12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Генадзь Бураўкін

_____________________
Горкі Дым.
Вершы



* * *

Мы ўсё чакаем.
Мы ўсё трываем.
Мы ўсё шукаем
«Наступны раз».
А час
То глуха грыміць трамваем,
То «мерседэсам» імчыць паўз нас.

Ці мы пасьпеем?
Ці мы дагонім?
Ці ўсьлед рукою махнём дарма
На тым абрывістым перагоне,
Пасьля якога дарог няма?

Здаецца,
Мы разумеем самі,
Што не павернем убок трамвай
І не схаваемся ў ім «зайцамі»,
Якую лаўку там ні займай.

А ўсё ж ня хочацца быць староньнім,
Да адпраўленьня спазьняцца спрэс...
Хаця б трамвай свой не правароніць,
Калі ўпусьцілі ўжо «мерседэс»...


* * *

Дзе тыя словы,
Што просяцца ў споведзь і ў песьні,
Што адмыслова
Хаваюцца ў лузе і ў лесе,
Што невядомы
Ні мудрым таджыкам, ні курдам,
Ні дармаедам бяздомным,
Ні подлым манкуртам,
Што засталіся
Спрадвечным імём таямніцаў
У лопаце лісьця
І булькатаньні крыніцаў?

Знойдзеш ты гэтыя словы
У маці ў застольлі,
У клекатаньні бусловым
І жытам засеяным полі,
У гаманлівых бярозавых шатах
І красках над сьцежкаю вузкай....
Толькі павінна душа твая
Быць беларускай...


* * *

Каб ня зьбіўся ты з дарогі
І табе запомніць трэба:
Не глядзі ўвесь час пад ногі,
Пазірай зрэдчас на неба.

У хадзе тваёй бясконцай
На бязьлюдным раздарожжы
Шлях падкажа толькі сонца,
Што з-за хмар зірне трывожна.

І дарадца твой адзіны –
Не маўклівыя пагоркі,
Не туманныя нізіны,
А задумлівыя зоркі...

Мудрасьць досьведу старога
Не была нікому лішняй.
Недарма яе ў дарогу
І табе дае Ўсявышні.


* * *

У подлы час няпроста быць няподлым,
Ісьці сваёю цьвёрдаю ступой,
Калі ня вераць
Ні сьлязам,
Ні модлам
І гнуцца перад сілаю тупой.

Адкрыты шлях
Махлярству і халуйству,
Аддадзены нахабству рубяжы.
Як хочаш мець заўсёды хлеба лусту,
Дык пяты ўсім начальнікам ліжы.

Але трывай,
У гневе зубы сьцяўшы,
Не пакідай апошні свой акоп,
Як ні было б пакутліва і цяжка,
Як скрушліва і крыўдна ні было б.

І вер у посьпех,
Можа, і няскоры,
Як верыць хворы ў выратоўчы цуд,
Бо ёсьць мяжа цярпеньню і пакоры,
І ёсьць яшчэ вышэйшы – Божы суд...


* * *

Не крыўдуй на сваю Радзіму.
Не яна вінавата ў тым,
Што ёй столькі хлусоў кадзілі,
Ажно горкі стаў яе дым.

Не давала яна ім права
Гаварыць ад свайго імя,
Раскідаць налева-направа
Тое, што берагла сама.

Не змушала яна генералаў
Праліваць нявінную кроў.
Не яна для нас выбірала
Празарліўцаў і правадыроў.

Гэта мы –
Ледзь павернецца крута
Нашай здрадлівай долі рака –
Падкідалі ёй то манкурта,
То няздару,
То байструка.

Гэта мы баязьліўцаў пладзілі
Памяркоўнай тупой талакой.
Шматпакутную нашу Радзіму
Гэта мы зрабілі такой.

І ня крыўдзі яе папрокам,
Што бывае глухой і слабой.
Не чакай ваяроў і прарокаў –
Разьбірайся з самім сабой.


* * *

Прытармазі, браток, свой гнеў
Да тых,
Што пра цябе забылі –
І ў нашым сёньняшнім тубыльлі
Ты адзінокі,
Як сугней.

Ты ж вельмі гэткага хацеў –
Каб побач не было нікога,
Каб да цябе,
Нібы да Бога,
Адно што хваласьпеў ляцеў.

Ты ўзносіў свой высокі лоб
Сярод сяброў сівых і лысых,
Нічым ты з імі не дзяліўся
І пад сябе заўсёды гроб.

І вось падлічвай медалі,
Шкадуй,
Што іх магло быць болей,
Што па ліхой, зайздроснай волі
Табе вянкоў не дадалі.

І не чытай каторы год
Сябрам бязьлітаснай маралі –
Яны ж нічога не забралі
З тваіх чыноў і ўзнагарод...

Ты выбраў сам такі зыход..


* * *

Родная мая матуля-мова!
Колькі ж табе нудзіцца ў журбе?
Кожны невук і цяпер гатовы
Радасна пазьдзеквацца з цябе.

Вось ужо сур’ёзна дыскутуе
Пешчаная мудрая мадам,
Як далей адсунуць мову тую,
Што сам Бог уклаў у вусны нам.

Жыць ёй тут няўтульна і гаротна
У краі вавёрак і буслоў,
Бо яна даўно і незваротна
Адраклася ад тутэйшых слоў.

Так вось і пакутуе,
Чужая
Сярод васількоў і чаратоў,
А чамусьці ўсё не ад’язджае
Да старэйшых дарагіх братоў.

Як яна турбуецца, нябога,
Што ад мовы – ўся яе бяда!..
Ну а мы ня крыўдзімся на Бога,
Што ён нам такую мову даў.
Ёю душы нашыя лагодзім
І пахмурным, і пагодным днём.
З ёю пражылі ўжо шмат стагоддзяў
І яшчэ ня меней пражывём...


* * *

Папракай – не папракай
Хоць самога Бога –
Як плыла,
Плыве рака
Даўняю дарогай.

Не мяняе свой назоў
З глыбіні стагоддзяў.
Можа, тысячу разоў
Ты ў яе ўваходзіў.

У віры з гары ныраў,
Клікаў дальні бераг
І на грэбні хваль зьбіраў
Жменю зор спазьнелых....

А яна сабе плыве
Вольна і пявуча
Па каменьнях і жарстве
Між бароў і кручаў,

Мкне наперад напрасткі
Плыньню маладою,
Акрапляючы вякі
Вечнаю вадою...


* * *

Думку сваю ў людзі адпусьці –
Што яна гняце цябе, цяжкая?
Хай сабе паходзіць па жыцьці
І спагады шчырай пашукае.

Не трымай яе на дне душы,
Як халодны, непадатны камень.
Адагрэй яе,
Разварушы,
Падштурхні нясьмелымі рукамі.
Хай яна пасьмягне на жніве,
У сіроцкай хаце паначуе
І хоць трохі разам пажыве
З тымі,
Хто даўно цябе ня чуе.

А пасьля на покуць пасадзі
І спакойна пагадзіся з ёю,
Што ты гэткі ў сьвеце не адзін
З крыўдаю і скрухаю сваёю...


Сябру, які залішне маладзіцца

Няўжо цябе трывожыць сівізна?
Няўжо ты і дасюль прызнаць ня хочаш,
Што больш ужо ня вернецца вясна
І ўсё цямнеюць і даўжэюць ночы?

Прайшла твая юрлівая пара,
Адбушавалі, адгрымелі гулі,
І для дзяўчат з суседняга двара
Ты ўжо слабы паважлівы дзядуля.

Не папракай чужую маладосьць,
Што ад тваіх залётаў уцякае.
Урэшце рэшт усё прымі,
Як ёсьць:
Ты для прызнаньняў юных нецікавы.

Сьвятым законам часу не пярэч,
Няпрошана ня рвіся на вясельлі.
У туманах растаньняў і сустрэч
Усе твае сяброўкі пасівелі.

Не для цябе былыя віражы,
Напяты ветразь на высокай рэі...
А памяць маладую беражы.
Яна цябе ня раз яшчэ сагрэе...


* * *

Глядзіце:
Д’ябал б’е ў званы,
Сьвятую медзь нахабна будзіць.
І хрысьцяцца набожна людзі,
І храму б’юць паклон яны.

А гук паднебны спакваля
Плыве прыглушана і роўна...
У пальцах д’яблавых вяроўка
Заціснута,
Нібы пятля.

Ён сам ня ведае,
Чаму
Званы разгойдвае зацята.
А ціхі служка барадаты
Спрабуе памагчы яму.

Званы вызвоньваюць адно,
Як паўтараюць гнеў ягоны –
І ўсё грамчэй грымяць праклёны,
А слова Бога не чутно.

І вернікі,
Нібы слупы,
Стаяць,
Ня бачачы нічога...
Дык што ж вы хочаце ад Бога?
Ён не глухі і не сьляпы.

Ён вас пазбавіць ад віны,
Каб толькі вера не аслабла...
Аднак ці ён даруе д’ябла,
Які нахабна б’е ў званы?..


* * *

Ня верце людзям,
Што залішне часта
Кладуць сабе на сэрца даланю.
Па фарысейскіх правілах махлярства
Ім гэткае рабіць не ўпершыню.

Ня верце ім,
Што яснымі вачыма
Глядзяць у твар,
Гародзячы лухту.
Іх з каляіны выбіць немагчыма.
Яны хлусьню сплятаюць на ляту.

Ім праўда ваша горкая абрыдла.
Яны прывыклі
На свой белы хлеб
Намазваць густа
Пахвалы павідла
І гучна чаўкаць,
Каб другім няўсьцерп.

Ім напляваць на вашую нястачу.
Іх не цікавіць нашае жыцьцё...
О, як балюча мне,
Калі я бачу,
Як вы за імі сьледам ідзяцё!..


* * *

Так мне хочацца ціха,
Бесклапотна пажыць,
Між агнёў не круціцца,
Між руін не кружыць,
У натопленай хатцы
Пераседзець дажджы
І вясёла ўсьміхацца
І сваім, і чужым.

І забыцца патроху
На няўмелы падман.
Толькі сее трывогу
Пачарнелы экран.

І ўжо рыскае недзе
Дзікі статак гарыл,
І ўжо ў блізкіх суседзяў
Дом абжыты гарыць,
Шавінісцкая завязь
Тоіць помсты плады,
Прарастае нянавісьць
Праз баі і гады.
І ў набоі ўжо ліха
Забівае пыжы...
...А хацелася ж ціха,
Бесклапотна пажыць...
* * *

Ішлі дажджы каторы дзень запар.
Ішлі дажджы.
Лілі без перадыху.
І сонца забывалася паціху
Вылазіць з-за абложных шэрых хмар.

Здавалася,
Ужо ніхто ня мог
Утаймаваць той вадаспад няспынны.
І скурчыліся мокрыя рабіны
Каля разьлезлых, хлюпаткіх дарог.

Заціхла ўсё навокал у нудзе,
Як быццам белы сьвет бязгучна плакаў.
За цэлы дзень
Ні певень,
Ні сабака
Ні разу не азваліся нідзе...

З парывамі залевы ва ўнісон
Пажухлыя лісты скідалі дзічкі...
І толькі зычны голас электрычкі
Будзіў асеньні беспрабудны сон...


* * *

Ціша спавядальная
Над гаямі коціцца.
У былое-даўняе
Мне вярнуцца хочацца.

Пастаяць пад вербамі,
Выйсьці за ваколіцу,
Пачакаць няверную
Русую свавольніцу,
Падзяліцца з ветрамі
Першымі сакрэтамі,
Песьнямі нясьпетымі,
Снамі несустрэтымі.

Хочацца нацешыцца
Радасьцю кароткаю –
Вечаровай сьцежкаю,
Веснавою лодкаю,
Што ў гадах згубілася
І ўжо больше ня збудзецца,
Што даўно забылася,
Што навек забудзецца...


* * *

Усе гады,
На ўсіх дарогах
І ў ясны час,
І ў дні пакут
Я ўдзячны і бацькам, і Богу
За мне падараваны кут.

З далёкіх сноў дзіцячых веру,
Нібы ў наканаваны лёс,
У край чабору і аеру,
У край чаромхі і бяроз.

Не пачувалася ніколі
Мая душа такой жывой,
Як у вячэрнім жытнім полі
Ці на паляне баравой.

І ў экзатычнай заграніцы
Шукаў я самых звонкіх слоў —
Вадзе з матулінай крыніцы
І мёду з бацькавых вульлёў.

Тут я хаваўся пад абрывам,
Глытаў кастроў начлежных дым
І быў загадкава-шчасьлівым
І безнадзейна-маладым.

Тут дрэву кожнаму і зьверу
Я рады,
Што са мной расьлі...
І аж да дзён апошніх веру
Спрадвечнай полацкай зямлі...