12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Тацяна Будовіч

_____________________
Я не чакаю...
Вершы



* * *
Пустая мая душа,
чужая самой сабе.
—Па кім твой адвечны жаль,
каго табе не стае?

— Усё ў мяне ёсьць, каб жыць,
і я не цярплю пакут.
Ня маю па кім тужыць.
Мне проста халодна тут.


* * *
Сястрыцы
...Калі адцьвітае бэз,
і травень махнатай коткай
табе на калені ўзьлез
і лашчыцца, і бразготка

з запясьця ўпадзе няўзнак
і локан – няўзнак – на вочы,
згадаецца: гэта так
было ўжо з табой аднойчы.


* * *

Цябе няма са мной, і гэта добра,
бо ты мяне ня мусіш шкадаваць
і словаў шкадаваньня пазьбягаць,
калі бываю я слабой ці хворай.

Са мной няма цябе, і я ня мушу
баяцца не стрымаць адчайных сьлёз,
калі прыцісьне надта жорстка лёс,
ці твар хаваць зарумзаны ў падушку.

Цябе са мной няма, ды я чытаю
ў тваіх вільготных зрэнках вершы зноў.
...Ня варта скрозь напластаваньні сноў
прыходзіць да мяне. Я не чакаю...


* * *

Ахвяра ў вар’ятні абставінаў лёсу.
Што мусіла збыцца, дакладна збылося.

Што мусіла сьнегам растаць пад нагамі,
сплыло каламутнымі спрэс ручаямі.

А я засталася на ўскрайку самоты.
Тут радасьць – ня радасьць і сум – не маркота.


* * *

Каханьне памерла і болей ня ўзводзіць
пясчаных палацаў на ўласных шыротах,
на восеньскім лісьці пад небам пяшчоты
і радасьці сонца на ім не ўзыходзіць.

А з клёнаў зьлятае апошняе лісьце,
і так асьцярожна кладзецца пад ногі,
нібыта ня хоча вярэдзіць трывогі.
...Кастрычнік і я ў лабірынце бяз выйсьця.

Мая дабрыня, як слабая дзяўчынка,
ня зможа пакінуць ні сёньня, ні потым
твой моцны мужчынскі сіндром адзіноты,
твой профіль, да кожнае рыскі мужчынскі.

А ты ўсё пужаеш мяне самагубствам,
і вочы — як вочы загнанага зьвера.
Ды я гучным словам ніколі ня веру,
таму і дарую табе гэта глупства...


* * *

...А неба дыхае дажджом і адзінотай,
і не трымае анішто. Ляці, палётай,

душа мая, у белым небе, я ж наноў
усё пачну, яшчэ ёсьць сілы і любоў,

каб жыць бяз пэўна вызначанай мэты
і вандраваць па новых восеньскіх сусьветах...


* * *

На самым дне дэпрэсіі ляжу,
у столі белізну бяз сіл гляджу,

нібыта ўнутр сябе, і бачу, што
нічога, ні навошта, ні за што

ня трэба мне, і нават я сама
ў самой сабе і вязень, і турма...


* * *

Э.
...Ты ўваходзіў у класныя дзьверы —
кветкі бэзу цьвілі на паперы,

як нярвовыя тонкія пальцы
ледзь трымцелі ў паветраным танцы.

Я хавала пад локаны плечы
і ўжо ведала, што не залечыць

гэту прагу атрутнага зерня
ні расстаньне, ні час і ня верне

мне мінулай сябе — без патрэбы
дакранацца да сонца і неба.


* * *

Пад сонцам паўдзённым, гарачым-гарачым
ты пераплаўляеш чацьвёрты дзясятак.
Ля сіняга мора, пад небам удачы
ты дзеліш штодзённасьць на будні і сьвяты.

А я так далёка, з апошняе сілы
сябе пераконваю ў тым, што павінна
для простага шчасьця пазбавіцца крылаў
і ведаю, што не змагу іх пакінуць.

І іншы разьдзеліць са мной маё неба,
маю вышыню на паветраных хвалях.
І значыць, ня будзе вялікай патрэбы
ў кранальным, салодка-трагічным фінале.