвяртаецца да нябожчыцы Жэні Янішчыц: «Напішыце верш мне пра каханьне з таго сьвету, бо душа мая, быццам ружа на магіле, вяне — хоць дажджынку, толькі пра каханьне, перадайце ў крылах жураўля». Якія тут ужо дыскурсы і экскурсы...
Кніга ўкладзеная Міхасём Скоблам старанна, з густам. Ён жа — аўтар прадмовы, прамоўленай так, што хацелася б запярэчыць Вальтэру, які адмаўляў крытыцы ў вызначэньні — хараство. Адпаведнае афармленьне — мастака Уладзіміра Вішнеўскага. На вокладцы — лён. Адвечны, старадаўні. Лён — спадарожнік жыцьця беларуса: пры нараджэньні, на вясельлі, на пахаваньні... Будзённым днём... Пэўны, надзейны...
Як пэўнае і тое, што асобны лёс паэта Анатоля Сыса мае пачатак і канец... «І выпіта сьвятло да дна...» Але ёсьць нешта, што ня мае ні пачатку, ні канца. Яно ёсьць у Сысавай кнізе. “Так я кану ў сівай Леце, а сканаю — паэт прыйдзе...» I пазначыць новыя загадкі... І вып’е сьвятло да дна...

Павал АБРАМОВІЧ, літаратурны аглядальнік:
Літаратурна-крытычныя артыкулы, якія Анатоль Сыс пісаў у 1998 г. для газеты “Звязда” і якім знайшлося месца ў кнізе ягоных выбраных твораў “Лён”, былі невялікія, але зьмястоўныя і эмацыянальныя. Каштоўны ўрок паэта, дадзены літаратурнаму крытыку. Што ж, паспрабуем засвоіць яго.
У кнізе “Лён” ёсьць сямейны здымак Сысоў. Анатолю на ім — сем гадоў. Ён глядзіць у аб’ектыў проста, аднак насьцярожана, лінія губ — прамая. Пазьней, у дэбютнай кнізе “Агмень”, паэт напіша, быццам зьвяртаючыся да таго дзіцяці на здымку:

Чаму хмурны хлопчык? Чаму сумны хлопчык?
Рана табе думу асьвятляць сьлязой.

Ужо ў першых вершах Анатоля Сыса чуюцца ціхая туга па іншым лёсе, які мог быць яму прызначаны, і адначасова яснае ўсьведамленьне таго, што паэзія — найлепшы, Богам асьветлены шлях у жыцьці, і шчырае жаданьне крочыць па ім да скону, не ўхіляючыся ад выпрабаваньняў, пакутаў падчас спасьціжэньня, “адкрыцьця таемнасьці слова”.
Слова... Вершы Анатоля Сыса — гэта жменька словаў, простых і адвечных. Кроў, маці, хата, сьляза, раса, зорка, пчала, рунь, воўк, луг, агонь, крыж, рака, вужака, серп, жвір, журавель, сэрца, соль, неба — гэтыя і іншыя першасловы найчасьцей ужываюцца ў кнізе “Лён”, утвараюць цэнтр паэтычнага космасу Анатоля Сыса. Словы-вобразы, словы-пацеры, яны маюць аднолькавы сэнс (і нават гучаньне) для жыхароў розных куткоў Зямлі. І таму мне думаецца, што паэзія Анатоля Сыса будзе пачутая, зразумелая ўсюды, дзе вытокі не закаламуціліся, і дзе яшчэ ня маюць моцы багі тэхнакратычнага грамадства (для іх у кнізе выбраных твораў паэта ёсьць толькі двойчы ўжытае слова “інэрцыя” — небагатая здабыча, пагадзіцеся). А такіх месцаў на нашай планеце яшчэ вельмі шмат.
Найлепш чытаць-прамаўляць вершы Анатоля Сыса, стоячы босым на беразе ракі. Куды глядзець пры гэтым? Пажадана, у той бок, дзе жыве вашая маці. Бо маці — сонца паэзіі Анатоля Сыса. Кожны, хто ўпершыню чытае вершы “Неапаленая купіна”, “Радзіма пачынаецца з жанчыны...”, “Блудны сын”, “У матулі маёй вочы выцьвілі...”, “Пчаліная матка”, міжволі задумаецца: а ці ж гэтак моцна і я, падобна паэту, здольны любіць, шанаваць жанчыну, якая дала мне жыцьцё? І ў гэтым сэнсе паэзія Анатоля Сыса ёсьць выпрабаваньнем. Але апошняга ня трэба баяцца, як і словаў удзячнасьці, пяшчоты, любові, прамоўленых услых.
Дарэчы, любоўная лірыка аўтара кнігі “Лён” падаецца мне нясьпелай, кволай, недаўвасобленай. Толькі ў радках, прысьвечаных маці, ёсьць моцнае пачуцьцё, са­праўдная паэзія. Лёс Радзімы непакоіў Анатоля Сыса ня менш, чым здароўе маці, і гэта натуральна.

