12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Бутэвіч

_____________________
На пачатку было Слова. І слова было - Беларусь.
Эсэ
Божа,
Адвядзі ад Беларусі
Здраду,
Вераломства
І вайну.
Генадзь Бураўкін.

На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам.
Яно было на пачатку ў Бога:
усё праз Яго пачалося, і без Яго нішто не пачалося з таго, што пачало быць.
У Ім было жыцьцё, і жыцьцё было сьвятлом людзей.
І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго…
Было Сьвятло сапраўднае, Якое прасьвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць у сьвет.
У сьвеце было, і сьвет праз Яго пачаў быць, і сьвет Яго не пазнаў;
прыйшоў да сваіх, і свае Яго не прынялі;
а тым, якія прынялі Яго, веруючым у імя Ягонае, даў уладу быць дзецьмі Божымі,
якія не ад крыві, ні ад хаценьня плоці, ні ад хаценьня мужа, а ад Бога нарадзіліся. І Слова стала плоцьцю, і ўсялілася ў нас, поўнае мілаты і праўды;
і мы бачылі славу Ягоную, славу, як Адзінароднага ад Айца.
Ян сьведчыць пра Яго і ўсклікаючы кажа: Гэта быў Той, пра Якога я сказаў, што Той, Хто ідзе за мною, апярэдзіў мяне, бо быў раней за мяне…
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце.

