12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Бліцкрыт

_____________________
Размова пра кнігу Дзьмітрыя Плакса
“Трыццаць тэкстаў”


Гэтым разам вядоўцаБліцкрытувырашыў парушыць традыцыю і напісаць паўнавартасную рэцэнзію замест балансаваньня між допісаў іншых эксьпертаў. Таму шукайце яго водгук сярод іншых...


Людміла Рублеўская, паэт, празаік, крытык:
Птушыная клетка з “лега”
Кнігарні ня вельмі ахвотна прымаюць да рэалізацыі паэтычныя зборнікі.
Нічога дзіўнаганават калі прадавачкі й ня чулі, што паэтычным слыхам валодае ўсяго 11 адсоткаў людзей, яны могуць гэта дакладна пацьвердзіць гандляроўскім сваім інстынктам
Таму паэты альбо займаюцца мімікрыяй і гуляюцца ўвельмі папулярных і чытэльных персонаў”, пасылаючы дасьведчаным з-пад блазенскай лічыны саркастычна-горкую змоўніцкую ўсьмешку, альбо становяцца ў позуя-вышэй-гэтага”, не асабліва пераймаючыся пытаньнем, дзе на беларускай літаратурнай прасторы набрацца сланоў дзеля збудаваньня такой колькасьці вежаў са слановай косткі? Можаце ня верыцьвынік і ў першым, і ў другім выпадку аднолькавыТаму што прыгажосьць клеткі мае значэньне толькі ў тым выпадку, калі ў ёй жыве птушка, а калі птушка гожа сьпявае, дык слухач не заўважае ейную клетку ў прынцыпе.
Кніжка Дзьмітрыя Плаксаклетка адмысловаяГандляры цалкам могуць зацікавіцца ёю проста з-за выгляду. Гэта ў Еўропе звыклі да нестандартных тамоў, а ў нас кнігі ўсё яшчэ шыхтуюцца, быццам падлягаюць нейкаму чыноўніцкаму дрэс-коду. Зборнік Дзьмітрыя Плакса цяжка ўмураваць у кніжныя шэрагі. Не ўмуруецца, квадратна-танклявы. Вершы таксама не жадаюць стаяць у шэрагах. Яны рассыпаюцца, люструюцца, віруюць (хаця візуальнай паэзіяй нас ня зьдзівіш). Ды й назваў сваю кнігу ПлаксТрыццаць тэкстаў”. Ня вершы-версэты-паэзы і г.д., а тэкстыслова амаль лаянка для асобных лірыкаў, амаль антытэза Вершу Высокаму. Ці сьпявае ў гэтай мудрагелістай клетцы птушка? Паспрабаваўшы вызначыць гэта звычна, прабегшыся позіркам па старонках, выхопліваючы асобныя строфы, можна зарабіць мікравывіх інтэлекту. Раззлавацца, раздражніцца і адкласьці гэную эстэцкую радасьць куды падалей.
Тэксты Дзьмітрыя Плакса трэба чытаць цалкам, і, па магчымасьці, услых. А яшчэ лепейпаслухаўшы, як гэта робіць сам аўтар, медытуючы ў профіль да залы, ушчыльную да мікрафону, у суправаджэньні псіхадэлічных барабанаў. Тэксты ягоныягэта рэчытатывы, заклёны, малітвы, у якіх пазначаныя не абзацыа павышэньне і паніжэньне тону. Музычны націск, як у старажытнай мове. Словы, зьліваючыся ў адну імпрэсіяністычную карціну, як і мазкі пэндзля, трацяць уласныя грані, колеры і сэнсы, ствараючы нешта іншае. Словы могуць быць самыя прафанныя. Гузік, прасьціна, чаравікАмаль як дзіця на беразе мора, аўтар будуе свае карціны з каменьчыкаў, галінак, ракавінак і водарасьцяў, што прыносіць плынь сьвядомасьці. Недарэмна сам ён параўноўвае свае вершы зкубікаміЛега”.
Калі ўглядацца ў плыткую, плямістую, складзеную са шматлікіх адценьняў і абёмаў паверхню, у прынцыпе, заўсёды ўгледзіш нейкія незвычайныя, цікавыя вобразы. Так здараецца і ў тэкстах Дзьмітрыя Плакса, прычым цалкам магчыма, што вобразы гэтыя не супадаюць з тымі, што ўкладаў у тэксты сам аўтар. Часам атрымліваецца ярка, цэласна, запамінальна, часамнамёкам, ценем, сьледам.
Часам інтанацыя аўтара зрываецца на крык, часампераходзіць на шэптРытм то паскараецца, як сэрца ў злоўленай птушкі, то запавольваецца да зьмярцьвеньня.
Усё роўна тэмаў у літаратуры ад часоў антычнасьці не пабольшала. Каханьне і сьмерць, блуканьні і вяртаньне героя
Мне проста няёмка даводзіць, што такая паэзія мае права на жыцьцёгэта значыць прадугледжваць сярод чытачоў людзей цалкам неабазнаных у сучасным мастацтве. У паэзіі ўжо былі свае чорныя квадраты, панове, пасьля якіх бессэнсоўна як лаяць фармалізм, так і траціць сябе на штукаваньне клеткі для птушкі, якую трэба яшчэ злавіць.
Дзьмітры Плакс чуе сваю птушку. Часам здаецца, што ў прыступе медытацыі ён нікога ня чуе, акрамя яе. Але часам і чытач разумее ейныя сьпевы.
А значыць, яно таго вартае.


