12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Васіль Быкаў

_____________________
Пункціры жыцьця.
Далітаратурная біяграфія. Працяг

Працяг.
Пачатак
у №№2-3 (14-15).
Публікацыя
Ірыны
Быкавай.
Малюнкі
Васіля
БЫКАВА.
Падрыхтоўка
да друку
Алеся
Пашкевіча.

...Гэта цэлая эпапея – даганяць фронт, які перайшоў у наступ.

Даганяць, канешне, пехатой, вясной, па гразі, раскіслым украінскім чарназёме. Кіравалі мы, вядома, у сваю армію, якая, аднак, не ішла ў адным кірунку, а ўвесь час мяняла напрамак: то на захад, то на поў­нач. І наш шлях пралягаў на Шполу, Тальное, Умань, Бершадзь. Скрозь па шляхах нядаўніх баёў з разгромленымі рэшткамі нямецкага войска, чародамі спа­леных машынаў на дарогах. Ішлі мы не адны, зьбіраліся ў групы такія, як мы, афіцэры, што выпісаліся са шпіталяў. Начавалі і карміліся ў сёлах – бедных, абнішча­ных з калгасаў і канчаткова дабітых вайной. «Фасоля і бараболя – болей нічога няма», – казалі звычайна гаспадыні, шчырыя ўкраінкі.
На ўскраіне Баршадзі, дзе мы начавалі, жылі цыгане, і цыганка мне пагадала. Сказала, што на фронце ўсё будзе добра, што буду жанаты тройчы. Дзіўнавата тое здалося тады, але запомнілася.
Недзе пасьля аднаго начлегу я згубіў Тавакіна, далей ішоў з выпадковымі людзьмі, кампаньёнамі на адзін дзень шляху. Мы стараліся як мага хутчэй дагнаць фронт, але на гэты раз фронт набраў добры тэмп, і гэта, вядома, радавала.

Між тым настала вясна, прыгравала сонца, наўкол зелянела трава. На бяду, разваліліся мае боты, якія я абвязваў тэлефонным провадам – каб неяк ісьці. Аднойчы за гэтым заняткам мяне застала калона войска, што ішла нам насустрач, і я цераз канаву глядзеў на стомленых, брудных салдат і афіцэраў – яшчэ ў зімовых убраньнях, кажухах, шапках, і раптам адзін старшы лейтэнант, што сядзеў на артылерыйскім перадку, мне здаўся знаёмым, і я крыкнуў яму. Ну так і ёсьць, гэта ж быў мой сусед, камандзір першага ўзводу з роты Міргарада. Мы павіталіся і загаварылі. Аказваецца, гэта ішла мая дывізія (11-я Александрыйская), якую перакідвалі на нейкі іншы ўчастак фронту. Але ў ёй – ніводнага знаёмага твару. Старшы лейтэнант сказаў, што дывізіі ўвогуле не шанцуе, камандаваньне мяняецца, наш камандзір палка маёр Казар’ян загінуў пад Севярынкай, і ён параіў мне ісьці ў аддзел кадраў якой-небудзь іншай арміі, сказаць, што не магу адшукаць сваю часьць.
Мы разьвіталіся з ім у той веснавы дзень, і я пайшоў далей.

У нейкім сяле я сапраўды набрыў нарэшце на штаб арміі. Гэта, як пась­ля аказалася, была 4-я гвардзейская армія. Там у аддзеле кадраў я напісаў рапарт, каб мяне залічылі ў яе, бо не магу знайсьці сваю. Ішло наступленьне, афіцэры такога рангу, як мой (камандзір узводу) былі дужа патрэбныя, і мяне накіравалі ў 252-ю СД. Выйшаўшы са штабу, я запытаў у аднаго сустрэчнага капітана, дзе шукаць 252-ю СД? Той паглядзеў на мяне, неяк перасмыкнуў тварам і паказаў у канец вуліцы: «А вунь там, дзе грукоча. Дзе надта грукоча». Сапраўды, у адным баку дужа грукатала, гэта 252-я вяла бой на плацдарме. Туды скіраваў і я.

Называецца, трапіў з агню ў полымя.
Пасьля (і вельмі хутка) я пашкадаваў, што пакарыстаўся той маёй хітрасьцю – аказалася ўсё ж, што мая дывізія выводзілася ў рэзерв, а гэтая, 252-я, была ў самым пекле. У штабе мяне прызначылі камандзірам узводу батарэі 45 міліметровых гарматаў – у вучылішчы мы вывучалі супрацьтанкавую артылерыю, справа была нескаданая. У той жа дзень пад вечар мы ўжо былі ў баі. Мой узвод складаўся з аднаго разьліку (7 чал.), другі быў нядаўна разьбіты. Знаходзячыся ў баявым парадку батальёну, мы мала стралялі (галоўным чынам па кулямётах), затое па­яўленьне танкаў – была ўжо нашая справа. Пакуль што, аднак, танкаў на нашым участку не было. Тым ня менш узвод нёс страты: забілі аднаго правільнага, паранілі ездавога. Пайшлі тлумныя дні – у агнявым грукаце, джганьні кулямётных чэргаў, перакопваньні зямлі (на кожнай новай пазіцыі трэба было акапаць гармату, выкапаць акоп-ровік для людзей). І, вядома, як заўжды – нярвовасьць, лаянкі камандзіраў.

Немцы здорава супраціўляліся, але мы, зьбіўшы іх з непадрыхтаваных, пасьпешліва занятых пазіцыяў, усё ж упарта прасоўваліся наперад.
Малдаване ў занятых сёлах нас сустракалі няблага, прыязна. Аказалася, што тут сельскае насельніцтва жыло куды лепш, чым на Украіне. Тут я ўпершыню за вайну пакаштаваў белага хлеба. Было і да хлеба. Было нават віно, якім, мінаючы сёлы, мы пасьпявалі іншы раз добра пачаставацца. Былі бедныя сем’і, што жылі на мамалызе, але ў большасьці людзей гаспадаркі былі спраўныя, – якіх даўно ўжо не было ў нас – на Беларусі і Украіне, – вынішчаныя вайной і калгасамі.

У баі пад Бельцамі ляснуў мой апошні разьлік, гарматы ня стала. Пра­мое пападаньне з танка пакарэжыла гармату, забіла трох з разьліку, астатніх параніла. Я неяк уцалеў, завалены зямлёй побач у ровіку. Але і астатнія гарматы з батарэі былі разьбітыя – адна зусім, другая пашко­джаная. Разьбіты накатнік.

Са штабу загадалі: людзей, што засталіся (12 чалавек), перадаць у стралковы батальён, на папаўненьне, а самім прыбыць на НП камандзі­ра палка.
Полк тым часам выйшаў на дзяржаўную мяжу ў раёне ст. Унгены і стаў. Наперадзе была вышыня, якую ён памкнуўся ўзяць, ды ня ўзяў. Праз дзень атакавалі зноў. Адзін раз уварваліся ў іхнія акопы, ды немцы ўсё ж зьбілі батальёны з вышыні, і тыя перайшлі за рэчку. Занялі абарону па схілах, кіламетра паўтара ад вышыні. Ззаду за пяхотай на схіле быў НП камандзіра палка. КП – на другім баку схіла. Там мы і атабарыліся ў зямлянцы. Я і мой камандзір батарэі.

У спакоі хоць выспаліся. Хоць спакой быў адносны – за пагоркам грымеў бой – гэта ўсё за тую праклятую вышыню. Але то ўдзень. Уначы было больш-менш спакойна.
Настала сьвята 1 Мая. Мы з камбатам сядзелі каля цяпельца, грэліся і чакалі пасланца з суседняга палка. Справа ў тым, што ўчора камбат атрымаў новае прызначэньне – начальнікам артылерыі ў суседні стралковы полк. Гэта было павышэньне, а галоўнае – пасада-лафа, амаль штабная для 30-гадовага капітана. Ён быў узрадваны, мы выпілі з ягонай пляшкі нямецкага шнапсу, і ён паспачуваў мне. Бо персьпектыва ў мяне была незайздросная – зноў стралковы батальён.
Тым часам прыехаў канавод з вольным канём на повадзе, і капітан са мной разьвітаўся. Яны рысьсю паехалі па лагчыне, дзе, аднак, дарога раздвойвалася: адна ішла ў аб’езд пагорку, па лагчыне, другая падымалася на пагорак. Шлях цераз пагорак быў карацейшы. Камбат трохі памарудзіў, відаць, разважаючы, куды падацца. І павярнуў на пагорак. Як ён выехаў на яго вяршыню, раздалося два мінныя выбухі – якраз абапал дарогі. Ён прышпорыў каня. Зноў выбухнула, накрыла коньніка пылам і дымам, а як пыл асеў, стаў відаць адзін конь. Коньніка на ім не было.
Увечары прывезьлі забітага капітана, які так і не даехаў да свае жаданай пасады.

