_____________________ Размова пра кнігу Уладзіміра Някляева “Цэнтр Еўропы” |
Даведаўшыся пра аб’ект абмеркаваньня гэтага “бліц-крыту”, адзін літаратар у сваім блогу сярод іншага напісаў: “Ясна, што цяпер зьбяруць каманду крытыкаў і будуць хваліць кнігу з палітычна прэтэнцыёзнай назваю “Цэнтр Еўропы” на старонках “Дзеяслова”. Дзе будзе там аб’ектыўнасьць, скажыце?”
На жаль ці на шчасьце, “Дзеяслоў” ня мае ў сваім распараджэньні “каманды крытыкаў”, якая б выконвала прыхамаці й замовы рэдакцыі. Эксьпертам “бліц-крыту” можа стаць абсалютна кожны – і масьціты літаратуразнаўца, і “шараговы” чытач. Кожны не абыякавы да сучаснага літаратурнага працэсу, незалежна ад яго эстэтычных, палітычных ці якіх заўгодна іншых прыярытэтаў.
Што да аб’ектыўнасьці, то мы далёкія ад думкі, што ісьціна нараджаецца ў спрэчцы. Але рэдакцыя “Дзеяслова” робіць усё мажлівае, каб на старонках часопісу адбывалася ўсебаковае крытычнае, вострае, шчырае абмеркаваньне актуальных пытаньняў беларускай літаратуры...
Мы прапанавалі цытаванаму вышэй аўтару ўзяць удзел у абмеркаваньні новай кнігі Уладзіміра Някляева, але ён адмовіўся. Маўляў, (цытуем) “Някляеў – чалавек не малады, і я не жадаю яго траўміраваць перадрукоўкамі (на ЖЖ у нас рэагуюць пакуль ня так хваравіта, як на часопісныя публікацыі)”. Між тым, водгукі нашых эксьпертаў, як і раней, гэтак, спадзяемся, і надалей, ня ёсьць хваласьпевамі ці, наадварот, пасквілямі, але – спробамі разабрацца ў зьяве творчасьці аднаго з самых чытаемых і неардынарных сучасных беларускіх аўтараў.
Аб’ектам наступнага “бліц-крыту” стане кніга Васіля Якавенкі “Пакутны век”. Лістуйце!
Рыгор Барадулін, Народны паэт Беларусі: Чытаеш і чуеш голас
Уладзімер Някляеў заўсёды нечаканы , бо сапраўдны майстра , маэстра .
Ён шалёны да геніяльнасьці . У паэзіі мы з гэтым звыкліся . А вось у прозе ён зноў зьдзівіў , ашаламіў .
Дасьведчанасьць , далягляднасьць мысьленьня , усьмешка , якая асьцерагаецца перарасьці ў кпіну , дакладнае апісаньне рэчаіснасьці і вясёлая фантастыка , у якую верыш ... І ўсё гэта з глыбінным веданьнем крывіцкай (нездарма ж карані ягоныя ў Крэве ) матчынай мовы .
Чытаеш і чуеш голас Уладзімера , сына Пракопа , які перагукаецца і з даўніной , і з надзённасьцю (ня блытаць з аднадзённасьцю ).
Уладзімер Някляеў ня лозунгавы беларус , натуральны , як дзень , як лес , як валун . Пра тое , што яму баліць , ён кажа як быццам з усьмешкай , ад гэтага больш яшчэ болей гарыць .
“Цэнтр Еўропы ” – гэта не выкліковы загаловак , гэта сутнасьць асобы і творчасьці Уладзімера Някляева . Гэтая кніга мусіць будзіць думку , яшчэ раз нага даць беларусам , што яны Беларусы. Еўрапейцы ! Шкада , што ў кнігу не ўвайшла бліскучая эсэістыка Уладзімера Някляева .
Павал Абрамовіч, літаратурны крытык:
Поруч з літаратурай заўсёды крочыць цішыня
Літаратурны трэнд Беларусі — кнігай называць зборнік. Гэта калі зьбіраецца “да кучы” ўсё, што было напісана літаратарам за апошні час, і выдаецца. Такія зборнікі выходзяць досыць рэгулярна, і таму здаецца, быццам пісьменьнікі ўвесь час працуюць і друкуюцца, і людзям ёсьць, што чытаць. Аднак падчас чытаньня выяўляецца: тое ня кнігі, вартыя перачытаньня і захоўваньня, а менавіта зборнікі, у якіх зашмат неабавязковага, другаснага, немастацкага. Дарэчы, аўтарскіх правак у такіх “кнігах” нямашка — якім быў той ці іншы “твор”, калі яго ўпершыню зьмясьцілі, прыкладам, у газеце “Наша свабода” ці ў “жывым часопісе” ў інтэрнэце, такім і праз гады выйшаў, у зборніку. Але паколькі падобныя тэксты пішуцца для часу (чытай: для тых, хто патрабуе жыцьцёвай праўды), а ня вечнасьці, якая вымагае ад літаратара толькі мастацкай дасканаласьці, гэтыя праўкі, відаць, залішнія. Праца рэдактара над зборнікамі таксама зьведзена да мінімуму: “Ctrl+C — Ctrlc+V”.
