12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Бутэвіч

_____________________
Сьпічрайтэр. Звычайнае апавяданьне



Ён быў таленавітым сьпічрайтэрам. Так гаварылі пра яго калегі. Так ацэньвалі і начальнікі, праўда, толькі між сабой, каб не пачуў і нос не задраў. С а м жа звычайна маўчаў. І адно ў рэдкія хвіліны добрага настрою любіў паразважаць са сьпічрайтэрам пра складанасьць паразуменьня з масамі: ты ім самую сучасную тэорыю, самыя новыя высновы, а яны табе пра хлеб, пра бензін, пра паламаныя трактары і састарэлыя станкі. Не, С а м ня ганіў працу сваіх сьпічрайтэраў, а тым больш не вінаваціў іх у гэткай сітуацыі. Ён проста разважаў з разумным чалавекам, бо намагаўся зразумець, чаму не даходзяць ягоныя словы да тых, пра каго ён так моцна дбае і пра чый дабрабыт нястомна клапоціцца.
Але гэткія развагі былі рэдкімі – часу не хапала. Не пасьпееш адну прамову агучыць, як чарговая падпірае. То перад настаўнікамі, то на сходзе навукоўцаў, то аўтазаводцаў неабходна наставіць на шлях ісьціны. І так з дня ў дзень. Час гэта быў такі – перабудовачны. Грамадства гуло як ветравей у коміне. Часам нават бурліла, бунтаваць намагалася – як тыя пчолы, што матку з вульля выкінуць хочуць. Пчолы то неразумныя істоты, хоць і гавораць пра іх адваротнае. А то ж людзі. Разумець павінны, што С а м і ягоная партыя выключна пра людзей дбаюць. С а м ы Г а л о ў н ы партыец казаў, што перабудову менавіта з гэтай мэтай і прыдумаў. А яны, неразумныя, супраціўляюцца, не хочуць разумець добрых намераў. Праўда, ня ўсе такія. Найбольш хітрыя і вострыя розумам адразу злавілі дамінанту часу, зьмікіцілі што да чаго. Сваю справу распачалі, грошы кляпаюць на пустым месцы. І ніхто ім не ўказ. А іншыя, пазіраючы на гэта, партыю бэсьцяць, не баяцца – асьмялелі, набраліся адвагі. С а м а г а Г а л о ў н а г а перабудоўшчыка, што і дазволіў ім гэтую сьмеласьць, у сваіх няўдачах вінавацяць.
Вуліцы і плошчы сталі нагадваць самы сапраўдны вулей – гудуць з ранку да вечару. Толькі вось зусім не арганізаваны рух атрымліваецца, не ў той бок скіраваны – броўнаўскі рух адным словам. Так С ь п і ч р а й т э р у чарговай прамове С а м о м у напісаў. Спачатку той хацеў выкі­нуць гэтае занадта мудрагелістае для звычайных людзей слова. Але пасьля разважыў – ага, раз вы такія разумныя, што ўжо вам і партыя ня ўказ, тады слухайце. І неўзабаве слоўца гэтае стала для С а м о г а незаменным. Словам паразітам стала. Раскідваўся ім налева і направа. Ужываў да месца і беспадстаўна. І было слова гэтае ў ягоных вуснах абразьлівым, ледзь ня лаянкай. Здаралася нават калегаў сваіх па партыйнай справе, што спрабавалі сумнявацца ў перабудове, абвінавачваў – не, не ў сабатажы, для гэтага, маўляў, трэба здольнасьці мець, а ў пасобніцтве броўнаўскаму руху. З яго перакананьня вынікала, што пасобніцтва само па сабе зло неверагоднае. А калі нехта спалучае гэта з броўнаўскім рухам, то выходзіла, што ён самы адшчапеністы зладзюга, самы непаслухмяны сабатажнік, якога як мага хутчэй неабходна адлучыць ад партыі.
