12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Бліцкрыт

_____________________
"Крыві не павідна быць відна", "Рыбін горад"
Размова пра кнігі Наталкі Бабінай


Пры гаворцы пра прозу Наталкі Бабінай немажліва ўнікнуць развагаў пра гендэрнасьць. Творчасьць пісьменьніцы падкрэсьлена жаночая, ці, калі хочаце, пранізьліва жаночая. Кажучы «падкрэсьлена жаночая», маю наўвеце найперш загаловак да яе першае кнігі, узяты з назову адпаведнага апавяданьня, і ўступную частку раману «Рыбін горад», дзе гаворыцца пра жаночую фізіялагічную асаблівасьць. Пры гэтым, усьлед за аўтарам прадмовы да кнігі «Крыві не павідна быць відна» Сяргеем Сматрычэнкам, трэба адзначыць, што творчасьць Н. Бабінай не разьлічаная выключна на жанчынаў. Да кнігаў пісьменьніцы пасавалі б словы з анатацыі да аднаго твору, напісанага, што праўда, мужчынам: «Гэтая кніга для жанчынаў, якія хацелі б лепш спазнаць сябе. А таксама для ўсіх, хто хацеў бы лепш разумець жанчынаў».
“Рыбін горад” (а так атрымалася, што нашыя, гэтым разам не шматлікія эксьперты перадусім казалі пра яго) – найперш раман-учынак. Ён абсалютна ня ўпісваецца ў тое, што прынята называць літаратурным кантэкстам, “выпадае” з яго. Як і ўсё значнае ў прозе, што зьяўляецца апошнім часам, гэты твор скіраваны да стварэньня іншага кантэксту, так бы мовіць пашырэньня выяўленчага поля – і ў тэматычным плане, і з гледзішча жанравага сінкрэтызму, заяўленага ў анатацыі да кнігі: «Новы твор Наталкі Бабінай, які лучыць у сабе рысы прыгодніцкага, дэтэктыўнага, жаночага і вострасацыяльнага раману».
Хаця назоў раману і мае урбаністычнае гучаньне, галоўны яго персанаж вёска – жывая, архетыповая, напраўду персаніфікаваная. Ну, сапраўды, маючы на ўвазе камерцыйны складнік (ня самая апошняя рэч у стварэньні “кантэксту”), задавалася б, што, апроч раздражненьня ў сёньняшняга беларускага чытача, можа выклікаць твор пра вёску?.. Але ўсё ня так проста. Ніжэй падзялюся тымі культурных паралелямі, што выклікаў гэты тэкст.
Падчас чытаньня сьпярша падаецца, што перад намі герметычны дэтэктыў з усімі вынікальнымі адсюль складнікамі: прасторава замкнёнае месца – вёска Дабрацічы, што ўтыкаецца ў беларуска-польскую мяжу, і яе ваколіцы, забойства і пэўнае кола персанажаў, што маюць да яго спрычыненасьць, з іх псіхалогіяй паводзінаў і матывамі. Даволі хутка разумееш аблуднасьць першага ўражаньня. Часава-прасторавыя межы імкліва распаўзаюцца-раскручваюцца ў розных ракурсах і накірунках, сягаючы ад далёкага мінулага (перыядычныя часавыя скачкі з паглыбленьнем лірычнай гераіні ў старажытнае Берасьце) да футурыстычнай абсурдовасьці, якой, уласна, разьвязваецца раман.
Калі казаць пра, перапрашаю, галоўную ідэю твору, то, абмінаючы покуль “вострасацыяльны” складнік, такой бачыцца спроба стварэньня міфалогіі Гораду і яго вобразу – праз насычэньне тэксту фарбамі ды водарамі, складаньне аскепкаў лёсаў людзей розных эпохаў у адзіную стракатую карціну. У часе чытаньня не аднойчы ўзгадваецца “Сто год адзіноты” – раман з блізкай канцэптуальнай ідэяй. Пры вялікай колькасьці адрознага (лінейнасьць, пасьлядоўнасьць, медытатыўная засяроджанасьць расповеду Маркеса ды няўрымсьлівы тэмп з часавымі скачкамі і ўнутранымі маналогамі гераіні ў “Рыбіным гора­дзе”...) лучыць гэтыя дзьве кнігі звышпільная ўвага да дэталяў – як зьнешніх, так і ўнутраных, тое, што завецца ўменьнем стварыць атмасферу моманту. І хаця зьнешнія варункі часам выглядаюць як фантастычныя, праз тую атмасферу сьвята верыш у рэальнасьць пэўнага дадзенага-канкрэтнага моманту.