Ужо каторы год у Беларусі размываюцца межы паміж мастацкім і публіцыстычным словам — і гэта жахлівей за вычварэнствы “апошняй дыктатуры Еўропы”. Прыгажосьці ў нашай краіне становіцца ўсё менш; публіцыстычныя сродкі ўсё часьцей выкарыстоўваюцца ў слоўным мастацтве, бо пісьменьнікі сталі думаць як журналісты. З часоў Гамера для літаратуры найперш былі стыль і ўяўленьне, кампазіцыя і персанажы, таленавіта распаведзеная гісторыя. Калі ж пісьменьнік у “творы” пералічвае нумары расейскіх воінскіх частак, якія штурмавалі Грозны, называе населеныя пункты Чачні, цытуе дакументы пра аул Хайбах — чачэнскую Хатынь, то яму ўсё гэта спатрэбілася, відаць, для пераканальнасьці (чаго?), доказу перавагі той самай жыцьцёвай праўды (над чым?). Аднак моц жыцьця праяўляецца ў тым, што яно цікавейшае за ўсялякія падробкі, імітацыі. Сьведчаньні ўдзельнікаў расейска-чачэнскай вайны, артыкулы журналістаў з абодвух бакоў скажуць больш пра тую вайну і вайну наогул, чым бездапаможны, кволы (у плане адлюстраваньня рэчаіснасьці і мастацкага пераасэнсаваньня падзеяў) тэкст Уладзімера Някляева, які ён пачаў у Менску, а скончыў — у Хельсінкі. Да таго ж хочацца адрасаваць аўтару словы ягонага героя з “Хайбаху”: “Ты ж з Беларусі, з іншай дзяржавы”. Сапраўды, ты з іншай дзяржавы, і таму, можа, лепш не шукаць сюжэты ў чужых хатах, няўдала выдумляючы чужое жыцьцё, а зазірнуць у сябе, пісаць, зыходзячы з асабістага досьведу, асабліва, калі лёс дараваў табе ўнікальную магчымасьць пяць гадоў спакойна займацца літаратурай у Польшчы і Фінляндыі. А калі (спакойна) займацца літаратурай (у Польшчы і Фінляндыі) не атрымліваецца, і голас грамадзяніна ў тваёй душы гучыць грамчэй за голас празаіка, пішы публіцыстыку ці аднаві, нарэшце, у Беларусі жанр успамінаў — Вільгельм Гауф пісаў мемуары ў 25-гадовым узросьце, а ў нас і 60-гадовыя на гэта не наважваюцца…
Так, сьвет не сышоўся клінам на адным “Хайбаху” — у зборніку ёсьць яшчэ 16 тэкстаў. Калі б Някляеў выдаў кнігу пра вайну Расеі і Чачні, мы б яе адклалі ў бок на старонцы чацьвёртай-пятай пасьля чарговага “дакументалісцкага” сказу накшталт: “Пад канец лета вайна ўжо была нібыта прайграная, і мужчыны захацелі жанчын”. А так маем з чаго выбіраць — сама канцэпцыя зборніка нівелюе яго літаратурныя агрэхі: ну трапіла адно слабое апавяданьне, што тут страшэннага, затое творчы працэс Някляева паказаны ў разьвіцьці, дынаміцы, затое ў сярэдзіне зборніка… затое напрыканцы… затое ў цэлым зборнік ого-го!
А мы возьмем першы, так бы мовіць, праграмны тэкст (рэдактар зборніка не прытрымліваўся храналагічнага прынцыпа, але быў у яго, відаць, рэзон зьмясьціць менавіта гэты тэкст пад нумарам “адзін”) — “Бомбу”. І пабачым аповед пра чалавека, які спрабаваў зьмяніць сваё жыцьцё і ня здолеў. Яго з дзяцінства прыніжалі, а ён, хоць і разумеў гэта і ірваўся ўзарваць (у прамым сэнсе) ненавісных яму людзей, у рэшце рэшт зьмірыўся з рэчаіснасьцю. Атрымалася ў Някляева схематычна. Перыяды жыцьця персанажу — ёсьць, гісторыі прыніжэньня — няма. Пра кнігу, у якой былі б такія заганы, чытачы і крытыкі сказалі б, што яна слабая. Аднак не забывайцеся: тут у нас зборнік, і ці чулі вы наогул, каб пра зборнік гаварылі, што ён — слабы?
