12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Васіль Быкаў

_____________________
"Неяк трэба трымацца".
Лісты да сястры Валянціны Уладзіміраўны

Напачатку іх было чацьвёра ў бацькоў: Антуніна, Васіль, Валянціна і Мікола. Пасьля сьмерці пятнаццацігадовай Антуніны ён, Васіль Уладзіміравіч, быў старэйшым – і ў дзіцячых забаўках, і ў беднай гаспадарцы, і ў дарослым жыцьці.
Сястра Валянціна заўсёды ганарылася братам: і калі той пайшоў у школу і вучыў яе чытаць і пісаць, і калі змайстраваў ёй ляльку (купіць не было за што), і калі быў на франтах – ваенным і літаратурным. І ён далікатна любіў сястру, якую ласкава называў Валічкай, аднак вымушаны быў бачыцца з ёй нячаста.
Перад вайной Быкаў падаўся ў школу фабрычна-заводскага навучаньня – і вярнуўся ў родную хату «пахаронкай», а праз тыдзень – першым франтавым лістом (за той час фронт двойчы прайшоў па ягонай Вушаччыне – з захаду на ўсход і з усходу на захад). А першы ліст з дому ён атрымаў у малдаўскіх акопах. «Парадаваўся, што ўсе жывыя, хата ня спаленая. Сястру Валю вывозілі ў Нямеччыну, але яна была вёрткаю, мая сястрыца, і ўцякла з-пад канвою», – успамінаў пазьней Васіль Быкаў. Вясной 1944 году вясковых дзяўчат, якія не пажадалі капаць акопы для нямецкай абароны, арыштоўвалі і рыхтавалі да адпраўкі ў Нямеччыну. Валянціна ж схавалася ў лазовым кусьце, аднак яе выдала канваіру… стрыеч­ная сястра. Праз некалькі дзён палонныя патрапілі пад бамбоўку і разьбегліся, пахаваліся ў жыце. Канваір-немец прайшоў з аўтаматам каля Валянціны, зра­біўшы выгляд, што не заўважыў…
Яны з братам пабачыліся толькі праз сем гадоў, калі В. Быкаву, яшчэ не дэмабілізаванаму з войска, дазволілі водпуск. Чыгункай ён дабраўся да Падсьвільля, дзе Валянціна працавала бухгалтаркай. Накарміў, падарыў хромавыя боты (была галодная зіма, а на нагах сястры – разьбітыя чаравікі). Разам і выправі­ліся да бацькоў у Бычкі. І былі ўспаміны, радасьць і гаркота. «Па дарозе сястра расказала сваю крыўду, – згадваў В. Быкаў, – як пасьля выбаўленьня з нямецкага палону яе паслалі ва Усходнюю Прусію па каровы для калгасу. Месяц ці болей гналі вялізны статак, даілі і пасьвілі па дарозе, баранілі і даглядалі, самі заўсёды галодныя і халодныя. Але мусілі трываць, бо абяцалі, як прыгоняць, даць карову, – нашую Акулярку ў 43-м зьелі партызаны, – і сястрычка трывала. Але як прыгналі, аказалася, што каровы патрэбныя для разьвіцьця калгаснай жывёлагадоўлі, і ганшчыцы засталіся з носам».
І былі новыя ростані і сустрэчы. Валянціна Уладзіміраўна напачатку некаторы час жыла з бацькамі, а затым перабралася бліжэй да Вушачаў – у мужаву вёску Воўча. Туды і дасылаліся В. Быкавым наступныя лісты, якія беражліва захоўваюцца сястрой як найдарагія рэліквіі, у якіх – своеасаблівая сямейная хроніка сям’і Быкавых, на якіх – геаграфія жыцьцёвых дарог аўтара: Гародня, вул. Сьвярд­лова, д. 18, кв. 30; Менск, вул. Танкавая, д. 10; Фінляндыя (Kalkkihiekantie, 2, C-32. 00980. Helsinki-98); Швецыя; Італія; Нямеччына (Берлін, Wendenschlosstr. 403. 12557 Berlin-Kцpenik; пансіянат у Віпэрсдорфе (Schlos Wiepersdorf. 14913); Франкфурт-на-Майне, Sachsenlager 7, 60 322).
Некаторыя з лістоў, як сьведчыў В. Быкаў, зьнікалі па дарозе або праходзілі перлюстрацыю. «…усе лісты былі перлюстраваныя, што ня надта і ўтойвалася перлюстратарамі, – канстатаваў пісьменьнік у “Аўтабіяграфічных дадатках да “Доўгай дарогі дадому” (“Дзеяслоў” плануе надрукаваць іх цалкам). – Вядома, што папера савецкіх канвертаў была благая, і сьляды гарачага адпарваньня на другім баку былі відавочныя. Пры тым некаторыя з лістоў перлюстраваліся па некалькі разоў, у розных інстанцыях. Асабліва пашкуматанымі выглядалі лісты да бацькоў, у вёску. Падобна, іх адпарвалі ў Гародні, дзе я іх апускаў у скрынку, затым у Менску і, вядома ж, па месцы адрасату – усім трэба было ведаць, што піша Быкаў. Але я даўно ўжо не пісаў нічога падазронага, тым болей бацькам. Як, дарэчы, і яны мне, чые лісты былі ня лепшыя з выгляду. Калі трапляла якая бандэроль – кніга ці рукапіс, дык яна была бязьлітасна пашкуматаная (бы яе грыз сабака) і мела чорны паштовы штэмпель: “Поступила в поврежденном виде”. Некаторыя лісты наогул не прыходзілі – мабыць, адразу ішлі ў “справу”. Тады ксераксаў яшчэ не было, а на перадрук органы ашчаджалі працу “кваліфікаваных машыністак”».
Шчымліва бачыць пакладзеныя аўтарам у допісы канверты з уласнаручна запоўненымі адрасамі свайго пражываньня ў замежжы і прыклеенымі (!) беларускімі маркамі – іх В. Быкаў дасылаў сястры, каб тая мела менш турботаў і фізічных, і матэрыяльных. «[Ён] памагаў мне заўсёды, чым мог, – прызналася ў сваіх успамінах Валянціна Уладзіміраўна. – Але самае галоўнае і дарагое для мяне было, што ніколі не забываў мяне, цікавіўся маім жыцьцём, не абмінаў цесную бацькоўскую хату, што ўрастала ў зямлю і сірацела бяз нас».
Сірацее сёньня і хата Валянціны Уладзіміраўны. Атуленая восеньню і зімой маркотай ды ўспамінамі, а вясной і летам – вясковымі клопатамі ды багатым кветнікам.
І ўвесь час вочы Сястры Быкава квітнеюць беларускімі васількамі…
Алесь Пашкевіч

