12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Бліцкрыт

_____________________
Размова пра кнігу Васіля Якавенкі “Пакутны век”


Гэтым разам Бліц-крыт, які мы рыхтавалі цягам цэлых ча­тырох нумароў, апынуўся найбольш дыскусійным і, магчыма, супярэчлівым з усіх нашых ранейшых абмеркаванняў, з дыяметральна суп­раць­леглымі ацэнкамі экспертаў што да разгляданай кні­гі. Як і раней, звышмэтай нашай рубрыкі ёсць не ўста­ляванне нейкае праўды ў «апошняй інстанцыі», а – жаданне пры­цягнуць увагу чытача да актуальных праблемаў сучаснага літаратурнага працэсу. Стварыць палеміку, скіраваць да роздуму і, урэшце, – справакаваць да дзеяння. І аўтара, і чытача.
Адносна таго, якія выданні Вы хацелі б пабачыць у кры­тычным прыцэле далейшых “дзеяслоўскіх” абмер­каванняў, калі ласка, лістуйце на адрас: [email protected]. ДЗЕйнічайце!

Яўген Гучок, паэт, публіцыст:

Раман “без берагоў”

Чытаць трылогію Васіля Якавенкі “Пакутны век” нялёгка, часам вель­мі цяжка, бо яна чапляе за жывое, адбірае спакой і нават можа пару­шыць сон. А прычына тут адна – насычанасць твора бясстрашнай і безагляднай праўдай, а таксама мастацкае майстэрства. “Пакутны век” мала разглядаць у кантэксце беларускай літаратуры (гл. творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі, Кузьмы Чорнага, Віктара Вальтара, Васіля Быкава, Вячаслава Адамчыка і інш.); ён варты разгляду ў кантэксце сусветнай класікі. Па праблематыцы этнічнага існавання і выжывання твор В. Якавенкі зойме годнае месца сярод твораў такіх пісьменнікаў, як “Апошнія лісты Якопа Ортыса” італьянца Уга Фаскола, дзе намаляваны трагедыя італьянца-патрыёта ў гады, што папярэднічаюць карбанарызму, матывы пратэсту і скрухі, выклік прыгнятальнікам, запавет нашчадкам непакорлівасці і прагі помсты; “Апошні з магікан” амерыканца Джэймса Фенімора Купера, дзе паказаны трагічны лёс індзейскага народа, што вынішчаецца буржуазнай цывілізацыяй; “Востраў Сахалін” рускага Антона Чэхава, дзе падаюцца сцэны рабаўніцтва і гвалтоўнай смяротнай расправы з мясцовымі жыхарамі расейскіх авантурыстаў і латруг; “Дух пушчы” амерыканца Джэка Лондана, дзе малююцца карціны вынішчэння аўтахтонаў – карэнных жыхароў Аляскі – індзейцаў-алеутаў расейскімі перша“прахадзімцамі” і каланістамі; паэтычны зборнік “На перакрыжаванні часоў” ірландца, нобелеўскага лаўрэата па літаратуры Уільяма Батлера Ейтса, дзе ў кожным радку паэта пульсуе палымяная кроў патрыёта і нянавісць да ворагаў яго Радзімы; патрыятычная паэма “Баск” баска Н. дэ Армаэчэа, дзе з гневам распавядаецца аб перашкоджаннях іспанскага фашызму развіццю баскскай літаратуры. На лініі пералічаных твораў В. Якавенка ў “Пакутным веку” конгеніяльна малюе сітуацыі, калі бязлітасна узурпуецца, марнуецца, пляжыцца светлы бок беларускага “жывога жыцця”.
Васіль Быкаў, класік беларускай літаратуры, у сваіх мастацкіх і публіцыстыч­ных творах часта гаворыць пра нялюдскую ўладу і праявы гэтых яе асаблівасцей у Беларусі ці то ў мірны час, ці то ў час вайны. Больш за тое, ён гэта вельмі рэльефна паказвае. Калі гаварыць у гэтым плане пра В. Якавенку, то ён ідзе яшчэ далей. Ён, гістарычна і метафізічна раскрываючы дужкі названай нялюдскасці, пераканаўча перадае яе прыроду, яе генезіс цераз абагульненне фактаў паводзін прадстаўнікоў гэтай нялюдскай улады. Да ўсяго, В. Якавенка падае схему сусветна-мясцовага зла, што балюе на Беларусі. Гэта – вось: Масква – Варшава – Берлін са сваімі маральна-палітычнымі “лагатыпамі”: Сталін – Пілсудскі – Гітлер. Але гэта яшчэ не ўсё. Над названай воссю лунае дух Агасфера. І, вядома, тут праяўляюць сваю гнюсную актыўнасць мясцовыя дробныя нячысцікі тыпу Даніка Плюнгера.
Калі ж узяць тэарэтычнае абгрунтаванне дзеянняў прадстаўнікоў названых субстанцый на месцы, то яно даволі яскрава раскрываецца ва ўзаемаадносінах са светам, а тым часам і між сабой характэрных персанажаў, такіх як Скірмунты, Раман і Костусь, як Махно – Троцкі, Мэндаль – Клямка, Рамановіч – Плюнгер, Геніюш – Цанава, Кубэ – Штраух, Кіт – Кушаль, Астроўскі – Абрамчык, Стрыгуноў… Мазураў – Хрушчоў… І вось у вір, дзе скрыжоўваюцца ўсе размаітыя погляды, пазіцыі, памкненні, кінуты неспрактыкаваны ў палітычных, класавых, расавых і іншых гульнях беларускі народ.
Каб шматбакова, аб’ёмна, пераканаўча паказаць праявы сусветнага зла, што абрынулася на Беларусь і драпежна трымае ў сваіх абхопах яе дзяцей – Рамановічаў (асабліва Барыса), Васіля Захарку, Мікалая Шчорса, Кастуся Езавітава, Барыса Кіта, Ларысу Геніюш і іншых волатаў беларускага духу, бескарыслівых падзвіжнікаў у служэнні Бацькаўшчыне (усё гэта, падкрэслім, гістарычныя персанажы), пісь­менніку дапамагае яго энцыклапедычная дасведчанасць і эрудыцыя ў галіне гіс­торыі, паліталогіі, філасофіі, этналогіі і інш. Пералічаныя героі ў прыклад нашчадкам вылучаюцца яшчэ і сваёй змагарнай актыўнасцю ў супрацьстаянні экспансіі зла. І ці не таму “Пакутны век” мае пэўную энцыклапедычна-анталагічную асаблівасць і скіраванасць, асабліва для тых, хто неабыякавы да лёсу Беларусі?
Калі гаварыць аб жанравых асаблівасцях “Пакутнага веку”, то гэта раман-эпапея, хоць сам аўтар не пазначае гэта ні на тытуле выдання, ні ў анатацыі да яго, але мы, несумненна, маем справу з раманам, праўда, не ў чыстым выглядзе, а раманам “без берагоў”. Тут са стоадсоткавымі старонкамі мастацкага тэксту суседнічаюць старонкі публіцыстыкі, рэпартажу, хронікі, эпісталярыя і інш. Зразумела, такое суседства спараджае і розныя стылёвыя асаблівасці твора. Але тут яны апраўданы і ніколькі не зніжаюць агульны высокі мастацкі ўзровень трылогіі, наадварот, так бы мовіць, паўсталая стылёвая мазаічнасць пашырае магчымасці аўтара разгарнуцца “ва ўсе чатыры бакі свету” і праз шматпланавасць, полісюжэтнасць прадставіць вялікі роскід і адпаведна саборнасць беларускай ментальнасці (пераважна барочнай афарбоўкі) як у дыяспары, так і ў метраполіі, даць больш поўную панараму падзей эпохі, выявіць багатую і ў той жа час больш ушчыльнёную галерэю герояў і антыгерояў часу і, вядома, больш канцэнтраваную іх псіхалагічную напоўненасць.
Адносна структурнай пабудовы, дакладней – кампазіцыі “Пакутнага веку”. Тут таксама ўсё спрацавана бездакорна. Кожная частка трылогіі (“Кабала”, “Надлом”, “Гульня на згубу”) самой назвай і насычанасцю гістарычнай, псіхалагічнай і бытавой пераканальнасці сведчаць аб кампетэнтнасці і глыбокіх удумлівых адносінах аўтара да таго, аб чым ён піша. Часам прасочваецца ў пэўным сэнсе тэндэнцыйнасць і дактрыннасць, уласцівыя для немалой колькасці старонак трылогіі. Але такія, гаворачы фігуральна, пасажы не тое што даравальныя, яны – апраўданы, больш таго – непазбежны і неабходны, каб падкрэсліць вялікі гуманістычны і адначасова гнеўны патрыятызм твора, а праз зададзеную фактуру розных паведамленняў лепш раскрыць і выявіць сістэму вобразаў увогуле і кожнага персанажа асобна. І што важна – у гэтым сэнсе ў аўтара няма ніякага перабору. Тут, да пракладу, нават, здавалася б, табуяваныя моманты ў сусветнай інфармацыйнай прасторы падаюцца зусім не ў лоб, а вось кропкі над “і” расстаўляюцца.
Неабходна сказаць хоць колькі ўхвальных слоў пра прысвячэнне твора (“Радзіме, высокім парыванням продкаў, вольнаму духу зямлі прысвячаю. Аўтар”) і пралог да яго. Гэтыя складнікі “Пакутнага веку” ад самага яго пачатку настройваюць чытача на трансцэндэнтна-патрыятычны лад. У гэтым і сэнс жыцця аўтара трылогіі і светлых вобразаў яе герояў.
Нельга не звярнуць увагу і на тое, што многія старонкі кнігі насычаны экзістэнцыяльнасцю, дакладным псіхалагізмам, лірызмам, вострай сатырай і мяккім гумарам. Вядома, усё гэта дасягаецца праз багатыя моўныя сродкі. Што тычыцца дыяпазону моўнага выяўлення “Пакутнага веку”, ён надзвычай шырокі. Яго насычаюць адпаведна ладнае лексічнае багацце, вобразнасць, афарыстычнасць і інш.
Улічваючы тое, што “Пакутны век” – гэта яшчэ і кніга ідэй, варта было б пашырыць яе назву, а менавіта: “Пакутны век, пакутная зямля”. Але гэта прыватная, можа, залішне суб’ектыўная думка.
Пры чытанні трылогіі, бывае, адчуваецца адсутнасць карпатлівай работы рэдактарскай рукі. Напрыклад, зусім недапушчальна, малечу Маню Рамановіч называць Раманавічанка, а сусветна вядомага, славутага вучонага, вялікага патрыёта Беларусі называць не Барыс Кіт, а – Барыс. Тут, як кажуць, не ўлічваюцца ўзроставыя асаблівасці герояў. Можна было б назваць прыклады і іншага кшталту, але яны – для аўтара і рэдактара.
І яшчэ. Каб пераканацца ў слушнасці мастацкай праўды, дакладнасці надзвычай багатага інфармацыйна твора В. Якавенкі, (калі яны ні ў чым і ніколькі не саступаюць адно аднаму, а наадварот, пасуюць і дапаўняюць адно аднаго, аб чым мімаходзь гаварылася вышэй), для гэтага “Пакутны век” павінен чытацца ўважліва і пранікнёна. Трылогія напісаная знаўцам гісторыі, майстрам слова, вялікім і актыўным патрыётам Беларусі. Нашая яму ўдзячнасць і нізкі паклон.

