12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Бліцкрыт

_____________________
Размова пра кнігу Уладзіміра Някляева “Цэнтр Еўропы”


Даведаўшыся пра абект абмеркаваньня гэтагабліц-крыту”, адзін літаратар у сваім блогу сярод іншага напісаў: “Ясна, што цяпер зьбяруць каманду крытыкаў і будуць хваліць кнігу з палітычна прэтэнцыёзнай назваюЦэнтр Еўропына старонкахДзеяслова”. Дзе будзе там абектыўнасьць, скажыце?”
На жаль ці на шчасьце, “Дзеяслоўня мае ў сваім распараджэньнікаманды крытыкаў”, якая б выконвала прыхамаці й замовы рэдакцыі. Эксьпертамбліц-крытуможа стаць абсалютна кожныі масьціты літаратуразнаўца, ішараговычытач. Кожны не абыякавы да сучаснага літаратурнага працэсу, незалежна ад яго эстэтычных, палітычных ці якіх заўгодна іншых прыярытэтаў.
Што да абектыўнасьці, то мы далёкія ад думкі, што ісьціна нара­джаецца ў спрэчцы. Але рэдакцыяДзеясловаробіць усё мажлівае, каб на старонках часопісу адбывалася ўсебаковае крытычнае, вострае, шчырае абмеркаваньне актуальных пытаньняў беларускай літаратуры...
Мы прапанавалі цытаванаму вышэй аўтару ўзяць удзел у абмеркаваньні новай кнігі Уладзіміра Някляева, але ён адмовіўся. Маўляў, (цытуем) “Някляеўчалавек не малады, і я не жадаю яго траўміраваць перадрукоўкамі (на ЖЖ у нас рэагуюць пакуль ня так хваравіта, як на часопісныя публікацыі)”. Між тым, водгукі нашых эксьпертаў, як і раней, гэтак, спадзяемся, і надалей, ня ёсьць хваласьпевамі ці, наадварот, пасквілямі, алеспробамі разабрацца ў зьяве творчасьці аднаго з самых чытаемых і неардынарных сучасных беларускіх аўтараў.
Абектам наступнагабліц-крытустане кніга Васіля ЯкавенкіПакутны век”. Лістуйце!

Рыгор Барадулін, Народны паэт Беларусі:
Чытаеш і чуеш голас

Уладзімер Някляеў заўсёды нечаканы, бо сапраўдны майстра, маэстра.
Ён шалёны да геніяльнасьці. У паэзіі мы з гэтым звыкліся. А вось у прозе ён зноў зьдзівіў, ашаламіў.
Дасьведчанасьць, далягляднасьць мысьленьня, усьмешка, якая асьцерагаецца перарасьці ў кпіну, дакладнае апісаньне рэчаіснасьці і вясёлая фантастыка, у якую верыш... І ўсё гэта з глыбінным веданьнем крывіцкай (нездарма ж карані ягоныя ў Крэве) матчынай мовы.
Чытаеш і чуеш голас Уладзімера, сына Пракопа, які перагукаецца і з даўніной, і з надзённасьцю (ня блытаць з аднадзённасьцю).
Уладзімер Някляеў ня лозунгавы беларус, натуральны, як дзень, як лес, як валун. Пра тое, што яму баліць, ён кажа як быццам з усьмешкай, ад гэтага больш яшчэ болей гарыць.
Цэнтр Еўропы” – гэта не выкліковы загаловак, гэта сутнасьць асобы і творчасьці Уладзімера Някляева. Гэтая кніга мусіць будзіць думку, яшчэ раз нага­даць беларусам, што яны Беларусы. Еўрапейцы! Шкада, што ў кнігу не ўвайшла бліскучая эсэістыка Уладзімера Някляева.


Павал Абрамовіч, літаратурны крытык:
Поруч з літаратурай заўсёды крочыць цішыня

Літаратурны трэнд Беларусікнігай называць зборнік. Гэта калі зьбіраеццада кучыўсё, што было напісана літаратарам за апошні час, і выдаецца. Такія зборнікі выходзяць досыць рэгулярна, і таму здаецца, быццам пісьменьнікі ўвесь час працуюць і друкуюцца, і людзям ёсьць, што чытаць. Аднак падчас чытаньня выяўляецца: тое ня кнігі, вартыя перачытаньня і захоўваньня, а менавіта зборнікі, у якіх зашмат неабавязковага, другаснага, немастацкага. Дарэчы, аўтарскіх правак у такіхкнігахнямашкаякім быў той ці іншытвор”, калі яго ўпершыню зьмясьцілі, прыкладам, у газецеНаша свабодаці ўжывым часопісеў інтэрнэце, такім і праз гады выйшаў, у зборніку. Але паколькі падобныя тэксты пішуцца для часу (чытай: для тых, хто патрабуе жыцьцёвай праўды), а ня вечнасьці, якая вымагае ад літаратара толькі мастацкай дасканаласьці, гэтыя праўкі, відаць, залішнія. Праца рэдактара над зборнікамі таксама зьведзена да мінімуму: “Ctrl+C — Ctrlc+V”.