І вось я на НП камандзіра палка, дзяжуру ноччу з разьведчыкам і тэ­лефаністам. Камандзір палка маёр Валошын у гэты час за пагоркам на сваім КП. Нашая задача – глядзець і слухаць. Наперадзе ўсё тая ж праклятая вышыня, перад ёй унізе рэчка і невялікае, пакінутае малдаванамі сяльцо – на нейтральнай паласе. Трохі лявей выцягнуліся вуліцы большага сяла Багені-ноу – але тое на нямецкім баку. Удзень тут грыміць бой, але нашыя не наступаюць, выдыхліся, толькі шпурляюць мінамі – тыя і другія. Уначы ўвогуле ціха. Можна б і пакімарыць, калі б не тэлефон, які ўсё зумарыць – начальства з тылу пытаецца: што чуваць? Толькі пад ранак неяк усё сьціхае.

Тым часам мой разьведчык-назіральнік, маўклівы камлюкаваты хлопец родам з Пермскай вобласьці, заўважыў, што ўначы ў напаўразбураным сяле на нейтралцы паяўляюцца адзнакі нейкага жыцьця. Неяк ён папрасіў пусьціць яго, каб туды наведацца. Я і пусьціў. Праз нейкі час разьведчык прыйшоў і паведаміў, што ў другой ад краю мазанцы жыве малдаванін – без сям’і, але з такой-сякой гаспадаркай. Той пачаставаў разьведчыка, які нават прынёс на НП кавалак хлеба з салам і яшчэ нешта. Мы пачалі наведвацца да таго гасьціннага малдаваніна. Хадзіў і я некалькі разоў, як было ціха, перадавая замірала – звычайна пад ранак. На НП было холадна, а ў хаце той малдаванін, не стары яшчэ мужчына, распальваў печ, лавіў на гародзе сваю ці чужую курыцу, абскубваў яе і ладзіў пачастунак. Для таго патрэбны быў час, і я бавіў яго ў цеплыні хаты. Аднойчы і задрамаў. А прачнуўся раптоўна ад страшэннага вэрхалу, што ўчаўся з надворку – грукацелі чэргі, бахалі выбухі гранат. Ускочыўшы, я кінуўся на сваю гару, у НП, дзе ўжо надрываліся тэлефоны, трывожыліся, што здарылася і дзе начальнік НП Быкаў. Стаўся невялікі скандал, начальнік штабу вылаяў мяне, што гэтак моцна сплю, калі трэба ня спаць.
На тым нашае наведваньне гасьціннага сяла скончылася. Аказалася, туды наведваліся ня толькі савецкія, але і нямецкія аматары кураціны. Нечакана спаткаліся ўначы – і адбылася бойка.

Недзе ў сярэдзіне мая мяне паклікалі з НП у штаб палка. Сказалі ўзяць рэчы, будзе іншае заданьне.
Іншае заданьне было дзіўнаватым.
Начальнік штабу капітан Травін загадаў з камандай у дванаццаць чала­век адправіцца ў недалёкае сяло Барсучэнь, эвакуяваць у тыл усіх ягоных насельнікаў і арганізаваць каменданцкую службу. Камендантам на­значаўся малодшы лейтэнант Быкаў. Увечары мы прыйшлі ў Барсучэнь, знайшлі старшыню сельсавету. Але ніхто не хацеў кідаць гаспадарку і ехаць немаведама куды. Давялося ўгаворваць і сварыцца, і пагражаць. Але толькі назаўтра малдаване запрэглі куруцы, паскідалі ў іх якое майно і паехалі за зону эвакуацыі – праз 15 кіламетраў ад фронту.

Нечакана я зрабіўся гаспадаром бязьлюднага сяла. Паставілі ў абодвух яго канцах шлагбаумы, наладзілі каравул. Камендатуру я абсталяваў у хаце псаломшчыка і вугалем вывеў на белай сьцяне «Камендант». Галоўнай задачай было ня даць нашым войскам, якіх скрозь была процьма, разрабаваць тое, што пакінулі насельнікі. А пакінулі яны ўсе прыпасы: збожжа, кукурузу, маёмасьць і таксама віно, бочкі якога пазакопвалі ў дварах, на агародах, у хлявах. Усе харчовыя прыпасы падлягалі арганізаванай рэквізіцыі, якую ажыцьцяўлялі інтэнданцкія службы дывізіі. Езь­-дзі­лі па сёлах і ўсё вымяталі падчыстую. Але езьдзілі ня толькі службы – шныралі і байцы з розных часьцей, разьведчыкі ды іншыя. Як ні пільнавалі, яны прарываліся ўдзень і ўначы, выкочвалі бочкі віна, напіваліся, налівалі каністры і бутлі. Кожны дзень былі ў мяне сваркі і стычкі, часьцяком абодва бакі хапаліся за пісталеты. У Барсучэні, аднак, пакуль што бог мілаваў, ніхто не застрэліў нікога.

Фронт стаў у абарону, баі папрыціхлі, але войскі жылі сваім жыцьцём. Ня надта спакойным. Здаецца, у канцы мая ў Барсучэнь прыбыў армейскі інжынерны батальён, які заняў усе пустыя хаты. Штаб яго разьмясьціўся ў хаце цераз вуліцу ад камендатуры. Неяк наведаўшыся туды, убачыў усьмешыстую дзяўчынку ў вайсковым, яна жартаўліва за­гаварыла са мной, памятаю, прасіла пачаставаць арэшкамі. То была Тося, пісар гэтага штабу. Так сталася, што неўзабаве і яна завітала да мяне ў камендатуру, пасьля мы з ёй сустрэліся і прайшліся па вуліцы. А яшчэ праз колькі дзён мне ўжо хацелася бачыць яе штодня… Вакол было войска, салдаты, і яна ўсё часьцей забягала да мяне ў камендатуру, вядома, увечары, як канчалася служба. Як сьціхала вёска, уначы мы гулялі з ёй па вуліцах, сядзелі на лаўках пустых хацінаў. Побач квітнеў бэз, і мы нацалаваліся. Я ўжо кахаў Тосю – першым пакутным каханьнем. Клікалі яе ў штабе «птенчик», і я таксама так клікаў.

Калі я сядзеў адзін у псаломшчыкавай хаце (памятаю, чытаў «Так говорил Заратустра», што знайшоў на паліцы тут жа) зайшоў незнаёмы лейтэнант з інжынернага. Павітаўшыся, зазначыў: «Уполномоченный контрразведки Смерш. Знаете, что такое Смерш?» Як ні дзіўна, але тое слова я чуў упершыню, у нас у вучылішчы гэтых людзей звалі проста «асабісты». «Смерть шпионам!» – растлумачыў лейтэнант. Тут жа ў размове ён не схаваў, што цікавіцца пісарам штаба Кастэнка Таісай. Мне здалося, што ён да яе заляцаецца. Мабыць, так яно і было. Бо калі я расказаў пра гэтую сустрэчу Тосі, тая заплакала. А я падзівіўся: чаго яна так, калі заляцаецца?
Але, мабыць, было чаго ня толькі заплакаць.
У пачатку чэрвеня той інжынерны батальён перакінулі на іншы ўчастак, і я разьвітаўся з Тосяй. Пачалося ліставаньне. Я пакутна перажываў ростань, вельмі чакаў лістоў ад яе, сам пісаў шмат. Тося таксама пісала. Дзе яна была, з лістоў даведацца было немагчыма, так ахоўвалася вайсковая тайна.
Так мы болей і не спаткаліся ў жыцьці.

