12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Бліцкрыт

_____________________
Люблю Беларусь
Размова пра кнігу Паўла Севярынца


Рыхтуючы гэтае абмеркаваньне, мы запрашалі ўзяць у ім удзел ня толькі літаратараў, але і адмыслоўцаў у тых ведах, пра якія вядзецца ў розных разьдзелах працы Паўла Севярынца. Напрыклад, – праваслаўнага сьвятара, які ласкава пагадзіўся падзяліцца сваёй думкай з чытачамі “Дзеяслова” (што праўда, гэтае сьведчаньне цяжка назваць бліцкрытавым), а таксама – прафесійнага гісторыка. Апошні, нягледзячы на тое, што ў кнізе маецца разьдзел “Беларуская гісторыя”, адмовіўся ад каментароў, назваўшы дыскурс, прадстаўлены там, хутчэй тэалагічным, але ніяк не гістарычным. Часам даводзілася чуць наступную матывацыю: няма жаданьня марнаваць свой каштоўны час на гэты псеўданавуковы трактат узроўню “для пэтэвэшнікаў”... І ўсё ж, людзі, якія пажадалі адгукнуцца, знайшліся. Гэтым разам усе нашыя эксьперты (а да іх прос­та напрошваецца эпітэт “аўтарытэтныя”) болей казалі пра тое, што ім не спадабалася ў “Люблю Беларусь”, чым пра тое, што спадабалася. Магчыма, аўтар прыслухаецца да іх заўвагаў пры далейшых перавыданьнях (а яны, хочацца верыць, яшчэ будуць). Няхай жа меркаваньне вядоўцы рубрыкі будзе расцэнена як ня проста ўраўнаважвальная лыжка мёду, але й як водгук чалавека (хаця й не “пэтэвэшніка”), які з асалодаю зноўку перачытаў плён Паўлавай працы ў аздабленьні найлепшых айчынных фотамайстроў.
Перадусім – колькі словаў пра стылёвыя складнікі, ключавым з якіх ёсьць скразная пафаснасьць. Прычым гэтая пафаснасьць (літаральна – “апантанасьць Богам”), суцэльная ўрачыстасьць інтанацыі, а часам і дытактычны тон, не раздражняюць (за рэдкім выняткам), што асабіста для мяне – важкі паказьнік. А не раздражняюць таму, што ўсё гэта ўпісваецца ў межы вынайдзенага аўтарам сінкрэтычнага жанру, які сам ёсьць феноменам для айчыннай энцыклапедыстыкі (хаця пачынальнікам тут, мабыць, трэба лічыць Уладзімера Арлова з яго эсэем “Незалежнасьць – гэта...”). Гэтак, прыкладам, у рок-оперы пафас зьяўляецца ня проста апраўданым, але абумоўленым самім гэтым жанрам.
І вось з такога гледзішча многія закіды да аўтара – накшталт таго, што ды гэта ж не літаратура, альбо ды гэта ж не гістарыяграфія – можна сьмела адкідаць. Так, не літаратура і не гістарыяграфія. І не тэалогія... Гэта фенаменалогія. Альбо, паводле аўтара, “пэрыядычная табліца вядомых фактаў, сканструяваных у мадэль ідэалу”. Гэтым вызначэньнем шмат што сказана. У кнізе няма сенсацыйных адкрыцьцяў і вынаходніцтваў: усе ключы й разгадкі ўжо ёсьць, і яны ў нас саміх – у нашай гісторыі й ментальнасьці. Карыстаючыся старой метафарай, беларусы сядзяць на залатой гары, пакутуючы ад нястачы сродкаў. Севярынец падкладае дынаміт пад нашыя закасьцянелыя забабоны й комплексы нацыянальнай непаўнавартаснасьці, што культываваліся цягам стагоддзяў як захопнікамі, гэтак, цяпер, і некаторымі прадстаўнікамі айчыннай інтэлектуальнай элітай: “Гэтая кніга – выклік пашыранаму меркаваньню, што насамрэч Беларусі няма, што яна не адбылася як дзяржава, што беларусы “не дарасьлі” ці “збанкрутавалі як нацыя”. Беларусь ёсьць рэчаіснасьцю!”
Хацелася б зьвярнуць увагу і на тое, што да “Люблю Беларусь” немагчыма падыходзіць выключна з тэксталагічнага боку. Нельга ня ўлічваць і таго, што завецца пазатэкставымі фактарамі, а менавіта асобу аўтара ці, калі хочаце, яго харызму. Так, тэксты Уладзіміра Высоцкага (дарэчы, беларускага выканаўцы, паводле Севярынца), раздрукаваныя на паперы, апынаюцца даволі сярэднімі з тэхнічнага гледзішча...
Узгадваецца кніга-інтэрв’ю лацінаамерыканскага цёзкі Севярынца Паўла Каэлья, які на пытаньне, адкуль ён бярэ сілы й натхненьне, адказаў, што адчувае далучанасьць да “энергетычнага цэнтру”. Вось жа, чытаючы Паўла Севярынца, адчуваеш гэткую ж – і яго, і, як вынік, уласную далуча­насьць да сутнаснага, да таямніцы, да... не, ня ісьціны – да гуманістычнага сьве­таўспрыманьня. “Адраджэньне – вечны вобраз Беларусі”. Рэнесанс з яго гомацэнтрызмам чырвонай ніткай праходзіць праз усю кнігу, ніяк не ўваходзячы ў супярэчнасьць з хрысьціянскім кантэкстам. Ці атрымаліся б інакш нагэтулькі сьветлымі й пазітыўнымі “хімічныя” “Лісты з лесу”?..
Імя Каэлья было ўзгаданае вышэй нездарма й ня толькі для каламбуру. Як жа бракуе беларускай літаратуры (усіх часоў) пазітыву, тэкстаў, што валодалі б антыдэпрэсіўным дзеяньнем. Зірніце: Гарэцкі, Чорны, Быкаў, ... Бахарэвіч. Чытаючы, – захапляешся, плачаш, нават скавычаш... Але як жа без надзеі? Без раўнавагі? На пытаньне, чые тэксты маюць эфект антыдэпрэсанту, мой адказ: перадусім Караткевіча і Севярынца...
Севярынец – жыцьцялюб. І ня трэба начапляць на яго манаскую рызу. Ці дакараць за вобраз пакутніка. Няма гэтага. А ёсьць – шчыры, яскравы, усебакова адораны (ці чыталі шаноўныя эстэты ад літаратуры Паўлавы аповеды?), з па-дзіцячы сьвежым захопленым вокам творца...
На маю думку, да артыкулаў з Севярынцавай энцыклапедыі феноменаў пасуе такое жанравае вызначэньне, як “прамоўніцкія”. Заўважу, што вось ужо некалькі гадоў аўтар гэтых радкоў завяршае курс лекцыяў для студэн­таў адной тэхнічнай ВНУ артыкулам “Мова” (поруч з Караткевічаўскай “Беларускай песьня”). У наш медыйны век, калі адзін выгляд 600-старонкавай таміны адпалохае пераважную большасьць сучасных маладзёнаў, гэтыя тэксты мусяць гучаць, як той казаў, з кожнага прасу. Што праўда, пакуль там дасюль рэй вядзе Пугачова (ну, у лепшым разе Пугач). Але асабіста ў мяне няма сумневу, што бліжэйшыя пакаленьні “філолухаў” будуць вучыцца азам пабудовы прамоваў ня толькі ў Цыцэрона ці Сматрыцкага, але й па бліскучай эсэсістыцы Севярынца. Сёньня ж, відавочна, нашая агульная не віна, а бяда ў абсалютнай недасяжнасьці мэтавай аўдыторыі падобных асьветных выданьняў – студэнцтва і школьніцтва.