Ужо каторы год у Беларусі размываюцца межы паміж мастацкім і публіцыстычным словамі гэта жахлівей за вычварэнствыапошняй дыктатуры Еўропы”. Прыгажосьці ў нашай краіне становіцца ўсё менш; публіцыстычныя сродкі ўсё часьцей выкарыстоўваюцца ў слоўным мастацтве, бо пісьменьнікі сталі думаць як журналісты. З часоў Гамера для літаратуры найперш былі стыль і ўяўленьне, кампазіцыя і персанажы, таленавіта распаведзеная гісторыя. Калі ж пісьменьнік утворыпералічвае нумары расейскіх воінскіх частак, якія штурмавалі Грозны, называе населеныя пункты Чачні, цытуе дакументы пра аул Хайбахчачэнскую Хатынь, то яму ўсё гэта спатрэбілася, відаць, для пераканальнасьці (чаго?), доказу перавагі той самай жыцьцёвай праўды (над чым?). Аднак моц жыцьця праяўляецца ў тым, што яно цікавейшае за ўсялякія падробкі, імітацыі. Сьведчаньні ўдзельнікаў расейска-чачэнскай вайны, артыкулы журналістаў з абодвух бакоў скажуць больш пра тую вайну і вайну наогул, чым бездапаможны, кволы (у плане адлюстраваньня рэчаіснасьці і мастацкага пераасэнсаваньня падзеяў) тэкст Уладзімера Някляева, які ён пачаў у Менску, а скончыўу Хельсінкі. Да таго ж хочацца адрасаваць аўтару словы ягонага героя зХайбаху”: “Ты ж з Беларусі, з іншай дзяржавы”. Сапраўды, ты з іншай дзяржавы, і таму, можа, лепш не шукаць сюжэты ў чужых хатах, няўдала выдумляючы чужое жыцьцё, а зазірнуць у сябе, пісаць, зыходзячы з асабістага досьведу, асабліва, калі лёс дараваў табе ўнікальную магчымасьць пяць гадоў спакойна займацца літаратурай у Польшчы і Фінляндыі. А калі (спакойна) займацца літаратурай (у Польшчы і Фінляндыі) не атрымліваецца, і голас грамадзяніна ў тваёй душы гучыць грамчэй за голас празаіка, пішы публіцыстыку ці аднаві, нарэшце, у Беларусі жанр успамінаўВільгельм Гауф пісаў мемуары ў 25-гадовым узросьце, а ў нас і 60-гадовыя на гэта не наважваюцца
Так, сьвет не сышоўся клінам на аднымХайбаху” — у зборніку ёсьць яшчэ 16 тэкстаў. Калі б Някляеў выдаў кнігу пра вайну Расеі і Чачні, мы б яе адклалі ў бок на старонцы чацьвёртай-пятай пасьля чарговагадакументалісцкагасказу накшталт: “Пад канец лета вайна ўжо была нібыта прайграная, і мужчыны захацелі жанчын”. А так маем з чаго выбірацьсама канцэпцыя зборніка нівелюе яго літаратурныя агрэхі: ну трапіла адно слабое апавяданьне, што тут страшэннага, затое творчы працэс Някляева паказаны ў разьвіцьці, дынаміцы, затое ў сярэдзіне зборніказатое напрыканцызатое ў цэлым зборнік ого-го!
А мы возьмем першы, так бы мовіць, праграмны тэкст (рэдактар зборніка не прытрымліваўся храналагічнага прынцыпа, але быў у яго, відаць, рэзон зьмясь­ціць менавіта гэты тэкст пад нумарамадзін”) — “Бомбу”. І пабачым аповед пра чалавека, які спрабаваў зьмяніць сваё жыцьцё і ня здолеў. Яго з дзяцінства прыніжалі, а ён, хоць і разумеў гэта і ірваўся ўзарваць (у прамым сэнсе) ненавісных яму людзей, у рэшце рэшт зьмірыўся з рэчаіснасьцю. Атрымалася ў Някляева схематычна. Перыяды жыцьця персанажуёсьць, гісторыі прыніжэньня няма. Пра кнігу, у якой былі б такія заганы, чытачы і крытыкі сказалі б, што яна слабая. Аднак не забывайцеся: тут у нас зборнік, і ці чулі вы наогул, каб пра зборнік гаварылі, што ёнслабы?