Здаецца, у сярэдзіне лета мяне з камандай перавялі ў недалёкае сяло Кашкадэнь усё з той жа каменданцкай задачай. Салдаты ў камандзе былі розныя, болей, аднак, немаладога ўросту (самы малады, здаецца, быў я). Намесьнікам каменданта і першым яго памочнікам быў старшына Ганчарэнка, кіраваградскі бухгалтар. Кашкадэнь таксама было эвакуяваным сялом, хаця некаторыя з ягоных насельнікаў павярталіся і жылі ў сваіх хатах. Тут былі меншыя строгасьці, чым у Барсучэнях, бо сяло было ад фронту кіламетрах у пятнаццаці. Клопат мой быў той самы: ахоўваць сяло ад рабаваньня. Усё харчовае, што можна было вывезьці, ужо вывезьлі, не засталося і кукурузы. Віно таксама ўжо ўсё адшукалі шампаламі і паадкопвалі. Часам наведвалася начальства, часьцей – начштабу палка капітан Травін, спакойны, дзелавы чалавек, значна старэйшы за мяне. Неяк пасьля пачастунку ён застаўся пераначаваць і расказаў мне, што ён – сын сьвятара. З прычыны чаго ня надта зрабіў кар’еру ў войску. Неяк прыехаў начальнік штабу дывізіі, палкоўнік Фралоў. Аднойчы ўсё сяло заняла дывізія палкоўніка Машляка, героя Хасана. Ягоныя разьведчыкі вытурылі каменданта з будынку, які спадабаўся і ім. Пасьля злоснай сутычкі, што ледзьве ня скончылася стралянінай, я перайшоў далей ад іх, у іншую хату.

3-і Украінскі фронт усё стаяў у абароне ў Малдавіі, затое перайшлі ў наступ беларускія франты. Яшчэ ў чаканьні гэтай падзеі (у канцы мая) я паслаў бацькам пісьмо – на ўсялякі выпадак. Калі, можа, вызваляць. І во дзіва! Пісьмо маё не прапала, яго атрымалі, і я атрымаў адказ! Пісалі, што ўсё добра, усе жывыя, хоць хапіла рознага. І там жа паведамілі, што атрымалі на мяне пахаронку пасьля зімовых баёў. Але параўналі даты і пераканаліся: жывы.

У сяле за аселіцай жылі дзьве сястрычкі з малым дзяўчынём. У старэйшай, Веры, муж быў мабілізаваны ў румынскую армію, а малодшая, Оля, жыла пры ёй. Часам Оля забягала да каменданта, маўчала, усьміхалася. Была яна прывабнай, прыгожанькай дзяўчынкай, і сэрца дваццацігадовага лейтэнанта – ня камень. Калі-нікалі Оля заставалася і да раніцы.
Пад канец таго Богам пасланага мне ў якасьці падарунка лета здарыўся кепскі выпадак, які ледзьве ня спляжыў усю маю кар’еру. І мусіць бы спляжыў, каб у канцы жніўня не пачалося наступленьне – Яса-Кішынёўская аперацыя.
У сяло прыязджалі ня толькі франтавыя камандзіры, але і партыйнае малдаўскае кіраўніцтва. Неяк прыехаў упаўнаважаны ЦК КП Малдавіі. З ім мы добра выпілі, ды аказалася мала. Віна больш не было. Тады нехта з маіх салдатаў сказаў, што трэба наведацца на хутар, магчыма, там знойдзецца.
Так і зрабілі, паехалі на фурманцы да хутара, не даязджаючы метраў сто пайшлі сьцежкай між збажыны да падворку, і раптам на падворку ўзьнікае постаць нашага салдата, які, крычучы штось п’янае, пачынае страляць па нас з карабіна. Адна куля трапіла ў карабін таго члена ЦК, які таксама хацеў па ім стрэліць, і разарваўшыся на ім (бо была разрыўная) выбіла вока начальніка. Хуценька на фурманцы мы павезьлі яго ў шпіталь, па дарозе дамовіўшыся сказаць начальству, што нас абстралялі немцы (можа, нямецкія разьведчыкі?). Я так і зрабіў у сваім данясеньні начштабу. Але ўсчалося сьледства, і хутка ўсё высьветлілася. Члена ЦК выключылі з партыі (за ашуканства партыі), а на мяне завяла справу ваенная пракуратура. Той жа капітан Травін тады сказаў словы, якія я запомніў на ўсё жыцьцё: «Хіба такое можна схаваць? Тут наогул нічога схаваць нельга». Мабыць, так. Салдата адправілі ў штрафную, а да мяне пачаў езьдзіць сьледчы, пісаць пратаколы.

У жніўні зноў пачаліся баі – прарыў нямецкай абароны, мяне адклі­калі ў полк. Ранічкай мы разьвіталіся з мілым Кашкадэнем і паехалі кудысь на захад, куды перамяшчалася ўся нашая дывізія. У абход Унген. У самым прарыве я ня ўдзельнічаў, прыбыў у батарэю крыху пазьней.
Неяк рухаючыся з салдатамі акрай кукурузнай нівы, наскочылі на двух немцаў, якія змушаныя былі падняць рукі. Мы адабралі ў іх зброю – карабін і кулямёт «МГ-42», абшарылі кішэні. Мне дастаўся трафей – га­дзіньнік у футарале і аўтаручка. Немцаў трэба было адправіць у тыл, але канваіраваць не выпадала. Тады паказаў ім, куды кіраваць і, калі яны адышліся, даў чаргу па-над іх галовамі, – каб не марудзілі.
Пачаліся баі. Пра адзін з іх хацелася б расказаць словамі ветэрана на­шай дывізіі падпалкоўніка А. Піліпенкі, якія надрукаваныя ў кнізе «Наша 252-я», што выйшла ў 1983 годзе ў Пермскім кніжным выдавецтве.
«23 августа в ходе Ясско-Кишиневской операции противник оказал сильное сопротивление его полку, наступавшему в южном направлении вдоль берега реки Прут.
Боевые порядки стрелкового батальона капитана Савченко, которому был придан взвод противотанковых орудий лейтенанта Быкова, атаковала вражеская пехота, поддержанная сильным огнём артиллерии и миномётов. Около трёх часов шёл напряжённый бой. Гитлеровцы несколько раз ходили в психическую атаку, но это им не помогло. Расчёты орудий Быкова, ведя огонь прямой наводкой, посылали снаряд за снарядом в цепи фашистов, заставляя их откатываться назад. Измотав противника, подразделения полка утром 24 августа перешли в наступление.
На рассвете следующего дня гитлеровское командование бросило в бой несколько танков. На участке стрелкового батальона, который поддерживал лейтенант Быков, появились три вражеские машины. Быков подал команду «огонь». Два снаряда разорвались рядом с передним танком, но тот продолжал двигаться. Грянул третий выстрел – и немецкая машина остановилась. Другие вражеские танки стали обходить горящую машину, ведя на ходу огонь по нашим орудиям.
Осколком вражеского снаряда было повреждено орудие, убит его командир сержант Лукьянченко, ранены наводчик и заряжающий. В эту трудную минуту к орудию стал Быков. Через канал ствола он навёл орудие, затем зарядил и выстрелил в приближающийся танк противника. Фашистская машина развернулась на одной гусенице и остановилась…»
Тут, аднак, ня ўсё дакладна. Прозьвішча камандзіра гарматы было іншае. Наводзіў гармату я не праз канал ствала – яе і наводзіць не было па­трэбы, бо танк быў ад гарматы ў 10 метрах. Прыцэл, праўда, быў разьбіты, і мы вазілі гармату да канца 1944 году без прыцэлу. У якасьці запасной. Я так і не дачакаўся яго, бо ў сьнежні 44-га быў паранены і выбыў у шпіталь.
Але гэта – між іншым.
За той бой мяне прадставілі да ўзнагароды, якой я так і не атрымаў. Засталіся толькі паперы, якімі і пакарыстаўся былы афіцэр штабу 252-й падпалкоўнік А. Піліпенка. Што ж – дзякуй яму за гэта.
Баі працягваліся і па той бок Прута, фронт упарта каціўся на поў­дзень да Бухарэста. Я зноў застаўся без гарматаў і быў выкліканы ў штаб палка. Там начальнік штабу прапанаваў мне новую пасаду – ад’ютан­там камандзіра палка. Гэтым камандзірам нядаўна стаў маёр Коваль, даволі крыклівы, нярвовы афіцэр, пераведзены з суседняга палка, і я заўпарціў­ся. Тады, паколькі вольных артылерыйскіх пасадаў не было, мяне прызначылі камандзірам узводу ў роту аўтаматчыкаў. На нейкім падворку прыняў узвод – 15 чалавек, ушчэнт змораных салдатаў і двух сяржантаў. Пачаліся баявыя будні. Звычайна з раніцы мой узвод пакідалі ў рэзерве камандзіра палка. Але праз гадзіну-другую, як пачынаўся бой, ужо кідалі на які фланг, у які батальён. Бегчы трэба было пад агнём, між разрываў. Адтуль зноў беглі кудысь – паступала новая каманда: адбіць атаку, контр­атакаваць, перарэзаць шлях. Пад вечар ужо ня беглі, а ледзьве брылі ад зьнямогі. Праз колькі дзён нас засталося чалавек сем, – на ўзвод, аддзяленьне. Неяк бегалі, адбівалі і контратакавалі. Аж пакуль і ўся дывізія не растала ў баях.