Каб зьявілася кніга, трэба напісаць кнігу. Каб зьявіўся зборнік, дастаткова ўкласьці зборнік. Зараз літаратурным працэсам у Беларусі кіруюць менавіта ўкладальнікі зборнікаў, іх рэдактары — “шэрыя кардыналы” беларускага літаратурнага працэсу. Ад іх залежыць ня толькі зьмест кнігі (чытай: зборніка), але і… ягоная назва! Так, зборнік Някляева называецца “Цэнтр Еўропы”, хоць ніводны з 17 тэкстаў, што ўвайшлі ў зборнік, ня мае такога загалоўка. Аўтар прадмовы да “Цэнтру Еўропы”, пісьменьнік Андрэй Федарэнка, упэўнены, што чытачоў “прывабіць ужо сама назва (тут і далей вылучана мною — П.А.) ды імя аўтара гэтай выдатнай кнігі…”. Кідкая назва — звычайны піяр-ход, сродак прасоўваньня тавару на рынку. Імя аўтара як брэнд — гэта ж Някляеў, “тот самый вкус”! Сапраўды, прычым тут літаратура?..
Пітэр Хёг, 52-гадовы дацкі пісьменьнік, выдаў у 1992 годзе раман “Сьміла і яе пачуцьцё сьнега” і змоўк на 14 гадоў (у Расеі ягоная “Цішыня” ўбачыла сьвет толькі сёлета). Я заклікаю беларускіх літаратараў не сьпяшацца друкаваць усё, што выходзіць з-пад іх пяра, пазьбягаць зборнікаў, дзе “жук і жаба і Адам Глобус”, і памятаць: поруч з літаратурай заўсёды крочыць цішыня.
Алеся Лапіцкая, студэнтка філфаку БДУ:
Прарыў... дзеля чаго?
Галоўным, што засталося пасьля знаёмства з “Цэнтрам Еўропы”, сталася ўжо непахісная перакананасьць: зборнік, складзены аўтарам, варта чытаць ад пачатку, а ня брацца за творы ў адвольнай пасьлядоўнасьці. Каб, прыкладам, праз непрацяглыя апавяданьні пазнаёміцца з тэмамі й героямі, якія цікавяць пісьменьніка, і ўжо падрыхтаванай падысьці да радыкальных, трансгрэсіўных рэчаў. На жаль, зборнік прозы Уладзіміра Някляева застаўся кнігай, прачытанай няправільна, таму й уражаньне пакінуў супярэчлівае…
“Прага” й “Вяртаньне Веры” (да якіх зьвярнулася найперш) – творы з мяжовай колькасьцю брутальшчыны ды крымінальшчыны, дзе няма ніводнага прывабнага героя з нармалёвым ладам жыцьця: спрэс забойцы, прастытуткі, лесьбіянкі і, адпаведна, “трава”, спекуляцыі й гвалт. “Вяртаньне Веры” падаецца-такі аповесьцю больш прывабнай – праз наяўнасьць арыгінальных роздумаў над спрадвечнымі праблемамі Бацькаўшчыны і своеасаблівую кампазіцыю. Сюжэт тут разгортваецца, распавядаецца пасьлядоўна – вуснамі пяці галоўных герояў, якія, натуральна, характарызуюць адно аднаго і маюць даволі рознае сьветаўспрыманьне. Улюбёны прыём аўтара – поліцытацыя, ад якой увогуле часам патыхае “халтурай”, але менавіта ў творчасьці У. Някляева яго ўжываньне падаецца дарэчным і матываваным.