Уладзімір Някляеў, паэт, празаік:
Алгарытм несумяшчальнасьці
У сёньняшнім сусьветным мастацтве ўвогуле і ў літаратуры, як у ягонай частцы, усё болей відавочныя дзьве асноўныя канцэпцыі ў разуменьні творчасьці, якія фармуюць два прынцыпова розныя эстэтычныя напрамкі, дзьве плыні творцаў. Адны лічаць, што ня ўсе сэнсы быцьця, якія ёсьць і могуць быць, выяўленыя і выказаныя, і доўжаць пошукі, спрабуючы знайсьці адказы на пытаньні з катэгорыі вечных. Другія перакананыя, што сэнсы ўсе гранічна акрэсьленыя і дакладна названыя, чаго ня бачыць толькі сьляпы і ня чуе глухі, і з чаго вынікае, што пошук адказаў на вечныя пытаньнізанятак марны, бо адказаў няма. Ёсьць толькі шлях між сэнсамі, які сам па сабе бессэнсоўны, і ў тым ягоны сэнс.
Я асабістакалі ня цалкам, дык пераважнаспавядаю першую канцэпцыю, Дзьмітры Плакспераважна, калі ня цалкамдругую. Тое, што ўзьнікае з гэтай канцэпцыі як творчы вынік, мяне не раздражняе, іншым разам нават цікавіць, але не захапляе. А ў мастацтве я звык захапляцца. Нямець, слухаючы вершы, музыку, слупянець, гледзячы карціны. Інакш не разумею, дзеля чаго ўсё: фарбы, гукі, словы?... Дзеля чаго ўрэшце, — калі не спрабаваць, не намагацца зразумець, дзеля чаго яно? — жыцьцё?..
Захапляцца ў тэкстах Дзьмітрыя Плакса асабліва няма чым. Ва ўсялякім разе, няма з чаго нямець ці слупянець. Тады хто б мне растлумачыў: чаму гэтыя трыццаць тэкстаў, ані ў адным з якіх няма па-сутнасьці ніякага сэнсу, а ёсьць толькі, як даволі дакладна ўсе разам яны названыя, спроба слова, я, не адкінуўшы, дачытаў да канца, а пасьля яшчэ і перачытаў?
Шукаў сэнс? Не, бо ўжо ад пачатку, ад тэксту пра краіну поўначы (які я называю так па першых словах: гэта краіна паўночы) адразу відаць: ніякі сэнс тут і не начаваў, ня меўся на ўвазе ў самой задуме, бо й самой задумы не было. Бо тэкст і не пра краіну поўначы, і не пра прагны дух перакладаў, і не пра ацтэкаў і тутэйшых, хоць усе гэтыя словы-сэнсы ў тэксьце прысутнічаюць, а бог ведае, пра што
А ці была задума ў Бога?..
Канешне, усё можна неяк назвацьі тэксты гэтыя таксама. Даць ім вызначэньне кшталту плыні сьвядомасьці. Але мяне цікавяць не вызначэньні, а сама сьвядомасьць чалавека сучаснай цывілізацыі, найперш заходняй, прадстаўніком якой хоць у Рэспубліцы Беларусь, дзе ён жыў, хоць у Каралеўстве Швецыя, дзе ён жыве, зьяўляецца Дзмітры Плакс. Прадстаўніком, бясспрэчна, таленавітым, а значыць, здольным гэтую самую сьвядомасьць гэтай самай сучаснай заходняй цывілізацыі выявіць. Дык ён яе і выяўляе. Дыскрэтную, пазбаўленую адчуваньня цэласнасьці сьвету, раздробленую сумяшчэньнямі несумяшчальнага не адно ў мастацкіх тэкстах, ня толькі ў словах, фарбах і гуках. Усё больш несумяшчальныя крытэрыі, найперш маральныя, якія выпрацавала заходняя цывілізацыя за дзьве тысячы гадоў хрысьціянства, з рэаліямі жыцьця, пра сэнс якога ўсё менш пытаньняў. Таму, падобна, час пазбаўляцца ад звыклых і рыхтавацца да новых захапленьняў. Можа быць, ня так зьвязаных з Богам на крыжы, як з тымі, хто яго раскрыжаваў. Ці, у лепшым выпадку, з тымі, хто зьняў з крыжа.
У кожным з нас пульсуюць свае алгарытмы сумяшчальнага і не. Тэксты Дзьмітрыя Плакса нагадалі мне дзёньнікавыя запісы Паўла Уліціна, пісьменьніка-дысідэнта. Сярод запісаў: “Заплюшчыць вочы і з заплюшчанымі вачыма бачыць распалены туман”. Вось нешта падобнае, штосьці такое адчуваў я, чытаючы адзін за адным гэтыя 30 тэкстаў. Аж да апошняга: “Раз пораз раз за разам па круземо і ёсць яшчэ шанцы”.
Можа быць, і ёсьць.


Аксана Данільчык, паэт:
нататкі на палях “трыццаці тэкстаў”
існуе вялікая спакуса напісаць гэтыя нататкі ў стылі вершаў дзьмітрыя плакса але абмяжуюся выключна падзагалоўкамі

край мой шча сьлівы не шчасьлівы

У мяне на працягу апошніх некалькіх гадоў (у сувязі з тым, што я чытаю даволі шмат сучаснай паэзіі) назіраецца ўстойлівае жаданьне чытаць паэтычныя кнігі выключна дзеля задавальненьня ўласных душэўных запатрабаваньняў. Не, безумоўна, пакуль не прачытаешвывады ня зробіш, але час ад часу я такія кнігі, дзякуй Богу, знаходжу. І тут справа не ў эстэтыцы і не ў філасофіі, а хутчэй у спалучэньні гэтых акалічнасьцяў. І ў сугучнасьці маім уласным адчуваньням ад акаляючага сьвету. Прычым, я чытаю паэтычную кнігу, як мае быцьад першай старонкі да апошняй (магчыма, не адразу, але тым ня менш). Перадапошнім разам атрымаць задавальненьне атрымалася ад кнігі Алеся ЧобатаКрай мой шчасьлівы” (ня дзеля параўнаньня, а як канстатацыя факту). Апошнім разамад кнігі Дзьмітрыя ПлаксаТрыццаць тэкстаў”, прычым поўнае задавальненьне атрымалася пасьля поўнага ж прачытаньня.
Дарэчы, напісаланя дзеля параўнаньня”, а цяпер падумалаа чаму не? Ёсьць нешта агульнае ў сьветабачаньні абодвух паэтаў. Магчыма, вострае адчуваньне той фазы, таго перыяду эвалюцыі нашай краіны і нас саміх, у якім мы ўсе існуем. “...ня лезьтваё месца на беразе: тут глядзі як Створца майструе сьвет...”, – піша Алесь Чобат. “...я гляджу на гэта збоку позіркам назіральніка”, – спрабуе пераканаць сябе (і нас таксама) Дзьмітры Плакс. Але мы ведаем, “гэта” – ёсьць нашае жыцьцё, усіх разам і кожнага паасобку, і як ты не абстрагуйся, тыу ім. А чаму яно такое... Таму што “...як тут ні кінь выгнаньне”. І ў Скідзелі, і ў Стакгольме. Столькі разумных кніг напісана пра фармаваньне пазітыўных намераў, мы іх фармуем, фармуем, а ў выніку... А ў выніку – “...неба жывое мо і ёсьць яшчэ шанцы”. І для нашага пакаленьня таксама?