Увосень 44-га ўсю нашу 4-ю гвардзейскую армію выводзілі на перафарміроўку. Наш полк грузіўся на нейкай невялічкай румынскай станцыі. І тады я захварэў на малярыю. (Думалі, што малярыя, бо дужа трэсла). А хутчэй за ўсё была прастуда, бо ехалі пад палаткамі на адкрытых платформах. А ўсё ж быў кастрычнік. Пасьля Чарнавіцаў я ўжо ня мог падняцца, і мяне ўзялі ў вагон санчасьці. Там давалі нейкія таблеткі (стрэптацыд), а я хварэў. Так хворага прывезьлі ў лес пад Луцкам, дзе атабарылася дывізія. Батальёны пасяліліся ў буданах, а для санчасьці адвялі паўразбураны дом без вакон і дзьвярэй. Паслалі саломы і паклалі аднаго хворага – Быкава.

У тым доме я праляжаў з тыдзень і зразумеў (адчуў), што калі ня ўстану, дык памру. Аднойчы ўстаў, нічога ня кажучы дактарам, і, хапаю­чыся за хвойкі, пайшоў да майго ўзводу.
Неяк патроху расхадзіўся.
Там мяне прызначылі на ўзвод ПТА ў другі батальён. Зноў прыняў дзьве гарматы (адну ўсё тую ж, без прыцэлу), шэсьць коней – трафейных нямецкіх біцюгоў. Пачаліся заняткі, вучэньні з баявой стральбой.

Камандзірам батальёну быў (зноў!) старшы лейтэнант Сьмірноў, ня кад­равы, мабілізаваны настаўнік. Жыў ён у зямлянцы з мілай старшыной медслужбы – дзяўчынай у акулярах, што выклікала зайздрасьць і нараканьне камандзіраў рот.
Надвор’е стаяла халоднае, з восеньскімі дажджамі. Усе былі мокрыя. Начальства злавала. Чакалі і не маглі дачакацца, калі ж адправяць на фронт?

Недзе ўжо ў лістападзе перафарміроўка скончылася, дывізіі атрымалі папаўненьне. Ваенны трыбунал асудзіў двух салдат за марадзёрства і згвалтаваньне, і перад нашай адпраўкай на фронт полк быў пастроены літарай П. У сярэдзіне яе выкапалі яму і прывялі асуджаных. Зачыталі прысуд, і каменданцкі ўзвод даў залп. Полк, аднак, прыняў тое з задавальненьнем, бо за час нашай фарміроўкі розныя блатнякі, якіх было ў дывізіі нямала, рабілі набегі на навакольныя сёлы і хутары, рабавалі і забівалі. Тым болей, што, як казалі, яны, – бандэраўцы, «чего жалеть!»…

Перад адпраўкай на фронт атрымаў кароценькае пісьмо ад Тосі. Пісала, што таксама хварэла (ножкі), была недзе ў тых жа мясьцінах – пад Луцкам. Нейкае дужа панылае было пісьмо. Здаецца, я на яго не адказаў – не было пэўнасьці, што будзе з намі, які адрас і г. д.
У лістападзе пагрузіліся ў цяплушкі і паехалі на фронт. Фронт у той час праходзіў у Югаславіі, Трансільваніі. Цягнікі марудна везьлі нас цераз Карпаты. Часта спыняліся. Нас кармілі, як звычайна, па тылавой норме, а для коней корму ніякага не было. Коней кармілі тым, што ўдавалася раздабыць на станцыях у час прыпынкаў. Неяк салдаты назапасілі буракоў, і адна кабыла-біцюг, пераеўшы іх, здохла. На мяне пракуратура завяла справу – за падрыў баяздольнасьці войска, якое адпраўляецца на фронт. Выклікалі ў вагон трыбуналу, вялі допыт салдат ва ўзводзе. Ужо думаў, не дадуць даехаць – асудзяць. Маячыла штрафная, ці штурмбат. Зноў жа быў клопат: як прыедзем, чым цягнуць гармату?
Усё ж выгрузіліся ў Ваяводзіне, каля югаслаўскага гораду Нові Сад. Салдаты раздабылі каня – проста ўкралі: адрэзалі запаснога ад румынскай фурманкі. (Румынская армія тады стала нашай саюзьніцай.) Справа мая ў пракуратуры неяк заглухла. Палкі дывізіі пехатой высоўваліся на фронт. Праходзілі паўз гарады і сёлы Югаславіі, затым Венгрыі. На­зіралі жыцьцё Еўропы, і не маглі ня бачыць, што жыцьцё гэта куды не такое, як у нас. Людское жыцьцё. Ладныя дамкі, ладныя вуліцы. І ў дамках багацей, чым дзе ў нас. І куды болей культуры, добраўпарадкаванасьці. Югаславы сустракалі нас як братоў, венгры стрымана, але ўвогуле добразычліва: венгерская армія тады ваявала поруч з нямецкай – супраць нас. Сьнегу яшчэ не было, ішлі дажджы, ратавала на дарозе адно – плашч­палатка. Ногі заўжды былі мокрыя.

1 сьнежня ўвайшлі ў горад Байя, што ляжаў на Дунаі, уначы прайшлі яго і сталі на беразе вялізнай ракі. Загадалі фарсіраваць. На тым беразе немцы. А шырыня ракі кіламетры паўтары. Дажджы скончыліся, стала прымарожваць. На траве ляжала шэрань.
Паставіў сваю гармату па-над берагам. У прызначаны час пачалася страляніна. Па тым беразе біла палкавая артылерыя, дывізійная і тая, што нас падтрымлівала. Але той бераг маўчаў. Ды і ні чарта там не было відаць. Апоўначы прыходзіць камбат капітан Сьмірноў, кажа: «Што ты б’еш немаведама куды? Траціш снарады. А на тым беразе чым будзеш адбіваць танкі?» Наогул, правільна, перастаў страляць. Аж прыбягае начартпалку, крычыць: «Пачаму перастаў страляць? Пачаму не падтрымліваеш пераправу?». Таксама правільна, пачаў страляць.

Той начы, аднак, пераправа аказалася няўдалай, перадавую групу, што пераправілася, немцы на беразе ўсю расстралялі. Пад ранак прыплыў адзін разьведчык – паведаміў…
На дзень нас адвялі ад ракі. Пасьля падышлі бронекацеры Дняпроўскай флатыліі, якія пачалі пагрузку на борт. Але бяз коней. Я занепакоіў­ся: як жа бяз коней? Але на тым беразе коней хутка раздабылі – у першым жа сяле – цягнуць гармату і нават мне – ладную кабылку з сядлом. Толькі сядаць на яе пакуль не было дзе – пачаліся баі.

