12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Дзіна Буцаці

_____________________
Стварэньне.
Тры Навэлы


Пяшчотная ноч

У сьне яна слаба ўскрыкнула.
Cедзячы на канапе ў галаве другога ложка, мужчына чытаў пад мяккім сьвятлом лямпы. Ён адарваўся ад кнігі. Яна зьлёгку здрыганулася, матлянула галавой быццам ад нечага вызвалілася, расплюшчыла вочы і спыніла позірк на мужчыне з выразам зьдзіўленьня, быццам бачыла яго ўпершыню. Пасьля крыху ўсьміхнулася.
– Што такое, дарагая?
– Нічога, ня ведаю чаму, я адчуваю нейкую трывогу, нейкую задушлівасьць.
– Ты, як звычайна, трохі стамілася пасьля падарожжа, і потым, у цябе паднялася тэмпература, не зьвяртай увагі, заўтра ўсё пройдзе.
Яна замаўчала на хвіліну, працягваючы пазіраць на яго прымружанымі вачыма. Для іх, гарадскіх жыхароў, цішыня старога сельскага дома была больш чым нязвыклай – глухі маналіт цішыні, здавалася, прыхаваў глыбіню чаканьня, быццам сьцены, бэлькі, мэбля – усё стрымлівала подых.
Пасьля яна, ужо супакоеная, сказала:
– Карла, а што знаходзіцца ў садзе?
– У садзе?
– Карла, прашу цябе, раз ты ўжо ўстаў, прашу цябе, паглядзі на вуліцу, мне здаецца, што...
– Што там нехта ёсьць? Не выдумляй. Хто можа быць цяпер у са­дзе? – і засьмяяўся. – Рабаўнікі маюць лепшы занятак, чым кружыць вакол старых хацінак кшталту гэтай.
– Прашу цябе, Карла, глянь.
Ён падняўся, адчыніў акно і аканіцы, паглядзеў навокал, прыслухаўся. Пасьля абеду была навальніца, і зараз, у атмасферы амаль неверагоднай чысьціні, ветах неяк асабліва асьвятляў нерухомы, пустэльны, сьцішаны сад, бо конікі і жабкі таксама зьяўляюцца часткаю цішыні.

Гэта быў вельмі сьціплы сад з падстрыжанай травой, з адзінай пасыпанай белым жвірам сьцяжынай, што ўтварала круг, ад якога разыхо­дзіліся ў бакі другія сьцяжынкі, і толькі паабапал яе расьлі кветкі. Аднак гэта быў яшчэ і сад яго дзяцінства, шчымлівы кавалак яго жыцьця, сімвал страчанага шчасьця, і заўсёды, у месяцовыя ночы, здавалася, што сад размаўляў з ім на мове палкіх і незразумелых намёкаў. На ўсходзе насупраць сьвятла і таму чорная ўзвышалася сьцяна хмеляграбаў, якія ўтваралі аркі, на поўдні была нізкая агароджа з самшытаў, на поўначы – лесьвіца, што вяла да градаў, а на захадзе ад дома стаяў рамантычны будынак зернясховішча. Усё адпачывала такім натхнёным і цудоўным чынам, якім толькі прырода можа спаць пад месяцам і які нікому не ўдалося вытлумачыць. Тым ня менш, як заўсёды, гэтая карціна напаўняла яго глыбокім спакоем з-за ўвасобленай тут прыгажосьці, якую ён мог сузіраць, але ніколі б ня змог зрабіць сваёй неад’емнай часткай.
– Карла, – устрывожана паклікала Марыя з ложку, гледзячы, як ён нерухома стаіць і глядзіць. – Хто там?
Ён закрыў акно, пакінуўшы адчыненымі аканіцы, і павярнуўся:
– Нікога, дарагая. Цудоўны месяц. Я ніколі ня бачыў падобнага спакою. – Потым ён узяў кнігу і вярнуўся на канапу.
Было адзінаццаць дзесяць.
У гэты дакладны момант, на паўднёвым усходзе саду, у цені, што падаў ад хмеляграбаў, незаўважны ў траве прадмет, падобны да корка, пачаў штуршкамі падымацца, рухаючыся з аднаго боку ў другі і адкрываючы ўваход у нару, якая гублялася пад зямлёй. Раптоўна нейкая чарнявая плюгавая істота выскачыла адтуль і пабегла зігзагамі з неверагоднай хуткасьцю.