пра на дзею і без надзей насьць

Найбольш цэласнымі мне ўяўляюцца кнігі, дзе сацыяльнае спалучаецца з асабістым, г. зн. жыцьцё прадстаўленае ў разнастайнасьці сваіх праяваў. Цытаваць вершы Дзьмітрыя на тэму каханьня (лепшага слова пакуль што не прыдумалі, але ў маім сталым веку ўжываю яго з перасьцярогай), немагчыма, бо тады іх трэба цытаваць цалкам. Але тут я б сказала іншае: у кнізе Плакса існуе каханьне празбаюся ўздыхнуць”. Надта ўжо ўсё няўстойліва навокал. “...так нельга немагчыма не дазволена я больш не магу мне забаронена я ня маю права”. Мы маем права быць шчасьлівымі. І маем права кахаць. Мымаем права.
Як маем права на краіну нашых мараў. Але найперш мы павінны прыняць тую, якая ёсьць.

тэорыя на практыцы тэорыі

Ня ведаю, наколькі шчыльна вывучаў Дзьмітры Плакс кнігі Умбэрта Эка і ці вывучаў іх увогуле, але надта ўжо добра падпадаюць яготрыццаць тэкстаўпад паняцьцеадкрытага твору”, “зразумелага як поле шматлікіх і адначасова раўназначных інтэрпрэтатыўных парадыгмаў, што вымушаюць спажыўца па-рознаму прачытваць адзін і той жа твор1. Не, з першага разу ня кожнаму такое спадабаецца, такоедля неленаватых. Такоез трэцяга ці чацьвёртага разу. Бо першы раз чытаеш адно, другі раздругое, на трэці, магчыма, ты ўжо супакоішся і расставіш акцэнты, але хто можа гарантаваць, што ў чацьвёрты ці ў пяты раз акцэнты не пераставяцца? Звычайна, аўтары, калі не ўжываюць знакаў прыпынку і вялікай літары, дзеляць усё ж такі свае вершы на радкі, надаюць ім структуру і чытач ведае, дзе ён хоць павінен спыняцца. Плакс вялікую літару ўжывае, прынамсі, адзін раз на вершу пачатку. Наколькі ён зруйнаваў структуру? Як на маю думку, структура засталася, бо застаўся рытм верша. На ім усё і трымаецца. Але гэты вершяк пакой з двума дзьвярыма (нехта скажа, што можа і болей). Можна зайсьці з аднаго боку, а можна з другога. І гэтаксама выйсьці.
Для мяне, у выпадку з кнігай Плакса, немалое значэньне адыгрывае асабістае веданьне аўтара, бо некаторыя вершы я, безумоўна, прачытваю інакш, чым проста староньні чытач. Я ўжо іх бачу. У прынцыпе, усенестароньнія спажыўцыіх чыталі (і ўслых таксама) з веданьнем. Гэта той стан, які залежыць ад суадчуваньня (рэчы з тонкага сьвету). Калі чытаеш услых, графічная выява твора страчвае значэньне, застаецца слова ў чыстым выглядзе, ці, дакладней, у чыстым гучаньні. Са сваім сэнсам. А тут ужо што каму бліжэй.
і што ж такое кні га

Вяртаюся да пачатку. Кніга (паэзіі, прозыня важна) – ёсьць твор экзістэнцыйны сам па сабе, бо сьведчыць аб экзістэнцыі (існаваньні) аўтара. Ня буду спыняцца на мастацкім афармленьні, для мяне кніга Плакса мела б такое ж значэньне, нават калі б яна была надрукаваная проста на белай паперы. Але сімвалы, раскіданыя ня толькі па вершах, але і па ілюстрацыях... Гадзіньнік, дарога (часьцей за ўсё шаша, але ёсьць і брукаванка), сьняжынкі (а можа ружы ўсіх магчымых вятроў), літары, рассыпаныя як чарніцы... Фон ці паўнамоцныя дзейсныя асобы? Ёсьць над чым падумаць. Раз наватмуха цяжка цягнецца жоўтым цагляным шляхам вузкім паміж рускім і ляхам заўжды са страхам”. Не магу ізноў не зьвярнуцца да Алеся Чобата: “на стратэгічнай шашы ГроднаМінск / напішы на кавалку картона / куды хочаш / а потым стой і чакай / куды возьмуць”. Хлопцы, а можа самі куды-небудзь паедзем? Ці паляцім? Туды, “дзе жыцьцё падобнае на неба”.
“...бо навошта у небе існуюць крылы”? І навошта яны нам?
Гэта, бадай што, галоўнае пытаньне, якое застаецца адкрытым...


