12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Брусевіч

_____________________
Позірк у паўзмрок. Вершы


* * *

Запахла восенню нарэшце.
Лістота мае колер смерці.
Ура!

Чырвона-жоўтая свабода
Чакае нас каля ўвахода
Ў рай.


* * *

О, Божа, якія халодныя ранкі!
Навокал няма аніводнай душы,
І толькі ў смуродных пад’ездах бамжы
Чакаюць, пакуль не адчыняцца крамы.

Мой позірк блукае па прывідным шкле
Туману і белага-белага неба.
Халодныя ранкі, маўклівыя дрэвы
І сумныя вершы на пыльным стале.


* * *

Разбіваюцца хвалі аблокаў
Аб крывое люстэрка вады.
Праглынае пясок мае крокі
Пакідаючы толькі сляды.

Я нібыта ў кавярні, ад злосці,
На якую не здольны ніхто,
Замаўляю падвойную восень
І п’янею, зрабіўшы глыток.


Апошнi лiстапад

Апошнi лiстапад
Спяе нам аб вясне.
Заплачуць лiхтары
Бурштынавым святлом.
У мой самотны дом
Не прыйдуць больш сябры,
Бо самы першы снег
Схавае шлях назад.
Апошнi лiстапад
Сплывае пакрысе.
За шэрыя муры
Хаваецца сутон.
Халодны ветру стогн
Пiлуе сад стары –
На сонечным лязе
Лiстоў крывавы рад.


Пераходы

Звычайны восеньскі вечар,
Не цёплы i не халодны.
Тут час застыгнуў навечна,
Нiбыта смала рэнклёды

Тут лiпы ажно ў аблокi
Растуць i чуюцца блiзка
Нябёсаў сонныя крокi,
Цi можа крокi дзяцiнства?

Тут вецер заўжды паўночны,
А людзі як быццам з гліны –
Адныя і тыя ж вочы,
Адныя і тыя ж міны.

Адсюль немагчыма збегчы,
Цябе дагонiць заўсёды
Звычайны восеньскі вечар,
Не цёплы i не халодны.

Таму стаю сярод дрэваў,
Стаiўшы на момант подых:
Гляджу, як глынае цемра
Мой свет – мае Пераходы.


Дзяды

Над Гародняй у розных кірунках
Праплываюць аблокаў карункі.

Лістапад. У чаканні зімы
Горад стаўся глухі і нямы.

Водбліск свечак апалага лісця
Кліча душы пакутныя з чыстца.

Шэры дождж размывае сляды
І з вады пазіраюць Дзяды.


* * *

Босая восень параніла ногі
Аб камяні гарадоў.
Бачыш, як цягнецца проста ў аблокі
Знак ад крывавых слядоў.

Там, на нябёсах ціхіх і сонных
Раны загояць вятры.
Вернецца восень. Заўтра ці сёння
З ёю спаткаешся ты.


* * *

Я ведаю – скончыцца восень
І зноўку рубіны рабін
Запаляць сваё безгалоссе
На крылах зімовых галін.
Сплятуцца душы далягляды,
Змяшаюцца ночы і дні.
У шэрых вачах лістапада
Застыгнуць сірочыя сны.

І будзе прыгожа і міла,
І чыста, нібы за сталом.
Захочацца збегаць за мылам
У краму за першым вуглом.


Рэха

Большасць з нас – гэта словы,
Банальныя, простыя словы,
Што прыйшлі ў галаву выпадкова,
Як падкова,
Што злятае, пасля абяцае
Прывід шчасця паклікаць. Мы – словы,
Адмысловыя, новыя. Нехта
Пракрычаў нас і слухае рэха.


Варона

Сяджу варонаю аблезлай
На сметнiку жыцця, каб там
Спяваць свае дурныя песнi
Памыйным цюцькам i катам.

Каб нагарланiўшыся ўволю,
Расправiць крылы, як арол,
I з выглядам старога воя
Дзяўбсцi адходы, што вакол.

А потым снiць зялёны вырай
У чорна-бела-шэрых снах,
Або чакаць кавалак сыру,
Што Бог пашле, альбо Алах.