Адзін наш эксьперт праводзіць аналогію Севярынцавай працы з кнігай, назву якой мне страшна нават вымавіць. Гэта яго права. Я ня быў бы настолькі катэгарычным і дазволіў сабе такое крамольнае сьцьверджаньне: “Люблю Беларусь” – кніга, якую мусіў бы стварыць дзяржаўны чыноўнік (скажам, начальнік Галоўнага ідэалагічнага ўпраўленьня). Калі яе трохі падрэдагаваць, прыбраўшы асобныя артыкулы і, вядома, імя аўтара, бяры ты гэтае выданьне і ў прымусова-дабраахвотным парадку раздавай (лепш, прадавай) усім сябрам ГА “Белая Русь” у якасьці ідэйнай платформы. Напэўна, менавіта нацэленасьць на пошук пазітыву (нават у артыкуле з назовам “Прэзідэнт-алімпіец”) бянтэжыць і палохае многіх.
Кніга “Люблю Беларусь” фармулюе адказы на сакральнае нацыястваральнае пытаньне: чаму я ганаруся тым, што я беларус. Пытаньне, якое для прадстаўнікоў іншых еўрапейскіх нацыяў не выклікае такога неўразуменьня, як у нас. Але ня будзем забывацца, што часам агульная бяда зьядноўвае лепш за агульную радасьць. Бяда ва ўсіх нас адна – “маўкліва-паслухмяная большасьць” апатычная і да беларушчыны, і да духоўнасьці. Магчыма, – ці Паўлу, ці ягонаму літаратурнаму антыподу (непразрысты намёк у бок Бахарэвіча) – усё ж варта падумаць пра стварэньне фенаменалагічнай энцыклапедыі з назовам “Што я НЕ люблю ў Беларусі” ці чагосьці ў такім духу.
Анатоль Івашчанка


Айцец Сергій Гардун, протаіерэй, кандыдат багаслоўя,
загадчык кафедры бібліістыкі Інстытуту тэалогіі БДУ:
Я таксама люблю Беларусь

Кніга Паўла Севярынца “Люблю Беларусь” пры першым знаёмстве з ёю мне вельмі спадабалася. Спадабалася шчырасьцю, спадабалася аптымізмам, спадабалася вераю ў Беларусь. Прыемна чытаць пра тое, колькі паэтаў, пісьменьнікаў, кампазітараў, вучоных дала Беларусь Польшчы, Расіі і ўсяму сьвету... Але раптам схіляешся ў задуменьні: а хіба Беларусі суседнія народы нічога не далі? Успамінаеш і прыгадваеш... Славуты сьвяціцель зямлі нашай Георгій Каніскі, архіепіскап Беларускі (такі быў яго афіцыйны тытул), ахвярна і мужна служыў народу нашаму у 18-м стагоддзі, абараняў яго права вызнаваць сваю веру і маліцца на сваёй мове. Бліскучы прамоўца і самаадданы пастыр. Яго выступленьне на лаціне перад польскім каралём Станіславам Аўгустам 16 ліпеня 1765 году было такім магутным, што яго пераклалі на еўрапейскія мовы і напрацягу больш як стагоддзя цытавалі, як узор праваабарончай прамовы. Сьвяціцель Георгій паходзіў з Украіны. Гэта дар украінскага народу нам, беларусам. Або прыгадаем Уладзіміра Мулявіна, расіяніна, які шчыра палюбіў Беларусь і праславіў яе сваім сьпевам. Хіба не павінны мы быць удзячны Расіі за такі дар?.. Паўлу Севярынцу здаецца, што толькі Беларусь аддавала суседзям усё, што мела, а суседзі яе толькі крыў­дзілі. А гэта далёка ня так.
Асабліва непрыемнае ўражаньне пакідае стаўленьне Паўла Севярынца да Расіі. Гэта нейкае паталагічнае непрыяцьце Расіі, у той час, як заходнееўрапейская хрысьціянская супольнасьць ужо ацаніла веліч і прыгажосьць рускай праваслаўнай культуры. У многіх касьцёлах Францыі, Бельгіі, Германіі і Італіі можна ня ўбачыць ніводнай іншай іконы, акрамя Троіцы прападобнага Андрэя Рублёва або Уладзімірскай іконы Божай Маці. Назіраючы гэта, я раз-пораз пытаўся, чаму гэта так. І ўсюды мне тлумачылі амаль аднолькава: бо гэта вяршыні духоўнасьці, вяршыні царкоўнага мастацтва, побач з якімі ў нас проста няма што паставіць... А для Паўла Севярынца Расія – гэта “самая змрочная і барбарская імпэрская дэспатыя”, якую трэба ад чагосьці “збавіць” (с. 11, 19). Затое аўтар не хавае сваіх сімпатыяў да “самай магутнай дзяржавы ў гісторыі чалавецтва” і з пашанай цытуе яе лідэраў Дж. Вашынгтана, А. Лінкальна, Р. Рэйгана. Можна было б яшчэ працытаваць Біла Клінтана: ён таксама прыгожа гаварыў пра Бога і дэмакратыю і нават кляўся на Бібліі, што ў яго нічога не было з Монікай Левінскай, а потым мусіў прызнацца, што саграшыў. Прыводзячы нам у прыклад самую магутную дзяржаву ў сьвеце, Павал Севярынец нават ня згадвае ні амерыканскую агрэсію ва В’етнаме, ні вайну з “пошукамі” хімічнай зброі ў Іраку, ні бамбёжку праваслаўнай Сербіі.
