12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Васіль Быкаў

_____________________
Прыпавесьці


ЧОРНАЯ СІЛА

фантастычная прыпавесьць

Тады ў краіне панаваў тэрор. Шмат каго вешалі, ссылалі, расстрэльвалі. Бальшыню саджалі ў вязьні­цы. Каго на восем гадоў, каго на дзесяць ці дваццаць пяць. Тых, хто скардзіўся, плакаў ці ад болю крычаў на допытах, саджалі назаўжды. Іх плач-енк уважаўся за пратэст ці зьнявагу працавітых карных ворганаў. Карныя ворганы дужа пільнаваліся адмысловага гонару і не трывалі зьнявагі.
Усе арыштаваныя прызнаваліся ў чым хочаш. У чым іх змушалі прызнацца. Быццам хацелі зьні-шчыць дыктатара, атруціць суседзяў, утапіць жонку і дзяцей. Тое выклікала зьдзіўленьне на волі, дзе не маглі даўмецца, чаму яны так робяць. Але во тых, што нядаўна яшчэ прызнаваліся ў самым жахлівым, пачалі выпушчаць на волю. Тое таксама было загадкава і таямніча. Адзін толькі Упарты Маўклівец з паддашша ведаў, што то скончыўся чорны касьмічны цыкл, калі магчыма было ўсё. Усё, што захоча чорная сіла, якая панавала ў космасе. А чорная сіла заўсёды хацела шмат — часам дзівоснага і неверагоднага.
Так і тады. Настала пара выпушчаць тых, што ацалелі ад тэрору. I яны вярталіся — састарэлыя і хворыя — да сваіх ня менш састарэлых ды хворых жанок і дзяцей. А то й да бацькоў, калі бацькі дажылі да таго нечаканага вяртаньня. Цяпер яны ціха апавядалі поначы, што невінаватыя, што прызнацца іх змусілі. Бо білі, катавалі, казалі, быццам родзічы ад іх адмовіліся, а жонкі здрадзілі. Яны сапраўды тады гэтак думалі. Толькі Упарты Маўклівец ведаў, што пад арыштам яны думалі інакш. Хто раней, хто пазьней — шматлікія з іх паверылі сьледчым, што вінаватыя, і павініліся ў тым. Зрабіць тое ад іх дамаглася чорная сіла, якая запанавала ў грамадстве, і чалавеку нічога болей не заставалася, як скарыцца і павініцца. Што яны і зрабілі. Пра ўсё тое Упарты Маўклівец занатаваў у свае тоўстыя кнігі.
Але во чорная сіла саступіла, даючы месца новай. Тады пачалі вінаваціць нядаўніх абвінаваўцаў, катаў ды суддзяў. Віна гэтых была ва ўсіх навідавоку, наконт іх ні ў кога не ўзьнікала сумненьня. Ды тыя і ня ўпарціліся — адразу прызналіся ва ўсім: білі, судзілі, стралялі. Але ж — верылі! Верылі ў ідэю, якая на той час валодала ўсімі — і правымі, і вінаватымі. А вернік, як здаўна вядома, таксама чалавек зацяты і ўжо таму ня можа быць вінаваты.
Новы суд тое апраўданьне прызнаў слушным. Бо і суддзі таксама верылі ў сваю ідэю і не хацелі памыляцца. Упарты Маўклівец рэагаваў на ўсё з разуменьнем, але і з трывогай. Чарговы касьмічны цыкл сканчаўся, зачынаўся новы, значыць, належала чакаць зьмены. Толькі якой? Таго мудры Упарты Маўклівец яшчэ ня ведаў.
Тым часам прадчуваньне зьменаў неслася ў паветры, гудзеў народ на вулках і ў крамах, дзе менела тавараў і расьлі цэны. Дыктатар занепакоіўся і прыняў меры. Паколькі хлеба, масла і бензіну ён даць ня мог, дык даў адмысловы ўказ пасадзіць і падсудных, і суддзяў, і правых, і вінаватых. Каб у адпаведнасьці з папулярнай на Захадзе ідэяй дэмакратыі нікому не было крыўдна. Тысячы людзей селі ў вязьніцы, яшчэ болей калонамі павалакліся на Поўнач, да вечнай мерзлаты, якая дужа спрыяла скарачэньню арыштанцкага кантынгенту. Адно было кепска, што ў вечнай мерзлаце не было як даць рады штабялям трупаў, і тыя ляжалі там, не гніючы. I закапаць іх не было як. А галоўнае — там побач адзін з адным ляжалі суддзі з падсуднымі, пракуроры з рэцыдывістымі, што, канешне ж, ня лезла ні ў якія вароты. Ні савецкія, ні фашыстоўскія. Належала становішча выпраўляць.