Пачалося маруднае наступленьне па схеме: дзень ішоў агнявы бой, а ўве­чары немцы недалёка адыходзілі – да наступнага сяла ці гарадка, і мы пасоўваліся за імі. Мясцовасьць сьпярша была з лясамі і пагоркамі, пасьля пачалася раўнінная забалаць з мноствам меліяратыўных каналаў. На палях стаяла няўбраная кукуруза, якая была для нас неблагім сховам у нашых палявых манеўрах. Кепска, што высока стаялі грунтовыя воды, і акопчык можна было выкапаць толькі да калена, далей вада. Але клаліся і ў ваду. Асабліва пад абстрэлам. А абстрэльвалі немцы заўжды здаля – артагнём, зблізку – мінамётамі і з кулямётаў.
Камбат старшы лейтэнант Ігар Сьмірноў камандваў учэпіста, не даючы продухі. Дзе б ні былі, увечары склікаў камандзіраў рот, падводзіў вынікі, ставіў задачы. І даваў вымовы. Але ў баі ён быў усё ж у тыле, праз які кіламетр ад ротнага ланцуга. Бліжэй за іншых да нас заўжды апынаўся яго намесьнік па страявой старшы лейтэнант Салярэнка. Гэта таксама быў крыклівы камандзір, але не такі зласьлівы, як камбат.

Стралялі мае артылерысты мала: бераглі снарады, падвозу якіх з-за Дунаю не было зусім. Праўда, пакуль што не было і нямецкіх танкаў. Затое дужа ўпарцілася нямецкая пяхота. Пад гарадком Цэцэ мы ляжалі на мокрым полі пад абстрэлам брызантнымі амаль суткі. Уначы рушылі: немцы пакінулі паўднёвы прыгарад, але засталіся на паўночным. Я з гарматай трохі адарваўся ад батальёну (шукалі пераезд цераз меліярацыйны канал), а пасьля цераз горад шукаў полк. І на сьвітаньні падскочыў на маёй кабылцы пад нямецкі кулямёт. Зьнянацкая чарга зваліла кабылку пад драцяную агарожу, цераз якую я кулём пераляцеў у гарод. Гэта мяне і ўратавала. Але не кабылку.
Перад тым уначы, таксама шукаючы КП батальёну, я заблудзіў. Езьдзіў-езьдзіў па палёх, цераз плантацыі вінаграду, нідзе ня мог знайсьці сваіх. Нарэшце ўбачыў: быццам нехта акопваецца на краі вінаградніку. Але менавіта тое, што акопваўся, трохі мяне насьцярожыла, і я моўчкі, ціха ехаў туды. Блізка стаў, услухаўся, і мне стала страшна – размаўлялі па-нямецку. Я павярнуў назад. Але куды было ехаць? Тады заўважыў, што кабылка ўвесь час забірае некуды ўбок, і я адпусьціў повад. Яна і прывяла мяне да КП батальёну. Дзе былі звыклыя для яе коні.
А вось як клікалі кабылку – забыўся.

Была восень, сьцены ўсіх венгерскіх паселішчаў чырванелі ад пляцёнак перцу (папрыкі), якая тут была чымсьці накшталт беларускай бульбы. З яе венгры (мадзяры) гатавалі безьліч страваў. Перападала і нам. Наогул, мы тут болей былі на падножным корме, якога багата было ў кожнай вёсцы, амаль у кожным двары. Як праходзілі па вясковай вулі­цы, салдаты забягалі ў двары і хутка выбягалі адтуль то з боханам белага хлеба, то з кумпяком ці банкай кампоту, а то і з бутляй ці каністрай віна. На батальённую кухню па кашу ніхто не хацеў ісьці – прысылалі пісьмовы загад, бо нельга было гатаваць абед, калі не разабраны сьняданак.
А нас каля гарматы няблага карміў запасны разьлік Закірава. Там быў наш абоз і тыл. І тады думалі: добра мець гармату без прыцэлу.

На подступах да Секешфехервара, недзе ў раёне паселішча Шар-Карастур, баі сталі асабліва ўпартыя. Цэлы дзень мы біліся за ўскраіну сяла Тач, ды так і не ўзялі. На другі дзень тут паявіліся танкі і паляцелі «месершміты», пачалі бамбіць. Пяхота пачала ўцякаць ад ускраіны ў поле. Тое я заўважыў позна, а як заўважыў, адступаць стала позна, на ўскраіну выйшлі танкі. Да таго мы не стралялі, але па бліжэйшым танку адкрылі агонь, і той спыніўся на агародзе. Праўда, не загарэўся. Скарыстаўшы мо­мант, мы на руках адкацілі далей гармату, туды, дзе пабегла пяхота, там быў лясок. Але на паўшляху да яго ўперліся ў канал метраў пяць шырынёй, поўны вады. Тут і спыніліся. Я ляжаў на адкосе, назіраў за ваколіцай. І раптам як плясьне перад тварам, гразёй заляпіла вочы. Як я працёр іх крыху, убачыў перад сабой азадак снарада, што тырчэў з зямлі. Не разарваўся, дзякаваць богу. Танкі лупілі цераз нашы галовы па ляску.

Пад вечар, як трохі сьціхла, камандзір гарматы сяржант Сьвінцоў кажа: трэба схадзіць на КП батальёну, падаць заяўку на падбіты танк (такі быў парадак). А я быў змораны, зьнерваваны, ды і танкі стралялі яшчэ. Кажу: схаджу потым.
А як пайшоў уначы дакладваць пра бой камандзіру батальёну, той, выслухаўшы, кажа: «Ну во, ужо трэці падае заяўку. На адзін танк. Я яго яшчэ раніцай аформіў на маіх мінамётчыкаў».
Так я і вярнуўся з дуляй. А Сьвінцоў кажа: «Умей падбіць, але ўмей і далажыць. У час».
Што праўда, то праўда.

Той ранак застаў нас каля меліярацыйнага каналу, дзе мы ўчора і спыніліся.
Але пяхота ноччу разьведала, што немцы адышлі з паселішча, і яна хутка заняла яго. Як разьвіднела, мы таксама падагналі коней і пераехалі невялікае сяльцо Таг. Па той яго бок было шырокае, бясьсьнежнае яшчэ, але ўжо ўмерзлае поле. Там заляглі ротныя ланцугі. Мы трохі ад’ехалі ад дарогі і адчапілі ад перадка гармату. Толькі пачалі яе акопваць, як наперадзе загрымела… Наўкось цераз дарогу ішлі танкі.

Танкаў было няшмат, можа сем ці дзесяць, і мы ня дужа сьпяшаліся.
Яны спыніліся перад батальёнам і пачалі метадычна расстрэльваць адзіночныя акопчыкі. Мабыць, снарадаў у іх было багата.
Мая саракапятка адкрыла агонь. Наводчык Пронін быў неблагі артылерыст, але ўсё ж адлегласьць была велікаватая для нашай гарматы. Ле­жачы крокаў праз пятнаццаць ад яе, я назіраў у бінокль. Трасеры бранябойных недзе там ля танка рыкашэцілі і адляталі ў хмарнае неба. Відавочна сьпярша танк нас не заўважыў, але вось прыкмецілі. У бінокль я згледзеў, як той бліжэйшы ад дарогі танк пачаў паварочваць гармату – у наш бок. Я закрычаў наводчыку, каб ён хутчэй, каб апярэдзіў ягоны стрэл, замахаў рукой, каб зразумеў камандзір Сьвінцоў. Аднак наводчык не пасьпеў. Перада мной грымнула, акаціла мяне гарачым паветрам і зямлёй, сыпанула камякамі… Дужа запякло руку. Зірнуўшы на правую кісьць, я ўбачыў кроў, якая лілася па рукаве, па пальцах… «Агонь, Пронін, агонь». Пронін яшчэ двойчы стрэліў, ды марна, снарады той танк ня бралі – было далёка. За час гэтай калатнечы мы, аднак, перасталі пазіраць у бок, дзе за прыдарожным кустоўем, аказваецца, паявіўся і яшчэ адзін танк. Мы адчулі ягоную там прысутнасьць, як ён урэзаў па нас з кулямёту. Людзі за гарматкай пападалі ніц, Сьвінцову прастрэліла плячо, двух забіла паміж станінаў.
З адной рукой я быў не ваяка, і, пакінуўшы ля гарматы Закірава, папоўз у тыл. Бой на полі неяк сьціхаў.
Там ля дарогі ў пасадцы, дзе быў перадок з коньмі, мяне перавязалі. Далейшы мой шлях быў у паселішча, дзе я знайшоў палкавую санчасьць.

