12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Генадзь Бураўкін

_____________________
А жыцьцё ўсё цячэ…
Вершы з новай кнігі
“Лісты да запатрабаваньня”


* * *

Што яно – жыцьцё?
Ня першы раз
Я шукаю для сябе адказ.
А яго няма, няма, няма,
Ці то ў сьвеце лета, ці зіма,
Ці то ў хаце радасьць, ці бяда,
Ці гарэлка ў шклянцы, ці вада.

Гэтак фармулюй яго, ці так,
Сэнс не праясьняецца аднак.
Перапоўнілі ўспамінаў мех
Слодыч і гаркота,
Сьмех і грэх.
Ці трасі ты мех той, ці круці –
Ўсё перамяшалася ў жыцьці.

Толькі што на сэрцы змрок гусьцеў,
А ўжо дзень прагнаў трывогі цень,
І на вусны,
Дзе быў прысмак сьлёз,
Кроплю мёду цёплы дожджык строс.

Ну ніяк,
Зусім не напаказ,
Не прыходзіць да мяне адказ.
А жыцьцё між тым усё цячэ…

Я гатовы пачакаць яшчэ…


* * *

Я не хачу ні зайздрасьці,
Ні злосьці.
І кампрамісаў хітрых не хачу.
Хто ведае,
Мне колькі засталося
Па сьвеце несьці кволую сьвячу.

Яна,
Быць можа,
Ціха дагарае,
На дол сьцякае кроплямі цяпла,
Як песьня паўзабытая, старая,
Што заблукала ў лесе ля сяла.

Хто скажа,
На якой глухой сьцяжынцы
Я раптам спатыкнуся незнарок
І мой агеньчык,
Як валошка ў жыце,
Абвяне і бясьсільна кане ў змрок.


* * *

Калі з табой побач
Бясконцы клубок
Нахабна размотвае зло,
Ніколі ня шыйся спалохана ўбок,
Ня цешся,
Што вось пранясло.

І хай за табою цікуюць сычы
У змрочным, зьдзічэлым бары,
Пакуль цябе слухаюць—
Не маўчы,
Пакуль цябе чуюць яшчэ –
Гавары!

У сэрцы прыглушаны гнеў не зьбірай,
Ня думай пра мяккі пірог,
Бо што нас чакае –
Ці пекла,
Ці рай –
Адзін толькі ведае Бог.

Угледзь і ў глухой, непрытульнай начы
Прымроены водбліск зары…
Пакуль цябе слухаюць –
Не маўчы,
Пакуль цябе чуюць яшчэ –
Гавары!..


* * *

Мы крочым па жыцьці
З дылемаю адной:
Да ісьціны ісьці
Ці сябраваць з маной.

І памятаць яшчэ
Круты закон стары:
Хлусіць куды лягчэй,
Чым праўду гаварыць.

А выбраць трэба з двух
Адзін сакральны знак –
Маны дурманны дух
Ці праўды горкі смак.

Спаліць
Ліхіх гасьцей
Траянскія дары.
Хлусіць куды прасьцей,
Чым праўду гаварыць.

Але расьце трава
І ў цемрадзі начы.
І варта ўсё стрываць,
Да праўды ідучы.

* * *

Калі душа ад смутку халадзее
І горкі одум хіліць галаву,
З наіўнай, неўсьвядомленай надзеяй
Я паднімаю вочы ў сіняву.

І сьцішана гляджу,
Зачараваны,
Бяздоннаю прасторай незямной,
Як белых аблачынак караваны
Павольна праплываюць нада мной.

Стаю пад сінім небам
Адзінокі,
Яшчэ далёкі ад ліхой бяды.
Хто ведае,
Адкуль плывуць аблокі.
Хто ведае,
Плывуць яны куды.

І што там,
За туманным небасхілам,
У сівернай далёкай старане?
Быць можа,
Там
Пакрыўджаным і хілым
Куды гарчэй,
Куды цяжэй,
Чым мне…


* * *

Прачнуўшыся ў шпітальнай цішыні,
Я звыклы сьвет нанова адкрываю:
За вокнамі –
Сьвітальныя агні
І гулкі грукат першага трамваю.

Яшчэ не прычакаўшы дактароў,
Нясьмела і шчасьліва адзначаю:
У скронях несьціханна б’ецца кроў,
І сэрца вызваляецца з адчаю.