Каб зьявілася кніга, трэба напісаць кнігу. Каб зьявіўся зборнік, дастаткова ўкласьці зборнік. Зараз літаратурным працэсам у Беларусі кіруюць менавіта ўкладальнікі зборнікаў, іх рэдактары — “шэрыя кардыналыбеларускага літаратурнага працэсу. Ад іх залежыць ня толькі зьмест кнігі (чытай: зборніка), але іягоная назва! Так, зборнік Някляева называеццаЦэнтр Еўропы”, хоць ніводны з 17 тэкстаў, што ўвайшлі ў зборнік, ня мае такога загалоўка. Аўтар прадмовы даЦэнтру Еўропы”, пісьменьнік Андрэй Федарэнка, упэўнены, што чытачоўпрывабіць ужо сама назва (тут і далей вылучана мноюП.А.) ды імя аўтара гэтай выдатнай кнігі…”. Кідкая назвазвычайны піяр-ход, сродак прасоўваньня тавару на рынку. Імя аўтара як брэндгэта ж Някляеў, “тот самый вкус”! Сапраўды, прычым тут літаратура?..
Пітэр Хёг, 52-гадовы дацкі пісьменьнік, выдаў у 1992 годзе раманСьміла і яе пачуцьцё сьнегаі змоўк на 14 гадоў (у Расеі ягонаяЦішыняўбачыла сьвет толькі сёлета). Я заклікаю беларускіх літаратараў не сьпяшацца друкаваць усё, што выходзіць з-пад іх пяра, пазьбягаць зборнікаў, дзежук і жаба і Адам Глобус”, і памятаць: поруч з літаратурай заўсёды крочыць цішыня.


Алеся Лапіцкая, студэнтка філфаку БДУ:
Прарыў... дзеля чаго?

Галоўным, што засталося пасьля знаёмства зЦэнтрам Еўропы”, сталася ўжо непахісная перакананасьць: зборнік, складзены аўтарам, варта чытаць ад пачатку, а ня брацца за творы ў адвольнай пасьлядоўнасьці. Каб, прыкладам, праз непрацяглыя апавяданьні пазнаёміцца з тэмамі й героямі, якія цікавяць пісьменьніка, і ўжо падрыхтаванай падысьці да радыкальных, трансгрэсіўных рэчаў. На жаль, зборнік прозы Уладзіміра Някляева застаўся кнігай, прачытанай няправільна, таму й уражаньне пакінуў супярэчлівае
ПрагайВяртаньне Веры” (да якіх зьвярнулася найперш) – творы з мяжовай колькасьцю брутальшчыны ды крымінальшчыны, дзе няма ніводнага прывабнага героя з нармалёвым ладам жыцьця: спрэс забойцы, прастытуткі, лесьбіянкі і, адпаведна, “трава”, спекуляцыі й гвалт. “Вяртаньне Верыпадаецца-такі аповесьцю больш прывабнайпраз наяўнасьць арыгінальных роздумаў над спрадвечнымі праблемамі Бацькаўшчыны і своеасаблівую кампазіцыю. Сюжэт тут разгортваецца, распавядаецца пасьлядоўнавуснамі пяці галоўных герояў, якія, натуральна, характарызуюць адно аднаго і маюць даволі рознае сьветаўспрыманьне. Улюбёны прыём аўтараполіцытацыя, ад якой увогуле часам патыхаехалтурай”, але менавіта ў творчасьці У. Някляева яго ўжываньне падаецца дарэчным і матываваным.