Чытаем далей Паўла Севярынца: “XIX-е стагоддзе. У акупаванай Беларусі, разарванай паланізацыяй і русіфікацыяй, забароненая мова, закон і вера, табу нават назва...” (с. 110). Што гэта – бессаромная хлусьня, разьлічаная на неадукаванага чытача, ці проста даверлівы паўтор кімсьці выдуманых міфаў? Найхутчэй, другое. Бо, пры знаёмстве з Паўлам у мяне склалася ўражаньне пра яго як пра асобу далікатную і шчырую, хаця сустракаліся мы, здаецца, толькі аднойчы. Ды і ўбачыў я гэты міф у кнізе П. Севярынца не ўпершыню, а можа і ў тысячны ўжо раз. Ня ён яго прыдумаў. Але ж колькі можна паўтараць чыюсьці ману?! Папытайце любога дасьледчыка гісторыі беларускай мовы, і ён скажа, што нашая старабеларуская мова была забароненая не ў XIX-м стагоддзі, а ў 17-м. І не ў Расіі, а ў Рэчы Паспалітай у 1696 годзе пастановай усеагульнай канфедэрацыі саслоўяў. Прычым, як піша, напрыклад, акадэмік Жураўскі А.І., “гэтая пастанова юрыдычна замацавала тое становішча, якое на практыцы склалася на некалькі дзесяцігоддзяў раней”: нашая старажытная літаратурная мова – дзяржаўная мова Вялікага Княства Літоўскага – была выціснутая з ужытку дзяржаўнай палітыкай паланізацыі і ў выніку гэтага перастала існаваць. Ня верыце? Тады назавіце мне хоць адну кнігу на беларускай мове, надрукаваную пасьля 1696 г. і да той пары, пакуль беларускія землі не ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Назавіце хоць аднаго беларускага паэта, пісьменьніка, вучонага той пары, які пісаў па-беларуску. А вось у XIX-м стагоддзі, калі беларускія землі былі ў складзе Расіі, пачынаецца беларускае нацыянальнае адраджэньне, у выніку якога пачынае фармавацца і новая беларуская літаратурная мова. Зьяўляюцца ня толькі беларускія паэты і пісьменьнікі, але і беларускія вучоныя, філолагі сусьветнага ўзроўню, якія зьбі­раюць і апісваюць беларускі фальклор, складаюць слоўнікі беларускай мовы, вывучаюць беларускую гісторыю. Напрыклад, протаіерэй Іаан Грыгаровіч выдае ў Маскве ў 1824 г. “Беларускі архіў старажытных грамат”, складае два слоўнікі беларускай мовы, у 1846-1853 гг. выдае ў пяці тамах “Акты, якія адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі”, у якіх зьмешчана каля дзьвюх тысячаў дакументаў, і многія з іх – на беларускай мове.
Іван Іванавіч Насовіч – яшчэ адно слаўнае імя XIX ст. Па даручэньні дзяржаўных навуковых установаў Расійскай імперыі ён складае гістарычны слоўнік беларускай мовы, за які Расійская Акадэмія Навук прысудзіла яму Увараўскую прэмію. А вось найбольш значныя апублікаваныя працы І.І. Насовіча: “Зборнік беларускіх прыказак”, СПб., 1866 г., “Беларускія прыказкі і загадкі”, СПб., 1869г., “Беларускія песьні”, СПб., 1873 г., “Слоўнік беларускай мовы”, СПб., 1870 г. Як пасьля гэтага можна гаварыць пра забарону ў Расіі ў XIX-м стагоддзі беларускай мовы ці пра табу на самую назву беларускага народу? Словы “Беларусь” і “беларускі” абсалютна свабодна ўжываліся. Вось, напрыклад, гістарычныя працы, выдадзеныя ў Расіі ў XIX-м ст., якія ў самой назве, на вокладцы і на тытульным лісьце, зьмяшчаюць гэтыя словы: Без-Карнилович М.О. “Исторические сведения о примечательных местах Белоруссии с присовокуплениями других сведений, к ней относящихся”, СПб., 1855 г., Турчинович О.В. “Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен”, СПб., 1857 г., “История русов, или Малой России. Сочинение Георгия Конисского, Архиепископа Белорусского”, М., 1846 г.
Канешне, назва “Северо-Западный край” існавала і ўжывалася як адміністратыўная назва, якая ахоплівала шырэйшую, чым Беларусь тэрыторыю, але яна зусім не выключала ўжываньня тэрмінаў для абазначэньня этнасу, што можна праілюстраваць на прыкладзе назвы фундаментальнай працы Пампея Мікалае­віча Бацюшкова “Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо-Западного края”, СПб., 1890 г. Так што і мова беларуская ў XIX-м ст. не была забароненая, і назвы ўжываліся, і сур’ёзныя навуковыя працы пра Беларусь друкаваліся, і яшчэ падкрэсьлю, што тыя вучоныя, якія займаліся беларускай мовай і беларускай гісторыяй, атрымлівалі дзяржаўнае прызнаньне, вучоныя ступені і ўзнагароды ў Расійскай імперыі. Напрыклад, протаіерэй Іаан Грыгаровіч, займаў высокую дзяржаўную пасаду галоўнага рэдактара Археаграфічнай камісіі. І.І. Насовіч за свае працы атрымаў Увараўскую прэмію, Дзямідаўскую прэмію, залаты медаль Рускага геаграфічнага таварыства. Яўхім Карскі абараніў у 1893 г. у Кіеўскім універсітэце магістарскую дысертацыю па фанетыцы і граматыцы беларускай мовы, а ў 1896 г. у Маскоўскім універсітэце – доктарскую дысертацыю пра беларускія пераклады Псалтыра.
Скажыце, ці не дастаткова гэтых фактаў, каб абвергнуць міф пра забарону ў XIX-м ст. у Расіі беларускай мовы і назвы “Беларусь”? Ці не прыйшоў час ска­заць у твар тым, хто распаўсюджвае такога кшталту міфы: ганьба фальсіфікатарам беларускай гісторыі!
А цяпер я хачу расказаць пра самае для мяне важнае ў кнізе Паўла Севярынца – яго разважаньні пра беларускае духоўнае жыцьцё, яго ацэнка хрысьціянскіх канфесіяў, пашыраных у Беларусі.
Мне прыемна, што Павал Севярынец – хрысьціянін, як сказана ў біяграфіі, зьмешчанай у канцы кнігі. Але ўзьнікае пытаньне: чаму няма ўдакладненьня – праваслаўны, каталік, пяцідзясятнік, баптыст, кальвініст?.. Напэўна, невыпадкова. Але чаму тады не напісаць яшчэ меней канкрэтна – “веруючы”? Няхай думаюць: іудзей, мусульманін ці будыст. А калі хрысьціянін, то ўсё-такі важна, які. Ці хрысьціянін, які належыць да той Адзінай Сьвятой Саборнай і Апостальскай Царквы, якую стварыў Іісус Хрыстос, якая на працягу двух тысячагоддзяў захавала ў чысьціні і непарушнасьці веру Хрыстову і таму называецца Праваслаўнай Царквой? Ці хрысьціянін, які належыць да адной з дзьвюх тысячаў хрысьціянскіх канфесіяў, створаных людзьмі? Праўда, яны таксама называюць сябе цэрквамі (лютэранская царква, англіканская царква, рыма-каталіцкая царква, баптысцкая царква і г.д.), але падставаў для гэтага няма аніякіх у Сьвяшчэнным Пісаньні. “Адзін Гасподзь, адна вера, адно хрышчэньне” (Еф. IV, 5), – вось, як апостал Павел фармулюе прынцып існаваньня хрысьціянства.