11 .
24 сакавіка 80.
Добры дзень, дарагія нашыя Мамачка, Валя, Саша2 !
Атрымалі твой ліст, Валя, пагаравалі тут, што табе так дасталося ў гэтым годзе. Ды і маме таксама. Як яна перабыла адна, хоць і дапамагала Сазонаўна3 , але ўсё ж.
У нас усё па-ранейшаму. Прастуджваліся і хварэлі, Ірына яшчэ не зусім паправілася, але яна не ляжала ні гадзіны, усё ў працы. Я вось сёньня ад’язджаю ў Маскву, а адтуль у Чэхаславакію дзён на 10.
Валічка, ты просіш апельсінаў, мы тут абышлі, дзе можна, але апельсінаў пакуль няма ў Мінску. Можа будуць пазьней, дык купім і дашлем.
Быў у нас Сяргей з Тоняй і малым Сярожкам4 . Сфатаграфаваліся, пасылаем вам фота. Сяргей дасылае прывітаньне, ён памятае ўсіх. Можа, вясной як-небудзь прывязу і вам яго. Хоць на дзянёк.
А пакуль – будзьце здаровымі. Прывітаньне Сазонаўне, дай і ёй бог здароўя.
Абдымаем – Васіль і Ірына.

2.
Дарагія мама і Валя!
Віншуем вас са сьвятам 8 сакавіка. Жадаем быць здаровенькімі перш за ўсё.
У нас усё добра, хоць многа працы і розных клопатаў. Паездак таксама. У другой дэкадзе сакавіка павінны прыехаць Мікола і Тоня5 .
Можа, вам трэба чаго-небудзь даслаць? Як мама? Пішыце.
А пакуль абдымаем.
Прывітаньне Сашу. Вашыя Васіль і Ірына.
[Год не пазначаны.]

3.
Добры дзень, дарагія
Валя і Саша!
Даехалі мы добра, хоць каля Лепелю дагналі дождж і бура, пад якімі ехалі амаль да самага Мінску. Нікуды не заязджалі, трошкі адпачылі ў лесе і ўсё. Дарога была добрая, але кіламетраў за 50 ад Мінску была забітая транспартам, што ішоў насустрач.
Надвор’е ў нас у Мінску сапсавалася, стала холадна і мокра, але як-небудзь. Заўтра зноў справы і клопаты, у аўторак сесія6 , у сераду паеду на Палесьсе.
Шкада, мала пабылі ў вас, але крыху сьпяшалі, тут спраў бяздоньне. Валя, ты заходзь хоць зрэдку да Міколы, ён мне паказаўся вельмі хворым, ня ведаю, як яго там падлечаць. Хоць бы ён не расхварэўся…
І пішы нам.
Сардэчнае прывітаньне Сазонаўне, усім суседзям.
Моцна абдымаем вас.
Будзьце здаровымі.
Вашы Васіль і Ірына.
27 ліпеня 86 г.

4.
Дарагія Валя і Саша,
Атрымалі твой, Валя, ліст, дзякуй табе. У нас усё добра, нядаўна вярнуліся з Прыбалтыкі. Гэтымі днямі езьдзілі ў Гродна, і там Вася перадаў мне здымкі, якія вам высылаю. У іх усё ў парадку. Вася і Таня працуюць, Жэню7 водзяць у садок.
Хутка ў мяне паездка ў Маскву і за мяжу.
Як прыеду, напішу.
Будзьце здаровымі. Пішыце.
Абдымаем.
Вашыя Васіль і Ірына.
19 кастр[ычніка] 86 г.

7.
8 ліпеня 90 г.
Добры дзень, дарагія
Валічка і Саша.
Доўга не пісаў вам, усё думаў прыехаць, ужо было сабраліся на Купалку, ды ня вышла. Розныя справы – мінскія і маскоўскія, здаецца, зараз пакуль не магчыма, можа быць – у другой палове ліпеня.
У астатнім жыцьцё ідзе, як і раней, многа розных клопатаў, але як-небудзь. Ірына таксама кожны дзень у клопатах аб прадуктах, у чэргах, па магазінах. Цяпер у нас усё па талонах, па пашпартах. З кожным годам усё цяжэй і горш.
Здароўе таксама здае, але пакуль трымаемся. Хлопцы жывуць сваімі жыцьцямі, унукі растуць. Сяргей з Тоняй зрэдку езьдзяць у Гродна, наведваюцца да Васі. Я ж зьезьдзіў усяго адзін раз у траўні.
А што ў вас? Як са здароўем [?]
Я зрэдку тэлефаную ў Бычкі, у іх нібыта ўсё па-старому. Толькі не пасьпелі высушыць сена.
Як Вушача?
Пішы нам, Валічка!
А пакуль вел.[ьмі] жадаем вам добрага здароўя. І – да сустрэчы.
Сардэчна, з прывітаньнем
Васіль і Ірына.