Як памыляліся, так і выправілі — рашуча і хутка. На гэты раз арыштавалі ўсіх пракурораў, катаўнікоў і суддзяў, дзейнасьцю якіх было дужа абуранае грамадства. Але толькі да той пары, як пачалі іх судзіць. Бо вядома ж, калі не вінаватыя ахвяры, дык, мабыць, вінаватыя іх каты.
Каты, аднак, ніколі не бываюць вінаватыя — таго чамусьці ніколі ня ведалі людзі. Упарты Маўклівец, канешне ж, усё прадчуваў. Калі пачалі судзіць, усе, бы па камандзе, сказалі, што выконвалі загад. Не хацелі, а выконвалі; таму хай судзяць тых, хто аддаваў загады. Але ж тыя, што аддавалі загады, не забілі нікога. Нават не кранулі пальцам — завошта ж было іх судзіць?
Мусіць, усё ж дыктатар ды яго памагатыя былі людзі разумныя. Яны хутка даўмеліся, што так можна дачакацца і якой неспадзёўкі. Таму найлепш, калі адказнасьць за ўсё добрае і кепскае зрабіць калектыўнаю. Як і належыць — надаўшы дэмакратычныя формы Закону. Толькі тады льга будзе не турбавацца і спаць спакойна.
Заканадаўчы кангрэс склікалі дужа прадстаўнічы. Тысячы мужчынаў усіх узростаў сабраліся ў вялізнай спартовай зале. Спатрэбіўся прэзідыум, у які прыйшло некалькі сотняў, што шчыльнымі шэрагамі расьселіся на сцэне. Упарты Маўклівец, зірнуўшы на іх, сьціпла ўсьміхнуўся: усё было зразумела. Ужо і ў прэзідыуме ім цесна, а як станецца ля карыта? Гэтым кормным парсюкам з неспатольным маладым апетытам ня ўнікнуць бойкі. Значыць, доўга тое не праіснуе.
Быў прыняты строгі закон, які прадугледжваў усё. Цяпер караць належала адно вінаватых; невінаватых караць забаранялася. Хто вінаваты, а хто не — тое вырашаў суддзя са згоды начальства. Плакаць і енчыць у камерах дазвалялася колькі заўгодна, але не прасіць літасьці. Літасьць уважалася за найбольшае злачынства з боку суддзяў. Пратэставаць супраць мясцовага начальства дазвалялася толькі з яго пісьмовага дазволу і не бліжэй за пяць кіламетраў ад ягоных будынкаў. За дазвол на тое адказвалі ўсе інстанцыі, за забарону — ніхто. У тым палягаў галоўны выразьнік новага, дэмакратычнага часу. Усё тое было новае і даволі загадкавае.
Увечары Упарты Маўклівец пагартаў на паддашшы свае тоўстыя кнігі і хутка натрапіў на пэўны адказ. Чорная касьмічная сіла пакрысе са­ступала з неба, за ёй насоўвалася новая. Упарты Маўклівец ужо ведаў, што тыя чорныя хмары там не зьнікаюць ніколі. Ён хіба не здагадваўся, што генеруюцца яны зусім ня ў космасе, а на зямлі. Толькі ўплываюць з космасу, куды па чарзе і вяртаюцца.
Такім чынам хмара прыходзіць і хмара зыходзіць, зрабіў няновую выснову Упарты Маўклівец і загарнуў сваю самую тоўстую кнігу.


«БУКЕТ РУЖАЎ»

І гэтая краіна была бедная (шмат тады было бедных краінаў), з адсталай эканомікай і малакультурным насельніцтвам. Вугалю, нафты або алмазаў у яе не было зусім. Мала таксама было навукоўцаў, пісьменьнікаў — хіба што эстрадных сьпевакоў хапала. Спорт таксама быў слаба разьвіты, людзі ўмелі гуляць у нарты ды ў класічную Гульню — дурня. Краіна была няразьвітая, затое мела гучны і модны тытул, звалася Арлінай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай. Кіраваў ёю, канешне ж, самы мудры арол, ласкава званы ў народзе Грымучы Зьмей.