На пачатку было слова. І слова было ў Бога.
І слова было – Б Е Л А Р У С Ь.
Не, гэта не сьвятатацтва і не блюзьнерства. Гэта праўда. Простая і звычайная. Звыклая, сьвятая і адвечная. Як сьвет, адвечная праўда.
Бо і сапраўды на пачатку ўсяго нашага, беларускага, было слова Б е л а р у с ь.
І словам тады была Б е л а р у с ь. У ім, у слове гэтым, бруіла і пульсавала жыцьцё. Быў сэнс дзеля жыцьця і жыцьцё многіх і многіх лю­дзей і пакаленьняў, родаў і асобаў, якія намагаліся вынікова ўвасобіць слова ў справу. І слова тое было жыцьцядайным промнем, нязгасным зьнічам у змроку, поклічнай паходняй на шляху з цемрадзі да сьвятла.
І было яно сапраўдным і праўдзівым сьвятлом, якое сваёй усяіснай пранікальнасьцю прасьвятляе, ажыўляе і перастварае кожнага, хто да яго датыкаецца альбо з ім судакранаецца, хто імкнецца да яго, прагне яго, як здарожаны і зьнябожаны падарожнік прыпадае да ратавальнай крынічкі, глытком асьвяжальнай вады аднаўляе сілы свае — каб далей ужо без сьвятла гэтага ня жыць. Каб самому паверыць у стваральную моц слова і надаць веры іншым, падняць з каленяў, узвысіць да сьвятла і неба сілай ягонай зваблівасьці. І, не схіляючы галавы, нястомна ісьці на покліч гэтага сьвятла, сьвятлом разганяючы цемру на шляху сваім.
І слова тое станавілася плоцьцю, увасаблялася, учалавечвалася ў душы людзей. Душа ж людская – несьмяротная. Значыць, і слова сьвятое Б е л а р у с ь насычалася несьмяротнасьцю, станавілася поклічным, уздымным і стваральным. Ад веку і давеку. Ад мінулага праз час сёньняшні – да будучыні.
Але на самым пачатку пачаткаў слова гэтае апераджала людзей і справы, і памкненьні іхнія, бо было раней за іх, раней за плоць і сьвядомасьць іхнюю. І як Дух насіўся над калісьці бясплоднай пустыняй, так і слова, набрынялае існасьцю, ускрыленае надзеяй, насілася над сьветам, пакуль не знайшло прыстанішча свайго, пакуль ад Бога не нара­дзілася і не апусьцілася на зямлю белакрылай пташкай — і абжыло яе, і духам сваім ажывіла, і адметнасьцю сваёю пазначыла.
Калі ж набыло жывую плоць — сталася Бацькаўшчынай, Айчынай, калыскай, краем і загонам родным, зямлёю тутэйшай, ператварыла яе ў палетак засеяны, і дагнала тое, што апярэджвала людзей і дзеі іхнія, і пераўвасобіла безыменнасьць ягоную ў рэальнасьць і дадзенасьць з найменьнем зразумелым, непаўторным, дарагім і адзіным на ўвесь сьвет — Б е л а р у с ь. І там, дзе шчырасьцю сваёй парупіўся пра справу беларускую і адзін, і другі, і трэці, гурт зычліўцаў і спагаднікаў утварыўся, справа сьвятая паўстала.
Праўду, праўду кажу табе – так было на пачатку. Як сьведчыць Біблія: «Дух дыхае, дзе хоча, і голас ягоны чуеш, а ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды сыходзіць: так бывае з кожным, народжаным ад Духу».
Так было і са словам родным Б е л а р у с ь.
Калі ж завалодала яно тымі, хто паверыў у яго, хто прыхінуўся як да найпершага жыцьцёвага апірышча, сталася тады сутнасьцю і рэальнасьцю іхняй, гісторыяй і днём сёньняшнім, надзеяй і будучыняй.
А хто паверыў у яго, той здабыў жыцьцё вечнае, як вечнасьцю на­дзеленая зямля беларуская, дадзеная нам Богам. І дух той, што слова сьвятое разносіў па сьвеце, увасабляўся ў душы ўсё новых і новых спавядальнікаў, прыхільнікаў і абаронцаў яго.
«Ты, мой брат, каго зваць Беларусам, //Роднай мовы сваей не цурайся...» – як бы падслухаў нараджэньне новага і захапіўся ім Алесь Гарун.
І пачалі людзі будаваць дом свой — беларускі дом, запаўняць прагал у бязьмежнасьці космасу. На той зямлі пад валошкавым небам, якую Бог дараваў ім і блаславіў яе. І рос, узвышаўся дамок у калысцы сусьвету нароўні з усімі, хто побач і вакол жыў. І прынялі, і зразумелі жыхароў ягоных суграмадзяне сусьвету, і падтрымалі, і паспрыялі, каб жыцьцё ў дамочку было годнае, самабытнае і людскае.
І ўсё новыя прыхільнікі слова таго станавіліся беларусамі, набывалі і засвойвалі адметнасьць сваю, мацавалі веру ў яго збаўчую сілу, каб духам сваім і дзеямі захаваць дабрадзейнасьць зямлі беларускай, якая гаючымі ручаямі з-пад сэрца Зямлі жывілася.