Анатоль Івашчанка, паэт:

Плаксавы пазлы: інструкцыя па чытаньні
Са словаў Дзьмітрыя Плакса, выказаных аўтару гэтай рэцэнзіі, калі той паведаміў аб сваім сьціплым намеры яе пісаць, тэксты з кнігіТрыццаць тэкстаўнельга разглядаць паасобку, бо [цытата]: “усе яны насамрэч ёсьць адзіным тэкстам” [канец цытаты]. Верагодна, паэт сьцярогся таго, што ягоная беларускамоўная кніга будзе аналізавацца (то бок прэпаравацца) паводле мастацкіх прыёмаў, сродкаў, метадаў і да т. п. з далейшым раскладаньнем паэтычнае матэрыі па палічках... І, трэба сказаць, сьцярогся ня без падставаў. Бо ў кры[к]тыка ўзьнікае вялікая спакуса расставіць словы а-ля сілаба-тоніка (як калісьці гэта зрабіў паэт Васіль Вітка з разанаўскімі квантэмамі), зьвёўшы няўрымсьлівы эксьперымент да абсурду. Вядома, мы ня будзем тут займацца падобным блюзьнерствам, хаця часам і карціць (прынамсі, у папярэдняйрускамоўнайкнізе Плакса такая практыка магла б мець плён). Так, сілаба-танічны пачатак навідавоку (і ня трэба быць крутым тэарэтыкам, каб тое заўважыць), але акцэнтаваць увагу выключна на гэтым ПЛАсьцег. зн. значна звужаць інтрыгу тае гульні, што распачаў з намі аўтарТрыццаці тэкстаў”.
За словамі за думкамі зласлоўнымі задумкамі за гарамі за лясамі самалёт збудуем самі самі сеем самі пём і саміх сябе пяшчотна так з вялікаю такою і шчыраю непадробленаю і натуральнаю ад імя і па даручэнні кіраўніцтва дзяржавы ад усяго сэрца ад душы мякка і далікатна але ў той жа час цалкам самааддана і ў адпаведнасці са слоўнымі традыцыямі продкаў змагароў асілкаў герояў і сейбітаў кахаем
А тое, пра што хацелася б казаць сьпярша, – гэта пра вымярэньне паэзіі. Не, ня ў тым сэнсе, што да паэтычнага тэксту трэба прымяняць матэматычныя прынцыпыпадлічваць і сістэматызаваць гукі, літаркі, радкі, памеры (хаця падобная практыка ў сёньняшнім актуальным вершазнаўстве актыўна ўкараняецца), апра тое(тыя) паэтычнае(ыя) вымярэньне(і), што можа(гуць) узьнікнуць праз паэтычны тэкст у існым прасторава-часавым кантынууме.
Паводле тэорыі Эйнштэйна, чацьвёртым вымярэньнем у сусьвеце ёсьць час. Паводле Плакса, ягоныяТрыццаць тэкстаў” – гэта трыццаць хвілінаў. Той час, які патрэбны паэту, каб дакрочыць ад стакгольмскае кватэры да бліжэйшай станцыі метро. Аўтарскія фотавыявы, якімі аздоблена кніга, – фрагменты тае прасторы, што выхаплена падчас гэтага шляху-шпацыру. Да ўсяго, як прызнаўся паэт у часе вышэйпамянёнай гутаркі, над тэкстам(і), што склаў(лі) кнігу, ён працаваў цягам дзесяці гадоў. На вокладцы нездарма выяўлены гадзіньнікавы механізм (у кнізе, як пабачым, наогул шмат чаго нездарма, нягледзячы на ўяўны алагізм і нібыта-імправізацыйнасьць выкладу)... Вось жа, чаму б, сьледам за некаторымі фантастамі сярэдзіны мінулага стагоддзя, не зрабіць дапушчэньне, што тэкставая тканіна, трансфармуючы ў межах пэўнай герметычнай структуры і час, і прастору, прыадчыняе шчыліну ў нейкае (пятае) вымярэньне? Чаму б і не?..
Вядома, аўтар гэтай рэцэнзіі, як і пераважная большасьць чытачоў, што не валодаюць экстрасэнсорнымі здольнасьцямі, не адшукаў бы гэтага [схаванага] канцэптуальнага ключа без падказкі аўтара, які з нейкіх прычынаў не захацеў пазнаёміць са сваёю задумаю чытача. Нягледзячы на ўяўную другаснасьцьілюстрацыйнага афармленьнякнігі, падалося цалкам дарэчным пачаць нашуюінструкцыю па чытаньніменавіта з гэтага, выяўленчага, а ня тэкставага складніка. Бо, як падаецца, тут не выпадае казаць як пра другаснасьць аздабленьня, гэтак і пра першаснасьць уласна тэксту. Абодва гэтыя чыньнікі ў кнізе валодаюць раўназначнымі (узаемадапаўняльнымі) адносінамі. Пры гэтым, няма падставаў лічыць матываваным скарыстаньне ў адносінах да тэкстаў (пардон, Тэксту) Дзьмітрыя Плакса панятку візуальная паэзія. І тут няма супярэчнасьці.
Перш як патлумачыць сваю тэзу, мушу абмовіцца, што, рыхтуючы гэты бліц-крыт, я вырашыў адысьці ад усталяванае завядзёнкі й напісаць рэцэнзію без аглядкі на тэксты іншых эксьпертаў. І вось, калі рэцэнзія была амаль гатовая (прынамсі, у галаве), на сайцеРадыё Свабодыя натрапіў на разборнапраўдзе прафесійны і сумленны, трэба сказаць, разборкнігі Д. Плакса Юрасём Пацюпам. І дзякуй Богу, што натрапіў (хаця гэтым і ўскладніў сабе жыцьцё)! Бо інакш быў бы не заўважаны істотны ўяўленчы стэрэатып што да паэтыкі Плакса: калі аўтарытэтны дасьледчык разглядаеТрыццаць тэкстаўякпершую кнігу канкрэтнай (“жалезабэтоннай”) паэзіі па-беларуску”, то на гэтую ж вуду можа злавіцца йшараговычытач. Для тых, хто ня ў тэме, канкрэтная паэзія, як слушна адзначаесвабодаўскірэцэнзент, ёсьць скрайняй праявай паэзіі візуальнай (што да словажалезабэтонная”, якая, як бачым, выступае сінонімам паняткуканкрэтная”, то яго канатацыя з тэксту артыкулу засталася для мяне цьмянай).
Вось жа, пры ўсёй павазе да Юрася Пацюпы як да паэта і тэарэтыка ў галі­не паэтыкі, я змушаны рашуча настойваць на тым, штоТрыццаць тэкстаўДзьмітрыя Плакса маюць даволі далёкае дачыненьне да феномену візуальнай паэзіі. Натуральна, у творах Плакса прысутнічаюць сродкі візуалізацыі (пра іх ніжэй), але ж візуальная паэзія ёсьць штукай нашмат больш канцэптуальнай, чым гульня са шрыфтамі і гукапісам (я гугліў). Памылка палягае ад атаясамленьня першатвору (уласна тэксту) з яго мастацкім афармленьнем, зробленым, дарэчы, нават ня Плаксам, а мастаком Ігарам Корзуным (няхай сабе і па ўзгадненьні з першым). Тэкст на правых (няцотных) старонках кнігі Юрась Пацюпа называелінейным, ясным, як Божы дзень, запісам-паўторам”. Насамрэч жа, ніякі гэта не паўтор і не люстраваньненекамунікацыйных графічных камбінацый тэксту” (Ю.Пацюпа), але ўласна зыходны тэкст.
Ніхто ня кажа, што твор візуальнай паэзіі ня можа мець дадатковага варыянту. Добрым прыкладам тут можа слугаваць кнігавершасловаўАлеся Разанава (“Wortdichte”), напісаная па-нямецку, дзе сапраўды мае месца люстраваньне двух відаў візуальнага запісурукапіснага й друкаванага. І абодва гэтыя запісы лёгка расчытваюцца без узаемнага пасярэдніцтва. У выпадку ж з тэкстамі Дзьмітрыя Плакса ў 95 адсотках левыя (ілюстрацыйныя) бачыны ня могуць быць расчытаныя без зыходнага (правага) тэксту. Больш за тое, трэцяя частка тэкстаў наогул ня мае аніякіх паралельныхграфічных камбінацый”, маючы ў якасьці паралельных выяваў канцэптуальныя фотаздымкі, пра якія казалася вышэй. Такім чынам, у кнізе адбываецца нармалёвае суіснаваньне тэкставага (праца паэта) і ілюстрацыйнага планаў (праца мастака).
Прасьцей кажучы, калі ўявіць, што падобны праект выйшаў бы толькі ў голым такім выглядзе, які маюць паралельныя выявы Корзуна (ці падобным да яго), гэта шчэ можна было б разглядаць як праяву візуальнай паэзіі, выводзячы яе ад рэальнай паэзіі сярэдзіны ХХ ст. і мэйл-арту. Пры наяўнасьці ж апорнага (зыходнага, першаснага) тэкстудаволі традыцыйнага з графічнага гледзішчаякі ўласна не патрабуе ніякіх візуальных датлумачваньняў, ілюстрацыйная частка ўспрымаецца выключна як... ілюстрацыйная частка. Ня больш і ня менш. Пры гэтым, паўтаруся, яна, вядома ж, уплывае на ўспрыманьне зыходнага тэксту і ня ёсьць нейкім чужародным элементам, але, наадварот, – яго арганічным працягам-дапаўненьнем.
Але, баюся, мая рэцэнзія на Плакса пагражае пераўтварыцца ў рэцэнзію рэцэнзіі Пацюпы, тамувяртаемся да тэкстаў...