І адлучалі. Не аднаго, ня двух. Каб для іншых добрым урокам паслужыла. Пакуль адтуль, дзе перабудова высьпела, не наківалі пальцам: не сьпяшайся ад людзей пазбаўляцца, яны і без цябе бягуць з партыі, як з карабля, які тоне. Калі так і далей пойдзе, з кім застанёмся? З кім перабудову завяршаць будзем? Пасьля гэтага С а м пачаў насьцярожана ставіцца да С а м а г а Г а л о ў н а г а перабудоўшчыка. Зразумеў, што ні той, ні ён сам, нават партыя ня здольныя стрымаць броўнаўскі рух, што ўвогуле могуць застацца без тых, дзеля каго перабудову задумвалі. Бо ўсё часьцей пачалі гучаць заклікі перайначваць жыцьцё без партыі, без яе апарату, без іх – натхняльнікаў перабудовы. Ужо ня толькі сьмехам, а ўсур’ёз сёй-той патрабуе: “Партыя, дай паруліць!” Гэта кпяць з ранейшага бездакорнага лозунгу, пад якім усё іхняе сьвядомае жыцьцё прайшло: “Партыя наш рулявы!”
Вось чаму С а м не перастае выступаць, агітаваць, даказваць, пераконваць – аж сам у многае са сказанага паверыў, а на звычайных людзей гэта мала ўзьдзейнічае. Раней жа казалі, што слова, сказанае С а м і м, вялікую сілу мае, так узьдзейнічае, так мабілізуе, што прадукцыйнасьць працы нязмерна павышаецца, а дабрабыт народу пастаянна расьце. А гэта на настрой у грамадстве станоўча ўплывае.
Праўда, цяпер гаваруноў разьвялося як на сабаку блох. Найперш апазіцыянеры стараюцца, аж са скуры вылузваюцца, каб дзе папала выступіць. І выступаюць, удаецца ім. Відаць, сьпічрайтэры ў іх неблагія, бо натоўп слухае прамоўцаў з увагай. Толькі чамусьці не чытаюць яны па паперцы сваіх прамоваў – новая мода пайшла. Няўжо напамяць гэтулькі завучваюць? А выступаюць жа па колькі разоў на дзень. Во здатныя. І чаму яны раней не выяўляліся, добра служылі б справе партыі. І што самае неверагоднае – вераць ім бясспрэчна. Вераць, што мала на тэрыторыі С а м о г а перабудовы, што заказнікам яе можна аб’яўляць альбо Вандэяй назваць. Вось удача выпала нейкаму спічрайтэру: з яго падачы С а м ы А к т ы ў н ы А п а з і ц ы я н е р слоўка гэтае па ягонай тэрыторыі пусьціў. Пайшла гуляць Вандэя па гарадах і вёсках, па заводах і студэнцкіх аўдыторыях. Нават на галоўны тэлеэкран вылезла, паплечнікі А п а з і ц ы я н е р а пастараліся, вядома. І ўжо бессаромна кожны нязгодны з С а м і м называе ягоную тэрыторыю Вандэяй. Дык хто ж ён тады? Вандэіст? Галоўны вандолаг? Правадыр вандэлотаў? Не, трэба свайго сьпічрайтэра настроіць, каб нешта новае, прыдумаў. Кшталту броўнаўскага руху, бо з Вандэяй неабходна канчаць.
С а м і папрасіў пра гэта, а калі С ь п і ч р а й т э р у развагі кінуўся, нібыта нязгоду з ім выказваў, проста загадаў. Каб да суботы – усяго тры дні! – была новая прамова, з новымі ідэямі, пераканаўчымі доказамі і хвосткімі параўнаньнямі. Яму ў суботу на мітынгу перад трактаразаводцамі выступаць, сказ пра Вандэю абвяргаць. Адным словам, ідзі, сьпічрайтэр, і старайся. Пайшоў. Стараўся. Сёе-тое прыдумаў, што нават самому сабе падабалася. Спадабалася і С а м о м у, прыняў, пага­дзіўся. Але субота няласкавай аказалася. Трактаразаводцы сагналі з трыбуны С а м о г а – надакучылі людзям гаваруны. Ім хацелася ня звонкіх словаў, а поўных халадзільнікаў і сяго-таго на раптоўна апусьцелых паліцах магазінаў.