Маргарыта Аляшкевіч, літаратурны крытык:

Цяжкая кніга

Мы чакалі і прагнулі буйной кнігі, эпапеі, нашай “Вайны і міру” як нібыта адзі­най магчымай легітымізацыі беларускай літаратуры. Нечага, відавочна, не стае коласавым “Ростаням” і мележавым “Людзям” – хіба чытацкай памяці? Піяру на пераадоленне школьнай алергіі? Радуйся, о чытачу! Маем трылогію “Пакутны век” Васіля Якавенкі, якая ў спрэчцы наконт сённяшняга існавання нашага пісьменства даволі важкі аргумент.
Важкі настолькі, што каб не прыбіў нас, далікатных дзетак празмерна­га інфармацыйнага спажывання. Ледзь не 900 старонак – у наш век “інцяр­нету”!
З аднаго боку, крытыкі і культуролагі сцвярджаюць, што эпоха вялікага тэксту завяршылася1, а блогеры тут ставяць “+1” і не чытаюць, калі “многа букаф”. З іншага боку, у кансерватыўным грамадстве дажывае век літаратурацэнтрызм, і, каб улітасцівіць гэтага цмока, крытыкі і культуролагі мусяць прынесці ў ахвяру свае разумныя сцверджанні, а пісьменнікі – кінуць зверу ў пашчу выкшталцоныя постмадэрныя росшукі. Потым усе бяруцца за рукі, утвараюць сугестыўнае кола і пад напеўку “ёсць буйны твор – ёсць літаратура”, “ёсць “Вайна і мір” – ёсць беларусы” спрабуюць заклясці сонечнае надвор’е, усеагульнае працвітанне і масавы дабрабыт.
Разумею ахвоту чытача хутчэй далучыцца да свята; але мусім зважаць на немач, якая пашырылася, пакуль гугль мяняў нашыя звычкі рэцэпцыі – пошуку і засваення інфармацыі2.
Таму прапаную сумеснае пераадоленне парогу “Пакутнага веку” (а хто не мае праблемаў з лінейным успрыняццем тэксту, можа смела наступнае не чытаць і адразу занурацца ў першыя пецьдзясят старонак трылогіі).
Парог, адзначу, высокі. Ці лепей – як у правільнай беларускай хаце, надта нізкі, каб той, хто ўваходзіць, добра пакланіўся гаспадарам. Уся хата ў нашым выпадку складаецца з трох пакояў: кніг “Кабала” (235 м.кв.), “Надлом” (354 м.кв.) і “Гульня на згубу” (278 м.кв.), у якасці сенцаў слугуе пралог (4 м.кв.), а на панадворку маецца брама “Мастацкі ўзор і веліч праўды” (Роздум над трылогіяй А. Лойкі).
Хто пойдзе праз браму, набярэцца мудрасці, але разам з ёю і гатовых станоўчых ацэнак. Таму падкасаем нагавіцы і лезем цераз плот, а праз браму, гузоў набіўшы, потым выйдзем.
У сенцах можна абтрэсці паўсядзёншчыну і наладавацца на ўспрыняцце пры­ўкраснага:
“Восень. Мяккі супакой у шызым сыраватым паветры, і даволі лёгкага подыху ў навакольнай прасторы, каб заварушыліся сцішаныя, дрымотныя галінкі дрэў і, сарваўшыся, паляцела на зямлю з клёнаў і ліп вільготнае лісце, яркае, бы выштукаванае з сапраўднага золата; ад мяккага, насычанага водсвету яго на душы ў прахожых рабілася ўрачыста, утульна”.
Гэта не дынаміка пачатку, калі чытача ці то білі адразу ў твар, ці то за горла хапалі; гэта і не шматабяцальнае “Груша цвіла апошні год”, дзе чатыры словы гавораць і аб красе, і аб яе хуткім сконе, ну і крышачку аб гвалце, бо ж дрэвы самі сабой рэдка гінуць. Аднак не будзем спяшацца з высновамі і адсоўваць таміну ўбок: доўгі разгон бяруць і тыя, хто хоча далёка скочыць.
Тэма заяўлена манументальная: у анатацыі гаворыцца аб “драме і трагедыі станаўлення народа як нацыі”, у пралогу – аб згасанні пасіянарнасці беларусаў, якіх, да бяды, душаць хіжыя суседзі. У адпаведнасці з палатном падбіраюцца і фарбы. І калі пралог завяршаецца вершаваным запытаннем “Хто сёння мы? Дзе наша слава?” – чытач ужо мусіць настроіцца на патрэбны пафас і забыцца на часы скразной і татальнай іроніі. Не, Васіль Якавенка не іранізуе, і ён тут не ў гульні ўзяўся гуляць, але, кажучы словамі літаратуразнаўцы і культуролага Аляксея Рагулі, “не зважаючы на модныя патрабаванні дэканструкцыі і разбурэння логацэнтрызму, аўтар выразна акрэсліў арганізуючы матыў трылогіі”1. Як пабачым далей, пісьменнік не будзе з святарных кароў рабіць каралеўскіх біфштэксаў, а толькі пашыхтуе іх і ўпарадкуе цэтлікамі.
З пралогу, дзе на фоне залатой восені дыскутуюць паэт, геолаг і аўтар, трапляем на піцбуржскую канферэнцыю лекараў. Тут пані Марыя Дзямковіч з няпэўным славянскім акцэнтам тлумачыць амерыканцам, дзе ёсць яе радзіма Беларусь:
…[амерыканцы] убачылі ў ёй дзіўную асобу, прастата, шырасць і пранікнёнасць якой, пэўна, пераходзілі ў чуллівасць. Таму і слёзы, загадкавыя слёзы, што перапоўнілі чашу спакутаванай жаночай душы.
Трэба зважаць на высокі лад, заяўлены пралогам, эпіграфам і самой назвай твору, і вонкавым афармленнем, каб пабачыць за стылістычнымі клішэ нейкае сэнсава-эмацыйнае напаўненне, якога тут, насамрэч, багата. Пасля таго, як яе дзеда і дзядзьку, гэтаксама ўсіх габрэяў мястэчка ды яшчэ процьму добрых знаёмцаў забілі без суда і следства, а рэшткі сям’і туляліся, раскіданыя, па свеце, пані Марыя мае права на слабіну, героі – на нярэдкі кніжна-высокі стыль у гутарках, а аўтар – на роўна столькі інверсіяў, колькі яму будзе заўгодна (але ж, але ж, абвыкнем).
Зацемім яшчэ адну карысную для чытання рэч: не варта прызвычайвацца да герояў. Адзіны нязменны герой твору – беларуская нацыя. Вакол яе адбываецца безупынная ратацыя кадраў: герой можа з’явіцца ў эпізодзе, потым захапіць аповед на цэлы нарыс, потым саступіць месца іншым і зноў эпізадычна з’яўляцца ў наступных сцэнах (як, скажам, Радаслаў Астроўскі, які спярша фігуруе як меркаваны здраднік беларускага руху, прыгнечаны дэфензівай, потым выступае заснавальнікам Беларускага Кааперацыйнага банку ў Вільні, ахвярай інтрыгаў беларускіх нацыстаў у Менску 1941 года…).