І ўсё ж народ меў адну адметную вартасьць, якую можна паэтычна назваць — сакалінае вока. Ужо змалку арляты ўмелі трапна страляць. Адзін вясковы арлёнак у часе вайсковае службы ні разу не спудлаваў у страляніне і стаў чэмпіёнам па стральбе ўсіх відаў. Клікалі яго Сокал. Той яго талент адразу трапіў пад увагу дыктатара Грымучага Зьмея.
Рэч у тым, што на той час дзе-нідзе ў сьвеце загаварылі пра кілераў. Мабыць, жыцьцё выявіла пэўную патрэбу ў той прафесіі. Калі дзе трэба было прыбраць празьмерна шанцоўнага банкіра або папулярнага па­літыка, дык найперш шукалі адмысловага кілера. Адмысловая аперацыя адмысловага сьпецыяліста патрабавала адмысловага кошту. У Арлінай рэспубліцы таксама ўзьнікла пэўная праблема. Грымучы Зьмей надумаў зьнішчыць аднаго маладога палітыка, які мог некалі прэтэндаваць на ягонае месца. Зрабіць іначай дыктатар ня меў магчымасьці, бо на тое месца ўжо быў прызначаны яго родны сын Шыпучы Зьмяёнак, які пакуль што студыяваў вайсковую навуку ў заморскім Вест-Пойнце. У выніку складанай арганізатарскай аперацыі, праведзенай IX аддзелам аховы дыктатара, малады палітык быў замоўлены маладому кілеру Сокалу, які яго і прыбраў з першага стрэлу. Паховіны адбыліся за дзяржаўны кошт і дужа ўрачыста. Грымучы Зьмей прыслаў прыгожы вянок чырвоных ружаў з цёплым спачувальным надпісам на стужцы чорнага дзяржаўнага колеру.
Кілерскі акт у адпаведнасьці з сусьветнымі стандартамі належала стандартна скончыць: каб не пакідаць сьлядоў — прыбраць і кілера. Так, прынамсі, раілі кваліфікаваныя дарадцы Грымучага Зьмея. Але Грымучы Зьмей быў разумнейшы за ўсіх, разам узятых дарадцаў і ніколі ня слухаў іх. Сам ён паходзіў з сялянскага роду і ведаў, што парсючка сяляне ня б’юць дачасна. Б’юць упару, калі той нагадуе сала і болей ня мае жадных магчымасьцяў. Кілер жа Сокал яшчэ меў магчымасьці. Таму замест кулі міласэрнасьці дыктатар узнагародзіў яго «Ордэнам высакароднасьці» і паслаў на новае заданьне. Належала ціха і неўпрыкмет прыбраць двух банкіраў і трох агалцелых апазіцыянераў, што сумняваліся ў правільнасьці ўнутранай палітыкі дыктатара. Тых апазіцыянераў спрактыкаваны Сокал лёгка застрэліў, а для банкіраў запатрабаваў болей часу. Банкіры мелі моцную ахову.
Банкірскую аперацыю пакуль што адклалі, пачалі рыхтаваць памочнікаў Сокалу. Памочнікаў кілер нумар адзін рыхтаваў асабіста. На за­крытым спартовым стадыёне «Дынамамашына» ўвесь божы дзень грымела страляніна — па нерухомых і рухомых мішэнях, вокнах, паверхах, аўтамабілях. Для гарантыі посьпеху давялося купіць у замежжы добрую зброю, бо, як наракаў Сокал, з бярданкі ўзору 1800/1900 году шмат не настраляеш. На закуп была выдаткаваная ладная сума з дохлага дзяржаўнага бюджэту. Грымучы Зьмей, вядома, быў незадаволены выдаткамі, але як абодва банкіры апынуліся на гарадскіх могілках, падабрэў і выказаў радаснае спачуваньне радні банкіраў і кліентам банку. Кілераў жа ўзнагародзіў яшчэ болей высокімі ардэнамі — «За гонар і сумленьне». Кілеры былі задаволеныя. Адно кепска, што тых узнагародаў нельга было насіць на грудзях — узнагароджаньне лічылася абсалютна сакрэтным.