Зусім іншы прынцып мы знаходзім у Паўла Севярынца. Ён піша: “У сёньняшняй Беларусі ня мае сэнсу вылучаць якуюсьці “адзінаправільную” хрысьціянскую канфэсію: шчырых вернікаў багата ў розных цэрквах. Нацыянальнай ідэі хутчэй адпавядае поліканфэсійнасьць як прынцып” (с. 17). Заўважу на гэта, што шчырых вернікаў багата ня толькі ў розных цэрквах, але і ў розных рэлігіях – і будызме, ісламе, індуізме, але гэта ня значыць, што ў іх адна вера, а менавіта гэтага патрабуе ад хрысьціянаў Сьвяшчэннае Пісаньне. Апостал Павел, дачуўшыся, што ў хрысьціянскай абшчыне гораду Карыяфа пачаліся падзелы на розныя плыні і накірункі, рашуча заяўляе, што гэта пярэчыць самой прыродзе хрысьціянства, бо Царква – гэта Цела Хрыстова, адно цэлае, і яно разьдзяліцца ня можа, як ня можа разьдзяліцца Хрыстос: “Хіба разьдзяляўся Хрыстос? Хіба Павел расьпяўся за вас або ў імя Паўла вы хрысьціліся?” (1 Кар. І, 13). Хто не прызнае над сабою аўтарытэту Царквы, не выконвае яе прадпісаньняў, не падзяляе ў поўнай меры яе вучэньня, той аўтаматычна выпадае з яе і аказваецца па-за Царквою. “А калі ён і Царквы не паслухае, то няхай будзе ён табе як язычнік і мытар” (Мф. XVIII, 17), – сказаў Сам Гасподзь. Так што розныя хрысьціянскія канфесіі ўтварыліся насуперак волі Божай грэшнымі людзьмі. Прывяду такі прыклад. У X-м ст. Сусьветная Хрысьціянскай Царква адміністратыўна ўяўляла сабою садружнасьць пяці патрыярхатаў, роўных паміж сабой (пентархія) – Рымскага, Канстанцінопальскага, Александрыйскага, Антыяхійскага і Іерусалімскага. І вось у 1054 г. папа Рымскі Леў ІХ пасылае ў Канстанцінопаль дэлегацыю на чале з кардыналам Гумбертам. Кардынал не дасягае паразуменьня з патрыярхам Міхаілам Керуларыям, і пасьля гэтага 16 ліпеня 1054 г. падчас богаслужэньня ўваходзіць у алтар храма Сьвятой Сафіі ў Канстанцінопалі і кладзе на прастол храма анафему на Міхаіла Керуларыя і ўсіх ягоных аднадумцаў. Так рымская Царква аддзялілася ад Сусьветнай Хрысьціянскай Царквы ў 1054 г. і стала існаваць асобна. Яе адрозьненьне ад Праваслаўнай у тым, што яна прыняла дадатак Filioque у Сімвал веры, увяла інквізіцыю, вучэньне пра чысьцілішча, індульгенцыі, крыжовыя паходы, дагматы пра непаграшымасьць (непамыльнасьць) рымскага папы, пра беззаганнае зачацьце Дзевы Марыі, пра цялеснае ўзьнясеньне Прачыстай Дзевы Марыі на неба. Усяго гэтага не было ў вучэньні Адзінай Сьвятой Царквы Хрыстовай, таму Праваслаўная Царква лічыць гэтыя новаўвядзеньні недапушчальнымі.
Самым, на мой погляд, блюзьнерскім з іх зьяўляецца дагмат пра непаграшымасьць (непамыльнасьць) рымскага папы ў пытаньнях веры і маралі, бо ён узводзіць у норму веравучэньня тэзіс, які відавочна абвяргаецца шматлікімі гістарычнымі фактамі (напрыклад, папа Рымскі Ганорый І быў афіцыйна асуджа­ны як ерэтык у 681 г. на VI Усяленскім саборы). І афіцыйны тытул рымскага папы як намесьніка Хрыстова, і яго прэтэнзіі на абсалютную ўладу ў Царкве, і дагмат пра непаграшымасьць супярэчаць самому духу хрысьціянства. І як бы ні велічнымі былі касьцёлы Гародні або Нясьвіжа, як бы ні мілагучна гучаў арган, як бы ні стараліся ксяндзы перайсьці з польскай мовы на беларускую – гэта ўсё зьнешняе, павярхоўнае, неістотнае. Галоўнае – вучэньне Хрыстова, вечнае слова Божае не павінна скажацца ў хрысьціянскім жыцьці і дзейнасьці, інакш хрысьціянства становіцца чыста зьнешнім фармальным, пазбаўленым самой сваёй сутнасьці, проста фікцыяй.
Каталіцтва з еўрапейскай гісторыі – гэта жудасная таталітарная сістэма. У кнізе Паўла Севярынца Савецкі Саюз называецца “самай страшнай у чалавечай гісторыі таталітарнай сістэмай” (с. 42). Я амаль згодны з такой ацэнкай, калі побач з бальшавісцкім камунізмам паставіць яшчэ фашызм. Гэта зьявы ідэйна блізкія і па сутнасьці аднолькавыя. Але калі браць гісторыю не адной або некалькіх краінаў, а шырэйшы маштаб, сусьветны, то самай даўгавечнай, самай трывалай таталітарнай сістэмай у сьвеце трэба прызнаць каталіцтва, якая доўгія стагоддзі тэрарызавала Еўропу (з XII па XIX стст.!). А індэкс забароненых кніг, які друкаваўся яшчэ ў XX-м ст.! А папская энцыкліка Пія IX 1869 г., у якой з усёй катэгарычнасьцю асуджаецца прынцып свабоды сумленьня!.. Савецкі Саюз існаваў усяго 70 гадоў, а каталіцкая інквізіцыя – доўгія стагоддзі. У Савецкім Саюзе людзей зьнішчалі ў лагерах у імя сьветлае будучыні чалавека, а каталіцтва на працягу стагоддзяў паліла людзей на вогнішчах у імя Божае. Вось, што самае жудаснае!
Павал Севярынец называе каталіцтва “самай заходняй і самай беларускамоўнай канфесіяй”, “бясспрэчным флагманам нацыянальнага адраджэньня” (с. 553). Заходняя і ці ўсходняя, паўднёвая ці паўночная – якая розьніца? Што датычыць беларускамоўнасьці, то гэта для каталіцтва не праява сваёй глыбіннай сутнасьці, а хітрая тактыка, манёўр. Павал Севярынец прызнае як бясспрэчны факт, што на працягу шасьці стагоддзяў, пачынаючы з Крэўскай уніі Ягайлы, “касьцёл быў галоўнай структурай паланізацыі” (с. 553). У гэтай сувязі я хацеў бы нагадаць падзеі першай паловы 90-х гадоў мінулага стагоддзя: у беларускіх касьцёлах гучала ня толькі польская мова, а былі выстаўлены польскія дзяржаўныя сьцягі і партрэты прэзідэнта Польшчы! У Польшчы друкаваліся геаграфічныя карты з “крэсамі ўсходнімі” ў складзе Польскай дзяржавы. Кардынал Казімер Сьвёнтак ва ўрачыстай прамове ў дзень сваёй інаўгурацыі ні разу не ўжывае слова Беларусь і заяўляе, што найпершую сваю задачу ён бачыць “у пашырэньні польскасьці на гэтых тэрыторыях”, для чаго сюды будуць завезены ксяндзы і манахіні з Польшчы, а моладзь адсюль ён будзе высылаць у Польшчу на вучобу. “Jestem Poliakiem!” – “Я – паляк!” – прамовіў на заканчэньне кардынал. Але праз пару гадоў сітуацыя стала мяняцца. Чаму? Па-першае, беларускі ўрад запатрабаваў вынесьці з культавых будынкаў дзяржаўныя сімвалы чужой краіны. Па-другое, маладое пакаленьне каталікоў у большасьці сваёй не праявіла цікавасьці да польскай мовы. Нічога не заставалася рабіць... Мэта, як вядома ўсім каталікам, апраўдвае сродкі. З паўгоду таму адзін выкладчык філфаку БДУ сказаў мне, з якімі словамі да яго зьвярнуўся знаёмы беларускамоўны ксёндз: “Вы павінны ісьці да нас, бо мы гаворым на Вашай мове”. І праўда, некаторыя ідуць у касьцёл толькі па гэтай прычыне. Іх вабіць ня вечнае, нязьменнае, нябеснае, а вабіць зямное, часовае, зьменлівае... Павал Севярынец у заслугу каталіцтву ставіць тое, што ксяндзы XVIII ст. рыхтавалі зброю для паўстанцаў Касьцюшкі, XIX ст. – перахоўвалі людзей Каліноўскага, а ХХ ст. – агітавалі за Пазьняка (с. 553). Не магу не згадзіцца з гэтым: так сапраўды было. Але ж хіба для гэтага Гасподзь стварыў на зямлі Царкву, каб рыхтаваць зброю і весьці палітычную агітацыю? Праваслаўная Царква катэгарычна забараняе сваім сьвяшчэннаслужыцелям займацца такімі справамі!
