12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Бліцкрыт

_____________________
"Жанчыны выходзяць з-пад кантролю"
Размова пра новую кнігу з Бібліятэкі "Наша Ніва"



Адным са шляхоў абмеркаваньня кнігі «Жанчыны выхо­дзяць з-пад кантролю» меўся адказ на пытаньне, ці сьцьвярджае яна факт існаваньня феномену беларускае жаночае прозы, пытаньне, якое адразу ж пераўтварылася ў рытарычнае. Да ўсяго, як выявіліся, яго, феномену, вызначальныя рысы не зьвязаныя (за рэдкім выняткам) са звыклым наборам фірмовых складнікаў у межах азначанай стылістыкі, а ёсьць нечым зусім адваротным традыцыйнаму разуменьню паняцьця “жаночая проза”. А вось пра тое, што гэта за рысы, разважаюць нашыя эксьперты. Дзеля справядлівасьці, варта зазначыць, што разгляданае выданьне ня можа й ня ставіць на мэце прэтэндаваць на нейкую вычарпальнасьць. Тэматычнае багацьце сёньняшняй літаратуры дазваляе скласьці не адну падобную анталогію, што будзе карэнным чынам адрозьнівацца ад гэтай.
Аб’ектам наступнага абмеркаваньня “Бліц-крыту” будзе кніга Валянціна Акудовіча “Код адсутнасьці”. Пішыце…

Уладзімер Арлоў, пісьменьнік:
Жанчыны ня проста выходзяць з-пад кантролю. Яны ўжо даўно з-пад яго выйшлі. Але ні першае, ні другое ня ёсьць дастатковай падставай для таго, каб назваць так зборнік беларускіх жаночых апавяданьняў.
Што да самой кнігі, дык тэксты, якія яе склалі, я чытаў на старонках “Нашай Нівы” і практычна ўсе добра памятаю. Да прыкладу, апавяданьне Вольгі Бабковай “Крумкач і Франка” сам для сябе назваў некалі найлепшай публікацыяй “НН” 2002 году.
Абавязкова знайду час і перачытаю апавяданьні, так бы мовіць, у суквецьці. А пакуль тое, – паслаў другі набыты асобнік кнігі свайму сябру, які цяпер за кратамі. І ўжо атрымаў натхнёны водгук (асабліва яму прыйшлася да душы Ева Вежнавец, у прыватнасьці, яе тэкст з інтрыгоўнай назвай “Хутка вылупіцца цмок”).
Заўважу, што бандэролька з кніжкай ішла на менскую вуліцу Кальварыйскую цэлыя два тыдні. Значыцца, беларускія жаночыя апавяданьні спадабаліся і аматарам літаратуры ў форме.

Павел Абрамовіч, літаратурны аглядальнік часопісу “ARCHE”:
Усе шляхі вядуць у “Нашу Ніву”.
Вось чаму праект “Кнігарня “Наша Ніва” ня можа ня быць пасьпяховым. Бо значнымі інтэлектуальнымі рэсурсамі валодае газета і вельмі шмат важнага прамоўлена ёю.
Для літаратурнай часткі серыі ўкладальнікі стараюцца абіраць з пажоўклых падшывак “Нашай Нівы” толькі тыя тэксты, якія і праз доўгі час ня страцяць сваю моц і прыгажосьць.
Вельмі важна, каб у мастацкія кнігі з серыі “Кнігарня “Наша Ніва” не трапляў крыкліва-мітусьлівы газетны дух. Каб засталося ў спадчыну толькі самае лепшае і ні ў кога язык не павярнуўся сказаць, што “Наша Ніва” страціла густ і пачуцьцё прыналежнасьці да вялікай справы, распачатай у пачатку мінулага стагоддзя.
Ці атрымалася зрабіць гэта ў выдаўцоў кнігі “Жанчыны выходзяць з-пад кантролю. Беларускае жаночае апавяданьне”?
Спынемся спачатку на назьве кнігі. Дзіўная яна! З-пад кантролю каго (чаго) выходзяць нашыя жанчыны і, у прыватнасьці, 17 жанчын-пісьменьніц, творы якіх сабраныя пад адной вокладкай? З-пад кантролю мужчынаў? Альбо традыцыйных поглядаў на сваё месца і прызначэньне ў соцыюме (і літаратуры)? Ці, можа, яны больш не кантралююць самі сябе?
Так, назва інтрыгуе, зьвяртае на сябе ўвагу. Але і тлуміць галаву таксама, бо пасуе яна камерцыйнаму выданьню, у той час як большасьць з 27 апавяданьняў, зьмешчаных у кнізе, ня ёсьць лёгкім, забаўляльным чытвом. Відавочна, укладальнікі кнігі пайшлі на гэтыя хітрыкі з мэтаю пашырыць чытацкую аўдыторыю. А яшчэ ім карцела сутыкнуць ілбамі літаратараў, крытыкаў па гендэрнаму прызнаку. Хочацца запытацца: навошта? Ці ў Беларусі проста абмяркоўваць літаратурнае выданьне і знаходзіць у гэтым крыніцу насалоды ніхто ўжо ня здатны? Чаму мы мусім заўсёды разглядаць мастацкую прозу, створаную жанчынамі, як нешта сьпецыфічнае, абасобленае!
Небясспрэчнае(???) і афармленьне кнігі. На яе вокладцы — пастава маладой жанчыны з адкінутым уверх тварам. Над галавой у выцянутых руках, тонкіх і хударлявых, яна трымае два мячы, якія ўтвараюць крыж. Гэтую прыгожую алегорыю дызайнеры кнігі вырашылі “ўдакладніць”, пафарбаваўшы вокладку ў бел-чырвона-белы колер. У выніку замест сімвалу маем непрыхаваны намёк на тое, што нашу краіну цяпер бароняць адныя жанчыны, і што аўтаркі кнігі цалкам адданыя беларускай справе. Ізноў правакацыя?
Паколькі ўсе тэксты, перад тым як трапіць у кнігу “Жанчыны выходзяць з-пад кантролю”, папярэдне друкаваліся ў “Нашай Ніве”, яны маюць агульныя рысы. Найперш гэта жанравае падабенства (апавяданьне), наяўнасьць сюжэту, дыялогаў, прывязка да беларускіх рэаліяў, сацыяльная дамінанта. Аўтары, калі працавалі над творамі, безумоўна, імкнуліся ўлічваць сьпецыфіку газетнай паласы. Між тым літаратары, якія пішуць для грамадска-палітычных выданьняў, павінны пільнавацца, каб мастацкасьць не саступіла публіцыстычнасьці. У свой час Максім Гарэцкі даў наступную адзнаку літаратурнай дзейнасьці Зьмітрака Бядулі (апошні, нагадаю, працаваў журналістам і загадчыкам літаратурнага аддзелу “Савецкай Беларусі”): “…у газетных абставінах творчасьці, зьнізіў ён і літаратурныя вымаганьні сабе ў галіне стылю і мовы”.
Падобнае, на жаль, мела месца і ў “Жанчынах…”. Прыкладам, у “Навіне тыдня” Тацяны Барысік вясковая цётка баіцца позьнім вечарам ісьці дахаты — так напалохалі яе размовы пра нябожчыкаў і вядзьмарак, што з яе ініцыятывы пачаліся ў суседкі, якая (важная дэталь!) працавала ў школе. І сапраўды, ці пакіне калі-небудзь цемра галовы беларусаў, ці выйдуць яны на шырокі сонечны прастор? Сцэна, калі напужаная пляткарка, забыўшыся на хворую нагу і абутак, бяжыць у сваю хату, магла б стаць апошняй у гэтым творы, але аўтарка дзеля чагосьці дадала адзін абзац: “Адгарэў яшчэ адзін дзень у адміраючай вёсцы. Недзе далёка-далёка, за самым небакраем, у паралельным сьвеце незьлічоную колькасьць разоў запускалі касьмічныя спадарожнікі ды працягвалі змагацца з тэрарызмам”. На мой погляд, ён лішні і толькі псуе ўражаньне ад апавяданьня, бо думка выказана просталінейна. Ці ўзяць другое апавяданьне Т. Барысік — “Усю жызьню узьніца”. У аўтаркі чамусьці ня ўзьнікла жаданьня ператварыць сырыя фатаграфіі з жыцьця ветэранаў у панарамны мастацкі здымак. А гэта ж быў яе абавязак як літаратара! Бясспрэчна, “Усю жызьню узьніца” ў газеце выглядала натуральна, але ў такім літаратурна-мастацкім выданьні, як “Жанчыны…”, яно лішняе.
“Візіт архіварыюса” Евы Вежнавец — пра тое, як людзі замаўляюць радаводы ў архівах і што з гэтага атрымліваецца, — таксама па-мастацку нясьпелы, насычаны голымі фактамі, падобна газетнай публікацыі. Апавяданьне гэтае ёсьць ілюстрацыяй пэўнай ідэі, адкрыта агучанай самой аўтаркай, а не “зашытай” ёю ў тэкст: “У кожным родзе раз на пакаленьне нараджаецца “падлюга” і “сьвяты”, “вар’ят” і “вучоны”, “дзялок” і “летуценьнік”. <…> Мы толькі зьвёны ў ланцугу…”. Што тычыцца яшчэ аднаго апавяданьня Е. Вежнавец, “Сьвята вяртаецца”, то ў ім жах колькі палітычнага шалупіньня (“Лукашэнка быў патрэбны хоць бы на тое, каб сплюндраваць небясьпечныя паняткі кшталту “Расеі” ды “саюзу”. Чалавек нямала зрабіў для незалежнасьці, але ягоны час мінае. Самы момант для новай хвалі рэнэсансу”). Голас журналіста чуваць у тэксьце, а не мастака.
Але пераважная большасьць апавяданьняў у “Жанчынах…” пазбаўленая падобных заганаў. Аўтары, карыстаючыся вызначэньнем М. Гарэцкага, “ня зьнізілі ў газетных абставінах” мастацкую планку (мо выхад жанчын-пісьменьніц з-пад кантролю і трэба разумець, як пераадоленьне імі “газетнай рэчаіснасьці”?). Не на патрэбы бягучага дня зьвяртаюць яны ўвагу чытача, а скіроўваюць яго позірк на тыя прадвечныя прасторы, дзе валадарыць Прыгажосьць, якая мае і іншыя імёны: Прырода, Сям’я, Каханьне, Радзіма.
Напрыклад, Зося Баброўнік (“Шэсьць цудаў Лунінца”) у звыклым вясковым краявідзе не стамляецца бачыць вытокі гармоніі (твор напісаны ў стылі так званага наіўнага рэалізму): “Зьявіліся на небе першыя зорачкі, падаліся буслы на свой родны дах, трэба й нам пасоўвацца дахаты, карміць дзетак ды прыблуднага вожыка, які вельмі ласы на малако”.
Іншая аўтарка, Марыя Вайцяшонак, у аўтабіяграфічным апавяданьні “Мы з аднаго поля” выпраўляе галоўную гераіню ў вялікае падарожжа — у родную вёску. Жанчына ня проста вяртаецца дадому, а аднаўляе таемную лучнасьць з мясьцінамі, дзе валадараць духі зямлі. Зрэшты, як выяўляецца, яе містычная сувязь з аднавяскоўцамі ніколі не перарывалася, а маральныя ўрокі, атрыманыя гераіняй у дзяцінстве, цьвёрда засвоеныя на ўсё астатняе жыцьцё. Пранізьлівыя філасофскія тэксты піша М. Вайцяшонак, і як сьмела, упэўнена выводзіць яна нацыянальную “вясковую” прозу на новы віток разьвіцьця!
Цяжкія, пакручастыя лёсы ў гераінь Наталкі Бабінай (думаю, вам, як і мне, падабаецца пругкі стыль гэтай пісьменьніцы, тонкі псіхалагізм яе твораў), але яны ня жаляцца, ня просяць літасьці ў людзей і ў Бога. Ім нельга адчайвацца, бо поруч з імі тыя, каму дапамога патрэбна яшчэ больш, — іх дзеці, сям’я.
Немым крыкам сыходзіць душа Віктара — героя Алены Пушчыны — ён спазьніўся і праз тое назаўсёды згубіў каханую. (Зьвярніце ўвагу, як далікатна, зьнешне спакойна расказвае аўтарка сваю гісторыю, падбіраючы для яе самыя простыя, ненапышлівыя словы.)
Ня менш драматычна скончылася любоўная жарсьць нігерыйца Джона да грузінкі Марыяны, якія апынуліся разам у лагеры ўцекачоў (Натальля Судлянкова, “Сутыкненьне цывілізацыяў”). Падзеі разгортваюцца імкліва, дынамічна, і апісаны яны па-мастацку пераканаўча, упэўнена. Шкада, што аўтарка, цяпер палітычная эмігрантка, больш ня піша літаратурныя творы...
Жанчыны — персанажы кнігі, аб якой ідзе размова, востра адчуваюць сваю адзі­ноту і — прагу каханьня.“... Я хацела б жыць, як немаўля, у калысцы ягонай моцы, — вядзе ўнутраны маналог гераіня Марыі Роўды (“Вырві гэта з мяне”). — Можа, тады б ён не пакідаў мяне так надоўга адну — кожны ж ведае, што маленькія дзеці баяцца цемры”. Вось чаму дадзены зборнік апавяданьняў — як сігнал, як напамін пра тое, наколькі моцна выпраменьваюць гэтую прагу чалавечыя сэрцы.
Франка з апавяданьня Вольгі Бабковай жыве у губернскім Менску — спачатку разам з бабуляй, а потым у прытулку для дзяцей-сірот. Дзяўчынка памятае свайго бацьку, яна чула ад бабулі, што ён загінуў праз бунт супраць цара (у Менску ў тыя гады было неспакойна, а аднойчы на вачах Франкі затрымалі сувязнога паўстанцаў). Усе скарбы малечы — тэстамент яе прадзеда “з дзіўнымі словамі” і крумкач. І хто мог падумаць, што гэта забітае адзінокае дзяўчо, пасталеўшы, выйдзе з-пад кантролю, праявіць “краёвы” патрыятызм, а менавіта адмовіцца ўдзельнічаць у сьвяткаваньні каранацыі і тэзаімянінаў імператара, чым выклікае скандал у прытулку?!
Што характэрна, гераіні некаторых іншых твораў з кнігі, таксама як і Франка, хаваюць у сваёй душы агменьчыкі супраціву дыктатуры (творы Евы Вежнавец, Ірэны Ікс). Пры гэтым, зьмены ў прыватным жыцьці яны наўпрост зьвязваюць са зьменамі ў грамадстве. “Мы ўсе зачакаліся”, — прамаўляе Е. Вежнавец вуснамі свайго персанажу.
Калі старэйшыя пісьменьніцы пішуць рэалістычную прозу, то пісьменьніц маладзейшага ўзросту вабіць фантастычнае, казачнае. Паказальным у гэтым сэнсе зьяўляецца апавяданьне Джэці (Веры Бурлак) “Язьмінчыны Калядкі” — бясспрэчна, адно з найлепшых у кнізе, сапраўднае ўпрыгожаньне “каляднага” нумара “Нашай Нівы” 2003 г., бездакорнае з пункту гледжаньня літаратурнай мовы і мастацкага стылю. У ім і любоўны трохкутнік (дакладней, дзесяцікутнік!), і вясёлы гумар, і дзівосы, і загадка (каб разгадаць яе, чытачу давядзецца ўважліва перачытаць апавяданьне).
Раю таксама зьвярнуць увагу на Наталку Харытанюк і яе “сямейныя ўспаміны”. Рэдкім талентам цікава апавядаць нявыдуманыя гісторыі, адначасова ператвараючы іх у высокую літаратуру, валодае гэтая пісьменьніца-дэбютантка (у № 27 “Дзеяслова” надрукавана яе апавяданьне “Архан, Архан”).
… Паэт Аляксандр Блок у артыкуле “Мастацтва і газета” (1912) пісаў, што “палітыка і мастацтва ў газеце — гэта як горад і вёска. Калі ў горадзе мы мусім трываць фабрычны смурод…, то ў вёсцы… мусібыць бачнае іншае жыцьцё, там можна і трэба не мітусіцца, там заўважны першы сьнег і першыя фіялкі”. Толькі пры выкананьні гэтай умовы, лічыў А. Блок, можна не дапусьціць вульгарызацыі эстэтычных каштоўнасьцяў у грамадстве.
Мастацкі аддзел “Нашай Нівы”, здараецца, дапускае пралікі, іншым разам заахвочвае аўтараў да літаратурнай падзёншчыны, палітыканства, але ж у кнізе “Жанчыны выходзяць з-пад кантролю” бачны і першы сьнег, і першыя фіялкі. Вось што галоўнае. Вось што сапраўды важна.
Бо літаратура — найважнейшая справа. І толькі ў імя яе варта выходзіць з-пад кантролю.

Маргарыта Аляшкевіч, літаратурны крытык:
Калі з-пад кантролю выходзіць такая небясьпечная рэч, як жанчына, лепей адразу хавайся ў караняплоды. Жанчына без кантролю мужчыны, грамадскай думкі, здаровага сэнсу – вой, яна што, зараз пачне распранацца, асядлае памяло і ... ха, не дачакаецеся, яна будзе пісаць апавяданьні. Праўда, яна даўно пачала, нават раней, чым “Наша ніва” прыдумала тыя апавяданьні друкаваць. Але толькі зараз усе палічылі вартым закілзаць феміністычнага каня і пад’ехаць на ім да чытачоў...
Тэксты ў кнізе – як каляровыя шкельцы розных памераў. Ці аскепкі творчасьці кожнай аўтаркі. Чытаеш сьпераду назад, ззаду наперад, з сярэдзіны і з трэцяй чвэрці (ёсьць, ёсьць прыемнасьці ў чытаньні анталогіі), і ўрэшце адчуваеш – гэта калейдаскоп, трымай як хочаш і глядзі на сьвятло, пабачыш свой малюнак. Але па-за трубачкай, дзе шкельцы зьмешчаны, сабраць мазаіку не атрымаецца, ня хопіць кавалачкаў. І рукі парэжаш разьбіраючы.
Што новага зьдзейсьнілі жанчыны, апынуўшыся “без кантролю”? Мужчынаў пад абцасы не заганялі, няма дурных. Парнаграфічных апісаньняў і лесьбійскіх сцэнаў – плачце, хлопцы – таксама не стваралі (ня тое, што пісьменьнікі-мужчыны, пазбаўленыя (сама)цэнзуры). Няма тут шаўковых сукенак, карункаў і кветак, што пануюць у жаночых раманах Барбары Картланд, няма і каханьня, якое на фоне гэтых прыемнасьцяў разгортвалася б так, як марыць жанчына. Затое многа палітыкі, разважаньняў пра лёс нацыі – як і належыць тэкстам з “НН”.
Героі Крысьціны Курчанковай (“Што-кольвечы пра гарадзкіх эльфаў”) уцякаюць з гарадской рэальнасьці ў толкіенаўскія алюзіі, рэлігію, піва і іншыя прыдатныя для эскапізму месцы. Ваяўнічая Міра размаўляе на “эльфійскай” беларускай мове, называе сябра Гоблінам, а п’яных – оркамі. Сын “змагароў за незалежнасьць” Гоблін з дапамогаю піва ўцякае ад “чорнага квадрата пляцу... квадрата страху з чорнымі ж фігуркамі ў скуранках па перыметры (яны маюць рацыі, а мы ня маем)...”.
Апавяданьне Ірэны Ікс – літаратурная містыфікацыя з рэдакцыйнай пошты газеты. Аўтарка ўпэўненая: уцёкі мусяць быць добра падрыхтаваныя. Таму чальцы таемнай суполкі “Гарт” загартоўваюць целы і душы. Распрануўшыся, героі (“я [Ірэна], мае дачушкі, бібліятэкарка мясцовае школкі і яе 14-гадовы сын, настаўніца нямецкае мовы і яе 13-гадовы сын, паштарка і яе 14-гадовы сын, 33-гадовая лекарка, 65-гадовая пеньсіянерка – яшчэ моцная кабета! – яе 45-, 40- і 32-гадовыя дочкі і 10-гадовы сын апошняй, 19-гадовая дзяўчына – маладая настаўніца пасьля педвучэльні – і 30-гадовая прадавачка крамы”) 30 гадзінаў запар голыя ходзяць па лесе з бел-чырвона-белым сьцягам, паходнямі і народна-патрыятычнымі песьнямі. Вось так жанчыны скідаюць з сябе рызманы жыцьця і падаюцца ў лес літаратуры...