8.
Добры дзень,
дарагія нашы Валічка і Саша!
Даўно ўжо атрымалі тваё, Валя, пісьмо, дзякуй табе за падрабязнасьці. У нас усё як заўжды; цяпер жыцьцё як усюды аднолькавае. Пакуль, аднак, не галадаем, ёсьць усё. Толькі што дорага, і Ірыне прыходзіцца пабегаць па горадзе, пастаяць у чэргах. Як і ўсім жанчынам. Я ўжо сяджу дома, чакаю, калі яна выстаіць у чарзе і прынясе мне хлеба «нарачанскага» на 540 руб. буханка. Так што з харчамі праблемы пакуль невялікія, трохі горш з цяплом. Халаднавата ў кватэры, я хаджу ў куртцы. Але каб не было горш. А яно, здаецца, менавіта так будзе. Так што ў гэтую зіму прыдзецца памерзнуць.
Здароўе так сабе, трохі пахварэў, мусіць, на грып. Ну але гэта ў пачатку месяца. У хлопцаў усё па-ранейшаму: Сяргей нешта робіць у сваёй арганізацыі, хаця заробак слабаваты. У Васіля [таксама]. Хаця Васіль укалвае ў сваёй бальніцы як мае быць. Хворых многа, лячыць няма чым. На днях прыязджаў у Мінск на нейкую нараду, быў у нас.
Ты, Валічка, прыязджай, як будзе магчымасьць, толькі нічога не вязі, няма такой патрэбы. Для нас двух ужо ня шмат трэба. Я ем куды менш, чым раней, а Ірына наогул… Як птушка.
І пішы нам.
А пакуль – будзьце здаровы.
Абдымаем вас
Вашы Васіль і Ірына.
28 ліст.[апада] 1993 г.

9.
[Без даты.]
Добры дзень,
дарагія нашы Валічка і Саша!
Ну, перш за ўсё – пасылку атрымалі, вялікі дзякуй. Ірына, як заўжды, была расчулена, бо такой моркаўкі яна даўно ўжо ня бачыла. Яна ўсё ірвецца аддзячыць, толькі ня ведае, чым.
Жыцьцё наша, як і ўсюды, здароўе – больш-менш. У сэнсе прадуктаў нічога ня лепшае, толькі горшае і даражэе. Даражэе ўсё: і кватэры, і электрычнасьць, і бензін. За ўсю зіму ні разу ня змог заправіцца. А бензін 120 р. за літр. І чэргі па 2 кіламетры. Стаіш дзень, а пад вечар бензін скончыўся. Так і паехаў з пустым бакам. Добра, што на дачу пакуль ня езьдзім.
У хлопцаў усё па-старому.
Прывітаньне суседзям, Сазонаўне. І пішыце.
На тым – бывайце здаровыя.
Вашы Васіль і Ірына.

10.
Добры дзень,
дарагія нашы Валічка і Саша!
Ужо ня памятаю, хто каму павінен напісаць, што мы робім ня надта часта. Ну хоць некалькі слоў. У нас усё па-ранейшаму. Здаецца, дачакаліся вясны. Сьнег ужо растаяў на вуліцах і ў дварах. Цяплее. Атапленьне пакуль што не адключылі, але хутка адключаць. Ужо тады будзе ня дужа зручна. Але ўсё ж вясна.
Пакуль што патроху здаровы, ці, лепей сказаць, ня надта хворыя. Цярпіма. У хлопцаў таксама ўсё па-старому. Неяк зарабляюць на хлеб, выкручваюцца. А на большае цяпер нельга разлічваць. Ня тыя часы.
Я тут было трохі зарабіў і паслаў вам грошай. Ці палучыла, Валічка. Гэта – у другі раз.
І пішы нам. Хоць трошкі. Пра здароўе.
Абнімаем вас.
Вашыя Васіль і Ірына.
3 крас.[авіка] 1997 г.

11.
Дабрыдзень, дарагая
Сястрыца і Саша!
Даехалі мы той раз добра, пасьпелі да цемнаты, Сяргей вёў машыну ўмела, лепш за бацьку. Жэня нават трохі паспаў у дарозе. Паездка і Бычкі, і Кублічы яму спадабаліся, казаў, яшчэ б пабыў. Асабліва азёры. Ён апантаны рыбак, як і бацька. Праз дзень Сяргей паехаў у Гродна за сваімі і адвёз Жэню.
Ну а ў нас усё па-ранейшаму. Было б цярпіма, калі б трохі болей здароўя. А так – ня дужа. Насоўваецца старасьць, менее сілы. Дык я хоць дужа нічога не раблю фізічна, а як табе з гаспадаркай? Хоць бы Саша болей памагаў. Але ж і ён – нябога…
Добра, што надвор’е стаіць неблагое, цёпла. Во толькі на дачу няма як паехаць – кожны дзень то тое, то гэта. Усё грамадскія клопаты, каб яны спрахлі.
Вельмі жадаем табе, Валічка, здароўячка. І Сашку таксама. Яму галоўнае – меней піць. І радзей, тады будзе здаравейшы. Але, мусіць, ён тое сам разумее.
І пішы нам.
На тым – абдымаем,
Вашыя Васіль і Ірына.
20 жніўня 97.