Не хачу сьмерці мамы,
З кім тагды буду тут?


— роспачна пытаўся ён у “Песьні пра каханьне”. Можна не сумнявацца, што менавіта яе, сваю матулю, меў на ўвазе паэт, калі спрабаваў высьветліць, ці здольны ён спаліць свае вершы, каб сагрэць дарагога яму чалавека. Яшчэ на досьвітку ўласнага творчага шляху, у сярэдзіне 80-х гадоў, калі “ўсім здавалася, што шчасьце будзе”, Анатоль Сыс вызначыў сваё паэтычнае крэда трыма агнявымі словамі: Маці – Мова – Вечнасьць (“Галодны год”).
І ня здрадзіў яму да сьмерці.

Марыя Мартысевіч, эсэістка, перакладчыца:
Факт, які прымусіць жыхара Украіны, Польшчы ці Расіі рыдаць ад сьмеху: найвышэйшая кропка Беларусі дасягае 345 метраў над морам і называецца гара Дзяржынская. Але нельга сказаць, што ландшафту маёй краіны горы неўласьцівыя – лепей сказаць так: ландшафту маёй краіны ўласьцівыя невысокія горы. Менавіта ўзгорысты краявід, у адрозьненьне ад балота мадэрнізму, я б назвала адпаведнікам традыцыяналізму ў беларускай літаратуры.
Беларуская літаратурная традыцыя можа быць натуральная і штучна насыпаная. Прынамсі, як самі літаратары, так і гісторыкі літаратуры, небеспадстаўна ўключаюць нашага славутага земляка Адама Міцкевіча ў беларускі канон; ягоныя творы ўваходзяць у школьныя праграмы па літаратуры, і рэдкі школьнік на экскурсіі ў Наваградку, на Міцкевічавай радзіме, не караскаўся на Курган Міцкевіча, яшчэ ў 1930-я гады насыпаны жыхарамі гораду і пілігрымамі з усёй Польшчы.
Калі ж вяртацца да прыродных пагоркаў Айчыны, то найвышэйшай кропкай беларускай традыцыяналістычай літаратуры апошніх дваццаці гадоў, безумоўна, ёсьць Анатоль Сыс. Дзяржынская гара, на маю думку, вельмі дакладна ўвасабляе лёс гэтага паэта. Колісь яна мела назву Сьвятая, і толькі ў савецкі час, відаць, па прычыне сваёй найвышэйшасьці, была перайменаваная ў гонар Фелікса Эдмундавіча, яшчэ аднаго нашага славутага земляка. Яшчэ некалькі гадоў таму ад краязнаўцаў паступалі трывожныя сігналы: вяршыня гары – тэрыторыя ці то калгасу, ці то вайсковай базы, і месьціцца на ёй ледзь ня сьметнік. Апошнія навіны паведамляюць: ва ўладаў нарэшце дайшлі рукі, гару пачысьцілі, і ў будучым да ганаровых 345 метраў паедуць экскурсіі і вясельныя картэжы.
Анатоль Сыс – адзін з найярчэйшых прадстаўнікоў пакаленьня “Тутэйшых” – ужо на старце свайго таленту быў абкружаны арэолам паэтычнай сьвятасьці. 1990-я ператварылі яго ў жывога класіка паэзіі, перадусім з-за алкагалізму, які прывёў да радыкальнай асацыялізацыі – рэдкі сучасны літаратар пры чарцы не раскажа вам, як ён “пазычаў Сысу на піва”, “піў з Сысом чарлік” ці “дапамагаў Сысу зьбіраць бутэлькі”. Цяпер жа, калі гэтая трагікамічнасьць апошніх гадоў жыцьця паэта перапыненая сьмерцю, літаратуразнаўцы могуць узяцца за важную працу па стварэньні новага нацыянальнага сімвала, бо Сыс – і сапраўды вяршыня. Анёл-абаронца літаратурнай традыцыі (“Страцім-лебедзь ляціць над зямлёй / у евангельскім небе Радзімы”), рыцар храму класікі пачатку стагоддзя (“колькі б нас пасьля Купалы не жыло – / плюнеш – не паэты– самазваншчына”), дэміюрг новага міту (“спачатку было Сонца / І Сонцам быў Я / і выкрэсьліў Я вам Слова / і пачалося яно з крыві Ігара”), які замест звычнага інструменту сваіх духоўных настаўнікаў – пастуховай жалейкі – абраў ерыхонскія трубы. На фоне ўсплёску урбанізму ў літаратуры, які назіраўся ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х, Сыс быў, відаць, апошнім паэтам беларускай вёскі, які ня толькі нарадзіўся ў Гарошкаве, але і завяшчаў пахаваць там жа, “у палескай гліне” з “арабінай у нагох”. Пры ўсім пры гэтым найбольшую моц нясуць верлібры Сыса, у той час як укладальнікі паэтычных анталогіяў нівелююць разнастайнасьць ягонага творчага метаду, зьмяшчаючы там выключна традыцыйную беларускую “сілаба-тоніку з мэсыджам”. Але гэта толькі на мой густ, які можа быць (ды й, відаць, ёсьць) сапсаваным моцным сантыментам да мадэрністычнага лагеру.