Між тым, з матывацыяй ключавых учынкаў персанажаў часам даволі слаба. Вось згадкі Наташы зВяртаньня Веры”: “Я ў Выбаргу нарадзілася, дзе няма чаго рабіць, таму ў Піцер паехала, каб там ці сьпявачкай, ці артысткай стаць. Стала прастытуткай, ды на тое напляваць…” – прымітыўнае тлумачэньне, бо ня ўсе ж дзяўчыны з Выбаргу ад няма чаго рабіць пайшлі шляхам НаташыЦі ў аповесьціВежашкольная настаўніца Хрысьціна Сымонаўна абураецца на амерыканскага мільярдэра за тое, што падчас ранішніх прабегаў па вёсцы тойнабіраў, выходзячы з гасьцініцы, поўныя кішэні розных значкаў і праз кожную вярсту сеяў іх па трасе, і дзеці кідаліся на тыя значкі, як галодныя кураняты на проса, валтузячы адно адное…”. Так, Хрысьціна Сымонаўна выкладае ў дадатак да роднай мовы сьпевы й фізвыхаваньне, але падставы нянавісьці ці то прафесійныя, ці то ідэалагічныя, ці то эстэтычныя, дый наогул сітуацыя з сеяньнем значкаў якаясь ненатуральная. Альбо, прыкладам, у апавяданьніМузей БроўкіСяргей Рыгоравіч Засевіч доўга пакутуе на тое, што ня можа знайсьці кагосьці, каб расьпіць армянскі каньяк толькі таму, што жонка настойвае, быццамармянскі каньяк трэба было б выпіць з армянінам”. З іншага боку, магчыма, праз гэтыя моманты аўтар наўмысна выяўляе парадоксавасьць чалавечай натуры
Адметнае ж у прозе У. Някляева тое, што пісьменьнік здатны ствараць герояў самага рознага характару, настрою, інтэлектуальнага ўзроўню, сацыяльнага статусу і жыцьцёвых поглядаўпрычым як другасных, так і галоўных, чым могуць пахваліцца далёка ня ўсе сучасныя беларускія пісьменьнікі. Праўда, некаторыя з герояў моцна раздражняюць сваёй павярхоўнасьцю, цынізмам, жорсткасьцю, але чаго іншага чакаць, прыкладам, ад Ражна, якіў прыгарадзе нарадзіўся, у сельгаспасёлку. Пры любым горадзе такія пасёлкі ёсьць, і кожны, хто там жыве, з маленства ведае, што нарадзіўся ён і жыве для таго, каб біцца з гарадскімі”. Прычым, цалкам гідкіх герояў ва У. Някляева няма, кожны цікавы адмысловай рысай ці здатнасьцю да раптоўнай чалавечнасьціале, разам з тым, зусім ня кожны зьяўляецца новым у сучасным літаратурным кантэксьце. Так уВяртаньні Верыпершыя тры апавядальнікі – “сватокПавал, Наташа, якая працавала залэдзіў сьпецыфічным салоне жонкі вядомага парцейца, ды кілер-наркадылер Ражон патрэбныя найперш каб рэпрэзентаваць тыя групы грамадзянаў былога СССР, што гасьцююць у заможнай дэмакратычнай Швецыі, хаця наогулпаўсюль бяз розьніцы”…
Галоўныя героі аповесьці гэта, хутчэй, Сьвятаслаў ды Верапатрыёты-барацьбіты, але не ідэалізаваныя ды не трагічныя да прыкрасьці. Сьвятаславу Ражон дае мянушку Бабыб: “гаварыў ён, трохі заікаючыся: “У нас бы-быўдык бы-бы-ла б…”. Каб не вяртацца на Радзіму Сьвятаслаў вырашае каго-небудзь застрэліцьі забівае выпадкова сустрэтага на вуліцы Паўла, бопа шведскім горадзе Мальма ён з чырвона-зялёным пакетам, з намаляваным на ім трактарамБеларусьішоў”… Але спачатку Сьвятаслаў страчвае Веруі каханую жанчыну, і ўвогуле, у змаганьнеадсюль ягоная разгубленасьць і паныласьць. Праўда, падстава разрыву (рэзкае нежаданьне Веры зьязджаць каб зрэштыжыць разам, у сваім доме, сямёй, з дзецьмі”) крыху зьдзіўляе, бо літаральна праз дзень пасьля Сьвятаслава Вера таксама зьбягае ў Швецыю, змушаная ўжо іншымі абставінамі, і застаецца там відавочна надоўга, хаця ў прынцыпе праз пэўны час магла б вярнуцца назад. “Ён жорсткі, бо слабы. Жорсткі ад слабасьці,” – кажа Вера пра Сьвятаслава, шкадуючы пра 20 год узаемастасункаў: “Шэсьці, мітынгі, пікетыНі сямі, ні дзяцей, ні хатыСямю напотым, дзяцей напотымНапотымсамо жыцьцё!” Узрушанасьць кабеты зразумелая, праўда, жанчыны, што спраўджваюцца як матулі ды гаспадыні, таксама ўздыхаюць па страчаных гадах і ня зьдзейсьненыхпраз частыя дэкрэтныякареры
Другая Вера ў аповесьцішведская журналістка, да адзінай радзімкі, нават лёсам, падобная да першайплюс наркаманка, праз што й памірае ў кватэры беларускай сяброўкі, прычым цалкам верагодна, што кайфовыя аплаткі трапілі да шведкі дзякуючы гандлю Ражна. Істотна тое, што жыцьцёвыя акалічнасьці герояў даюць магчымасьць аўтару ўвесьці ў твор еўрапейскі, адмежаваны (а, магчыма, свой асабісты) погляд на беларускія праблемы:
Шведскі сьледчы ўсё хоча разабрацца, што там з намі і ў нас адбываецца.