12.
Добры дзень,
дарагія нашы Валічка і Саша!
Пісьмо тваё, Валя, мы атрымалі, дзякуй табе за тое, што ты ўсё падрабязна апісала. Кепска, што Саша так затрымаўся ў бальніцы, спадзяюся, аднак, што ён ужо па­правіўся і дома. Я ўсе тыя тыдні насіўся з зубамі, забалелі, дык прыйшлося ўсе павыдраць, зараз у роце пуста. Але зрабілі пластмасавыя, хоць ніяк не прывыкну да іх і не нашу. Лепш есьці без зубоў, чым з чужымі зубамі. Гэтак кажа і Ірына і не ідзе ўстаўляць. Можна яе зразумець.
У астатнім усё больш-менш, неяк перабылі маразы (было холадна), цяпер цёпла, але дужа сыра, а гэта кепска для маіх лёгкіх. Трудна прыродзе і пагодзе дагадзіць старым.
У рабят усё па-старому, у малых пачаліся канікулы. Васятка займаецца спортам, мае нейкія посьпехі, і сёньня паехаў у Магілёў на спаборніцтва. Жэня гуляе ў баскетбол. А Сяргей праз год канчае універсітэт. Будзе новая праблема. На днях званіў у Бычкі, там усё добра. Толькі ў маразы палопаліся трубы і ў школе сядзяць у паліто. Вады няма таксама – згарэў матор.
Дык будзьце здаровыя. І пішы – Валя. Як Саша, як яго здароўе?
Абдымаем – Васіль і Ірына.
26 сьнежня 97.

13.
19-І-98
Добры дзень,
дарагія нашы Валічка і Саша!
Як вы там, як здароўе? Хаця зіма стала раптам цёплая (аж занадта), але арганізму дужа трудна ў гэтую цеплыню. Асабліва не маладому. А мы ўжо старыя…
Неяк, аднак, цягнем па-маленьку. Спраў і клопату робіцца ўсё менш, застаюцца толькі самыя неабходныя – для жыцьця. Ды для здароўя. Я перад Новым годам выдраў апошні зуб. Зрабілі ўстаўныя. Але яны выпадаюць, есьці немагчыма. Лепш бяз іх. Але калі мяккае. Ірына абходзіцца апошнімі, але не ўстаўляе. Можа, і правільна робіць. На днях прыязджаў Вася з Гродна. Круціцца на рабоце, заробкі мізэрныя, двое хлопцаў трэба карміць. У Сяргея таксама не хапае грошай. Сын – студэнт. Праз год канчае, а што далей?
Вот такія нашыя справы.
Пішыце, як вы. Віншаваньні пад Новы год атрымалі, дзякуй табе, сястрыца. Званіў у Бычкі, там усё па-старому. Толькі ў Кублічах прапала вада – у маразы разьмерзлася сістэма, бо зламаўся дзьвіжок. Так што школа – без цяпла, а Кублічы без вады. Былі. Цяпер ня ведаю, як.
Будзьце здаровенькі.
Вашы – Васіль і Ірына.

14.
Валічка, дарагая сястрыца!
Сёньня я званіў Тоні, і яна сказала, што ўчора ты званіла ёй, пыталася пра мяне. У нас усё добра, добра пабылі ў Швецыі8, толькі было халаднавата, усё ж там – раньняя вясна. А цяпер во зноў зьбіраюся ў дарогу, на гэты раз у Фінляндыю, дзе мяркуем пабыць летнія месяцы, калі дасьць Бог. Адраса я пакуль ня ведаю, дык ужо адтуль напішу табе, як прыедзем. А так усё больш-менш. Хаця здароўе слабаватае, не для паездак. Але і тут жыцьця няма.
Рады, сястрыца, што ты ўправілася з агародам, на які цяпер уся надзея. А Сашка ўсё ў бальніцы? Цяжка табе з ім, але што зробіш. Шкада і яго, а яшчэ горш, што ён табе не памагае. Усё на табе…
На гэтым канчаю сваё кароценькае пісьмо. Наступнага чакай у чэрвені. І тады напішаш мне. Моцна абдымаем цябе, дарагая мая сястрыца!
Прывет Сашку.
Твае Васіль і Ірына.
22 мая 1998 г.

15.
Добры дзень, дарагія нашы
Валічка і Саша!
Пішу вам гэта з Фінляндыі, з Хельсінкі, куды мы з Ірынай прыехалі на днях. Сустрэлі нас добра, пасялілі на краі горада, у асобнай аднапакаёвай кватэрцы. Кватэрка маленькая, але ў ёй усё ёсьць, нават саўна. Ад міністэрства культуры Фінляндыі мне прызначана невялікая стыпендыя, – на харчаваньне хопіць. Прадуктаў тут якіх хочаш, магазін недалёка, так што галодныя ня будзем. Ірына ўжо гаспадарыць на кухні, а я буду працаваць. Тут, здаецца, будзе спакайней, чым у Менску, – без мітусьні і палітыкі, а гэта цяпер для мяне галоўнае. Абы не падвяло здароўе.
Надвор’е трошкі халаднаватае, сёньня 17°, і дужа ветрана. У нас на Беларусі, канешне, цяплей. Ну але як-небудзь.
Мяркую прабыць тут да восені, а там будзе відаць9 . Планаваць надоўга цяпер не выпадае…
Валічка, напішы, як вы там? Як здароўе і ўсё іншае. Як Саша? Пасылаю табе два канверты з маім адрасам, трэба толькі прыклеіць беларускія маркі. Здаецца, на 10 тысяч руб. дорага, але што зробіш.
На гэтым канчаю. Вельмі жадаем вам добрага здароўічка.
Абдымаем сардэчна,
вашы Васіль і Ірына.
9 чэрвеня 98 г.