Янка Лайкоў, паэт:
Асоба Анатоля Сыса выклікае настолькі неадназначнае ўспрыманьне, настолькі шмат пра яго гаворыцца, што дапаўняць характарыстыку паэта нейкімі новымі згадкамі, фактамі, мне падаецца, няма сэнсу. Няма сэнсу і з тае прычыны, што Анатоль Сыс быў чалавек сам па сабе неадназначны, нягледзячы на сёньняшнія спробы некаторых прыхільнікаў ягонай творчасьці ідэалізаваць зямны вобраз, несумненна, самага выбітнага паэта апошніх дзесяцігоддзяў. Анатоль Сыс спалучаў у сабе і інтраверта, і экстраверта, быў шчыры і няшчыры адначасова, таму ніхто ня мог сказаць пэўна, дзе ён акцёр, а дзе звычайны чалавек. Ён быў люстэркам, у якое кожны мог зазірнуць і пабачыць... сябе, без аніякіх прыўкрас. Таму ніхто і ня мог яго доўга вытрымліваць, раней ці пазьней кожны зьбягаў ад ягонага зьдзеклівага сарказму, а найбольш – ад ягонай энергетыкі, якая не цярпела суперніцтва. Зьбягаў і ён сам: ад гарадскога тлуму, ад адзіноты, ад сумненьняў, якім, як і кожны чалавек, быў падуладны...
Але ж гаворка мусіць быць пра кнігу “Лён”. Выданьне неадназначнае, шмат у чым супярэчлівае. Але бясспрэчна, што творчы воблік паэта ў ім набыў урэшце тую манументальнасьць, якую заслугоўваў па праве. Кніга “Лён”, на мой погляд, ачысьціла вобраз Анатоля Сыса ад таго хлусьлівага негатыву, які, асабліва ў апошнія гады жыцьця паэта, падмяняў сабой сапраўдную сутнасьць асобы творцы.
Па-першае, кніга каштоўная тым, што ў ёй найбольш поўна прадстаўленая творчая спадчына Анатоля Сыса. Чуў шмат нараканьняў на адрас укладальніка: маўляў, ня трэба было ўключаць у зборнік некаторыя вершы, асабліва раньняга перыяду творчасьці, бо там яшчэ няма сапраўднага Сыса. А я думаю, што ўсё зроблена правільна, і Сыс у тых вершах ёсьць. І чытач мае мажлівасьць увачавідкі прасачыць эвалюцыю паэта, яго Шлях. Праўда, гэта нейкім чынам разбурае міф аб адсутнасьці ў творчасьці Анатоля Сыса перыяду вучнёўства, аб яго “стыхійным” уваходзе ў літаратуру, але ж так і павінна быць: які б геніяльны ні быў паэт, ён усё ж мусіў некалі вучыцца, а гэта значыць памыляцца, займацца перайманьнем і г.д. Трэба таксама адзначыць, што і самыя раньнія вершы паэта, такія як “...Зашклёны дзень, як дом зашклёны”, “...Восень”, “Музыка”, “...Кажуць мне: не жыві ілюзіяй” пазначаны ўжо тым магутным талентам, які праз некалькі гадоў разгарнуўся напоўніцу.
Па-другое, вельмі густоўнае, нават, на мой погляд, бездакорнае мастацкае афармленьне. Гэткай, відаць, і хацеў бы бачыць кнігу свайго выбранага сам паэт. Прынамсі, вокладка адразу выклікае асацыяцыі з вершамі Анатоля Сыса. І, акрамя таго, чытач можа ўпершыню пазнаёміцца са шмат якімі здымкамі з сямейнага архіву паэта, з архіваў яго сяброў.
І трэцяе, што хацелася б адзначыць, гэта – прадмова да зборніка. Рэдка ўступныя словы да кніг чытаеш з такой насалодай. І калі сам Анатоль Сыс – паэт у паэзіі, то Міхась Скобла – сапраўдны паэт у эсэістыцы, у якой ёсьць і барадулінская метафорыка, і галубовічаўскі глыбокі роздум.
Кніга “Лён” – шыкоўны падарунак “фанатам” Паэта. Быў сьведкам, як адзін малады чалавек, яшчэ фарба друкарская на старонках не абсохла, набыў адразу пяць асобнікаў “Лёну”.
Анатоль Сыс ведаў, што ён працуе на Вечнасьць. У гэтай Вечнасьці вершы ягоныя прычакаюць веру, шырокага, нашмат шырэйшага за сёньняшняе, прызнаньня і ўсеагульнай любові. Бо яны таго заслугоўваюць.
Як і ўсе папярэднія зборнікі паэта, кніга “Лён” хутка зробіцца рарытэтам. Спа­трэбяцца новыя выданьні і – хто ведае – мажліва, яны будуць дапоўненыя раней невядомымі творамі Анатоля Сыса?

