12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Генадзь Бураўкін

_____________________
Зорка вечаровая. Вершы


* * *

Яно яшчэ прыходзіць да мяне,
Кароткае, салодкае натхненне,
Як тайны знак,
Як маладое сненне,
Як зорка вечаровая ў вакне.

Схмялелую душу бярэ ў аблогу,
Шукае сцежку ў мройным тумане...
Яно яшчэ прыходзіць да мяне
І празарэнне дорыць,
Дзякуй Богу...


* * *

Я хацеў бы ўсё забыць.
Ды не ўдаецца.
Я хацеў бы ўсё вярнуць.
А не магу.
Надарвалася маё слабое сэрца
На вятрах,
На раздарожжах,
На бягу.

Што было,
Таго ўжо сёння не паправіш.
Што ўпусціў,
Таго не вернеш з небыцця.
Заклапочаны,
Стаю не пераправе,
Не чакаючы палёгкі ад жыцця.

Пад вярбой забыты човен дрэмле ў скрусе.
Б’ецца стомленая хваля аб вясло.
Я ж прасветлена
Дзіўлюся
І малюся
Усяму,
Што на зямлі са мной было...


* * *
Столькі тлуму,
Столькі грому,
Столькі ў свеце таўкатні,
Што ўжо дзе там мне,
Старому,
Вытыркацца ў нашы дні...

Дзе там думаць аб уздыме,
Распаляць былы агонь,
Дзе там бегчы з маладымі
За спакусай наўздагон...

Так што мы з табой,
Мой дружа,
Проста зноўку памаўчым
Заклапочана і дружна
Сам ты ведаеш,
Аб чым...


* * *
Красавік на календары,
А ў вакно б’ецца снег з вятрыскам.
Бела-бела ў нашым двары.
Шэра-шэра —
У небе нізкім.

Ці здавацца не хоча зіма,
Ці вясна не набралася сілы.
Ручаін булькатлівых няма,
Хоць завеі адгаласілі.

Звыклы лад пераблытала скрозь
Пераменлівая пагода...
А, быць можа,
Таемнае штось
Нам падказвае маці-прырода?...


* * *

Пырхаюць шпакі на кожным дрэве,
Сонца ўсе падворкі заліло.
На суседскім даху
На сугрэве
Чысціць голуб шызае крыло.

Засланяе лес
Ад воку злога
Маладых бярозак белізна...
На душы —
Чаканне і знямога.
На зямлі —
Лагода і вясна…


* * *

Мы ўсе ў сваім жыцці філосафы,
Шукаем тайны сэнс ва ўсім.
Спрабуем
Невідушчым посахам
Намацаць шлях свой між асін,
Шыбуем да туманнай далечы,
На сонцам сцелены прасцяг,
Ніяк змірыцца не жадаючы,
Што ў гэтым свеце мы ў гасцях.

І ўсё лаўчымся,
Аж залішне, —
Ці грэх няўцямны,
Ці бяда, —
Прарочай воляй Усявышняга
Свае правіны апраўдаць…


* * *

Адвеку так было
І гэтак будзе,
Пакуль агмень нябесны не пагас:
Мінае час —
І з ім мінаюць людзі,
Мінаюць людзі —
І мінае час.

І мы аднойчы назаўсёды знікнем
За дымам,
За туманам,
За смугой.
І прыдуць замест нас
Парадкам звыклым
Нашчадкі нашы
З праўдаю другой.

Ці знойдуць яны ў нашым тлумным часе
Хаця б зярнятка для сваіх палёў?
Няўжо ім здасца —
Толькі з іх пачаўся
І ўздым,
І разгарненне,
І палёт?

А будзе ж перашэптвацца калоссе,
Аблокі плыць над гнёздамі буслоў…

Так хочацца,
Каб нешта засталося
Ад нашых дзён,
Ад нашых спраў
І слоў…


* * *

Паэты на пенсію не выходзяць,
Пакуль іх алоўкі радкі выводзяць,

Пакуль ім душу разрывае сумненне,
Пакуль іх на бой выклікае сумленне,

Пакуль ім жанчыны каханыя сняцца,
Пакуль могуць вусны кілішка кранацца,

Пакуль яшчэ хочацца ў свеце суровым
Абнашчыцца вечным матуліным словам...