16.
Добры дзень, дарагія нашы
Валічка і Саша!
Даўно ўжо не пісаў вам, атрымаў ад вас [ліст] таксама даўно. Але ў мяне пакуль што ўсё добра, жывем тут ня горш, чым у Менску, а галоўнае – дужа ціха і спакойна. Ніхто нас тут не трывожыць, адна падзея, калі атрымаем пісьмо. Працую шмат, напісаў новую аповесьць10 , пераклаў яе на расейскую мову, пішу яшчэ, бо рабіць тут болей нечага. Да тутэйшага жыцьця збольшага прывыклі, хаця вялікая праблема – мова. Фінская мова вельмі цяжкая, не падобная ні на якую іншую, зразумець што-небудзь немагчыма. Ну але як-небудзь. Ірына вучыцца па-фінску галоўным чынам у магазінах, ужо ведае як хлеб, бульба, малако і т. д.
Горад багаты, добраўпарадкаваны, часта ходзяць аўтобусы, працуе таксама метро. Ірына часта езьдзіць у цэнтр, я болей сяджу дома, працую.
Гэтае пісьмо друкую на кампутары, які мне пазычылі сябры. Можа табе, сястрыца, чытаць будзе лягчэй.
І напішы, як вы там? Як здароўе? Ці ёсьць што есьці? Мне з Вушачы пісаў Рыгор11 , пісаў, што дужа кепска ў вас.
Надвор’е ў нас ня надта цёплае, часта ідуць дажджы.
На тым мы кланяемся вам, бывайце здаровенькі, вашыя
Васіль і Ірына.
14 жніўня 98 г.
Валічка, перадавай прывітаньне Сазонаўне і, калі будзе магчымасьць, у Бычкі брату і Тоні. Я ім напішу пасьля.
Абдымаю – В.

17.
Добры дзень, дарагія
Валічка і Саша!
Атрымаў тваё, Валя, другое пісьмо, дзякуй табе за яго – вялікае і падрабязнае. У нас усё па-ранейшаму, усё добра. Жывем амаль як у Менску, толькі лепш. Лепш у тым сэнсе, што спакайней, – ні ў нас, ні да нас няма ніякае справы. Грошай няшмат, але на ежу хапае, а болей нам і ня трэба. Прадуктаў тут процьма – з усяго сьвету. Праўда, усё дорага. Дзяшовага тут не бывае нічога. Але горад вялікі, еўрапейскі; наш раён таксама дужа зручны для жыцьця – усё ёсьць і ўсё блізка.
Адно засмучаюць весьці, што прыходзяць з радзімы.
Аповесьць, пра якую ты, Валічка, пытаешся, – на гэты раз не пра вайну, а пра наш час, пачатак 90-х гадоў. Гэта зусім невялікі твор, які па частках чытае радыё «Свабода». Але ж у вас няма прыёмніка з кароткімі хвалямі, на якіх яна перадае.
Хлопцы мае часам звоняць, часам пішуць. Жэня ходзіць у 10 клас. Сяргей – на апошнім курсе Універсітэта. Праз год-два і з тым, і з другім будзе клопату…
Пагода тут, мусіць, такая, як і ў вас – часта дажджы і халаднавата. Ну але што зробіш – восень. Восеньню, можа, я на некалькі дзён пад’еду ў Менск. Калі будзе магчымасьць. Адтуль напішу ці, можа, пазваню. Званіць адсюль дужа дорага.
Пішы, Валічка, як вы? Як здароўе? Скажы Сашу, каб ня гробіў сябе да часу. Ужо не малады – пара і спыніцца.
На гэтым абдымаем,
Я і Ірына. Будзьце здаровыя.
Васіль.
17 верасьня 98.
Пасылаю 2 канверты з адрасам.

18.
Добры дзень, дарагія
Валічка і Саша!
Тыдзень таму атрымаў ваша пісьмо ад 14.Х. 98, дайшло даволі хутка. Але ня трэба слаць авія, гэта дорага. Лепш звычайным пісьмом.
Як вы жывеце? Ці ёсьць што есьці? Ці ёсьць дровы? Сёлета зіма раньняя, усюды сьцюдзёна. У нас таксама. Хаця ня так, як у Расеі, болей 10° марозу яшчэ не было. А сёньня спусьцілася да 0°. Але сьнег ужо лёг усюды, замярзаюць затокі. Праўда, у кватэры цёпла (+23°), ня тое, што ў Менску. У астатнім жыцьцё спакойнае, харчу ў магазінах (супермаркетах) поўна самага рознага, толькі грошы. Грошы, канешне, прыходзіцца эканоміць, бо тут усё дорага. Але нам хапае.
Я рэдка выходжу з дому, сяджу, працую. Ірына ходзіць у супермаркет, цягае ежу. Горад далекавата, таму езьдзім нячаста. Асабліва зімой. Хлопцы мае часам звоняць, я таксама званю ім. Але таксама нячаста, бо дорага. Патроху лячуся, быў у дактароў, абсьледаваўся. Праўда, толку пакуль што мала, але што зробіш – узрост. Заўсёды нешта баліць. Горш, калі пачало балець сэрца. Праўда, тут ёсьць розныя лекі. Лячуся.
Адчуваю, зіма будзе цяжкая ва ўсіх адносінах. Ды ў Менску яна цежалейшая – во гэта і суцяшае. Неяк трэба трымацца.
Дарагая сястрыца! Я ведаю, ты чакаеш майго пісьма, я дужа часта не магу табе пісаць, ды і табе таксама цяжкавата. Таму дамовімся, што я буду пісаць пад канец месяца, недзе во гэтай парой. І ты гэтай парой будзеш паглядваць у сваю скрынку. Добра?
І пішы мне – як вы? Як здароўе, як жыцьцё ў Вушачы. І можа, Шурка ўжо кінуў піць? Нарэшце павінен быў бы – ужо не маладзён…
На тым абдымаю абодвух!
Прывітаньне ад Ірыны.
Пасылаю 2 канверты.
Ваш Васіль.
22/ХІ-98