Між тым, з матывацыяй ключавых учынкаў персанажаў часам даволі слаба. Вось згадкі Наташы з “Вяртаньня Веры”: “Я ў Выбаргу нарадзілася, дзе няма чаго рабіць, таму ў Піцер паехала, каб там ці сьпявачкай, ці артысткай стаць. Стала прастытуткай, ды на тое напляваць…” – прымітыўнае тлумачэньне, бо ня ўсе ж дзяўчыны з Выбаргу ад няма чаго рабіць пайшлі шляхам Наташы… Ці ў аповесьці “Вежа” школьная настаўніца Хрысьціна Сымонаўна абураецца на амерыканскага мільярдэра за тое, што падчас ранішніх прабегаў па вёсцы той “набіраў, выходзячы з гасьцініцы, поўныя кішэні розных значкаў і праз кожную вярсту сеяў іх па трасе, і дзеці кідаліся на тыя значкі, як галодныя кураняты на проса, валтузячы адно адное…”. Так, Хрысьціна Сымонаўна выкладае ў дадатак да роднай мовы сьпевы й фізвыхаваньне, але падставы нянавісьці ці то прафесійныя, ці то ідэалагічныя, ці то эстэтычныя, дый наогул сітуацыя з сеяньнем значкаў якаясь ненатуральная. Альбо, прыкладам, у апавяданьні “Музей Броўкі” Сяргей Рыгоравіч Засевіч доўга пакутуе на тое, што ня можа знайсьці кагосьці, каб расьпіць армянскі каньяк толькі таму, што жонка настойвае, быццам “армянскі каньяк трэба было б выпіць з армянінам”. З іншага боку, магчыма, праз гэтыя моманты аўтар наўмысна выяўляе парадоксавасьць чалавечай натуры…
Адметнае ж у прозе У. Някляева тое, што пісьменьнік здатны ствараць герояў самага рознага характару, настрою, інтэлектуальнага ўзроўню, сацыяльнага статусу і жыцьцёвых поглядаў – прычым як другасных, так і галоўных, чым могуць пахваліцца далёка ня ўсе сучасныя беларускія пісьменьнікі. Праўда, некаторыя з герояў моцна раздражняюць сваёй павярхоўнасьцю, цынізмам, жорсткасьцю, але чаго іншага чакаць, прыкладам, ад Ражна, які “ў прыгарадзе нарадзіўся, у сельгаспасёлку. Пры любым горадзе такія пасёлкі ёсьць, і кожны, хто там жыве, з маленства ведае, што нарадзіўся ён і жыве для таго, каб біцца з гарадскімі”. Прычым, цалкам гідкіх герояў ва У. Някляева няма, кожны цікавы адмысловай рысай ці здатнасьцю да раптоўнай чалавечнасьці – але, разам з тым, зусім ня кожны зьяўляецца новым у сучасным літаратурным кантэксьце. Так у “Вяртаньні Веры” першыя тры апавядальнікі – “сваток” Павал, Наташа, якая працавала за “лэдзі” ў сьпецыфічным салоне жонкі вядомага парцейца, ды кілер-наркадылер Ражон патрэбныя найперш каб рэпрэзентаваць тыя групы грамадзянаў былога СССР, што гасьцююць у заможнай дэмакратычнай Швецыі, хаця наогул “паўсюль бяз розьніцы”…
Галоўныя героі аповесьці гэта, хутчэй, Сьвятаслаў ды Вера – патрыёты-барацьбіты, але не ідэалізаваныя ды не трагічныя да прыкрасьці. Сьвятаславу Ражон дае мянушку Бабыб: “гаварыў ён, трохі заікаючыся: “У нас бы-быў… дык бы-бы-ла б…”. Каб не вяртацца на Радзіму Сьвятаслаў вырашае каго-небудзь застрэліць – і забівае выпадкова сустрэтага на вуліцы Паўла, бо “па шведскім горадзе Мальма ён з чырвона-зялёным пакетам, з намаляваным на ім трактарам “Беларусь” ішоў”… Але спачатку Сьвятаслаў страчвае Веру – і каханую жанчыну, і ўвогуле, у змаганьне – адсюль ягоная разгубленасьць і паныласьць. Праўда, падстава разрыву (рэзкае нежаданьне Веры зьязджаць каб зрэшты “жыць разам, у сваім доме, сям’ёй, з дзецьмі”) крыху зьдзіўляе, бо літаральна праз дзень пасьля Сьвятаслава Вера таксама зьбягае ў Швецыю, змушаная ўжо іншымі абставінамі, і застаецца там відавочна надоўга, хаця ў прынцыпе праз пэўны час магла б вярнуцца назад. “Ён жорсткі, бо слабы. Жорсткі ад слабасьці,” – кажа Вера пра Сьвятаслава, шкадуючы пра 20 год узаемастасункаў: “Шэсьці, мітынгі, пікеты… Ні сям’і, ні дзяцей, ні хаты… Сям’ю напотым, дзяцей напотым… Напотым – само жыцьцё!” Узрушанасьць кабеты зразумелая, праўда, жанчыны, што спраўджваюцца як матулі ды гаспадыні, таксама ўздыхаюць па страчаных гадах і ня зьдзейсьненых – праз частыя дэкрэтныя – кар’еры…
Другая Вера ў аповесьці – шведская журналістка, да адзінай радзімкі, нават лёсам, падобная да першай – плюс наркаманка, праз што й памірае ў кватэры беларускай сяброўкі, прычым цалкам верагодна, што кайфовыя аплаткі трапілі да шведкі дзякуючы гандлю Ражна. Істотна тое, што жыцьцёвыя акалічнасьці герояў даюць магчымасьць аўтару ўвесьці ў твор еўрапейскі, адмежаваны (а, магчыма, свой асабісты) погляд на беларускія праблемы:
“Шведскі сьледчы ўсё хоча разабрацца, што там з намі і ў нас адбываецца.