Вы першую палову жыцьця хадзілі на савецкія шэсьці: Першамай, КастрычнікТак?
Так.
А другую палову жыцьцяна шэсьці антысавецкія. Дзень Волі, Чарнобыльскі шляхТак?
Так.
Тады скажыце мне, падумаўшы: гэта нармальна?”
Гэткіх дыялогаў ды разважаньняў у аповесьці шмат і яны бясспрэчна надаюць твору важкасьці. Зьвяртае на сябе ўвагу й Настабылая дзяўчына Сьвятаслава, якая колісь хадзіла разам з ім на Дзяды, але дасягнула высокай пасады ў дзярж­апарацетак, што мае магчымасьцьпрыкрывацьсяброў-нацыяналістаў. “А што тут такога? – зьдзіўляецца шведская Вера. – Што яна робіць кепскага? Кареру?.. Дык усе і паўсюль яе рабілі. Пры манархіі, дыктатуры, дэмакратыі. У нас, у вас. Ня трэба пра ўсіх сваіх горш чым пра ўсіх астатніх думаць”.
Гэтая ідэяадна з галоўных і ўСароцы на шыбеніцыАльгерда Бахарэвіча, праз што немагчыма ўтрымацца ад кароткага параўнаньня Насты з Веранікайцудоўна створаным Бахарэвічам вобразам сучаснай дзяўчыны зкультурнайадукацыяй, дыхтоўнымі валасамі іпасьля наведваньня зьняволенага (па чыста крымінальных падставах) братазадаволенай думкай, “што на восень яна сёлета мае напраўду шыкоўны гардэроб”. Вераніка прываблівае сваёй эратычнасьцю, тым, што яна вельмі-вельмі жывая і розная, тым, што яна сапраўдная і сапраўды стукае абсцасікамі пантофляў па прыступках тысячаў менскіх офісаў ды адміністрацыяўЧытаючы кнігу, увесь час спадзяешся, што Я-герой Бахарэвіча зрэшты распавядзе, чым яшчэ, апроч зьнешняга, падабалася яму каханая. Аднак спадзяваньні не збываюцца, і Вераніка апынаецца-такі вельмі пустой, і разыначка, якую ў ёй магчыма было заўважыць, застаецца нявыяўленай. Наста ж больш моцная, энергічная й рэзкая, менавіта яна распавядае шведскай журналістцы пра месіянскасьць Беларусіі за пераказаныя думкі Насты другая Вера атрымлівае прэмію
Важна, што праз абодва гэтыя вобразы руйнуецца адзін з стэрыятыпаў мсьціў­цаў, якіярыхтуюцца да барацьбы, песьцяць памалу, бы пемзай, сваю прагу помсты” (А. Бахарэвіч) датычна ненавісных паслугачоў улады.
МаральПрагі” (зло не застаецца беспакарным) больш простая, таму твор падаецца слабейшым, нягледзячы на адмысловасьць інтрыгі. Калі шакуючая жорсткасьць апавяданьняХайбахпадаецца мэтазгоднай і абгрунтаванай, то ўПразеяе зашмат нават для таго, каб выявіць агіднасьць сучаснага сьвету. Калі Брызін згадвае пра штучныя роды каханкіу якіх прымае ўдзел ягоная цяжарная жонка і, моцная натура, выкідае ў сьмецьцепровад пяцімесячны плод (ягонае ж дзіця) – а тады разважае, штожыць усё ж хорашаі нават згадвае анекдот, хочацца званітаваць, нарэзаць на кавалачкі Брызгіна каб кінуць у той самы сьмецьцяпровад, закрыць кнігу й палезьці ў Сеціва, прагнучы выявіць, хто ж блаславіў зьяўленьне гэткіх твораў
Паводле філасофіі постмадэрнізму, трансгрэсія гэта ня толькі прарыў за ме­жы традыцыйна прымальнага і пераадоленьне табупа вызначэньні Бланшо, трансгрэсіўны крок ёсьць вырашэньнем, якоевыяўляе немагчымасьць чалавека спыніцца, пранізвае сьвет, скончваючы сябе ў іншасьвецьці, дзе чалавек перадае сябе якому-небудзь Абсалюту (Богу, існасьці, дабрыні, вечнасьці), у любым вы­падку зьмяняючы сябе”. Трансгрэсіягэта абавязкова прарыў дзеля чагосьці, прарыў да іншага стану, новых даляглядаў, адмысловага сьветабачаньня; “Прагаж проста шакуе чытача і хутчэй натхнёная сучаснымі баевікамі ды трылерамі. Наўрад ці гэтая аповесьць зьяўляецца, цытуючы прадмову, “у лепшых традыцыях класічнайадносна беларускай літаратуры. Магчыма, “Прагапрычынілася да зьяўленьня кінааповесьці А. ФедарэнкіЛанцуг” (гл. “Дзеяслоў20), дзе трапна выяўляецца чалавечая зьменлівасьць і супярэчлівасьць у больш-менш сучасным беларускім кантэксьце ды ўздымаюцца тыя ж праблемы незалежнага руху, што і ўВяртаньні Веры” – плюс выдатнае раскрыцьцё галоўных герояў і характэрны прыклад таго, як прыходзяць у патрыёты