19.
Валічка, дарагая сястрыца,
я тут усё чакаў твайго пісьма, аж атрымаў пісьмо ад Барадуліна, дзе ён напісаў, што ты засталася адна. Выказваем табе наша вялікае спачуваньне ў тваёй бядзе. Як ты будзеш адна? Як ты справілася з пахаронамі? Шкада, што я апынуўся далёка і ня змог памагчы табе. Ці памог хто з радні, з землякоў? Напішы мне. Адсюль я не змагу памагчы, але калі дасьць Бог дажывем да вясны, я прыеду ў Менск, пад’еду ў Вушачу…
У нас усё па-ранейшаму, жывем. Я трохі хварэў на прастуду, цяпер лепей. Часам, праўда, бывае кепска – сэрца і лёгкія. Трохі лячуся, але ўсё ж лячыцца трэба дома. Тут лячэньне дужа дарагое і даўгое, на тое ў нас няма сродкаў.
А ў астатнім жыць добра, я працую, шмат напісаў. Наконт друкаваньня – справа горшая. Ну але як-небудзь.
Хлопцы мае звоняць, пішуць. У іх свае праблемы-клопаты.
Ці атрымала ты мае віншаваньні пад Новы год?
Як да цябе там адносяцца суседзі? Ці была ты ў Бычках? Ад брата Міколы ніякіх вестак.
Трымайся, сястрыца. Галоўнае – беражы здароўе. Як-небудзь трэба дажыць да вясны. Вясной усё лепей.
Абдымаем цябе, сястрыца!
Твой брат Васіль і Ірына.
12 студзеня 999 г.

20.
Добры дзень, дарагая сястрыца,
як жа ты жывеш? Даўно ад цябе не было пісьма, ці здаровая хоць ты? Ці цёпла ў тваёй хатцы? Ці ёсьць што есьці і чым пакарміць твайго ката. Можа б трэба табе завесьці сабачку? Хоць маленькага. І выгадаваць, як Мікола, у валёнку?
Сумна, канешне, бяз Сашкі, але што зробіш? Трэба ж неяк жыць?
У нас пакуль што ўсё добра, жывем тут па-панску: цёпла, ежы хапае. Што яшчэ трэба. Знаёмых тут на ўвесь горад – тры чалавекі, звоняць рэдка. Я, як заўжды, працую, Ірына ідзе ва ўніверсам за харчамі. Тут хадзіць трохі далей, чым у Менску, можа, як табе ў Вушачу. Пагода розная бывае, увогуле халадней, чым у Беларусі. Цяпер ляжыць сьнег і мароз 10-12°. Часта бывае сьцюдзёны вецер.
Новы год сустракалі ўдвух за сваім столікам. Пазванілі рабятам – у Менск і Гародню. Неяк спраўляемся са здароўем, хаця таксама па-рознаму. Бо ўжо двое немаладых. Што рабіць.
Як у вас жыцьцё? Як суседзі – Сазонаўна і Віктар? Прывет ім абодвум.
Пішы, сястрыца. Канверт з адрасам табе пасылаю, каб лягчэй было. Толькі трэба маркі. Гэта ўжо ў Вушачы.
Рыгор мне часта піша.
З Бычкоў нічога няма. Але раз я ім дазваніўся. Як Мікола прыйшоў з бальніцы.
На гэтым абдымаем цябе
Васіль і Ірына.
4 лютага 99 г.