Згаданая місіс Дзямковіч з’яўляецца бадай што адзіным героем, хто перыядычна суправаджае чытача ад пачатку твора і да яго фіналу. Спярша паспяховая амерыканка з сваёй “невялічкай камяніцай на два паверхі”, затым яна фігуруе ўжо як маталянка Маня, кемлівае дзіцятка, якое цягнецца да пракаветнай мудрасці, увасобленай у ейным дзедзе. Так і хочацца накінуць на дзеўку архетып, маўляў, Маня – гэта і ёсць Беларусь; але ж вобраз не тыпізуецца. Яе лёс – адзін з магчымых, адзін са шматлікіх, а пад канец трылогіі ён і ўвогуле губляецца пад напластаваннямі іншых лёсаў – як выбітных асобаў беларускага нацыятварэння, так і падобных да Мані, выхапленых з нябыту шарагоўцаў. Яшчэ адзін прэтэндэнт у галоўныя героі – Пятро Рамановіч, дзед мані па мянушцы Пісарчук, звычайны, а ўсё ж такі і не звычайны мотальскі селянін. Ці шмат сялянаў вядзе сяброўства з панамі і нават карыстаецца іхняй бібліятэкай, такіх сялянаў, да каго пан звернецца па параду, забіўшы выпадкам чалавека? Вось і камандзір партызанскай брыгады Баравік такіх не ведаў, таму нават запрасіў селяніна на сустрэчу – падзівіцца.
Каб “Пакутны век” апавядаў гісторыю сям’і Рамановічаў скрозь усё мінулае стагоддзе, усё было б надта проста, сага-фарсайтава, знака-бядынска ці там ветрам-знясёна. Карацей, не па-наску, не па-сучаснаму было б, немудрагеліста, надта лёгка б чыталася і не магло б тады, пэўна, прэтэндаваць на нешта, апроч чытацкае любові (а як жа, як жа гістарычная праўда-матка?). Таму трэба аповед аб сям’і разарваць устаўнымі нарысамі аб самім месцы і яго размаітых насельніках, іх прозвішчах (якія ўсе заканчваюцца на “-іч”, але вось каралева Бона засяліла некалькі сваіх суграмадзянаў, адтуль і розныя інакшыя прозвішчы пайшлі), гісторыі, этнаграфіі і геалогіі глебы, дапоўніць фрагментамі аб дзеячах беларускага адраджэння, вытрымкамі з дакументаў, улёткамі, адозвамі і газетнымі артыкуламі, усё без бібліяграфіі, перасыпаць гэта малавядомымі фактамі з гісторыі другой сусветнай, забіць добрага дзеда Пятра ўсярэдзіне кнігі, ну і звесці да мізэрных дзвюх-трох сцэнаў амурныя справы, пра якія мы з вамі так любім чытаць. (Не-не, любошчы тут ёсць, не бойцеся, гарэм Даніка Плюнгера і ягоная манера заляцацца парадуюць наш непатрабавальны густ, але ж яны ўстаўленыя ў аповед без якой-кольвечы звязкі з папярэднім і наступным тэкстам). Не будуць на імя Васіля Якавенкі слаць зычлівыя лісты Барысу Рамановічу і Ганцы Міховічаў, а праклёны – барысаваму юру Ёўдзе Хвілюсісе. Эпізоды залётаў ды грамадска-сямейнага суду над “блудлівым катом” выпісаны з надзвычайнай далікатнасцю і лаканічнасцю, чытач ледзь паспее перавесці дых паміж высокіх парыванняў і разважанняў аб сусветнай змове. Дый увогуле тое, што не датычыць нацыянальнага адраджэння, не ёсць прадметам адлюстравання: вызваленне Барыса з-пад арышту паказана як цікавае здарэнне, незвычайны выпадак (шляхетныя паводзіны арыштанта ўразілі пані жонку следчага, і яна выпрасіла хлопцу вызваленне), а пра тое, што перанесла сям’я, згадана мімахадзь: “Яшчэ не забыўся Барысаў арышт і неспакой з-за яго”. Згадайма арышт Васіля Дзятліка з “Людзей на балоце” – якая там псіхалагічная распрацоўка вобразаў, якое багацце рэакцый, якая праверка характараў! Залезці ўсярэдзіну герояў, выяўляць іхныя вярэды – а якой можа быць вярэда ў нацыяналіста, апроч стварэння і абароны нацыі? Вось і даводзіцца аўтару адно пераказваць тыя пачуцці і думкі герояў, якія не датычаць пастаўленай мэты (якой, памятаем, застаецца паказ станаўлення беларускай нацыі).
Цікава, што Курані – гэта вельмі пэўная частка Беларусі, дакладны кавалак Палесся, які проціпастаўлены і гарадам, і цэламу свету, і нават суседняму мястэчку. А Моталь нібыта прэзентуе ўсю краіну ў мініяцюры1
Прадэманструем, якім чынам увага ад Рамановічаў непазбежна адцягваецца гераіняй Беларускай Нацыяй. Барыс, сын Пятра і бацька Мані, пачынае з захаплення камуністычнымі ідэямі, а сканчае дзейсным беларускім нацыяналістам на эміграцыі. Адзін з важных пунктаў у змене яго светапогляду – сустрэча з нацыянальна ангажаваным Раманам Скірмунтам, панам і былым дэпутатам 1-й Дзяржаўнай Думы. У выпадку сямейна-гістарычнай хронікі мы б мелі толькі перажыванні Барыса з нагоды пачутага. Іх стае:
“Барыс маўчаў, прысаромлены і ўражаны. Так уразіла б яго, напэўна, калі б пан Скірмунт раптам дастаў з-пад сядзення пралёткі і пачаў ірваць тоўстую кнігу, на якую камуністы моляцца, – “Капітал” Маркса”.
Але поруч з гэтым і далейшымі трапнымі апісаннямі стану героя маем падрабязны радавод паноў Скірмунтаў з пералічэннем заслугаў кожнага перад сялянствам і радзімай, суплёт версіяў паходжання беларусаў, лірычнае адхіленне пра слыннага сына беларускага Напалеона Орду. Анатоль Мяльгуй называе твор “арыгінальным для айчыннай літаратуры сінтэзам сацыяльна-псіхалагічнага рамана з элементамі публіцыстыкі, гістарычнага, дакументальнага і эпісталярнага жанраў”2. У звязку з тым, што атрымалася, так і хочацца згадаць прымаўку пра двух зайцоў, за якімі не варта ганяцца адначасова, а лепей – па чарзе, чын чынам, тым больш што кожны асобны кавалак выдае велізарны пісьменніцкі талент аўтара. Той, хто здолеў паказаць знелюдзенне людзей, разбурэнне пракаветнага ладу ў адным эпізодзе, – калі ліхадзеі вымаразілі за адну ноч усіх руплівых пчолак гаспадара Пятра, – цалкам мажліва, проста не ставіў сабе задачы скласці цэласны тэкст і паслядоўнае апавяданне. Мажліва, тут спадар аўтар меў разлік на аўдыторыю, якой збіраць цэлае з удалых фрагментаў будзе гэтаксама лёгка, цікава і ўжо проста неабходна, як праглядаць адначасова з тузін закладак у браўзеры. Так што дарма мы з вамі баяліся вялікага тэксту. Але, на мой одум, усё ж такі бракуе нейкай структуры, нейкіх падзагалоўкаў-падказак і вынясення іх у змест – гэта вельмі паскорыла б засваенне тэксту, аблегчыла б паўторныя звароты да яго.
Такім чынам, прапаноўваю перад карыстаннем тэксту азнаёміцца з мануа­лам:
1. Наладзьцеся на высокі стыль і сур’ёзную размову;
2. Адкладзіце ўбок усялякі спех, падрыхтуйцеся да слабой дынамікі дзеяў у першых пяцідзесяці старонках1;
3. Не прызвычайвайцеся да герояў; каб пазбегнуць блытаніны і раздражняльнага дэжавю, выпісвайце імёны новых герояў і старонку іх уваходжання ў тэкст (яны, мажліва, яшчэ неаднойчы сустрэнуцца, старонак гэтак праз дзвесьце);
4. Не шукайце спісу выкарыстаных дакументаў пры канцы кнігі, яго там ня­ма; аўтар не выдае сваіх сакрэтаў – ці то ён узнаўляе дакументы паводле сва­ёй фенаменальнай памяці, часам называючы месца і год выдання, а часам не, ці то карыстаецца сямейным архівам, ці то не хоча загрувашчваць тэкст яшчэ і бібліяграфічнымі спасылкамі. Што яшчэ неверагодней: аўтар вядзе хітрую постмадэрнічную-такі гульню – спярша выракся “моднай дэканструкцыі”, а потым містыфікуе гісторыю, як яму заманецца;
5. Калі цікавяць сямейныя стасункі – глядзіце серыялы; калі хочацца да іх беларускага каларыту – чытайце Мележа (Палеская хроніка, том першы). Каму мала жывасці ў героях, бракуе іх актыўных учынкаў і перажыванняў – гл. п. 1; калі хтосьці хоча і гаворкі аб нацыянальным, і рознабаковых герояў – чытайце Караткевіча.

