12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Генадзь Бураўкін

_____________________
Няпоўная зямля.
Вершы


* * *
Сьцьвярджаюць,
Што няпоўная зямля
Бяз Вавеля,
Бяз Луўра,
Без Крамля…

Я не пярэчу –
Так яно і ёсьць.
Хто ж абміне зямную прыгажосьць!

Ды для мяне
Няпоўная зямля
Бяз Турава,
Расон
І Капыля,
Бяз Сьвіцязі
З вясёлкаю двайной
І без сьвятой Сафійкі над Дзьвіной.

Няпоўная яна
І без буслоў,
І без пявучых беларускіх слоў,
І без дзяньніцы ў матчыным вакне…

Я думаю,
Не запярэчаць мне…


* * *

У кожнага свой час.
У кожнага свой лёс.
І ці ты зьменіш іх хоць на хвілінку?..
Вось і цягні штосіл
Зямны рыпучы воз
Да самага апошняга прыпынку.

На рытвіны і дождж цярпліва не зважай,
Абы ўдалечыні агеньчык свой угледзеў.
І хітра не хавай
Нагружаны ўраджай
Ні ад старых бацькоў,
Ні ад скупых суседзяў.

На час свой не крыўдуй.
На лёс свой не ківай.
Круты і доўгі шлях
Адольвай безупынку.
Прымі,
Як Божы дар,
І белы каравай,
І чорную счарсьцьвелую скарынку.

Пад коламі няхай пагрукваюць масты,
І шле з-пад хмар жаўрук
Вясёлае прадвесьце.
Каб толькі ў судны дзень
Твой воз ня быў пусты
І на начлег ты ўсьпеў вандроўніка падвезьці…


* * *

Абрынулася восень на зямлю
Вятрыскамі і раньняй прахалодай.
І хітры вуж
Стаіўся пад калодай,
Даверыўшыся цёпламу гнільлю.

Ён не пачуў пранізьлівае «Кру!»
Над вечаровым лесам апусьцелым,
Але адчуў
Сваім халодным целам
Для непагадзі блізкую пару.

І ён скруціўся стомлена ў клубок,
Агледзеўся навокал з паўхвіліны
І летнія шчасьлівыя ўспаміны
Аж да вясны
Паклаў сабе пад бок…


* * *

У сьвеце пануе
Шум гарадскі,
Нястрыманы і цяжкі –
Лавінаю рынуць легкавікі,
Шасьцяць на бульварах сьцяжкі,
Равуць стадыёны,
Гудуць правады,
Грукоча метро пад зямлёй,
Фантаны
Струменямі пеннай вады
Шыпяць стогаловай зьмяёй…

І хочацца зьбегчы ў далёкую глуш,
Дзе пчолы зьвіняць над шашой,
Дзе нават і шэптам спакой не паруш,
Калі ты стаміўся душой.

Над соснамі
Гром самалёт пранясе,
Расколецца вышыня,
Ускрыкне на міг перапёлка ў аўсе –
І зноў,
Як у сьне,
Цішыня…



* * *

Чорная прыйшла да нас пара —
Сьмерць каля сяброў так блізка ходзіць…
Божа літасьцівы,
Хоць парай,
Чым дапамагчы ім у нягодзе.

Падкажы,
Як нам знайсьці і дзе
Горкія збавіцельныя лекі,
Кволыя атожылкі надзей
Акрапіць з якой чароўнай лейкі?

Хоць бы тыдзень лішні зьберагчы!
Хай бы шанец падарыла ўдача!
Ды маўчаць
Бясьсільныя ўрачы
І дажджом няўцешным
Неба плача.

Прабягае шчасьце мімаходзь,
Нікне ў змроку сьцежка баравая…
І адчайны крык:
«Не адыходзь!»
Цішыню шпітальную ўзрывае…


Аклікаю…

Памяці Валянціна Болтача
Ніяк не магу прывыкнуць,
Што побач яго няма.
Стараюся часам аклікнуць,
Спахопліваюся –
Дарма.

Над стылай ягонай магілай
Стаў месячык зоркі нізаць.
Зямной і нябеснаю сілай
Яго ўжо ня вернеш назад.

А дрэмлюць яшчэ пад прыскам
Асеньнія нашы кастры.
І голас ягоны над Мінскам
На золку праносяць вятры.

Ды ў слухаўцы тэлефоннай –
Начное маўчаньне жуды.
Да чуйнай душы ягонай
Абрэзаны правады.

І глухнуць,
Як ні прыгадвай,
Кінутыя насьпех
Парады яго
І спагада
Ці проста знаёмы сьмех.

І роспач тупымі клыкамі
Мне сэрца ірве штораз.
І я ўсё яго аклікаю,
І ўпарта чакаю адказ…


* * *

Раней сустракаліся на вясельлях.
Цяпер сустракаемся на памінках.
Самыя кучаравыя аблыселі.
Самыя непаседлівыя паніклі.