21.
Валічка, дарагая сястрыца,
атрымаў тваё вялікае пісьмо, дзякуй табе, што ты падрабязна апісала сваё жыцьцё. Гаротнае жыцьцё на адзіноце, але што зробіш. Хаця, можа так быць, што ў старасьці так і лепш. Хаця і самотна, затое ня будзе каму травіць душу, надрываць сэрца. Абы толькі трывала здароўе. Хутка ўжо вясна, прыйдуць клопаты на агародзе. А ты ж працавітая, як мурашачка, ня будзе калі журыцца.
Дужа я адчуваю сябе вінаватым перад нябожчыцай Вольгай12 . Гэта ж як мы залетась былі ў Антолі, яна прыходзіла з дачкой і запрашала на госьці. Але я неяк не сабраўся, а пасьля стала не да гасьцей. А яна во – і памерла. Адыходзяць нашыя самыя блізкія, і пасьля кожнай сьмерці – адчуваньне вінаватасьці хоць бы за тое, што не пабачыўся, не разьвітаўся… усё хацеў неяк пад’ехаць у Падсьвільле да На­дзейкі13 . Можа як-небудзь улетку… Калі дасьць Бог, улетку пад’еду і на радзіму – можа, у апошні раз…
Ну а тут мы жывем добра. Кватэра маленькая, але ўсё культурна, па-еўрапейску. Ірына не нарадуецца з электрапліты, кухні. Харчу хапае – рознага: і мяснога, і малочнага, і фруктаў… Ядзім так, як ніколі ня елі. Тэлевізара няма, затое ёсьць радыё, таму ў курсе ўсіх беларускіх спраў. Ну і я працую, пішу… адно дрэнна, што дужа цяжкая мова, дагэтуль мала што разумеем, а трэба б болей. Асабліва ў горадзе, у магазіне. Ірына збольшага вывучыла некалькі словаў, я – менш.
І яшчэ – усё ж даўгая і халодная зіма. Шмат сьнегу. На вуліцах абапал гурбы. Адлігі амаль не было. Мароз не вялікі, але кажуць, сьнег будзе ляжаць да мая. Даўгавата. Усё ж у Беларусі вясна прыходзіць раней.
Хлопцы мае часам пішуць, часам звоняць. У іх, вядома, свае клопаты. Сяргей не працуе, добра што хоць працуе жонка, Сярожка ўлетку канчае універсітэт, а што далей – невядома.
Вось такія ў нас справы, сястрыца.
Будзем, аднак, спадзявацца на лепшае. Хаця жыцьцё наогул не палепшае – няма як. Але хоць бы не падвяло здароўе.
Пасылаю табе маё тутэйшае фота. Здымала Ірына.
І канверты. Каб пісала нам сюды.
На гэтым канчаю. Перадавай прывет тваім суседзям – Сазонаўне і Віктару. А можа, будзеш пісаць Надзейцы, дык і ёй.
Будзь здаровенькая. І не сумуй.
І пішы нам.
Твае Васіль і Ірына.
5 сакавіка 99 г.
Пісьмы ідуць дужа доўга…

22.
[Без даты.]
Валічка, дарагая сястрыца,
Віншуем цябе з Вялікаднем, хай Бог дасьць табе добрага здароўечка. Здаецца, Бог даў нам дажыць да вясны, вясной будзе лепш. У нас тут зіма была доўгая, і цяпер яшчэ сьнег ляжыць нават у горадзе. Марская затока яшчэ пад лёдам. Але чакаем. У астатнім усё па-ранейшаму. Зіму перажылі без вялікіх хваробаў, а як будзе вясной, хто ведае. Улетку думаю пабачыць Беларусь, а можа і раней. Ушаччыну таксама. А пакуль што – вельмі жадаю табе ўсяго найлепшага. І прывітаньне тваім суседзям, якія шануюць цябе і – асаблівы прывет Сазонаўне.
Будзь здаровенька, сястрыца,
твой брат Васіль.

23.
Валічка, дарагая сястрыца,
Віншуем цябе з Вялікаднем, абнімаем, добрага табе здароўічка і цёплага сьвята.
Пасылаю гэта табе з Італіі14 , куды мы прыехалі на 3 дні. Сёньня 1 красавіка, але цёпла, зелена і сонечна. У нас усё добра, пакуль што будзем да вясны ў Нямеччыне. А там будзе відаць.
Цёплай табе вясны, дарагая сястрыца! Прывітаньне тваім ваўчанцам.
Твае брат В. і Ірына.
[1999 г.]

24.
Дарагая сястрыца,
сёньня атрымаў тваё пісьмо ад 5 мая. Дужа доўга ідуць пісьмы. Я табе пісаў з Берліна, абяцаў прыехаць у маі. Але ў маі не атрымаецца, можа прыеду ў другой палове чэрвеня. А так усё больш-менш. У нас [таксама] сьцюдзёная вясна, яшчэ толькі распускаюцца лісточкі. Праўда, суха. Але не цьвіце нічога. Ты правільна зрабіла, што аддала гарод, менш будзе клопату. Прывітаньне Віктару і добрым суседзям. Ірына перадае прывет таксама. Да сустрэчы.
Абдымаю – Васіль.
17 мая 99

25.
Дарагая сястрыца!
Даехалі тады мы добра, я ўвечары званіў тваім суседзям.
Во зрабіў здымкі і пасылаю. Два перадай дзяўчаткам.
Заўтра еду ў Гродню.
Пасьля напішу.
Шчасьлівенька табе!
Будзь здарова, сястрычка.
Ірына таксама табе кланяецца.
Твой В.
23.VII. 99


26.
9 жніўня 999
Валічка, дарагая сястрыца,
ужо два тыдні, як мы вярнуліся ў Хельсінкі, і я ўсё ўспамінаю тую нашу паездку. Канешне, мала пабыў я ў цябе, і ў Бычках, не зрабіў шмат што, што думаў зрабіць. Але быў клопат у Менску, зьезьдзіў да ўнукаў у Гродна. Усюды клопаты. Тут менш, але тут гняце адарванасьць, далёкасьць, немагчымасьць пагаварыць. А ў пісьме ўсяго ня скажаш.
Званіў Тоні, Міколу ў бальніцу не паклалі, але нага яго кепская. Ды і здароўе… Тоня казала, званіў Антоля з Завулка, трэба б заехаць да яго, ды ня выпала. Можа, другім разам. Калі выпадзе той другі раз. Але добра, што мы з табой зьезьдзілі ў Бычкі, ды і ў Гараноўшчыну [таксама]. Хацеў зьезьдзіць у Падсьвільле да Надзейкі, пабачыць яе, ды не пасьпеў… [Таксама] – на другі раз. Калі толькі ён будзе, той другі раз.
Валічка, во тут Ірына кажа, што, калі ў цябе была [зь]беркніжка, каб ты схадзіла ў [зь]беркасу. Можна перааформіць той стары ўклад на чэкі і па чэках атрымліваць нешта ў магазінах. Але для таго трэба мець старую [зь]беркніжку.
І напішы мне, як твае справы. Як здароўе? Як агарод? Як з дрывамі?
На тым абдымаю цябе, мая дарагая сястрыца. Жыві як-небудзь. Можа, дасьць Бог, пабачымся.
Твой Васіль.
Ірына табе шле прывет.