Уніяцкую царкву XVIII ст. Павал Севярынец называе нацыянальнай царквой на той падставе, што тады унія ахапляла большасьць беларускага насельніцтва (с. 532). Але ж уніяцтва праіснавала ў Беларусі 243 гады (1596 – 1839), прычым менавіта яно было самым магутным сродкам дэнацыяналізацыі нашага народу: пашырэньне уніяцтва і імклівае выцясьненьне старабеларускай мовы польскай ішлі паралельна, і ўсім вядома, што беларуская мова была канчаткова забароненая і выкінутая з афіцыйнага ўжытку якраз тады, калі уніяты складалі большасьць насельніцтва нашай зямлі (1696 г.). Толькі ў першыя дзесяцігоддзі свайго існаваньня уніяцкія царкоўныя дзеячы, народжаныя і выхаваныя яшчэ ў Праваслаўі, былі беларускамоўнымі, а праз паўстагоддзя афіцыйнай мовай царкоўнага справаводства, пропаведзі, уніяцкіх школаў становіцца польская мова. Тое, што сялянства ў сваім побыце і далей карысталася роднай гаворкай – гэта праўда, але заслугі уніяцкай царквы ў гэтым няма абсалютна ніякай: сялянства размаўляла на роднай мове толькі таму, што было непісьменным, уніяцкія ж дзеячы паланізацыі не супраціўляліся. А вось калі Праваслаўе на працягу шасьці папярэдніх стагоддзяў было верай нашых продкаў, тады і мова нашага народа была дзяржаўнай мовай краіны, на ёй вялося справаводства і пісаліся законы, яна ўжывалася ва ўсіх сферах жыцьця (толькі каталіцкая меншасьць дамагалася сабе права карыстацца польскай мовай, і гэтае права было дадзена ёй у 1614 г. асобным артыкулам новай рэдакцыі Статута ВКЛ).
Калі ж пачаўся працэс паланізацыі, то Праваслаўная царква мужна супрацьстаяла яму. Невыпадкова беларускія гісторыкі і літаратары (напрыклад, Кастусь Тарасаў, Уладзімір Мароз) называюць “апошнім беларускамоўным пісьменьнікам” Афанасія Філіповіча, ігумена Берасьцейскага, арыштаванага і забітага палякамі, якога мы, праваслаўныя, ушаноўваем як сьвятога прападобнамучаніка, у той час як каталікі шанавалі Андрэя Баболю і Язафата Кунцэвіча, якія з лютай жорсткасьцю акаталічвалі і апалячвалі беларусаў.
У ХІХ ст. працэс вяртаньня уніятаў у Праваслаўе суправаджаецца нацыянальным адраджэньнем беларусаў, і праваслаўныя царкоўныя дзеячы (протаіерэй Іаан Грыгаровіч, Насовіч І.І.) актыўна гэтаму спрыяюць. І вось, нягледзячы на гэта і нягледзячы на тое, што з 1839 г. і да нашых дзён праваслаўныя зноў складаюць пераважную большасьць сярод вернікаў, Павал Севярынец чамусьці нідзе не называе Праваслаўную Царкву нацыянальнай. Тут ёсьць яўная непасьлядоўнасьць.
П. Севярынец называе беларускае уніяцтва “найбольш пасьпяховай спробай яднаньня заходняй і ўсходняй цэркваў...” (с. 532). У чым жа быў посьпех? У тым, што “легендарны полацкі біскуп”, як называе яго П. Севярынец, ва ўсёй епархіі на некалькі гадоў пазачыняў усе праваслаўныя храмы, і ў жорсткасьці сваёй дайшоў да таго, што загадаў выкінуць сабакам целы сваіх суайчыньнікаў, пахаваных праваслаўнымі сьвятарамі? Ці ў забойстве Афанасія Філіповіча? Ці ў катаваньні, якому быў падвергнуты архімандрыт Лявонцій Карповіч? Ліквідацыю уніі ў 1839 г. аўтар называе “гвалтоўнай і крывавай” (с. 534), хаця, напэўна, самай жорсткай адміністратыўнай мерай была высылка ў Расію паўтара дзясятка уніяцкіх сьвятароў, якія не пажадалі прыняць Праваслаўе. Ці можна гэта параўнаць з тым, што рабілася пры распаўсюджваньні уніі? Зусім беспадстаўным, дарэчы, зьяўляецца сьцьвярджэньне аўтара, што Сімяон Полацкі быў уніятам (с. 534), нават жывучы ў Маскве. Гэта поўны абсурд, бо ў Маскве не было ні уніяцкага храма, ні уніяцкай абшчыны, а бяз гэтага ніякі сьвятар проста ня можа быць тым, кім ёсьць.
Мяне вельмі зьдзівіла, што Павал Севярынец у сваёй кнізе супрацьпастаўляе беларускае Праваслаўе да Берасьцейскай уніі і Праваслаўе ХІХ ст. (с. 534), а таксама цяперашняе Праваслаўе (с. 573). Такое можа сказаць толькі чалавек, які абсалютна ня ведае Праваслаўя і не разумее яго. І беларускае Праваслаўе, і румынскае Праваслаўе, і грэчаскае Праваслаўе, і грузінскае Праваслаўе, і японскае Праваслаўе, і расійскае Праваслаўе, і балгарскае Праваслаўе, і амерыканскае Праваслаўе... – усё гэта Адзіная Сьвятая Саборная і Апостальская Царква!
На заканчэньне мне хочацца прывесьці тыя радкі з кнігі Паўла Севярынца, якія мне асабліва спадабаліся і пад якімі я магу паставіць свой подпіс.
“Ня можа быць сапраўднага хрысьціяніна без любові да свае Бацькаўшчыны” (с. 17). “У Беларусі бяз Бога няма пэрспэктывы” (с. 17). “Нацыянальная ідэя... гэта ідэя, якую найпрасьцей выразіць словамі «Беларуская форма – хрысьціянскі зьмест»... Таму асноўныя задачы нацыянальнай ідэі – хрысьціянізацыя беларусаў і беларусізацыя хрысьціянаў” (с. 17). “Калі Беларусь адмовіцца ад Бога – яна зьнікне. Калі пакаецца й прыме Ісуса Хрыста зноў – будзе жыць” (с. 22).