Калі казаць пра тэхнічны бок разгляданых вершаў(?), то прыёмаў-вынаходак (ці, як кажуць, “фенекціфішак”) на квадратную старонку тэксту ў кнізе Дзьмітрыя Плакса шмат. Але не зашмат, без злоўжываньняў. Сярод рэгулярных прыёмаў трэба адзначыць той, калі эфект паніжэньня ці павышэньня тэмбру чытаньня абазначаецца адпаведна павелічэньнем/памяншэньнем шрыфту. Падобная рыса, дарэчы, прысутнічае ў грузінскіх сьпевах (ізноў жа дзякуй аўтару за падказку), калі сэнсава значныя моманты ці лагічныя націскі акцэнтуюцца праз паніжэньне, а ня звыклае павышэньне голасу... Пры гэтым, запіс усіх тэкстаў выкананы ў адным ключыпа прынцыпе спантаннага занатоўваньня без пунктуацыі й без разьбіўкі на абзацы бяз лесьвічак і іншых графічных штукаў што мае на мэце сімуляцыю нязмушанасьці творчага працэсу з спарадычнай гульнёй памерамі шрыфтоў і адбіўкамі для абазначэньня паўзаў. Дарэчы, такі запіс ёсьць спосабам набліжэньня візуальнага пісьма да таго, як усё гэта мусіць гучаць, у чым бачыцца яшчэ адзін доказ скіраванасьці паэтыкі Плакса ня толькі (й ня столькі) да візуальнага ўспрыманьня. Падчас аўтарскага чытаньня ўсе названыя прынцыпы (паўзы, паніжэньне/павышэньне тэмбру й зьмены тэмпу) рэгулярна выконваюцца. Паказальна, што, калі на прэзентацыі кнігі гэтыя тэксты чыталіся пад музычнае суправаджэньне забароненых бубначоў з гурта “Drum Extasy”, яны, замест партытураў, ляжалі й перад музыкамі.
Ёсьць, натуральна, і чыста графічныя фішкі-фенькі, якіх не перадасі пры чытаньні. Напрыклад, [хуліганскі] вершУсмешка паўадкрытая трохі...” абапіраецца на словасукенка”, ад якога ў абодва бакі выбудоўваецца тэкст. Альбо квадратныя дужкі дазваляюць чытаць тэкст (гл. с. 11) у некалькіх варыянтахз улікам дужак і без. Альбофірмовы Дзьмітраў прыём, калі чытачу прапануецца самому даскладаць пэўную словаформу праз вылучаныя памерам шрыфту афіксы... Прыёмаў напраўду шмат, і кожны з іх заслугоўвае асобнага разгляду для фанатаў літхірургіі, да якіх я сябе, на жаль, не прылічаю. Да таго ж, ня будзем забывацца на назоў нашае рубрыкі.
І ўсё ж, астатні раз зьвярнуўшыся да рэцэнзіі Юрася Пацюпы, яшчэ некалькі прыёмаў-вынаходніцтваў мы разгледзім. Вось спадар Пацюпа знаходзіць у тэкстах Плакса больш за дзясятакмаскалізмаў”, завяршаючы сваю тэрміналагічна насычаную рэцэнзію моўным лікбезам. Але, прыгледзеўшыся, заўважым, што ня ўсё так страшна (асабліва калі ўлічыць тое, што ня самыя горшыя рэдактарыпавалялісякаля Плаксавых тэкстаў). Напрыклад, сп. Пацюпа ўказвае на словапагадзіяк на русізм, прапаноўваючы замест ягопачакай”. Але ж ёсьць у беларускай мове дзеяслоўпагадзіць” (дарэчы, у арыгіналепа га дзі чакай не з нікай” – яўная інверсійная гульня (с. 21)) у значэньнізамірыць”. Далейпадобны напрапануецца замяніць нападобны да”. Але зірнем на пачатак вершу: “На што падобнае дрэва на дрэва на што падобнае мора на мора...” (с. 17). Так, трэбападобны да мора, дрэва і г.д.”, але відавочна, што тут маецца дадатковы сэнс, які можна сканструяваць наступным чынам: Нашто падобнае дрэва на дрэва? Нашто падобнае мора на мора?.. і г.д. І не магу ўтрымацца, каб не працытаваць урывак з тэксту, дзе ёсьць аж тры русізмы і адзін жаргарнізм (вылучаныя тлустым), што так рэжуць рафінаванае вуха паэта-дасьледніка: “...хто скажа дзе праўда дзе лажа дзе каханне дзе жаданне дзе па вадзе кругі не той другі іншы глядзіць вачыма гучыць імша ідзе прама ля царквы брама пад ёй лужа холадна дужа ладна няладна гляджу складна на сябе самога сабе ў рот лёд” (с. 9).
Рэч ня ў тым, што Дзьмітры Плакс ня ведае, што па-беларуску трэба няпрама”, апроста”, няхоладна”, ахалодна”, нялужа”, алужынаі г.д., парушаючы норму ці ўпускаючы ў свой тэкстмаскалізм”. Ведае цудоўна, паверце! Спароўваньне розных пластоў лексікі (і з пасіўнага ўжыткуад архаізмаў да жарганізмаў, – і запазычанай лексікі) у яго тэкстах цалкам сьвядомае. Каб разабрацца ў паэтыцы Плакса, трэба зразумець яе звышмэту (механіку). А янау пошуку (вяртаньні) слову (беларускаму слову) яго падсьвядомаснай (архетыповай) значнасьці (канатацыі). І такая рэч, як літаратурная норма ў падобнай, амаль дасьледніцкай, працы ня ёсьць чымсьці непарушным. Усё гэта бачыцца блізкім да таго, што Алесь Разанаў рабіў у сваіх квантэмах і вершаказахмедытацыя на гукі-кванты (памятаеце, “гук электрон верша”?), у якіх можна падслухаць і рэха нараджэньня сусьвету, і, як у борхесаўскім Алефе, – зьмясьціць гэты сусьвет, і паспрабаваць намацаць выйсьце ў іншае вымярэньне...
Вышэй ужо было ўжыта словагульня”. Так, з першага пагляду можа падацца, што аўтару НАчхаць на чытачані табе прадмовы-інструкцыі з хоць нейкім апісаньнем таго, як карыстацца гэтым пазлам-канструктарам, ці маніфесту мэтаў і задачаў паэтыкі/механікі) – чыстае мастацтва... Вось і Юрась Пацюпа адзначае: “перада мной халодны, як ледзяны калейдаскоп, квадратна-стрыманы, як архітэктон Казімера Малевіча, зборнік Дзьмітрыя Плакса”. Але гэта толькі з першага пагляду начхаць на чытача. Насампраўдзе ж аўтар прапануе нам свайго роду шараду. Беларускамоўныя тэксты Плакса можна параўнаць яшчэ з трохвымернымі стэрэамалюнкамі (сам паэт у нейкім інтэрвю параўнаў іх з канструктарам лега), у якія трэба пэўны час паўглядацца, каб пабачыць выяву як ёсьць, у абёме. Розьніца толькі ў тым, што ў паэтычных 3D-малюначках убачанае будзе больш індывідуальныму залежнасьці ад фантазіі чытача.
За бясколерным рэчытатыўным чытаньнем аўтар наўмысьля хавае ўнутраную экспрэсію. Для большага драйву я б параіў чытацьТрыццаць тэкстаўпад штосьці кшталту “Drum Extasy” (сам спрабаваўустаўляе). Дзіўна, яксвабодаўскірэцэнзент не заўважыў тае ступені пачуцьцёвасьці, якой поўняцца тэксты і якой нават ці не зашмат як для падобнага кшталту паэтыкі, гэтую вербальную выбуховасьцьстрафы” (плаксавай страфы? плаксаўкі? няхай тэарэтыкі ламаюць галовы ў пошуку назоваў). Папярэдняя кніга Плакса мела падназоўсентыментальныя тэксты”. Падаецца, гэты падназоў падышоў бы і да беларускіх тэкстаў паэта, а эпіграфам мог бы стаць радок: “баязьліва сорамна божа ж мой як здорава”. І дзе тут якаяквадратная стрыманасьцьці халадэча?..
Я хачу заляцацца да цябе гаварыць табе лялечныя жудасныя непрыстойныя рэчы чалавечы рытм ляскаць лашчыць мілаваць я бачыў іх на досвітку і злякаўся страшэнна хаця нічога не здарылася проста я падумаў што мне так нельга немагчыма не дазволена я больш так не магу мне забаронена я не маю права няўжо больш ніколі аніводнага разу не адчуеш адчаю заразы што вядомая ўсім хто стаяў вось так рана раніцай як ты я дво е
Апусьціўшы пафас пра беспрэцэдэнтнасьць гэнае кнігі для разьвіцьця і ўдасканаленьня айчыннае паэзіі ў рэчышчы агульнаеўрапейскага кантэксту й іншае блаблабла, дазволю сабе наступнае сьцьверджаньне: кніга Плаксаіспыт для тых, хто лічыць сябе аматарамі ці знаўцамі паэзіі. Вядома, знойдуцца кры[к]тыкі, што, пагартаўшы яе, абявяць творчы пошук паэта пераемнасьцю якога-небудзь канцэптуалізму. Маўляў, гэта мы ўжо праходзілі. Але, панове: а чаго мы (вы) шчэ не праходзілі? Няўжо абавязкова патрэбна падганяць усё пад нейкіізмзамест таго, каб проста... расслабіцца і атрымаць асалоду?.. Нават калі вы ня любіце эксьперыментальную паэзію, такую кнігу трэба мець, каб праз дзясятак гадоў не было пакутліва сорамна перад дзецьмі, што ў вашай бібліятэцы яе няма.
Той, хто спрабаваў чытаць стэрэакарцінкі, ведае, што патрэбны час, каб за россыпам знакаў і лініяў навучыцца бачыць выяву. Атрымліваецца не ва ўсіх. Але, магчыма, у гэтым і кайфкаб не ва ўсіх?..