Міхась Скобла параўноўвае манеру пісьма Н. Бабінай з фільмамі Кустурыцы. Напрошваецца іншая “кіношная” паралель – з працай яшчэ аднаго культавага рэжысёра Ларса фон Трыера “Догвіль”. “Догвіль” – узор герметычнага фільму, дзеяньне якога адбываецца ў дэкарацыях вёскі. Ад пачатку глядач пастаўлены перад фактам, што ўсё, што ён пабачыць – ілюзія, сьпектакль. Заміж хатаў – накрэсьленыя крэйдай прастакутнікі, няма вокнаў і дзьвярэй. Адно што людзі ў гэтых дэкарацыях існуюць рыхтык у рэале. І ў працэсе прагляду глядач – які зможа вытрываць першыя паўгадзіны і ня зьбегчы з кінасеансу – забываецца на схематызм і пачынае ўсур’ёз суперажываць героям... Дык вось “Рыбін горад” – “Догвіль” наадварот. З першых старонак ён зацягвае ў вір мовы, тэмпераментнасьці і перажываньняў герояў, захоплівае дэтэктыўным сюжэтам... Адзінае, чаго часам бракуе, параўнальна з “дабраякасным” дэтэктывам, – псіхалагічнай выверанасьці ўчынкаў персанажаў. Часам у матываванасьць іхніх дзеяньняў ня дужа верыцца (матычка Аксанкі, вярбоўка паэта Міхася Яраша, несанкцыянаваная пасадка ў камеру ды ратаваньне гераіні начальнікам берасьцейскага ізалятару – хай сабе і сталага чытача “Нашай Нівы”...).
Пры ўсім гэтым, калі параўноўваць плён працы Н. Бабінай з кулінарнай стравай, кніга зроблена смачна, з вялікай колькасьцю ўнутраных складнікаў-інгрыдыентаў, што задаволіць досыць разнастайныя густы. “Рыбін горад” зьявіўся, перапрашаю за каламбур, на жанравым бязрыб’і. Адпаведна – вышэй канстатаваны сінкрэтызм успрымаецца як спроба запоўніць шэраг прагалаў, існых у айчыннай прозе. Таму і з лёгкасьцю даруецца аўтарцы пэўная штучнасьць і заўважнасьць дэкарацыяў дзеля напружанасьці сюжэту ды чытэльнасьці. Што да апошняй, то твор напраўду з тых, што чытаецца на ўздыху і трымае-не адпускае да апошняга сказу.
І, нарэшце, адносна “вострасацыяльнага” складніку. Безумоўна, імпульс да напісаньня раману далі падзеі сакавіка 2006 г. Адсюль – высокая ступень пачуцьцёвага напалу, зрываньне на крык, спробы намацваньня мяжы ў процівазе Зло – Дабро, якая напраўду падчас тых падзеяў агалілася й стала відавочнай. І звышзадачай тэксту, падаецца, ёсьць абуджэньне да дзеяньня. Як культурны феномен раман можна параўнаць са стыхійнымі водгукамі паэтаў ці музыкаў, накшталт каманды “Чырвоным па белым” (пра мастацкі складнік тут размовы няма). У часе чытаньня напраўду часам хочацца “схапіцца за вілы” (кажу гэта без аніякай іроніі). Ці “перажыве гэты твор свой час” – ніхто ня возьмецца сказаць ды й аўтарку гэта найменей хвалюе. Каб штосьці зьмяніць, трэба жыць часам сёньняшнім (і няхай для гэтага спатрэбіцца ня раз даць нырца і ў 16 ст., і ў будучыню).
У адным інтэрв’ю Н. Бабіна прызналася, што пісала “Рыбін горад” на “чыстай інтуіцыі”: “Ёсьць філфакі розных ВНУ, дзе вучаць пісаць захапляльныя творы. Але паколькі я інжынер электроннай тэхнікі, то гэтых правілаў і рэцэптаў ня ведаю. Я магла спадзявацца толькі на ўласную інтуіцыю. Спадзяюся, што той, хто будзе чытаць гэтую кнігу, пабачыць у ёй нешта сваё. І для кагосьці яна падасца больш сацыяльнай, для кагосьці – больш гістарычнай”. Дазволім сабе параіць сп. Бабінай і надалей ня здраджваць сваёй інтуіцыі і пажадаць новых раманаў!

Наступнай кнігай для абмеркаваньня прапаноўваем яшчэ адзін новы раман – «Падарожная кніга па горадзе Сонца» Артура Клінава.