Зачапіўшыся за сьцябліну, самка саранчы блаславёна адпачывала, пяшчотнае зялёнае брушка грацыёзна ўздымалася ў рытм дыханьню. Крукі корка-павука прабілі і разарвалі ёй грудзі. Цельца вывернулася, дрыганула заднімі лапкамі, аднак толькі адзін раз. Ужо жудасныя крукі ўзаралі галаву і цяпер заглыбляліся ў жывот. З ранаў закапаў вантробны сок, які кат стаў прагна смактаць.
Захоплены дэманічнай юрлівасьцю ежы, ён своечасова не заўважыў гіганцкі цёмны абрыс, што набліжаўся за яго сьпінай. Хлоп. Усё яшчэ сьціскаючы ў лапах сваю ахвяру, павук назаўсёды зьнік у пашчы жабы.
Аднак у садзе захоўваліся нябесны спакой і паэтычнасьць.
Атрутны шпрыц пракалоў мяккае мяса сьлімака, які рухаўся да агароду. Ён здолеў прабегчы яшчэ два сантыметры, галава закружылася, пасьля ён заўважыў, што нага ня слухаецца, і зрузумеў, што прапаў. Ня гледзячы на ўжо затуманеную сьвядомасьць, ён адчуў сківіцы нейкай лічынкі, што напала на яго і раз’юшана выдзірала кавалкі мяса, пакідаючы жудасныя ямы ў яго цудоўным целе, тлустым і гнуткім, якім ён заўсёды ганарыўся.
У апошняе імгненьне сваёй ганебнай агоніі ён не бяз водбліска задавальненьня яшчэ пасьпеў заўважыць, што клятая лічынка была схопленая павуком-драпежнікам і разадраная на шматкі ў адно імгненьне.
А крыху далей захоўвалася пяшчотная ідылія. Са сваім міргатлівым ліхтарыкам, уключаным на ўсю магутнасьць, вялікі сьвятляк кружыў вакол роўнага агеньчыка апетытнай самкі, млява распрасьцёртай на лістку. Так ці не? Так ці не? Ён наблізіўся да яе, паспрабаваў палашчыць, яна дазволіла. Аргазм каханьня прымусіў яго забыцца, якое пекла ўяўляе сабой лужок у месяцовую ноч. У той час, як ён абдымаў сваю жанчыну, залацісты жужаль адным махам скончыў з ім, распароўшы яго ад ног да галавы. Яго ліхтарык працягваў міргаць, пытаючыся так ці не, але разбойнік ужо напалову праглынуў яго.
Адначасова з гэтым на адлегласьці ня больш за паўметра адбывалася дзікая калатнеча. Аднак пытаньне вырашылася за хвіліны. Нешта аграмаднае імгненна і нячутна звалілася зьверху. Жаба першая адчула фатальны востры боль у грудзях і паспрабавала павярнуцца. Аднак яна ўжо дрыгалася ў паветры між кіпцяў старога кажана.
Але калі глядзець звонку, то нічога не адбывалася. Усё ў садзе казала пра паэтычнасьць і нябесны спакой.
Kermesse* сьмерці пачаўся з надыходам прыцемкаў і зараз быў у самым разгары. І працягнецца да сьвітанку. Паўсюдна адбываліся забойствы, катаваньні, лямант. Зубілы разьбівалі чарапы, крукі адрывалі ножкі, аддзіралі луску і калупаліся ў вантробах, клюшні разьдзіралі шкарлупу, зубы здрабнялі, іголкі джалілі атрутай ці анестэтыкамі, ніткі аблытвалі, разьядаючыя вадкасьці разжыжалі яшчэ жывых ахвяраў. Ад самых маленькіх жыхароў імшанікаў, ад колаўроткаў, ціхаходаў, амёбаў, тэкамёбаў да лічынак, павукоў, жужаляў, сараканожкаў – і аж да самых медзяніцаў, скарпіёнаў, жаб, кратоў і пугачоў, – бясконцая армія забойцаў з вялікай дарогі аддавалася бойні, люта забівала, катавала, разьдзірала на кавалкі, разразала, прагна пажырала. Нібы ў вялікім горадзе, дзе кожную ноч дзясяткі тысячаў засумавалых па крыві і ўзброеных да зубоў бандытаў выходзілі з нораў, пранікалі ў дамы і рэзалі людзей проста ў сьне.