Трава зялёная, а малако белае
Цяпер вы мусіце мяне спытацца: а навошта тады чытаць Якавенку? Нам хопіць для абуджэння нацыянальнай годнасці Караткевіча, для праўды пра калектывізацыю – Зарэцкага і Мележа, пра вайну – Быкава энд Ко, пра беларуска-польскіх ваеннапалонных Брыля, пра жыдоўскую змову Эка ці там Браўна, а пра калабарантаў, эмігрантаў ды заходнікаў столькі ўсяго СМІ панапісалі, ажно галава гудзе.
Усё так. Гудзе. Але ж цэласнага ўяўлення няма? Дык вось. Апрача спробы нам яго даць, аўтар ахвяруе сваёй кармай і бярэцца разганяць ідэалагічныя міфы – святарных кароў, марудных істотаў, якіх нельга чапаць, нават калі тыя разлегліся пасярод дарогі на светлую будучыню.
Статак можна ўмоўна падзяліць на некалькі групаў: міфы рэвалюцыйныя, міфы ваенныя, міфы нацыяналістычныя. Паўтаруся – раздзяленне вельмі ўмоў­нае і патрэбна адно для паслядоўнасці разгортвання думкі; у кнізе, як і ў жыцці, усё пераплецена ў клубок. Да таго, у кнізе паўстаюць міфы таго часу, які апісваецца – скажам, у Заходняй Беларусі сярэдзіны і канца 20-х верылі, быццам бы ў “камуніі”, то бок савецкай частцы краіны, на платах каўбасы растуць, але першы ж хадок, якому ўдалося вярнуцца назад, разбівае гэтую цудоўную казку аб лепшым свеце, дзе насамрэч “калгасы, а не каўбасы” ды людзі радыя бульбяному лушпінню. Заўпынімся на тым, што непасрэдна датычыць сённяшняга ўспрыняцця мінулых падзей.
У рэвалюцыйным блоку звыкла ацэньваюцца і падлягаюць далейшай міфікацыі асобы правадыроў, прытым Ленін – герой станоўчы, які ледзь не адзін паўстаў супраць жыдоў-расеягубаў, за што і атрымаў атручаную кулю, а ад страшнага Сталіна сын ажно ў войска збег (характэрна, што Якуб Джугашвілі наскрозь геройскі, дый да бацькі піетэт адчувальны); Троцкі, адпаведна, галоўны дзеяч габрайскай перабудовы свету (чаму б не Парвус?). Міф аб прыгнечаных заходніх братах цалкам пацверджаны, пашыраны, дапоўнены і пазбаўлены ўсялякае міфалагічнасці – пры польскіх панах беларусам сапраўды жылося цяжка, іх апалячвалі, не давалі развіваць нацыянальную культуру, падаткамі абкладалі. Пры саветах, праўда, стала яшчэ горай, але міфа гэта ўжо не датычыць.
Вокліч “Бі жыдоў, ратуй Расею!” пачынаеш скандаваць пасля першай жа гу­таркі дзеда Пятра з сябрам (а гэта вельмі пашыраная ў тэксце форма вядзення аповеду) – селянін дабіраецца да кораню ўсіх бедаў:
“…павінны ператварыць Расею ў пустыню, населеную белымі неграмі. Калі мы выйграем рэвалюцыю, парушым Расею, то шляхам тэрору, крывавых бань мы давядзем рускую інтэлігенцыю да поўнага атупення, да ідыятызму, да жывёльнага стану. А пакуль нашы юнакі ў скураных куртках – сыны гадзіннікавых спраў майстроў…” (пераказ бацюшкам Георгіям прамовы Троцкага)
Неўзабаве спадар Пятро і сына да навукі даложыць, падкінуўшы таму патрэб­ную літаратуру:
“Апошнім часам жыхары Моталя дужа збяднелі, бо яўрэі не давалі ім грошай пад вексалі, а замест працэнтаў бралі або засевы, або што-колечы з дамашняй скаціны – каня ці карову, а пад заклад выдадзенай ім сумы патрабавалі дамы ці іншыя збудаванні. Рэдкі моталец вольны ад кабальных пазык… і жыды, – зазначала яна [аўтарка брашуры 1888 г.], – давёўшы справу да гвалту, прадаюць усю маёмасць з малатка.
(і чым, уласна кажучы, вінныя жыды – што дабіваліся вяртання пазыкі? Му­сіць, так, бо пры апісанні камерцыйнай дзейнасці самога Барыса, які намагаўся пераадолець гегемонію габрэяў у гандлі, гаворыцца, што ён даваў тавар людзям напавер і казаў пры гэтым – будуць грошы, аддасцё. На жаль, Другая сусветная затым перапыніла філантрапічна-камерцыйную дзейнасць героя і не дала чытачам пабачыць прыбыткаў з такога бізнесу).
Падобныя эскапады суседнічаюць з апісаннем местачковых габрэяў – збольшага людзей добрых, разумных і адукаваных, якіх дзед Пятро з цікаўнасцю слухае, якім пры патрэбе дапамагае схавацца. Тут жа – і высмейванне антысемізму: паліцай не паленаваўся пацягнуцца за Барысам Кітам ажно ў лазню, бо падазраваў у тым габрэя, але ж быў прысаромлены голай праўдай…
Міфы ваеннай тэматыкі таксама пазнавальныя. Не ведаю, як вам, а мне дзед усё дзяцінства прабубніў, што немцы былі добрыя і нават дапамагалі – плацілі за ежу, а партызаны апошняе адбіралі. У “Пакутным веку” падзяленне на “нашых” і “нянашых” адбываецца па мяжы чалавечнасці – калі немец дапамагае сям’і Германкі (у час Першай сусветнай), дык ён і за ворага не лічыцца, і не сорамна ад яго дзіцё займець ды выхаваць; калі ж партызан прыходзіць да сваяка, які дапамагаў яму хавацца ад арышту, жлукціць з ім пяршак, а потым спрабуе забіць, бо той сваяк абрыд партызану бясконцымі ўпікамі ў адрас савецкае ўлады – такому герою аўтар прыхаваў жахлівы канец. Але і тут не ўсё адназначна, і нельга казаць, быццам Данік Плюнгер – галоўны адмоўны персанаж. Калі герой – нацыя, дык і супрацьстаяць ёй адна асоба не можа, таму на ролю антыгероя выходзіць сам час:
“Па гэтай зямлі ўздоўж і ўпоперак, злева направа і справа налева, паўсюль кру­жылі і гойсалі страхалюдныя віхуры, і яны высмоктвалі чалавечую кроў(с. 489).
Данік – таксама ахвяра часу. Так, з-за пэўных адмысловасцяў характару, а дакладней – з заўсёднай ахвоты лезці на ражон хлопец у часы пракамуністычнай дзейнасці патрапіў на вока карнікам дэфензівы. Страху бацькоўскай хаты двойчы раскідвалі, другім разам з страхой раскідалі і майно, так што раззлаваны бацька нават прылюдна выцяў і выракся сына – дзе ж тут не зазлаваць, супраць усяго свету не паўстаць, а асабліва супраць тых, хто пад цэлымі стрэхамі сядзіць сціхатою ды пыніць гаспадарку.
Не абмінае аўтар увагай і постаць Кубэ, які атрымліваецца шчырым сяб­рам беларусаў, чалавекам адукаваным і з густам да мастацтваў, не абмінае і супярэчлівасцяў вакол яго забойства. Атрымліваюць голас таксама іншыя добра вядомыя асобы, але ж, за немагчымасцю спраўдзіць, наколькі блізка аўтар трымаецца цытаваных тэкстаў, не маю магчымасці казаць аб якіх-кольвечы тут мастацкіх дасягненнях.
Вельмі, вельмі шмат можна гаварыць аб руйнаванні савецкага ваеннага міфу – але гэта тэма для асобнай гаворкі, як то ўпісаць фрагменты, датычныя ваенных дзеянняў, у кантэкст іншых твораў пра вайну, не дазваляюць памеры і так разбухлай рэцэнзіі. Заўважу толькі, што большасць думак, выказаных аўтарам, ужо знаёмыя нам ад часоў галоснасці, і вартасць падобнага міфаразбурэння хіба ў тым, што матэрыял сабраны пад адной вокладкай, каб лёгка было рабіць самастойныя высновы.
Затым, міфы нацыянальныя. Скажам, ці ёсць калабаранты здраднікамі? Каму яны здраджвалі? У “Птушках і гнёздах” Янкі Брыля яны, як памятаем, зусім не сімпатычныя і нават агідныя ў параўнанні з сапраўдным беларусам Алесем Руневічам. Што сталася з колішнімі прабеларускімі ўтварэннямі ў цяперашнім свеце? Дзе сёння і што робяць славутыя дзеячы адраджэння? Ладныя кавалкі тэксту “Пакутнага веку” адведзены намаганням разабрацца, хто і з якім імпэтам спрычыніўся да ўтварэння БНР, хто каму сцяжынку перабег у час фармавання беларускай дзяржаўнасці, што адбывалася ў акупаваным немцамі Менску, як мабілізаваліся нацыянальныя сілы за мяжой краіны, што прынёс новы век. Здраднікі і героі, ашуканыя і ашуканцы – каб з гэтым асвойтацца, напраўдзе варта прачытаць “Пакутны век”, прытым некалькі разоў (а таму купляйце, купляйце кнігу, пакуль яна каштуе нейкіх 60 тысячаў – вось стане класікай або патрапіць пад забарону, дык і за большыя грошы не набудзеце: або школьнікі разбяруць, або гандляры тры скуры злупяць за апошні асобнік).
Самым цікавым, на мой міфалагічны густ, застаецца ўтвораны трылогіяй пазітыўны вобраз беларуса – не цёмнага мужыка з каўтуном на галаве і заўсёднай нішчымніцай на стале, не мужнага змагара, якому пры экзістэнцыяльным выбары невядомыя сумненні, і нават не рамантыка, які мае справу з ажылай мінуўшчынай. А гаспадарлівага разумніка, чалавека цвярозага і дапытлівага розуму, няспешлівага і поўнага ўнутранай годнасці, прывязанага да зямлі і паяднанага з яе пракаветнай памяццю.
Цяжкая, цяжкая гэта кніга. І не толькі з-за вагі і памеру (у торбачку дый у галаву не кожнай кабеце ўмесціцца). І не толькі з-за недахопу эмацыйных сувязяў між удалымі, бадай што самакаштоўнымі нарысамі. Яшчэ і з-за таго, што сам час, апісаны ў трылогіі, быў такі няпросты – супярэчлівы, бла-бла, самі ведаеце, адным словам – пакутны.
Жыццё страшэнна неўпарадкаванае – столькі ўсяго адбываецца, прытым усё ў дробязях, сярод якіх і не адрозніш кавалачак вялікай дзеі. Потым ужо, калі жыццё рушыць далей і пачынаюцца ўспаміны, можна вылучыць тое-сёе з гэтага гармідару, прыняць вылучанае за галоўнае. Але выбірае кожны пад сябе, і больш упарадкаванай ад гэтага мінуўшчына не робіцца. Таму каштоўнасць трылогіі “Пакутны век” бачыцца менавіта ў тым, што можа на першы погляд падацца яе хібай – у непрычасанасці, размаітасці матэрыялу, зведзенага разам. Кніга ўяўляецца наборам фрагментаў, эпізодаў або сцэнаў, паміж якімі існуюць храналагічныя, гістарычныя, часам лагічныя сувязі. Частку з іх можна аспрэчваць, частку прымаць да ведама, часткай шчыра захапляцца. А нашчадкам застаецца воля ў карыстанні гэтага факталагічна-вобразнага канструктару.