Анатоль Івашчанка


Валянціна Аксак, паэтэса:

Першая – у новай модзе

Кажуць, што ў еўрапейскай літаратуры цяпер намалявалася тэндэнцыя да жаночых раманаў. Але ня ў сэнсе жаласьлівых меладрамаў ці кухонна-спальных дэтэктываў. Цікавасьць кніжных чытачоў, ацалелых пасьля тэле- і інтэрнэтных катастрофаў, выклікаюць штучкі з праўдзівым псіхалагізмам на тле не абы-якіх сучасных авантураў і, пажадана, каб густа замешаных на нетутэйшай экзотыцы.
Што да двух першых складнікаў, то раман Наталкі Бабінай цалкам патрапіў у гэтую новую плынь. Яе гераіня-алкагалічка не пакутуе на згрызоты сумленьня ад свайго граху перад сацыяльна пасьпяховым мужам і не пераймаецца выбачэньнямі за свой непатрыятычны пафігізм перад пафаснымі лозунгамі сястры-рэвалюцыянеркі. Яна проста ловіць кайф ад бадзяньня па ваколіцах бабулінай вёскі. Але прыходзіць нехта, каму гэтая зямля дужа спадабалася, і яму карціць як найхутчэй збудаваць на ёй свой бардэльны рай. Такой канкрэтнай персьпектывы – быць зрынутай з бабулінай хаты разам з хатай і ўсім адвечным краявідам – гераіні ня тое што ня хочацца, але яна для яе – што канец сьвету. Вось на гэтым лапіку зямлі яна і становіцца і гераіняй плошчы, і вязьнем сумленьня, і верхаводам тамтэйшых сяброў-жлуктаў.
Экзотыку ж у рамане замянілі бадзяньні гераіні ня толькі па мілых берасьцейскіх узгорках-пералесках, але і слаўных месцах сваіх продкаў у мінулых часох. Правалы ў даўнейшыя часы і дапамаглі ёй урэшце стаць прызнанаю тутэйшым народам гераіняй. Бандыты ў амапаўскай форме і гарнітурах з міланскіх подыюмаў зазналі ганьбу паразы, а ўсе астатнія жывуць сабе ў радасьць і блізкім на карысьць.
Патрачаныя вамі колькі гадзінаў, на ноч гледзячы, будуць апраўданыя ўсьведамленьнем, што вы прачыталі першы беларускі жаночы раман, які своечасова патрапіў у новую еўрапейскую літаратурную моду.


Міхась Скобла, паэт:

Кропкі над ї

Кузьняй нацыянальнага духу было для мяне войска. Нашая асобная дэсантна-штурмавая брыгада напалову складалася з заходніх украінцаў і стаяла на Львоўшчыне, ля самай украінска-польскай мяжы. За месяц да вялікіх савецкіх сьвятаў мы маруднымі аўтакалонамі выязджалі ў Львоў – на рэпетыцыю парадаў. Набівалі на падэшвы ботаў жалезныя пласьцінкі і маршавалі па начным горадзе, гарланячы шыхтовыя песьні… Вярнуліся аднойчы да сваіх змрочных “уралаў”, а ў іх колы паспусканыя, а на бартах – антыакупанцкія налепкі. “Дык гэта ж і я – акупант!” – памятаю, доўга не давала спакою думка. Падліваў смалы ў агонь нацыянальна абуджанай душы і старшына нашай роты Барыс Андрусішын, які па вечарах пасьля адбою любіў расказваць пра свайго дзеда – ваяра Украінскай паўстанцкай арміі. (Потым высьветліцца, што ўнук паўстанца даводзіцца стрыечным братам беларускаму сьпеваку Данчыку…) Ішоў 1986 год, і самы непапраўны нацыянальны аптыміст у Менску наўрад ці мог спрагназаваць, што ўсяго праз пяць гадоў Беларусь стане незалежнай краінай.
Дык вось, на памяць пра Львоў падараваў мне сябра выдадзеную там кнігу – “Словник Берестейщини” Уладзіміра Леанюка. Як я пазьней зразумеў – з пэўным прыцэлам. Маўляў, памятай, “акупант”, што і ўкраінцы на экспансію здольныя. І што я ў тым слоўніку вычытаў? Што Уладзімір Караткевіч, калі пісаў пра Палесьсе, “вдавався до белорусіфікациі украінській мови полешуків”. Што Юрка Віцьбіч беспадстаўна “поширяв понятьтя Білорусь і на Берестейщину”. Што Рыгор Шырма, берасьцеец паводле нараджэньня, “вдавався до перекладу місцевіх украінскіх пісень на білоруськую мову”… Прачытаўшы слоўнік, я палічыў патрэбным выказаць сваё абурэньне на старонках “ЛіМа”. І неўзабаве атрымаў адказ ад невядомай мне Наталкі Бабінай – у “Нашай ніве”. Адказ гучаў даволі катэгарычна. Маўляў, няхай паэты пішуць вершы і ня лезуць у палітыку, дзе нічога ня петраць. Я запомніў імя аўтаркі допісу ды зрыхтаваўся і надалей бараніць цэласьць і непадзельнасьць роднай Беларусі ад замежных агрэсараў і тутэйшых сепаратыстаў.
