12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Васіль Быкаў

_____________________
Пункціры жыцьця.
Заканчэньне

Сшытак другі.

Гэты сшытак пачынаецца з картаў. Тое мне здаецца сімвалічным. Я заўжды любіў карты. І сёньня магу разглядваць іх гадзінамі. Хоць бы і знаёмыя.
А як былі дорагі карты ў вайну. Для кожнага афі­цэра. Асабліва артылерыста. Бяз карты нельга было страляць. Нашых картаў, на жаль, было мала, ды і недакладныя яны былі. Калі трэба былі дакладныя (артылерыстам), звычайна стараліся дастаць нямецкія. Немцы лепей за нас ведалі нашую мясцовасьць.
Але гэта між іншым.

25 сьнежня 1993 г.

Шкада, тут няма карты Беларусі.



Гэтая філія Саюза мастакоў, а дакладней – майстэрня, была ў адным пакойчыку на першым паверсе старога дому. За сталом сядзела сакратарка – прыгожая дзяўчына Марыя, неўзабаве паявіўся і Віктар Марозаў – сярэдніх гадоў мужчына, былы камбат супрацьтанкавых гарматаў, з ордэнам Чырвонага сьцягу на борце. Я расказаў пра сябе. Віктар Фёдаравіч уздыхнуў, але тут жа і засьмяяўся: «Што ж, будзем працаваць. Каб толькі была праца. Ну але ладна. Кватэра ёсьць?» – «Не, няма». – «Ну, кватэру знойдзем. Трэба ў Мар’і Іванаўны папытацца. А чамадан пакуль што можна во ў Коха пакінуць». Ён кіўнуў у бок франтавата апранутага чалавека з бародкай, мастака Коха, які таксама згодна заківаў галавой. «Ну так, мо-о-жна?». Неўзабаве ён павёў мяне да сябе на кватэру, кудысь за вакзал, там яго гаспадыня пачаставала мяне кубкам малака з лустай хлеба. Можна было жыць.

Надвячоркам у майстэрню сабраліся гарадзенскія мастакі, апроч ужо вядомага В. Марозава, прыйшоў Ігар Васільевіч Сямёнаў, загадчык майстэрні Яфім Сальнікаў, павялі мяне некуды за Нёман. Перайшлі пантон – прыгожы і, мабыць, высокі мост быў узарваны і ляжаў пралётамі ў вадзе. На пачатку вуліцы Ласасянскай стаяў ладны дамок, дзе кватараваў былы сяржант падначаленай Марозаву батарэі – Фёдар Іванавіч Лукаянаў з жонкай Марыяй Іванаўнай і двума дзецьмі. Яны і прынялі новага кватаранта, адвёўшы яму невялікі пакойчык з тахтой пры сьцяне. У той жа вечар пайшлі гэтую справу абмыць. Абмывалі ў рэстаране «Нёман», пасьля чаго ў мяне засталася якіх рублёў 300 грошай. Ну але тое – не бяда, сказалі мне мае новыя дружбакі, шчасьце – ня ў грошах. Увогуле я быў згодны. На той час.

Пачыналася маё новае жыцьцё «на гражданке», якога я ня ведаў, да якога ня быў прызвычаены. Мар’я Іванаўна, мілая гаротніца-жанчына, клапацілася пра мяне, бы маці: і пакорміць сьняданкам, і памые бялізну. Фёдар Іванавіч недзе працаваў у партыйна-гаспадарчым апараце, вяртаўся ноччу, як правіла, пад моцным хмелем. Часам буяніў, памыкаючыся біць Мар’ю Іванаўну – была ў яго на яе нейкая крыўда. Аднойчы, як я яе бараніў, перапала і мне – расьсек губу. Цьвярозы ж гэта быў ціхі мірны чалавек. Пасьля дазнаўся, што быў ён рэпрэсаваны, адсядзеў гадоў пяць у турме. А да таго працаваў у органах у Баку. «Хапаў сам па начах, а неяк сказалі: “Табе, Лукаянаў, сёньня адгул. Адпачывай”». І тады схапілі самога. Праўда, у пачатку вайны вызвалілі і адправілі на фронт. Меў Фёдар Іванавіч тры ордэны. На вайне быў разьведчыкам у артылерыі.

Адразу пераапрануўся ў цывільнае: танны гарнітурчык зьбярог яшчэ з часу аўстрыйскіх трафеяў. Затое ў Гародні купіў шэры капялюш – здавалася, без капялюша мастаку нельга. Мастакі аднесьліся да дэмабілізаванага хораша, па-таварыску. Самі амаль усе былі такія ж. Іван Пушкоў, старшы лейтэнант, артылерыст, Сальнікаў, Сямёнаў, Парахня, мастакі-афар­міцелі былі з ліку вызваленых палонных, у лагерах таксама працавалі мастакамі. Увогуле слаўныя былі людзі, але бяда ў тым, што было мала работы. Заказы – выпадковыя і капеечныя. Зарплату плаціць не было з чаго. Затое, калі каму перападала, зьяўлялася капейчына – ішлі гурбой у рэстаран. І там да канца. А на другі дзень – у доўг. «На карандаш». Тут у маіх сяброў былі шырокія магчымасьці. Усюды, ва ўсіх забягалаўках яны ведалі па імёнах буфетчыц, афіцыянтак. Сувязі і кантактабельнасьць былі самыя дзівосныя. Асабліва пад градусам.

Марозаў таксама жыў за Нёманам, ад мяне – цераз бульбяное поле. Звычайна раніцай я ішоў па яго і чакаў каля весьнічак. Жонка, мілая клапатушка Леначка, выпраўляла яго на працу. «Ну, дык ты ж, Ванечка, сёньня не бяры…» – «Не, ну што ты!» – «А то ж учора пазнаць было нельга: як зямля». – «Не, сёньня не, я ж сказаў…» – «Але ж ты і ўчора казаў». – «Дык то ўчора. А сёньня маё слова – жалеза», – казаў Віктар Фёдаравіч і падміргваў мне. Мы выходзілі на вуліцу.
«Ну, куды пойдзем?» – пытаўся сябра. У абодвух пасьля ўчарашняга трашчэлі галовы, а грошай не было – учора спусьцілі зарплату, і Віктар Фёдаравіч пачынаў калькуляцыю: «У блакітным сядзелі аж на тым тыдні, але там я павінен мнагавата. У Фені былі пазаўчора. Не, не гадзіцца, скажа, кожны дзень ходзіце. У Ніны Пятроўны даўно не былі. Праўда, і той вінен. Але ўсяго сто. Ідзем да Пятроўны».
Пятроўна гаспадарыла ў чыгуначнай забягалаўцы. Віктар Фёдаравіч з парогу чынна раскланьваўся, цалаваў ручку гаспадыні і пачынаў заказваць. «Два па дзьвесьце, вунь тую вяндлінку, гурочкі»… Пятроўна нецярп­ліва напамінала пра доўг, і Віктар Федаравіч таксама нецярпліва яе запэўніваў: «Усё будзе, дай заказаць. Расплачуся чын-чынам». Хоць і з недаверам, гаспадыня ставіла закусь, налівала дзьве шклянкі. Паправіўшы галоўку, Віктар Фёдаравіч уставаў, зноў цалаваў ручку і лез у кішэнь. Далей наступала самае важнае. На пачырванелым, трохі са сьлядамі асьпінак ягоным твары адбівалася зьбянтэжанасьць, і ён з непадробным жалем, з роспаччу енчыў: «Во халера! Гэта ж я другі касьцюм надзеў… А грошы…»
Трэба было разумець так, што грошы засталіся ў другім, найноўшым гарнітуры. (Каб той быў у яго!) Пятроўна злосна сьмяялася. «Не перажывай, – запэўніваў яе Марозаў. – За мной не заржавее».
І выходзіў, пахмялёны і задаволены.

