12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Янка Брыль – Алесь Адамовіч

_____________________
“...У большым мы не саступім”.
Перапіска 1960-80-х гадоў


Падрыхтоўка
да друку
і публікацыя –
Наталлі
Адамовіч
і Наталлі
Семашкевіч


[Мінск – Купа. Жнівень 1957 г.]
Прывітанне вам – нарачанскім сядзельцам!
Сабраўся я, Янка, напісаць табе вось з якой прычыны. 20-га жніўня я – гэць з Мінска. Да гэтага часу ты ў Мінск не вернешся, а зборнік жа1 твой у мяне. Я яго выкарыстаў часткова (для “Дружбы народов”).2 Акрамя таго “Літ.газета” хацела б мець рэцэнзію адразу пры выхадзе зборніка ў свет. Дык вось паўстаюць такія пытанні:
1. Ці трэба гэта, ці не пашкодзіць рэцэнзія рускаму выданню ў Маскве?
2. Калі не (не пашкодзіць), то ці можна мне сцягнуць збор­нік да сябе на сяло?3 Ты гэты экземпляр павінен здаць у выдавецтва, ці як?
Адным словам, адкажы на вышэйпамянёныя пункты, і я буду ведаць, як быць. Калі табе зборнік патрэбны да зарэзу, тады я яго перашлю табе Верай.1 Да таго часу яна вернецца з адпачынку.
Ну, як табе там дыхаецца? Ці многа шчупакоў і мастацкіх дэталей папалася на твой кручок?
У нас тут ні то восень, ні то атамная радыяцыя – поскудзь, а не пагода. Можа у вас там каля вялікай вады тое, што з неба льецца, не так ужо перашкаджае жыць.
Шчырае прывітанне твайму сямейству, як мужчынскай, так і жаночай яго па­ла­віне.
Адамовіч.


[Купа — Мінск.]
Дарагі Саша!
Ці ты забыўся, што я гаварыў табе пра гэта, ці я забыўся табе сказаць — бог ведае, але карэктура зборніка мне зусім не патрэбна: гэта лішні экземпляр.
Астроўскі (перакладчык)2 пісаў, што “маскоўскі зборнік” пераданы ленінград­­с­ка­­му аддзяленню “Гослитиздата” і “знаходзіцца ў рэдактара”. Сёння пішу Астроў­скаму: параюся наконт таго, ці “не пашкодзіць, — як ты кажаш, — твая рэцэнзія выхаду маскоўскага зборніка”.
Думаю, што не. Паслухаем, што скажа ён, — стары, цёрты выдавецкі калач. Да 20-га я паспею табе напісаць пра наша з ім рашэнне.
Наконт надвор’я. Учора я мог бы далучыцца да твайго стогну, бо змок на рыбалцы, як сабака. А сёння цудоўны ранак і абяцае быць цудоўны дзень, якіх тут было больш, чым дрэнных. Дэталі бяруцца лепш, чым рыба, не гледзячы на нашы з П.Кавалёвым3 намаганні. 4.VШ.,4 напрыклад, прабылі на возеры цэлых 15 гадзін, а злавілі ўтрох... тры дохленькія шчупакі...
Для мяне важней за ўсё тое, што я здорава папраўляюся ад нарачанскага паветра + цвярозасці + фізкультуры. Не шкада нават, што не пішу, а толькі чытаю (Ралана, Дастаеўскага). У імя гэтага цярплю і нуду, якая тут часамі здорава дакучае.
Вось так. З твайго падарожжа, відаць, нічога не атрымалася? Як надоўга ў вёску? Я прыеду 25/VШ.
Прывітанне Веры.
Цісну руку
Янка Брыль. 9/VIII-57


Дарагі Янка!
Дзякую за тое, што вяртаю, і за тое, што (нахабнік!) згубіў. Выкарыстаў усё, што змог, і можа нават занадта ўсё. Трэба б табе даць пачытаць, паколькі я пісаў і аб ненадрукаваным,5 але я толькі сёння аддаю на машынку (як заўсёды часу не хапіла), пакажу, калі вярнуся з канала Туркменскага6 (у набор, вядома, не здадуць яшчэ).
Усякіх табе дабротаў!
Адамовіч. 15.1.1961 г.
[Масква — Мінск.]
Дарагі Янка!
Маю ложак, стол, акадэмія (Акадэмія навук БССР, дзе А.Адамовіч працаваў у Інстытуце літаратуры імя Я.Купалы – Н.А.; Н.С.) далёка, Саюз пісьменнікаў – таксама, можна працаваць. Прыязджай на курсы!1
Навін асаблівых няма, акрамя тых, што ўсе кочатаўцы2 ўзяліся за анты-культаўскую тэму. Хочуць, мабыць, насраць у кацёл, каб другіх вярнула. Але маладзец Твардоўскі3, улічыў вопыт з Дудзінцавым4 і цяпер тыя, што лаялі б – хваляць, нават Смірноў.5
А літаратура сапраўдная – вось яна. Не выпадкова “бацька вусаты” трымаў яе за гужы.
Пішы, Янка, і, дай табе Бог, падабраць усё, што засталося ў цябе ззаду, што не браў у дарогу, трымаў у каморы.
Гэта я пра раман твой.6
А я, як заўсёды бывае, думаю: вось кончу гэта, сяду за другое і тады...
Гэта пра свой раман.7
Пісаў я яго і радаваўся, што на ўчарашнім матэрыяле можна больш сказаць аб сённяшнім, чым на матэрыяле сённяшнім. А тут хочацца проста ў кацёл ускочыць, што сёння кіпіць. Самая вялікая чэсць для таго, хто піша, быць Іванам-дурачком. Ды не стае ў нас пораху на гэта. Усё хочацца пальцам паспытаць – ці не загарача.
Як бачыш, навін няма, а таму лухту нясу. Проста хочацца вітаць цябе!
4.12.1962 г. Адамовіч.