Начальнік санчасьці выцягнуў з рукі даволі вялікі востры асколак і выпісаў накіраваньне ў шпіталь. Сказаў, што раненьне не цяжкое, але гэтыя косьці – з імі заўжды невядома як будзе. Але адправіцца ў шпіталь пакуль было неяк – не было транспарту, і я, люляючы маю ляльку-руку ад болю, прабыў ноч у мадзьярскім доме. Дачка гаспадара карміла мяне, а пасьля малявала спрытныя дзявочыя фігуркі – такія, як у часопісах мод. Аказваецца, яна працавала мастаком-мадэльерам у Будапешце.
Раніцай на грузавой машыне з групай параненых я паехаў па знаёмай дарозе на поўдзень.
Нас прывезьлі ў невялікі гарадок Сексард, дзе на цэнтральнай вуліцы быў гатэль, які занялі пад шпіталь. Пасьля памыўкі абмундзіроўку пакі­нулі, у якой мы былі. Я быў апрануты ў жоўтую венгерскую скуранку, з пілоткай на галаве. Быў у мяне і прыхаваны пісталет – нямецкі «Вальтэр»: штатны ТТ змушаны быў здаць у палкавой санчасьці. Пасьля пера­вязкі атрымаў месца – у аднамесным нумары таго гатэлю-шпіталю. Але ложак ужо быў заняты афіцэрам, параненым у сківіцу. Галава і твар яго былі абматаныя бінтамі, і ён выглядаў, бы касманаўт у шпіталі.
Доктаркі былі дзьве, маладыя жанчыны, мяне лячыла маладзейшая, ардынатар. Пасьля рэнгену аказалася, што між фалангамі ў ране ёсьць яшчэ невялікі асколак, і яна, расьсекшы ранку, выняла яго. Яшчэ меншы асколачак, аднак, застаўся ў руцэ назаўсёды.
Гэты шпіталь быў нібы дом адпачынку, тое, што балела рука, было не ў залік. Я навучыўся ўпраўляцца адной. Прыгожы невялічкі гарадок вабіў утульнасьцю сваіх цэнтральных вулічак з фантанамі і мармуровай скульп­турай. Там жа быў рэстаран, дзе нас абслугоўваў вёрткі, цыганістага вы­гляду, гарсон. На фасадах дамоў бялелі і чырванелі аб’явы з заклікам усту­паць у венгерскую камуністычную партыю. А на гары за горадам, сярод вінаграднікаў былі вінныя сутарэньні, поўныя віна ў прастрэленых вялізных бочках. Віно па канавах цякло аж да гораду: наш брат-вызваліцель не цырымоніўся з буржуямі.
Параненыя са шпіталю пратапталі на тыя сутарэньні сваю сьцежку. Пару разоў схадзіў і я з аплеценым бутлем. Але другі раз мне не пашэньціла: у двары шпіталю мяне затрымаў нампаліт, адабраў бутлю і мой «Вальтэр», якога мне было шкада і які мне неўзабаве дужа спатрэбіўся б.

Калі-нікалі мы пачалі наведваць сядзібы багацейшых мадзяраў, – проста так, дзеля знаёмства. Дзеля пачастунку. Венгры заўжды частавалі гасьцей-заваёўнікаў. Тады яшчэ яны не называлі нас вызваліцелямі.
Мы выбралі той раз прыстойны катэдж на краі гораду, зайшлі. Гаспадары адразу пасадзілі нас за столік, нарэзалі каўбас, вяндліны. Гаспадар прынёс невялічкі графінчык чагось рудога. Мы думалі, віно, і пашкадавалі, што так мала. Аднак выпіўшы па тры-чатыры чаркі, зразумелі: э, нешта ня тое… Аказалася, то быў каньяк, які я тады пакаштаваў упершыню ў жыцьці. Гаспадар, які аказаўся мясцовым банкірам, трохі гаварыў па-руску. Тады ён сказаў нам тое, што нас амаль абурыла (асабліва майго напарніка-сібірака);
– Фашызм і камунізм – два канцы, адна палка.
Тое я моцна запомніў, хоць сьпярша і быў з ім нязгодны.

У шпіталі, вядома, былі маладзенькія сёстры, а таксама параненыя вайсковыя дзяўчаты. Мне прыглянулася адна з фізіятэрапіі: статная, з кароткай стрыжкай (пасьля тыфу) бландынка Галя, некалькі разоў я праводзіў яе са шпіталю да кватэры, дзе яна жыла. Пазнаёміўся яшчэ з Валяй, лейтэнантам медслужбы з нашай 4-ай арміі. З імі і яшчэ з некалькімі параненымі афіцэрамі мы сустрэлі новы 1945 год. Выпілі трохі віна, памарылі пра будучае.

А тое будучае неўзабаве паднесла нам сюрпрыз. Адразу пасьля новага году немцы вялікімі сіламі прарвалі наш фронт. Сексард апынуўся пад пагрозай захопу. Параненыя былі ноччу паднятыя па трывозе, тых, што не маглі хадзіць, уладкавалі на які-колечы транспарт, а хадзячых ад­правілі сваім ходам.
Пісталет мне мой не аддалі, далі кавалерыйскую шаблю, і мы праз завею рушылі на поўдзень... Я ішоў з Галяй, разам з яшчэ некалькімі параненымі. Тую ноч, а затым і дзень мы шмат перажылі і шмат перагаварылі. Цераз Дунай перапраўляліся пехатой па крыгах, ледзьве не патанулі. Затым сушыліся на левым беразе каля Баі, зноў ішлі і ехалі да Сегеда, куды эвакуяваўся ўвесь наш шпіталь. Там я нядоўга далечваўся…

У канцы студзеня мяне выпісалі са шпіталю і накіравалі ў аддзел кадраў арміі, які знаходзіўся ў Дунайварашы. Па дарозе я завітаў у ранейшы шпіталь, які ўжо быў у новым месцы пад Будапештам, коратка пабачыўся з Галяй. Сумнае было тое спатканьне. І апошняе. У Венгрыі пад Балатонам ішлі лютыя баі, туды кідалі ўсё, што было на нашым фронце. Фронт пасьпяхова перамолваў і людскія рэсурсы.
Болей Галю я ўжо ніколі ня бачыў.
У аддзеле кадраў артылерыі мне далі накіраваньне ў 10-ю супрацьтанкавую брыгаду, якая была на фарміроўцы па той бок Дуная. Мне гэта падабалася, бо дужа ўжо апрыкла ваяваць у пяхоце. У брыгаду я ішоў яшчэ з двума лейтэнантамі – Івановым і Ражковым. Тыя наадварот – былі дужа засмучаныя, бо разьлічвалі на пасады ў карпусной артыле­-рыі – па сьпецыяльнасьці. Абодва яны толькі што адбылі свой тэрмін у штурмбаце, куды трапілі як акружэнцы, што прыжыліся на Адэсчыне пасьля летняга разгрому ў 41-м годзе. Я іх супакойваў. Мне здавалася, што пасьля пяхоты горш ня можа быць. Зрэшты, для мяне і не было. У іх жа, канешне, тое прызначэньне ў супрацьтанкавую артылерыю выклі­кала расчараваньне.