Марыя Мартысевіч, паэт, перакладніца:
Сенсацыі не адбылося
На мой погляд, пра выхад кнігіТрыццаць тэкстаўДзьмітрыя Плакса было заяўлена занадта гучна. Чытачу было абяцанае ледзь ня новае слова ў гісторыі беларускай літаратуры, а эксьперыменты аўтара былі абвешчаныя сьмелымі і рызыкоўнымі нават на фоне таго, што сёньня вырабляе творчая моладзь. Як на мяне, паэтычнай сенсацыі не адбылося. Дзьмітры Плаксстандартны паэт беларускага вершавага авангарду. Найбліжэйшым яму па духу ёсьць, відаць, Арцём Кавалеўскі з яго зборнікам вершаўАдмыСЛОВЫя гульні”. У галоўным мастацкім прыёме Плаксананізваньні сугучных словаў, прасочваецца радасьць неафіта беларускай паэзііздаецца, аўтар наўмысна сабраў самыя знакамітыя рыфмы і прыёмы славянскага вершаваньня: Няма і нема капітана Нема”… “турботы залішнія боты” “падковы-выпадковы і асабліва без сонца-бясконцаусё гэта або ўжо недзе было, або наўпростпаэтычныя штампы. Але абаяльнасьць вершаў Плакса ў тым, што аўтар пра гэта не здагадваецца, аранжыруючы старыя песьні ў абсалютна новай танальнасьці. Ёсьць падазрэньне, што Плакс складае тэксты для беларускага рэгі: “…цагляным шляхам вузкім паміж рускім і ляхам заўжды са страхам”.
Галоўная рыса паэзіі Плаксаспалучэньне еўрастандарту і беларускага каларыту. Аўтар, добра знаёмы са шведскай і беларускай паэтычнымі традыцыямі, сьвядома ці не, скамбінаваў іх. “Трыццаць тэкстаўгучаць даволі нефарматна, а таму вабяць.
У густоўным, квадратным па фармаце выданьні, звычайная паэзія спалучаецца з фота, графікай, візуальнай паэзіяй. Кнігу Плакса прыемна гартаць, мацаць, круціць у руках, насіць у сумачцы. А гэта таксама шмат значыць. Бо паэзіягэта незвычайна, нестандартна, прыгожа. КнігаТрыццаць тэкстаўзробленая з толкам, пачуцьцём, расстаноўкай і надзвычайным густамі ў гэтым плане выданьне, безумоўна, атрымалася.