[Мінск — Масква.]
Дарагі Шаша!
Прымаю Твой эпісталярны выклік — пішу, хоць таксама няма пакуль што аб чым пісаць...
Кожны дзень, як акуратны немец, сяджу зранку за сталом, са смакам і хваляваннем напалавіну перапісваю свой роман, пасля чытаю і хаджу — часамі да чорцікаў праведна, сумна.
Чытаючы Салжаніцына (“Один день Ивана Денисовича” – Н.А.; Н.С.), радасна было за Расію, за простага чалавека, за простую праўду чалавечнасці, патаптаную з хамствам бяздонным. Так і думалася: чаму не сядзеў я, мой брат, любы мой знаёмы, кожны з нас?.. Добра! Хоць і мармычуць некаторыя, нават моладзь...
Чытаючы Экзюперы (“Земля людей”, “Ночной полет” і “Письмо заложнику”), радасна было за людзей, за ўсю нашу — і дурную, і любую, цудоўную сям’ю. Дзеля гэтага варта пісаць, і я найбольш хацеў бы, каб тое, што пішу цяпер, мела такі падтэкст, толькі такое гучанне.
Гаворачы днямі з Бажком1, прыемна было, што кніга Адамовіча2 плануецца, згодна заявак, у колькасці 250 000 экз., і смешна было ад думкі, колькі яму, гэтаму самаму Адамовічу, трэба будзе яшчэ п...ць, пакуль яго размножаць у такіх салідных тысячах. Давай, давай! Толькі гэтым і апраўдваецца Тваё там лайдацкае прабыванне.
7/ХІІ-62 Янка Брыль.


[Масква — Мінск. Люты 1963 г.]
Дарагі Янка!
Як твае справы, раман твой? Задаволены? А, забыўся! Павіншаваць трэба цябе: ты двойчы слуга цяпер3. Але застаюся ўпэўнены, што не вельмі.
Час ад часу чую, што робіцца ў Мінску. Некаторыя грамадзяне здаец­ца прынюхаліся і рашылі, што хмары надоўга. Як чарвякі дажджавыя вы­паўзаюць.
А тут мы, студэнты, кіно ўсё глядзім. І ўсё ж, здаецца, працаваў добра, бо зноў даў Смірнову чытаць раман, а ён спачатку сказаў сваім: ”Я нейкі таксама пісьменнік і ведаю, што за тры месяцы нельга перарабіць раман”, а ўчора раптам, прачытаўшы, адобрыў і запланаваў у 7-8 нумары.4 Я здзівіўся вельмі і ўспомніў, як праваднік плюнуў у каву і вельмі ж задаволіў пана, якому не хапала “пенкі”. Нават расказаў ціхенька тваю гэтую гісторыю свайму рэдактару.
А тут так ужо выходзіла, што, калі я праважаў Леаніда Мікалаевіча5 ў Прагу, Дзяменцьеў6 сказаў мне: “Хай Вася (Смірноў – Н.А.; Н.С.) адказваецца, давай мы надрукуем”. А Вася раптам перавыхаваўся.
Толькі вось, што ў 7 нумар, далёка.
Удалося мне прачытаць тут “Па кім звон бомкае” (Хэмінгуэя – Н.А.; Н.С.). Добра, але не ўсё аднолькава добра, нават здзівіўся гэтаму.
Не давайце там хоць Каваленку7 ў крыўду, хлопец вельмі патрэбны беларускай літаратуры, думаецца, больш, чым хто-небудзь іншы ў крытыцы.
Быў у мяне партызан Карпюк.8 Наогул многія бываюць. Ты вось штосьці бе­ла­­каменную мінаеш.
Прывітанне дому твайму.
Адамовіч.

[Мінск — Масква.]
Дарагі Саша!
Цікава, як Ты там плюнуў у свой чай, – ці варта Цябе віншаваць з паспяховым заканчэннем рамана?.. Можа, “пенку” можна зняць, выбраўшы момант, калі Вася адвернецца? Ці гэта ў Цябе проста дасада, што прышлося пасядзець?.. Ва ўсякім выпадку — ужо віншую і зайздрошчу, бо сам толькі заўтра забяру свой опус з машынкі (каля пяцісот старонак!..) і пачну горбіцца пад крытычнымі, халоднымі ды гарачымі, душамі.
Вера званіла ўчора, што Ты хутка павінен завітаць у Мінск (цягне, нябось, валацуга!..). Таму і не буду пасылаць Табе, а пачакаю і пакланюся тут.
Каваленка, відаць, у Цябе там, дык Ты і ведаеш, што тут адбылося. Палымянскі адказ Карпаву1 (і іжэ з ім, вядома) лімаўцы насілі, насілі і, нарэшце, вырашылі даваць са сваёй прыпіскай... Танк забраў “пісьмо ў рэдакцыю” назад, каб даць яго проста ў “Полымі”. Палохацца Віктару асабліва няма чаго, да якога-небудзь сур’ёзнага здзеку не дойдзе, а барацьба — барацьбой, і яна, як вядома, патрабуе не толькі чужое смеласці, але і свае.
Калі гэта — усякія толкі-ператолкі, яўныя і тайныя подласці, жывучасць розных бездараў і, пакуль што, ураджайная глеба на іх — справа нармальная, проста літаратурнае жыццё, дык яно мне ў гэтыя дні здорава абрыдзела. Зашмат шуму, калі думаць пра тое, што трэба працаваць. I шуму многа пустога, прэтэнцыёзнага. Пакаленні ніяк не падзеляць першае месца ў вечнасці, усе шмат патрабуюць ад другіх, любуюцца сабой, у смак карыстаюцца культаўскімі метадамі і прыёмчыкамі барацьбы, лічачы, што так яны змагаюцца з тым самым культам. Так і хочацца часамі аб’явіць сябе “неприсоединившейся страной”, паслаць усіх — каго злосна, а каго з усмешкай — на хрэн, уцячы куды-небудзь і рабіць адзінае, чаго потым не зробіш. I гэта я не лічу капітулянцтвам, а паводзінамі найбольш слушнымі ў маім узросце, месцам паміж тымі, каму я не вельмі ўжо і дапамагаў ствараць той ё...ы культ, і тымі, што ніяк не нацешацца сваёй чыстатой, таленавітасцю, беспамылковасцю і мацункам галасавых звязак.
Не буду больш бурчаць, пайду ў кіно.
Будзь здароў. Прыедзеш — развееш трохі маю правінцыяльную тугу.
Янка Брыль. З/Ш-63