Густое сонца плавіць сіняву.
І неба палінялае рудзее…
І я гукаю радасна:
– Жыву!
– І буду жыць! –
Шапчу сабе з надзеяй…


* * *

Вы верыце,
Што памяняўся сьвет
І стаў нарэшце ўтульны і спакойны,
І ваяўнічы багацей-сусед
Ужо зусім ня думае пра войны?

Вы ўпэнены,
Што за свае гады
Пасьпелі дасканала разабрацца,
Дзе ісьціна,
А дзе падману дым,
Дзе злы хаўрус,
А дзе сьвятое брацтва?

Вы згодныя,
Каб людзі і далей
Прымалі з непазьбежнасьцю пакорнай
І абяцанак прытарны ялей,
І самавольства д’ябальскія жорны?..

Шчасьлівыя.
Падладзіліся вы
Да нечаканых стрэсаў
І навацый…
А я ўвесь боль бяру да галавы
І ўсё не развучуся сумнявацца…

* * *

Быць хачу шчасьлівым!
Вы мне не пярэчце –
Выпраўлюся з хаты,
Абміну парэнчы,
За вароты выйду,
У цяньку прысяду,
Памалюся сонцу,
Падзіўлюся саду.
Да старой ігрушы
Моўчкі прыхінуся,
Жаўранка пачую,
Дзятлу адгукнуся,
Удыхну прывольна
Ветру лугавога.

І з душы павольна
Адплыве трывога.
І мой лоб гарачы
Пацалуе лісьце,
І адчую:
Сілай
Рукі наліліся.
І растане ў небе
Хмарка дажджавая…

Хто сказаў
Што ў сьвеце
Шчасьця не бывае?..


* * *

Я не цягнуў у забыцьцё
Сьвятых зямных дароў
І праз усё сваё жыцьцё
Сябрам дарыў сяброў.

Дзяліў захопленасьць і гнеў,
Нястомным быць хацеў.
Транжырам быў.
І не бяднеў,
А толькі багацеў.

Бо з маладой маёй пары
Спагадныя сябры
І мне пасьпелі падарыць
Шчасьлівыя дары.


* * *

Колькі помню сябе малога,
Ратаваўся я і дурэў
Пад калючай аховай глога
І ў паўдзённай засені дрэў.

І ня толькі дроў для апала,
З лесу блізкага
Шмат гадоў
Мне для гульняў маіх хапала
Сьпелых шышак
І жалудоў.

Лес вучыў ваўкоў не баяцца,
Зашывацца пад лапы хвой,
Дзе са мной дзяліліся зайцы
Кіславатай капустай сваёй.

Ён мяне на палянах ажынных
Саграваў у асеньні час
І дзяліўся даверам сьцяжынак,
Што праклалі задоўга да нас…

І я ўдзячны за ўсё
Прагрэсу,
І настаўнікам,
І бацькам.
А яшчэ –
Наддзьвінскаму лесу,
Меднастволым яго сасьнякам.


* * *

Душу маю сумленьне дагрызае –
Ня здолеў,
Не дамогся,
Упусьціў…
Глядзіць мне ўсьлед дзяцінства
Абразамі
З пасьляваенных выстылых хацін.

Ах, як тады мы верылі наіўна,
Што ўсіх чакае блізкі рай зямны
І нас ня спыняць
Ні грамы,
Ні ліўні,
І будзе сьвет бяз здрады і маны!

Пасьля ў жыцьці нам усяго хапіла –
Урокаў горкіх,
Перамог цяжкіх.
І летуценьні асядалі пылам,
І азарэньні лёс мянялі ўміг.

Усё было.
Ды толькі шкадаваньне
Не пакідае смутную душу –
Палі хмызамі зарасьлі дазваньня,
Адшапацеў гаёў вясновы шум.

Юначых мар зламаную націнку
Панесьлі ўдаль халодныя вятры.
А ўсьлед мне ўсё ўзіраецца дзяцінства
З пасьляваеннай памятнай пары…

* * *
Калі ўцякаю сьпехам ад адчаю
На Полаччыну мілую сваю,
Усё часьцей са страхам адзначаю,
Што свой любімы край не пазнаю.

Бяда ня ў тым,
Што на былых сьцяжынах
Ужо даўно няма маіх сьлядоў,
А ў тым,
Што парабіліся чужымі
Зарослыя ваколіцы дзядоў.

Усё радзей трапляюцца на вочы
Каля разьбітых палявых дарог
Счарнелы хутар
І пахілы вочап,
Паветка
Ці заржаўлены нарог.

І я дачуцца не магу ў аблудзе
Ні звону кос,
Ні песень маладых.
Ці гэта кут наш раптам абязьлюдзеў,
Ці можа я прыехаў не туды.

Вось і стаю на стылым раздарожжы,
Як ліст апалы,
Памяць варушу,
Што разьвітацца са старым ня можа
І не прымае новае ў душу…


* * *
Данчыку
Ледзьве ў небе засьвеціцца золак,
Момант радасьці не праміне –
Нада мной засьпявае анёлак
Для мяне,
Пра сябе,
Пра мяне.

Ахіне мяне музыкай блізкай,
Успамінам далёкім
Аб тым,
Што я некалі чуў над калыскай
І пад купалам неба сьвятым.

Мне шчымліва падступіць да сэрца
Ціхі шэпт з прамінулага дня
Пра забытае ў студні вядзерца
І пра белую грыву каня…

Я ня ўсё зразумею спрасоньня,
Але ўсё ж не змаўкаць папрашу,
Каб мне соладка сьцяла і сёньня
Таямніцай шчасьлівай душу…

Мой анёлак,
Мой юны зямляча
У нязбытнай і сьветлай журбе
На чужыне сьпявае і плача
Пра цябе,
Родны край,
Пра цябе.

* * *

Здаецца,
Мы ўчора былі дзецюкі,
А сёньня –
Сівыя дзяды.
Слабеюць старэнькія нашы бацькі,
Зьбіваюцца з цьвёрдай хады.

Яны наглыталіся гора спаўна,
Ня чуюць ні ног і ні рук.
Улада душыла,
Ламала вайна,
Ад працы сагнуліся ў крук.

Служылі Радзіме,
Расьцілі дзяцей.
Прасілі ў нябёс перадых.
Хавалі трывогу ў душы ўсё часьцей,
Каб мы не адсталі ад іх.

А сьцежкі ўжо ў вечар вядуць напрасткі
Праз ліўні,
Завеі,
Грамы.
Старэюць бязьлітасна нашы бацькі.
А, значыць, старэем і мы…
* * *

Мы прывычна храбрымся самохаць,
Лічым ясныя зоркі ўгары,
А гады пачынаюць палохаць
Халадамі асеньняй пары.

Хоць шыкуем яшчэ на выгодзе,
Растрасаем юнацкі пасаг,
Ды туман,
У які адыходзім,
Пазаблытваўся ў валасах.

Усё болей
Салодкай гаркотай
Наліваюцца гронкі рабін,
І пра вырай нагадвае ўпотай
Жураўліны запозьнены клін.


* * *

Калі ў душы адчай гарэў
І выць хацелася па-воўчы,
Прытулку я шукаў між дрэў
Для адзіноты выратоўчай.

Я піў настой духмяных траў,
Пад сонцам ліпеньскім разьліты.
І Бог мне ціха дыктаваў
Жыцьцю гаючыя малітвы.

І, хоць я ўжо адвык ад дзіў,
А тут,
Каля сасны пахілай,
Смалісты вецер абудзіў
Даўно зьнядужалыя сілы.

Ля ног ручай гульлівы цёк,
Вакол цьвіло і віравала
Бесьперапыннае жыцьцё,
Якога зноў было мне мала…


Стамлёны журавель

Хай табе ясень ківае з грады,
Хай табе верас махае на ўзьлесьсі.
Не адставай ад сваёй чарады
У пацішэлым пустым паднябесьсі.

Вокам турботным
Угледзься здаля,
Як пад крыламі ў смузе праплывае
Самая лепшая ў сьвеце зямля —
З рэчкамі,
Хатамі
І паплавамі.

Ты яшчэ вернешся ўвесну сюды.
Ну а цяпер,
Журавель мой стамлёны,
Не адставай ад сваёй чарады,
Не азірайся на жоўтыя клёны.

Хай прывыкаюць да сумных нябёс
Выстылы гай
І панурая ніва.
Толькі ты ведай,
Што ў дождж і мароз
Мне без цябе будзе вельмі тужліва.

