12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Юля Бо

_____________________
Гэта не пра любоў. Вершы


* * *

Памятаеш, як разам мы вудзілі сонную рыбу
Сонца? Як убіралі мае валасы ў косы?
Як нашыя рукі-крукі збіваліся аб каленкі,
І дождж у жніўні,
і крыкі да маці: “Не мокнем”?

Бегма, ножку ўбок павярнуць, паплакаць,
Назаўтра можна не йсці ў школу, кульгаеш.
Раніцою ўбачыцца цвёрда, калі ўсе на рабоце,
І хавацца доўга ў шафе ад неспадзяванак.

Поўзаць па дахах, падаць у метро па п’яні,
Баяцца блізкай смерці
і нікога больш не баяцца...
Цяпер мы: адною нагой у моры зялёнай твані,
Другой – падсыпаем пясок у манную кашу.

Нам болей не ўспомніць свае нецяжкія імёны.
Ды што імёны, мы ў люстры сябе не пазнаем,
Я бачу цябе на вуліцы голага і не зважаю:
Адно палічу да двух і ўсё паступова знікне.

Ты хочаш мяне паклікаць і не наважаешся –
Упарта ідзеш па справах з раўнюткаю спінай.
Мы ўсё разумеем. Кінься, я не абражаюся.
У адно імгненне дарослымі самі сталі мы.

Калі:
Я зноў дзяўчынка з бялюткімі валасамі,
А ты пераскокваеш смела праз пяць прыступак,
Тады:
Мне не кінуць цябе паміраць ад хранічнае стомы,
Божачка, ты больш ніколі тут не памрэш, павер мне.


* * *

сокал агу цяпер за плячыма ў мяне
змяшчаецца ўсё самае сэрцу блізкае
не стае ў рукзаку шкарпэтак толькі
і кніжкі

доўга нудзілася але смех па рацэ
пасыпаўся і ў нас канфрантацыя
супраць тых хто не хоча купацца
голенькімі

тут гавораць восень тут гавораць
людзі шлэндаюцца і сабак купаюць
рака вабіць як у піражку начынка
з вішанькай

ногі мокрыя рукам холадна ізноўку
выць прыходзіцца за хлеб без масла
збягаеш з матросам а праз дзень ён
ужо капітанішча

калі падпіў заганы вылазяць самі
і без дубцоў мне задача запомніць
ці запісаць цяпер правядзі moralit?
ампутацыю

прачнуцца ў ложку прынцэсай апранутай
адзін бок белы другі чырвоны падпёк як
курачку злобны дзень спаць да дзявятай
няма чаго

ачмурэла ці што але нам у люстэрку
відаць паўсвету нашто дарога круціць
адну пласцінку? і тут не орбіт ды
не эдзіт піяф

гетман кіруе правільна і шмат чаго
разумее атрымай цукерку гаворыць
дэбілы не значыць што там усё-усё
безнадзейнае

ясна адно толькі можа і не яно зусім
усе мае дваццаць (пакуль што) улазяць
лёгка ў сорак другі памер шортаў (яшчэ
не такія бываюць)

гады носяць з сабой з крапівы заплечнік
у ім сядзіць ўсё што прыжылося хоць злёгку
шчотка і майка на змену ўсё жыццё і так
перапоўнена

сокал а мы ўжо і вярнуліся але я цябе
беспардонна праспала з вазком на руках
як мадонна без перспектыў на далейшае
ўваскрашэнне


* * *

светлы дзень – цёмная ноч
цяпер моўчкі, нібы ніколі тут не было мяне
жоўтым пагрукаў дождж
холадна, можа ўзапраўду ніхто не чакаў,
што пацякуць кроплі па галаве
учора смага, сёння – насыць
сапраўды не было. было? не зусім было
дождж, дождж, дай вады
паліць на рукі, на галаву
не давай, не мне, не зрывайся з работы,
я прыпыню цябе літасцю
ты пасмяешся, схопіш маю руку
сваім мокрым долам, сухім нібыта,
вочы не зводзіш, вусны ссохліся
будзеш доўга да самага дому спяваць
свае ціхія песні пра мора і акіян
птушкі пападаюць ад захаплення,
слупы пакуляюцца ў вокны,
а я не растану замілаваная,
ну куды мне больш


* * *

мне трэба зважаць на кожнае слова і крок,
каб не вярзці лухты, зямлю каб не праламіць,
але, калі сонца з’ядае вочы, то можна ў радок
не ўзірацца і некага іншага словамі патапіць

тады гаварыць пра неба і пра зямлю,
пра рэкі, прароцтвы, сумневы і быць у сумленні
хаваць свае твары ў руках, дзівіцца на дэжа вю,
хадзіць праваруч па чарзе і дэманстраваць уменні

усё так проста, як чысціць зубы, піць чай
як засынаць у стоме і як ускочыць у поезд
і я прысыпаю пясочкам чужы адчай
і я зноў страляю ў галовы сваіх нямоглых

брызент майго мяккага сэрца нарэшце распаўся
і ток пераменны я адчуваю рукамі
ніколі ніхто ні з чым ад мяне не вяртаўся
ніколі ніхто ні за што навек пакараны


* * *

надараецца снам уварвацца ў жыццё знянацку
прапаўзці пад брамай, сабе неба за варту паставіць
і сядзець і чакаць салёных навінаў з мора
пільнаваць пахвілінна цябе, каб хутчэй ускочыць

а табе ўсё адно прыходзіцца доўга ад іх адбівацца
стомы цяжкая пара зглынае ўсе цвёрдыя рухі
цэдзіш кроплямі горкімі кожны свой крок у тумане
каб не згінуць у моры – адно паглядай на рукі

будуць бойкі і войны сусвету табе папярок законаў
раскіданыя целы ў кожным квадраце свяцілішч
і ні ўправа ні ўлева няможна зірнуць навокал
ты – галоўны, трывай, нашто сабе шыю мыліш?

у гэтым сне не прачнешся; ну колькі ж можна маліцца?
не крычаць, не біцца ў разлітых мяккіх пярынах
назірай і слухай – вось што ў паветры падвісла
назірай і слухай – вось дзе мазгі бяссільныя


* * *

адзін душыць лістамі
другі проста нясмеласцю
а я – састарэлы цукіні
я забіваю спеласцю

у мяне спелыя думкі
у мяне спелыя ногі
у мяне спелае сэрца
пакаштуй і выплюнь

ураджай мяне не збіраюць
без гною сумуюць градкі
я ляжу за высокім плотам
а вакол агарод кахання

а вакол капуста і морква
буракі і голыя бабы
і яны нікога не любяць
яны папросту не ў стане

усе тупа ляжаць і чакаюць ночы
калі можна беспантовых п…здзіць
калі можна крышыць бялюткія зубы
і абмывацца сырою курынай крывёю

і гэта не пра любоў
і не пра яе адсутнасць
а пра страшнае сухое
слова “безвыходна”

а я са сваім маленькім кабачковым сэрцам
са сваёй цёмнай-цёмнай душой
са сваімі абпечанымі сонцам бакамі
ляжу і плачу ад адзіноты і тонкіх нерваў