І тут трапіла мне на вочы апавяданьне Наталкі Бабінай “Баль”, надрукаванае, здаецца, у часопісе “Arche”. Пра старую, якая паехала перад Калядамі ў горад купіць прысмакаў і памерла ў дызелі паміж станцыямі Бернардыны і Прылукі. Апавяданьне зачапіла за жывое. Апрача запамінальнага вобразу бабулі, убачылася мне ў ім і блізкаподумнае: чаканьне сьвята часта бывае лепшым за само сьвята. У біяграфічную ўрэзку пад апавяданьнем (“літаратарка родам з Берасьцейшчыны, піша па-беларуску і па-ўкраінску”) я ўчытваўся ўжо трывожна-раўніва. Як гэта – “і па-ўкраінску”? Адразу ўспомніліся тыя творцы, хто трапіў у сілавое поле чужой мовы, так дарэшты і ня здолеўшы пазбавіцца роднай. Магілёўца Ігара Шклярэўскага (пачытайце яго “Жалобу счастья”) пацягнула ў расейскі бок. Віленчук Алег Аблажэй раней паглядаў (ня ведаю, як цяпер) у бок польскі. І самы паказальны і балючы для мяне прыклад – Васіль Сідарэнка, беларус, які жыў у Ірпені пад Кіевам і загубіў свой яркі паэтычны талент якраз дзьвюхмоўем. Бо гэта публіцыстычны артыкул можна на любой даступнай мове напісаць, а вершы прызнаюць толькі адну мову – мову душы.
Гадоў дзесяць я дапільноўваў кожнае новае апавяданьне Наталкі Бабінай і ў думках з радасьцю клаў яго на беларускую шалю тых уяўных вагаў, на якіх мусіў узважвацца яе літаратурны плён. І мне здавалася: яшчэ адно апавяданьне, яшчэ адно, яшчэ – і вагі канчаткова засьведчаць неад’емную прысутнасьць Бабінай менавіта ў беларускім прыгожым пісьменстве. Год 2007-ы прынёс мне неспадзяваную палёгку. Выйшлі ў сьвет адразу дзьве кнігі Наталкі Бабінай – зборнік апавяданьняў “Крыві не павідна быць відна” і раман “Рыбін горад”. Вагі апошні раз хістануліся і зьнерухомелі.
У “Рыбін горад” я нырнуў, як у вір з высокага берагу. Усё, што засталося зьверху, адразу паблякла, прыглухла і засталося чакаць майго вяртаньня. А ўсплываць-вяртацца не хацелася. Я сам сабе дзівіўся. Лічыў, што да прыгодніцкай літаратуры маю стойкі імунітэт. А тут – захапіла. Адчуў сябе натуральным насельнікам тых прыбугскіх Дабрацічаў, дзе разьвіваліся падзеі рамана. Вынырваў у наш час, каб хуценька зрабіць нешта абавязкова-тэрміновае, а ў думках працягваў жыць з героямі. …Так, паслаць падводку да “Вольнай студыі” ў Прагу… А чым там закончылася сустрэча галоўнай гераіні з бізнэсмэнам Кукалем? …Не забыцца падагрэць і даць малому сыну ёгурт… А хто ж атруціў старую Макрыню, без якой, здавалася, прыпыніцца ўсё дзеяньне ў рамане... І гэтак тузаўся я два дні – пакуль не перагарнуў апошнюю старонку “Рыбінага гораду”.
Несумненная вартасьць раману – ягоны дынамізм, хутказьменныя дзеі супадаюць з нашым імклівым часам. А менавіта адчуваньня тэмпаральнасьці, суадпаведнасьці з часам бракуе часам беларускім аўтарам буйнафарматных жанраў. Пакуль герой раскатурхаецца, пакуль прыдумае, што мае ўчыніць, – глядзіш, старонак дзесяць і зьляпілася.