Паэтам не спіцца на панскім кіліме.
Яны не бываюць ніколі былымі.

Яны не старэюць,
Не паміраюць —
Яны,
Як высокія зоркі,
Згараюць...

* * *
Вецер страсае
Нясмела і ціха
Золата першай асенняй красы.
Верасень
Ніжа на павуцінне
Кропелькі ранішняй чыстай расы.

Гронкі цяжкія
Схілілі рабіны.
Клёны
Калышуць крамяную медзь...
Колькі мы ў садзе не дарабілі,
Можна яшчэ да змяркання паспець.

І калі неба
Ласкава і светла
Раптам абмые запылены плот —
Гэта паважнае бабіна лета
Плача пасля перажытых турбот...

* * *
Так хочацца пажыць без барацьбы,
Без балабонства,
Мітусні
І енку,
Не разбіваць разумныя ілбы
Аб тупасці і раўнадушша сценку,
Не слухаць больш нахабную хлусню,
Не бачыць верхаглядства і лайдацтва
І ў новы дзень,
Які з дзяцінства сню,
Хаця б краёчкам вока паўглядацца.

Ды дзе там —
Свет, здаецца, звар’яцеў,
Не можа ні змяніцца,
Ні спыніцца.
Як па падманнай д’яблавай вярсце
Ляціць сляпой улады калясніца.

І цягне ў бездань чорную
На дно
Панылых будняў несканчоны шэраг.
Ніякага прасвету не відно,
Усё навокал —
Шэра,
Шэра,
Шэра…

А недзе ж ёсць
І вольнай думкі ўзлёт,
І ўцешны смех,
І бляск вачэй ласкавы,
І паяднаны радасцю народ…
Так хочацца дажыць да гэткай явы!

Так хочацца…

* * *
Як гэта ў нас бывае часта
(Запамятаў не я адзін) —
Як толькі зменіцца начальства,
Так многа выплыве навін.

Тады акажацца раптоўна:
Той, хто за Бога быў вышэй,
Даўно благіх намераў поўны
І ўвесь у брудзе да вушэй.
І наш салодкі абаранак
(Мы мелі дзірку ад яго)
Ён прысабечыў для каханак
І для наследніка свайго.
А ўсе ягоныя прамовы
Былі дурнотаю адной
І стаўся побыт наш суровы
Яго нясплатнаю віной.
Ён пнуўся наша ўсё святое
Пакласці ў свежую труну…
Вось толькі як
Начальства тое
З пасады цёпленькай турнуць?..


Міша

Прайшла, можа, сотня дажджоў,
Абмылася тысяча высяў…
Ніхто і не ўспомніць ужо,
Калі ён у вёсцы з’явіўся.

Заўсёды паслужлівы быў,
Не лез у суседскія сваркі,
Самотны і ціхі бабыль,
Аматар захмеленай чаркі.

Адранку блукаў каля крам,
Ажно магазіншчыцам збрыдзеў.
Нічога ж ні ў кога не ўкраў,
Нікога нічым не пакрыўдзіў.

Мурзатым сіроткам малым
Купляў час ад часу прысмакі.
І вечна хадзілі за ім
Чужыя каты і сабакі.

Ён мог пад старым пінжаком
Заснуць ля халодных падвалін.
І толькі бабулі крадком
Заўсёды яго шкадавалі.

І вось ён загадкава знік,
Нібы за ваколіцу выйшаў,
Няўдалы былы вартаўнік,
Нязграбны, усмешлівы Міша.

Спачыў на пагорку крутым,
Дадаўшы ўсім клопату мала…
А людная вёска,
Між тым,
Здаецца,
Няпоўнаю стала…

* * *
Да рослых алешын шэрых
Сцяжынка вядзе крутая.
Ну вось і знаёмы бераг.
А возера зарастае.

Кагосьці ў густым чароце
Чакае лодка пустая.
Чырок плыве ў адзіноце.
А возера зарастае.

Чарнее кладка старая,
Яшчэ не забытая,
Тая.
Пагодлівы дзень дагарае.
А возера зарастае…

* * *
Апантана цінькае сініца,
Абудзіць спрабуе сумны сад...
Хочацца хаця б на міг спыніцца,
Азірнуцца сцішана назад.

Прыгадаць пражытае цвяроза,
На свой лёс зямны не наракаць,
Слухаць,
Як парыпвае бяроза,
Як шуміць у чаратах рака.

Хай мінаюць за гадамі годы,
Пралятаюць хай за днямі дні.
У прыроды хопіць прахалоды.
У прыроды хопіць цеплыні.

Пры спатканні познім
Ці расстанні
Нас яна ад ветру захіне
Восенню —
Барвовымі лістамі,
Квеценню вішнёвай —
Па вясне.

І яшчэ дазволіць прычыніцца
Да пагоркаў,
Крушняў
І прысад...

Апантана цінькае сініца
І маўчыць зацята сумны сад...

* * *
Манатонна,
Нудна
І ляніва
Сеецца асенні золкі дождж.
Набрыняла прахалодай ніва.
Лісце ў лесе скача басанож.

Шэрай коўдраю
Накрылі хмары
Выцвілы, маўклівы далягляд.
Адзінокі бусел
На папары
Робіць
Перад выраем
Агляд...

У дрымотнай цішыні трывожнай
Скурчылася волкая зямля
І змірыцца ўсё яшчэ не можа,
Што ўжо ветрам дыхае зіма...

* * *
Снег пад нагамі хрупае,
Дол засцілае чорны.
Сыплюцца белыя крупы
У ветра вірлівыя жорны.

Мяккаю пытляванкай
Усё наваколле запудрана.
Нібы млынар,
Ля ганка
Дуб азіраецца мудра…

* * *
Бедны лес,
Шаноўны лес,
Не даюць табе спакою.
Грыбнікі дратуюць спрэс
Твае сцежкі талакою.

Так ім высачыць карціць,
Панаехаўшы ад ранку,
Ці з апенькамі карчы,
Ці з зялёнкамі палянку.

Не схаваюцца ад іх
Ні пад хвойкай,
Ні ля ўзмежку
Ні сям’я груздоў старых,
Ні масляк,
Ні сыраежка…

Я на водшыбе стаю,
Запазнелы
Нехлямяжы…
Хоць за шчодрасць за тваю
Ці табе хто дзякуй скажа?...

* * *
Там,
Дзе сонца ранняе
Над лугамі коціцца,
Дзе вярба пахілая
Ля ракі маркоціцца,
Дзе рамонкі белыя
Пад нагамі сцелюцца,
Дзе яліны стромкія
Проста ў неба цэляцца,
Дзе над студняй нізкаю
Журавель
Укленчаны,
Дзе лясныя прыцемкі
Светлячкамі ўквечаны,
Дзе цвыркун за печкаю
Аж да рання цікае,
Дзе лагода вечная,
Як малітва ціхая —
Там
Пара дзіцячая
У закутку месціцца
Згубленаю цацкаю,
Водбліскамі месяца,
Крыўдаю дзяцінаю,
Казкаю забытаю...
Памяць
Павуцінаю
Там мой след абблытвае...

* * *
Ну што —
Адыйшло,
Адпалала,
Засыпана пылам дарог?
Каханне,
Што мне было мала,
Здаецца, я ўсё ж не збярог.

Былі і пакуты,
І святы,
І спрэчкі,
І шчасця званы.
Адзін толькі я вінаваты,
Што помняцца крыўды адны.

Але і,
Збалелы дазвання,
Сабе і табе не схлушу,
Што нават руіны кахання
Маю саграваюць душу.

* * *
Трашчаць ля самых весніцаў сарокі,
Спяшаюцца раскрыць чужы сакрэт.
Жыццё дае апошнія урокі.
Паспець бы мне засвоіць іх як след.

Разважыць бы разумна і спакойна
Спякоту лета
І марознасць зім
І ісціны,
Вядомыя спакону,
Пацвердзіць горкім досведам сваім.

І праўду —
Без падману і прынукі —
Паспець
На вечнай матчынай зямлі,
Як запавет свой,
Перадаць унукам:
Быць можа,
І прыдасца ім калі.

Здаецца,
Я праз слоту і завею
Ужо да мудрай сталасці дайшоў.
І Пушкіна ўсё болей разумею.
І да Купалы ўсё бліжэй душой...