Творам зЦэнтру Еўропы”, якому менавіта пасуе вышэйзгаданае азначэньне, ёсьць, бадай, аповесьцьВежа”, дзе распавядаецца пра вёску Каруны закіянскім трохпалубным караблёмна ўзгорку, колісь пабудаваным панам Цырлюкевічам на выпадак патопу, і Юткавай вежай да неба, якую ўжо сёньня ўзводзіць вясковец, нібыта каб дыхаць на самым версе горным паветрам, боурачы горны клімат рэкамендуюць”, а пуцёўкі ад калгасу не дачакаццаале насамрэч хто ведаеХутка Юткава вежа робіцца славутасьцю, прыцягальнай для замежных турыстаў, іза дванаццаць месяцаўпрынесла дзяржаве ў дзесяць разоў большы даход, чым увесь калгасКаруны” …за ўвесь час свайго існаваньня”. Выяўляецца, што дзівацтва селянінанасамрэч файны эканамічны праект; пажыць каля вежы наведваецца нат мільярдэр Фрэнк Морган, продкі якога паходзілі з Каруноўі хаця ягоны прыезд спачатку ўспрымаецца як адно са сьведчаньняў папулярнасьці вежы, гісторыяй з Морганам твор і скончваецца, і разьвязка ў духуПрыгодаў Пітэра Пэнаможа камусьці спадабацца, а кагосьці, хто чакаў больш глыбокага й сімвалічнага, можа й крыху расчараваць. Затое моцна ўражваюць сапраўды велічныя, паэтызаваныя вобразы Юткі і ягонага сябрука Хведаравясковых мужыкоў, вельмі глыбакадумных, станоўчых, разважлівых ды дасьціпных, праз вусны якіх, часам з моцным слоўцам, праходзяць усе праблемы сёньняшняй беларускай вёскіад бабы Броні, што выгадавала сямёра дзяцей і ня мае ад іх аніводнага ліста за ўвесь год, да адсутнасьці грошай на пабудову клуба. Сурёзна-сумнае спалучаецца ў аповесьці з бліскуча-камічным, кшталту тэлефоннай размовыпрадсядацеляАндрона з амерыканскім прэзідэнтам і цудоўнай вячэры, зладжанай Морганам для вяскоўцаў і замежных гасьцей, між якімі мелісягенерал-пракурор Самшытавых астравоў; намесьнік міністра замежных справаў Францыі; …ня то ўдава, ня то дачка грэчаскага мільянера Анасіса”…
Да аповесьці дапасуецца апавяданьнеЗа сьцяной” – пра вёску, суседства, вострых на язык кабетаў ды сьмерцьСьмерць ёсьць галоўным здарэньнем у большасьці апавяданьняў У. Някляева, прычым найбольш своеасаблівае аблічча яна мае ў творыЗалатая Арда”. Апавяданьне адметнае ня толькі анёлам-балерунам пад парашутам, але й цікавай думкай пра тое, што няма ў савецкага беларуса таго месца, дзезаўсёды хацеў быць”, а вось у татарына Магамеда ёсьць, і месца гэтаеЗалатая Арда з ханам Батыем і паэтам Сайф-і-Сараі, якога той без складанасьцяў цытуе.
Наогул, вартая рыса Някляева-празаікагэта здатнасьць выяўляць, тлумачыць і выдатна, жыва ілюстраваць самыя розныя хібы сучаснага беларускага грамадст­ва. Цэнтральным у гэтым сэньсе ёсьць успамін Сьвятаслава пра наведваньне геаграфічнага цэнтру Еўропы ў Чыжахах:
Там дзед сядзеўрыбу вудзіў, я пытаюся: “Дзед, ты ведаеш, дзе сядзіш?” – і ён мне: “Дзе хачу, там і сяджу, а ты пайшоў на…”
Я пайшоў не адразу. Стаў распытваць чалавека з самага цэнтру Еўропы, што ён пра Еўропу думае? І зноў чую: “А пайшла яна на!..” Я тады пра Расею, але і Расея пайшла на
А Беларусь?