Замоўк раптоўна там, унізе, Каруза конікаў, нешчасьліва схоплены кратом. Патух ля агароджы ліхтарык сьветляка, разьбіты ўкусам жужаля. Сьціх, усхліпнуўшы, сьпеў жабкі, праглынутай вужом. І матылёк ужо ня будзе болей стукаць у шкло асьветленага вакна: з бязьлітасна заламанымі крылцамі ён выгінаецца, паланёны страўнікам кажана. Жах, трывога, пакута, агонія, сьмерць для тысячаў і тысячаў іншых божых стварэньняў – вось які начны сон у садзе памерам трыццаць на дваццаць метраў. І тое ж самае адбываецца ў навакольных абшарах, і тое ж самае – там, за гарамі, якія адлюстроўваюць шкляныя адбіткі месяца, бледнага і загадкавага. І па ўсёй зямной паверхні, і ў любой яе кропцы, як толькі сыходзіць ноч: зьнішчэньне, руйнаваньне і пакуты. А калі ноч адыходзіць і зьяўляецца сонца, пачынаецца іншая бойня, з іншымі забойцамі з вялікай дарогі, але з такой самай жорсткасьцю. Так было з незапамятных часоў і так будзе працягвацца стагоддзямі, пакуль ня зьнікне сьвет.
Марыя варушыцца ў ложку, вымаўляе некалькі незразумелых гукаў. Пасьля ізноў спалохана прымружвае вочы.
– Карла, калі б ты толькі ведаў, які жудасны сон мне прысьніўся, мне сьнілася быццам бы ў садзе некага забівалі.
– Ну што ты, дарагая, пастарайся супакоіцца, хутка лягу спаць і я.
– Карла, ня злуйся, у мяне ізноў гэтае дзіўнае адчуваньне, што ў садзе нешта адбываецца.
– Што ты выдумляеш?
– Не адмаўляй мне, Карла, я хачу, каб ты зірнуў на вуліцу.
Ён матляе галавой і ўсьміхаецца. Устае, адчыняе вокны і глядзіць.
Сьвет ляжыць у бясконцым спакоі, заліты месяцовым сьвятлом. Ізноў адчуваньне зачараванасьці, ізноў таемная млявасьць.
– Сьпі спакойна, дарагая, тут няма ніводнай жывой душы, я ніколі ня бачыў такога спакою.


Стварэньне

Усемагутны пабудаваў ужо сусьвет, упарадкаваў і разьмеркаваў з фантастычнай нерэгулярнасьцю зоркі, туманнасьці, планеты, каметы, і не бяз пэўнага задавальненьня сузіраў усю карціну, калі адзін з яго незьлічоных інжынераў-праектыроўшчыкаў, якому ён даручыў выкананьне грандыёзнай ідэі, наблізіўся да яго з выглядам асобы, што мае тэрміновы клопат.
Гэта быў дух Адном, адзін з самых разумных і хуткіх сярод nouvelle vague* анёлаў (аднак ня думайце, што ён меў крыльле і белую туніку, крыльле і туніка ёсьць выдумка антычных мастакоў, якіх яны задавальнялі з дэкаратыўных меркаваньняў).
– Жадаеш што-небудзь?– спытаўся Стваральнік дабразычліва.
– Так, Госпадзі, – адказаў дух-дойлід. – Перш, чым ты скажаш апошняе слава ў гэтым тваім вартым захапленьня творы і блаславіш яго, я б хацеў паказаць табе невялікі праект, які мы распрацавалі разам з купкай маладых. Нешта накшталт гарніру, нязначная справа ў параў­наньні з усім астатнім, драбяза, але нам ён падаецца цікавым. – І з тэчкі, што прынёс з сабой, ён выцягнуў ліст, на якім было намалявана нешта падобнае да сферы.
– Пакажы, – сказаў Усемагутны, які, натуральна, усё ўжо ведаў, аднак рабіў выгляд, што ня ведаў нічога аб праекце і выказваў цікаўнасьць дзеля таго, каб яго выдатныя дойліды мелі больш задавальненьня. Малюнак быў вельмі дакладны, з усімі пазначанымі адпаведнымі памерамі.
– І што гэта? – сказаў Найвялікшы Стваральнік, працягваючы дыпламатычна нічога ня ведаць. – Мае выгляд нейкай планеты, мне здаецца, такіх мы ўжо пабудавалі міліярды і міліярды. Сапраўды неабходна рабіць яшчэ адну і такіх сьціплых памераў?