– Вы першую палову жыцьця хадзілі на савецкія шэсьці: Першамай, Кастрычнік… Так?
– Так.
– А другую палову жыцьця – на шэсьці антысавецкія. Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях… Так?
– Так.
– Тады скажыце мне, падумаўшы: гэта нармальна?”
Гэткіх дыялогаў ды разважаньняў у аповесьці шмат і яны бясспрэчна надаюць твору важкасьці. Зьвяртае на сябе ўвагу й Наста – былая дзяўчына Сьвятаслава, якая колісь хадзіла разам з ім на Дзяды, але дасягнула высокай пасады ў дзяржапараце – так, што мае магчымасьць “прыкрываць” сяброў-нацыяналістаў. “А што тут такога? – зьдзіўляецца шведская Вера. – Што яна робіць кепскага? Кар’еру?.. Дык усе і паўсюль яе рабілі. Пры манархіі, дыктатуры, дэмакратыі. У нас, у вас. Ня трэба пра ўсіх сваіх горш чым пра ўсіх астатніх думаць”.
Гэтая ідэя – адна з галоўных і ў “Сароцы на шыбеніцы” Альгерда Бахарэвіча, праз што немагчыма ўтрымацца ад кароткага параўнаньня Насты з Веранікай – цудоўна створаным Бахарэвічам вобразам сучаснай дзяўчыны з “культурнай” адукацыяй, дыхтоўнымі валасамі і – пасьля наведваньня зьняволенага (па чыста крымінальных падставах) брата – задаволенай думкай, “што на восень яна сёлета мае напраўду шыкоўны гардэроб”. Вераніка прываблівае сваёй эратычнасьцю, тым, што яна вельмі-вельмі жывая і розная, тым, што яна сапраўдная і сапраўды стукае абсцасікамі пантофляў па прыступках тысячаў менскіх офісаў ды адміністрацыяў… Чытаючы кнігу, увесь час спадзяешся, што Я-герой Бахарэвіча зрэшты распавядзе, чым яшчэ, апроч зьнешняга, падабалася яму каханая. Аднак спадзяваньні не збываюцца, і Вераніка апынаецца-такі вельмі пустой, і разыначка, якую ў ёй магчыма было заўважыць, застаецца нявыяўленай. Наста ж больш моцная, энергічная й рэзкая, менавіта яна распавядае шведскай журналістцы пра месіянскасьць Беларусі – і за пераказаныя думкі Насты другая Вера атрымлівае прэмію…
Важна, што праз абодва гэтыя вобразы руйнуецца адзін з стэрыятыпаў мсьціўцаў, якія “рыхтуюцца да барацьбы, песьцяць памалу, бы пемзай, сваю прагу помсты” (А. Бахарэвіч) датычна ненавісных паслугачоў улады.
Мараль “Прагі” (зло не застаецца беспакарным) больш простая, таму твор падаецца слабейшым, нягледзячы на адмысловасьць інтрыгі. Калі шакуючая жорсткасьць апавяданьня “Хайбах” падаецца мэтазгоднай і абгрунтаванай, то ў “Празе” яе зашмат нават для таго, каб выявіць агіднасьць сучаснага сьвету. Калі Брызін згадвае пра штучныя роды каханкі – у якіх прымае ўдзел ягоная цяжарная жонка і, моцная натура, выкідае ў сьмецьцепровад пяцімесячны плод (ягонае ж дзіця) – а тады разважае, што “жыць усё ж хораша” і нават згадвае анекдот, хочацца званітаваць, нарэзаць на кавалачкі Брызгіна каб кінуць у той самы сьмецьцяпровад, закрыць кнігу й палезьці ў Сеціва, прагнучы выявіць, хто ж блаславіў зьяўленьне гэткіх твораў…
Паводле філасофіі постмадэрнізму, трансгрэсія гэта ня толькі прарыў за межы традыцыйна прымальнага і пераадоленьне табу – па вызначэньні Бланшо, трансгрэсіўны крок ёсьць вырашэньнем, якое “выяўляе немагчымасьць чалавека спыніцца, пранізвае сьвет, скончваючы сябе ў іншасьвецьці, дзе чалавек перадае сябе якому-небудзь Абсалюту (Богу, існасьці, дабрыні, вечнасьці), у любым выпадку зьмяняючы сябе”. Трансгрэсія – гэта абавязкова прарыў дзеля чагосьці, прарыў да іншага стану, новых даляглядаў, адмысловага сьветабачаньня; “Прага” ж проста шакуе чытача і хутчэй натхнёная сучаснымі баевікамі ды трылерамі. Наўрад ці гэтая аповесьць зьяўляецца, цытуючы прадмову, “у лепшых традыцыях класічнай” адносна беларускай літаратуры. Магчыма, “Прага” прычынілася да зьяўленьня кінааповесьці А. Федарэнкі “Ланцуг” (гл. “Дзеяслоў” №20), дзе трапна выяўляецца чалавечая зьменлівасьць і супярэчлівасьць у больш-менш сучасным беларускім кантэксьце ды ўздымаюцца тыя ж праблемы незалежнага руху, што і ў “Вяртаньні Веры” – плюс выдатнае раскрыцьцё галоўных герояў і характэрны прыклад таго, як прыходзяць у патрыёты…