Міхась Малько:

Выяўленне нацыі

Трылогія “Пакутны век” Васіля Цімафеевіча Якавенкі з’яўляецца вялікім дасягненнем не толькі самога аўтара, але і ўсёй беларускай літаратуры. У творы – трагічны лёс беларускага народа на працягу апошняга стагоддзя, пачынаючы ад першай сусветнай вайны і заканчваючы сённяшнімі днямі. Падзеі, апісаныя ў трылогіі, развіваюцца ў мястэчку Моталь, у Янаве, Пінску, Слуцку, Мінску, Гомелі і іншых беларускіх гарадах, у Варшаве, Познані, Берліне, Кёнігсбергу, Мюнхене, Франкфурце-на-Майне і іншых гарадах Германіі, у сталіцы Вялікабрытаніі Лондане, у Чыкага, Дэтройце, Балтыморы, Лос-Анжэлесе і іншых гарадах ЗША. Дзеючымі асобамі трылогіі з’яўляюцца простыя сяляне, рабочыя, ваенныя, палі­тыкі, уключаючы такія гістарычныя постаці, як Гітлер, Кубэ, Чэрчыль, Ста­лін, Хрушчоў, Мазураў і інш. Дакладна паказана палітыка такіх беларускіх кіраўнікоў, як Кебіч, якія, па сутнасці, рабілі ўсё дзеля таго, каб Беларусь зноў апынулася ў Расійскай імперыі. Усе гэтыя асаблівасці трылогіі «Пакутны век» вызначаюць яе як асаблівы, унікальны твор беларускай літаратуры, якому наканавана доўгае жыццё.
Лічыць, што эпапея “Пакутны век” апісвае трагічны лёс сям'і Пятра Рамановіча, было б памылкай, паколькі галоўны герой трылогіі на самой справе з'яўляецца літаратурным выяўленнем самой беларускай нацыі. «Пакутны век» – гэта шырокая мастацкая панарама, якая адлюстравала важнейшыя падзеі, і гэта надае асаблівую вартасць трылогіі Васіля Цімафеевіча.
Яе адметнай асаблівасцю з'яўляецца наўздзіў дакладнае, амаль дакументальнае апісанне важнейшых гістарычных падзей і важнейшых гістарычных асоб, што вызначалі лёс беларускага народа раней і вызначаюць сёння. Асабліва выразна гэта бачна пры азнаямленні са старонкамі кнігі, дзе паказаны ваенныя дзеянні. Тут, упершыню для беларускай літаратуры, сустракаешся з загадамі армейскага кіраўніцтва, з вытрымкамі з журналаў баявых дзеянняў і г.д. Але гэта не дакументальны твор. Гэта высокамастацкая кніга, напісаная з вялікай зацікаўленасцю да дзеючых асоб, пранікнутая тонкім лірызмам і філасофскімі роздумамі. Можна не сумнявацца, што прыйдзе такі час, калі гэта кніга будзе выдавацца масавымі тыражамі і стане вядомай і даступнай для ўсіх нашых людзей.
Да асаблівых дасягненняў аўтара трэба аднесці мастацкае вырашэнне трох надзвычай важных задач. Як вядома, усе тыя беларускія дзеячы, якія спрычыніліся да стварэння Савецкай Беларусі, былі знішчаныя вылюдкамі з НКВД. Тыя ж беларускія палітыкі, якія былі не дасягальнымі для НКВД, былі афіцыйна аб'яў­леныя здраднікамі беларускага народа. І гэтае таўро, прыклеенае ворагамі Беларусі, застаецца на іх і сёння. Васіль Цімафеевіч пераканаўча паказаў, што ўсе гэтыя так званыя ворагі Беларусі на самой справе з'яўляюцца нацыянальнымі героямі і патрыётамі нашай краіны. Гэта найперш Раман Скірмунт, Радаслаў Астроўскі, ксёндз Гадлеўскі, Юры Сабалеўскі, доктар Шчорс, Аўген Калубовіч, Барыс Кіт, паэтэсы Наталля Арсеннева, Ларыса Геніюш і іншыя. Менавіта іх дзейнасць і стварыла падмурак для сягонняшняй Беларусі, для краіны, у якой, прыйдзе час, і сапраўдныя патрыёты будуць называцца патрыётамі, і вуліцы беларускіх гарадоў будуць мець назвы ў гонар іх, а не ворагаў Беларусі, свядомых праціўнікаў беларускай незалежнасці.
Другой важнай тэмай трылогіі «Пакутны век» стала праўдзівае апісанне жыцця насельніцтва Заходняй Беларусі пад польскай акупацыяй. Як вядома, панская Польшча праводзіла тут палітыку нацыянальнага і сацыяльнага ўціску. Сягоння на старонках некаторых выданняў з'яўляюцца артыкулы, у якіх робяцца спробы паказаць, што прыход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь з'явіўся трагедыяй для насельніцтва, якому жылося пад польскай акупацыяй намнога лепш, чым пры ўладзе бальшавікоў. Аднак пры гэтым не згадваецца, што польскія ўлады адкрыта заяўлялі: іхняя задача на Усходніх Крэсах – поўная паланізацыя бела­рускага насельніцтва на працягу аднаго пакалення. Такая палітыка Польшчы была сфармулявана ўжо ў 1919 годзе Юзафам Пілсудскім. У 1919 годзе Польшча падпісала з краінамі Антанты спецыяльную дамову, згодна з якой абавязвалася садзейнічаць нацыянальнаму развіццю нацыянальных меншасцяў, што аказаліся пад польскай уладай. Толькі Польшча не збіралася выконваць дамову. У 1934 годзе Ліга Нацыяў запатрабавала ад Польшчы спыніць тую ганебную практыку. Але ж Польшча і далей праводзіла сваю шалёную каланіяльную дзейнасць.
Трэцяя задача, якую паспяхова вырашыў пісьменнік – ён пераканаўча прадэ­манстраваў, яскрава паказаў, што ўсе беды беларускага народа ў апошнія 100 гадоў выкліканы трыма драпежнікамі: Масквой, Варшавай і Берлінам. Сёння Беларусь нібыта суверэнная дзяржава. Няхай... Але сквапны ўсходні сусед амаль адкрыта заяўляе: мэтай яго палітыкі ў адносінах да Беларусі з'яўляецца інкарпарацыя краіны. Відавочна, што для таго, каб адстаяць незалежнасць нашай краіны, трэба не толькі забяспечыць яе суверынітэт у галіне энергетыкі, але і стварыць такія ўмовы, пры якіх кожны грамадзянін будзе дакладна ведаць: яго дабрабыт і нават фізічнае існаванне магчымыя толькі ў вольнай беларускай дзяржаве, асновы якой заклалі сваёй самаахвярнай барацьбой і працай, працай і барацьбой слаўныя сыны і дочкі беларускага народа. І гэта момант ісціны.

Вітаўт Мартыненка, музычны крытык, журналіст:

Вяртанне эпасу

Калі ў 80-я гады юнаком я, дзякуй Богу, падсеў на моду штучна створанага саветамі кніжнага бума, здаючы цюкі макулатуры дзеля атрымання жаданага талончыка на права купіць нейкую надзвычайную кнігу (а былі ж тое насамрэч вялікія Дыкенс, Бальзак, Мапасан, Бакача, Сэрвантэс, Ільф і Пятроў, Булгакаў), у пэўны момант натыкнуўся на пытанне: а чаму ж у беларусаў няма ніводнай беларускай кнігі ў гэтай акцыі? Падзяліўшыся з сябрам маладосці – паэтам Анатолем Сысам – сваімі пакутамі, што не магу сабраць паўнавартасную беларускую бібліятэку, бо напароўся спярша на нейкага пралетарскага рыфмаплёта, а потым на калгасны раман пра Івана Батрака, які цягнуўся за плугам, радасна нюхаючы шчодрыя пахі гною, я атрымаў адназначны адказ. Анатоль Сыс параіў тады: «Чытай Якавенку, за ім – будучыня».
Акурат прадавалася ў той час у крамах нейкая кніжыца Васіля Якавенкі ў шэрай каленкоравай вокладцы, але я толькі пагартаў яе ў кнігарні. Потым Сысу кажу: «Ну які Якавенка? Ну любіць чалавек родную прыроду, ну намагаецца падзяліцца гэтай любоўю… А дзе ж вастрыня сюжэту, дзе таямнічая фабула?».
Мне падалося, што паэта вабіць менавіта жыццёвая проза, а не дэтэктывы й фантастыка, як мяне тады. Праз чвэрць стагоддзя давялося падзяліцца тым успамінам з самім Якавенкам на адной з прэзентацыяў, дык і ён здзівіўся: «Сыс рэкамендаваў мяне? Ён – паэт… Не можа быць! Я ж для яго быў публіцыстам, і раман «Надлом», і потым трылогія «Пакутны век» – мае першыя чыста мастацкія творы».
Ці то Сыс апынуўся сапраўдным прарокам, ці то спадар Якавенка не дагаворвае, як ён назапасіў той неверагодны аб’ём матэрыялу, архіўнага і эмацыйнага, якім прасякнуты ягоны твор, але маштабная кніга «Пакутны век» (каля тысячы старонак) стала для мяне найбольшым літаратурным адкрыццём апошняга часу, хоць ужо маю ў сваёй бібліятэцы унікальныя кнігі Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Кастуся Акулы, Ларысы Геніюш, Наталлі Арсенневай, цудоўныя беларускія пераклады Платона, Марка Аўрэліюса, Уітмэна, Лангфэла, Джойса, Оруэла, Гашэка, Сянкевіча, Дастаеўскага…
Парадокс яшчэ ў тым, што чытаў я той «Пакутны век» акурат пасля найбольш поўнага трэцяга выдання, калі прэзідэнт краіны гучна заявіў: «На скаргі пісьменнікаў хачу запытаць: а дзе вашы эпапеі, накшталт «Вайны і мір» Талстога, «Ціхага Дону» Шолахава?»
Ды ў «Пакутным веку» я акурат жа ўбачыў і маштабнасць Талстога, і эмацыйнае багацце Шолахава. Але…
Не з Шолахавым і Талстым хочацца насамперш параўноўваць гэты твор, бо менавіта такія параўнанні падаліся мне недастатковымі ў прадмове Алега Лойкі, якую ініцыятары трэцяга выдання ўзялі з актуальных газетных публікацыяў («Наша слова» №46, 12.11.2008). Насамперш хочацца адштурхнуцца ад свайго, у дадзеным выпадку тэматычна больш роднаснага і адэкватнага.
Прыгадваецца колішняе знаёмства з двойчы ўжо перавыданым у Менску («Мастацкая літаратура», 1994, «Логвінаў», 2005) раманам «Змагарныя дарогі» канадскага беларускага генія Кастуся Акулы (маё інтэрв’ю з ім «Дзеяслоў» дру­каваў у №3 2006 г.). Ці мо яшчэ з выдадзенай у Канадзе ягонай жа неверагодна праўдзівай трылогіяй «Гараватка» пра вычварэнствы калектывізацыі («Дзярлівая птушка», «Закрываўленае сонца», «Беларусы, вас чакае зямля»).
Я ніколі не быў прыхільнікам батальнай прозы, але Акула ўразіў нават нестандартна аб’ёмным выяўленнем самой сутнасці вайны. У яго не было звык­лых схем, дзе праклятыя чорныя напалі на няшчасных белых, тыя тужыліся-пыжыліся, але лёгка перамаглі, бо «наше дело правое, посему победа и могла быть только за нами». А ў Акулы людзі, якія зведалі пакуты сталіншчыны ды баяліся пакутаў гітлераўшчыны, пакутліва ж вырашаюць, з кім быць у бойцы двух тыранаў. На злом галавы чыталіся тыя старонкі, дзе маладыя байцы бралі ў рукі фашысцкую зброю і… ў першым баі здаваліся французам, каб назаўтра страляць у тых, з кім учора дзялілі акоп. Натуральна, там былі беларусы, якія ваявалі супраць Гітлера ў савецкіх войсках, былі й такія, якія ў нямецкіх войсках змагаліся з бальшавізмам за Беларусь, былі й тыя, што трапілі ў Польскі корпус брытанскай арміі Андэрса, каб змагацца і з Сталіным, і з Гітлерам… Хто з іх чорны, а хто белы – не вырашана й да сёння, бо, як піша Васіль Якавенка, «тэрор вяршыўся пры розных носьбітах улады й сілы, пры розных асобах і абставінах» (стар. 613). Але гэта не азначае, што аўтар абвінавачвае ўсіх і ўсё. Бо нават у складаным габрэйскім пытанні, якое шматаблічна разгортваецца ў эпапеі “Пакутны век”, ёсць і пакуты купца Мэндаля, выгнанага вайной з Польшчы ў Беларусь, яго прытулілі мотальцы і сябруе з ім галоўны герой Рамановіч, разважанні таго самага Рамановіча над згаданымі кімсьці вычварэнскімі «Пратаколамі сіёнскіх мудрацоў», якія можна параўноўваць – ні больш, ні менш – з «Майн Кампф». Менавіта ў размове з Пятром Рамановічам Мэндаль з Хэлму сцвярджае: «Не ведаю, пане Пятро, радавацца мне з гэтай нагоды ці слёзы ліць, толькі наш габрэйскі Талмуд і «Майн Кампф» Гітлера – творы, вартыя адзін аднаго» (стар. 578).
У рамане, зрэшты, нямала эпізадычных палітычных згадак, якія спярша вы­глядаюць неяк сумбурна, але ў агульным кантэксце твора складаюць надта пераканаўчую паралель нават паміж знешне процілеглымі дактрынамі – сіянізм, камунізм, фашызм. І ўсе яны надта характэрна адзначыліся ў нашай святой зямлі – Беларусі, якая выйшла з войнаў і рэвалюцыяў ХХ стагоддзя нібыта пераможцай (у нас нават Плошча Перамогі ў сталіцы ёсць), але з найвялікшымі людскімі й тэрытарыяльнымі стратамі: 20-мільённы народ проста разарвалі на часткі, як курдаў. Расеі адышло 183 039 кв. км з насельніцтвам каля 6,5 мільёнаў душ, Польшча прысабечыла 102 000 кв. км (4,5 млн. чал.), Латвія – 12 000 кв. км (паўмільёна), Жмудзь заграбла не толькі 5 433 кв. км (231 000 чал.), але й назву Літва разам з багатай ліцвінскай гісторыяй. Чаму такі лёс зазнаў народ у цэнтры цывілізаванай Еўропы, які стварыў дэмакратычны звод законаў «Статут Вялікага Княства» яшчэ тады, калі не было ні магутнай Нямеччыны, ні вялікай Брытаніі, ні хцівай Польшчы, а магутная імперыя, жыхары якой яшчэ сядзелі на калах свайго цара Пятра І за збор шышак па дрэвах з галадухі, яшчэ й не марыла прысабечыць нават назву старажытнай Русі, бо не забыла пакуль «исконного» наймення Залатая Арда? Дый што казаць: амерыканская канстытуцыя пісалася з аглядкай на «Статут» нашага Льва Сапегі.
А падзеі раману якраз і разгортваюцца не толькі вакол вайны: выразна апісана атмасфера рэвалюцыйных пераўтварэнняў першай трэці стагоддзя, нямала старонак займае тэма беларуса ў выгнанні, на абшарах далёкай Амерыкі, Аўстраліі і іншых краін.
Беларусь сярэднявечная, БНР, Беларусь савецкая адлюстраваныя ў кнізе праз унікальныя дакументы пэўнай эпохі, праз згадкі мастацкіх твораў і легенд, якія гарманічна ўпісваюцца ў сюжэт. Дый што казаць, калі героі твора не толькі чытаюць кнігі Ларысы Геніюш і Наталлі Арсенневай, але й згадваюць пра асабістыя сустрэчы з тымі вялікімі паэткамі, з іншымі гістарычнымі персанажамі. Што казаць, калі сярод тых персанажаў – дэпутат польскага сэйма ды адзін з стваральнікаў БНР Раман Скірмунт, унікальны матэматык Барыс Кіта, які стаў свяцілам сусветнай касманаўтыкі пад імем Барыс Кіт, якое ўмуравана адмысловай ганаровай капсулай у камяніцы Капітоля, дзеячы розных палітычных партый таго пакутнага для Беларусі ХХ веку – ад Фабіяна Акінчыца да Міколы Ганько, ад Вітаўта Кіпеля да Радаслава Астроўскага, ад Васіля Захаркі да Мікалая Шчорса. Ды нават Янка Геніюш, муж той самай славутай паэткі, паўстае надзвычай жывым і блізкім чалавекам.