У “Рыбіным горадзе” ўсё варушыцца, рухаецца і ня ведае стану спакою. Галоўная гераіня Ала Бабылёва па начах праполвае бульбу, старая Лёніха лазіць праз падземны тунель у Польшчу, па берасьцейскіх ваколіцах носяцца на іншамарках бізнэсмены і актывісты грамадскіх рухаў, на мяжы вые сігналізацыя, Буг разьліваецца, па ім плыве млын, а на млыне лапоча крыламі і кукарэкае певень…
Вы заўважылі: калі глядзіш фільм 70-х гадоў, складана засяродзіцца на сюжэце, які падаецца гэткім павольным! Проста мы ўжо звыкліся з другім тэмпам жыцьця. Калі працягнуць паралель з кіно, то “Рыбін горад” нагадвае мне фільмы Эміра Кустурыцы, дзе таксама ўсё ў руху, у экспрэсіі, у эмоцыі. Іосіф Бродскі ў свой час казаў, што значны творца заўсёды нараджаецца на мяжы культураў. Завязь ягонага таленту мусіць прайсьці стадыю перакрыжаванага апыленьня. Але, дадамо ад сябе, сакавіты плод, як правіла, выпадае скаштаваць нейкай адной культуры. І ўсё ж той залаты пылок, які трапіў на вашы песьцікі і тычынкі з суседняга саду, ён ня зьнікне бясьсьледна і дадасьць сакавітасьці сасьпеламу плоду.
“Рыбін горад” акрэсьліў у беларускай літаратуры нечапаную геаграфічную прастору – новае Палесьсе. Яно знаходзіцца на другім баку Беларусі – калі глядзець з боку Палесься Рэчыцкага, апісанага Чэславам Пяткевічам і Іванам Мележам. Гэта на Мележавым Палесьсі ў “хатах, што стаялі на востраве” палешукі зрэдку прастарэкваліся: “каб ето було”. Гэта на Пяткевічавым Палесьсі кемлівы паляшук, каб ня піць на самоце, прыдумваў гэткі вясёлы дыялог з напоўненай чаркай: “Хто ты? – Акавіта. – А з чаго ты? – З жыта. – А пашпарт у цябе ёсьць? – Няма. – Дык вось табе турма!” І аніякага табе лінгвістычнага каларыту. Прызнаюся, у творах пра Рэчыцкае Палесьсе мне заўсёды бракавала моўнай паліфаніі.
Берасьцейскае Палесьсе Наталкі Бабінай мае гэтай паліфаніі колькі хочаш – героі “Рыбінага гораду” размаўляюць па-беларуску, па-ўкраінску, па-расейску. Часам і сама аўтарка ня ведае, якую мову ўкласьці ў вусны герою ў той ці іншай сітуацыі. І я спрабую яе зразумець: памежжа ёсьць памежжа. Але ў рамане відавочныя моўныя несупадзеньні. Калі героі пачуваюцца ўсё ж сьвядомымі беларусамі, спрабуюць удзельнічаць у выбарах прэзідэнта Беларусі, чытаюць “Народную волю”, “Нашу ніву” і “Arche”, то чаму ў адпаведным настроі зацягваюць то “Там на, там на горі, там женці жнуть”, то “Як сонечко зійде, кохання відійде”, то “Там у полі три дуби зібралися до купи”. Так ніводнай беларускай песьні ў рамане і не прагучала, хоць самадзейных песьняроў там хапае…
Калісьці сьвякроў Ларысы Геніюш гаварыла маладой нявестцы, калі тая перабралася жыць да мужа ў Зэльву: “Яшчэ ты, Ларысачко, не прыжылася ў нас, песьні табе ў нашай хаце яшчэ не сьпяваюцца”. У “Рыбіным горадзе” сітуацыя адваротная: песьні гучаць, але не прыжываюцца. Відаць, Наталка Бабіна і сама засумнявалася ў песенным рэпертуары сваіх герояў. І зьявіўся на старонцы 18 раману сказ, які, на думку аўтаркі, і павінен паставіць дзьве кропкі над ї. Гучыць сказ так: “Тут па-ўкраінску гаворыць і зямля, але гэта вельмі і вельмі рэдка”. Рэдка ды метка. Вось так адным махам пераагучваецца ўся зямля, якая, трэба думаць, цягам многіх стагоддзяў размаўляла і на іншых мовах.
Гаварылі мы пра гэта з Наталкай Бабінай і сам-насам, і пры мікрафоне. Толькі кожны застаўся пры сваіх перакананьнях. Што ж, мастацкая праўда часам перамагае ўсе іншыя праўды. Напрыклад, сказаў Аляксандр Пушкін, што дрэва анчар – атрутнае, значыць, так яно і ёсьць насамрэч. Абмовіўся Максім Багдановіч, што ліпа, калі расьце, вышэй і вышэй узьнімае выразаны на яе кары надпіс “Вераніка”, значыць, так і мае быць. З класікамі спрачацца не выпадае. У іх і памылкі вялікія.