Творам з “Цэнтру Еўропы”, якому менавіта пасуе вышэйзгаданае азначэньне, ёсьць, бадай, аповесьць “Вежа”, дзе распавядаецца пра вёску Каруны з “акіянскім трохпалубным караблём” на ўзгорку, колісь пабудаваным панам Цырлюкевічам на выпадак патопу, і Юткавай вежай да неба, якую ўжо сёньня ўзводзіць вясковец, нібыта каб дыхаць на самым версе горным паветрам, бо “урачы горны клімат рэкамендуюць”, а пуцёўкі ад калгасу не дачакацца – але насамрэч хто ведае… Хутка Юткава вежа робіцца славутасьцю, прыцягальнай для замежных турыстаў, і “за дванаццаць месяцаў …прынесла дзяржаве ў дзесяць разоў большы даход, чым увесь калгас “Каруны” …за ўвесь час свайго існаваньня”. Выяўляецца, што дзівацтва селяніна – насамрэч файны эканамічны праект; пажыць каля вежы наведваецца нат мільярдэр Фрэнк Морган, продкі якога паходзілі з Каруноў – і хаця ягоны прыезд спачатку ўспрымаецца як адно са сьведчаньняў папулярнасьці вежы, гісторыяй з Морганам твор і скончваецца, і разьвязка ў духу “Прыгодаў Пітэра Пэна” можа камусьці спадабацца, а кагосьці, хто чакаў больш глыбокага й сімвалічнага, можа й крыху расчараваць. Затое моцна ўражваюць сапраўды велічныя, паэтызаваныя вобразы Юткі і ягонага сябрука Хведара – вясковых мужыкоў, вельмі глыбакадумных, станоўчых, разважлівых ды дасьціпных, праз вусны якіх, часам з моцным слоўцам, праходзяць усе праблемы сёньняшняй беларускай вёскі – ад бабы Броні, што выгадавала сямёра дзяцей і ня мае ад іх аніводнага ліста за ўвесь год, да адсутнасьці грошай на пабудову клуба. Сур’ёзна-сумнае спалучаецца ў аповесьці з бліскуча-камічным, кшталту тэлефоннай размовы “прадсядацеля” Андрона з амерыканскім прэзідэнтам і цудоўнай вячэры, зладжанай Морганам для вяскоўцаў і замежных гасьцей, між якімі меліся “генерал-пракурор Самшытавых астравоў; намесьнік міністра замежных справаў Францыі; …ня то ўдава, ня то дачка грэчаскага мільянера Анасіса”…
Да аповесьці дапасуецца апавяданьне “За сьцяной” – пра вёску, суседства, вострых на язык кабетаў ды сьмерць… Сьмерць ёсьць галоўным здарэньнем у большасьці апавяданьняў У. Някляева, прычым найбольш своеасаблівае аблічча яна мае ў творы “Залатая Арда”. Апавяданьне адметнае ня толькі анёлам-балерунам пад парашутам, але й цікавай думкай пра тое, што няма ў савецкага беларуса таго месца, дзе “заўсёды хацеў быць”, а вось у татарына Магамеда ёсьць, і месца гэтае – Залатая Арда з ханам Батыем і паэтам Сайф-і-Сараі, якога той без складанасьцяў цытуе.
Наогул, вартая рыса Някляева-празаіка – гэта здатнасьць выяўляць, тлумачыць і выдатна, жыва ілюстраваць самыя розныя хібы сучаснага беларускага грамадства. Цэнтральным у гэтым сэньсе ёсьць успамін Сьвятаслава пра наведваньне геаграфічнага цэнтру Еўропы ў Чыжахах:
“Там дзед сядзеў …рыбу вудзіў, я пытаюся: “Дзед, ты ведаеш, дзе сядзіш?” – і ён мне: “Дзе хачу, там і сяджу, а ты пайшоў на…”
Я пайшоў не адразу. Стаў распытваць чалавека з самага цэнтру Еўропы, што ён пра Еўропу думае? І зноў чую: “А пайшла яна на!..” Я тады пра Расею, але і Расея пайшла на…
– А Беларусь?