Хоць не ва ўсіх пацяжэлі кішэні,
Ня ўсе абмінулі службовыя мелі,
Спрэчкі застольныя пацішэлі,
Жарты сяброўскія палагаднелі.

Тое,
Што некалі загадалі,
Сонна сплыло,
Як вясновыя воды.
Пэўна,
Яно так бывае з гадамі.
Можа,
Яно гэтак будзе заўсёды.

Перамалолі ілюзіяў зерне
Жорны штодзённай пакутлівай працы…
Што ж, як ніхто маладосьці ня верне…
Толькі б было яшчэ з кім сустракацца…


* * *

Няшчасная краіна,
Калі ў ёй
Усё ў адным-адзіным экземпляры:
Адзін палітык
І адзін герой,
Адзін філосаф
І адзін вікарый.

Як можна ўсё адужаць аднаму,
Ня маючы надзеі на падмогу,
Калі пасьпець даводзіцца яму
І награшыць,
І памаліцца Богу,
І ўцерці сьлёзы горкія ў людзей,
І ў хатах вокны расхінуць да сонца?..
Адзін-адным ён –
Чулы дабрадзей,
І чарадзей,
І мудры абаронца…

А ў сьвеце столькі брыдкага ўсяго!
Па завугольлі сыкаюць пачвары…

Дык пашкадуйце ж, беднага, яго –
Знайдзіце хоць каго яму да пары!..


* * *

Набудавалі храмаў на зямлі.
Забыліся паставіць храмы ў душах.
І вольны дух людскі
Нахабна душаць
Пад гул званоў
Зямныя каралі.

Жалеза не шкадуюць для крыжоў,
Для купалоў –
Сусальнай пазалоты.
Да Бога сталі моднымі залёты
З уладаю заручаных мужоў.

Для імі ж панявечаных капліц
Яны гатовы траляваць бярвеньне,
Каб Божае сьвятое блаславеньне
Багатымі дарункамі купіць.

Карціць ім
Змыць ахвяр нявінных кроў,
Бо вера ў моц правадыроў аслабла.
І вось яны,
Былыя служкі д’ябла,
Цалуюць сёньня рукі сьвятароў.

Яны гатовы ўжо спраўляць пасты
І прагнуць дачакацца ласкі Божай,
І іх зусім, напэўна, не трывожыць,
Што ў сьвеце поўна алтароў прыгожых
І мноства душ няшчырых і пустых…


* * *

Ня ведаю,
Ці плакаць,
Ці сьмяяцца,
Калі з трыбун высокіх усур’ёз
Сівыя палітычныя паяцы
Расказваюць пра наш шчасьлівы лёс.

Цяжкую даланю кладуць на сэрца.
Размазваюць сьлязу па барадзе…
Быць можа,
Ім і сапраўды здаецца,
Што ўсім жывецца добра як нідзе.

А я,
З душы зганяючы гаркоту,
Разгублена спрабую разгадаць,
Чаму тады ў суседа каля плоту
Асот буяе,
А не рэзеда.

І хто мне расталкуе адмыслова,
Што мы адной краінаю жывём,
І так усё дагледжана на словах,
А ў вёсках прызбы зарасьлі быльлём…


* * *

Хто мне скажа,
Па якому праву
Нехта выдумаў такі закон,
Што павінен нас на пераправу
Везьці толькі з нашай стайні конь?

Ці таму,
Што ён іржэ адранку
І калматай грываю трасе,
Ці таму,
Што лёгкую фурманку
Так імкліва па шашы нясе?

Наравісты і нецягавіты,
Як ён зойдзе ў бурную раку?
Што, калі бруёй з дарогі зьбіты,
Перакуліць воз на быстраку?

Можа лепей не шукаць аравай,
Дзе вада вірлівей,
Дзе плытчэй,
А перад нялёгкай пераправай
Памяняць каня як найхутчэй?..


* * *

Першы жоўты ліст,
Нібы паштоўку з восені,
Мне прынесьлі раніцой вятры,
Хоць плыве яшчэ ў зялёнай пространі
Цёплы водар жнівеньскай пары.

Ды ўжо нізка,
Над пустымі нівамі,
Ходзяць хмаркі шэрай чарадой,
І ўзьлятаюць качары крыклівыя
Над пахаладзелаю вадой.

Вожыкі схаваліся ў сасоньнікі.
Прыўзьнімаюць мох баравікі.
Але ўсё яшчэ стракочуць конікі,
І лапочуць крыльлем матылькі.

Бергамот,
Упадабаны восамі,
На гальлі яшчэ трымае сад…
Так што, пэўна,
Нецярплівай восені
Я паштоўку адашлю назад…


* * *

Ідуць паэты пачкамі –
Дэбютаў паласа, —
Але няма
Ні Панчанкі,
Ні Танка,
Ні Сыса.

Усе таленавітыя,
Ня схібілі нідзе.
Ды толькі з іх малітвамі
У храм ніхто ня йдзе.

Ня лечаць,
Як ня торгайся,
Духоўнай глухаты
Ні іхнія перформансы,
Ні іхнія хіты.

І я крычу запальчыва,
Ня ведаю,
Каму:
— Ну што ж вы, хлопцы,
Пачкамі?
Вы б лепш па аднаму.
Глядзіш,
Тады і трапяцца
Між новых удальцоў
І Куляшоў з Астапенкам,
І з Пысіным Стральцоў…


* * *

Вы яго на экране бачылі –
Не Купала,
Не Пастарнак:
Круглы твар
З вачамі сьвінячымі,
Як намасьлены густа праснак.

Ён – напышліва-надзвычайны –
Ці то канцлер,
Ці дуайен,
Бо яму самы важны начальнік
Пры сустрэчы руку падае.

У натоўпе настырных халопаў
Ён прадзёрся з гразі ў князі.
У яго ўсё,
Што трэба,
Схоплена.
У яго ўсюды ўсё на мазі.

Ён сабе не кусае локаць,
Што халуйстваў і хітраваў,
І гатовы сыта зарохкаць
Каля панскіх напояў і страў.
Ён ня ведае сораму зроду,
Напамповае пыхі балон…
Ох, і будзе яшчэ смуроду,
Калі лопне нарэшце ён!..


* * *

Памяць назаўсёды захавала
Той вясны запозьненай прыход,
Як зязюля ў лесе накувала
Мне тады ажно паўсотні год,
Як шукалі з вішнямі сваяцтва
Сонныя чмяліныя раі
І ў запас хацелі насьпявацца
У дрымотным садзе салаўі…

Потым сонца на зямлю лінула
І дажджоў краплістых,
І цяпла.
Ды чамусьці
Шчодрая зязюля
З майго лесу некуды ўцякла.

Я ж хачу сустрэцца з ёй вясною,
Каб яна зьдзівілася сама:
Сад — са мной,
Гады мае — са мною.
А яе са мной чамусь няма…


* * *

У змроку лясной хацінкі
Слухаю цішыню.
Па провадзе павуцінкі
Зорцы начной званю.

Ёй расказаць хачу я
Сумныя думкі свае.
А зорка мяне ня чуе –
Далёка так да яе.

З ёй побач месяц двурогі
І Млечнага шляху сувой.
Мае зямныя трывогі
Зусім нецікавы ёй…

Я ўжо і сам ня рады
Дурному парыву свайму.
Як-небудзь
Бяз зорнай парады
З душы сваёй смутак здыму.

Ды выбліснула з-за гаю
І ў цёмным паўночным вакне
Па-змоўніцку зорка міргае –
Усё ж адгукнулася мне…


* * *

Млечны шлях пагас.
Адцьвілі сады.
Азірнуцца час
На свае гады.

Прыпазьнелы госьць,
Памаўчы,
Пастой,
Прыгадай,
Што ёсьць,
На зямлі сьвятой,
За дабро ці зло
Ты стаяў сьцяной,
Што з ральлі ўзыйшло
За тваёй сьпіной…

Сына нарадзіў,
Калыханку склаў,
Дрэва пасадзіў
І зрабіў сто спраў,
Сьвету паглядзеў
І сяброў займеў,
Край свой у бядзе
Песьціў,
Як умеў.

Можна б завяршыць
Ціха
Шлях жыцьця.
Ды няма ў душы
Шчасьця пачуцьця.

Мой зямны пасеў
Сьціплы,
Далібог –
Столькі не пасьпеў,
Столькі я ня змог!..


* * *

Я жыву сёньня,
Таму што было ўчора:
За лес садзілася сонца,
Шамацеў пад нагамі бур’ян,
Трактар пагрукваў за вёскай,
І над ральлёю чорнай
Кужалем нерасчасаным
Слаўся сівы туман.

Ссутулены бацька
Сіратліва стаяў ля ганку,
Чакаў,
Калі я з узгорка
На разьвітаньне махну рукой,
Бусел доўга кружыўся,
Перш чым сесьці ў бусьлянку,
Адзінокая кнігаўка ўскрыквала над ракой…

Я жыву сёньня,
Таму што будзе заўтра:
Сонца ўсплыве над лесам,
Успырхне ў неба жаўрук,
Засьпяшаюцца на працу
Шафёры і касманаўты,
Спазьняючыся ў школу,
Шчаку маю цмокне ўнук.

Праімчыцца пусты грузавік
Па бальшаку астылым.
Стрыножаны конь
Падковы
Абмые ў чыстай расе,
Журавель над студняю рыпне,
І бусел белыя крылы,
Як анёл,
Над бацькоўскай пахілаю хатай
Урачыста ўзьнясе…

Я жыву…