У гэтай справе не дапамагла сьпічрайтэрская эквілібрыстыка. А раз так, не захацеў С ь п і ч р а й т э р дарма хлеб партыйны есьці, пакінуў сваю пасаду. Як прадбачыў усё-роўна. Бо праз тыдзень павалілася-пакацілася партыя, сама аддала свой рулявы пост: бярыце, каму хочацца паруліць. Пакінула без пасады, бяз працы і без грошай магутную некалі армію яе кіраўнікоў, кінула на волю лёсу звычайных членаў. Самыя ўвішныя разьбегліся першымі — хто куды мог і хто дзе падтрымку знайшоў, нечакана і раптоўна афарбоўку зьмяніўшы. С ь п і ч р а й т э р перафарбоў­вацца не захацеў, хоць запрашэнняў меў дастаткова. Нават да С а м а г а А к т ы ў н а г а А п а з і ц ы я н е р а, што ўсімі незадаволенымі кіраваў, клікалі, пасаду добрую абяцалі і аклад, калі старацца будзе. Старацца не захацеў. Пенсію аформіў. Хоць і дачасна, затое ня трэба мазгі сушыць – чужыя думкі адгадваць, пад чужы настрой падладжвацца. Застаўся сам сабой і сам з сабой.
Але хіба адзін супраць усіх выстаіш? Не ўдалося гэта і С ь п і ч р а й т э р у. Пачало не хапаць на хлеб. Пенсія такая, што ня выжывеш. А голад, даўно вядома, — ня цётка. Ды ісці да багатага дзядзькі не хацеў – гонар не дазваляў. Калі стала асабліва цяжка перабівацца з хлеба на ваду, пачаў шукаць выйсьце. Сам пасьля расказваў, які ганебны гэта занятак. Усюды пазіраюць як на пабірушку, як на старца, у якога і торбу адабралі. Не зважаюць, што некалі ты паважаным быў і нават карысным і патрэбным для многіх – бо мог перад С а м і м слоўца закінуць. Праўда, закідаў рэдка, ня браўся за гэтую няўдзячную справу. Бо бачыў грымасу незадаволенасьці на твары С а м о г а, што заўсёды выклікала агіду. Не да С а м о г а, у яго лёс такі – да сябе: што прыніжаецца, што слугой сябе адчувае. Нібыта Бог ня ўсіх аднолькавымі стварыў.
Бога нездарма згадаў. Тады многія паднялі вочы да неба. Ды ў некаторых такая блізарукасьць разьвілася за гады няспыннага росту дабрабыту, што неба таго і адным вокам ня ўбачылі. Затое рукой махаць перад носам – хрысьціцца, значыць, хацелася шмат каму. І махалі, заядлых вернікаў імітуючы. Нібыта да гэтага толькі тое і рабілі, што перад ноччу на каленях стаялі, на пусты кут, дзе іконы ў кожнай добрай хаце вісець павінны, галавой ківалі. Але пустэчу не схаваеш – звону многа, а прасьветленасьці мала.
С ь п і ч р а й т э р і некалі асабліва з вернікамі не ваяваў, і цяпер да іх безаглядна не кінуўся. Проста аднойчы ногі самі прывялі яго на могілкі. Туды, дзе хавалі самых прызнаных, лепшых з лепшых. Пахадзіў між магіламі, паглядзеў на новыя крыжы-помнікі, пачытаў знаёмыя прозьвішчы на даўнейшых, што з зоркамі, – нібыта ў нядаўняе багатае і спакойнае жыцьцё зазірнуў. Паўспамінаў, хто і каму якія прамовы пісаў – тады яшчэ пра сьпічрайтэраў і ня згадвалі. Каб хто такое слова прамовіў, то крыўда засталася б на ўсё жыцьцё. Ён гэта добра ведае. Бо калі забіралі з занядбанага райцэнтрк ажно ў сталіцу – прамовы С а м о м у пісаць, то на звычайную пасаду памочніка. Гэта пасьля ўжо за сваё стараньне галоўным стаў, але ўсё адно – памочнікам.