Гадоў дзесяць мы з сябрам штолета езьдзілі ў вандроўкі па Беларусі. Прычым, выбіраліся маршруты па колішніх уладаньнях князёў Сапегаў. Сябра пісаў пра сапегаўскія палацы і фундацыі кнігу, а я проста назіраў-цікавіўся. Аб’ехалі нешта з паўсотні выспаў “архіпелагу Сапегаў”, не дабраліся хіба што да Кодані пад Берасьцем. Зірнуў я цяпер на карту – ад рэальнай Кодані да прыдуманых Дабрацічаў рукой падаць. Значыць, маршрут чарговай летняй вандроўкі вызначаны – у Кодань і ў ваколіцы Рыбінага гораду. Паедзем слухаць, на якой мове там гаворыць зямля.


Ася Паплаўская, студэнтка журфаку, вядучая рубрык
«Літаратура» і «Культура» на сайце www.uff-by.org:

«Вы моцныя і сьмелыя людзі –
але вас зьмятуць, перамелюць і выкінуць…»

«Я, ведаеце, пераняла амерыканскую манеру пісьма – гэта калі пішуць кожны дзень пэўную колькасьць словаў, – дзеліцца з чытачамі Наталка Бабіна, – Ня буду ўжо думаць, якой вартасьці, але колькі хаця б словаў?» – права ацэнкі вартасьці аўтарка пакідае крытыкам. Што ж? Слова за намі.
Думаю, я зрабіла правільна, што пачала азнаямленьне з творчасьцю спадарыні Наталкі з ейных апавяданьняў ды аповесьці, а скончыла раманам. Не, не па прынцыпе «ад меншага да большага». Сама пра тое ня думаючы, дзейнічала па схеме «ад слабейшага да мацнейшага»… Шмат гаворана пра тое, што на двары «эпоха малых жанраў». Раманаў пішуць мала, усё больш нарысы, аповесьці ды апавяданьні. Для раману патрэбен сюжэт, ды сюжэт няпросты, заблытаны, з пераплеценымі лініямі, неадназначнымі характарамі… Такі ня ў кожнага пісьменьніка знойдзецца.
Але сюжэту для беларусаў мала. З гісторыі літаратуры бачым, што мы любім пісаць пра набалелае. Натуральна, гістарычны кантэкст не мінае ніводную літаратуру, бо ад жыцьця не адарваныя пісьменьнікі ніводнай краіны, але ж матэрыял для твораў вялікіх памераў нашым літаратарам дае… правільна! Адвечная няволя й нястача бедных, гаротных беларусаў. Пісаць пра прыгнечаньне Польшчай ды Расейскай імперыяй зараз неактуальна. Шмат ужо напісана, можна ў спакоі пакінуць (хаця як жа, вядома, вернецца да гэтых часоў яшчэ ні адзін пачатковец, ды ўзгадае, як нам «пад панамі» цяжка жылося…). «Не было б шчасьця, дык няшчасьце дапамагло», як кажуць «у народзе». Нашая краіна асаблівым шчасьцем, на жаль, пахваліцца ня можа (тут можна перайначыць крыху прымаўку: «не было б няшчасьця, дык большае няшчасьце дапамагло»…), таму натуральна, што сакавіцкія падзеі 2006 году знайшлі шырокае адлюстраваньне на старонках ня толькі прэсы, але і літаратуры. Кнігі кшталту «Застаемся!», «Беларуская палітычная сцэна і прэзідэнцкія выбары 2006 году», вядома ж, маюць права на існаваньне. Было б дзіўна, калі б яны ня выйшлі (дарэчы, першая названая кніга з узгаданай вышэй серыі НН)… Дакументальнае замацаваньне рэчаіснасьці не зашкодзіць, але куды лепш прапусьціць набалелае праз прызму якой-ніякой творчасьці, ды напісаць раман. Вось Наталка Бабіна і напісала «Рыбін горад».