У Арлінай Народна-Дэмакратычнай Рэспубліцы між тым, як і ўсюды, дзеялі замежныя выведкі. Не зважаючы на надзвычайную сакрэтнасьць, тым усё ж шмат што стала вядома з кілерскай справы, якая на той час атрымала кодавы назоў «Букет ружаў». Рэч у тым, што і ў суседніх краінах меліся падобныя праблемы, як з нахабнымі апазіцыянерамі, так і з прагнымі банкірамі. Ды не было кілераў. Адсталыя ў пэўных адносінах грамадствы ня мелі разумных дыктатараў, болей налягалі на славутую абарону правоў чалавека і занядбалі трапнай стральбой. Вядома ж, апроч як да благога, такое становішча ні да чаго іншага прывесьці не магло. Лідэр адной з такіх краінаў у рэшце рэшт змушаны быў зьвярнуцца да Грымучага Зьмея з сяброўскай просьбай — пазычыць каманду кілераў для выкананьня аднаго сьпецзаданьня. Плата гарантавалася — вядома ж, у далярах. Грымучы Зьмей памеркаваў і згадзіўся: даляры яму заўсёды былі патрэбныя. Неўзабаве тры кілеры адправіліся ў далёкія заробкі. Між тым, Сокал застаўся дома. Дзеля сакрэтнасьці яму зьмянілі прозьвішча, аздобу, засакрэцілі мейсца жыхарства і далі дзяржаўнае заданьне — у сьціслыя тэрміны навучыць пяцьдзесят кілераў.
Справа закіпела. Усё рабілася дужа таемна, з адмысловым дыпламатычным ды прапагандовым прыкрыцьцём. Стадыён, дзе трэніраваліся кілеры, атрымаў назоў «Прафсаюзны комплекс старога і немаўляці», база іхняга адпачынку звалася «Турбаза Арлёнак». У прыгожым і прэстыжным прыгара­дзе сталіцы кілерам выдзелілі новыя шыкоўныя кватэры. Каму не хапіла новых, у старых зрабілі модны еўрарамонт — з фінскай сантэхнікай і шведскай сталяркай. Былі тэрмінова закупленыя імпартныя снайперскія стрэльбы з найноўшым аптычным прыцэлам. Экзамены ў кілераў прымаў сам дыктатар Грымучы Зьмей, посьпехі навучэнцаў былі надта ўражлівыя. Толькі дзесяць чалавек атрымалі чацьвёркі, астатнія — адны пяцёркі. Пяцёрачнікаў адразу ж выправілі ў камандзіроўкі — далёкія і блізкія, а чацьвёрачнікаў пакінулі дзеля вырашэньня ўнутраных праблемаў. Такія праблемы на той час пільна насьпелі, і Грымучы Зьмей змушаны быў прыняць адэкватныя меры. Некаторыя з урадоўцаў не выказвалі захапленьня ад праекту «Букет ружаў», даводзілі, быццам ён незаконны, малаэфектыўны, нават стратны. Некаторыя намякалі на ягоную амаральнасьць. Неўзабаве ўсім давялося на ўласных галовах пераканацца ў яго эфектыўнасьці. Наконт законнасьці быў зроблены запыт у Канстытуцыйны суд, які на наступны ж дзень апублікаваў юрыдычнае абгрунтаваньне яго абсалютнай законнасьці. На трэці дзень наконт маральнасьці адказаў галоўны іерарх — усё адпаведна канону. Болей у Арлінай рэспубліцы ніякіх пярэчаньняў не было чуваць.