– Гаворка ідзе менавіта пра маленькую планету, – пацьвердзіў анёл-дойлід, – але ў адрозьненьне ад мільярдаў іншых планетаў гэтая мае асаблівыя характарыстыкі. – І патлумачыў, якім чынам яны вырашылі паварочваць яе вакол адной зоркі на такой адлегласьці, каб планета сагравалася добра, але не занадта; і пералічыў у каштарысе складовыя з адпаведнай колькасьцю і адносным коштам. І ўсё гэта з якой мэтай? Зважаючы на папярэднія ўмовы, у гэтым маленькім шарыку павінен быў выявіцца найцікавейшы і забаўны феномен: жыцьцё.

Зразумела, што Стваральніку не спатрэбіліся дадатковыя тлумачэньні. Ён ведаў куды больш за ўсіх анёлаў-дойлідаў, анёлаў-прарабаў і анёлаў-муляраў узятых разам. Ён усьміхнуўся: ідэя з шарыкам, падвешаным у шырыні прастораў з мноствам істотаў зьверху, істотаў, якія нараджаліся, расьлі, давалі плады, памнажаліся і паміралі, здавалася яму даволі дасьціпнай. Магу паспрачацца: праект, нават калі і быў распрацаваны духам Адномам і яго калегамі, у рэшце рэшт усё роўна паходзіў ад Яго, першакрыніцы ўсіх рэчаў.
Пабачыўшы добразычлівы прыём, анёл-дойлід асьмялеў і выдаў пранізьлівы сьвіст, на які імгненна зьбегліся тысячы, але якія тысячы? – сотні тысячаў, а можа і мільёны іншых духаў.
Сьпярша Стваральнік спалохаўся ад такой карціны. Пакуль гаворка ішла пра аднаго просьбіта, яшчэ нічога. Але калі кожны з тых, хто прыбег, зьбіраўся паказаць яму свой асаблівы праект з адпаведнымі тлумачэньнямі, гэта магло б расьцягнуцца на стагоддзі. Аднак у сваёй надзвычайнай дабрыні ён падрыхтаваўся да выпрабаваньня. Назолы – спрадвечная пакута. Ён усяго толькі глыбока ўздыхнуў.
Баяцца ня варта, супакоіў яго Адном. Увесь гэты люд быў рысавальнікамі. Выканаўчы камітэт новай планеты даручыў ім спраектаваць незьлічоныя віды жывых істотаў, расьлінаў і жывёлаў, неабходных для добрага выніку. Адном і яго калегі часу не гублялі. Замест таго, каб прыйсьці ўсяго толькі з прыкладным планам, яны прадугледзелі нават апошнія дробязі. І ня варта выключаць, што ў выніку такой руплівасьці яны думалі ў глыбіні душы паставіць Усемагутнага перад зьдзейсьненым фактам. Але ў гэтым не было патрэбы.
Такім чынам тое, што здавалася мегачаргой, ператварылася для Стваральніка ў цудоўны прыемны вечар. Ён ня толькі атрымаў задавальненьне ад разгляду калі ня ўсіх, то прынамсі большай часткі малюнкаў – расьлінаў і жывёлаў – але і з ахвотай паўдзельнічаў у адпаведных абмеркаваньнях, якія часьцяком успыхвалі паміж майстрамі.
Натуральна, што кожны рысавальнік нецярпліва жадаў разгляду і магчымага ўхваленьня ўласнай работы. А як па-рознаму выяўлялася багацьце тэмпераментаў! Як і ў любым іншым месцы, у любой частцы сусьвету тут быў вялікі шэраг пакорлівых, якія працавалі дакладна, каб закласьці, скажам так, трывалую базу жывой прыроды; праектыроўшчыкаў, часта з абмежаваным уяўленьнем, але з найдакладнейшай тэхнікай; яны адлюстравалі адзін за адным самыя звычайныя мікраарганізмы, імхі, лішайнікі, жамяру, адным словам, істоты другаснага значэньня. Пасьля пайшлі амаль што геніі, упэўненыя ў сабе, якія жадалі зіхацець і ўражваць: нагода, з якой яны задумалі самыя мудрагелістыя, складаныя, фантастычныя, а іншым разам, і вар’яцкія стварэньні. Сапраўды, некаторыя з іх кшталту драконаў з больш як дзесяцьцю галовамі, непазьбежна былі адрынутыя.