А трохі вышэй на гэтай жа старонцы ёсьць такія словы: “Мы любім Беларусь такую, якая яна ёсьць – але любім настолькі моцна, што ня можам пакінуць такой, якая яна ёсьць”.
Я таксама люблю Беларусь.


Наталка Бабіна, празаік:
Правільныя і занадта правільныя словы

Са сп. Паўла Севярынца спрос вялікі. Бо ён – вельмі аўтарытэтны і вядомы палітык. Усімі сваімі паводзінамі ён дэманструе прыклад, узор для перайманьня. Ён – наша, грамадзянаў і выбарцаў, надзея на дабро.
Сп. Павал Севярынец – аўтар кнігі “Лісты з лесу”, якая, паводле рэйтынгу газеты “Наша Ніва”, стала лепшай кнігай 2007 году. “Лісты з лесу” складаюцца з эсэ, якія Павал штотыднёва дасылаў у НН пад час адбываньня “хіміі” на далёкай поўначы Рэспублікі Беларусь. Цікавасьць да “Лістоў...” была велізарная, думаю, найперш таму, што напісаны яны адважным чалавекам, маральным і уплывовым палітыкам – антаганістам да ўлады, якая і не хавае сваю амаральнасьць.
Менавіта як да кнігі палітыка, арганізатара і прапагандыста, а ня як да літаратурнага твору, варта ставіцца і да кнігі Севярынца “Люблю Беларусь”. Гэта ўжо другое выданьне, таму можна сказаць, што па галоўнаму крытэру кніга пасьпяховая: чытач прагаласаваў за яе рублём. Аўдыторыя ў яе ёсьць, і не малая.
Хто ж ён – удзячны чытач кнігі “Люблю Беларусь”? Мусіць, найперш добрыя настаўнікі, якія змогуць выкарыстоўваць выкладзеныя у кнізе зьвесткі на ўроках мовы, літаратуры, гісторыі, геаграфіі, а таксама пад час пазашкольных заняткаў. Бо адна справа расшукваць матэрыялы па розных выданьнях, а зусім іншая – заўсёды мець пад рукой кароткую энцыклапедыю, дзе ў пэўным рэчышчы адфільтравана галоўнае, і дзе кожнае слова, што важна, пранізана любоўю да краіны і падмацована цытатамі з Бібліі. Настаўнікі-чытачы – гэта вельмі важная катэгорыя, і вельмі добра, калі гэтая кніга дойдзе да іх. І свой асобнік кнігі я таксама падарую сяброўцы-настаўніцы.
Увогуле, чым большы корпус беларускіх тэкстаў, чым ён разнастайнейшы – тым лепш. З гэтага пункту гледжаньня зьяўленьне любой беларускай кнігі, якая карыстаецца выразным попытам, – гэта здорава. Выхад другога выданьня Севярынца надае аптымізму.
Галоўная вартасьць гэтай кнігі – бязьмерная любоў аўтара да Радзімы. Гэта ня можа ні крануць любога, хто прачытае тэкст. Але хто прачытае, акрамя настаўнікаў, пра якіх мы згадвалі, гэтыя 600 старонак нязвычным для шараговага чалавека правапісам? Гэтыя артыкулы, артыкулы, артыкулы пра ўсё і ўся, ад “Азёр” да “Цярплівасьці”? Дзяржаўныя чыноўнікі? Дыктары ТБ? То тады трэ было б, каб у кнізе мелася 60 старонак школьным правапісам і з масай каляровых ілюстрацый. Моладзь, незаангажаваная ў нацыянальны рух? Здаецца, яны аддаюць перавагу іншым формам літаратуры і інфармацыю шукаюць па-іншаму. Тыя, хто ведае Севярынца-палітыка і хоча галасаваць за яго ў будучыні? Несумненна.
І вось у такіх чытачоў – як, прыкладам, у мяне – па прачытаньні могуць узьнікнуць пытаньні, якія дзеля карысьці аўтара можна зараз агучыць. Асабіста ў мяне кніга пакінула супярэчлівыя пачуцьці. Падкрэсьлю яшчэ раз, што гэта мой асабісты погляд.
Галоўная мая прэтэнзія да кнігі – гэта чарговая спроба стварэньня міфу. Прыгожага, цудоўнага міфу аб Беларусі. І міф можа атрымацца. Але стварэньне міфу замінае бачыць рэальнасьць. Стварэньне міфу патрабуе трошачкі-трошачкі зьмяніць пункт гледжаньня, там трошачкі прымружыць вочы, тут нешта дадумаць, там узьлезьці на ўзвышша, каб ня бачыць драбніц унізе... А ня той зараз час, каб можна было дазволіць сабе гэтыя рэчы. Для ўсіх карысьней было б шырока расплюшчыць вочы і з усіх сіл намагацца зразумець, што адбываецца ў рэальнасьці. А міфы няхай ствараюцца самі па сабе.
Калі я ў чарговы раз чытаю, што Дастаеўскі – беларускі пісьменьнік, якога Беларусь “падарыла” Расеі, мне хочацца спытаць: а вы ўвогуле яго чыталі? Патрэбен вам гэты пісьменьнік, які ў сваіх кнігах называе беларусаў “палякамі” ды нязьменна і злобна кпіць з іх?
Калі я чытаю, што Валянціна Церашкова – беларуска, то хачу спытаць: “А яна сама пра гэта ведае?”
Калі ў артыкуле “Берасьце” я чытаю ўзьнёслыя словы пра што заўгодна, але ня бачу і згадкі пра ўкраінскасьць Берасьцейшчыны – тую рэальную сілу, якая, можа, адзіная ў тых месцах здольная стаць рэальным саюзьнікам беларускага нацыянальнага руху ў супраціўленьні русіфікацыі, я чухаю патыліцу.
Калі ў артыкуле “Паганства” я чытаю, што “паганства некалькі тысячагоддзяў спавядала культы дзікія і жорсткія”, што сяляне-паганцы закладвалі ў падмурак дому жывое немаўля – я разводжу рукамі. Я тады ўспамінаю лес, дзе вырасла, і думаю, што магу зразумець, як можна пакланяцца сасьне і дубу, рацэ і крыніцы. І думаю, што калі б даўно-даўно хрысьціянства не адолела тое, што Павал называе паганствам, то сёньня, магчыма, персьпектывы чалавецтва як віду і ўвогуле жывога на планеце Зямля не былі б такімі змрочнымі...
Кніга сп. Севярынца выдатная імкненьнем знайсьці і перадаць “простасьць і шчырасьць правільных слоў”. Па-мойму, правільныя словы адрозьніваюцца ад занадта правільных тым, што намнога дакладней адлюстроўваюць рэальнасьць, і матэрыяльную, і духоўную. Што не павялічваюць сутнасьцяў звыш неабходнага. Добра было б, каб сп. Севярынцу ўдалося знаходзіць такія словы як найчасьцей.