Тым часам сорак пяцёрачнікаў не вярталіся; выканаўшы заданьне ў далёкай краіне, выправіліся ў яшчэ болей далёкую. На замежныя рахункі дыктатара плыла валюта, якою той мог падзяліцца з народам. Увогуле дыктатар быў чалавек не скупы, але вялікі прагматык і ўмеў лічыць лішнюю капейку. На немалую суму ён купіў за мяжой партыю яшчэ болей дасканалае зброі (хуткастрэльныя стрэльбы, кулі з адмысловым сардэчнікам) і разгарнуў сістэмную падрыхтоўку высокакваліфікаваных кілераў. Амбасады і гандлёвыя прадстаўніцтвы ў замежных краінах прымалі замовы на індывідуальныя і групавыя тэракты. Замоваў набіралася шмат, рэпутацыя фірмы была дужа высокай. Ніхто ня мог супернічаць з сокаламі Грымучага Зьмея. I ніколі немагчыма было дазнацца, чыіх рук тое ці іншае забойства. Такі эфект дасягаўся комплексам мераў, якім займаліся ня толькі кілеры, але і дыпламаты, палі­тыкі з палітолагамі, а таксама філосафы з барменамі ды горнічнымі гатэляў — усе былі ўцягнутыя ў слаўную індустрыю тэрору. Звычайна забойства паходзіла на самагубства ці на трагічны вынік сямейных звадак або ўнутраных кланавых разборак. Адміністрацыя Грымучага Зьмея ніколі не спазьнялася паслаць спачуваньне на паховіны. Аднойчы здарыўся трагікамічны выпадак, калі з прычыны чынавенскага недагляду факс спачуваньня быў пасланы да моманту забойства і тым павесяліў жывога нябожчыка ды ягоных сяброў. Але ўжо назаўтра сябры горка плакалі, калі знайшлі калегу з прастрэленай галавой. Грымучы Зьмей з таго выпадку ледзьве не займеў славу новага Настрадамуса, папулярнасьць яго ў сьвеце значна павялічылася. Чыноўнік жа, вінаваты ў недаглядзе, хутка загінуў ва ўласным ложку, як было афіцыйна аб’яўлена, ад стрэлу палюбоўніцы. I ніхто яго не пашкадаваў, нават уласная жонка.
Кілерскую справу паставілі на дзяржаўны паток. У Арлінай рэспубліцы рыхтаваліся ня толькі ўласныя кілерскія кадры, але і навучаліся людзі з іншых краінаў, пераважна з краінаў трэцяга сьвету. На вуліцах сталічнага горада, асабліва ў выхадны дзень, можна было спаткаць маладых людзей самага рознага колеру скуры, розных формаў вачэй. Калі ў іх пыталіся цікаўныя, дык на ламанай ангельскай мове тыя тлумачылі, што прыехалі вывучаць медыцыну, механіку, будаўніцтва. I то была праўда. Але галоўная праўда палягала ў тым, што толькі трудная навука меткай стральбы займала іхнюю ўвагу. Іхнія ўрады добра плацілі Грымучаму Зьмею, які на тыя сродкі збудаваў сабе новы палац, абсталяваў падземны і нават падводны ціры. Гадоў праз дзесяць сучасную кілерскую зброю ўжо не куплялі ў замежжы — наладзілі ўласную вытворчасьць. Для таго падрыхтавалі за мяжой неблагія кадры збройнікаў, разьвілі збройную навуку. Толькі за апошні год у мясцовым тэхналагічным універсітэце на кафедрах кулі, затвора і парахавых газаў было абаронена каля сотні доктарскіх дысертацыяў, столькі ж прысвоена прафесарскіх званьняў. Уся краіна жыла надзвычай папулярнымі праблемамі зброі і страляніны. Кілераў шырока выкарыстоўвалі таксама і ў пабытовым жыцьці — пакрыўджаныя жонкі за невялікую плату наймалі кілераў для крыўдзіцеля-мужа; тыя ў сваю чаргу тэлефанавалі ў кілерскую кантору, каб замовіць здрадніцу-жонку. Пра кілераў ды іхнія подзьвігі штодня пісалі газеты, сьпявалі эстрадныя гурты. Кожны тамтэйшы падлетак марыў, падросшы, стаць кілерам і зьехаць у якую-небудзь з заходніх краінаў. Кілеры завіхаліся ўвесь час і ўсюды стралялі. Вясной — лібералаў, улетку — дэмакратаў, пад восень пачалі адстрэл вахабітаў.
Трываючы нечуваны бум, збройная індустрыя краіны прагнула новых інвестыцыяў. Тых немалых сродкаў, што кілеры зараблялі за мяжой, надта не хапала. Мудры Грымучы Зьмей зьвярнуўся ў міжнародныя інстанцыі па дапамогу. Канешне, ня дзеля вытворчасьці зброі, а з прычыны недароду, які быццам бы напаткаў краіну. Дыпламаты за мяжой давялі, што, калі такая дапамога ня будзе аказаная, дык народ вымра, і тое ляжа на далікатнае сумленьне сусьветнай супольнасьці. Дапамога была аказаная. Першы і самы буйны транш у валюце дыктатар, не марудзячы, пусьціў на вытворчасьць навейшае (лазернай) зброі. Гэта была цуд-зброя. Кожны кілер мог весьці хуткастрэльны агонь нават у натоўп на плошчы або на вуліцы. Мушка ў каляровым прыцэле з начным бачаньнем, пэўным чынам запраграмаваная, аўтаматычна выбірала цэль з улікам ідэйнасьці і палітычнай заангажаванасьці ахвяры. Лабараторыю, якая вынайшла той цуд, дыктатар узнагародзіў у поўным складзе. Усе — ад дырэктара да апошняй прыбіральшчыцы і шафёра сталі «Героямі нацыі», або «зьмеевікамі», як іх клікалі па-навуковаму.