Малюнкі ствараліся на шыкоўнай паперы, каляровыя, натуральных памераў. Усё гэта ставіла ва ўмовы ніжэйшасьці праектыроўшчыкаў самых маленькіх арганізмаў. Аўтары бактэрыяў, вірусаў і ім падобных праходзілі амаль незаўважаныя, ня гледзячы на іх відавочныя заслугі. Яны сапраўды прэзентавалі паперкі памерам з паштовую марку з ледзь заўважнымі знакамі, якія нашае чалавечае вока не магло б нават успрыняць (але іх вока магло). Быў сярод іншых натхніцель ціхаходаў, які круціўся са сваім альбомам накідаў, вялікім, бы вочы камара, і прэтэндаваў, каб іншыя ацанілі грацыёзнасьць гэтых будучых жывёлінак, што зьлёгку нагадвалі сваім абрысам дзяцей мядзьведзя; але ніхто не зьвяртаў на іх увагі. Добра яшчэ, што Усемагутны, з-пад чыёй увагі нішто не выпадала, падміргнуў яму, а гэта было як энергічны поціск рукі і вельмі яго акрыліла.
Адбылося жвавае сутыкненьне паміж праектыроўшчыкам двухгарбовага вярблюда і яго калегам, які выявіў драмадэра, кожны пераконваў, што ідэя гарба найперш належыла яму, быццам гэта была невядома якая геніяльная знаходка. Вярблюд і драмадэр пакінулі астатніх праектыроўшчыкаў больш чым абыякавымі; больш за тое, іх палічылі праявамі дрэннага густу. У любым выпадку, іспыт яны прайшлі, хоць і з горам папалам.
Сапраўдную хвалю пярэчаньняў выклікала прапанова аб дыназаўрах. Ваяўнічая каманда амбіцыёзных духаў прайшлася парадам, падымаючы ўгару высокія падпоркі і гіганцкія малюнкі гэтых магутных стварэньняў. Іх выступленьне, безумоўна, зрабіла пэўнае ўражаньне. Кідалася ў вочы, аднак, што жывёлінкі былі занадта вялікія. Не зважаючы на іх рост і магутнасьць, здавалася малаверагодным, што іх хопіць надоўга. Каб не засмучаць цудоўных мастакоў, Пан Сусьвету тым ня менш дазволіў exequatur* .
Агульным выбухам рогату сустрэлі малюнак слана. Даўжыня носу сапраўды здавалася залішняй, амаль гратэскнай. Той, хто яго прыдумаў, запярэчыў, што гаворка ішла не пра нос, а пра адну вельмі рэдкую прыладу, якую ён прапаноўваў назваць хобатам. Слова спадабалася, нават пачуўся рэдкі пляскат, Усемагутны ўсьміхнуўся. Слон таксама прайшоў іспыт.
Раптоўны і захапляльны посьпех атрымаў кіт. Шэсьць лятучых духаў падтрымлівалі непамерна вялікі плакат з адлюстраваньнем страшыдлы. Ён здаўся ўсім вельмі сімпатычным. Прагучалі гарачыя авацыі.

Але як прыгадаць усе эпізоды бяскoнцага прагляду? Сярод выбітных clous** можам прыгадаць некаторых вялізных матылёў насычаных колераў, удава боа, секвою, археаптэрыкса, паўліна, сабаку, ружу і блыху тром апошнім персанажам адзінадушна была прадказана доўгая і бліскучая будучыня.
Тым часам сярод прагнага да пахвалы шчыльнага натоўпу духаў, які сьціскаўся вакол Усемагутнага, то набліжаўся, то адыходзіў яшчэ адзін са скруткам пад пахаю, занудны, ну такі занудны. Твар разумны, гэта праўда, у гэтым яму не адмовіш. Але якая дзёрзкасьць! Прынамсі разоў дваццаць, пракладаючы сабе шлях локцямі, ён імкнуўся праціснуцца ў першы шэраг і прыцягнуць увагу Госпада. Такая фанабэрыстасьць нервавала. І калегі ігнаравалі яго і адштурхоўвалі назад.
Але гэтага было недастаткова, каб яго напалохаць. Так ці інакш, нарэшце яму пашчасьціла праціснуцца да ног Стваральніка, і перш чым таварышы пасьпелі гэтаму перашкодзіць, ён разгарнуў скрутак, прапануючы боскім вачам плод свайго розуму. Гэта былі малюнкі жывёлы безумоўна непрыемнай з выгляду, калі не сказаць агіднай, якая, аднак, уражвала адрознасьцю ад усяго, што было паказана да гэтага. З аднаго боку была выява мужчынскай асобіны, з другога – жаночай. Як і многія іншыя жывёлы, яна мела чатыры канцавіны, але прынамсі, як можна было меркаваць з малюнкаў, для хадзьбы выкарыстоўвала толькі дзьве. З поўсьці засталося там-сям па шматку, і асабліва на галаве, накшталт грывы. Дзьве пярэднія канцавіны сьмешна зьвісалі па баках. Мыса была падобная да малпы, якая ўжо з посьпехам прайшла камісію. Абрыс ня быў плыткі, гарманічны і кампактны, як у птушак, рыбінаў, жукоў, а нейкі непасьлядоўны, няўклюдны і ў пэўным сэнсе нерашучы, быццам бы ягоны аўтар у пэўны момант адчуў недавер і стому.
