12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Тацяна Будовіч

_____________________
Мае залатыя крозы.
Вершы

Адзінота

Мой верш цябе не кране
ні радасьцю, ні маркотай,
калі завядзе мяне
душэўная адзінота

ахвярай на эшафот.
І кат узьнясе сякеру,
усьмешкай скрывіўшы рот.
Наўрад ці й тады паверу,

што скончыцца і яна
і не паўтарыцца потым,
бяз берагу і бяз дна
душы маёй адзінота…

* * *

У скрыні з лялькамі маё
дзяцінства сьпіць.
Як добра спаць – у сьне
нічога не баліць.

А тут, на яве сталасьць
хворая мая
шукае выйсьця з безвыходнасьці
жыцьця.

Хоць ведае (узор упартасьці!):
дарма.
Ніякіх выйсьцяў з безвыходнасьці
няма.


Летняя замалёўка

Поўдзень. Марскі гарадок.
Стужкай між гор дарога.
Час – як між пальцаў пясок
з прыгаршчаў Пана Бога…


* * *

Уяві мяне матыльком,
ці бязважкім, сьляпым лістком
у апошнім дні залатой
восені, што ў душы маёй
студзіць стратным матывам кроў.
(Подых расчараваньня зноў?)
І куды ж мне цяпер ісьці
па халодным такім жыцьці?!.

…Уяві мяне матыльком,
ці бязважкім, сьляпым лістком!


* * *

Нябёсаў жывая просінь.
Жывая, таму з тугою.
То я – залатая восень.
Пакуль што я тут, з табою.
Ня трэба ўтрапёнай жарсьці.
Усё ў цябе будзе потым.
…Руку на плячо пакласьці.
У вочы глядзець з пяшчотай…

…Адценьні цяпла і шчасьця.
Мае залатыя крозы…
Табе на далонь упасьці
бязважкім лістком бярозы…


* * *
Т.Б.
Адчуваньне волі.
Сон, што сьніцца ў сьне.
…Хто табе дазволіў
шкадаваць мяне?!

Вершы – гэта спроба
не хлусіць сабе.
Ды не даспадобы
большасьць іх табе.

Незямны твой вобраз
стаў зямным. Але
болей стала прозы
на маім стале.

Зрэшты, сэнсу мала
наракаць на лёс.
Я ж сама жадала
гэтага ўсур’ёз!..


* * *
Я болей не хачу паўтарэньня,
ні еднасьці з табой ці з кім яшчэ.
Расьце ўва мне атрутнае карэньне.
У сок яго мая туга цячэ.

Я не спытаю болей : што ты хочаш
і як ты хочаш жыць і што рабіць,
каб ашчасьлівіць дні твае і ночы.
…Усе жывуць. Я не магу так жыць.