У той жа прыкладна час была вынайдзеная і яшчэ болей дзівосная зброя — віртуальная куля. Варта было ёй у каго-небудзь трапіць, як ахвяра зьнікала, бы растваралася ў паветры, не пакідаючы ні сьледу, ні дыму. Менавіта з тае пары ў сьвеце пачалі зьнікаць людзі, — бяз знаку і сьледу. Ніводны пракурор, ніводны сьледчы не маглі здабыць жадных улікаў. Сьведак не было таксама. Ніхто нічога ня чуў, нічога ня бачыў. Гэта была вяршыня тэрарыстычнае мары. Багатыя краіны Захаду і Усходу пачалі паляваць на мудрых вынаходцаў краіны Арлоў. Найлепшы сродак у такіх выпадках — класічны: калі нельга зьнішчыць, дык льга перакупіць. Як ні ўзнагароджваў Грымучы Зьмей сваіх збройнікаў, тыя неўзабаве сьцямілі, што не аднымі ўзнагародамі жыве чалавек. На Захадзе жылі і яшчэ шмат чым, мелі куды болей і лепшага. Сьпярша застаўся ў камандзіроўцы на Захадзе, куды паехаў, адзін з лепшых кілераў. Пасьля на Усход зьбег вучоны, ён жа вядомы акадэмік і сакрэтны выведнік. Гэты, апроч уласных мазгоў, прыхапіў з сабой надзвычай важныя зьвесткі. Паводле адной з іх, для таго, каб забіць чалавека, ня трэба ў яго нават цэліць. Даволі за сотню міль ад яго набраць на кампутары пэўны код, і чалавек умомант зьнікаў, раствараўся ў віртуальнай прасторы. Гэтак аднойчы на пачатку вясны зьнік і дыктатар, мудры і вялікі Грымучы Зьмей. Быў, сядзеў за сталом, падпісваў чарговы пук высокіх указаў і — зьнік. На стале засталася адно залатая асадка. Затым загадкава зьнік і ягоны наступнік — малады Шыпучы Зьмяёнак. Можа, таксама стаўся ахвярай, а можа, ірвануў кіпці ў Бермудскую афшорную зону — бліжэй да сваіх банкаўскіх рахункаў. Слаўны праект «Букет ружаў» з таго часу непапраўна завяў.
Арліная Народна-Дэмакратычная Рэспубліка зазнала нечуваны заняпад. Пачаўся голад, міжнацыянальныя ды міжканфесійныя разборкі. Родзічы шматлікіх кілерскіх ахвяраў запатрабавалі суду над выканаўцамі даўніх і сьвежых тэрактаў. Пранырлівыя, журналістыя ды папарацы раскапалі сакрэтныя архівы, дзе накапалі нямала імёнаў славутых у краіне людзей з іх вельмі непрывабнымі справамі. Грамадскасьць запатрабавала суду і пакараньня. Тады ж выявілася і пэўная несправяд­лівасьць лёсу гэтых людзей. Калі імі ганарылася нацыя, тады яны змушаныя былі заставацца інкогніта, а як справа дайшла да адказнасьці, дык іхнія імёны выдрукавалі ўсе газеты. Без карысьці засталіся і шматлікія высокія ўзнагароды. Тое было крыўдна і несправядліва, людзі абураліся. Але што ў сьвеце ёсьць справядлівае?



АБЫ ЦІХА

Памфлет

Кажуць, беларусы — дурныя людзі. Я з гэтым нязгодны. Як і кожны нацыянал-патрыёт, я паважаю ўласны народ і лічу яго самым мудрым на сьвеце.