Якая Беларусь?
Як якая?.. ТваяМая
Ня ведаю, якая тваяМая во… – ён кіўнуў у бок вёскі. – Астатняя на!..
На?..
А куды яшчэ?.. – Чалавек у цэнтры Еўропы плюнуў на чарвяка. – Туды ўсеадтуль нікога”…


Віктар Хурсік, літаратар, выдавец:
Сола на барабане

Прачытаў на вокладцы: паэт, празаiк, грамадскi дзеяч. Хлусьня. Някляеўакiян. Той стары забыты гарызонтаўскi радыёпрыёмнiк «Акiян», якi i зараз займае пачэснае месца ў маёй кватэры. Крутнуў, тыцнуў на кнопку-старонку i палiлася ў цябе новая музыка. Зараз пра той радыёпрыёмнiк нiхто i не ўспамiнае, маўляў, анахранiзм. Вiдэа, компы, сотавiкi-слухаўкi, ад якiх у галаве тлум, а на сэрцы пустэча. А Някляеўяк быў акiянам, так i застаецца.
Творчае амплуа, на мой погляд, склалася пры сацыялiзме: тыпразаiк, тыпаэт, а гэты хай будзе ў нас драматургам. Ну, а калi Пушкiн? Не, Пушкiндакладна паэт. Пушкiн-пiсьменьнiк? Нешта ня клеiцца. Хаця, чакайце?.. Крутнуў вокладку ў «Цэнтру Еўропы», i не памылiўсямузыка. Барабанны дробат. Сола на барабане. Някляеўскi стыльмузыка не для ўсiх.
Агулам кiдаецца ў вочы вялiкая ашчаднасьць да радкоў: у «Бомбе» iх 50, у «Тэрарысьце» i таго менш. Вiдавочна гэта перайшло ад Някляева-паэтазошчанкаўскi, а калi блiжэй, шукшынскi сьцiслы стыль выкладаньня, калi няма размазьнi i бачна, што пiсьменьнiк хацеў сказаць сваiм чытачам. У Някляева апавядальнiкдзiвак, калi не сказаць дурань. Ва ўсялякiм выпадку, калi чытаеш «Залатую арду» то ўласная пыха прэ, розум iскрыцца, чытаць хочацца да бясконцасьцi. Настолькi па-майстэрску пабудаваны на сучасных алегорыях сюжэт пра паклiканьне ў вечнасьць, пра сяброўства i сэнс жыцьця. Ня горшыя i iншыя абразкi сапраўднай лiтаратуры, займацца аналiзам якiх няма патрэбы. Андрэй Федарэнка ва ўступным слове зрабiў гэта прафесiйна. Ды i даваць ацэнку кожнай акiянскай хвалi сьмешна. Гэтак жа, як балбатаць пра муляра, якi кладзе цаглiнку да цаглiнкi ў нацыянальную вежу. Нават калi вежа ня Белая, а бел-чырвона-белая, i муляр крыху дзесьцi ад стомленасьцi не падабраў цаглiнку па колеры, то ён усё роўна варты пахвалы. Тым больш, што ў «Цэнтры Еўропы» хiбаў ня бачна, у яго «Вежы» ладны падмурак, годная кладка, раствор замесу 1986 году. Уявiце: пiсьменьнiк (паэт?) амаль чвэрць веку ня сьлiзгаўся попай па замежжы ў пошуках сюжэту, ня Эйфелеву ўзяў за аснову, ня з Пiзы, а сваю, радзiмую. Колькi гадоў прайшло, – i ня ўпала! I сёньня сказ пра тое, як беларускi механiзатар узносiўся ў неба, чытаецца лёгка, бы толькi з-пад пяра. Канечне, герой гэтай аповесьцi Ютка Казубоўскi не вайновiцкi Чонкiн, але разам яны паплечнiкi, бо высьмейваюць тую саўковасьць, той лад жыцьця, якi супярэчыць чалавечай iснасьцi i якi, на жаль, маецца ў Беларусi ўзору 1994-2009 гадоў. Перакананы: калi не пры гэтым, дык пры наступным твор будзе экранiзаваны, бо ў iм правiльна прыкмечана сутнасьць беларускага менталiтэту.