10-я зьнішчальна-супрацьтанкавая брыгада была кінутая ў студзеньскіх баях насустрач нямецкім танкавым дывізіям пад Балатон і амаль уся там засталася. Рэшту афіцэраў і салдатаў вывелі недалёка ў тыл і там хутка папаўнялі. Нас трох разьмеркавалі па батарэях. Я трапіў у 2-ю батарэю старшага лейтэнанта Ахрына. Яшчэ ў батарэі быў лейтэнант Борматаў і лейтэнант Калегаў. Камандзір палка падпалкоўнік Аўчароў сьпярша загадаў мне зьняць маю белую кубанку, якую я сабе справіў у Сегедзе, надзець армейскую шапку. У палку (1245 ІІПТАП) кожны дзень ішлі заняткі, звычайная служба. Аднойчы, калі я быў у каравуле, здарыўся пажар, я тушыў яго і спаліў полы свайго шынялю. Нарэшце атрымалі гарматы 76мм ЗІС-3, якія ня дужа былі здатныя для вайны супраць танкаў. Але я быў рады: у параўнаньні з маімі ранейшымі саракапяткамі гэтыя здаваліся сілай. У канцы лютага мы выехалі на фронт, які быў недалёка, кіламетраў праз пяцьдзясят. Гарматы цягнулі магутныя амерыканскія «Студэбекеры», і я дужа радаваўся.
Сьпярша займалі ПТОРы (супрацьтанкавыя абарончыя раёны), дзе-небудзь за пяхотай, але не на перадку. Акопвалі гарматы, маскавалі і чакалі, калі будзе прарыў нямецкіх танкаў. У нашай батарэі аказалася тры гарматы, якія камбат падзяліў так: дзьве гарматы Борматаву і адну – Быкаву. (Зноў, значыць, з адной гарматай.) Але з таго я не сумаваў. У разьліку было некалькі чалавек з Беларусі (Заходняй), а камандваў ім старшына Лук’янчанка, стары салдат з трыма ордэнамі. Ён звыкла клапаціўся пра ўсё.
Карміліся вельмі добра, з мясам, часьцяком і з віном, – пра тое дбаў старшына батарэі Жараў. Калі было ціха, наведваліся ў бліжняе вянгерскае паселішча, які фальварак. Вячэралі і распытвалі мадзяраў пра іх аднаасобную жытку, параўноўвалі з савецкай, калгаснай. Тое параўнаньне, вядома, было ня ў нашу карысьць. Добра, заможна і культурна жылі венгры, было даволі і хлеба, і мяса. З агародніны і садавіны нічога ў іх не прападала. Усё перапрацоўвалі і захоўвалі ў склепах і сутарэньнях, звычайна скрозь застаўленых слоікамі, гаршкамі і бутэлькамі. Неяк сядзе­лі, як бамбілі фальварак, елі і пілі ў тым склепе, і хтось пажартаваў: хай бы яны (немцы) бамбілі хоць тыдзень. Харчу і пітва хапала…

Часам на батарэю прыходзіў камсорг палка. Павячэрае з камбатам, вып’е. Зойдзе на агнявыя. «Ну як вы?» Нічога. Праверыць планы камсамольскай работы. Баявы лісток. Вельмі клапаціўся, каб гэты бланк баявога лістка быў запоўнены. І пойдзе. Канешне, у тыл, дзе болей спакойна і бліжэй начальства.
У баі мы яго ніколі ня бачылі.
Ды і што яму рабіць у баі?
Звычайна, калі была вольная часіна, я маляваў у невялічкім альбомчыку, алоўкам. Так, замалёўкі быту, партрэты-профілі салдат, пейзажы. Апошні малюнак зрабіў на гэтай агнявой. Там ён і застаўся.

Сьнег ужо растаў, поле было голае, чорнае, мы як заўжды займалі ПТОР. Перадавая пяхота была кіламетры праз тры наперадзе. Я прачнуўся ў бліндажы на золку ад страшэннага грукату, грому, – выскачыў да гарматы, дзе ўсё раўло, і праз дым пырскалі іскры полымя. На нас накіравалі «месершміты»: з кулямётаў яны стралялі па агнявых пазіцыях, запалілі скрынку з сігнальнымі ракетамі, і тыя гарэлі, разьлятаючыся ва ўсе бакі. Уся агнявая была ў дыме. Мы кінуліся тушыць пажар, а ў той час за дарогай поўз густы танкавы грукат. Стрэлы і выбухі скаланалі зямлю ва ўсіх напрамках, цяжка было зразумець, што адбываецца. Дым і пажар на нашай агнявой, аднак, уратавалі нас, бо за той час за дарогай прайшла калона нямецкіх танкаў, якая зьлізала з зямлі ўсю нашу артылерыю і пяхоту. Нашая другая батарэя была па гэты бок дарогі, і яна ўцалела, хоць засталася ў тыле танкаў. Хутка Ахрын атрымаў загад камандзіра палка адыходзіць кружным маршрутам, і да гармат пад’ехалі «студэбекеры»: мы, шалёна сьпяшаючыся, пагрузіліся.
Цэлы дзень і ноч мы выбіраліся з акружэньня, ехалі па нейкім лесе, ровах; як праязджалі адкрытую мясцовасьць, танкі расстралялі дзьве машыны з разьлікамі. Нас усё ж бог убярог.
Ранак застаў нас на нейкім фальварку. Тут сабралася ўсё, што засталося ад палка. Мы кіравалі на пераправу, што была пад станцыяй Шыманторніа, але спазьніліся – пераправу ўжо занялі немцы.

У нас засталіся дзьве гарматы, якія паставілі ў вішаньніку па абодва бакі фальварку. У машыне-радыёстанцыі камбрыг палкоўнік Парамонаў зьвязаўся па радыё з начальствам. Перад маім разьлікам ляжаў голы, шырокі роў, за якім ішла шаша на станцыю. І на гэтай шашы і абапал раптам пайшоў танкавы натоўп – іначай ня скажаш – можа, сотня танкаў. Усё навакол скаланалася, дрыжэла і раўло. Камандзір брыгады загадаў мне адкрыць агонь. І ў ранішняй смузе над ровам бліснуў першы трасер. Але чаму ён пайшоў далёка за танкі – у неба? Я кінуўся да наводчыка Расцалуева, мы паправілі прыцэл, той навёў – стрэл і – снарад ударыў праз 15 метраў у зямлю. Гармата аказалася няспраўная. Цягаючы яе ноччу па ровах і зарасьніках, мы, відаць, пашкодзілі цягі яе прыцэлу. Агонь спынілі. Зноў тое нас уратавала.

Танкі прайшлі на пераправу, нас у фальварку зусім адрэзалі. Камбрыг загадаў мне з групай салдатаў абыйсьці Шаманторніа збоку, пераправіц­ца цераз канал Шыо і зьвязацца з нашымі, што былі па той бок каналу.
З групай чалавек дванаццаць я перайшоў цераз роў, і полем мы пайшлі да каналу. Але нас тут добра бачылі з пагоркаў з-за каналу, і з цяжкіх мінамётаў пачалі абстрэл. На тым адкрытым полі я страціў трох забітымі, чатырох параненымі і зразумеў, што яшчэ на падыходах да каналу нас усіх пераб’юць. Мы ўзялі двух цяжкапараненых і вярнуліся на фальварак. Камбрыг мяне дужа аблаяў, але болей туды не пасылаў. Ён паслаў другую групу на чале з лейтэнантам Борматавым у бок да станцыі. Тыя таксама не прабіліся, але Борматаў супрацьтанкавай гранатай падарваў нямецкі танк на шашы і таксама вярнуўся.
Цераз канал рашылі прарывацца, як сьцямнее.
Нас сабралася невялікая калона, машынаў, можа, шэсьць. Гарматы, вядома, наперадзе. Мой «студэбекер» ішоў другім. Перад пантонным мастом на пераправе быў закрыты шлагбаум, немец у касцы паказаў нам чырвоны кружок, хальт, маўляў. Але замест таго, каб спыніцца, пярэдні «студэбекер» даў газу, зьбіў рэгуліроўшчыка, шлагбаум і выскачыў на пантон. За ім астатнія. Немцы ачомаліся не адразу, абстралялі з аўтаматаў апошнія машыны, а першыя ўжо схаваліся на паваротцы, за каменнымі дамамі на вуліцы.
Мы праскочылі начное паселішча і выехалі на дарогу па той бок станцыі.
Тут камбрыг падаў каманду спыніцца.
Агнявыя пазіцыі занялі ўправа ад дарогі. Мой разьлік на краі кукурузнага поля, што займала тут схіл вышыні. Вышыня ляжала перад намі, гэта быў даволі вялікі і высокі пагорак на поўдзень ад станцыі. Зьлева ад нас была дарога і блізка за ёй пракляты канал Шыо.
Немцы былі на вышыні і за каналам.
За ноч мы як-колечы акапаліся, замаскавалі гармату. А раніцай пачаўся бой – за вышыню, на якой абаранялася нашая пяхота. Немцы ірваліся пашырыць плацдарм. Сьпярша бамбілі іх самалёты. Лежачы ў ровіку побач з гарматай, я назіраў за іх д’ябальскай карусельлю. Высунуцца з ровіку было нельга, і за вышынёй я назіраў толькі бокам, праз адзін акуляр бінокля. Мы былі бліжэй за ўсіх ад немцаў, але дужа старанна замаскавалі гармату, і яны стралялі цераз нашыя галовы ў наш тыл.