* * *

Жыццё скончана.
Скотчам залеплены рот.
А вочы сірочым лямантам і матам расстрэльваюць цішыню.
Цень агню люструецца ў вадзе.
Больш нідзе.
Пацалункам Юды пахнуць стагоддзі.
Годзе сузіраць прыгажосць ружовых зорак!
Зрок мой сам па сабе не сягае туды, адкуль не зможа вярнуцца.
Жыццё скончана.
Я – самагубца.


* * *

На самае-самае дно пякельнае
Спадзе душа мая белая-белая.
Здзівіцца д’ябал: «Якога чорта?
Спадаюць да нас толькі душы чорныя.
Які нонсэнс! Які парадокс!»
«Усё нармальна – скажу – ад слёз
Жанчыны душа зрабілася белаю.
Яна кахала, а я грэбаваў
Каханнем яе. Цяпер слёзаў соль
На маёй душы, і таму дазволь,
Каб яна, душа мая белая-белая,
Упала спакойна на дно пякельнае.»


* * *

Агідна робіцца ад вершаў,
Якія я пісаў няшчыра,
А толькі каб другіх пацешыць
Бліскучых рыфмаў мутным вірам.

Цяпер хацеў бы перакрэсліць
Калісьці кінутыя словы,
Адмыць ад бруду і ад плесні
Свабоды одум адмысловы.

Але пачварных ценяў зграі,
Якія я зрабіў сваімі,
Пакуль на небе сонца ззяе,
Пільнуюць мной забыты зімнік.


* * *

Не магу не пісаць.
Не магу. Не хачу.
Мае вершы – раса,
Што сцякае з ляза
Чорных траваў.
Іх вам не пачуць.
Яны плачуць
Моўчкі
Слязьмі крывавымі.
Ягадамі воўчымі,
Бы ранамі рванымі
Зіхцяць на паляне
Маёй душы.
Мае вершы –
Вершнікі
Пагоні, якая
Цень даганяе
Праз дні і дажджы.


* * *

Паэзiя, вяртаюся з табой,
Нiбыта ў сон, у край майго юнацтва,
Дзе мы з маёй названаю сястрой
Упершыню спазналi смак вар’яцтва.

Сястра мая, iмя тваё не Смерць,
Iмя тваё – Салодкая Пустэча.
Пытаннi «быць-не быць» i «мець-не мець»
У тую ноч звязала ты навечна.

I я, бы ў казцы, тое даў табе
У вечны дар, пра што зусiм не ведаў,
Каб плыць з табой па белай прасцiне
У край, што спiць мiж восенню i летам.


* * *

Гэты свет – нібы камень на шыі.
Толькі вершы ратуюць душу.
Але ўсё, што кажу і пішу,
Тоне ў небе, нібыта ў памыях.

Раскрываюцца вочы сляпыя.
Я братам безгалосым шапчу:
«Гэты свет – нібы камень на шыі.
Толькі вершы ратуюць душу.»


Позірк у паўзмрок

Дзве тысячы ценяў мінуўшага часу
Свідруюць сляпымі вачыма мой дом.
Я дом збудаваў на руінах палацу.
Таго не даруюць мне цені гадоў.

Я зблытаў іх планы, прымусіў бадзяцца
У пошуках марных уласных слядоў.
Ды цені надзеі і веры не трацяць,
Што змогуць калісьці патрапіць у дом.

Магчыма, патрапяць, калі я стамлюся
Глядзець, не адводзячы зроку, ў паўзмрок,
Сачыць, як шкілеты наіўных ілюзій
Згараюць у вогнішчы пыльных дарог,

Як плачуць нікім не зачатыя дзеці
Ва ўлонні пустэчы, а слёзаў нулі
Са смеццем мяшае гарэзлівы вецер
І носіць па ўсёй неабдымнай зямлі.


Танец смерці

Танец смерці
Нібы таннае віно –
Цяжка п’ецца,
Але лёгка валіць з ног.

Мы з табою
Гэты танец п’ем да дна.
З галавою
З намі тоне наш падман.

З ліхтарамі
Разбіваецца аб світ
Нашых кармаў
аксамітны сталактыт.


* * *

Сухой паэзii асушаны бакалы,
Салодкiх рытмаў выпiта вiно.
Паснулi музы проста сярод залы,
Стамiўшыся адна перад адной
Пазiраваць, iграць чужыя ролi,
Iмiтаваць то радасць, то экстаз.
Раскрыты ўсе сакрэтныя паролi
I шлях адзiн – у Вечны Дэкаданс.