Раман пазіцыянуецца як «новы твор Наталкі Бабінай, які лучыць у сабе рысы прыгодніцкага, дэтэктыўнага, жаночага і вострасацыяльнага раману». Прыгодаў на галаву галоўнай гераіні Алы Бабылёвай, «жонцы-наркаманцы. Без дзяцей. Без жаданьня жыць. Бяз бляску ў вачах», насамрэч выпала нямала. Дзеяньне раману вельмі дынамічнае. Жыцьцё кіпіць, кожны дзень прыносіць нешта (некага) новае (новага). За той месяц – два, калі адбываецца дзеяньне, Ала пахавала бабулю, выратавала жыцьцё суседцы, сталася ахвярай нападаў іншай суседкі, новай жонкі былога мужа ды «крымінальнага аўтарытэта» Івана Кукаля, некалькі разоў была арыштаваная, у тым ліку «за лаянку ў грамадскім месцы», мела размову з КББ (як актуальна, праўда?), разам з сябрам юнацтва Толікам утапіла ненавіснага Кукаля, спрабавала зьвесьці рахункі з уласным жыцьцём… і нарэшце знайшла скарб…
Бірка «дэтэктыў» таксама пасуе раману. Забойства за забойствам. Далей – расьследаваньне, раскрыцьцё тайны… Прычым, што самае цікавае, амаль усе таямніцы Ала не раскопвае сама, а ёй іх раскрываюць непасрэдныя ўдзельнікі гісторыяў, прыйшоўшы да яе «павініцца». Так сталася і з Аксанкай, што ўсадзіла Бабылёвай цяпку пад лапатку, і з Міхасём Ярашам, што атруціў ейную бабулю Макрыню, і з ура­джэнцам Конга Нгваасі, якому ўзялася дапамагаць перабірацца праз мяжу Лёніха…
Любая жынчына паехала б розумам ад такога віру падзеяў, апусьціла б рукі ды ўцякла куды падалей, але ня Ала. Яна ўзгадвае прымаўку «рабі, што мусіш, і хай будзе, што будзе» і сьмела ідзе наперад. Прыпыніўшыся на момант, прыгадаўшы апошнія падзеі, Бабылёва прызнаецца: «Самае цікавае, што я досыць спакойна пераношу падзеі гэтага вар’яцкага лета. За мае пяцьдзясят год жыцьця мяне круціла па-рознаму, і цяпер мяне ўжо нішто не магло зламіць». Аповед вядзецца ад першай асобы, што, безумоўна, робіць чытача ня проста пасіўным назіральнікам, але й актыўным удзельнікам шалёна-нярвовага, кожны дзень на валаску ад сьмерці, жыцьця галоўнай гераіні.
Што датычыцца непасрэдна асобы галоўнай гераіні (пагадзіцеся, было б дзіўна, калі б у жаночым рамане ўсе выпрабаваньні зносіў мужчына), то, нягледзячы на яе мінулае (прайшла курс лячэньня залежнасьці ад наркотыкаў, сядзела ў турме за іх распаўсюд, вядомая ў Дабрацічах як алкагалічка са стажам…) яна паўстае станоўчым героем. Асабіста мне нават вельмі сімпатычным. Безумоўна, Ала Бабылёва – «герой нашага часу». Яна, як і бабуля Макрыня, жыве па прынцыпе «лепш кланяцца сваёй дупе, чым чужой галаве». Яна піша апавяданьні, друкуецца ў “Нашай Ніве”. З палітыкай Ала Бабылёва зьвязаная вельмі шчыльна: сястра Уляна зьяўляецца даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі Гарабца, а былы муж Антон сам удзельнічаў у перадвыбарчай пагоні за месца прэзідэнта…
Вельмі ярка і пераканаўча праявілася Ала ў размове з мясцовым паэтам Міхасём Ярашам (аўтар робіць удакладненьне: прыдуманая аўтарам асоба), калі той прыйшоў «павініцца» ў ненаўмысным забойстве старой Макрыні. «…вы асуджаныя. Вы моцныя і сьмелыя людзі – але вас зьмятуць, перамелюць і выкінуць… І калі пройдзе гадоў пяцьдзясят, ніхто ня ўспомніць ні пра гэтыя выбары, ні пра вас. А пра мяне ўспомняць. І пра Дабрацічы – бо я напісаў пра іх. І гэта, напісанае, за­станецца навечна», – даводзіць Але Яраш. Пасьля, як мы таго і чакалі, прапануе сёстрам «зьбегчы, схавацца куды-небудзь за мяжу». На Аліны словы: «Ім нявыгадна нас забіць, ім выгадна, каб мы самі склалі рукі», паэт парыруе: «Вы проста зломіце і свае жыцьці, і жыцьці Ўляніных дзяцей… (Дзеці – самы моцны фактар, за які і чапляецца «беларускі патрыёт» – А. П.) І хутчэй я перавыхаваю іх [людзей] сваімі вершамі, чым вы сваімі мітынгамі і заклікамі».
Каму з нас у сёньняшняй Беларусі не прыходзілі ў галаву такія думкі? Хто з нас не засумняваўся хаця б на момант у мэтазгоднасьці мітынгаў, выступаў, акцыяў, публікацыяў?.. Але сумнявацца – ня значыць скарыцца ўладам і прыняць пазіцыю хлусьні і падману. У першую чаргу сябе і сваіх дзяцей. Яраш спадзяецца «выхаваць нас вершамі»! Наталка Бабіна вуснамі сваёй гераіні кажа Ярашу (чытаць – усім беларускім пісьменьнікам): «Ты больш ня зможаш пісаць вершаў, хіба ты не разумееш? Хто ж табе дазволіць? Ты будзеш цяпер, сябар мой, пісаць агіткі пра шчасьлівае дзяцінства. Ты дбаеш пра тое, каб цябе помнілі праз пяцьдзясят год? Бедны! Ты ж падпісаў сьмяротны прысуд – толькі не чалавеку, а паэту». Каментарыі тут непатрэбныя.