Працы ў майстэрні было ня дужа шмат, вольнага часу даволі. Я маляваў алеем і акварэльлю, хадзіў у прыгарады на эцюды. Зрабіў некалькі копіяў – фламандцаў і Шышкіна. Бачыў, аднак, майстэрства майго бракуе. Усё ж для мастака патрэбна няспыннасьць, штодзённасьць занятку, інакш рука траціць цьвёрдасьць, а зрок – вастрыню. А ў мяне якіх сем гадоў перапынку, – час, аддадзены вайне, вайсковай навуцы, якая цяпер без патрэбы.
Але мастацтва – дзеля вольнага часу, дзеля душы. А для жыцьця што­дзень патрэбныя былі грошы, якіх не было. З Андрэем Засьпіцкім (таксама дэмабілізаваным скульптарам) мы што-колечы афармлялі для кінатэатру. Афармлялі парк. Калі што зараблялі, дык тут жа ўсё і пакідалі ў рэстаранах ці забягалаўках. Цяжкі быў час. А людзі мне падабаліся.
Апроч Віктара Марозава, які лепш за ўсё працаваў у графіцы, някепскім майстрам абяцаў стаць Іван Пушкоў, а таксама Дзіма Парахня, жывапісец з адметным густам. Часам прыходзілі да нас Валянцін Савіцкі, Міхаіл Плужнік. Часьцяком «прыбрыдаў» да майстэрні хворы, няшчасны Дзешка, які ўжо амаль нічога не рабіў, жыў толькі тым, што з літасьці атрымліваў ад сяброў. А некалі ён скончыў Варшаўскую акадэмію, дзе вучыўся разам з Кохам.
Арыстакратам мастацкага цэху лічыўся Ігар Васільевіч Сямёнаў, мастак-афарміцель. Афарміцель ён сапраўды быў выдатны, усё рабіў па вышэйшаму класу: прыгожа і акуратна. Гэта быў рыцар, маг рэстараннага дзейства: калі меў грошы, частаваў направа і налева, плаціў вялікія чаявыя, паводзіў сябе ў хмелі высакародна і прыгожа. Калі грошай не было і яго самога частавалі, ён прасіў толькі: «Разьлічвацца дай, я буду». Тады яму перадавалі кашалёк, і ён шчодра адорваў афіцыянтку. Марозаў наадварот, у гэтае справе паводзіў сябе авантурна: калі падабаўся хрэн, закупляў яго оптам, усё блюда. А то мог папытацца, колькі каштуе люстра пад стольлю і, заплаціўшы ашалелую суму, пабіць яе палкай. У той жа час быў чалавек разумны і адукаваны. Варта было яго паслухаць на начной вулі­цы, калі мы пасьля рэстарана вярталіся дадому. Да якіх толькі філасофскіх вышыняў ён не ўзьнімаўся!..
Гэта быў выдатны мастак-філосаф.
З пакарэжаным вайною лёсам.

Зараблялі мала, а пілі ўсё болей. Калі бывала ў кішэні паяўлялася якая сотня, Марозаў у забягалаўцы калькуляваў яе так: на 95 рублёў выпіўка і на пяць рублёў – закусь. «Не чревоугодничай», – запісана ў Бібліі, напамінаў ён нам. Увогуле, яму не пярэчылі.

Апошнім буйным заказам, які мы выканалі ў тую восень, было афарм­леньне гарадскога кірмашу: шыльды, стэнды, рэклама. Пасьля ўжо не было нічога. Не было і грошай.

У забягалаўцы, што была на пачатку вуліцы Клары Цэткін, часам паяўляўся высокі пажылы чалавек, выпіваў куфаль піва. Неяк Ігар Сямёнаў пазнаёміў мяне з ім. То аказаўся бухгалтар рэдакцыі абласной газеты «Гродненская правда». Рэдакцыя была побач, у суседнім будынку. Гэты Кавальскі, аднак, быў палкоўнік царскай арміі, былы кавалерыст. Вядома ж, дваранін. Што-нішто ён расказваў з колішняга свайго жыцьця і тым цікавіў нас. У яго ж можна было папытацца, як робіцца газета, – то ўжо была мая цікаўнасьць. І вось у канцы году ў «Гродненской правде» паявілася аб’ява пра тое, што рэдакцыі патрабуецца карэктар, які добра ведае беларускую мову. І ў мяне зьявілася жаданьне. Пры сустрэчы я сказаў Кавальскаму, які тут жа і завёў мяне ў рэдакцыю. Да адказнага сакратара Цыпінай.
З новага году «Гродненская правда» павінна была выходзіць на дзьвюх мовах, і рэдакцыя рабіла пэўную падрыхтоўку. Ганна Ільінічна Цыпіна шмат са мной не размаўляла – прапанавала напісаць біяграфію і заяву. Прачытаўшы іх, мабыць, засталася задаволенай і загадала другога студзеня прыйсьці на працу.

Пачалося новае жыцьцё, зьвязанае са словам, з паліграфіяй, з няспыннай вытворчасьцю. Граматыку беларускай мовы я ведаў (дзякуй Андрэю Дзям’янавічу Курчанку), газетная лексіка, як вядома, ня самая цяжкая ў мове. Праўда, нуднавата было вычытваць гранкі, рабіць зьверку карэктуры. Працавалі па парах, з падчытчыкам. Падчытчыкам у мяне быў малады хлопец з мясцовых Міша Яскевіч. Побач быў наборны цэх, дзе стракаталі лінатыпы, вярстальны цэх. Там усё было цікава. Мяне дужа цікавіла ўсё, што было зьвязанае з друкам. З друкаваным словам.

Рэвізійным карэктарам рускага выданьня на той час працаваў Мікола Аўчароў, таксама з вайскоўцаў, былы настаўнік. Чалавек труднага лёсу, ён на пачатку вайны трапіў у палон, атруціўся ў канцы вайны метылавым сьпіртам, таму амаль ня піў. Да яго ўсё чаплялася НКВД, цягалі на допыты. Гэта быў адмысловы грамацей, верны рыцар газетнай пісьменнасьці. Змагар. За тое яму і перападала, [што] зрабіла яго нярвовым і падазроным. Але па ведах граматыкі ў рэдакцыі яму не было роўных.
З прычыны кепскай працы друкарні газета спазьнялася з выхадам, карэктары нярэдка працавалі да глыбокай ночы. Па начным горадзе я дабіраўся да свае Ласасянскай. Горш стала, як разьліўся Нёман і зьнесла пантон. Тады сувязь з Занямоньнем была толькі на лодках. Адзін рубель з чалавека за пераправу.

Вясной мяне перавялі ў сакратарыят стыльрэдактарам.
Маім абавязкам стала вычытваць усе пераклады матэрыялаў, што здавалі з аддзелаў, іх перакладалі дзьве машыністкі – Быкава і Радзішэўская. Часам таксама Баўдзей. Я заняў месца ў асобным кабінеце намесьніка рэдактара па беларускім выданьні Лютарэвіча. Тут было вальней, чым у карэктарскай, але зноў жа – вытворчасьць, тэрміновасьць. Калі перадавалі які афіцыйны матэрыял па тэлетайпе, каб паскорыць пераклад, дыктаваў яго машыністцы. А такіх перадачаў было ледзьве ня кожны дзень. Усе пастановы ЦК, прапагандовыя матэрыялы, да якіх вельмі чуйны быў рэдактар, былы партызан Бураў (затым Вадап’янаў). Але з імі я меней меў справу, болей з адказным сакратаром Ганнай Ільінічнай Цыпінай, клапатлівай газетнай працаўніцай, жонкай былога рэпрэсаванага цэкоўца Дзяніс­кевіча. Яе намесьнікам быў А. Кіркевіч, сталы газетчык, што ў войску працаваў у газеце. Але самы сімпатычны чалавек у сакратарыяце быў незабыўны Георгій Аляксеевіч Цьвятніцкі, выпускаючы, сталы жыхар Гародні, чалавек з універсальнай адукацыяй і буржуазнага выхаваньня. Ён ведаў усё, мог адказаць на любое пытаньне. І быў спакойны, паважны і пачцівы. Звычайна маўклівы, заняты працай, ён толькі ўвечары, калі мы заставаліся ўдвох, мог разгаварыцца – аб чым хочаш. Але ніколі аб сабе. Яно і зразумела. Георгій Аляксеевіч усю акупацыю пражыў у Гародні, а гэта на той час шмат што значыла. Найперш для органаў.