Зрэшты, увесь «Цэнтр Еўропы» можна пакласьцi на экран. Чаго, дарэчы, нельга зрабiць наадварот. Тым большна Някляева. Каго куды пакласьцi – справа чытача, праўда, пры экранiзацыi «Няхай жыве 1 Маянекаторыя словы давялося б апусьцiць. Скажам: «Вы сокалы Лукашэнкi?» цi iншыя на стар. 215, дзе герой Пекка, як мне здалося, цытуе аўтара. Ва ўсялякiм выпадку пэўная аўтабiяграфiчнасьць у гэтым творы прысутнiчае. Праўдзiва апiсаць паводзiны беларусаў у Фiнляндыi мог толькi Някляеў. Прычым сама нiтка паводзiнаў нашых землякоў за мяжой настолькi заблытаная i настолькi часам бесталкова рвецца, што мiжволi ўваходзiш у ролю герояў, спачуваеш iм i думаеш: во трасца, во добра, што на гэты раз у Хельсiнкi трапiў ня я. Хаця хэпi-энд цудоўны, калi не лiчыць, што герояў бяз дай прычыны вытурылi з працы. Ну, але для нас беларусаў гэта зьява звычайная...
Чытаў, перачытываў каб улавiць тое няўлоўнае, што адчуваецца ў кнiзе, але апiсаць, што канкрэтна даспадобы, аказалася справай цяжкай. У мяне, як у беларуса, вялікая саўковасьць мысьленьня, гадаваўся, відаць, не на лепшых узорах. Раптам прыгадаў, што гады два назад з нямецкага выдавецтва прыслалі мне для перакладу i выданьня ў Беларусi самы лепшы, на іх думку, сучасны нацыянальны твор дэтэктыўнага жанру. Прыслалi той, якi выдадзены больш чым у дзесяцi краiнах. Кнiга i ў нас разышлася даволi хутка. Падумалася: такi лёс чакаў бы ў немцаў i някляеўскую «Прагу». Я зьдзiўлены, наколькi трапна Уладзiмiр Пракопавiч адчувае сучасную еўрапейскую стылiстыку напiсаньня. У ёй няма месца для аўтарскiх разважаньняў, сюжэт выстрэльваецца ў чытача, хуткасьць разгортваньня падзеяў як у «Мерседэса» на аўтабане. I хаця ў немцаў быў раман, а ў Някляева ўсяго толькi аповесьць, па сваёй «еўрапейскасьцгэтыя творы роўныя (калi такое параўнаньне карэктна). Так у нас ня пiшуць. «Прага» – ад пачатку да канца захапляльны псiхалагiчны дэтэктыў, «Маёру Ветраву» да «Прагехаць ды ехаць... Калi не спатыкнецца i не ўляцiць у каналiзацыйны люк. Той, што на вокладцы.
Вядома, што Уладзiмiр Пракопавiч актыўна ўдзельнiчае ў працэсе мастацкага афармленьня сваiх кнiг. Калi прачытаць «Цэнтр Еўропы» i глянуць на вокладку, то задума яго становiцца зразумелай. У падрабязнасьцi разглядзець каналiзацыйны люк можна толькi калi ты вельмi блiзка да зямлi, а то i на ёй. Мутарна, углядаешся ў напiсаныя на жалезе лiтары, а аўтар зьверху насьмiхаецца: «Ну што я табе казаў? Панюхай, што ў цэнтры Еўропы». А ты i так, i сяк варочаешся i сапраўдышто ў Смаргонi г.., што ў Ляйпцыгу.
Патрыёт ня марыць падацца на заробкi ў Расiю, ня вельмi рвецца выдаваць свае кнiгi за мяжой, не пiярыцца разьдзетым. Някляеў сьцiплы творца, якi нiколi не працаваў дзеля свайго рэнамэ. Пры велiзарным творчым патэнцыяле ў яго пабачылi сьвет лiчаныя кнiжкi. I ў згаданую кнiгу ўвайшла цэлая жыцьцёвая эпоха аўтара. Высокi ўнутраны цэнз, развагi над сваiм творчым амплуа не дазвалялi пiсьменьнiку абнародаваць свае празаiчныя творы раней. Усё гэта адрозьнiвае яго ад халуя i шабашнiка, робiць асобай. А асобагэта катэгорыя вечнасьцi. Таму, маладыя, калi вам усё па «па барабану», але што гэта такое вы ня ведаеце і хочаце зьдзiвiць Еўропу, то заляпiце ёй такi блiн, якi ў някляеўскiм «Цэнтры». Каб усе бачылi, што ён хоць i першы, але годны i сапраўды там знаходзiцца.
Вiншую аўтара.