Усемагутны акінуў яго позіркам.
– Не скажу, што прыгожа, – заўважыў ён, падсалоджваючы ласкавасьцю тону цьвёрдасьць прысуду, – але магчыма ўяўляе нейкую асаблівую патрэбу.
– Так, о, Пане, – пацьвердзіў зануда. – Гаворка ідзе без усялякай сьціпласьці пра грандыёзную задуму. Гэта мужчына, а гэта жанчына. За выключэньнем зьнешніх дадзеных, якія, дапускаю, могуць падацца спрэчнымі, я імкнуўся зрабіць іх такім чынам – даруй маю сьмеласьць – каб яны былі падобныя да цябе, о, Усявышні. Гэта будзе сярод усяго створанага адзіная істота, надзеленая розумам, адзіная, якая будзе ўсьведамляць тваё існаваньне, адзіная, якая зможа шанаваць цябе. У твой гонар ён уздыме грандыёзныя храмы і павядзе крывавыя войны.
– Ай-ай! Ты хочаш сказаць інтэлектуал? – мовіў Усемагутны. – Паслухай мяне, сынок. Далоў інтэлектуалаў! Сусьвет ад іх, на шчасьце, пакуль што вольны. І я жадаю, каб ён такім і заставаўся да канца тысячагоддзяў. Не адмаўляю, хлопец, што твая задумка геніяльная. Але ці можаш ты мне сказаць, што з яе атрымаецца? Надзеленая выключнымі якасьцямі, – магчыма. Тым ня менш, калі меркаваць па зьнешнім выглядзе, мне здаецца, што яна будзе крыніцай бясконцых няшчасьцяў. Мне даспадобы тваё майстэрства, я з радасьцю ўзнагароджу цябе медалём. Але мне падаецца больш бясьпечным адмовіцца. Гэты тып, як толькі дасі яму паслабленьне, здольны ня сёньня, дык заўтра нарабіць мноства бедаў. Не, не, пакінем гэта. – І адправіў яго прэч бацькоўскім жэстам.
Ён і пайшоў прэч, той, хто прыдумаў чалавека, з насупленай фізіяноміяй, пад сьмешачкі калег. Калі шмат хацець, то атрымаецца заўсёды так. А наперад выйшаў праектыроўшчык сямейства курыных.

Гэта быў памятны і шчасьлівы дзень: як і кожная велічная пара, напоўненая надзеяй, чаканьнем цудоўных рэчаў, якія абавязкова надыдуць, але якіх яшчэ няма; як і кожная пара маладосьці. Зямля вось-вось павінна была нарадзіцца са сваімі добрымі і жорсткімі дзівосамі, блаславеньнямі і пракляцьцямі, каханьнем і сьмерцю. Скалапендра, дуб, чарвяк-саліцёр, арол, егіпецкі іхнеўмон, газэль, рададэндран. Леў!
Ды ўсё яшчэ кружыў вакол нястомны зануда, ну такі зануда, са сваім скруткам. І ўсё глядзеў, глядзеў угару, шукаючы ў зрэнках Настаўніка намёк на адмену рашэньня. Аднак той аддаваў перавагу іншым тэмам: сокалам ды інфузорыям, браняносцам і стафілакокам, цыклопам ды ігуанадонтам.
Ажно пакуль Зямля не напоўнілася любымі і ненавіснымі, пяшчотнымі і дзікімі, жудаснымі, нязначнымі, прыгожымі стварэньнямі. Вэрхал бруеньняў, пульсацыяў, стогнаў, улюлюканьняў і сьпеваў вось-вось павінен быў разьляцецца з лясоў і акіянаў. Сыходзіла ноч. Праектыроўшчыкі, атрымаўшы вышэйшую адзнаку, пайшлі, задаволеныя, хто куды. Стомлены, Найвышэйшы застаўся адзін у бязьмежнасьці, населенай зоркамі. Суцішаны, ён зьбіраўся заснуць.