Галавасты быў, гэта праўда, на ляту думку хапаў. А што да моўных прыбамбасаў, то яны самі, нібыта з чароўнай лямпы Аладзіна выскоквалі. За гэта ня раз хвалілі ягонага гаспадара – вунь які дасьціпны розум мае. І ні разу ніхто публічна не згадаў, што дзякаваць павінны ня розуму С а м о г а, а памочніку, які розум той куды трэба скіроўвае. Гэта значна пазьней ужо сталі называць яго сьпічрайтэрам — калі пагалоска пра выдатныя здольнасьці перасягнула межы таго дому, дзе ён працу меў, і калі нечакана перасталі ад усяго замежнага жалезнай сьцяной адгароджвацца. У асяроддзі такіх жа прамовапісальнікаў слова “сьпічрайтэр” азначала найвышэйшы статус, хоць, праўда, ніякім чынам не адбівалася ў зарплатнай ведамасьці. Але для яго і безматэрыяльнае прызнаньне нямала значыла. Усё-ткі са звычайнага гарадка рэдка каму ўдавалася трапіць пад руку С а м о м у. Яму пашанцавала. Бо розумам сваім умела карыстаўся. Не задзіраў нос, што і качаргой не дастанеш. Бог даў, дык чаму і не аддаць на карысьць іншым. Абы толк быў. Ці быў ад гэтага які толк, то ніхто ні разу ўсур’ёз і не разважаў. Адно хвалілі за здольнасьць сказаць пра даўно сказанае і пераказанае так, як ніхто яшчэ не казаў.
І вось цяпер яго былыя здольнасьці нікому непатрэбны – не будзеш жа бронзавым галовам на помніках прамовы пра сёньняшні пасьляперабудовачны дзень гаварыць, яны за жыцьцё і самі нагаварылі цэлы мех з торбай. Няма каму жаліцца, што былыя здольнасьці ня могуць пракарміць іхняга ўладальніка, – не пачуюць забранзавелыя твары, пацінай пакрытыя. Так і хадзіў С ь п і ч р а й т э р між сьведак былой раскошы са скрухай у душы, патухлым позіркам і пустым жыватом.
Ад гнятлівых думак яго адарвалі гукі аркестра. Пахавальная мелодыя не дадавала аптымізму, але ад адзіноты ратавала. Ён падыйшоў да людзей, што з вянкамі ў руках абвівалі капец сырога пяску. Труну з целам памерлага паставілі на драўляны памост, і паляцелі над бронзавымі бюстамі гучныя словы апошняга разьвітаньня. Напачатку доўга пералічвалі ўсе заслугі заслужанага чалавека, яго дабрыню і спагадлівасьць, чуласьць і шчодрасьць. С ь п і ч р а й т э р прафесійна адзначаў моўныя хібы, недакладнасьці, агрэхі. Ён бы так ніколі не сказаў. А з той “фактуры”, што была агучаная, стварыў бы такое, што ня толькі родзічы, а і ўсе прысутныя не стрымалі б сьлёз. Сапраўднае надмагільнае рыданьне доказна засьведчыла б, якім заслужаным чалавекам быў памерлы...
Але цяпер С ь п і ч р а й т э р — пенсіянер, якому хочацца не прамовы пісаць, а есьці, хоць нечым натрамбаваць пусты жывот. Калі адгаварылі, засыпалі, заставілі вянкамі, пачалі хуценька да аўтобусаў сьпяшацца – жалобны стол чакае. Яму ж стала непамысна: у людзей хоць які клопат, а ў яго нічога, ну зусім нічагусенькі. Ад крыўды ажно сьляза на вока накацілася. Ды тут нехта спагадліва параіў:
— Ну, хопіць плакаць, ня вернеш чалавека... Пайшлі ў аўтобус...
Ад нечаканасьці ён разгубіўся. Але спагадлівы незнаёмец настойваў:
— Пайшлі, кажу, бо не паранее...
І ён адважыўся: “А чаму б і не? Хто мяне там ведае? Ніхто і пытацца не будзе... А стол багатым павінен быць...”
Ад такіх думак ажно жывот забурчаў з адабрэньнем.
Стол сапраўды быў багаты. Ён не адно добра пад’еў, але і выпіў. На выпіўку, праўда, не налягаў, каб ад нязвыкласьці ня стала блага. Але настрой палепшаў, жыцьцё не здавалася ужо такім безвыходным. Асьмялелы, ён нават слова пра нябожчыка хацеў сказаць, але цьвярозы розум адвёў ад неабдуманага ўчынку.