Зьміцер Вішнёў, паэт, празаік, мастак:

Раздумваю пра Анатоля Сыса... пра творчасьць, паводзіны, адносіны з калегамі па цэху... Неадназначнае ў мяне да яго стаўленьне. Але асоба напраўдзе неадназначная ва ўсім. Нельга недаацэньваць, нельга і пераацэньваць – і самае цяжкае рабіць гэта цяпер, калі ягоным адказам можа быць толькі паэзія... Але наважваюся нешта напісаць пра яго – абавязаны. Мы ніколі не сябравалі – здаецца і не варагавалі (хаця, вядома, часам, і лаяліся – тым ня менш гэта былі спантанныя выпады ў бок творчасьці)... Але сказаць трэба; не крычаць, ня дзерці на сабе кашулю... Спакойна паразважаць, згадаць сітуацыі з рэчаіснасьцю і людзьмі...

Памятаю Анатоля Сыса ў розных сітуацыях. Памятаю п’янага і цьвярозага. Некаторыя сітуацыі ўсплываюць як фотаздымкі... Але чамусьці выяўляюцца і стаяць перад вачыма, нібыта вяртаюся ў мінулае…
1.На нейкай пасядзелцы часопіса «Першацьвет» п’яны Сыс бруднымі пальцамі працягвае Н. К. кавалак торта. Дзяўчына літаральна шугаецца…
2. Мы стаім каля лаўкі: Усевалад Гарачка, я і Анатоль Сыс, апошні раптоўна пачынае хваліцца… Вось, маўляў, сястра «педальнікі» падарыла і паказвае рукой на новы абутак. Потым Анатоль пачынае хваліцца, што дома ёсьць вясковая тушонка і таму можна паехаць да яго ў госьці…
3. Сутыкаюся з Сысам на Плошчы Перамогі. Паэт сьвежы: пастрыжаны «пад нуль», з барадой, у гарнітуры з прыгожым нацыянальным значкам на лацкане…
4. П’яны Анатоль Сыс у пакоі Дому літаратара гвалтам абдымае літаратара Г. Той супраціўляецца, але вырвацца не атрымліваецца – Сыс моцна ўчапіўся. Падчас гэтай валтузьні Анатоль п’яным голасам паведамляе: «Жыдок, мой дарагі! Як я цябе люблю! Адзін у нашай літаратуры жыдок! Астатнія не жыды!»…
5. Сутыкаюся з Валянцінам Акудовічам, які хутка бяжыць, яўна з рэдакцыі часопіса «Крыніца». Філосаф зьбянтэжана паведамляе: «П’яны Сыс прыйшоў у рэдакцыю – усе разьбягаюцца!.. Ня ведаю, як там Галубовіч!..»…
6. Адна з апошніх сустрэчаў адбылася выпадкова. Сыса не пазнаць... Ускудлачаная барада, брудная вопратка, у руках вялізная торба (такія выкарыстоўваюць “чаўнакі”). Цягнуць торбу Анатолю дапамагае нейкі бомж. Карацей трымаюць груз удваіх... Са мной паэт П., які раней ніколі ня бачыў Сыса, а толькі пра яго чуў. Анатоль Сыс выцягвае з торбы кніжку “Сыс” і прапаноўвае набыць экземплярчык, маўляў, “апошні”. Мы адмаўляемся. Сыс і бомж накіроўваюцца ў ТБМ да Гуркова, каб аддаць яму на продаж “апошні” экземпляр і груз (дзе яўна яшчэ штук сто кніжак). “Хто гэта?” – пытаецца П. “Сыс”, – адказваю. “Ну і бамжара”, – зьдзіўлена выдыхае паэт новага пакаленьня...
Яшчэ пры жыцьці Анатоля Сыса я пісаў пра яго некалькі разоў. Выказваўся не заўсёды тактоўна, часам злосна. Цяпер, калі многае адбылося ў сьвеце літаратуры, я мушу сказаць, што не адмаўляюся ад сваіх папярэдніх словаў, напісаных пры жывым паэце, але я не хачу і зьмяншаць ягоную ролю. Нельга яго ні ўпрыгожваць, ні рабіць з яго помнік, бо ён быў, якім быў... Хопіць нам ужо “каменных паэтаў”. Ягоная паэзія і жыцьцё ўжо гісторыя і міф.
Як на мой погляд, час сьведчыць, што паэзія Анатоля Сыса запатрабаваная. Ягоная кніга «Лён» карыстаецца папулярнасьцю сярод чытачоў розных пакаленьняў. А гэта самае галоўнае.

Цемрык Велет, паэт:
“Цемрыку, каб мяне пахмяляў... заўсёды сваёю паэзіяю! Адысэй! 22,03,5 г. Менск ...”, – напісаў Анатоль Сыс на падараваным мне зборніку “Сыс”, а пасьля дадаў: ”Вул. Чарвякова 2/3, кв.81, код 81-В, Сыс...”.
Гэтая сустрэча з ім сталася для мяне першай і апошняй. Мае сябры і я завіталі на канцэрт “Улісу”, дзе я і спаткаў Анатоля. У фае Дому літаратара, намагаючыся перабіць гоман натоўпу, па просьбе Анатоля, я чытаў свае вершы:
– Заўтра прыйдзеце, я боршчык зварыў учора, толькі не з пустымі рукамі прыходзьце хлопцы. А ты, – хітнуў галавою ў мой бок паэт, – мне вершы будзеш чытаць...
Я сфатаграфаваў яго, і мы разышліся.
На боршчык я не пайшоў і гарэлку для паэта не купляў. Магчыма, што ён нават пажартаваў.
Праз колькі тыдняў ён памёр. Напэўна, непрыгожа такія рэчы ўзгадваць.
Да таго ж, хтосьці безумоўна скажа пра дзівацтвы Анатоля і абвінаваціць мяне невядома ў чым.
Цяпер я трымаю ў руках “Лён”. Кніга па сваёй задумцы выдатная, толькі вось выдадзена ня вельмі якасна. Спадзяюся, што з часам дызайн такіх выданьняў палепшыцца. Але што там дызайн!
Я ўжо думаў, што ніхто такое і ня будзе выдаваць.Чытаць малавядомыя мне вершы Анатоля Сыса – гэта наноў вяртацца да часоў, калі я ўпершыню пачуў, прачытаў ягоныя творы. Ня ведаю, наколькі ўкладальнік кнігі шчыра выклаў паэ­таву спадчыну, але тым ня менш, дзякуй. Часам, гэта Сыс, якога я ведаў толькі па вершах, часам, той, які запрашаў мяне ў госьці на боршчык.
Я ня ведаю, што тут далей пісаць, бо кніга ёсьць, а аўтара ўжо няма.
Сыс – гэта лён у сколатых руках беларускай літаратуры.
Таму лепш спынюся і буду чакаць новых публікацыяў ягоных пакуль што не надрукаваных рэчаў.

Аксана Данільчык, паэтэса, перакладчык:
Пра тое, што рыхтуецца кніга вершаў Анатоля Сыса “Лён” я ведала загадзя і таму чакала яе зьяўленьня. Але напісаць пра гэтую кнігу і пра яе аўтара нешта стрымана-літаратуразнаўчае ў мяне не атрымаецца. Проста калісьці была вясна. Вясна, у якой дыхала прадчуваньне новага жыцьця. Вясна нашага юнацтва, якая супала з пераменамі ў нашай краіне. Менавіта тады на маім стале зьявілася кніжачка “Пан Лес”, а да гэтага я ўжо чытала некаторыя публікацыі вершаў Анатоля. Яго вершы не забываліся.
Кніжачка перыядычна саступала месца іншым творам, але заўсёды вярталася. Ёсьць рэчы, якія цяжка патлумачыць. Чаму мы аддаем перавагу таму ці іншаму паэту? Таму што ў яго паэзіі ёсьць сугучнасьць нашым думкам і нашым пачуцьцям. Сапраўды гэта так. Але калі я чытаю верш Анатоля “Скарпіён”, то разумею, што ёсьць і нешта іншае. Невытлумачальнае. Дзіўна, але з усяго Задыяку толькі скарпіёны падкрэсьліваюць сваю задыякальную прыналежнасьць. Прынамсі, у прадстаўнікоў іншых знакаў я гэтага не сустракала.
А цяпер на маім стале ляжыць кніга Анатоля Сыса “Лён”. Яе проста хочацца чытаць, чытаць з любой старонкі. Асабліва пасьля некаторых кніг “найноўшай” некрафільска-пахавальнай паэзіі. Таму што ў вершах Сыса пераважае жыцьцё. Не канкрэтнае жыцьцё канкрэтнага чалавека, а жыцьцё як бясконцы, зьменлівы працэс, у якім нават сьмерць не пакідае пачуцьця безнадзейнасьці. Бо ёсьць “мара пра сына”. Пра будучыню. І ня мае значэньня, што ў дзяржавы не знаходзіцца грошай на выданьне і перавыданьне Сыса. “…слова належыць Духу”. Слова Анатоля Сыса належыць неўміручаму беларускаму Духу.
Кніга ёсьць. А значыць, ёсьць месца ў сучаснай Беларусі і для сапраўднай літаратуры, якая старанна зьбіраецца і выдаецца ў цудоўным афармленьні. Значыць, ёсьць людзі, якія разумеюць: калі ня мы, то хто? А значыць, напісанае ня толькі застанецца, але і будзе прачытаным. І – зразуметым.

Усевалад Сьцебурака, паэт, празаік:
Паэзія Анатоля Сыса не для чытаньня дзеткам на ноч, не для дэкламацыі на аматарскіх літаратурных вечарынах, не для прызнаньняў у каханьні. Наколькі яна сьпеўная, меркаваць цяжка, бо песьні на словы Сыса ня з тых, якія пяюцца ў лірычныя моманты за сталом. Сыс – не папса.
Сыс не пісаў на патрэбу дня, таму яго вершы ня страчваюць актуальнасьці, праўда, з гэтае ж прычыны наўрад ці трапяць калі ў падручнікі. Сыс нязручны.
Вершы Сыса гэта спроба самаідэнтыфікацыі, прычым гэткая ж балючая, як і нара­джэньне немаўляці – з енкам, пакутамі і кроўю. Апошняя, дарэчы, разам з нажом і лязом, зьяўляецца ў творах настолькі часта на колькі магчыма. Побач – нагрувашчаная процьма архетыпаў і абавязковы хтанічны вобраз улюбёнага паэтам ваўка. Сам Сыс, пранізьліва, да мурашак па скуры, вые ў сваіх вершах не сваім, але ваўчыным голасам. Ён атаясамлівае сябе з ваўком, ён таксама самотны воўк бяз зграі, абкладзены сьцяжкамі, які ведае пра наканаваньне, не баіцца яго, але і не сьпяшаецца на кулю.
Сыс фаталіст. Ён адчувае сваю адзіноту. У вершах ёсьць бацька, маці, але амаль няма сяброў (з Сысом сябраваць, кажуць, было ня проста). Яшчэ адчуваецца ягоная неўладкаванасьць у сьвеце, ня пошук месца, а ўсьведамленне неўладкаванасьці, як дадзенасьці, якой не пазьбегнуць. Сыс ня быў вясковым лірнікам, але і ня быў гарадскім бардам. У вершах не адчуваецца настальгіі па ральлі, але яшчэ менш пачуцьцяў выклікае і тлумнае места.
Сыс ствараў паэзію мужчынскую, у нечым агрэсіўную, з цьмянымі міфамі ды забабонамі старажытных жыхароў Падняпроўя. Сыс усходнік.
Сыс быў чалавекам з народу, не саромеўся свайго месіянства, і пэўнае меры месіяй і быў, толькі з той розьніцай, што яго прычасьцем былі ня хлеб і віно, а вершаванае слова і гарэлка, абодва наколькі горкія настолькі і моцныя.
Ён існаваў амаль па вядомай формуле “жыць хутка і памерці маладым”. Так і зрабіў. Стаў у адзін шыхт з культавымі Кабэйнам і Цоем, Ясеніным і Башлачовым і іншымі падобнымі, хто не трымаўся за жыцьцё.
Сыса любілі і будуць любіць тыя, каму баліць і пячэ за грудзінай, у каго поўсьць уздымаецца дыбам на загрыўку пры поглядзе на поўню.