[Паланга – Мінск.]
Прывітанне данцам2-удальцам!
Ну і як? А я ўпершыню адпачываю як просты совабывацель: на моры, на пясочку. І зусім, аказываецца, паспеў для такога жыцця: падабаецца!
Чытаю. Да твайго3 рамана даслалі мне яшчэ і карэктуру майго.4 Чытаю доўга, са смакам. Калі не патрэбна тэрмінова, прывязу 25-га. Здаецца мне, што шаноўныя чытачы ўпершыню ўбачаць усяго Брыля: і таго, якім ён стаў з 1945 г., і таго, якім яму трохі перашкаджалі стаць. Цеплыня, але і суровасць, бязлітаснасць. Першага ў цябе хапае і хопіць, жмі (у далейшым) на бязлітаснасць і прысяжныя цябе апраўдаюць.
Аглянуўшыся навокал, паглядзеўшы ў газеты і на гарызонты, здаецца, можна сказаць, што і на гэты раз “рывок” карпавым не ўдаўся: ні ў літаратурным, ні ў шырэйшым сэнсе. І таму садзіся за аповесць, пасля якой скажаш: “Ну, пакуль усё! Цяпер саджуся і гляжу на свой пупок, бо лёгкі і пусты”.
Гэта я табе. А нам можна і лягчэйшы вазок.
Прывітанне тваім ад маіх. 17.8.63г.


[Каралішчавічы — Паланга.]
Дарагі Саша!
З ”Новага міру” я атрымаў тэлеграму: “Наслышаны о вашем новом романе были бы рады ознакомиться с ним сообщите возможность получения рукописи1 Твардовский Дементьев”... Ясна, што Твардоўскі тут прыплецены для большага ўздзеяння, ясна і другое — гэта яшчэ не ўхваленне прачытанай рэчы, а простае “кось-кось”, якое я чуў з гэтай паважанай (без іроніі) рэдакцыі ўжо цэлых трынаццаць год таму назад... Аднак, сам ведаеш, — вельмі цікава было б!..
Дзён некалькі перад гэтым я атрымаў пісьмо ад Смірнова, які ўжо скантак­таваўся з Астроўскім і ў самых захопленых выразах “предвкушает”, што хутка будзе “глотать роман залпом в редакции, а потом — будут это ж делать и наши читатели”...
Што да “Дружбы”2 — я бадай узяў бы на душу грэх, парваў бы з імі без асаб­лівага сораму, бо, я ім дагэтуль і слова цвёрдага не даваў. Але ж палохае і тое, што прыдзецца — чаго добрага — з “Новага міру” падавацца, не солана пасярбаўшы, у якую-небудзь іншую рэдакцыю...
Словам — і хочацца, і колецца, і часу ў мяне яшчэ зусім даволі для таго, каб вырашыць, падумаць. Напішу Астроўскаму, даведаюся, што там за гутарка была ў яго са Смірновым, пасля пагляджу пераклад, і тым часам наспее рашэнне.
Пакуль што сяджу ў Каралішчавічах3 і займаюся галоўным — падрыхтоўкай рукапісу да друку. Сёе-тое праўлю, улічваючы разумныя парады, у тым ліку — і Адамовічавы, і атрымліваецца нібы лепш. Работа тонкая, часу і свежага паветра — да ліха матары, бо, я тут — па жончынаму загаду — больш адпачываю. Стаміўся і растросся за лета, часта баліць галава, а за ёй і сэрца.
Калі Цябе часам будуць пытацца, чаму я не адказваю на тэлеграму, — не выдавай мяне нават намёкам. “От сабе — недзе топчацца!..” Яны з намі не цырымоняцца, і нам асабліва няма чаго “благоговеть”. Зрэшты, сам ведаеш, што рабіць.
Восень вельмі харошая. Таварыства — Хадкевіч, Пашкевіч, Хведаровіч4 — не вельмі для душэўных гутарак. Аднак, жывецца пакуль што не так ужо і сумна.
Раман Караткевіча5 зарэзалі канчаткова, і я не ведаю, чым яму памагчы, хоць шкада хлопца і цяжкавата мірыцца з тым, што заўтра будзе здавацца па­мылковым.
Ну, будзь здароў! Пішы новую рэч, — можа, я Табе буду куды-небудзь сва­там.
15/ІХ-63 Янка Брыль.


[Паланга — Мінск. Верасень 1963 г.]
Янук!
А чаму б табе не зрабіць так: напісаць Д/зяменцьеву/ дамоў і адкрыта (з ім можна так). Маўляў, я не перакананы, што такі тоўсты (раман – Н.А.; Н.С.), пойдзе ў вас, а прасілі і другія. Дык давайце так: хай прачытаюць некалькі галоўных (рэдактароў – Н.А.; Н.С.), і рашаць цвёрда – пойдзе ці не. Усё гэта паўафіцыйна, маўляў, Астроўскі вам перадасць.
Ну, ты сам адукаваны. (Але напішы мне, каб я ведаў, што гаварыць).
Сардэчны паклон Хадкевічам. Шкада, што няма як Карпаву паслаць. Мне Казека6 пісаў, што прыходзіў ён і вельмі абураўся, чаму Адамовіча прапусцілі ў калашны рад (аўтабіяграфіі). “З вантробамі з’еў бы цябе, каб займеў”. З’елі б нашы ўнутраныя пекінцы. Але ж ёсць бог. Але жыць неяк весялей, калі ёсць ворагі.
Пачаў я аповесць. Двухгадовую. 100 старонак і не больш. Пашкадую на гэты раз рэдактара і чытача.
Прывітанне добрым хлопцам!
А я ўсё яшчэ купаюся. Намяў бы табе косці, каб ты асмеліўся дужацца з намі.
Будзь здароў, Янка!
Адамовіч.