– Якая Беларусь?
– Як якая?.. Твая… Мая…
– Ня ведаю, якая твая… Мая во… – ён кіўнуў у бок вёскі. – Астатняя на!..
– На?..
– А куды яшчэ?.. – Чалавек у цэнтры Еўропы плюнуў на чарвяка. – Туды ўсе – адтуль нікога”…
Віктар Хурсік, літаратар, выдавец:
Сола на барабане
Прачытаў на вокладцы: паэт, празаiк, грамадскi дзеяч. Хлусьня. Някляеў – акiян. Той стары забыты гарызонтаўскi радыёпрыёмнiк «Акiян», якi i зараз займае пачэснае месца ў маёй кватэры. Крутнуў, тыцнуў на кнопку-старонку i палiлася ў цябе новая музыка. Зараз пра той радыёпрыёмнiк нiхто i не ўспамiнае, маўляў, анахранiзм. Вiдэа, компы, сотавiкi-слухаўкi, ад якiх у галаве тлум, а на сэрцы пустэча. А Някляеў – як быў акiянам, так i застаецца.
Творчае амплуа, на мой погляд, склалася пры сацыялiзме: ты – празаiк, ты – паэт, а гэты хай будзе ў нас драматургам. Ну, а калi Пушкiн? Не, Пушкiн – дакладна паэт. Пушкiн-пiсьменьнiк? Нешта ня клеiцца. Хаця, чакайце?.. Крутнуў вокладку ў «Цэнтру Еўропы», i не памылiўся – музыка. Барабанны дробат. Сола на барабане. Някляеўскi стыль – музыка не для ўсiх.
Агулам кiдаецца ў вочы вялiкая ашчаднасьць да радкоў: у «Бомбе» iх 50, у «Тэрарысьце» i таго менш. Вiдавочна гэта перайшло ад Някляева-паэта – зошчанкаўскi, а калi блiжэй, шукшынскi сьцiслы стыль выкладаньня, калi няма размазьнi i бачна, што пiсьменьнiк хацеў сказаць сваiм чытачам. У Някляева апавядальнiк – дзiвак, калi не сказаць дурань. Ва ўсялякiм выпадку, калi чытаеш «Залатую арду» то ўласная пыха прэ, розум iскрыцца, чытаць хочацца да бясконцасьцi. Настолькi па-майстэрску пабудаваны на сучасных алегорыях сюжэт пра паклiканьне ў вечнасьць, пра сяброўства i сэнс жыцьця. Ня горшыя i iншыя абразкi сапраўднай лiтаратуры, займацца аналiзам якiх няма патрэбы. Андрэй Федарэнка ва ўступным слове зрабiў гэта прафесiйна. Ды i даваць ацэнку кожнай акiянскай хвалi сьмешна. Гэтак жа, як балбатаць пра муляра, якi кладзе цаглiнку да цаглiнкi ў нацыянальную вежу. Нават калi вежа ня Белая, а бел-чырвона-белая, i муляр крыху дзесьцi ад стомленасьцi не падабраў цаглiнку па колеры, то ён усё роўна варты пахвалы. Тым больш, што ў «Цэнтры Еўропы» хiбаў ня бачна, у яго «Вежы» ладны падмурак, годная кладка, раствор замесу 1986 году. Уявiце: пiсьменьнiк (паэт?) амаль чвэрць веку ня сьлiзгаўся попай па замежжы ў пошуках сюжэту, ня Эйфелеву ўзяў за аснову, ня з Пiзы, а сваю, радзiмую. Колькi гадоў прайшло, – i ня ўпала! I сёньня сказ пра тое, як беларускi механiзатар узносiўся ў неба, чытаецца лёгка, бы толькi з-пад пяра. Канечне, герой гэтай аповесьцi Ютка Казубоўскi не вайновiцкi Чонкiн, але разам яны паплечнiкi, бо высьмейваюць тую саўковасьць, той лад жыцьця, якi супярэчыць чалавечай iснасьцi i якi, на жаль, маецца ў Беларусi ўзору 1994-2009 гадоў. Перакананы: калi не пры гэтым, дык пры наступным твор будзе экранiзаваны, бо ў iм правiльна прыкмечана сутнасьць беларускага менталiтэту.