Віктар Шніп, паэт:
…Пры жыцьці Сысу задавалі шмат нечаканых для яго пытаньняў. І сябры, і журналісты, і чытачы, і выпадковыя людзі. Ня ўсім ён адказваў бяз выбрыкаў. А на пытаньне: “Сыс, калі ты ўжо памрэш?!”— адказаў так, што ўзяў і… памёр. Праўда, і бяз гэтага пытаньня людзі паміралі і паміраюць, і мы ўсе некалі, як і Сыс, памром, бо ў кожнага свой шлях па гэтым сьвеце. Сыс свой шлях прайшоў так, як ён хацеў. Ён не шкадаваў сябе, і яго таксама мала хто шкадаваў. І вось таго Сыса, які многім не падабаўся сваімі паводзінамі, няма. І што? Нам стала лепей бяз Сыса? Не! І ніколі лепей ня стане. І ніхто ўжо не напіша так, як мог Анатоль Сыс. І ў гэтым яшчэ раз пераконваюся чытаючы ягоны “Лён”. Аднак кніга Сыса без самога жывога Сыса — маланка бяз грому. Яна ёсьць, і яе нібыта і няма… Але яна ёсьць! І жыве ў “Лёне” сам Сыс, які п’е адзін чырвонае віно і нам налье, а мы яму крыві нальем, сваёй крыві — чужой не падманем, бо ён п’е адзін, ён кроў ня піў даўно. А мы ўжо даўно бяз Сыса былі, і нават тады былі без яго, калі ён яшчэ жыў.
Сыс – паэт. Але вершы яго страшныя, як рукі, прабітыя цьвікамі. І сам ён страшны і прыгожы, як чорны цьвік у белай руцэ манашкі.
Сыс – інквізітар, які сьмяецца і плача, плача і сьмяецца і заклінае, каб не хадзілі за ім. А мы ідзём за ім. А мы хочам быць побач з ім. І душа яго хаваецца ў небе, як у лёне, які пасеялі анёлы. І сам ён хаваецца ў лёне, як у небе, куды мы глядзім і бачым росныя камяні, як зоры. І Сыс глядзіць на нас з лёну, як з неба, а з неба, як з лёну, і прапануе нам выпіць за Айчыну. І мы ўсе п’ём і п’ём, як Сыс, за сябе. І што пасьля нас застанецца? У Сыса застаўся “Лён”. І нам заходзіць у гэты лён, як у Сысова мора. І нам тануць у Сысовым моры і ўсплываць па-над ім канямі, што просяць піць. І пралятаць нам фанерай над беларускай літаратурай, і застацца толькі тым, каму Сыс прысьвяціў верш… Але...
А калі бяз выбрыкаў, то, на маю думку, кніжку можна было б зрабіць больш важкай, уключыўшы і больш здымкаў, і згадак пра Анатоля, і перапіску, бо калі ўжо і хто яшчэ падрыхтуе і выдасьць Сыса і пра Сыса… А так маем тое, што маем.
А маем “Лён”! І гэта цудоўна!