* * *
У палісадніках –
Вось яны! –
Весела расьцьвілі
Жоўтыя кветкі восені,
Позьнія краскі зямлі.

Будзе цяпер акружаны
Наш пацішэлы дом
Не васількамі і ружамі –
Іх разьвітальным сьвятлом.

Будуць пахмурныя далечы
Цешыць яны шмат разоў,
Сонца ў сабе люляючы
Аж да сівых маразоў…

* * *
Прадчуваньне растаньня
Мне вярэдзіць душу.
І ў зьмярканьня,
І ў раньня
Я працягу прашу.

Не хачу,
Каб з калосься
Вырастала быльлё.
Хай бы ўсё засталося,
Што са мною было,
Што на ростанях звыкла
Вандравала са мной
І бясьсьледна ня зьнікла
У юдолі зямной.

Не хачу я
Ні грыўняў,
Ні чужых гарадоў –
Хай бы лёс падарыў мне
Трохі новых гадоў,
І зьмярканьняў,
І раньняў,
І яшчэ –
Хоць на міг –
Маладых парываньняў
І надзей маладых…

* * *
Дзяўчанятка вылятае куляй
З цёплай хаты ў зьвечарэлы сьвет.
І глядзіць разгублена матуля
Шчасьцю безразважліваму ўсьлед.

Не трывожся,
Мама дарагая,
На парозе ўзрушана ня стой.
Хай твая дзяўчынка выбягае
На сустрэчу з першаю вясной.

На плячах блакітная хусьцінка.
У вачах трывога растае.
Вось і вырасла твая дзяўчынка.
Не ўтрымаеш ты цяпер яе.

Шумнаю ватагай з хлапчукамі
Пойдзе яна ў поле за сяло…
Можа быць
Там лёс яе чакае,
Як калісьці і ў цябе было…

* * *
Сее, сее дожджык нуднаваты.
На двары такая хлюпата,
Што, як кажуць,
Грэх з зацішнай хаты
Выганяць сабаку ці ката.

Восень дэманструе даўні нораў –
Замятае мокрым лісьцем пні,
І лісіцы не вылазяць з нораў,
Дрэмлюць у халоднай цішыні.

Віснуць хмары шэраю пагрозай.
Не чуваць ні кнігавак, ні жней.
Пад вятрамі голыя бярозы
Ціснуцца да купы ўсё дружней…


* * *

Грукоча вуліца за вокнамі
І аб спакоі толькі сьніць,
Каб зьліцца з галасамі звонкімі
Шпакоў залётных і сініц,
Каб сьцішыцца пагодным вечарам
І, як запаляцца агні,
Хоць раз задумацца пра вечнае
Без мітусьні і таўкатні…


* * *

А жыцьцё зусім кароткае.
Не заўважыш незнарок,
Што вось там,
За павароткаю,
Ціша вечная і змрок,
Ні зайздросьнікаў,
Ні ворагаў,
Ні нянавісьці сьляпой,
Супакой для сэрца хворага
І для думак супакой.

Ну а тут –
Бясконца цягнецца
Будняў пыльная шаша.
Ад натугі рвуцца цягліцы,
Ад пакут шчыміць душа.
І карціць адно –
Пажаліцца,
Адпачыць пасьля турбот…

Але хай не набліжаецца
Той,
Апошні паварот…


* * *

Разьвітваемся з Нінаю Мацяш
Пад нізкім небам
І калючым ветрам.
Маўчыць прастора шэрая наўсьцяж
І змрок гусьцее над абліччам сьветлым.

Цярплівіца,
Пакутніца,
Сястра
У вечны вырай ціха адплывае.
Як прысак неастылага кастра,
Праменіць цеплыня яе жывая.

Але ўжо холад падступае з-за
Жалобнага пясчанага пагорка.
І на вачах дрыжыць
Ці то сьляза,
Ці то з падхмар’я стрэсеная зорка...


* * *

Для цябе я ўсё зраблю,
Што ты ні захочаш –
Убяру ў сады зямлю,
Зор насыплю ноччу,
Маладога салаўя
Пасялю ля ганку,
Нашапчу табе здаля
Казку-калыханку.
Сьцежку тайную знайду
Праз агонь і воды,
Адвяду тваю бяду
Раз і назаўсёды.
Сонца ў хату нанашу,
Супакою сэрца…

Толькі ты
Маю душу
Дапусьці пагрэцца.