Але адчуў, як нехта ціхенька цягне яго за плашч і расплюшчыў вочы. Паглядзеў уніз, дзе ўбачыў таго самага зануду, што ўсё пачынаў спачатку: ізноў патлумачыў свой эскіз і глядзеў на яго вачыма, якія малілі. Чалавек! Якая вар’яцкая ідэя, які небясьпечны капрыз. Але ў глыбіні душы, – якая абаяльная гульня, якая невымоўная спакуса! Пасьля ўсяго, мажліва, было б і варта, няхай здарыцца тое, што павінна здарыцца. Тым больш, у момант стварэньня дазволена быць аптымістамі.
– Давай сюды,– сказаў Усемагутны, вырываючы фатальны праект. І паставіў свой подпіс.


Ібі

Густава Андора вярнуўся дадому расхваляваны.
– Ставі, мой Ставі, што здарылася? – спалохана спыталася мама.
Густава кінуўся ў яе абдымкі.
– Яны мне ня вераць, яны ня хочуць мне верыць!
– Ты гаварыў з паліцыяй?
– Я ўсё ім расказаў.
– І яны табе не паверылі?
– Дзе там, яшчэ трохі, і яны б мяне выштурхалі прэч. Няма ніякага спосабу пераканаць іх. Яны ўбілі сабе ў галаву, што я невінаваты, і я павінен быць невінаватым... А я так стараўся, ведаеш, мама, на гэты раз я ўсё зрабіў як належыць, кроў, адбіткі пальцаў, – усё.
– Божа ж мой, Божа, – залямантавала разгублена мама. – Што ж цяпер з намі будзе?
Густава хацеў усіх уразіць. Прага ідэальнага злачынства, вялікая мара, гонар пакараньня, магчыма, у цудоўных пяць гадоў турэмнага зьняволеньня, зайздрасьць сяброў, захапленьне дзяўчат з кварталу, загалоўкі газет, фотаздымкі, слава! Ён ужо паказаў свае таленты ў бліскучым крадзяжы пасярод белага дня, і сем гадоў турмы ніхто ў яго не адыме. Але потым ён стаў імкнуцца да больш высокіх мэтаў.
Праект сасьпеў пасьля доўгіх і доўгіх месяцаў разумовага напружаньня. Гэта павінен быў быць сапраўдны шэдэўр.
І вось надышоў вырашальны вечар. Пасьля абеду, затрымаўшыся ў краме як мага даўжэй дзеля таго, каб быць заўважаным, ён купіў сякеру ў аддзеле жалезных вырабаў. Каля сёмай гадзіны, калі яшчэ не сьцямнела, зайшоў у дом ахвяры. З дзяржальнам сякеры, што на ўсю даўжыню тырчэла з кішэні плашча, ён спыніўся каля кансьержкі і спытаўся, ці дома сіньёра Сасьпіры. І паколькі кансьержка адказала яму «так» вельмі безуважна, ён знарок стаў настойліва пытацца, ці сапраўды гэта так, каб выключыць магчымасьць таго, што жыхарка пад’езду выйшла; аж пакуль ня ўпэўніўся, што і праз дзесяць гадоў кансьержка будзе яго памятаць і зможа апазнаць нават праз тысячу. Але ня толькі: ён падняўся па лесьвіцы надзвычай павольна, каб мець магчымасьць каго-небудзь сустрэць – і кожны раз ён рабіў выгляд, што запальвае цыгарэту з мэтай, каб тыя ў водбліску запальнічкі маглі добра бачыць ягоны твар.
Дасягнуўшы пятага паверху, ён доўга званіў у дзьверы сіньёры Сасьпіры. І як толькі старая ліхвярка адчыніла, зайшоў туды моцна размаўляючы, у спадзяваньні, што яго пачуюць ва ўсім доме. Потым, пасьля таго, як чэрап старой быў праламаны адпаведнай сілы ўдарам, ён стаў дзейнічаць максімальна спакойна, каб дакументальна пацьвердзіць свае дзеяньні. Перш за ўсё паўсюль пакінуў адбіткі пальцаў. Потым – выразныя сьляды запэцканых у крыві чаравікаў. Яшчэ ён кінуў на падлогу білет на трамвай, куплены за гадзіну да таго, прычым ён знайшоў спосаб надоўга затрымацца з касірам, разважаючы над тэмай дарага­візны жыцьця (яшчэ адзін карысны сьведка абвінавачваньня). У адзін момант яму прыйшла ў галаву ідэя накрэсьліць на люстэрку ўласны подпіс пафарбаваным у крыві пальцам; але ён пабаяўся перашчыраваць і такім чынам выклікаць недавер. Ён сабраў значную здабычу залатых і срэбных рэчаў, якія старая ліхвярка атрымала ў заклад і якія зрабіліся б канчатковым доказам.