Некалькі дзён ён хадзіў пад уражаньнем ад перажытага. Пачуцьці мяшаліся – ад задавальненьня гэткім неспадзяваным падарункам лёсу да пякучага сораму за зьняважаную ўласную годнасьць. Але сорам ня дым, а голад ня цётка... Як толькі заканчвалася пенсія – а яна мела магічную здольнасьць зьнікаць зусім незаўважна, ногі самі вялі яго на могілкі.
З часам ён прывык да свайго новага становішча. Сама мала раз на тыдзень меў добры абедзенны стол і нопоі на выбор. Сумленьне, прыгашанае наедзенасьцю, не дакучала. Паступова ён так увайшоў у смак, што калі не было пахаваньня, пачынаў ледзь не злавацца. Адно было невыгодна – на могілкі даводзілася хадзіць амаль штодзённа, бо не спрагназуеш чужую сьмерць загадзя, не закажаш. Здаралася мокнуць пад нечаканай навальніцай, даводзілася ўцягваць галаву ў плечы ад пра­нізьлівага ветру, хутацца ў падлатанае паліто ад завірухі. Ды ўсе выдаткі надвор’я кампенсаваліся ўрэшце цёплым памяшканьнем і наедлі­вым сталом. З часам ён і на слова набраўся сьмеласьці. Праўда, выступаў пад канец памінак, калі ўсе ўжо добра падпілі і ўсё неабходнае пра нябожчыка расказалі. Гаварыў прачула, узьнёсла, выразна, нават прапановы сякія-такія выказваў. Гэта заўсёды знаходзіла водгук і адабрэньне. Яго лічылі ледзь не галоўным знаёмым альбо сябрам памерлага. Ён жа адчуваў сябе зноў запатрабаваным.
Падчас чарговага жалобнага стала нечакана для С ь п і ч р а й т э р а яго нехта паклікаў:
— О, а я гляджу – знаёмы чалавек. Чуў некалі, чуў вашу пісаніну, — С ь п і ч р а й т э р не зразумеў, зьдзекуецца той, ці пахвальбу выказвае. – Калі С а м о г а ня раз слухаў, — патлумачыў незнаёмец. – Я ж тады за вамі назіраў: цікава было бычыць вашую рэакцыю на прамовы гаспадара свайго, — сказаў і з цікавасьцю пазіраў у твар, нечага чакаў.
С ь п і ч р а й т э р, які пакуль што не зарыентаваўся ў сітуацыі, поста маўчаў, няпэўна паціскаў плячыма.
— Ведаю, што любілі вы падпусьціць лірыкі свайму босу. Каб розум выдавала... Але ж я разумею, чыіх рук справа. Чуў, што вас за гэта моцна паважалі, нават цанілі. Хлебная была пасада, я вам скажу...
— Гэта як паглядзець, — няўпэўнена пачаў былы сьпічрайтэр, нібыта наважыўся апраўдвацца.
— Не, і не пярэчце – хлебная. На ўсе сто працэнтаў хлебная. Я то добра ведаю, — і зноў хітра паглядзеў у твар.
С ь п і ч р а й т э р а гэта пачынала непакоіць: “І чаго прывязаўся, дасьведчанасьць сваю выстаўляе. А хто ж ён на самой справе? Нешта твар яго не знаёмы”.
— І цяпер вось ваша слова чуў. Добра вы пра нябожчыка сказалі. Як сапраўдны сьпічрайтэр. Аж сьлязу выціснула. А мо скажаце, дзе працаваў ён пасьля таго, як перастаў загадчыкам райздраву быць? Я нешта прапусьціў той перыяд...
С ь п і ч р а й т э р адчуў, як раптоўна ў яго спацелі далоні. Ды так моцна, што аж падзьмухаць на іх хацелася. Ён пачаў нешта гаварыць, але ў гэты момант чарговы прамоўца прапанаваў выпіць за добрую памяць пра добрага чалавека, які шмат дабра зрабіў за сваё жыцьцё добрым лю­дзям.
С ь п і ч р а й т э р скарыстаў момант і ўстаў з-за стала. Выходзячы з залы, ён звыкла зазначыў, што прамоўца ў ня вельмі добрай згодзе з мовай, ня часта, відаць, перад людзьмі выступае...
Больш на могілкі С ь п і ч р а й т э р не хадзіў.
14.06.2005