Сяргей Дубавец, публіцыст, празаік:
“Люблю Беларусь”: два ў адным не зьмяшчаецца

Кніга Паўла Севярынца “Люблю Беларусь” спрэчная ледзьве ня ў кожным сваім абзацы. Але гэта добра, калі аўтар мысьліць таленавіта й парадаксальна, правакуе цікавасьць да матэрыялу. Праблема ў іншым. Толькі абудзіўшыся, гэтая цікавасьць зараз жа зьбіваецца празьмернай экзальтацыяй тону й фактычнымі памылкамі на кожным кроку. Вы бралі ў рукі даведнік ці канцэптуальны аналіз, а аказалася, што гэта – фальклёр. З фальклёрам не спрачаюцца.
Аўтар выказаўся ў жанры галашэньня, эмацыйнае эпітафіі, дзе дазволеныя і перабольшаньні, і недакладнасьці, бо галоўнае – узвысіць нябожчыка над жывымі. Той, хто выконвае галашэньне, паводле жанру мусіць упадаць у экстаз, страчваць кантроль над сабою, што часам успрымаецца іншымі, “халоднымі” прысутнымі як канфуз. З плачкамі не спрачаюцца таксама. Да іх не зьвяртаюцца па даведку альбо аўтарытэтнае меркаваньне. Іх слухаюць – кожны са сваёй мерай жаданьня прасякнуцца іхным экстазам. Але дыскусія тут, паўтаруся, пазбаўленая сэнсу.
Зразумела, што аўтар менавіта гэтага й хацеў – “завесьці” публіку. Пры тым каб галашэньне магло выконваць функцыі даведніка, нават энцыклапедыі й аналітычнай канцэпцыі. Але ў галашэньня й энцыклапедыі розныя, неспалучальныя механізмы “заводу”.
Што тут можна зрабіць?
Каб дасягнуць калектыўнага экстазу разам з Паўлам, праз Паўла і ў Паўле, ня трэба прыдаваць ягонаму галашэньню форму канцэптуальнага даведніка. Дастаткова абраць тэму, у гэтым выпадку – Беларусь, і літаратурны жанр паэмы альбо эсэ. Завязка – кульмінацыя – разьвязка. Паўната й дэталізацыя – толькі на шкоду. Галоўнае – рытм і непарыўнасьць апавядальнае плыні. Словам, чыста мастацкі твор.
Калі ж рабіць даведнік-энцыклапедыю або канцэпцыю нацыянальнае ідэі, трэба наадварот – “зьменшыць” прысутнасьць Паўла й ягонай экзальтацыі і скіраваць увагу з яго на матэрыял – на факты й думкі. Перайсьці ў сферу “рассудочного”. І тут адным Паўлам не абысьціся. Патрэбны навуковы рэдактар (а ў нашым выпадку як мінімум два – ад розных метадалагічных плыняў беларусістыкі), літаратурны рэдактар (які збалансуе матэрыял і акцэнты – дадасьць карыснае й адкіне другаснае) і мастацкі рэдактар (які прыдасьць сістэмны сэнс хаатычным ілюстрацыям і подпісам пад імі). Зразумела, усё гэта – не чапаючы суб’ектыўнага аўтарскага падыходу, адбору феномэнаў і агульнае эмацыйнае скіраванасьці.
На жаль, для “Кнігарні НН”, у якой выйшла кніга Севярынца, адсутнасьць рэдактараў ці хоць бы адказных за выданьне стала традыцыяй. У выніку чытачу прапануецца недароблены выдавецтвам матэрыял, які бясспрэчна заслугоўвае лепшага з сабой абыходжаньня. На жаль, мы зноў маем справу з недаацэнкай выдавецкай і рэдактарскай прафесіі. На вокладцы Паўлавай кнігі Ўладзімер Арлоў параўноўвае “Люблю Беларусь” з “Зямлёй пад белымі крыламі” Караткевіча. Гэта добрае параўнаньне. Але зьвярніце ўвагу, колькі й якіх было ў “Зямлі пад белымі крыламі” рэдактараў, карэктараў і адказных за выпуск.


Альгерд Бахарэвіч, празаік:
Я бачыў мутныя, шчасьлівыя вочы прарока

...І ўсё ж хораша Павал Севярынец напісаў пра Ірландыю:
“Маленькая зялёненькая выспа ў Атлянтыцы, зь якой жыхары ўцякалі куды далей. Сёньня Стары і Новы Сьвет моляцца на яе. Скрозь ірляндзкія тэмы ў кіно, ірляндзкі стыль у кнігах, ірляндзкі рок у навушніках. Найвялікшы раман усіх часоў і народаў родам з Дубліну. Вось так, уявіце сабе: не з Парыжу, Лёндану ці Нью-Ёрку – з Дубліну. Шэсьць нобэлеўскіх літаратараў. Знакмітае О з апострафам у прозьвішчах, быццам бы з коскай перад нулямі гіганцкае лічбы, знакуе сусьветнае захапленьне: О!..”
Абсалютна згодны, “о!”. Асабліва наконт “найвялікшага раману”. Але ж нас, уладальнікаў сініх пашпартоў РБ, як вядома, ірландцы вельмі неахвотна пус­каюць на сваю цудоўную выспу. Таму аўтар вышэйпамянёнага пасажу ірландскую тэму на гэтым закрывае і запрашае чытача ў даўжэзную турпаездку па ня менш казачным краі.
Назоў таго краю досыць паэтычны: Люблюбеларусь. “О!” – мусім сказаць мы (амаль па-ірландску), задыхнуўшыся ад захапленьня. Бо ў Люблюбеларусі ўсё ня так, як мы, дурні, прывыклі. На кабіне кожнага люблюбеларускага трактара (там, дзе кіроўцы вешаюць звычайна выцьвілыя фота голых кабетаў) выгравіравана залатымі літарамі:
“Поле ёсьць сьвет... ( Эвангельле ад Мацьвея, 13:38)”.
А на кожным тэлевізары люблюбеларускай вытворчасьці зьзяе іншая цытата:
“Вочы твае хай наперад глядзяць (Прытчы, 4:25)”.
На кожным бохане люблюбеларускага хлебу – налепачка:
“Ешце, гэта ёсьць цела маё...”
А афіцыянты ў люблюбеларускіх рэстарацыях носяць на шыі шыльды наступнага зьместу:
“Non servіum.”
Што й казаць, экзатычная гэта краіна, Люблюбеларусь. Іншаземцу з Менску або Горадні, які завітае на абшары Люблюбеларусі, у першыя дні давядзецца нялёгка. Упэўнены, што менавіта для яго, не абазнанага ў люблюбеларускіх рэаліях, і напісаў Павал Севярынец свой дзіўны даведнік.
Так-так, даведнік. Назваць “Люблю Беларусь” літаратурным творам – значыць прынізіць літаратуру. Аўтар нашага турыстычнага даведніка можа хоць тысячу разоў паўтарыць, што ён “пісьменьнік” – таленту ў яго не прыбавіцца, а свайго голасу ён ня меў і ня мае. Зрэшты, ён і сам сарамліва прызнаецца, што напісаў даведнік: “гэтая кніга – канстатацыя факта”. Незразумела, праўда, навошта яшчэ раз канстатаваць тыя кожнаму вядомыя факты. Напэўна, Люблюбеларусь зацікаўленая ў турыстах больш, чым у чытачах. Турыст – ён што, прыехаў, паглядзеў ды паехаў, іншая справа – чытач з ягонай прагай стылю, які ў Люблюбеларусі цяжка адшукаць нават непераборліваму чытачу. О, сьвяты Патрык, як міла мы гуляемся з гукамі ў гэтай наіўнай кніжачцы:
“Лён – гэта лёгка і натуралёва.
Льняная палатніна льне да цела зь льсьнянай ласкай, зь ліючай і бліскучай любоўю”.
Ну ды чорт з ім, са стылем, ня кожнаму дадзена. Затое інтэлектуальна літаратар Севярынец сапраўды моцны, ягоныя рэфлексіі ўражваюць надоўга і, я б нават сказаў, намертва:
“Хлеб – адзін з нашых асноўных прадуктаў харчаваньня”.
“Праца ёсьць галоўным працэсам беларускага жыцьця”.
“Навукаёмістасьць – наканаваньне беларускай гаспадаркі”.
“Малако – найважнейшы нацыянальны прадукт”.
“Як мы запаскудзілі зямлю, дадзеную нам Богам!”
“Спорт... для многіх мільёнаў людзей ёсьць найпрасьцейшае і найясьнейшае выяўленьне гонару за сваю краіну”.
Падчас чытаньня Севярынцавай кнігі мяне не пакідала адчуваньне, што яна мне нешта ўпарта нагадвае. Пасьля даволі працяглага роздуму я зразумеў, што менавіта. Як ні дзіўна, “Люблю Беларусь” выклікала пэўныя асацыяцыі з “Майн Кампф” Гітлера. Не, аўтар “Люблюбеларусі”, хрысьціянін і пакутнік, бязьмежна далёкі ад чалавеканенавісьніцкіх ідэяў, а аўтар “Майн Кампфу” (якога хто-ніхто нават у Люблюбеларусі таксама лічыць пакутнікам) не дае ў сваім творы занудлівага апісаньня нямецкіх “фэномэнаў” і не сьпявае гімн сям’і Крупаў. Рэч у іншым.
Абодва аўтары бяруць на сябе ролю найвялікшых патрыётаў. Севярынец дык проста заходзіцца ў сэксуальна-рэлігійным экстазе, калі размова заходзіць пра радзіму:
“У мяне пачынае буйней біцца сэрца і кружыцца галава. Хочацца ціха заплюшчыць вочы і малітоўна, урачыста шаптаць пра сябе: Магутны Божа, бязьмежная мудрасьць твая! Невымерная ласка твая! Дзякую табе за тое, што я нарадзіўся менавіта ў гэтай краіне!”
Трохі сорамна пасьля такіх прызнаньняў чытаць кнігу Севярынца далей. Аўтар на самым пачатку падкрэсьлівае, што як бы ні цягнуўся да яго просты люблюбеларус, да аўтарскага німбу яму, унтэрмэншу, усё адно не дацягнуцца.
Абодва аўтары прапануюць сваім народам самаробныя “нацыянальныя ідэі” для ўсеагульнага карыстаньня, не хаваючы таго, што народ для іх, па сутнасьці, – “шэрая безаблічная маса”, з якой умелы “богаабраны” можа зьляпіць што заўгодна. Наогул, ключавым паняткам і для адной, і для другой кнігі зьяўляецца Verpflichtung, то бок “доўг”. Панятак “права” калі і разглядаецца, то выключна ў ягоным нацыянальным асьпекце. Абедзьве кнігі – апалогіі ідэалізму, ідэалізму бессаромнага, старамоднага, цынічнага. Розьніца толькі ў тым, што адна была напісаная восемдзесят гадоў таму, а другая – на пачатку 21 стагоддзя.
Абодва аўтары выкрываюць галоўных ворагаў нацыі. У тым ліку з дапамогай псіхафізіялагічных характарыстык. Севярынец: “Дайшло да таго, што большасьць беларусаў займелі мускульную атрафію, ёмістае брушка, устойлівае бязьвер’е ды абыякавасьць да ўласнага лёсу...”. З “Майн Кампфам” усё ясна, а галоўны вораг квітнеючай Люблюбеларусі, паводле Севярынца, – беларус, які адышоў ад хрысьціянства, забыўся на божыя запаветы. Яго неабходна выхоўваць, каб у краіне надышоў нарэшце жаданы Орднунг. І яшчэ: “Сур’ёзнай небясьпекай для нацыянальнага адраджэньня зьяўляюцца... астралёгія з гараскопамі, разгул постмадэрновага цынізму, таталітарныя сэкты і, у рэшце рэшт, пакланеньне чалавеку, урачыста задрапіраванае пад гуманізм.” Курсіў мой. Карацей: “маліцеся!”
Месіянства. Тут таксама досыць шмат агульнага. Абодва аўтары лічаць, што іхныя краіны, іхныя народы абраныя нейкай найвышэйшай сілай (Гісторыяй, Богам, Эвалюцыяй) для зьдзяйсьненьня ў сьвеце вялікай місіі.
“Беларусы – носьбіты ўнікальнага, хрысьціянскага ў сваім прынцыпе духовага імпэратыву... Яе (Беларусі – А.Б.) задача – даць сябе іншым, і праз гэта сьцьвярджаць сваю веліч. Прасьвятляць і настаўляць аграмадную Расею, уздымаць Усходнюю Эўропу, надаваць талеранцыі і натхненьня Захаду – на нашым сумленьні...”
“Беларускае пакліканьне – быць хрысьціянскім Ізраілем у сэрцы Эўропы”.
“Транснацыянальныя мэдыякарпарацыі, індустрыя экспарту беларушчыны й хрысьціянскае місіянэрства ў кожным кутку плянэты – мэта Вялікай Беларусі, пашыранай да памеру плянэты”.
У абодвух кнігах малюецца карціна шчасьлівага будучага жыцьця: кшталту, што адбудзецца, калі пойдзеце за мной, калі паслухаеце мяне. Як парадавалася б маладая Лені Рыфэншталь, пачуўшы такое:
“Лёгкія, атлетычныя, ладныя мужчыны і жанчыны – такімі Бог ствараў беларусаў. Менавіта лёгкая атлетыка павінна павесьці за сабой масавы рух здаровага ладу жыцьця й выявіць моцную і квітнеючую Беларусь... Краіну, гатовую ў адзін цудоўны момант набраць паветра ў лёгкія і перамагчы сябе і астатні сьвет – і быць каранаванай як пераможца”.
“Шматтысячныя эвангелізацыі на стадыёнах, паўсюдныя дамы малітвы, моцныя царкоўныя брацтвы, вывучэньне Бібліі з пачатковых клясаў школы – вось што такое беларускае хрысьціянства ІІІ тысячагодзьдзя”.
“Перамяніць чалавека! – вось лёзунг дзейснай нацыянальнай ідэі”.
Што яшчэ хацелася б сказаць: не люблю, калі незнаёмыя людзі спрабуюць весьці са мной задушэўныя размовы. Не люблю, калі мне тыкаюць. Так і карціць зрабіць аўтару заўвагу: мы, здаецца, не знаёмыя. Але ж...

Я бачыў мутныя, шчасьлівыя вочы прарока.
Ён ішоў скрозь натоўп
Да свайго эшафоту
І рукаўся з усімі так шчыра,
Нібы з кожным ён быў сам-насам.

Я бачыў перад сабой чалавека
З мутнымі, шчасьлівымі ад пакуты вачыма.

Ён бачыў перад сабой
Народ.