Нягледзячы на рэалістычную манеру выкладання матэрыялу, надзвычай удалымі ў кнізе падаюцца й старонкі містычнага гарту, напрыклад, калі падпіты бацька калгаснага камунякі-кар’ерыста сустракаецца з духам забітых ягоным сынам людзей: «Постаць, якая ў святле месячыка адарвалася ад дому, была ў светлым, а цені цёмныя, чорныя, і яны неўзабаве захінулі светлую здань. Толькі ж варта было падысьці Кузьме да брамкі могілак, як за ёй паказаліся чатыры постаці ў белым, мала таго, на труне-чаўнаку падплыла шчэ й пятая: «– Кузьма, гэта ты?, – за простым пытаньнем чуўся голас Пятра Рамановіча, – Балюеш, нячысцік?..» Ад страху ў таго й мову адняло, і ён кіўнуў галавой» (стар. 795). Вось такая гогалеўшчына!
Майстэрства пісьменніка падалося мне яшчэ і ў тым, што, пішучы пра складаныя перыпетыі лёсу людзей, якіх зваблівае ў свой калаўрот то камунізм, то польскае «вызваленне», то нямецкае, то расейскае, ніколі не бярэ чыйсьці бок, хоць часам бянтэжыць тым пэўнага чытача: ну не кожнаму верыцца, што сумленныя людзі, якіх вязуць у быдлячым вагоне на высылку ў Сібір, шчыра спяваюць «мілагучныя акупанцкія песні» – «Катюша», «Идёт война народная». Але ў кантэксце ўсяго твору адчуваеш, што яго будуць чытаць і праз 20, і праз 100 гадоў, бо аўтар пераўвасабляецца ў ролю неангажаванага летапісца. Часам нават спачуваеш таму самаму будучаму крываваму забойцу й кар’ерысту Багдану Плюнгеру, з-за фанабэрыстасці якога пілсудчыкі не раз раскідваюць сціплае гняздо ягоных бацькоў. Аўтар вышэй за нашыя актуальныя ўражанні напрацягу ўсяго твора:
«– Дарагія таварышы, слаўныя чырвонаармейцы, дзякуй вам, што вызвалілі нас ад польскага ярма», – дэкламуюць у 1939-м заходнебеларусы з леванастроеных, а ў адказ чуюць добрую ўсмешку салдата-вызваліцеля: «– Ад ярма вызвалілі, а хамут надзенем!» (стар. 182).
Асабліва важным аспектам у гэтай рэцэнзіі стаў для мяне й асабісты чытацкі досвед: паляка Генрыка Сянкевіча некаторыя мае сябры не змаглі асэнсаваць і дагэтуль, а сам я, напрыклад, пакутліва пераадольваў першыя 30 старонак увахо­джання ў глыбокі гістарычны кантэкст рамана «Quo Vadis», каб потым так зліцца з героямі, што пакутлівым стала растанне. Прыблізна такі ж шлях знаёмства прайшоў і ўлюбёны мой раман Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». А вось з Якавенкам адбылося зусім іначай: ён захапіў з першых старонак, хоць пераадольваць стэрэатыпы давялося якраз перад тым.
Бываючы яшчэ на прэзентацыях першых выпускаў, я абыякава назіраў за мітуснёй чытацкай аўдыторыі вакол аўтара. Кніга адразу прывабіла істотную ўвагу многіх, а я думаў, што гэта чарговы раман пра наша бязрадаснае калгаснае ўчора і такое ж калгаснае заўтра. Але лёс так насурочыў, дзякуй Богу, што Якавенку спадабаліся на нейкім канцэрце песні Андрэя Плясанава на мае вершы, і ён запрасіў гурт «P.L.A.N.» на некалькі агульнакраёвых прэзентацыяў. Пасля ўжо трэцяга сумеснага выступу Андрэй тэлефануе мне: «Я ўжо сам купіў сабе гэтую кнігу, бо ў ёй пра ўсё, чым мы з табой жывем, пра што размаўляем, пра што песні пішам».
«Ну-ну, – падумаў я. – Але песні й так пішуцца». Аднак, на далейшых рэпетыцыях я ўжо ніяк не мог абысці гэтую кнігу, бо Андрэй сыпаў і сыпаў яркімі, хоць часам і парадаксальнымі цытатамі:
«Уцякаючы з няволі, селі мы ў цягнік. На нас – рабочыя камбінезоны, і гэта непакоіла. Але ж потым, як мы агледзеліся, дык амаль увесь люд, што ехаў ра­зам, быў апрануты абы-як, абы ў што. На некаторых такое рыззё, што глядзець страшна. Расея… Спазналіся людзі з жабрацтвам. У Менску мы нырнулі ў натоўп, каб згубіцца, а потым купілі нейкія лахманы, каб пераапрануцца. Беларусь! Зноў Беларусь, але мы вольныя!..» (стар. 79).
«У Менску яшчэ ў сярэдзіне 20-х гадоў пачаў працаваць прафесар Ленц; якому за тры гады ўдалося сабраць даволі значны й доказны матэрыял, з якога вынікала, што кроў беларуса генетычна адрозніваецца ад крыві расейца… Калі казаць пра сваяцтва, то яго з расейцамі лацвей шукаць не беларусу, а мардвіну, татару, манголу» (стар. 519).
«Хаім Вайцман абвесціў вайну Гітлеру ад імя ўсіх габрэяў і збег кудысьці, далей ад Жэневы! – Іншымі словамі пёрднуў і схаваўся за вугал? – Але ж наш Моталь і выкарміў-такі Напалеона Хаіма!» (стар. 137).
«Кніжку Геніюш «Ад родных ніў», – даводзіў Рамановіч, – выдаў Беларускі нацыянальны камітэт у Берліне. Ахвота да кнігі вялікая, адно шкада, што наклад не такі вялікі, скажам, як у «Майн Кампф». – Ого, чаго захацеў! – доўжыў далей доктар Малецкі» (стар. 475).
«Хто ж іх, нячысцікаў, столькі наставіў сюды?.. А той, хто вынішчае нацыянальны падмурак рэспублікі. Гэта кадравая акупацыя краіны. Зноў тутэйшым даводзіцца чухаць патыліцу. Калі Гітлер у сваёй кніжцы пагражае вынішчыць некаторыя народы, дык тут, пад Саветамі, гэтым даўно ўжо займаюцца: жах бярэ – практычна беларусаў у БССР адцерлі ад улады, ад дзяржаўнага й культурнага жыцця» (стар. 249-250).
А я ж акурат маю ў сваёй бібліятэцы і кнігі Ларысы Геніюш, і Язэпа Малецкага, і Аўгена Калубовіча, і Вітаўта Кіпеля, сам сустракаўся з «фюрэрам беларускай моладзі Ганько» ў Канадзе, а з Алесем Мазанікам, праўнукам забойцы Вільгельма Кубэ, мы цяпер нярэдка сустракаемся на беларускіх рок-канцэртах. Усе яны трапілі ў мудрагелістыя калізіі Якавенкаўскай эпапеі.
Хтосьці скажа: «Во Мартыненка накуралесіў палітычнага трызнення ў сваёй рэцэнзіі на раман, які, па сутнасці, з’яўляецца звычайнай сямейнай хронікай жыхароў Заходняй Беларусі за мінулы век!» Мо і сапраўды, лепш было б спыніцца на старонках складаных сямейных адносін Паўлюка Рамановіча з ягонай жонкай Зосяй, які хоць і рана загінуў, разам з бацькам, але пакінуў па сабе трох цудоўных дзетак. Або распавесці пра сусветныя бадзянні ягонага брата Барыса, які вывеў сваю дачку Марыю ў глабальныя эліты медыцыны. Але наўрад ці рэцэнзент мусіць пераказваць сюжэт, марнуючы аўтарскую інтрыгу. Мо вам яшчэ раскрыць тайну смерці галоўнага героя: дзе, калі і як? Мо назваць імя забойцы? Не ў гэтым задача. А ў тым, каб падштурхнуць вас на пошук шматлікіх эмацыйных перажыванняў, інтэлектуальных адкрыццяў ды простых энцыклапедычных ведаў, якімі напоўнены эпічны раман Васіля Якавенкі «Пакутны век». Адно магу параіць: пільнуйце менавіта трэцяе выданне гэтага твору (на тытуле яно пазначана як другое, бо не ўлічвалася выданне рамана “Надлом”), калі жадаеце разабрацца і ў вызначальных постацях найноўшай беларускай гісторыі. Гісторыі ўжо рэальна незалежнай краіны з сваім прэзідэнтам, з сваім прэм’ерам, з сваім народам, які хоць і карыстаецца пакуль роднай мовай з дапамогай слоўніка, але на перапісах называе роднай менавіта яе, беларускую мову.
На завяршэнне гэтых разваг мушу згадаць мімавольны абмен думкамі з пісь­меннікам пасля прачытання кнігі. Ён цікавіўся, ці ўразіў мяне пільна выпісаны ім эпізод смерці галоўнага героя Пятра Рамановіча, бо нехта казаў яму, што эпізод той больш узрушлівы за Талстоўскую смерць князя Валконскага. Я шчыра прызнаўся, што такія эпізоды не прывабліваюць мяне ні ў Талстога, ні ў Якавенкі, бо ў прадчуванні сваёй смерці гатовы хоць у глотку зубамі ўпіцца на развітанне з забойцамі, а вось насамрэч уражваюць містычныя моманты, калі душа Пятра Рамановіча пасля тае смерці бянтэжыць душы яшчэ жывых крыўдзіцеляў.
Праўда, ёсць і рэалістычны эпізод, які выклікае найбольшы эмацыйны катарсіс у гэтай эпапеі: бліжэй да фінішу, як вядома, старэюць галоўныя персанажы, паміраюць. І вось стогадовы Барыс Кіт, які перад новым годам тэлефанаваў маладзейшай, Марыі Раманавічанцы, ды пачуў трывожную вестку пра ейны інфаркт, на праваслаўныя каляды раптам дачакаўся новага званка: «– Hello, Барыс Уладзіміравіч! Я жывая! Я шчаслівая, што зноў магу гаварыць з вамі!» (стар. 891).
І акурат аптымістычны, душэўны дыялог двух шчырых беларусаў па розныя бакі Атлантыкі – у Вашынґтоне й Франкфурце – стаў прасякнутым надзеяй шчаслівым канцом гэтага аб’ёмнага ды ёмістага літаратурнага палатна, сапраўднай беларускай эпапеі – «Пакутны век».