На самой справе — столькі гадоў без уласнай дзяржавы, без нацыянальнай палітыкі праіснаваць на прахадным падворку Еўропы, прайсьці праз столькі войнаў, рэвалюцыяў, паўстаньняў і захавацца. Ня зьнікнуць. Ня страціць свае мовы, пры нагодзе абараніць свой гонар (успомніце ВАВ). Тут мала аднае мудрасьці, тут трэба адмысловы талент ды боскае блаславеньне, спрыяньне сілаў, зямных і нябесных.
Праўда, беларус не такі, як іншыя людзі. Хоць бы і суседзі. Тыя, калі іх б’юць, дык зараз жа даюць здачы. Ня надта разважаючы. Тады іншыя кажуць, што яны сварлівыя і няўступлівыя. Неталерантныя. Беларус жа заўжды талерантны. I ўдумлівы. Калі, бывала, яго вытнуць па карку, дык сьпярша ён папросіць прабачэньня, што даў непрыяцелю клопату павярэдзіць руку. Пасьля, добра падумаўшы, яшчэ і падзякуе за навуку. Ведама ж, перш чым адказаць, трэба падумаць. Хай сабе лю­дзей такога кшталту клічуць тугадумамі, але выгадней туга ду­маць, чым лёгка паміраць. Беларус хоча жыць. Хоць бы і баючыся, у атачэньні страху. Адчуваньне страху і болю дадзена чалавеку, каб пабольшыць ягоныя шанцы на выжываньне. Што карысьці з адвагі і сьмеласьці, якія ня ведаюць страху? Прыклад Чачэніі — ва ўсіх перад вачыма. А беларусы хоць і баяцца, ды дагэтуль усе (амаль усе, за выняткам паса­джаных і невядома дзе зьніклых) жывыя, здаровыя. I ўсе іхнія гарады непабураныя. I ўсе іх шаноўныя начальнікі-вертыкальшчыкі жывуць у шыкоўных вілах, а не туляюцца ў пячорах пад глы­біннымі бомбамі. Што значыць — мець прыроджаную здольнасьць да страху. Усё ціха.
Даўно вядома, што кожная навука — на карысьць, беларус дужа любіць вучыцца. I гэта добра. Інакш бы ў нас не было столькі студэнтаў, столькі навукоўцаў — ад кандыдатаў да акадэмікаў, столькі дып­ламаваных начальнікаў усіх рангаў. Стала добрай традыцыяй: як зрабіўся начальнікам, дык і стаў ву­чоным. Ці наадварот. Асабліва ахвотна вучыцца бе­ларус у яшчэ болей мудрага старэйшага брата. Менавіта ад таго ён засвоіў шмат якія маральна-этычныя каштоўнасьці, што дужа спрыялі ягонай сама­ідэнтыфікацыі. Праўда, гэта дужа складаная навука, падлеглая ня кожнай логіцы. Па-расейску любіць — значыць, ненавідзець, што ўпершыню адкрыў незабыўны Оруэл. Адпаведна — ненавідзець, значыць, любіць. I тут хітрая залежнасьць: чым большая нянавісьць, тым большая любоў. Нагадаю Івана Жахлівага, Пятра Вялікага, Леніна і Сталіна. Колькі тыя пры жыцьці пралілі крыві і здабылі нянавісьці, столькі пасьля сьмерці маюць усенароднай любові. Мусіць, так і з беларускім усенароднаабраным. Калісь з усіх пяцёх кандыдатаў беларусы найменей за ўсіх любілі гэтага, менавіта таму і абралі. I ён, малайчына, — не спудлаваў, спраўдзіў іхнія чаканкі: надоўга забясьпечыў страхам. На гады. Як можна не шанаваць такога забесьпячэнцу?