Тыя ж, хто спрычыняўся да духу сьвятога беларускага і насычаўся ім, шукалі прытулку душы не таму, што бачылі цуды на гэтай зямлі і квапіліся на багацці і даброты яе, а таму, што карцела засеяць яе пладавітым зернем, каб есьці хлеб зямліцы гэтай маглі новыя спавядальнікі і шанавальнікі слова беларускага. Каб спагадалі «не пра ежу прахлую, а пра ежу, што застаецца на жыцьцё вечнае». Гэткую спажыву давала толькі тое адзінае і сапраўды сьвятое слова з назовам нязгасным – Б е л а р у с ь.
Гэта і ёсьць хлеб жыцьця, бо сказаў Ісус: «Я ёсьць хлеб жыцьця; хто прыходзіць да Мяне, ня будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ня спрагнецца ніколі».
Дык ідзіце ж да хлеба нашага штодзённа сьвятога, і насычайцеся ім, і карміце дзяцей сваіх, і сейце зерне новае для хлеба таго, імя якому – Б е л а р у с ь. І ўзвышайце працай сваёй, і гартуйце духам нязломным, і асьвятляйце сьвятлом непагасным з вышыняў. Каб усе ўбачылі сьвятло і паверылі ў незьнішчальную і давечную існасьць ягоную, і не баялі­ся, што адгоніць яно прэч – як малаверных, альбо няверных, альбо сумніўных, альбо зусім асьлеплых. І для такіх дух беларускі пануе над зямлёй, засеянай зернем ягоным, каб праз хлеб наш надзённы, «той хлеб, што сышоў з нябёсаў», далучыцца да плоці, да праўды і існасьці сьвятой і сьветлай, увасобленай у несьмяротным і простым слове – Б е л а р у с ь.
І калі наважыцца хто блюзьнерыць са слова гэтага, зьневажаць нявер’ем, выракацца і насьміхацца з дадзенага Богам, ня стане ў таго ні сілы, ні духу, ні моцы, ні розуму, ня будзе яму ні спагады, ні дараваньня, акрамя граху і забыцьця ўсеагульнага. Бо моц сапраўдная не адно намерамі высокімі створаная, ня ў словах хваласьпеўных хаваецца, а працай нястомнай і стваральнай выпеставаная. Не сажнеш там, дзе не пасеяў.
Бо сказаў Ісус: «Ніхто, увайшоўшы ў дом дужага, ня можа зрабаваць рэчаў ягоных, калі сьпярша не звяжа дужага, і тады зрабуе дом ягоны».
Сейце ж і зьбірайце столькі хлеба духаноснага, каб дужымі быць і шчодрымі, а не слабымі і хцівымі, каб у веры ўмацавацца, а не зьнябожыцца ў нявер’і, каб стаць відушчымі, а не сьляпымі.
Бо навучацца і спазнаюць ісьціну ўсе, хто пазьбегне маркоты і ня­шчырасьці, прагнасьці і агрэсіўнасьці, хто слова, якое было на пачатку, пачуе і панясе яго ў душы сваёй. А хто прыйдзе да яго — стане відушчым і знойдзе апірышча нязломнае ў жыцьці. І перастане быць рабом, бо сын у доме сваім застаецца жыць вечна. А калі б усе былі сынамі беларускімі, то і справы рабілі б свае беларускія.
Бог абараняў і абараняе тварэньне сваё, паводле слова Ягонага спраўджанае, – сьвятую і несьмяротную Беларусь. Зямным жа абярэжнікам яе на ўсе прышлыя часы стаўся імклівы вершнік – харобры вой-абаронца, з ласкі Божае ўзьнесены над краем адвагай, што сілу і літасьць, заснаваную на праўдзе і спагадзе, мацавала. Упэўнены і мужны, чуйны і справядлівы на быстрым і дужым кані насуперак ліхадзейным ветравеям і спапяляльным вогнепалам шмат стагоддзяў скача ён над нашымі палеткамі і нівамі, барамі і лясамі, рэкамі і азёрамі.
Наструненым над галавой мечам перасьцерагае ён ахвотнікаў зваяваць і зьнявечыць гэтыя загоны, сьвятлом ад добрасьці людской атуленыя, потам і крывёю чалавечай набрынялыя. У час неабходны апускае вострае лязо на шыі прыхадняў-нягоднікаў. Каб прападала ахвота ў рознай набрыдзі жартаваць з гаспадарамі зямлі гэтай, дараванай ім Богам. А вось для людзей добрых і шчырых дабрадзейная зямліца гэтая ахвотна растуляе свае далоні, прывячае іх, спрыяе стаць на крыло.
І здаецца, што за ім, поруч з ім дзясяткі, сотні, тысячы гэткіх жа імклівых вершнікаў, зьяднаных адзіным памкненьнем, згуртаваных адзі­най верай у несьмяротнасьць Айчыны нашай, лятуць насустрач дню заўт­рашняму. Дзеля нас і для нас лятуць: каб не забылі цябе, Краю родны, каб ня сталі чужынцамі на сваёй зямлі, каб не адракліся, не прадалі і не аддалі ў палон.
І нікому-нікому іх «не разьбіць, не спыніць, не стрымаць»! Бо той, хто глынуў гэтага вольналюбнага духу сьвятога, хто мае зрок і слых, у каго не адабрала памяці і чуйнасьці, хто адгукнуўся на гэтае Багданові­чава маленьне-заклік, не заблудзіцца, ня збочыць, не спалохаецца.
А над палеткамі і прасторамі роднай старонкі нібыта з высокіх вышыняў – а мо з-пад самага сэрца маці-зямлі? — ціхутка і даверліва, спавядальна і шчымліва, што ажно дух перацінае, гучыць і расьсяваецца:

Магутны Божа! Ўладар сусьветаў,
вялізных сонцаў і сэрц малых,
над Беларусяй ціхой і ветлай
рассып праменьне Свае хвалы.
Дай урадлівасьць жытнёвым нівам,
учынкам нашым пашлі ўмалот.
Зрабі свабоднай, зрабі шчасьлівай
Краіну нашу і наш народ!

А мо гэта нястомныя вершнікі падмацоўваюць словамі Натальлі Арсеньневай свае сілы, нагадваюць і нам пра сьвяты і просты абавязак: берагчы і шанаваць тое слова, што было на пачатку? Шанаваць, ашча­джаць, берагчы і як найвялікшы скарб перадаваць спадчыньнікам нашым – каб не зьвялося яно, беларускае слова, не расьцерушылася і ня зьвеялася ветрам у бязмоўнае прадоньне сусьвету.
Хіба ж не пра тое дбаў наш дагэтуль не пачуты Мацей Бурачок, калі з усёй шчырасьцю маліў-заклінаў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!», бо «шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек прад скананьнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі». Пачуйма — і памацнеем, падужэем, акрэпнем і духам, і верай.
Веру ў адзіную, Богам пасланую, сьвятую і непаўторную краіну нашую – Б е л а р у с ь.
У Айчыну і Бацькаўшчыну народа майго, маіх продкаў і маіх нашчадкаў – веру.
У Радзіму несьмяротную многіх і многіх былых і маючых быць пакаленьняў, што воляй сваёй і няўтомнай працай, узносячы хвалу Богу, зямлю беларускую стваралі і ствараюць, — веру.
У народ яе, з працы рук сваіх узбагачаны і талентам непаўторным асьветлены, цягавітасьцю і нязломнасьцю пазначаны, непакорай і не­падатнасьцю ні ворагам, ні злому лёсу ахрышчаны, – веру! Добры, спагадлівы і цярплівы народ мой, што праз пакуты і зьдзекі, няласку і горыч – насуперак усяму захоўвае сам сябе і самаіснасьць сваю, самабытнасьць нашую.
Праўду, праўду кажу вам: хто знаецца са словам і духам беларускім, хто шануецца імі, той несьмяротны. Той праз вякі цікавы і жаданы субяседнік у сусьвеце. Той не пачуе роспачнага і крыўднага: «Чаму ж, чаму не разумееце вы мовы маёй? Чаму выракаецеся слова майго? Хіба ж забыліся вы, што на пачатку было слова. І слова было ў Бога. І слова было – Б е л а р у с ь?»
І сьвятло, і палымянасьць слова таго — ад пушчанскіх Зьнічаў з язычніцкіх капішчаў, ад купальскіх вогнішчаў і валошкавых ранішніх заранак. Зыркай сьветласьцю запальвае яно ратавальныя і ачышчальныя агеньчыкі грамнічных сьвечак у храмах нашых спрадвечных, што продкамі на зямліцы нашай дабраслаўнай пастаўлены, каб помніць і шанаваць сьвятое Слова Божае і слова ўздымнае – Б е л а р у с ь.
Поклічны ж водбліск тых радаводных агнёў гаючым цяпельцам сьвеціцца сёньня ў спражаных заваёўным полымем прыхадняў замках і палацах, цэрквах і кляштарах, якія паўставалі скрозь на ветравеях гісторыі як гняздоўі беларускай славы, што з-за сьценаў іхніх ускрыліла на вышыні. І адтуль пазірае на абярэжную сьвечку Камянецкай чырвона-белай вежы, і перагукваецца з ёю, і зьнітавана з сэрцам кожнага, як галасьнікамі гучнымі зьнітавана з небам непаўторнасьць нашая – Барыса-Глебская Каложская сьвятая цэркаўка на магутнай далоні бацькі-Нёмана.
Шчодрым, умалотным, жыцьцястойкім і выносьлівым аказалася тое даўняе радаводнае сяйво. Ні марозы, ні сонцапёкі, ні бязводдзе, ні залевы, ні нядбальства і абыякавасьць ня вынішчылі, ня высушылі, не зьвялі на нішто тыя пасевы, не заглушылі пустазельлем і пустаслоўем тое чаканае і жаданае, мілоснае і непаўторнае, тое простае самароднае і высокагучнае Слова, якое было на пачатку.
І каласіцца яно сёньня, і красуе, і пульсуе жыцьцём — гэтае Богам нам дадзенае і Богам для нас захаванае слова Б е л а р у с ь, з якога пайшлі і запачаткаваліся мы. З якім жывём і жыцьмем.
Гаючым глытком узмацняе яно сілы пераконаных, жывой вадой акрапляе пачуцьці бязьверных, уздымным звонам кліча да сябе заснулых і абыякавых.
Праз вякі, праз вятры, праз нягоды гучыць яно — то ціхім шэптам, то гучным рэхам, то мальбой, то пакаяньнем, то заклікам.
Хай бачаць сьветлазорыя нябёсы, хай гонкім асьвяжальным ветрыкам шуміць над зямлёй, хай кажуць народы сусьвету давеку: «Б е л а р у с ь жыве!»
Хай кожны паяднаны са словам сьвятым Беларусь усьлед за прарокам нашай свабоды і нязводнасьці беларускай Янкам Купалам нязмушана паўтарае, шэпча і выдыхае:

Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Расьпятаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй.

Усё мае свой час, і гадзіна кожнае дзеі – пад небам.
Ёсьць час нарадзіцца, і час памерці, час насаджаць, і час вырываць пасаджанае.
Час забойства, і час гаеньня; час разбураць, і час будаваць;
час плачу, і час весялосьці; час бедаваць і час танцаваць;
час раскідаць камяні, і час зьбіраць камяні; час абдымаць, і час ухіляцца абдоймаў;
час шукаць, і час губляць; час ашчаджаць, і час выкідаць;
час разьдзіраць, і час зашываць; час маўчаць, і час прамаўляць;
час кахаць, і час ненавідзець; час вайне, і час міру.
Якая карысьць таму, хто працуе, з таго, над чым ён працуе?
Бачыў я гэты клопат, які Бог даў сынам чалавечым, каб мелі сабе турботу.
Усё Ён цудоўным зрабіў сваім часам і вечнасьць паклаў ім у сэрца, хоць ня кемяць яны ў тых справах, што Бог учыніў, ад пачатку і да канца...
Уведаў я, што ўсё, што робіць Бог, застаецца навекі;
Ён робіць так, каб багавейна ступалі перад абліччам Яго.
Што было, тое ёсьць і цяпер, і што будзе, тое было ўжо; і пакліча Бог мінулае.
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка.