12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Генадзь Бураўкін

_____________________
Нагаварыцца з зоркамі... Вершы


* * *

Аднагодкам
Старэем.
Запазнела служым прозе.
Прыгладжваем густую сівізну.
Спыняемся часцей на паўдарозе,
Прыгадваючы даўнюю вясну.

Усё яшчэ стараемся спяшацца
За днямі хутканогімі паспець,
Хаця ўсё меней пакідае шанцаў
Ужо зусім не прывідная смерць.

Мы ж грэемся спадзевамі нятускнымі,
Што не патух наш малады парыў
І нашымі абветранымі вуснамі
І час, і Бог хоць зрэдку гаварыў...

* * *

Я вам скажу з дасведчанасцю ўсёй:
Не загружайце памяць непатрэбшчынай –
Палітыкаю,
Варажбой,
Папсой,
Пустой гамонкай
І дурнымі вершамі.

Не трацьце час
На познюю гульбу,
На хмельны сон
І спадзяванку гіблую,
На лёс не закапыльвайце губу –
Шапчыце модлы
І чытайце біблію.

Шчасліва пастарайцеся змагчы
Наслухацца бацькоўскіх запаветаў,
Нагаварыцца з зоркамі ўначы
І наглытацца баравога ветру...


* * *
Пра смерць сваю мы разважаем лёгка.
З бравадай неўсвядомленаю кпім,
Пакуль яна ад нас яшчэ далёка,
Не нас шукае позіркам сляпым.

А як гады рубцамі сціснуць сэрца,
Наблізіцца паважны юбілей,
Усё радзей мы згадваем аб смерці,
Сустрэчу з ёй адклаўшы як далей...


* * *

Ведаю,
Што немагчыма гэта,
Смешна,
Недарэчна
І дарма,
Ды хачу
Яшчэ хоць трошкі
Лета
У гаях надрэчных затрымаць,
Каб,
Калі з-за хмаркі сонца гляне
І нагрэе ўмомант сіняву,
На глухой бярозавай паляне
Кінуцца ў высокую траву...

Толькі колькі б Бога ні малілі,
Я зямны парадак не змяню.
Жнівеньскія познія маліны
Падаюць пад ветрам на зямлю.

І, не забываючы аб слоце,
Непазбежна,
Як і кожны год,
Жураўліны вырай
На балоце
Сцішана збіраецца ў адлёт...


* * *

Грымяць палітыкаў басы –
Не рэагуе маса,
Бо маса хоча каўбасы,
Бо маса хоча мяса.

Нашто ёй вабнасць перспектыў
І заўтрашнія гоні,
Калі ў душы адзін матыў:
Што будзем есці сёння?

Яна не выйдзе з-за стала,
Ёй хочацца спакусна,
Каб чарка поўная была
І тлустая закуска...

І ці не прыйдзе потым злосць
Спазнела,
Як заўсёды,
Што мяса ёсць,
І маса ёсць,
Але няма народа?


* * *

Хітранькая дробная палітыка
Павуціннем
Ліпне на душу.
Хіба што з яе магчыма выткаць,
Нават негустую паранджу?

Прывідныя кволенькія ніткі
Не гатовы сшыць і рызманы.
Вось і віснуць на галінках нізкіх
Разарванай сеткаю яны.

Прагінаюцца ад пацярухі,
Цягнуцца за лапкамі жукоў...
Хіба што
Адны дурныя мухі
Робяцца здабычай павукоў...

* * *
Лёстачкам
І гучным хваласпевам,
Клятвам,
Што ліюцца цераз край,
Саслужыўцам хітрым,
Пышным дзевам
Ты заўжды не надта давярай.

І калі жыццё
Пры ператрусе
Абарвецца тонкаю струной,
Ты не дужа вер,
Што ў горкай скрусе
Пойдуць яны дружна за труной.

Ні каханка юная,
Ні цешча
Не асірацеюць ад бяды.
Толькі жонка верная
Няўцешна
Будзе плакаць доўгія гады...

* * *
Іх лёс адна звязала ніць –
І зналі ў грамадзе:
Іх ні вадою не разліць,
Не разлучыць бядзе.

Яны суладна
Душ цяпло
Дарылі кожны міг
І ўсё,
Што даць жыццё магло,
Дзялілі на дваіх.

І шчасце вечнае было б –
На ўзор сяму-таму, –
Каб аднаго з сяброў
Паклёп
Не кінуў у турму.

Яшчэ не ўведаўшы ўсяго,
Ішлі мы да муроў.
І толькі не было яго,
Найлепшага з сяброў.

А вязень
Доўга праз вакно
На нас усё глядзеў
І ў позірку яго
Адно
Было пытанне:
“Дзе?”

І калі выйшаў ён з турмы
На поўны кветак двор,
“Дзе ж сябра твой?” –
Спыталі мы.
Ён адказаў:
“Памёр.”


Феміда
Спроба стварэння легенды

Яна ласкавы позірк мела,
Без падазронасці і зла,
У вочы ўсім глядзела смела,
Бо непадкупнаю была.

Ды ўсё змянілася аднойчы,
Калі зямныя каралі
У сне ёй выкалалі вочы
І ў суд з павязкай прывялі.

І вось яна
Стаіць ціхмяна,
Слабой рукой сціскае меч,
А ад яе вачэй схавана
Усё,
Што побач насамрэч...


* * *

Каштанаў свечкі-спарышы
Паўсюль вясна развесіла...
Хай будзе светла на душы,
Хай будзе сэрцу весела.

Няхай у юнай гамане
Шчасліва дзень купаецца
І валасы кудлацяць мне
Вятроў залётных пальцы.

За радасцю,
Нязваны госць,
Я ўсцешана віжую
І клічу ў грудзі
Маладосць
І вольніцу чужую.

Няхай духмянай талакой
На дол пялёсткі сеюцца...
І прыцемкі,
І супакой –
Яны яшчэ паспеюцца...


* * *

У душным мораку сталіц
І ў будане ў цяньку палянаў
Стаміўся я ад навальніц,
Ад бураломаў і ўраганаў.

Маланкі апраметны бліц
Сцяжынку выхапіць са змроку.
Мая ж душа ізноў баліць,
Шчыміць яна навідавоку.

Ёй хочацца
З надзвінскіх стром
Дыхнуць лагоды і спакою.
А тут
Грыміць злавесна гром
І льецца шумны дождж ракою,
І б’ецца вецер аб зямлю,
Вяршаліны бяроз калыша...

А я зняверана лаўлю
Намёк на заўтрашнюю цішу.


* * *
Задушная спёка
Старым аваднём
Зашылася ў мяккую засень травы.
Няўлоўная хвіля
Між ноччу і днём
Схавалася моўчкі ў туман лугавы.

За вёскаю тлум заклапочаны знік.
Над хмаркаю першая зорка ўзышла.
І ціха
Над садам усплыў маладзік –
Абрэзаны цемрай пазногаць святла.


* * *
Сяджу на прызбе ў вечаровай цішы,
Лаўлю вясковы гоман незнарок.
Туман з ракі ўзнімаецца ўсё вышай.
І ўсё гусцее аксамітны змрок.

Цяжкія думкі ціснуць мне на карак,
А згадкі ў жылах падганяюць кроў.
І зоркі –
Як агеньчыкі цыгарак
Маіх даўно ўжо страчаных сяброў.

* * *
Калісьці паверыў я сам
На светлым світанні дзяцінства,
Што я па лясных верасах
Паспею яшчэ нахадзіцца.

З’язджаў ад расонскіх атаў,
Ад родных дубоў пракаветных,
Чужыя сцяжынкі таптаў
І дыхаў прасоленым ветрам.

А дома
На новых кладах
Сасонкі маліліся Богу,
Ды я на пасля адкладаў
Да матчынай хаты дарогу...

На чорныя гронкі ажын
Мне восень даўно не скупая...
А тых верасовых сцяжын
Усё яшчэ мне не хапае.

* * *
У цёмных соснах заблудзіўся вецер,
Кідаецца,
Як звер,
Ва ўсе бакі,
У драным пазалочаным саеце
Чапляецца за вострыя сукі.

Мармыча лес,
Як хворая дзяціна.
Ігліца ападае на грудок.
На вейкі наліпае павуціна.
І за каўнер крадзецца халадок.

Трывожны шум на вершаліны лезе.
Заціхла птушак бойкая гурма.
І за кустамі голымі
На ўзлессі
Стаілася ўжо
Хітрая зіма.


* * *

Вада замерзла ў бочках у двары
І шэрань пабяліла панадворак.
Збірай садоў апошнія дары
І з лецішча з’язджай у цёплы горад.

Хоць поўня шчодра свеціць уначы
І на траву не высыпае іней,
Цяпер ужо ад сцюжы не ўцячы.
Яна дрыжыць за кожнаю асінай.

Памалу адвыкай ад летніх мар,
Забудзься на ўтравелыя сцяжынкі,
Бо хутка ўжо з ацежалелых хмар
Сарвуцца ўніз бахматыя сняжынкі.


* * *


Памяці Васіля Быкава
Ідзе жыццё.
За годам год мінае.
Мяняецца пагода на зямлі...
Усё часцей цябе я ўспамінаю
У выцертым салдацкім шынялі.

І што б такое не было са мною,
Здаецца мне
І ў сонца,
І ўначы
Стаіш ты моўчкі за маёй спіною,
Гатовы мне хоць нечым памагчы.

Абражаны,
Зняважаны,
Ранімы,
Без спадзяванняў тайных
І без сіл
Ты кожны раз вяртаўся да Радзімы
І літасці і ласкі не прасіў.

На ўсіх шляхах,
Пры жудасных адлівах,
Калі змывала саснякоў камлі,
Ты нёс свой крыж
Зацята і цярпліва,
Каб з ім упасці на сваёй зямлі.
Да памяці тваёй не прыліпае
Ні павуцінне звад,
Ні подлы час...
Нам так цябе сягоння не хапае,
Як не хапае і табе ўсіх нас...


* * *

Ці лагоднаю месячнай ноччу,
Ці як сонейка ўспыхне ў акне,
Добра ведаю я,
Што аднойчы
І мяне ціха неба гукне.

І пакліча ў бясхмарныя высі,
У апошні халодны мой дом,
Дзе людскія шляхі ўсе сышліся
Перад самым галоўным судом.

Перад тым,
Як я зводдалі ўбачу
Языкі незямнога агню,
Я хацеў бы
Зрабіць справаздачу
Хоць на міг сам сабе ўпершыню.

Перад блізкімі мне павініцца,
Дараваць даўнім ворагам люць,
Згледзець зорку ў бацькоўскай крыніцы
І матуліну песню пачуць.

Пакланіцца
І травам,
І дрэвам,
І гняздзечку ў зялёным галлі
І шчасліва адчуць:
Недарэмна
Я радзіўся на гэтай зямлі.