Нарэшце ён выйшаў, ляснуўшы дзьвярыма, і зьбег, падскокваючы, па лесьвіцы з такім шумам, каб прыцягнуць увагу. Ізноў праходзячы перад кансьержкай, ён разыграў жудаснае хваляваньне: хістаўся, наступаў на ногі і знарок штурхаў нагамі шкляныя дзьверы, пакуль кансьержка яго не заўважыць. Што і здарылася. А ён правай рукой зрабіў выбачальны жэст, а другою нацягнуў ніжэй брыль капелюша, як робіць той, хто не жадае, каб яго пазналі.
Ён меркаваў, што падрыхтаваў усё самым найлепшым чынам, каб выклікаць на сябе ўсе падазрэньні, адным словам, каб забясьпечыць сабе жалезнае ібі. Ілюзіі. Дзесяць дзён паліцыя не давала аб сабе ведаць.
Пасьля нецярплівасьць узяла верх і ён вырашыў аб’явіцца сам. Але ў камісарыяце паліцыі яго сустрэла варожае асяроддзе. Нявер’е і непавага.
– Мілая справа, хлапчына, – сказаў яму сам камісар, доктар Парфі­рыё. – Адзін раз табе гэта ўдалося, дзякуючы вядомай пакражы, але цяпер ты нас не падманеш. А ты што думаў? Што маеш справу з паліцэйскімі краіны Ням-Ням?
Адбіткі пальцаў? Усе жыхары дома, якія заходзілі пасьля таго, як забойства адкрылася, кінуліся хапацца за ручкі, мэблю, статуэткі, а таксама за дзяржальна сякеры-забойцы ў надзеі быць абвінавачанымі. Крывавыя сьляды? Хаджэньне туды-сюды староньніх асобаў, што пабывалі ў кватэры, не пакінула ад іх нічога. Білет на трамвай? Але тым самым трамваем прыкладна ў той самы час ехала і ахвяра. Сьведчаньне гандляроў з крамы? Зьвярталася ўвага, што ў той самы дзень як мінімум яшчэ трыццаць чалавек прыходзілі купляць сякеры; і сярод іншых гандляры не маглі яго запомніць. Сьведчаньне кансьержкі? З такой блізарукасьцю гэтая бедная жанчына была ня ў стане адрозьніць чарапаху ад слана. Што ж датычыць скрадзенага, якое Густава ганарліва шпульнуў на стол супрацоўніка, то яно атрымала толькі саркастычны сьмех. Ды гэтыя бразготкі можна набыць у любога скупшчыка!
У дадатак, маладушнасьць сьведкаў. Ніхто з дому, дзе адбылося злачынства, не прызнаў, што сустрэў на лесьвіцы ў гадзіну «ікс» тыпа з падобнымі прыкметамі. І ніхто з кліентаў старой не зьявіўся, каб за­браць заклад. Урэшце, яго палічылі містыфікатарам.
Яму нічога не заставалася, як зьвярнуцца да знакамітага адваката, які, аднак, не хаваў песімізму: «Максімум, што я ў лепшым выпадку змагу вырваць для вас і вашага сына, – гэта Суд Прысяжных, і нічога больш».
Прарок з яго атрымаўся выдатны: захапляльнае красамоўства, дзякуючы якому Густава паўставаў у выглядзе агіднай, прагнай да крыві пачвары, ня значыла нічога ў параўнаньні з абвінавачваньнем пракурора, што па-здрадніцку выяўляла прыродную сумленнасьць падсьледнага.
Няўмольная судовая ўлада разьвеяла апошнія сумненьні прысяжных, прыгадаўшы кранальны эпізод пра Густава Андора-хлапчука: калі вучнем першага класу сярэдняй школы на працягу многіх месяцаў ён насіў на сьпіне з дому ў школу і са школы дадому таварыша, які пакутваў ад наступстваў поліаміеліту. Ці мог падлетак з такой высакароднай і чульлівай душой ператварыцца з гадамі ў бязьлітаснага і ўпартага забойцу старых жанчын?
– Не, – быў адзінадушны адказ калегіі. І, хаваючы твар ад успышак фатографаў, няшчасны выйшаў з Суда Прысяжных да цьмянай і бясслаўнай волі.