Валерыя [Валярына] Кустава, паэт:
Тэксты Плакса – як рыба фугу
Жыцьцёмарнасьць. І калі яно чагосьці і вартае, то хіба што сябе самога. Прыслухаемся да кнігі, прыгледзімся. Аголеныя галіны дрэваў восені ў просіні напрыканцы капцы...
Сьвет пабачыла першая беларускамоўная кніга Дзьмітрыя ПлаксаТрыцаць тэкстаў”. Менавітатэкстаў, гэта ня вершы ў агульнапрынятым разуменьні, а менавіта тэксты, больш падобныя да мантраў, медытацыяў (прадуманых медытацыяў), якія, як даводзіць сам аўтар, найудалей акрэсьліваюцца новажанрам рэчы_та_ці_вы (рэчы_та_ты_вы?). Яны маюць адмысловы свой гук, свой тэмпарытм, як кадры з фільмаў Эйзенштэйна.
Плакс прашэптвае свае медытатыўныя снабачаньні на ракавіну сусьвету, каб, дайшоўшы да шэпту, прамацаўшы кожнае слоўца і тое, што між словамі, пачуць рэха, а рэшткі словаў (памоўленага) скласьці ў новыя радкі. І зноў разабраць іх, як кубік Рубіка. Цела тэкстаў Плакса рухомае, але працятая адным стрыжнем, нанізанае на адну лёску: хоць на руку накручвай у тры колцы, як бранзалет (для прыгажосьці), хоць на шыю ў адно (для іншага чаго).
Менавіта такія, як Плакс, здольныя да таго, каб вынайсьці наноў вершапіс (тэкстапіс?), каб палюбавацца словам, адчуць на смак ды водар. І тое, што можа падацца выпадковым на першы і нават на другі погляд, невыпадковае. Дакладней, і выпадковасьці ў яго тэкстах прадугледжаныя. Як мазаікі ў калейдаскопе кожны раз выпадаюць розныя, але разам з тым першапачаткова іх варыянты ўжо кімсьці складзеныя, вывераныя, сістэматызаваныя.
Ня трэба ў іх разьбірацца, аналізавацьяшчэ больш няўдзячная справа, бо найхутчэйрасчаруешся, бо гэта ня той метад.
Тэксты Дзьмітрыя, як рыба фугу, калі няправільна іх ужывацьатруцішся. Калі па рэцэпцеадчуеш вытанчаны смак і атрымаеш асалоду. А інакш застаецца толькі непаразуменьне, чаму табе пасьля прыняцьця трыццаціняўцямна, а іншамуфайна. Вось у чым адмысловасьць: напісана-такі не для ўсіх, хоць кожны мае шанец паразьбірацца, калі возьмецца, вядома.
Мова недасканалая штука. Добра, калі мы разумеем дзясятую частку таго, што кажам адно аднаму. Добра, калі разумеем менавіта тое, што хацелі сказаць, што сказалі нам. Мова дадзеная для таго, каб яе заняло. Ад дзіва. Ад трымценьня перад пачуцьцём, чалавекам, сустрэчай, вобразам... Мову трэба вынайсьці наноў. Даўно трэба. Дзьмітры не пераназываў словы, ён проста, вярнуўшы ім самабытнасьць і смак, стварыў новую мову. Новы вершапіс. Мову дотыкаў да словаў. Мову дакрананьняўперадусім візуальных і слыхавых. Калі чытаеш ня кнігу, ня вершы, а хіба што набліжаешся да таго, каб зразумець слова, слова, што поруч са словам, і слова, якое за словам, і слова, што словам паганяе. Калі галоўнаеміж радкоў. Прыслухайсяі аддайся гуку. І ўсё будзе так, як мае быць. І гэта будзе твой гук. І гэта будзе твой сьцяг. І гэта будзе твой знак.
Вы калі-небудзь бачылі, як чытае Плакс? Каб успрыняць, наблізіцца да тэкстаў, варта пачуць чытаньне аўтара. Уявіце... Ён стаіць пасярод cцэны ці ў куце, але ў любым выпадку стаіць так, нібы пасярод, у профіль. У правай руцэкніга, а левая ў кішэні перабірае, нібы ружанец, нябачныя склады-лады, прамацвае... І як птах разжоўвае і аддае іх нам, як птушанятам, дзюба да дзюбы: бярыце, харчуйцеся мною, маім словам. І закалыхвае, і загушквае. І сам, як пры акце стварэньня, хістаецца ад краю да краю... Хадзі да мяне, бяры мяне, вось мае словы табе... Перад наміакт сутворчасьці, у якім і адбываецца, становіцца паэзія аўтара. Акт, без якога яна не адбудзецца. Акт, у якім ты, чытач, не галоўны, але і ня другасны, а нароўні з чараўніком.
Мае любімыя месцы ў плаксавых вершахфіналы. Плакс файна ўмее заканчваць. Плакс жывое ўвасабленьня жарту, што колькі год блукае ў кулуарах сучбелліту: дзяўчаты любяць паэтаў за пачуцьцё рытму. І за гэта.
За што яшчэ цаню Плакса. За вершы ў радок: за вершапрозу. Так сталася, што я ніколі не рабіла гэтага мэтанакіравана і наўмысна. Неяк само атрымлівалася, прыдумлялася натуральна. Я заўжды аддавала перавагу сэнсу перад формай. Ды мне надзвычай падабаецца (я так і раблю з самага маленства, як навучылася трымаць асадку) пісаць вершы ў радок і бяз знакаў прыпынку. Тады, спалучаючы часткі асобных сказаў, ёсьць магчымасьць для фантазіі, і можна нават прачытаць у вершы больш і іначай, чым там напісана. Ствараецца пэўная двухсэнсоўнасьць успрыманьня адных і тых жа сказаў, словаў. Вобразы нібыта пераходзяць адзін у адзін, выплываюць адно з аднаго, раствараюцца, рэінкарнуючыся ў наступных і папярэдніх.
Мова як арганізм, які расьце, разьвіваецца, які ломіць і выкручвае, як казачны парастак, што мусіць вырасьці за адну ноч, каб сягнуць да аблокаў, як супергерой, які перанараджаецца ў новае цела, каб выратаваць сьвет. Зрэшты, гэта ўжо фантазія... якой не бракуе і Плаксу.
І яшчэ ў кнігі ёсьць вялізны плюс, як на мяне: яна спадабалася маёй маці.

P.S. Паводле Плакса:
А ты жывеш у сваім беларускім Стакгольме у вечным прадчуваньні Калядаў свой сярод чужых чужы сярод сваіх і марнасьць сплывае ў нябыт калі поруч зусім поруч (ня ў скайпе нават) табе прамаўляе твой сын уплятаючы за абедзьве шчакі (якія гадкоў праз сем таксама пакрыюцца рудой шчэцьцю) сталічныя (толькі беларускай сталіцы) глазіраваныя (як тваё маленства) сыркі якія ты вёз яму праз паўБеларусі а пасьля праз паўШвецыі праз мяжу ў небе дзе ня мусіць быць межаў а толькі... крылы ты мілы Плакс-кс-кс-кс-с то ж бо і як табе там за небам і трыццаць тэкстаў як нішто сабе кажаш нішцяк няхай так

Альбо па-наску:
А ты жывеш у сваім беларускім Стакгольме
у вечным прадчуваньні Калядаў
свой сярод чужых
чужы сярод сваіх
і марнасьць сплывае ў нябыт
калі поруч
зусім поруч (ня ў скайпе нават)
табе прамаўляе твой сын
уплятаючы за абедзьве шчакі
(якія гадкоў праз сем таксама
пакрыюцца рудой шчэцьцю)
сталічныя
(толькі беларускай сталіцы)
глазіраваныя (як тваё маленства)
сыркі
якія ты вёз яму праз паўБеларусі
а пасьля праз паўШвецыі
праз мяжу ў небе
дзе ня мусіць быць межаў
а толькі... крылы
ты мілы Плакс-кс-кс-кс-с
то ж бо
і як табе там за небам
і трыццаць тэкстаў
як
нішто сабе
кажаш нішцяк
няхай так
ліпень 2009