12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Брусевіч

_____________________
За небакраем...
Вершы

Мой першы верш

Калi блакiтным ранкам гаснуць зьнiчкi
i ў небе тоне месяца вянок,
мой першы верш бурштынавай сiнiчкай
заўсёды прылятае пад акно.

Маленькай дзюбай стукае мне ў шыбу,
з апошнiх сiл б’е крыльцамi па шклу,
а я ляжу з адкрытымi вачыма,
зрабiўшы выгляд, што нiбыта сплю.

Мне сорамна, бо некалi са злосьцi,
што не сьпявае так, як я хацеў,
я выкiнуў свой першы верш у восень,
i ён памёр у восеньскай слаце.

Манiфест дэкадансу

Падаць трэба умець прыгожа,
Як падаюць ценi, як падаюць промнi,
Як падае ў неба касьцёльная готыка,
Як позiрк растайны спадае ў бяздоньне.
Падаць трэба умець прыгожа.
Але ня так, як плявок цi акурак,
Або, як вы, вершаплёты-блазны.
Падаць трэба, нiбыта вiхура,
Што ўсё зьмятае, акром дэкадансу.


Гора пераможаным

– Qvo vadis?* – пытаецца Слова.
– На захад iду, каб ня бачыць,
Як статак людзей безгаловых
Зьбiрае з-пад тытуню пачкi.

Зьбiрае, сьмяецца i плача,
I сьнiць каляровыя казкi.
Лунае iх позiрк удзячны,
Бы сьцяг разарваны на часткi.

Iду, каб ня страцiць свой голас
За кратамi плачу i сьмеху.

– Qvo vadis? – пытаецца Слова.
–Vae victis** – адказвае рэха.


Беларусь

Родная чужая Беларусь,
я даўно ня бачу Твайго твару.
Родная чужая Беларусь,
я Твой сын i я Твая ахвяра.

Родная чужая Беларусь,
азiрнiся, паглядзі навокал.
Родная чужая Беларусь,
Ты так нiзка, але так высока.

Сады Садома

Квiтнеюць сады Садома.
Бы соднi, спадае на дол,
На дахi дамоў самотных,
Пялёсткаў пяшчотны боль.

Але над садамi Садома
З усьмешкай злавеснай Сьмерць
Заместа касы – аловак
Трымае і піша верш.

Пра тое, як бацька Кронан
Мяняе адвечны ход,
Каб плыць у сады Садома,
Дзе пчолы зьбiраюць мёд.


За небакраем

Чакаю за небакраем
Галодную зграю дарог.
Сьмяюся i плачу над краем,
Якi падарыў мне Бог.

Iду цэлы век наперад –
Насустрач людскiм сьлядам.
Каханьнем робiцца вера,
Салодкiм вiном вада.

За небакраем сiнiм
Шапчу жанчыне сваёй:
«Каханая, нашага сына
Народзiм ня мы з табой.

Ня сьмейся, ня плач над краем,
Якi падарыў нам Бог,
Таму што за небакраем
Няма нiякiх дарог»