Гераіня Джэці (апавяданьне “Язьмінчыны Калядкі”) жыве ў лесе. На Каляды заклікае вяскоўцаў да сябе, забываючыся кожным разам, што ўжо кагосьці запрасіла. У выніку да яе завітваюць мужчына за мужчынам, яна хавае іх па розных кутах (прывітаньне, Гогаль!), а пасьля з адным праводзіць ноч. “Накалядаваную” дачку даглядаюць усёй вёскай, бо кожны называе сябе бацькам. Аўтарка запрашае да гульні: чытач мусіць прасачыць, хто дзе хаваўся і куды перабягаў, калі народу прыбывала, каб зразумець, хто ж насамрэч бацька дзяўчынкі.
Шкельцы, шкельцы... Між іншым, так называецца першае апавяданьне ў кнізе, і мармыча гэтыя словы парадзіха, звар’яцелая ад гарадскога жыцьця. Уцёкі з-пад кантролю ўласнага розуму?
“Arche” можа колькі хоча выпускаць нумары пад назваю “Кабеты”, Менскі цэнтр гендэрных дасьледаваньняў пры “Энвіле” можа колькі хоча гадоў працаваць, а Ганна Кісьліцына – разважаць пра фемінізм у беларускай літаратуры. Усё адно тое, што жанчына! можа! ствараць! літаратуру!, для нас будзе дзівам. Актам выхаду з-пад кантролю. Маркетынгавым акцэнтам для продажу новай кнігі. Нібы і не было ніколі Цёткі, У. Ф. Радзівіл, Адэлі з Устроні, С. Русецкай-Пільштыновай, М. Багушэвіч, З. Тшашчкоўскай, Г. Пузыні, К. Буйло, М. Косіч, Л. Геніюш, Н. Арсеньневай... Нібы і ня пішуць Людміла Рублеўская, Ірына Багдановіч, Сьвятлана Алексіевіч, Вольга Іпатава, Раіса Баравікова, Галіна Каржанеўская, Валянціна Коўтун, Вальжына Морт, Вольга Гапеева, Аксана Бязьлепкіна, Югася Каляда, Аксана Спрынчан, Віка Трэнас, Ганна Ціханава, Наста Кудасава, Натальля Кучмель? Многія з гэтых аўтарак ня пішуць апавяданьняў, але яны робяць свой унёсак у феміністычны дыскурс, зноў і зноў даводзяць, што полавая прыналежнасьць пісьменьніка ня мае значэньня, абы тэкст добры быў. Крайнасьці ж заўсёды непрыемныя: агрэсіўны фемінізм – гэта разнавіднасьць шавінізму, а зусім без фемінізму – чапляй паранджу і шыбуй на сваю палову хаты.
Скарыстайце гэтую кнігу як каталог гіперспасылак. “НН” раіць вам зьвярнуць увагу на менавіта гэтых аўтарак – клац-клац, чытаеце, знаёміцеся бліжэй з творчасьцю Вежнавец, ці Джэці, ці хто вам да спадобы. І не забываеце, што побач існуюць старонкі іншых цікавых пісьменьнікаў.

А.Стрындберг:*
Kinder, Kuche, Kirche… Гэтыя інстытуцыі кантралююць жанчын, у тым ліку і тых, чый занятак – літаратура. Адпаведна пісьменьніцы пішуць пра сям’ю, каханьне, душэўныя згрызоты і кухню лепей за мужчынаў, бо добра разьбіраюцца ў такіх рэчах. Бо ў гэтых сферах – іхняе панства. Тут яны каралевы. Вось чаму мне падабаецца, прыкладам, «Блюз каралеўскае кухні» Леры Сом.
Калі аўтаркі пакідаюць сваё каралеўства і атакуюць мужчынскую тэрыторыю, атрымліваецца зборнік «Жанчыны выходзяць з-пад кантролю». Сьмела, дзёрзка. Але ўсё ж заклікаю таленавітых паннаў вярнуцца ў свае каралеўствы.

*Аўтар тэксту абраў сабе такі псеўданім.

Сяргей Кандраценка (kanaj), вярстальнік:
Мастацкі выхад з-пад кантролю набывае ў Беларусі характар добрай традыцыі, накшталт штогадовых міжнародных фестываляў мастацтваў. У сакавіку 2007 году чарга выходзіць з-пад кантролю перайшла да жанчынаў.
Анталогія — парадаксальны выдавецкі жанр. Тэарэтычна прызначаныя для азнаямленьня шырокага кола чытачоў з пэўным аўтарскім колам, анталогіі, у параў­наньні з іншымі відамі выданьняў, карыстаюцца ці не найгоршым чытацкім попытам. Прычым ня толькі на беларускім кніжным рынку, беларускамоўны сегмент якога здольны ўзьвесьці такога роду парадоксы ў абсалют. У дадатак да ўсяго, знаёмства спажыўца з індывідуальнай творчасьцю рэпрэзентаваных аўтараў атрымліваецца цьмяным і павярхоўным. Менавіта таму ацэньваць якую-кольвек анталогію можна хіба паводле канцэптуальнай рэалізаванасьці і агульнага ўражаньня ад прачытанага. Але рабіць гэта безадносна да рэалізацыі маркетынгавай — як мінімум некарэктна.
У дадзеным выпадку якраз апошні пункт задае тон і чытаньню, і непазьбежным крытычным рэфлексіям. Больш чым правакацыйны загаловак, ваяўнічая паненка са скрыжаванымі мячамі на мінімалістычна аздобленай бел-чырвона-белай вокладцы, аўтарытэтны брэнд «Наша Ніва»... Бездакорна. Аднаго гэтага дастаткова, каб не пакінуць абыякавымі. Ня дзіва, што літаральна праз паўгадзіны пасьля зьяўленьня на сайце газеты «Наша Ніва» абвесткі пра выхад гэтай кнігі, адна з наведніцаў адкаментавала: «Я абавязкова набуду гэту кніжку для сябе. Нарэшце ЖАНЧЫНЫ заявілі аб сабе!» І гэта яшчэ да прачытаньня!
Цяпер уявім сабе такі рэдкі тып беларускага мужчыны, які ня толькі ўмее чытаць, але яшчэ і здольны рабіць гэта па-беларуску. Вось ён прыходзіць дахаты, уключае тэлевізар, каб ня выклікаць у жонкі ніякіх падозраньняў, і, запэўніўшыся, што на кухні яна правозіцца яшчэ доўга, дастае з партфелю сьвежапрыдбаную анталогію беларускага жаночага апавяданьня. Перад тым, як праз пару дзён падарыць кнігу жонцы на 8 сакавіка, трэба ўсё ўважліва праверыць самому.
Падазроная “радыкальная паляшучка” Наталка Бабіна праз пару словаў аказваецца “маці траіх дзяцей”. Гэта супакойвае яго і вяртае пахіснуўшуюся было душэўную раўнавагу (а што ж вы хочаце – такі загаловак!). Ейная проза аказваецца на­дзіва душэўнай, месцамі нават катарсічнай... Правакацыйная Зося Баброўнік аказваецца ананімам без біяграфічных зьвестак, і мужчына заспакойвае сябе тым, што ў якасьці гэтай самай Зосі лёгка мог выступіць нейкі мужчына... Геніяльная Ева Вежнавец з-пад кантролю выйшла вельмі даўно, у зборніку пад кантроль так і не вярнулася, і гэтая стабільнасьць таксама ня можа ня цешыць. “І тут усё пад кантролем...” — мармыча ён сабе пад нос канстатацыю, гартаючы кнігу далей... Казачныя Крысьціна Курчанкова і Наталка Харытанюк выклікаюць у яго замілаваную ўсьмешку. “Да пары! Да пары непадкантрольныя!” — урачыста прамаўляе ён, уздымаючы ўказальны палец угору... А вось далей ня ўсё так бясхмарна. “Карыятыда беларускае жаночае прозы” Марыя Роўда хутка зганяе гэтую ўсьмешку, а ад аднаго толькі імя Натальлі Судлянковай мужчыну прабівае халодным потам. Вось яно — выхад з-пад кантролю. Ён адкладае кнігу ўбок і на нейкую хвіліну моцна задумваецца. Пасьля прахопліваецца і гукае ў бок кухні: “Ты яшчэ доўга там?” Жончын голас адказвае, што наперадзе ў яе праньне бялізны. Мужчына думае аб тым, што раз на год 8 сакавіка вытрымаць, у прынцыпе, можна, сьцеле ложак, адварочваецца да сьцяны і засынае.