Упартыя баі за тую вышыню працягваліся цэлы тыдзень. Некалькі разоў немцы зьбівалі з яе нашу пяхоту. Аднойчы раніцай рэшткі яе ўцяклі ў тыл, мінаючы наш разьлік. Некаторыя мае хлопцы запанікавалі: трэба ратавацца. Але я меў загад: ні кроку назад, і мусіў яго выконваць. На шчасьце туманным ранкам немцы нас не заўважылі ў кукурузе, пад сваім носам. Увесь іх агонь быў скіраваны далей, у наш тыл. Тым іх агнём быў забіты камандзір пятай батарэі капітан Кавалёў, сьмяротна паранены камандзір палка Аўчароў, забіта нямала салдатаў. Пасьля ўначы на падмогу нам падышлі з тылу танкі, але як разьвіднела, іх папалілі «тыгры»: б’ючы з-за каналу. Неяк ноччу нас прабамбілі нашыя ж «кукурузьнікі», павесілі бомбы-ліхтары і адбамбіліся.
Трэба было ўтрымацца, не пусьціць далей немцаў, асабліва іхнія танкі.
Звычайна ўначы праводзілася палітработа. З тылу прыязджалі камсорг, парторг, прапагандыст палка на чале з нампалітам маёрам Цквітарыям. Ён зьбіраў разьлікі і «талкал» ім мараль. Якраз у такі час пачаўся артналёт, салдаты шмыганулі ў перапоўнены ровік. А тоўсты маёр Цквітарыя ляжаў зьверху і крычаў: «Пусьціце мяне, я намесьнік камандзіра палка». Як налёт скончыўся, усе вылезьлі, і маёр ніякавата ірвануў у тыл.

Праз колькі дзён ноччу маю гармату вывезьлі з-пад носа ў немцаў, крыху далей ад вышыні. Тут ужо можна было хоць зірнуць сьмялей з ровіку. Мы чакалі танкаў. Але танкі таранілі нашу абарону па той бок станцыі – на паўднёвы усход. Ім трэба было прарвацца да Дунаю.

Ноччу, як трохі заціхаў бой, сваю работу вялі і нямецкія агітатары. Іх самалёты ўдзень засыпалі нашы пазіцыі ўлёткамі з заклікамі, каб здаваліся, пераставалі ваяваць за крывавага Сталіна. Ноччу з вышыні праз дынамік пачынала гучаць знаёмая музыка – песьні пра Волгу, пра ямшчыка, а затым выступалі прапагандысты. На добрай расейскай мове ўсё выкрывалі пра крывавы сталінізм, ангельскую плутакратыю, пагражалі вялікаю карай, калі хто не захоча здацца ў палон. Здавацца, аднак, у нас не было дурняў.
8 сакавіка на сьвітаньні недзе за вышынёй грымнуў магутны выбух, і мы зразумелі – штось здарылася. І праўда, здарылася – немцы ўзарвалі пераправу і пачалі адыход на поўнач, за Балатон. Неўзабаве наша пяхота ўжо была на вышыні: хадзіла там, не баючыся, ва ўвесь рост. Мы таксама завіталі туды. Заўжды страшнавата і цікава зазірнуць туды, дзе быў вораг. Схілы вышыні былі заваленыя трупамі – нашых і немцаў, уся зямля перакапана траншэямі, абрушана выбухамі бомбаў і снарадаў. Сьвежыя трупы немцаў былі пры зброі, з майном, і нашыя мелі магчымасьць пажывіцца.

У той дзень мы паехалі на поўнач, наўздагон ворагам. Недзе ненадоўга спыніліся, пераначавалі пад дахам, а галоўнае – атрымалі папаўненьне і новую матчасьць. Гармату маю замянілі (як і ўсім) на 57-міліметровую супрацьтанкавую. Гэта сапраўды была добрая гармата супраць танкаў, – трапная і добра прабівала браню. Я яе сам прыстраляў – за 1 км у ствол тонкага дрэўца. Толькі думаў: вось каб такую ды раней, калі я быў у пяхоце.

Ехалі ў напрамку Секешфехервара па знаёмай дарозе. Камандзір палка спыніў калону, загадаў камандзірам батарэй заехаць на свае былыя АП, каб забраць снарады, што не пасьпелі забраць, як адтуль нас выбілі немцы. Мы з камбатам Ахрыным паехалі на АП першай батарэі, дзе цераз дарогу ад маёй гарматы засталіся дзьве гарматы лейтэнанта Беражнога. Ягоная агнявая пазіцыя была разварочаная гусеніцамі цяжкога танка, гармата разьбітая снарадам, між станінаў ляжалі два забітыя, а на брустверы, зьвесіўшы ногі ў ровік, ляжаў Беражны. Кішэні ягоных штаноў былі вывернутыя, ордэн зрэзаны з грудзей. Мы сьпяшаліся, але закапалі ў тым ровіку забітых, забралі снарады ў скрынках і паехалі даганяць калону.
А якраз за дзень да нямецкага прарыву я ўзяў у Беражнога кніжку Драйзера, ды так і не пасьпеў вярнуць.
Гэта быў мой другі сябра з аднолькавым прозьвішчам Беражны. Нават і імя тое ж: Мікалай. Той, першы, мой аднакашнік па вучылішчы, загінуў на 2-ім украінскім фроньце.
Зрэшты, і камадзіраў батальёнаў у мяне было два па прозьвішчы Сьмірноў. Адзін загінуў, другі застаўся жывы.

Вялікіх баёў на поўнач ад Балатона ў нас не было, аж пакуль мы не паспрабавалі перарэзаць ім шлях да адступленьня.
Усю ноч нас кідалі ў розных напрамках, ехалі то па прасёлках, то па полі. Праз нейкія паселішчы і ляскі – то на поўнач, то на ўсход. Ахрын трымаў радыёсувязь з камандзірам палка, які мяняў нам напрамкі. Нарэшце пад ранак пераехалі нейкае паселішча і спыніліся. Камбат загадаў займаць агнявыя пазіцыі.
На краі сяла былі сьцірты саломы, каля адной мы і нарыхтавалі гармату. Праз прыцемак ночы ня шмат было відаць, але мы чулі нейкі гул, грукат наперадзе. Там была дарога, і па дарозе ішлі і ехалі немцы. Мы напружана чакалі сьвітаньня.
Як трохі стала відаць у прыцэл, наводчык Расцалуеў клікнуў мяне. Праз оптыку прыцэлу стала відаць у тумане суцэльная калона: машыны, танкі, падводы і пяхота. Мы тут жа адкрылі агонь.
Камандзір гарматы Лук’янчанка сваю справу ведаў, і як толькі загарэліся два танкі, загадаў страляць асколачнымі, каб болей параніць пяхоты. Колькі хвілінаў мы малацілі іх з адлегласьці якіх 800 метраў, усё там гарэла, дыміла, крычала і сквірчэла. І ніякага супраціўленьня. Немцы кідалі машыны, ратаваліся пешшу. А мы іх – асколачнымі.
Як разьвіднела, бой скончыўся.
Троху пагадзя мы пайшлі на шашу паглядзець на сваю работу. Слаўная была работа, здаецца, я расплаціўся за ўсе свае няўдачы і паражэньні. І трафеяў тады ўзялі. Толькі адзін з недабіткаў-немцаў падстрэліў нашага старшыну батарэі.

1 красавіка выйшлі на мяжу з Аўстрыяй...