Патрэбныя былі дакументы аб адукацыі, але дзе іх узяць? Напісаў у райана ў Вушачу, ды адказу ўсё не было. Школы ў Кублічах таксама не было, зьбіраліся будаваць замест спаленай у вайну. Між тым самому захацелася пісаць у газету. Схадзіў на Гарадзенскі шклозавод, напісаў невялікі нарыс «Шклавары». Надрукавалі, акуратна выразаў і паклаў у свае паперы. З нецярпеньнем чакаў лятучку, калі раз на тыдзень рабілі разбор надрукаванага. Асабліва ніхто не пахваліў, але і не палаялі, і то добра.
Вясной пад Дзень Перамогі накрэмзаў нешта, што назваў апавяданьнем «Цьвілі акацыі» і, набраўшыся рашучасьці, аднёс намесьніку рэдактара Андрэю Абрамавічу Салаўёву. Той прачытаў і сказаў у сакратарыяце, каб усе чулі: «Гэта заслугоўвае самай сур’ёзнай увагі». 9 мая надрукавалі. То было, канешне, абсалютна бездапаможнае сачыненьне на прапагандовую тэму, але той першы водгук старэйшага таварыша меў для мяне вырашальнае значэньне. Можа ўпершыню тады я адчуў, што нешта ўмею. Хоць, канешне, адчуваньне тое было надта ілюзорнае.

Улетку пад восень ажаніўся з Надзеяй Кулагінай. Яна вучылася ў педінс­тытуце, працавала ў вольны час у рэдакцыі падчытчыцай, дзе мы і пазнаё­міліся. Расьпісаліся ў загсе, і яна паехала на работу ў Мсьціслаў. Кватэры, вядома, не было, жыць не было дзе.
У пачатку восені знайшоў кватэру ў прыватным дамку пад Каложай. Перабірацца было проста – ніякай маёмасьці ня мелі. Мар’я Іванаўна ў якасьці пасагу дала мне кававарку. Толькі не было кавы. Жыць удвох на маю зарплату ў 930 рублёў было нялёгка. З першых дзён узьнікалі праблемы. Вольнага часу зусім не было, з рэдакцыі вяртаўся позна, гадзінаў у дзесяць вечара. Раніцой бег да дзевяці.
У канцы восені перабраліся на новую кватэру па вуліцы Лермантава. Дамок быў у ціхай мясьціне, але дужа стары. У той жа кватэры, у суседнім пакоі, жыла яшчэ сям’я, кухня была агульная. Дроў, вядома ж, не было – ні для прыгатаваньня ежы, ні для ацяпленьня. Жылі так, бы на вакзале. Толькі перабыць ноч.

Неяк пабачыў Міхася Васілька, прыязджаў у рэдакцыю, прывёз верш на сьвята. Жыў ён у сваёй Баброўні, выгляд меў сялянскі: у кажуху, валёнках. Але характарам паказаўся мне надта ж добрым – сардэчным, уважлівым. Толькі з нейкаю затоенай гаркотай у душы. Пасьля дазнаўся: была гаркота і надта па тым часе вялікая.
Напісаў і надрукаваў у сваёй газеце яшчэ адно апавяданьне «У першым баі». Гэтае мне падабалася больш за папярэдняе, і таксама пра вайну. Асабліва яго ніхто не чытаў, водгукаў не было. Пісьменьніцкага асяроддзя тады ў Гародні не існавала, нават літаб’яднаньня не было. Што-нішто было ў мяне напісана і яшчэ, але пакуль я нікому тое не паказваў, ды і сам быў ім незадаволены. Згубіўшы надзею атрымаць якія дакументы аб адукацыі, вырашыў падрыхтавацца і здаваць [экзамены] экстэрнам за дзясяты клас. Але патрэбна было нешта мець хоць за дзявяты.

Аднойчы, прыйшоўшы ў сакратарыят, убачыў новую супрацоўніцу прамысловага аддзелу, якім загадваў Л. Красьнянскі. Гэта была практыкантка з універсітэту: маленькае, чарнявенькае дзеўчанё з вялікім чорным бантам на патыліцы. Хто тады думаў, чым яна стане для мяне – але праз шмат год…

Прыйшла вясна, і зноў напомніла пра сябе армія.
Аднойчы атрымаў абвестку на вайсковыя зборы. Пайшоў да намесьніка рэдактара А. Салаўёва, той заклапаціўся: хто будзе працаваць, тры месяцы – ня жарты, і ён напісаў на фірменным бланку адносіну да гарваенкома палкоўніка Янузакава, аддаў мне. Я пабег у ваенкамат. Там, у прыёмнай ваенкома, было ўжо нямала такіх, як я, – усе хадайнічалі аб вызваленьні ад збораў. Палкоўнік быў злы і раздражнёны, як я заўважыў, нават не зірнуў на мяне, моўчкі ўзяў паперку. Ён прачытаў яе і пачаў крычаць, што ўсе адлыньваюць, а абараняць радзіму няма каму. Усё ж я бачыў, што ён вагаецца, і легкадумна рашыў падштурхнуць яго ў пэўным кірунку. І я сказаў:
«Рэдактар кажа, што будзе званіць у абком, калі вы…» – «А, у абком? Званіць у абком? Хай звоніць! – раптам вызьверыўся ваенком. – Хоць да госпада бога! Хай звоніць! А вы – заўтра ў 9.00 – у ваенкамат! Панятна?».
Так, здаецца, я спляжыў усю справу. І ня толькі справу, але і ўвесь ход майго жыцьця. Наступствы той мае рэплікі вылезьлі мне бокам, перавярнулі лёс…

Вайсковыя трохмесячныя зборы былі арганізаваныя недалёка ад Гародні, на беразе Нёмана за Грандзічамі. Між дубамі былі пастаўлены палаткі, лінейна арганізаваны распарадак дня. І – заняткі. Як звычайна: статуты, палітпадрыхтоўка, артылерыя, артстралковая тактыка. Так поўны тыдзень. Афіцэраў запасу сабралі з усёй Беларусі, усе яны былі франтавікі. Вучылі іх таксама франтавікі, але кадравыя. Хоць былі і маладыя, пасьляваенных гадоў выпуску. Усё гэта была даволі апрыклая справа. Тым болей, што – непатрэбная. На тых зборах я сустрэўся з колішнім аднапалчанінам па 1245 ІПАТАПУ – лейтэнантам Крывавязам, ён жыў недзе ў Брэсцкай вобласьці.

Усё тое лета і частка восені прайшлі на зборах. Вучыліся, практыкаваліся, здавалі экзамены. На сваю бяду я здаў пасьпяхова. Пасьля прыйшоў у рэдакцыю і атрымаў водпуск – на 24 дні. Трэба было б паехаць дадому, але рашыў пачакаць: не было грошай. Рашыў падзарабіць. Ды й апрануцца. Бо ўсё хадзіў у вайсковым кіцелі і ў лейтэнанцкім шынялі. Даношваў боты. Надзя прывезла з Мсьціслава сястру Веру, выпускніцу тамтэйшай школы. Паступіла ў культпрасьветвучылішча. Жыць стала, вядома, у нас.
Адпачынку ў мяне заставалася ўсяго некалькі дзён, як паклікалі ў ваенкамат. Думаў: якога д’ябла. Адбыў зборы, казалі, цяпер мінімум гады два ня будуць чапаць. Аж у ваенкамаце аб’явілі загад міністра абароны аб залічэньні ў кадры Савецкай Арміі. Войска, якое то скарачалі, то пашыралі, тады якраз пашыралася. Тэрмін прыбыцьця ў часьць – праз два дні. Часьць знаходзілася ў Слоніме. Я ледзьве ня ўпаў ад тае навіны. У нашай групе на зборах былі афіцэры, што прасіліся ў войска, але ня я. Я лічыў, што разьвітаўся з ім назаўсёды. Аж не…

З жалем разьвітаўся з рэдакцыяй, з Гародняй, дзе не давялося пажыць, а хацелася б. Слаўны ўсё ж горад. Праз два дні быў ужо ў Слоніме, адкуль атрымаў накірунак у недалёкі Альберцін – там фармавалася мехдывізія. Зноў – мехбатальён, батарэя супрацьтанкавых гарматаў. Далі дзень, каб знайшоў кватэру, і – на заняткі па раскладзе. Абмундзі­раваньне пакуль ня выдалі – не было на складзе. Вось так! Часьць фарміруюць, а матэрыяльных сродкаў няма. Так, дарэчы, заўсёды. У той былой Савецкай Арміі.
Кватараваў у Альберціне ля могілак, у хворага на астму дзядзькі. Зрэшты – не кватараваў, толькі начаваў. Раніцай яшчэ ў цемры – бег у часьць, што разьмяшчалася ў бараках нямецкай будоўлі на краі пасёлку, вяртаўся зусім зьмерзшы позна ўвечары. Заняткі бадай усе – у полі, у руху, на сьнезе і марозе. Калеў, гібеў, мёрз, трываў лаянку кадравага начальства і думаў: навошта мне ўсё гэта? Але ўслых таго нельга было сказаць. За нашым настроем пільна сачылі камандзіры, палітработнікі, СМЕРШ, вольная пракуратура, трыбуналы.

Ранейшыя веды і вопыт (у тым ліку франтавы) мала што значылі, сталі прысылаць новыя статуты, новыя правілы. І ўвялі страшэнную сакрэтнасьць. Статут для заняткаў трэба было ўзяць у сакрэтнай часьці і пасьля заняткаў здаць яго туды пад расьпіску. Каб кожны раз ня бегчы ў штаб, некаторыя афіцэры пачалі рабіць выпіскі ў асабістыя блакноцікі. Адзін камандзір батальёну павыпісваў з БУП-2 розных нормаў, а пасьля на занятках у полі згубіў той блакнот. Вясковы дзядзька, паехаўшы па дровы, знайшоў, прачытаў на вокладцы прозьвішча і рашыў, што трэба аддаць, бо маёру, мабыць, ён патрэбны. У кірмашовы дзень адвёз у Слонім і аддаў у камендатуру. Зрабіў падаруначак афіцэру.
Той падаруначак каштаваў маёру ягоных пагонаў плюс шэсьць год пазбаўленьня волі.
Зімой прыехала жонка, уладкавалася настаўніцай рускай мовы ў Альберцінскай школе. Знайшоў новую кватэру, болей зручную, у кульгавага шаўца, таксама каля альберцінскіх могілак. Зіма таго году была лютая на халады, і амаль усю яе не зьнімаў шыняля. Настрой быў паганы, якім ня быў нават у вайну. Гародню і маю працу ў рэдакцыі ўспамінаў як адзіны сьветлы прамежак у маім жыцьці. Увесь час думаў, як вырвацца з гэтае вайсковай пасткі? Ды, мабыць, вырвацца не было як.

Зіма была без адзінай адлігі, а вясна ўдарыла раптоўная і даволі раньняя. На першае мая ўжо ўсё было зелена, лес убраўся ў лістоту. У Альберціне і ваколіцах стала нават прыгожа: хвоі, возера… І менавіта ў такі час я атрымаў новы загад: зьбірацца на Далёкі Усход. На замену афіцэрам, якія выслужылі там свае тры-пяць гадоў і пераводзіліся на захад. Загад, вядома, зьбянтэжыў, але што зробіш? І хоць бы папярэдне паклікаць, пагутарыць. Дык не, загадана і ўсё. Канешне, у іх разнарадка, а я – новенькі. Усюды кепска быць новенькім, у тым я пераканаўся яшчэ ў вайну. Разьлічыўся са службамі, зьбіў скрыню для багажу і на станцыю. Да новага далёкага жыцьця. Новай службы.

Ехалі болей за дзесяць дзён, праз увесь Саюз, да Уладзівастоку. У мяне была бакавая паліца, ляжы і глядзі ў вакно. Бяскрайнія і неабсяжныя расейскія краявіды. Нечарназем’е, пасьля Урал, Сібір. Прыгожыя Забайкальскія мясьціны, само возера Байкал. На станцыях прадавалі гарачую бульбу, таплёнае малако, рыбу – омуль – каля Байкала. Увогуле цікава. Амаль усе пасажыры вагону былі афіцэры з жонкамі і дзеткамі, ехалі, як і я, на замену. Меркавалі, куды трапяць. Найлепш было б у Прымор’е, найгорш – на Чукотку, у Певек – на край зямлі.
Уладзівасток, Другая Рэчка – яны памятныя ледзьве ня ўсім афіцэрам пасьляваенных часоў, многія прайшлі праз іх. На Другой Рэчцы паблізу ад Уладзівастоку быў перасыльны пункт. У вялізарных казармах на двух­ярусных жалезных ложках разьмяшчаліся афіцэры – з жонкамі і дзецьмі, чакалі транспарту ў аддаленыя раёны – на Сахалін, Камчатку, Курылы. Я тут прабыў ледзьве ня месяц у тым чаканьні. Прызначылі мяне на Курылы, самы паўднёвы іх востраў – Кунашыр, дзе стаяла ПАД – кулямётна-артылерыйская дывізія.
Справаў тут ніякіх не было, часам езьдзілі на рэйсавых аўтобусах у горад. Уладзівасток, вядома, не еўрапейскі горад, але нішто, стаіць на гарыстым рэльефе. Мяне ўразілі памеры будынкаў МДБ – цэлы вялізны квартал у цэнтры. (Тады яшчэ я ня бачыў такі ж квартал у Менску.)
Але вось у канцы мая або ў чэрвені [–] каманда грузіцца на цеплаход. Цеплаход той, праўда, ідзе на Сахалін, у Холмск, але, сказалі, там хутчэй будзе транспарт на Курылы.
Выйшлі з порту якраз напярэдадні шторму, які перачакалі ў бухце Ольга. Даволі пакутная гэта справа – марское падарожжа на непрыстасаваным судне, у твіндэку, дзе ўсё тыя ж дзясяткі людзей у агульным памяшканьні з двухяруснымі ложкамі. Да таго ж марская хвароба.

На Сахаліне немалой праблемай стала перабрацца з Холмску ў другі порт – Карсакаў. У Карсакаве таксама трэба было чакаць. І чакалі ў нейкім клапоўніку бліз порту. Адлучацца нікуды не дазвалялася, кожны дзень мог зьявіцца параход. Такіх дзён набралася, можа, з тузін. Нарэшце па­грузіліся.

Кунашыр трэба было абагнуць з праліву, і мы доўга ішлі паўз яго гарыстыя берагі. У цёмнай вадзе гулялі касаткі. Нарэшце паказаўся маленькі здалёк берагавы пасёлачак – райцэнтр вострава – Паўднёва-курыльск. Тут быў штаб дывізіі, куды мне і належала зьявіцца. (Дарэчы, так кожны раз пры перамяшчэньні – па інстанцыях зьверху ўніз: армія, корпус, дывізія, полк, батальён. І – усюды трэба знайсьці штабы, камандзіраў, прадстаўляцца, чакаць прызначэньня ніжэй. Ідыёцкая працэдура, што па­трабавала безьліч часу і высілкаў. І нерваў, канешне. Але нашыя нервы-высілкі ў разьлік ня браліся.)

У штабе дывізіі далі накіраваньне ў самы паўднёвы пасёлак, што стаяў на беразе праліва з Хакайда. Пасёлак называўся па імені расейскага дасьледчыка Галаўніна. Там быў кулямётна-артылерыйскі полк, на пірсе якога аднойчы ранкам і высадзіўся з кацера лейтэнант Быкаў з жонкаю. Прадставіўся ў штабе. Палкоўнік Муратаў, тыповы франтавы выдзьвіжэнец, малапісьменны, але дужа ўзнагароджаны, адвёў каморку ў афіцэрскім доме з жалезнай печкай. Дом стаяў якраз на беразе заліву. Усе зручнасьці – у двары. На пагорку за рэчкай – драўляныя казармы. Там мая батарэя. Прызначылі камандзірам узводу ўпраўленьня. (Да таго ўсё быў – агнявога ўзводу.) Тут ужо справа з разьведчыкамі, сувязістамі – не з гарматамі. Камандзір батарэі – капітан Балюкоў, франтавік, узнагароджаны пяцьцю ордэнамі, увогуле, як мне здалося, памяркоўны, незласьлівы афіцэр.
Пачалася служба. На краі зямлі. Ззаду быў мацярык, Радзіма і японскі востраў Хакайда. Наперадзе – Ціхі акіян і Амерыка.

Пайшла звычайная вайсковая служба: заняткі, нарады, праверкі. Зрэшты, ня толькі звычайная. Было вельмі шмат працы. Амаль кожны тыдзень у бухце, далёка на рэйдзе паяўляліся параходы, іх трэба было разгружаць. Грузы розныя, але тое лета была процьма боепрыпасаў – артылерыйскіх снарадаў. Сьпярша іх выгружалі з трумаў у кунгасы – вялізныя такія лодкі, пасьля з лодак – на пірс, і затым на машынах везьлі ў недалёкі (10 км.) пасёлак ля сопкі, дзе былі асноўныя склады. Праца амаль уся ручная, цяжкая. Салдатам даставалася.

Былі частыя землятрусы, асабліва вясной і ўвосень, таму дамы ўсе былі з дрэва, а печы – толькі жалезныя. Ад тае печы я ледзьве не спаліў дом – іду на сьнеданьне і бачу: на маім даху гарыць дранка – ад жалезнай трубы. Добра ўбачыў у пару – затушылі. А начальнік штаба падпалкоўнік Вячоркін так і спаліў свой дом – выскачыў у адным кіцелі. Пажараў было даволі. Асабліва зімой. Ды й улетку.
Чытаць тут не было чаго, газеты паўгода не прыходзілі – прысылалі вясной усе разам за некалькі месяцаў. Напісаў два ці тры апавяданьні, і вясной паслаў у Менск, у часопіс «Полымя» на адрас любімага мной з дзяцінства Міхася Лынькова. Праз колькі часу і праўда – атрымаў адказ. Міхась Ціханавіч вельмі падрабязна разабраў апавяданьні, але ў канцы паскардзіўся на вялікую занятасьць, і я намёк зразумеў. Болей апавяданьняў не пісаў і нікуды не пасылаў нічога.

Вясной быў нераст ласосевых – ішла гарбуша. Вусьце рэчкі, што ўпадала ў затоку, было перапоўнена вялізнымі, з чалавека, рыбінамі, якія імкліва прабіраліся да вытокаў. Іх білі васьцямі, стралялі з пісталетаў. Увесь травяністы бераг рачулкі быў закіданы рыбінамі – бралі толькі ікру, якую, падсаліўшы, елі лыжкамі. Асабліва на закусь. Пілі разбаўлены 95% спірт, які на разьліў куплялі ў суседняй вёсцы Вінаі, дзе быў і заводзік Агар (агару – рэчыва, што здабывалі з марскіх водарасляў).

Аднойчы полк паднялі ноччу па трывозе і вывелі на пазіцыі. Пазіцыі нашай батарэі былі на беразе затокі, гарматы паставілі на прамую наводку, выкапалі агнявыя, НП камандзіра батарэі. Усё, бы на вайне – сапраўды пачалася карэйская вайна. І хоць была яна чорт ведае дзе, нашае камандваньне праявіла пільнасьць і засьведчыла баявую гатоўнасьць. Мы думалі: пасьпім колькі дзён і вернемся ў казармы, але не. Назад нас не вярнулі, загадалі як мае быць абсталяваць пазіцыі, арганізаваць кругласутачнае дзяжурства.
Каб абсталяваць пазіцыі ды НП як мае быць, патрэбнае дрэва. А дрэва паблізу не было. Быў лес у сопках, кіламетраў за дзесяць-пятнаццаць, як яго адтуль было прывезьці, калі не давалі машынаў? Ды і сам лес ахоў­ваўся лясьніцтвам. А між тым да нас зачасьціла начальства – з палка, дывізіі, арміі – камандзіры і камісіі, усё з праверкай, з нарадамі, з крыкам, лаянкай і вымовамі. Капалі траншэі, зямлянкі, вузлы сувязі. Дрэва па начах кралі, дзе толькі можна было. Часам – адзін у аднаго.

З той пары пачалося зусім франтавое жыцьцё – у зямлі. Як на вайне. Старэйшым дык то было звыклым, зямля прыхільна прымала чалавека, над якім – небясьпека. А маладыя бунтавалі. Мой сябра Лёнька Клімаў заўжды быў у канфлікце з камбатам, то праз свае частыя адлучкі ў вёску, то праз п’янкі. Балюкоў таксама часьцяком быў пад градусам. Сам жыў адзін, жонку адправіў на мацярык. Улетку піў сьпірт, а як ня стала сьпірту, ад камбата так і несла пахам трайнога [адэкалону].

Між тым сваім чарадом ішлі заняткі, асабліва палітпадрыхтоўка – два дні па дзьве гадзіны ў тыдзень. Апроч таго – інструктажы ў нампаліта. Праверка кансьпектаў. І трэнажы па артылерыйскай падрыхтоўцы. Ішлі бясконцыя партыйныя сходы, на якіх адпрацоўвалі любімую тэму пільнасьці. У дні партыйных сходаў мяне, як беспартыйнага, прызначалі ў нарад. Са зьдзіўленьнем даведаўся, што ў гэтым палку ўпаўнаважаных Сьмершу не адзін афіцэр на полк, а, мабыць, сем: на кожны батальён, дывізіён. Усё лавілі, выкрывалі шпіёнаў.
Аднойчы раненька я прыйшоў на пірс – даведацца, калі пойдзе кацер на Паўднёвы-Курыльск. І тут бачу наш старшы ўпаўнаважаны СМЕРШу капітан Шырокаў вядзе капітана Авяр’янава, за якім ідуць два аўтаматчыкі са зброяй. Я падзівіўся, Авяр’янаў быў у шынялі, але без пагонаў. Гэты афіцэр служыў начальнікам штабу батальёну, быў неблагі служачы. Пасьля дазнаўся, што атрымалася. Аднойчы капітан праспаў развод на заняткі – не зазваніў будзільнік. І ён, не стрымаўшыся, вылаяўся на адрас стаханаўскай вытворчасьці. А за тонкай, з дошчак, сьцяной тое ўчуў ягоны саслужывец, падпалкоўнік, які і стукнуў.
Праз дзень на афіцэрскай нарадзе палкоўнік Муратаў аб’явіў, што капітан Авяр’янаў арыштаваны за антысавецкія размовы.

Пра тое, наколькі небясьпечныя шчырыя размовы, я ведаў і раней. Але тут паявілася новая небясьпека – бытавая. Пасьля кожнага сьвята, калі газеты друкавалі на першай старонцы вялікі партрэт Сталіна, раненька оперупаўнаважаныя перакопвалі сьмецьце за хатамі – шукалі дзе скамячаную газету з тым партрэтам. Пасьля было сьледства. І віноўніка знаходзілі. Гора таму было. У лепшым выпадку выключалі з партыі.

Увесь той год прайшоў для мяне на НП над затокай, якую я вывучыў да дробязяў. Назіраў, як мяняўся акіян; улетку і ўвосень, уранку і ўвечары. Часамі ён быў цудоўны, часамі агідны – у непагадзь. Жонка працавала настаўніцай у мясцовай сямігадовай школцы. Час чаргаваўся між працай, дзяжурствам, заняткамі, праверкамі, дробнымі непрыемнасьцямі ва ўзаемаадносінах з начальствам. Вельмі шмат займаліся артстралковай падрыхтоўкай на тым жа змайстраваным мініяцюрным палігоне. Гэтым кіраваў інтэлігентны і на рэдкасьць добразычлівы начарт маёр Стаянаў.

У канцы году мяне падвысілі – перавялі ў штаб палка да начальніка артылерыі падпалкоўніка Еўдакімава. Там я зрабіўся старшым ад’ютантам артылерыі – начальнікам штабу. На мне леглі ўсе папяровыя справы – планаваньне, справаздачнасьць баявой падрыхтоўкі, арганізацыя артстралковай вучобы афіцэраў артылерыі. Увогуле гэта было спакайней і прыемней, чым сядзець зіму ў дымных зямлянках і прымаць начальства ды правяраючых са штабоў. Але тут зьявіліся свае праблемы. Шмат турбот патрабавала абсурдная сакрэтнасьць; кожная паперка ў штабе была з грыфам «сакрэтна», яе трэба было атрымаць пад расьпіску, пад расьпіску здаць і ня дай бог згубіць. За страту не адзін афіцэр паплаціўся кар’ерай. А то і воляй.

У лютым, якраз 23, на дзень Савецкай арміі, нарадзіўся мой першы сын Сяргей. Нарадзіўся дома, з дапамогай фельчаркі суседняе вёскі. Умовы для яго маленства былі ня надта прыдатныя: стаялі халады, завеі, у пакоі за ноч замярзала вада. З дровамі былі хранічныя праблемы. Паяві­ліся новыя (і немалыя) клопаты, новыя цяжкасьці. Трэба было падтрымліваць хоць бы мінімальную тэмпературу жытла, а тое пры жалезных печках было небясьпечна: часта востраў трэсьлі замлятрусы. У такі час развальваліся бляшаныя дымаходы і здараліся пажары.

Усчаліся праблемы з камандзірам маёй былой батарэі маёрам (ужо маёрам) Балюковым. Жывучы халасьцяком, маёр добра запіў. Часам дапіваўся да гарачкі. Неяк зьявіўся на батарэю і аб’явіў збор. Прыбеглі разьлікі, усе ўлезьлі ў большы бліндаж. І тады камбат запаліў дымавую шашку – хацеў праверыць проціхімічную гатоўнасьць. Але многія былі без процівагазаў, і некаторыя страцілі прытомнасьць. Ледзьве ажывілі. Начальства адхіліла маёра ад камандаваньня, назначыла з паніжэньнем у дальні гарнізон. А мяне вярнулі ў батарэю – выконваць абавязкі камбата.

Менавіта ў гэты час пачалі цікавіцца маёй беспартыйнасьцю. Як мог я аднекваўся – дужа не хацеў уступаць. Ужо хоць бы таму, каб ня большыць сваю залежнасьць. (І без таго быў залежны на 90%). Ды не хадзіць на партсходы, якія выклікалі ў мяне дрыготку. Доўга цягнуў. Ды ўсё ж далі рэкамендацыі, у тым ліку і маёр Стаянаў, які, бы спачуваючы, сказаў: «Куды дзенешся? Калі служыш, то трэба ўступаць. Я вось таксама позна ўступіў, і ў 45 год – маёр». Але ўся справа ў тым, што служыць я і не зьбіраўся – я хацеў вырвацца з арміі. Толькі не было як.
На партыйным сходзе разглядалася пытаньне аб маім прыёме ў партыю. Але, здаецца, тады ня вырашылі нічога. Трэба было праверыць маю біяграфію, біяграфію бацькоў. Паслалі запытаньні – па ўсіх лініях. І вось з аддзелу кадраў (ГУК) Міністэрства абароны прыйшоў адказ, што лейтэнант Быкаў В. У. забіты 7 студзеня 1944 году і пахаваны ў брацкай магіле, што ў вёсцы Вялікая Севярынка Кіраваградскай вобл. Мяне пацягнулі да начальства: начальніка штабу, оперупаўнаважанага СМЕРШ. Пісаў тлумачэньні, запаўняў анкеты… Рашэньня пакуль ніякага не было, і я ўжо ня ведаў, чым тое скончыцца. І тады ўвосень са штабу аб’явілі, што я павінен паехаць на курсы ўдасканаленьня, якія былі на Сахаліне. Пры штабе акругі. Гэтая навіна мяне, канешне, не парадавала, але мой ад’езд спыняў агідную тузаніну з уступленьнем у партыю. Уступленьне адкладвалася да часу звароту з курсаў. А курсы былі дзевяцімесячныя.
Жонка з сынам заставаліся ў палку.

Яшчэ з некалькімі афіцэрамі палка скіравалі на Сахалін.
Была позьняя восень, ішлі на вайсковым старажавіку, мора шалела. Мы не жывыя і ня мёртвыя ляжалі ў твіндэку, стараючыся толькі ўтрымацца за жалезныя прэнты ложкаў – так кідала з борту на борт. Ад марской хваробы сьвет быў нямілы, здавалася, раней сканаем, чым патонем. А патануць быў шанец, маракі пасьля самі казалі, што не спадзяваліся прыйсьці ў Карсакаў. Назаўтра ўбачылі: усе палубныя збудаваньні абмерзьлі глыбамі лёду, судна магло перакуліцца. Але неяк бог нас зьбярог. Дабраліся нарэшце да Паўднёва-Сахалінску, сталіцы тутэйшага краю.
Зноў жыцьцё ў казарме, строгі распарадак дня, увесь дзень – вучоба. У класах, у полі, на плацы. Бясконцыя пастраеньні, пачынаючы з ранішняй зарадкі. Афіцэры ў групе ўсе франтавікі, пераросткі для сваіх невялікіх чыноў. З вайсковых навук самая нялёгкая і самая патрэбная – тэорыя артылерыі, артстралковая падрыхтоўка. Да звычайных артылерыйскіх задачаў па стральбе тут дадаваліся яшчэ – марскія стрэльбы, упраўленьне агнём на вайсковых суднах. Справа гэтая дужа мудрагелістая, патрабавала спрытнага розуму і глыбокіх здольнасьцяў у матэматыцы. Здаецца, у мяне нічога з таго не было, тым ня менш сталася так, што я апынуўся ці ня самым першым у сваёй групе. Скончыў курсы круглым выдатнікам (усё на 5), па артстралковай на экзаменах выконваў самую складаную артылерыйскую задачу – стральбу па рыкашэтах. Таксама на 5.

Але яшчэ трохі раней, у сакавіку, адбылося здарэньне, якое так шмат значыла ў нашым лёсе. Я маю на ўвазе сьмерць Сталіна. Якраз у нас былі заняткі па артылерыі, якія вёў наш любімы выкладчык – матэматык, падпалкоўнік Емяльянаў. Нехта яго паклікаў у калідор. Хутка вярнуўшыся, падпалкоўнік з каменным тварам аб’явіў: «Памёр таварыш Сталін. Устаць!». Усе ўсталі, моўчкі ўзіраючыся ў барадаты твар падпалкоўніка, і я сказаў сабе ў думках: «Слава табе, Госпадзі». Усе, аднак, тую навіну выслухалі моўчкі, ніхто не заплакаў. Былі абыякава-стрыманыя і пасьля на перапынку. Пачаліся траурныя пастраеньні, мітынгі, палымяна жалобныя прамовы палітначальства ды яго падбрэхачоў. Курсанты-афіцэры маўчалі. Мы адчувалі, што нешта павінна зьмяніцца і прагнулі, каб зьмянілася ў лепшы бок. У горшы ўжо не было куды.

У пачатку лета, пад канец курсаў група чалавек з 25 сядзела ў полі каля дарогі. Заняткі праводзілі самастойна. Таму скончылі раней часу. Сядзелі, гаварылі. Гаворка зайшла пра сексотаў, усе пагаджаліся, што, як і ўсюды, у нас былі сексоты. Але колькі? Меркавалі, чалавек пяць. Іншыя сьцьвярджалі: палавіна. Тады нехта прапанаваў напісаць паперкі і кінуць у шапку. Хай сексоты зробяць метку-крыжык, а іншыя – прочырк. Так і зрабілі. Ананімнасьць была захаваная. Пасьля разгарнулі паперкі.
Аказалася, з 25 паперак у 18 былі крыжыкі. Усе былі ашаломленыя. Але кожны лічыў, што ён паставіў прочырк. Між іншым, членаў КПСС з нас таксама было 18…

На грузавым судне дабраўся да Кунашыра. Па дарозе з радыё пачуў аб арышце Берыі. Дзіва было вялікае. Верны сталінец – і агент трох разьведак. Які ж з таго прапанаваўся вывад? А ўсё той жа: пільнасьць трэба мацаваць! Калі ўжо ў Крэмль забраўся агент, дык што ж тады казаць пра аддаленыя гарнізоны!

Мусіць так яно і было зразумета адпаведнымі органамі. Мацавалі пільнасьць, мацавалі абарону.
Вярнуўшыся ў полк, застаў яго ўвесь на будоўлі. Вярхоўнае начальства рашыла збудаваць на Кунашыры вайсковы аэрадром для зьнішчальнікаў. Каб ужо зусім закрыць межы на замок.
Мая батарэя працавала ў сопках кіламетраў за пятнаццаць ад пасёлку. Пракладвалі дарогу, раўнялі сопкі, церабілі тайгу. Усю працу было запланавана скончыць да зімы. Але адна справа – планаваць у штабах, і другая – будаваць. План не выконваўся.
Зноў – начальства, нарады, вымовы, камісіі. Сьцюжа, макрэдзь, жыцьцё ў прогаладзь. Па тыдню не зьнімаеш шынель. Спалі ў палатках.

І тут настала другая фаза ў жыцьці нашага войска – яно пачало скарачацца. Прыйшоў загад аб расфармаваньні палка. Расфарміроўвалі паступова. Некуды перадавалі салдатаў, тэхніку. Афіцэры разьязджаліся па адным. Усімі распараджаўся Сахалін. На мяне, аднак, загаду не было. Ужо і камандзір батальёну паехаў, і камандзір палка. А я ўсё з невялікай групай салдатаў дарабляю аэрадром. Урэшце перадалі некуды і апошніх салдатаў. Ужо канчаецца восень, хутка спыніцца навігацыя, і тады застануся адзін у гарнізоне? Урэшце мы засталіся ўдвох: я і начальнік штабу палка, ён падрахоўваў ліквідацыю палка. А загаду ўсё няма, і тады ён кажа: «Плюй на загад, Быкаў, жыцьцё даражэй за загад. Заўтра я еду ў Паўднёва-Курыльск, праз колькі дзён будзе апошні параход на мацярык. Зьбірайся, паехалі».
І праўда, паехалі. У Паўднёва-Сахалінску, аднак, трэба было чакаць. І тут я атруціўся ў сталоўцы нейкай рыбай, паклалі ў шпіталь. Ледзьве ня даў дуба. Праляжаў з паўмесяца. Праўда, на апошні параход усё ж пасьпеў. Прыйшлі ва Уладзівасток. Усё на тую ж Другую Рэчку. Тут усё было як і тры гады таму. Маса афіцэраў з сем’ямі. Усе чакаюць прызначэньняў. А іх даюць з такой марудаю.
Месяц прасядзеў на Другой Рэчцы. Захварэў сын Сярожа, ляжалі з маці ў пасялковай больніцы. Я часам езьдзіў ва Уладзівасток. Часам узлазіў на сопкі над горадам. Туга вялікая панавала ў маім сэрцы – навошта я тут? Чаму я ня дома? Дзе мой мілы няшчасны дом? Навошта мне гэтыя зьдзічэлыя сопкі, гэтая тайга. Гэтыя вар’яцкія вайсковыя гулі?

Вайсковыя гулі, аднак, разьвіваліся паводле сваіх бюракратычна-вайсковых правілаў. Праз месяц кадравікі ў штабах разабраліся, што загад па мне быў аддадзены яшчэ ўлетку, па заканчэньні курсаў. І што я павінен быў адправіцца служыць на Сахалін, у горад Долінск, дзе кватараваў гаўбічны артполк. Каб даведацца пра тое, спатрэбілася паўгоду часу і два марскія падарожжы, пры адным напамінку аб якіх цягне на ваніты. Але што зробіш? Трэба было ехаць у порт і рыхтавацца да новага падарожжа.
У пачатку зімы прыбыў у раённы гарадок Долінск, што ў паўднёвай частцы Сахаліну. Далі кватэру – пакойчык у кватэры нампаліта камандзіра батарэі. Казармы праз кіламетр на пагорку. Ад вайсковага гарадка да гораду кіламетры тры па дарозе. Жонка хутка ўладкавалася ў гарадскую школу – усё настаў­ніцай рускай мовы і літаратуры. Сярожу ўзялася на паўдня даглядаць суседка.
Служба ў гэтым палку, аднак, пачалася з канфлікту. Мяне арыштавалі на 10 сутак з утрыманьнем на гарнізоннай гаўптвахце. За адмову выканаць загад. А загад быў такі: з дзесяцьцю салдатамі адправіцца ў гарнізонны пасёлак (кіламетраў за 50), прыняць дрывяны склад і ахоўваць яго. Дровы ўсе пад сьнегам, колькі іх – не палічыш. Казалі людзі, іх там палавіну прапілі ранейшыя ахоўнікі разам з інтэндантамі, якія па замене зьехалі на мацярык. Як я мог прыняць? Як ахоўваць? І як пасьля здаваць? І я заўпарціўся.
Тая ўпартасьць мне ж і вылезла бокам. На гаўптвахце пачаліся праблемы з сэрцам. Зноў захварэў. Колькі дзён недаседзеў, выпусьцілі. Але ўсё ж загналі на той склад, дзе прагібеў за гарой у лясной хатцы месяцы два.
Вярнуўшыся, зноў падаў рапарт аб звальненьні ў запас.

Рапартаў аб звальненьні я падаваў яшчэ некалькі. Звычайна на іх ніхто апроч маіх непасрэдных начальнікаў не адказваў. Аднойчы напісаў маршалу Маліноўскаму, як дэпутату Вярхоўнага Савету па Далёкім Усходзе. Праз які месяц клічуць у штаб дывізіі. Пехатой патопаў у Долінск. Памятаю, быў глыбокі сьнег, дзьмуў насустрач марозьлівы вецер. Ішоў і думаў, што, мабыць, мой рапарт дамогся нейкага рашэньня. Аж маёр у аддзеле кадраў нудна і доўга мне тлумачыў, якія каварныя ворагі – англа-амерыканскія імперыялісты і якія мы павінны быць пільныя. Служыць Ра­дзіме. Чаго ён мне і пажадаў.

Тою зімой здарылася няшчасьце – згарэла казарма нашага дывізіёну.
З людзей ніхто не загінуў, але згарэла шмат маёмасьці, зброі, радыё­станцыі. Тое здарылася ноччу, як батарэя была ў нарадзе. Нас, камандзіраў, хацелі судзіць трыбуналам, але толькі звольнілі камандзіра палка. У мяне ж склаліся неблагія адносіны з камандзірам дывізіёну падпалкоўнікам Дзятлавым, спакойным, граматным афіцэрам. Дзеля яго я таксама мусіў старацца, стрэльбы (марскія) батарэя правяла добра, я страляў цяжкую задачу, але выканаў на 4. Неяк пачала выроўнівацца, спакайнець і служба.

Здаецца, два зімовыя месяцы батарэя была ў дальняй камандзіроўцы на нарыхтоўцы лесу. Гэта была жахліва цяжкая праца. Трэба было падняцца на сопку (а сьнег вышэй каленяў), адкапаць дрэва, спілаваць яго, раскрыжаваць. І не адно, а дрэваў пяць-шэсьць за дзень – на салдата. Пасьля гэтыя бёрны волакам сьцягнуць уніз, да дарогі, дзе можна было пагрузіць на машыну. Машынамі дастаўлялі на станцыю, грузілі там на платформы. Дроў трэба было нямала, план не выконвалі, салдаты выбіваліся з сілы.
А вясной, як сышоў сьнег, пачаліся таёжныя пажары. Гарэў лес, елкі, піхты, гарэлі нарыхтаваныя зімой штабялі. Ледзь ня круглыя суткі тушылі, але затушыць было немагчыма. Як падзьме вецер, зноў разьдзьмувае пажар…

Вясной 1955 году споўнілася пяць гадоў маёй службы на Далёкім Усходзе, і я атрымаў права на замену. Для таго напісаў рапарт аб пераводзе ў Беларускую ваенную акругу. Звычайна служыць у Беларусі аматараў было ня шмат, бальшыня імкнулася на Украіну, у Закарпацьце, у Прыбалтыку. Я ж – у Беларусь. І праўда, у пачатку восені прыехаў капітан мне на зьмену. Я пачаў разьлічвацца. Гэтая працэдура цягнулася доўга – пакуль здаў усю маёмасьць, зброю. Неяк так сталася, што не хапіла кулямёта. Ніхто нідзе не губляў нічога, а тут значыўся паводле палкавога ўліку нейкі кулямёт. Давялося начарту ставіць бутэльку каньяку, каб падпісаў абхадны ліст.

На гэты раз ляцелі да Хабараўску самалётам, а адтуль [ехалі] цягніком да Масквы. Тады ж упершыню пабачыў Маскву, цэнтр, вул[іцу] Горкага. Накіраваньне было ў Асіповічы, у армейскі артполк начальнікам дывізіё­ну 152-мм гармат. Ехаў і думаў: мабыць, нічога ня зробіш, прыйдзецца служыць. Ужо быў згодны. Тым больш на роднай Беларусі. Той артполк, аказваецца, разьмяшчаўся пад Лапічамі, у старых, царскіх часоў, казармах.

Як звычайна, далі два дні на кватэрнае ўладкаваньне, знайшоў палову хаты ў суседняй вёсцы. Хадзіць у часьць трэба было недалёка – цераз поле. Праз пару тыдняў, аднак, далі адпачынак, у якім ня быў некалькі гадоў.
З малым трохгадовым Сярожкам паехалі на маю радзіму. Да станцыі Зябкі. Брат Мікола загадзя пад’ехаў на фурманцы. Была ўжо восень, імжэў дожджык, навокал буяў лістапад. Сабралася ўся сямейка: бацька, пастарэлы, але яшчэ бадзёры, ціхмяная мама, сястра Валечка, што рабіла рахункаводкай у Чарапоўшчыне, брат Мікола – падрослы дзяцюк. У нядзелю схадзіў у Кублічы, на месцы некалі сімпатычнага мястэчка – зачатак вёскі, раскіданыя па пагорках сядзібы. Амаль такая ж і Вушача. Людзі, аднак, патроху абжываліся, будавалі дамы, нараджалася і ўбіралася ў сілу новае пакаленьне.

Як прыехаў з адпачынку, быў ашаломлены навіной – паслалі на звальненьне. Якраз праводзілася скарачэньне войскаў – 660 тысячаў, першае хрушчоўскае скарачэньне. Што ж, я не хваляваўся. Цяпер у Беларусі, тое не палохала. Хаця праблемаў было нямала.
Жонка з сынам паехала ў Гародню – да свае сястры Веры, якая за той час, як мы былі на Далёкім Усходзе, выйшла там замуж. Я застаўся ў Лапічах чакаць загаду.
Загад прыйшоў у самым канцы году, атрымаў разьлік і паехаў у Гародню.
Жончына сястра жыла з мужам і малой дзяўчынкай у аднапакаёвай кватэры каля рэстарану «Нёман». Муж працаваў у органах, што для мяне, вядома, стала дзіўнаватай навіной. Неяк разьмясьціліся – дзьве сям’і, шэсьць чалавек на 18 кв. метрах. Стаў на ўлік у гарваенкамаце. Пачаў атрымліваць [грошы] (1 год) за званьне.

Схадзіў у рэдакцыю, да рэдактара В. Булая, – усё ж у войска мяне прызвалі з гэтай установы. Але Булай быў чалавек новы, а вольных месцаў у рэдакцыі не было. Зазірнуў у аддзел культуры, дзе літкансультантам працаваў Міхась Васілёк. Там зноў пабачыў Ірыну Сувораву, якая прыветліва павіталася. Васілька не застаў на працы.

Аднойчы прыйшоў з працы муж Веры – Павел Старавойтаў і кажа: вызвалілася кватэра ў старым доме на вул. Трудавой, гаспадар паехаў працаваць на раён. Трэба займаць, а там хадайнічаць, каб замацавалі. Так я і зрабіў. Увечары перанесьлі два чамаданы і малога на тую ўбогую кватэру. Але не пражылі там і тыдня, як прыйшлі з домакіраўніцтва: самавольнае ўсяленьне! Хто дазволіў? Асвабадзіць! – Куды асвабадзіць? На двор з малым?
Праз дзень прыходзяць ужо ўдвох – аказваецца, тая кватэра належала КДБ. Патрабуюць вытрахнуцца, пагражаюць. Пацягнулі да начальства і Старавойтава.
Яшчэ паўпарціўся з тыдзень і зразумеў, што маёй перамогі ня будзе. Знаёмы мастак падказаў, што ёсьць вольны пакой у сябра па вул. Падгорнай. Перайшоў туды.

Пайшоў у майстэрню да мастакоў, там яшчэ былі знаёмыя. Марозаў, праўда, зьехаў у Кіеў, затое былі Пушкоў, Парахня, Кох. Кох ужо пасьпеў пасядзець у лагерах, у Комі – за тое, быццам ён у вайну маляваў карыкатуры на Сталіна. На працу мяне не прынялі, таксама не было вакансій, але далі аформіць нейкі стэнд – шрыфтавая работа. Сядзеў у сваёй халоднай кватэры (дроў не было, вады не было), лобзікам выпільваў з фанеры літары і слухаў радыё. Адзначаліся ўгодкі Дастаеўскага. Здаецца, упершыню загаварылі пра яго як пра вялікага рускага пісьменьніка. Значыць, прызналі нарэшце.
Тады ж давялося пачуць і шмат якія перадачы радыё Свабода, Бі-Бі-Сі, Голас Амерыкі. Было дужа цікава. І – вядома, страхотна. Радыё рэгуляваў, каб нічога не было чутна ў суседзяў.

Неяк сустрэў на вуліцы А. Салаўёва, намесьніка рэдактара газеты. Кажа: зайдзі, ёсьць праца. Зайшоў. Прынялі. Зноў трохі папрацаваў у карэктарскай, а пасьля перайшоў у сакратарыят. Адказным сакратаром быў А. Колас, выпускаючым – усё той жа знаёмы Георгій Цьвятніцкі. Побач за сталом працаваў мастак-рэтушор, былы кінааператар Фрыдрыхсон. Во ў такім калектыве пайшлі дні і тыдні газетнай пільніцы. Я вычытваў (як стыліст) матэрыялы, што паступалі з аддзелаў, і рыхтаваў увесь «белтаўскі» матэрыял, што перадавалі з Менску па тэлетайпу.

Перазімаваўшы, па вясьне перайшоў на новую кватэру – адзіную каморку ў доме па вул. Ажэшка (насупраць Дому афіцэраў) з выхадам на тратуар. Зімой напісаў апавяданьне «Страта» – зноў пра вайну. Паслаў у Менск, «Маладосць» надрукавала. З гэтага часу, лічу, пачалася мая сталая літаратурная творчасьць.
У сьнежні Саюз пісьменьнікаў запрасіў на нараду-семінар маладых, што праводзіўся ў Каралішчавічах. Паехаў з вялікай ахвотай і надзеяй, хоць літаратурны багаж мой быў небагаты. На семінары пазнаёміўся са старэйшымі – Я. Брылём, І. Мележам, І. Грамовічам. З маладых семінарыстаў былі В. Адамчык, А. Капусьцін, Я. Каршукоў. Вельмі карысны быў семінар – у сэнсе знаёмства і абмеркаваньня. Першая мая літаратурная школа.

Вясной здарыўся прыступ апендыцыту, і мяне «хуткая» ноччу адвезла ў другую бальніцу. Хірург Краўчук у 2 г[адзіны] ночы зрабіў аперацыю. Трохі паляжаўшы, выпісаўся. Але дома пачаліся болі, павысілася тэмпература. З падазрэньнем на брушны тыф адвезьлі ў інфекцыйную бальніцу, дзе я ледзьве не сканаў. Пакуль знакаміты ў Гародні хірург Нічыпарук не прызнаў ува мне свайго хворага і не забраў назад у другую. Зноў аперыравалі ўжо ўдвох з Краўчуком. Адразу палепшала.

У маі пасьля бальніцы прафсаюз даў пуцёўку ў Дом адпачынку ў Ждановічы. Жыў у агульным пакоі на шэсьць чалавек, хадзіў па лесе. Пачаў пісаць аповесьць «Апошні баец». Тады яшчэ не адчуваў усю фальш яе ідэі. Тое разуменьне прыйшло пасьля. А тады – абы надрукаваць, абы па­тра­фіць – гэта тое самае цяжкое, што перажывае кожны, хто пачынае пісаць.
У чэрвені, якраз на мой дзень нараджэньня, у Гародні нарадзіўся мой другі сын. Назвалі Васілём. Перад тым перайшлі на новую прыватную кватэру за яўрэйскімі могілкамі. Вуліца называлася Пажарскага. Дом належаў мілай жанчыне па імені Франя. Муж яе загінуў ад рук бандытаў, і яна жыла з дзьвюмя дочкамі. Тады гэта быў край гораду, далей было поле і – Граньдзічы. Блізка гарадзенскае ўрочышча Пышкі.

Увесь той час да канца году працаваў у рэдакцыі, пісаў нарысы і карэспандэнцыі – пераважна з гарадскога жыцьця. Дапісаў аповесьць, некалькі апавяданьняў. Адно апавяданьне паслаў на фестывальны конкурс (рыхтаваўся сусьветны фестываль моладзі), надрукавала «Маладосць». Пасьля мне за тое апавяданьне прысудзілі нейкі прыз. Дарэчы, разам з другім пачаткоўцам – Ул. Караткевічам. Мне тады споўнілася 33 гады. Яшчэ быў малады.
Пісаў сатырычныя апавяданьні ў «Вожык». Некаторыя друкавалі, рэдактар часопісу Павел Кавалёў ставіўся да іх прыязна. Адно апавяданьне надрукаваў у «ЛіМе», рэдактар тае газеты Васіль Вітка сказаў добрае слова пра здольнасьці аўтара. Тое, вядома, натхняла. Хацелася напісаць што-небудзь важнае, значнае.
Найбольшую для мяне цікавасьць у гэтым сэнсе мела, вядома, вайна...

(На гэтым рукапіс абрываецца.)