Матыльда Гонта, выкладчык:

Дыназаўр у мегаполісе
Аўтар “Пакутнага веку” ўзняўся на такую вышыню
прафесійнага майстэрства, што яго ўжо і перахваліць немагчыма.
Уладзімір Дамашэвіч,
рэдактар апошняга выдання трылогіі, падчас прэзентацыі кнігі


Не ў першы раз беларускі пісьменнік больш дбае аб сэнсатворчасці, міфатвор­часці, выхаванні маладога пакалення, помніку на радзіме і, хто ведае, нобелеўскай лекцыі, чым аб сваім чытачы. Зараз, натуральна, замоўлены звыш раман “Вайна і мір” нам строіць і жыць памагае, любім мы ўсялякіх франкенштэйнаў вырошчваць (беларускую Данцову, Уліцкую і Стывена Спілберга ў прыдачу).
Асобнае пытанне, ці чытае моладзь “Вайну і мір”, а тыя, хто робяць гэта пад адукацыйным прымусам, ці атрымліваюць задавальненне. У нашым выпадку студэнтам, якія скардзяцца на перагруз па ўсіх трох літаратурах, а самі крадком чытаюць Браўна, Геймана ці дзённік Брыджыт Джонс і лічаць духоўным гуру Каэлья, пагражае таміна на 892 старонкі. “Ізноў пра вёску/ ізноў пра вайну!” – ныюць студэнты, пагартаўшы “Пакутны век” Васіля Якавенкі. Калі ў выпадку з Мележам ці Зарэцкім можна ўгаварыць іх, маўляў, трэба ведаць традыцыю, каб атрымліваць асалоду ад яе парушэння ў шчаслівым “сёння” нашай літаратуры, дык у выпадку Якавенкі ўжо не ўгаворыш, а тое і зусім аўтарытэт выкладніцкі страціш, бо абяцанка не спраўджваецца.
Пытанне на залік: адшукайце паралелі паміж сярэдзінай ХХ ст. і пачаткам ХХІ ст., прааналізуйце складнікі грамадска-палітычнай сітуацыі, у якой можа быць запатрабаваны раман-эпапея.
Трылогія “Пакутны век” выглядае спараджэннем мінулага стагоддзя не толькі таму, што яго і апісвае, і не толькі таму, што вытрымана ў найлепшых традыцыях буйной беларускай прозы. Яна, як любы вялікі тэкст, “тоўсты раман”, упісваецца ў постмадэрную эпоху гэтаксама, як Гадзіла ў сучасны Нью-Ёрк. Кажаце, інтэртэкстуальнасць ды інтэлектуальныя гульні з чытачом? Азохэнвэй і хвастом ця па галаве! Смерць аўтара і гетэраглосія? – “У гэты момант Генрык Скірмунт устаў і ціха выйшаў з пакоя”, бо кожны герой носіць акурат на лобе вялізны цэтлік, на якім пазначана колькасць калорыяў, шкодных для вашай фігуры, перапрашаю, аўтарскую ацэнку карысці героя для Беларусі. Што да фрагментарнасці, мазаічнасці, якія адлюстроўвае нашае рассеянае ўспрыняцце і спрычыняецца да яго, дык у тэксце гэтага нават і зашмат, тэкст рассыпаецца на безліч самастойных гісторыяў пра асобных дзеячаў нашай гісторыі (Кубэ, Гітлер, Барыс Кіт, Мікалай Шчорс, Радаслаў Астроўскі…), пакідаючы ў руцэ заміж залатых зернейкаў казытлівае адчуванне пустэчы.
Дыназаўр мае значную перавагу над раманам – рэптылія страшыць і захап­ляе адначасова, а яшчэ – схрумае нагу герою, тут гераіня і зразумее, як яна, аказваецца, кахае, з чаго вынікае пацалунак цягам трох хвілін або любоўная сцэна на тры старонкі на тле ўсясветных разбурэнняў і падзення вавілонскай вежы. Вернемся да нашых баранаў, то бок навучэнцаў, адзінага ў краіне масавага пласту, які чытае беларускую літаратуру (настаўнікаў не бярэм пад увагу – бо яны людзі, па-першае, апантаныя, а па-другое, паднявольныя; ну а іншыя таварышы, якія цікавяцца літаратурай, складаюць мізэрную частку нашага пярэстага грамадства, што і па накладах літаратурна-мастацкіх выданняў бачна). Раман “Людзі на балоце” многія чытаюць запоем, за што мусяць дзякаваць моцнаму меладраматычнаму складніку: то Васіль з Ганнай мілуюцца-сварацца, то Яўхім да Ганны, засляпіўшы вочы, лезе ды ў нос локцем атрымлівае, то Хадоська ідзе ў лясны абартарый вызваляцца ад плёну Яўхімавай жарсці… За гэтай лініяй амаль губляецца нейкае там землеўпарадкаванне, пачатак калектывізацыі – гэта як музычнае суправаджэнне, якое дадае напругі дзеянню, а само застаецца амаль незаўважным, так што слухаеш потым саўндтрэк і дзіву даешся.
Што ж да другой і трэцяй кніг “Палескай хронікі” – іх чытаюць па інерцыі або з цікаўнасці: дык як там з героямі. У прынцыпе, пасля таго як рыбу прынадзілі і на кручок заманілі, можна яе весці пісьменніцкай вудай куды заўгодна, але не бяс­конца доўга. Пасля двухсотай старонкі пра ўгаворы сялянаў абагульніць маёмасць, акунькі б’юць хвастом і даюць дзёру. І гэта не толькі праблема беларусаў: пакуль Джон Галсуорсі апісваў, як каханне разбураецца з-за кансерватыўных поглядаў грамадства (“The End of the Chapter”, у прыватнасці – “Flowering Wilderness”), яго чыталі з надзвычайнай хуткасцю, праглынаючы падрабязнасці побыту англічан як прыемную экзотыку. А калі пісьменнік пайшоў разбірацца ў гэтых самых грамадскіх поглядах, шукаць іх вытокі (уся “Сага пра Фарсайтаў” як цэласнасць) – дык адразу ж абвясцілі нудным, надта разумным і малачытэльным.
Каб чытач не доўга мучыўся здагадкамі, што тут наплёў рэцэнзент, сфармулюю свае пажаданні да любога вялікага тэксту: каб больш за дваццаць радкоў прачыталі, тэкст павінен быць цікавым, напоўненым чароўнымі прыгодамі, як у Роўлінг, дэтэктыўнай напругай, як у Дастаеўскага, Караткевіча або Рублеўскай, ці нейкай іншай няўлоўнай магіяй, імя якой талент.

Ліпавае золата
Пройдземся па тэксце.
Пралог адбываецца, на мой асабісты жаль1, не ў нябёсах, і не залаты яблык з падступным надпісам абмяркоўваюць тры постаці (шкада, шкада, што не прыўкрасныя багіні!) – аўтар, паэт і геолаг. Пачаўшы з абмеркавання восеньскай прыроды, у апалым лісці якой бачацца змарнаваныя пакаленні, героі кіруюць гутарку на справы дзяржаўныя, выкрываюць сусветную змову багацеяў і ТНК, абсякаюць “шчупальцы спрутаў з усходу”, якія прагна цягнуцца на родную старонку, абмяркоўваюць магчымасці культурнай разнастайнасці ў час глабалізацыі, праблемы мовы, беларусаў як гістарычнага рэлікту2… Калі шукаць пад гэтым золатам ліпавага лісця ключы да трылогіі, дык можна паспрабаваць утыркнуць у тэкставы замок такое: лёс людзей, якія вымушана здраджваюць беларускай нацыі, прытым прымусам выступаюць размаітыя ліхадзеі ды беларускае прастадушша, даверлівасць да хіжых суседзяў (для цэласнасці ўласнага тэксту не пазначаю тут цытаты і нават дазваляю сабе прыводзіць іх недакладна, ахвотным схапіць за руку варта зазірнуць на стар. 14). Мудрагелістыя коды падбіраць дарэмна – пераконвае пралогавы паэт і б’е наводмаш то патрыятычнай дэкаламацыяй (“вершаў уласнага вырабу”, так, так у аўтара), то патэтычнымі прамовамі:
“…колькі разоў ліхадзеі, ворагі нашы, рэзалі, рвалі тонкія струны, а яны ж узнаўляліся і гучалі па-новаму”.
Быццам бы і камар носа не падточыць, слушна сказана, але нейк… спазнілася на цэлы пакутны век. Музычны інструмент у якасці вобраза народнай душы і яе выразніка – літаратуры: згадайма “Дудку беларускую”, скрыпачку з цымбаламі, а да іх і смык, і поўныя гуслі дукатаў, і Сымона-музыку, асобныя прыгоды цымбал… Потым пайшлі буры-граніты-танкі ды зусім іншая музыка. Пасля кідкіх мадэрнавых пошукаў, пасля вытанчанай прозы інтэлектуалаў-постмадэрністаў, пасля шкляных перлаў і Борхеса – раптам рэканструяваная лявоніха ў музейных строях:
“Ад шкодніцы-глабалізацыі ёсць, бадай, адзін паратунак – з’яднаны народ, яго несмяротная духоўная спадчына!”
Скарына казаў яшчэ пафасней, але яму даравальна, бо – першы. Багушэвіч яшчэ больш плакаў, за што, урэшце, атрымаў і ад Ластоўскага, і ад Акудовіча. Пыл на старых прымятых карунках можа быць вельмі эстэтычным – але не будзеш жа надзяваць папсаваны моллю ды мышамі кажух, гойсаць у ім толькі таму, што ён належыў твайму слаўнаму продку! Кожны мадэльер ведае каштоўнасць класікі – і добры той мадэльер, які ўдыхне ў яе новае жыццё… Але ж, як сведчыць Яраслаў Мальдзіс, “В. Якавенка пакінуў без увагі моду на паэтыку “адстутнасці”…”

Як і да кожнага аўтара буйной прозы, да В. Якавенкі трэба прывыкнуць. Пакрысе раман зацягвае, забірае ў сябе, каб даць пажыць на адным мотальскім двары, вакол якога праносяцца падзеі – пілсудчына і першыя камуністы, прыход і сыход Чырвонай Арміі (апяць уласць мяняецца!), войны, калектывізацыя, паўстанне незалежнай Беларусі. Чытанне, рыхтуйцеся адразу, няспешлівае, проста дзіва, як аўтару ўдаецца запаволіць ліхаманкавыя падзеі першай квадры ХХ ст. За тэкстам пакрысе становіцца чуцён голас разважлівага гаспадара, які ведае свой дзень і не мае патрэбы ў гадзінніку, ведае парадак жыцця і рушыць з ім у ладзе.
Другаснасць – праклён нашага часу, ну што ж паробіш, трэба аглядаць назапашанае і запускаць трактар “Беларусь” на біяпаліве.