Па справе дасталося ў рамане і тэлебачаньню, якое грунтуецца на прынцыпе «праўдзівасьці». Асабліва пры асьвятленьні перадвыбарнай кампаніі і выбараў непасрэдна. За эпізод з інтэрв’ю Алы Бабылёвай для БТ (прыдуманага аўтарам тэлеканалу) я хачу асабіста паціснуць руку аўтару. Ала павялася на абяцаньні БТ-шнікаў пакінуць ейныя словы бяз зьменаў і пагадзілася адказаць на пытаньне: «Скажыце, як вы думаеце, з якім вынікам пераможа на выбарах дзейны прэзідэнт?» Сказала яна наступнае (цытую цалкам, бо, па-першае, я не рэдактар на БТ, па-другое, з песьні, як вядома, слова ня выкінеш): «Думаю, ён не пераможа. Зараз па радыё і тэлевізары часта гавораць, што прэзідэнт пераможа, набраўшы 86 працэнтаў, але гэта поўная ахінея. Гэта проста паказвае – як і многае іншае, у тым ліку зьбіцьці, арышты і перасьлед актывістаў кампаніі, што выбары будуць сфальсі­фікаваныя, прычым нахабна, бязглузда і непрыкрыта, з абсалютнай пагардай да права людзей выбіраць. Думаю, насамрэч значная частка падтрымае іншых кандыдатаў. Рэальныя шанцы перамагчы ёсьць у Гарабца. Я заклікаю ўсіх галасаваць менавіта за гэтага чалавека. У адрозьненьне ад прэзідэнта, ён ніколі ня хлусіў, не замешаны ў брудных скандалах і горача перажывае за свой народ».
Версія БТ, зразумела, ад вышэйпрацытаваных словаў адрозьнівалася кардынальна: «Думаю, прэзідэнт пераможа, набраўшы 86 працэнтаў. Я заклікаю ўсіх галасаваць за прэзідэнта. Ён ніколі ня хлусіў, не замешаны ў брудных скандалах і горача перажывае за лёс народу і нашай бацькаўшчыны». Але самае цікавае нават ня гэта. Усьмешку замілаваньня выклікаюць словы вядучага, якія суправаджалі каментар Алы: «Наш прэзыдэнт настолькі маштабная асоба, што ў яго перамозе не сумняваюцца нават так званыя апазыцыянэры. Як добра вядома, сярод іх шмат наркаманаў, алкаголікаў, якія за бутэльку гарэлкі, за брудны даляр гатовыя прадаць і гонар і саму радзіму. Сярод іх – наркаманкі і алкагалічкі са стажам, сёстры Ала Бабылёва і Ўляна Барысевіч…»
Перажываць гарачую вясну 2006 зноў і зноў без усьмешкі цяжка. Наталка Бабіна дае нам пяціхвілінную перадышку перад тым, як зноў кінуць у вір падзеяў. Калі Ала ў Берасьці становіцца сьведкай перформансу моладзі, якая выстраілася ланцужком у саколках з літарамі, што разам утварылі фразу «Гарабец – свабода», яна задае пытаньне мужчыну, які папярэдзіў актывістаў аб АМАПе: «Як думаеце, які наступны ўказ выдасьць наш прэзідэнт?» Адказ разьвесяліў сваёй трапнасьцю: «Ну, калі б я быў на яго месцы – ад чаго барані Божа, – думаю, я выдаў бы дэкрэт пра тое, каб заканадаўча замацаваць цьвёрдае вымаўленьне Ч і Р у словах жэншчына і ператрахівать. Насьпеў даўно».
“Рыбін горад” – раман, безумоўна, яркі, насычаны фарбамі. Ён сумяшчае ў сабе лёгкі дэтэктыўна-прыгодніцкі пачатак з сур’ёзнымі (а галоўнае, актуальнымі!) зваротамі да жыцьця сапраўднага, непрыдуманага. Калі перагарнула апошнюю старонку, нават прабачыла аўтару двойчы згаданы «крывавы падклад», які, на мой погляд, ня можа не абурыць пачуцьці чытачоў (нават ня ведаю, чые больш: жанчынаў ці мужчынаў). «…ня ўсё ў гэтай аповесьці выдумка, ня ўсе супадзеньні з рэальнасьцю выпадковыя», – гэта зразумела. Вусьцішна становіцца ад іншага: «…дадам, што дзеяньне адбываецца ў 2012 годзе». Тут аўтарка гэтага тэксту жагнаецца і шэпча: «Уратуй, Божа!»