Нашы мудрыя інтэлектуалы адкрылі і засвоілі не­калькі ісьцінаў, невядомых у ранейшай фундаментальнай навуцы. А менавіта: нічога ня трэба адкрываць-вынаходзіць, ня лезьці папярод бацькі ў пекла. Трэба ўмець адгадваць! Канешне ж — намеры і жаданьні кіраўніка. Мабыць, тое — самая цяжкая навука. I найперш з тае прычыны, што намеры кіраўнікоў дужа дыялектычна зьменлівыя. Бывала раней: толькі вучоныя нешта грунтоўна ўдумаюць, абмяркуюць і зацьвердзяць на ўласна акадэмічным узроўні, як думкі начальства мяняюцца на супрацьлеглыя. Часам мяняецца і само начальства: ці то ідзе пад расстрэл (як раней), ці на падвышэньне (як зараз). Паспрабуй угадаць і дагадзіць. Менавіта таму навукоўцы цьвёрда стаяць за стабільнасьць грамадства, супраць усяе гэтае мітынгоўшчыны, страйкаўшчыны, парламенцкага бязладдзя. Нашто парламентарам языкі, калі яны маюць рукі, каб падымаць па камандзе «за». Навукоўцы гатовыя прызнаць і аб­грунтаваць што хочаш: урэзаны бюджэт на ўласную навуку, куртатую гісторыю краіны, нават урэзаную ўласную зарплату. Абы было ціха. Затое навукоўцы засталіся ў сваім шыкоўным будынку, на які тачыў зубы драпежны Іван Ціцянкоў. У іншых інтэлектуа­лаў тыя будынкі паадбіралі, а навукоўцам пакінулі. Цяпер яны там будуць спакойна і натхнёна дасканаліць ракетна-ядзерную тэхніку касьмічны шпіянаж для падупалага старэйшага брата. Тым болей, што іншага яны і ня ўмеюць. Ды іншым ніколі і не займаліся.
Як даўно заўважана, маштаб далейшага ўздыму прамысловасьці ды й сельскай гаспадаркі наўпрост залежыць ад ступені іхняга заняпаду. Чым яны глыбей упадуць, тым вышэй паднімуцца (калі толькі сапраўды паднімуцца) і тым болей гонару зробяць кіраўніцтву. Менавіта ў тым, на маю думку, палягае сакрэтны план упартага нежаданьня іхняга рэфармаваньня. Тут уся справа ў статыстыцы, якая за мала спрыяльны савецкі час абагнала ў сваім разьвіцьці ці ня ўсе іншыя навукі. Менавіта статыстыка можа падаць заняпад як росквіт, крызіс як прагрэс і тым натхніць масы. Калі, скажам, хлеба давалі 150 грамаў на пайку, а з першага чысла сталі даваць 300, дык той рост падаецца як 200 адсоткаў. Хлеба мала, затое адсоткаў шмат, што і захапляе. Здаецца, менаві­та з тае прычыны наша кіраўніцтва так упарта пазьбягае рэформаў ­— каб пасьля, як усё дойдзе да нулявога паказчыку, пачаць статыстычныя рэкорды. I ў гэтым сэнсе мы дамагліся цуда, вартага кнігі Гінеса. Як нядаўна паведамілі неафіцыйныя крыніцы (афіцыйныя, вядома, у такіх выпадках маўчаць) кошты на тавары за дзесяць гадоў у Беларусі павялічыліся ў сто тысячаў разоў. Той факт, вядома ж, хаваецца ад міжнароднай супольнасьці. Бо калі б тая супольнасьць пра яго дазналася, яе зьдзіўленьню не было б мяжы: як гэта магчыма выжыць? Іншыя, канешне, ня выжывуць, апроч беларусаў. Гэныя могуць. Ну, як не паважаць гэткую нацыю, пэўна, адзі­ную ў сьвеце!
У гэтых марсіянскіх умовах гэтая нацыя ня толь­кі ўмее выжыць, але яшчэ здольная любіць тое жыцьцё, а разам — і галоўнага рэжысёра таго паталагічнага эксьперыменту. Тут ужо і старэйшы брат запанікаваў і адправіў у адстаўку свайго цара Барыса. А наш толькі пасьміхаецца ў свае фельдфебельскія вусы, яму хоць бы хны. Мабыць, у ягоных планах ёсьць яшчэ не такое! Прыпамятаўшы аднаго напалеонаўскага маршала, можна здагадацца, што ён думае. Нешта накшталт: ты палюбіў бы мяне яшчэ болей, калі б ведаў, куды я цябе павяду заўт­ра. Але сапраўды — куды? Планы вялікага чалавека заўжды ахутаныя туманам таемнасьці. Можа, у партызанскую Чачэнію на дапамогу старэйшаму брату? Можа, у віртуальную, ды ня меней страшную за рэальнасьць Вялікую Славянскую імперыю? Можа, да ўдзелу ў легкадумна пакінутыя ракетна-ядзерныя гулі з Амерыкай?
Але кудысь павядзе. Ды і чаму не павесьці гэткі талерантны, рахманы народ, які стрывае ўсё. Абы ціха.