[Масква — Мінск. Верасень 1963 г.]
Дарагі Янка!
Справа да цябе. Заела мяне на гэты раз. У 1960 г. (памятаеш, казаў табе) заці­кавілася “Раман-газета” маім романам. Пазванілі Броўку,1 а ён: “Так, але...”
Зразумелі, што не адабрае Саюз піс/ьменнікаў/ у асобе старшыні. Ну, а матыў, вядома, не той, што Адамовіч асоба непрыемная старшыні, а больш высокі: на рус/кай/ мове піша.
У гэтым годзе тое ж паўтараецца: ёсць у раман-газеце ў 1963 г. “пустыя ну­ма­ры”, “Дружба (народов” – Н.А.; Н.С.) мяне пасватала. Зноў пазванілі тыя ў Мінск (думаю, што Броўку) і зноў той жа матыў + раман Шамякіна.2 (Шамякін у будучым годзе, гэта ж зусім іншае).
Адным словам, калі не цяжка, скажы Б/роў/ку, што ён ..., і калі можа, хай хоць раз ім не будзе. Гэта калі ты лічыш, што табе выходзіць. Ці проста спытай: што, маўляў, там?
З прывітаннем.
Адамовіч.


[Мінск — Масква.]
Дарагі Саша!
Броўка паехаў з Мінска ў Кіславодск на два (дні – Н.А.; Н.С.) раней, чым я атрымаў Тваё пісьмо. Біць яго я, відаць, не біў бы, але пагаварыў бы напэўна. Калі не позна будзе — пасля прыезду. Такая наша доля.
А як, дарэчы, з Тваёю крытычнай кнігай?3 Не адзін тут Броўка, вядома, завіхаецца, як не адзін Сталін рабіў свой культ. Бачыш, ужо і Карпавы па-пест­ракоўску ходзяць па рэдакцыях...
Атрымаў учора Тваю “твардоўскую” тэлеграму. Ты, чорт маскоўскі, думаеш, што мы тут, правінцыялы, газет не чытаем, не ведаем, што ён, які “непакоіцца маім маўчаннем”, сядзіць сабе цяпер у Балгарыі... Справа выглядае так. Учора Астроўскі званіў Дзяменцьеву і старыкі дамовіліся, што адзін падрыхтуе першую палову рукапісу, а другі прачытае яго, у парадку дэгустацыі, і вырашыць, што са мною рабіць. Усё гэта мае адбывацца ў поўнай таямніцы, у якую я, безумоўна, не веру. І таму напішу Смірнову, адцягваючы справу, пра сваё нездавальненне тэрмінам, які ён прапанаваў, хрэн, не мне, а... Астроўскаму — другая палавіна года. I ў мяне, бачыш, мэмэнто Шамякін, — ён заваліў 1-3 нумары “Дружбы народаў”, тады патрэбна зразумелая перадышка ад беларусаў, пасля, хутчэй за ўсё, пойдзе Быкаў — мэмэнто Гарбачоў!1 — ну, а нам грэшным урэшце прыйдзецца разлічваць на канец 1964-га... Стары Астроўскі і не спяшаецца сабе, глядзіць на больш ходкі тавар, а мяне абяцае перакласці да І.І.64. Уся гэтая пятрушка як быццам дае мне права не цырымоніцца са Смірновым, але ж — хто ведае, што скажа таварыш Дзяменцьеў? Пакуль што ён толькі сказаў Астроўскаму, што мяне яму рэкамендаваў Ты, што са слоў Тваіх ён зразумеў: Брыль напісаў раман пра нямецкі тыл у дні Вялікай Айчыннай вайны, але “Брыль таленавіты чалавек” і яны паглядзяць... Ну што ж, так і быць, паглядзім і мы. Сказаў Астроўскаму, каб прысылаў мне гатовае па частках, буду памалу рыхтаваць “твардоўскі экземпляр”. Урэшце, калі няўдача ў “Н.М.” (“Новый мир” – Н.А.; Н.С.) — у “Дружбу (народов” – Н.А.; Н.С.)” не палезу, пашукаю новую шчыліну.
Вось так, Саша!
Рад быў, вядома, прачытаць артыкул Германа2 — не ўголас, бо пры Хад­ке­вічы. Вазьмуся перачытаю Цябе, можа, і праўда, добра? Ты як там лі­чыш?.. Я свой рукапіс яшчэ раз прапалоў, дапоўніў і паскуб і пакуль што лі­чу — куды лепш!.. А там і на мяне будзе якая-небудзь мадам, што добра адляжала­ся ў Сочы.
Учора здорава патузаўся з Матузавым,3 працяг размовы пакінуўшы на заўтра. Галоўліт — добра Твардоўскі пісаў пра іх! — забараніў артыкул пра польскі абстракцыянізм (хоць гэта ўжо тройчы друкавалася ў нарысе «Яшчэ раз па шчырасці”) і фрагмент з майго выступлення на ІІІ з’ездзе СП БССР4 — каб не крыўдзіць Агеева, які цяпер, бачыце, рэдактар “Мінскай праўды”. Захар быў, як заўсёды, разумны і тактоўны, цытаваў Танка: “Не ўсякая сапля, што вылазіць з Коласавага носа, павінна лічыцца геніяльнай”, я быў таксама на вышыні, уз’еўся ажно да таго, што абяцаў яму проста зняць кнігу.
Словам, у Каралішчавічах сумна, а тут адразу пачалося весела.
Цісну Тваю лапу, жадаю поспеху ў рабоце — адной асалодзе, якая нам, дурням, і застаецца.
3/Х-63 Янка Брыль.
Р. S. Напісаў я і Дзяменцьеву, і Смірнову.


[Масква — Мінск. Кастрычнік 1963 г.]
Дарагі Янка!
Калі даваў я табе тэлеграму, дык сам лічыў, што Твардоўскі, іменна ён, гневаецца, бо Дзяменцьеў мне так усё выкладаў. (Аказалася, што газет не чытаюць якраз масквічы). Але першая тэлеграма сапраўды ўзгаднялася з Твардоўскім.
Там я больш не быў і хачу ад цябе даведацца, што і як. Бо “Дружба /народов/” лічыць цябе сваім. А ты не звяртай увагі.
Чым жывеце вы? Я дык ужо за сцэнарый бяруся, трэба ж за хлеб адрабіць.
“Беларускі раман”5 мой ідзе ў “СП” (“Советском Писателе” – Н.А.; Н.С.). Нягледзячы. Прыдзецца ім праглынуць.
Прывітанне дому твайму!
Адамовіч.

[Мінск — Масква.]
Дарагі Саша!
Днямі ў “Полымя” званіў Адамчык,1 я прасіў яго сказаць Табе, каб Ты пазваніў мне. Хацеў расказаць, што днямі тут быў А.Пракоф’еў,2 захапляўся Тваім раманам, і я настроіў яго на “Раман-газету”: ён ахвотна абяцаў памагчы. Другое, чаму я хацеў Твайго званка, — хочацца, як малому, параіцца, што ж мне рабіць са сваім “раманам”?.. Смірноў, пасля таго, як я пастрашыў яго пісьмом, паабяцаў канкрэтна 7-8 нумары і прасіў: “ради Бога не подведите нас”. Пасля гэтага быў званок ад Салахяна3 (па даручэнню Смірнова): “Берите 5-6 номер, только давайте нам...”
Сёння я напісаў Смірнову, што на 5-6 згодзен.
Warum? Ды прыкінь ты гэтую справу, Саша, на сабе: адобрыўшы тваю рэч, Табе прапанавалі скараціць яе да 6-ці (аркушаў – Н.А.; Н.С.), здаецца. Не думаю, што маёй яны далі б тры нумары. На скарачэнні я не пайшоў бы: я скарачаю, пішучы, сам. Калі мяне надрукуюць у “Дружбе” і калі я “праіграю” на гэтым так, як Ты — з мяне хопіць. Такая сініца ў руцэ — лепш, чым вельмі і вельмі ўяўны журавель у “новамірскім” небе”. Хто ведае, колькі яны напсавалі б мне крыві, колькі прымусілі б жыць гэтай рэччу... А так я вызвалюся ад яе за зіму і змагу спакойна брацца за новае.
Мне неяк трохі непрыемна за Цябе, як свата, якога я падвёў. Аблай там мяне, як хочаш, перад Дзяменцьевым, якому я, зрэшты, вінават толькі за адзін пісьмовы (мой) “дзякуй”, што ён паабяцаў Астроўскаму прачытаць першую палавіну рэчы — у парадку прыватнай дэгустацыі. Што да гэтай дэгустацыі, — баюся, першая палавіна магла б яму не спадабацца (яна здаецца мне слабейшай) і ён не пажадаў бы і чытаць другое. “Новамірскую” бесцырымоннасць я памятаю яшчэ па “Забалоцці”. (Аповесць “У Забалоцці днее” – Н.А.; Н.С.)
Ну, вось. Паспрабуем іх штурмануць чым-небудзь карацейшым, калі да таго часу не прыдзе туды рэдактарам аматар рэчаў тоўстых.
Карпюк па тэлефоне гаварыў мне трохі пра Ваш абед: Ты, ён, Смірноў і Са­лахян...
Злуе мяне мой Астроўскі: яшчэ не прыслаў ні радка перакладу. Баюся, што пачне пасля спяшацца і падключыць жонку... Шамякіна нават і папрасіў дазволіць падпісваць іх удваіх — Астроўскія.
У мяне такога ён не атрымае, але і мне ад гэтай (уяўнай) перапалкі не будзе лягчэй. Шкадую, што не даў каму іншаму. Нават падзяліўся гэтым нездавальненнем са Смірновым: папрасіўшы яго, што датычыць жонкі Астроўскага — “между нами”: можа ён трохі падварушыць старога і пастрашыць яго, што да якасці перакладу, тым больш, што перакладам Шамякіна Вася (Смірноў – Н.А.; Н.С.), як гаварыў Карпюк, незадаволены.
Можа пабудзеш, Саша, сватам яшчэ (свату першая палка і першая чарка), — пазандуеш глебу наконт мяне ў “Дружбе (народов)” у тым сэнсе... Заблытаўся!.. Проста, што за рэдактар Перуанская4 і ці не лепш, каб яна мяне рэдагавала там? А ў “Літ.газеце”, пры выпадку, папрасі Зінаіду Фёдараўну,5 мілую нашу энтузіястку, каб яна не злавала на мяне, што падвёў з урыўкам. Пакуль што не хочацца вытыркацца. Дам пазней. А ў “Советском писателе” спытайся, ці думаюць яны ў 1964 (годзе – Н.А.; Н.С.) друкаваць мяне, як абяцалі гэта (“за счет резерва”) Шамякіну. Узброіўшыся адказамі на ўсе гэтыя мае просьбы, прыязджай на свята — пагаворым і нап’емся.
Рад, што ідзе Твая крытыка. Раман па “Дружбе (народов)” не чытаў — чакаю без скарачэнняў.
Сёння, каб не ісці самому пазычаць, папрасіў Тваю Веру вярнуць дапамогу слабаразвітым краінам. Разбагацею ажно 20/XI, а жонка і дзеці ходзяць злосныя на безграшоўнага бацьку.
Цісну руку
Янка Брыль 25.Х.63
Бачыш — колькі напісаў!..


[Масква — Мінск. Лістапад 1963 г.]
Дарагі Янка!
Гаварыў я сёння з Дзяменцьевым. Зацікавіўся ён, хоча чытаць. Табе афіцыйна напішуць з “Н(овага) м(иру)”, загадчык прозы. А ты ім дай. І будзе добра ўсё.
Тут усё неяк так сабе. Зыб. Штыль. Пачаў я сваю аповесць – філасофскую, не абы-што, трохгадовую, калі не на больш расцягну. Але партызаны (Дылогія “Партызаны” – Н.А.; Н.С.) пайшлі, цяпер я жыву не спяшаючыся.
Напішы, ці напісалі табе з “Н(овага) м(иру)”, каб я ведаў.
Прывітанне сямейцы. Адамовіч.


[Масква — Мінск.1964 г.]
Прывітанне і шанаванне маё табе, Янка!
Парадавалі мяне і тут, брат. Ларыса Іосіфаўна (дарэчы, здзіўлена, што не паслаў ты ёй “Пад говар кастра”1) паведаміла, што прыехаў іх Касалапаў2 са з’езда (нашага) і тут жа выпер маю кнігу з плана 1967 г. у рэдпадрыхтоўку. Але час прайшоў і можна, кажа Л.І-на, вярнуць на месца. Калі сакратарыят наш прышле паперу такога зместу, што ў плане няма прозы беларускіх аўтараў на 1967 г. і вось рэкамендуем кнігу ( і словы розныя аб ёй і можа нават пра фільмы).
Дарэчы, дапамог мне вылецець… Ваня Шамякін. Здалося яму, што “Сэрца” (”Сэрца на далоні” – Н.А.; Н.С.), яго даўно не выходзіла. Ім і выпхнулі, але потым і ад яго адмовіліся. Можаш намякнуць яму на тое, што ведаю я гэта, і хай ён за тое таксама паперу падпіша.
Не прасіў бы я Саюз (Саюз пісьменнікаў – Н.А.; Н.С.), каб не ўсё адразу. А то, сам ведаеш, усё.
Паперу на імя Касалапава Валерыя Аляксеевіча на “Издательство художеств. литературы”. Размова ідзе аб 1967 г. Аказваецца, стаяў я на гэты год.
Даведаюся аб тваім, пазваню. Бывай. Адамовіч.


[Мінск — Масква.]
Дарагі Саша!
Паперка Касалапаву паслана, за подпісам Шамякіна.
Наконт праф. Кацмана3 з Нейфахам4 дамовіўся; яны ўжо там з Верай удакладняць час візіта.
“Крайне сожалею, что не удалось встретиться, переговорить. Не обижайтесь, подумайте спокойно. Поверьте, рукопись нуждается в серьезной доработке. Хочется увидеть роман в нашем журнале, в полном блеске вашего светлого таланта. Ждем вашего решения. Уважением Смирнов”.
Дэпеша гэтая была атрымана ўчора, пасля таго, як я напісаў Г.Маркаву,1 здаецца, хлёсткае пісьмо. Паслаў пісьмо, “прыняўшы да ведама” тэлеграму, што не кранула ўсё ж такі маё пасіўнае сэрца.
Віктар Каваленка казаў учора, што “ЛіМ” дае артыкул Гусевай2 (аспіранткі Тваёй), а “Сав. Белоруссия” — артыкул яго Каваленкі. “ЛіМ”! Увечар, за чаркай, Вялюгін3 сказаў, што Пашкевічу раман мой… спадабаўся (?). Гэта добра — у працілежнасць Сабаленку.4
Вера будзе пісаць Табе, што Вылчаў5 званіў ёй — Варна згаджаецца выдаць другую кнігу дылогіі (“Партызаны” – “Сыновья уходят в бой” – Н.А.;Н.С.). Не вытрымаў я, забег наперад, каб зрабіць Табе прыемнасць — за малако і бутэльку віна.
Грыцаю6 скажы, што “Полымя” вышлю трохі пазней, калі мне вернуць параздаваныя экземпляры.
Прывітанне Драчу.7
Чакаю першых дадзеных разведкі.
Янка Брыль. 19.ІІ-64


[Масква — Мінск. Люты 1964 г.]
Дарагі Янка!
Збіраюся ўсё прыехаць, здаецца ўжо, што самае цікавае там, у Мінску. Бо тут навін мала. Сяджу, пішу аповесць і трохі зноў закіс. А малака няма каму прынесці.
Ты пра маю кнігу заклапаціўся. Здаецца, не ўдалося ім на гэты раз таксама. Ішоў я ў “Сав.піс.” (выдавецтва “Советский писатель” – Н.А.; Н.С.) злы, як чорт! Каб сустрэў таго мудака, даў бы, здаецца, у рыла. З тым настроем і павёў размову. Вадзілі мяне па начальству, а я – хер вам! Можаце рассыпаць, а слухацца нейкіх гарбачовых не збіраюся. Кончылася тым, што адну фразу трохі перавярнуў (кажуць, двусэнсоўна) і пайшоў дахаты. Дні тры гадалі і ўсё ж паслалі на машынку. Можа і яшчэ адзін заход зробяць дабрадзеі мне, але, думаю, усё ж пачытаць ім давядзецца іменна тое, што напісана, а не тое, чаго б ім хацелася.
У “Н(овый) м(ир)” не заглядваў яшчэ. Да ад’езда (да 25-га) што-небудзь ды раз­ведаю.
Прывітанне табе!
Адамовіч.


[Масква — Мінск. Сакавік 1964 г.]
Дарагі Янка!
Часу прайшло даволі, але яшчэ нічога канкрэтнага не магу перадаць. Быў у “Н/овый/ м/ир/”, але там аказаўся Лакшын1 і Твардоўскі. Пагаварыў з першым, але не з другім, сам разумееш. Тады яны перабіраліся ў новы будынак. Званіў потым Дзяменцьеву. Ён паабяцаў падагнаць іх, каб чыталі. І сам, казаў, пачне. Але вось новы будынак...
Думаю ўсё ж, што будзе, што трэба. Чым горш з Васем (Смірноў-Н.А.;Н.С.), тым лягчэй будзе. А з Васем у цябе контры поўныя. Межалайціс2 выступіў у тваю абарону, дык той аж аж!
Я здаровы, але ўсё роўна прыязджай, як толькі асмелішся.
Прывітанне жанчынам тваім і віншаванне з выпадку лічбы “8”. Хопіць вам з Андрэем3 клопатаў мужчынскіх!
Адамовіч.
P.S. Только что звонила редактор моя. Ну, Брыль, и я подключен к разговору и отве­ту по поводу Вашего вредного романа. Дали (говнюки!) мою книгу Горбачеву почему-то и он их зело напугал Брылём и т.п. злодеями! Вызывают меня в “Сов/етский/ пис/атель/”, ну, если сорвусь, похерю и книгу, а я им скажу с их горбачевыми.


[Мінск — Масква.]
Дарагі Саша!
Устрывожыла мяне Твая прыпіска да пісьма... Што там з кнігай? Пішы, звані, тэлеграфіруй — што хочаш, але каб добра, станоўча.
Гарбачоўска-Сабаленкаўска-Карпаўская Ка не дрэмле. Вылчаў Табе, відаць, расказваў пра блакаду, якая мне аб’яўлена ў «ЛіМе»... Мышыная вазня, але нер­вы псуюць. Яны, вышэйуспомненая кампанія, разлічваюць, пэўна, на большае, чым проста псаванне нашых нерваў. Ды ў большым мы не ўступім.
Пазаўчора атрымаў зусім нечаканы падарунак ад Межалайціса — кнігу з сардэчным аўтографам. А мы ж з ім толькі, або амаль толькі шапачныя знаёмыя. Ві­даць, нас і сапраўда зблізіў Вася Смірноў.
Скрыган4, які быў на сакратарыяце, расказаў, што ён, Вася С., сказаў яму: “С Брылём у нас получилось очень неудобно…”
Ёсць тэлеграма ад Маркава, каб прыслаў рукапіс перакладу. Падазраю тут штосьці, звязанае з Федзіным, які дагэтуль (зусім “па-горкаўскаму”) не адказаў. Пішу Маркаву, што няма свабоднага экз/емпляра/, — ну іх на хрэн! — хоча, дык няхай возьме ў “Сов/етском/ писателе”, калі гэта яму іменна, Маркаву, як ён піша, “цікава пазнаёміцца з раманам”.
Упарта і, здаецца, плённа думаю над дапрацоўкай, партызанскай часткі — у першую чаргу, бо так прайдуся трохі па тэксце.
Нядаўна меў са мною гутарку сам Броўка, які прачытаў раман толькі цяпер, напалоханы нашым выдавецтвам (тыя свой пратакольчык разаслалі па начальству) і “Дружбай /народов/”. Ад заўваг яго, анекдатычных у сваёй баязлівасці (“ну, навошта табе любавацца іхнім пейзажам”, “а гэтага зрабі сволаччу...” і г.д.), было б весела, каб не было агідна-сумна. Але думаю выкарыстаць яго як пэўны глушыцель: “Брыль дапрацоўвае, не чапайце яго, усё будзе добра”.
У “Сов. Белоруссии» мне паказвалі рэцэнзію на мяне В. Каваленкі5, небяспечна станоўчую, якую яны збіраюцца даць адпаведна чарзе, пасля Навуменкавай6 рэцэнзіі на Шамякіна.
2/ІІІ званіла мне Цішчанка-Багданава1 (прасіла пару радкоў пра работу майго года), гаварыла, што “улита едет, скоро будет”, — вельмі заняты Навічэнка2 ўсё ж такі дасць рэцэнзію, абяцаў нават прыслаць 2-3/ІІІ. Ах, як яму, беднаму, цяжка!..
Вася Быкаў здзівіў і парадаваў мяне вялікім пісьмом, у якім тактоўна “пад­мацоўвае па духу”. Нядрэнна яшчэ было б, каб ён даў па зубах свайму мас­коў­скаму паўпрэду, з якім цалуецца пры сустрэчах, нібыта заплюшчваючы вочы на адначасовую службу свайго Гарбачова3 другому богу. Складанасць, чорт вазьмі, дыялектыка!..
Пісала мне імкліва-шчабятлівая Кутарга,4 прапанавала левай рукой падсунуць раман у “Знамя” (агульнасаюзны часопіс – Н.А.; Н.С.). Адмовіўся. Буду ўжо чакаць, пакуль вырашыцца справа з новым домам у “Новым міры”. Дысцыплінка ў іх, відаць, шаткая, не думаю, што так ніхто не пачаў ці нават і не кончыў чытаць за тры тыдні, — пакуль няма агульнай ці “высокай” думкі — маўчаць. Ты там, Саша, не лішне трывож іх, пачакаем.
Каб я ўлез у якую-небудзь работу, дык чакаў бы, і “Н/овый/ м/ир/”, і “С/овет­ский п/исатель/” колькі хочаш. Нешта тут з работай выклёўваецца, — хачу падрыхтаваць кніжку мініяцюр, якіх налічыў у сваіх запісах цэлую процьму.
Вось, вучыся, як доўга пісаць пісьмы.
Паведамляй хутчэй, што з Тваёй кнігай, вітай ад мяне Драча. Грыцаю “Полымя” вышлю днямі.
Цісну руку і паднімаю з Табой шклянку цёплага малака.
6/ІІІ-64 Янка Брыль.


[Мінск — Масква.]
Раманіст Шаша!
Заўтра мы з Піменам5 едзем у Кіславодск (да 11 мая), і таму калі Ты захочаш глушануць мяне словам — бі па Каўказе, дзе свяжэйшае паветра. Адрас просты: Кисловодск, санаторий им. Семашко. Туды можаш прыслаць не толькі адмоўны адказ “Нового мира”, але ж і сваю кнігу — недарэзаную Гарбачовым. Дарэчы, гэты дзеяч пераслаў мне Навуменкам (Іван выскакаў на дзень у Маскву) — прывітанне, прасіў не злавацца... Э, а ў Цябе яшчэ не прасіў!!! Астаноўка толькі за Бажком і Смірновым.
Будзь здароў і кланяўся двум хахлам — не Навічэнку, а Драчу і Грыцаю.
11.IV.64 Янка Брыль.


[Масква — Кіславодск. Красавік 1964 г.]
Прывітанне пузачам-курортнікам!
Жыруеце? Самцуеце? Ачарніцельствам займаецеся, гразямі?
Вось як бэхну зараз адказам навамірскім, адразу успомніш, што ёсць на зямлі людзі, якія потам абліваюцца, працуючы над тым, каб узняць кінамастацтва на яшчэ больш небывалую вышыню.
Бэхнуць не магу, на жаль, бо Дз/яменць/еў імяніннік, і таму не чытаў і не прачытаў яшчэ. Але мае тваё пісьмо і пачытае. Я яму і пра Шауру1 і пра тое, што “Сов/етскій/ пис/атель/”, але ж яны – дыплама-а-аты! Усё шутачкі-смех...ёчкі. Заўтра нас выпускаюць з курсаў. Цяпер бы на дырыжорскія, як казала пра Адамовіча грамадзянка Фіглоўская.2 Праўда, у мяне ёсць 12 дыпломнікаў і хопіць тузаніны на 2 месяцы.3
І ніякай удзячнасці ад землякоў, што вучу русакоў захапляцца і правільна пісаць прозвішчы беларускіх паэтаў і ўсякіх там празаікаў.
І пішу аповесць, каб устанавіць нарэшце, ці меў я права напісаць такі тоўсты раман.
Прывітанне Пімену Емяльянавічу і табе, Івану Антонавічу, і выпіце шклянку серавадародзістай за тых, хто не з вамі.
Адамовіч.


[Кіславодск — Мінск.]
Дарагі Саша!
Не помню добра Твайго хатняга адрасу, баюся, што пісьмо гэтае не застане Цябе ў Маскве, — таму і пішу на Верын адрас. Перадай ёй маё каўказскае прывітанне, а тады чытай далей.
Не жыруем, не самцуем, нават працуем тут... пакуль што, пакуль вясна не ўзяла над намі верх. Пімен прасіў перадаць Табе прывітанне і любоў (даслоўна). Праз дзень прымаем з ім нарзанныя ванны і тады нас абавязвае спакойны рэжым дня. Праз дзень, калі няма ваннаў, ходзім у горы, глядзім здалёк на снегавы Эльбрус — здорава! — слухаем, як гудуць у абрыкосавай квецені пчолы, дыхаем высакагорным паветрам, часамі хораша гаворым, а зрэдку мажам гразёю тых, каго не шкодзіла б вымазаць па вушы і г...м.
“Працуем...” Пакутліва і плённа думаў і думаю над сваім рукапісам, шукаю і знаходжу, дзе трэба ставіць латкі. Нават і латаю ўжо. Цяжкая справа — перамагаць злосць на мудакоў, якія ў нечым маюць рацыю, але перамагаю яе, хачу, каб было добра, каб скінуць з галавы гэтую рэч, якая, пакуль пісаў, здавалася “апошняй”, а ўжо не здаецца. Працую ў двух напрамках — над кампазіцыяй і “ўзмацняю” фашызм, як агню баючыся папсаваць, перабаршчыць, парушыць галоўнае — праўду.
Чытаю Бёля4 (“Бильярд в половине десятого”, “Глазами клоуна”), “Смерть зо­вется Энгельхен” Мнячко,5 “Каждый умирает в одиночку” Фаллады...6 Між іншым, добра правяраць, наколькі я маю рацыю, пішучы пра немцаў.
Новамірцы пачынаюць мне не падабацца, — пачынаецца нешта Навічэнкаўскае... Відаць, прыдзецца і іх паслаць у ..., а выдаваць кнігай.
Будзь здароў!
Янка Брыль. 24.ІV.64


[Масква — Мінск. Красавік 1965 г.]
Дарагі Янка!
Як ты там кульгаеш? І чым займаешся? Ці склаў рукі, высыпаўшы раман?
Дык вось, далі яго чытаць з “Раман-газеты” майму шэфу – Метчанку.1
Чалавек ён па поглядах цяжкі, але разам з тым наш зямляк. У асноўным погляды свае на твой раман мы зблізілі. Можа і прадмову яму пісаць дадуць. Хай напіша. Галоўнае, каб пайшоў.
Што чуваць у більярдным клубе нашым – Саюзе?
Прывітанне дому ўсяму!
Адамовіч.


[Мінск — Масква.]
Дарагі Саша!
Ідучы з більярда, узяў пошту — Тваё пісьмо, трэці нумар “Нового мира” (сімвалічна!) і іншае.
Дайшоў я са сваім раманам да таго, што ўжо і Твайго Метчанкі не вельмі, здаецца, баюся. ІІ/V мне званіла Чаркасава Марфа Пятроўна,2 што прачытала, што справа рушыла з месца і нават, можа, пойдзе трынаццатым нумарам (ліпень). Я тут маўчу, як мыш пад венікам.
Сёння надрукаваны ўказ, дзе мама Твая3 стаіць пад рубрыкай “Медаль “За отвагу”, а мы грэшныя — Навуменка, Пестрак4 і я — “За боевые заслуги “. Ура! (Ткачоў5 — “За отвагу”).
Чыркані пару слоў пра думку — канчатковую — твайго шэфа.
Навін няма.
14.V.65 Янка Брыль.
Працяг будзе.