Зрэшты, увесь «Цэнтр Еўропы» можна пакласьцi на экран. Чаго, дарэчы, нельга зрабiць наадварот. Тым больш – на Някляева. Каго куды пакласьцi – справа чытача, праўда, пры экранiзацыi «Няхай жыве 1 Мая!» некаторыя словы давялося б апусьцiць. Скажам: «Вы сокалы Лукашэнкi?» цi iншыя на стар. 215, дзе герой Пекка, як мне здалося, цытуе аўтара. Ва ўсялякiм выпадку пэўная аўтабiяграфiчнасьць у гэтым творы прысутнiчае. Праўдзiва апiсаць паводзiны беларусаў у Фiнляндыi мог толькi Някляеў. Прычым сама нiтка паводзiнаў нашых землякоў за мяжой настолькi заблытаная i настолькi часам бесталкова рвецца, што мiжволi ўваходзiш у ролю герояў, спачуваеш iм i думаеш: во трасца, во добра, што на гэты раз у Хельсiнкi трапiў ня я. Хаця хэпi-энд цудоўны, калi не лiчыць, што герояў бяз дай прычыны вытурылi з працы. Ну, але для нас беларусаў гэта зьява звычайная...
Чытаў, перачытываў каб улавiць тое няўлоўнае, што адчуваецца ў кнiзе, але апiсаць, што канкрэтна даспадобы, аказалася справай цяжкай. У мяне, як у беларуса, вялікая саўковасьць мысьленьня, гадаваўся, відаць, не на лепшых узорах. Раптам прыгадаў, што гады два назад з нямецкага выдавецтва прыслалі мне для перакладу i выданьня ў Беларусi самы лепшы, на іх думку, сучасны нацыянальны твор дэтэктыўнага жанру. Прыслалi той, якi выдадзены больш чым у дзесяцi краiнах. Кнiга i ў нас разышлася даволi хутка. Падумалася: такi лёс чакаў бы ў немцаў i някляеўскую «Прагу». Я зьдзiўлены, наколькi трапна Уладзiмiр Пракопавiч адчувае сучасную еўрапейскую стылiстыку напiсаньня. У ёй няма месца для аўтарскiх разважаньняў, сюжэт выстрэльваецца ў чытача, хуткасьць разгортваньня падзеяў як у «Мерседэса» на аўтабане. I хаця ў немцаў быў раман, а ў Някляева ўсяго толькi аповесьць, па сваёй «еўрапейскасьцi» гэтыя творы роўныя (калi такое параўнаньне карэктна). Так у нас ня пiшуць. «Прага» – ад пачатку да канца захапляльны псiхалагiчны дэтэктыў, «Маёру Ветраву» да «Прагi» ехаць ды ехаць... Калi не спатыкнецца i не ўляцiць у каналiзацыйны люк. Той, што на вокладцы.
Вядома, што Уладзiмiр Пракопавiч актыўна ўдзельнiчае ў працэсе мастацкага афармленьня сваiх кнiг. Калi прачытаць «Цэнтр Еўропы» i глянуць на вокладку, то задума яго становiцца зразумелай. У падрабязнасьцi разглядзець каналiзацыйны люк можна толькi калi ты вельмi блiзка да зямлi, а то i на ёй. Мутарна, углядаешся ў напiсаныя на жалезе лiтары, а аўтар зьверху насьмiхаецца: «Ну што я табе казаў? Панюхай, што ў цэнтры Еўропы». А ты i так, i сяк варочаешся i сапраўды – што ў Смаргонi г.., што ў Ляйпцыгу.
Патрыёт ня марыць падацца на заробкi ў Расiю, ня вельмi рвецца выдаваць свае кнiгi за мяжой, не пiярыцца разьдзетым. Някляеў сьцiплы творца, якi нiколi не працаваў дзеля свайго рэнамэ. Пры велiзарным творчым патэнцыяле ў яго пабачылi сьвет лiчаныя кнiжкi. I ў згаданую кнiгу ўвайшла цэлая жыцьцёвая эпоха аўтара. Высокi ўнутраны цэнз, развагi над сваiм творчым амплуа не дазвалялi пiсьменьнiку абнародаваць свае празаiчныя творы раней. Усё гэта адрозьнiвае яго ад халуя i шабашнiка, робiць асобай. А асоба – гэта катэгорыя вечнасьцi. Таму, маладыя, калi вам усё па «па барабану», але што гэта такое вы ня ведаеце і хочаце зьдзiвiць Еўропу, то заляпiце ёй такi блiн, якi ў някляеўскiм «Цэнтры». Каб усе бачылi, што ён хоць i першы, але годны i сапраўды там знаходзiцца.
Вiншую аўтара.
|