27.
24 верасьня 99
Валічка, дарагая сястрыца,
Даўгавата ўжо атрымаў тваё пісьмо, пасьля атрымаў пісьмо ад Рыгора15 з бальніцы. Ён піша, што дужа ўпадабаў размову з табой, дужа ўжо добрая ў цябе вушацкая мова, і для яго стала асалодай цябе слухаць. Тое мяне дужа парадавала, бо Рыгорка вялікі майстра роднай мовы. Але во – захварэў, і цяпер у Менску зноў ляжыць у бальніцы. У яго нешта з галавой… Яшчэ з яго пісьма я дазнаўся, што лячыў яго Галавач, а гэта ж Валодзяў сын. А я і ня ведаў, што ягоны сын доктар і працуе ў Вушачы. Шкада, што я так і не пабачыў перад сьмерцю Валодз[ю], з якім некалі дружыў. Ён быў харошы хлопец. І, помню, памагаў мне, як наш бацька за­хварэў на тыф і ляжаў ва ўшацкай бальніцы. А і цётка Агапка была дужа прыхільнаю да нашай мамы. Вечная ім памяць і пухам зямля.
У нас усё па-ранейшаму, жывем пакуль што на старым мейсцы. Але, відаць, толькі да канца года. А там будзе відаць. Канешне, хочацца дамоў, у Беларусь, каб там можна было жыць…
Звоняць калі хлопцы – з Менску і Гродні, Сярожка ў арміі, служыць недалёка ад Менску (50 км), бацькі езьдзяць да яго. Вася-гродзенскі толькі што вярнуўся з Поўначы, дзе лавіў рыбу, – патраціў на тое ці ня ўвесь свой водпуск. І грошы, канешне, якіх у яго, доктара, ніколі не было лішніх. Але і я цяпер не магу адсюль памагчы…
Тут ужо восень, хаця неблагая восень. Было суха, цёпла. Праўда, учора пайшоў дождж, ну але пара. Ня ведаю калі, але трэба б на колькі дзён пад’ехаць у Менск па некаторых (хатніх) справах.
На тым абдымаем цябе – я і Ірына. Будзь здаровеньк[а] і часьцей пішы.
Твой Васіль.

28.
22 кастр[ычніка] 999
Дарагая сястрыца,
сёньня атрымаў тваё пісьмо і быў дужа рады. А то ўжо хацеў званіць суседзям (хаця ня ведаю пра вашыя адносіны, можа да іх званіць ня трэба?). Быў дужа ўстрывожаны, што ты апынулася ў бальніцы, ды яшчэ з сэрцам. А як жа ты пачуваешся цяпер?
Яшчэ горш за ўсё, што адна, няма каму цябе дагледзець. Ні Шуркі, ні Сазонаўны…
А наперадзе – даўгая і сьцюдзёная зіма. Як перажыць яе?
У нас тут усё добра, у кватэры цёпла. Праўда, не [пашанцавала] мне – троху[,] захварэў: забалела вуха. Грэю, п’ю таблеткі, але нешта памагае слаба. Сяджу дома. Ірына не пушчае на вуліцу (як малога), па якой патрэбе – сама. Хоць і ў самой здароўе не маладое, і ўзрост трохі меншы за мой.
Тут будзем да Новага года, а пасьля вернемся ў Менск. Да звыклага, хоць і труднага жыцьця. Але я ўжо засумаваў – па Беларусі. Тут добра, але ўсё ж – чужына.
Рыгор, адлежаўшы ў бальніцы ў Вушачы, яшчэ 2 тыдні ляжаў у Менску. Зусім расхварэўся мой самы лепшы дружа…
Хлопцы мае неяк жывуць, як і ўсе – з кожным годам усё горш. Добра, што хоць перасталі мерзнуць – здаецца, з 20-га пачалі грэць.
А ці ёсьць у цябе газ? Цяпер жа з газам таксама праблемы. І пра здароўе пішы.
На тым – усяго табе добрага, не хварэй болей. Пішы.
Твае брат Васіль і Ірына, якая перадае табе вітаньне.
В.

29.
10 сьнежня 99
Добры дзень, дарагая сястрыца!
Перш за ўсё – з Новым годам цябе, са сьвятымі Калядамі. Хай табе дасьць Божа добрага здароўя, цёпленькай хаткі. Хай радуе цябе твой коцік…
У нас пакуль што ўсё цярпіма. Трохі прастудзіліся (асабліва Ірынка), але як-небудзь. Дабываем тут апошні месяц і вяртаемся ў Менск. Што там чакае – хто ведае. Найперш халодная кватэра і ўсё астатняе таксама ж. Ну але і тут ужо годзе, гаспадары былі добрыя, але трэба гасьцям і свой час ведаць.
У хлопцаў маіх ня ўсё добра (у Гродні), але што я магу зрабіць? Можа, як-небудзь наладзіцца. А дома хварэе Мікола, бедны наш браток. Хоць бы паздаравеў як…
Абдымаем цябе, Валічка, яшчэ раз з Новым годам.
Цалуем[.] Васіль і Ірына.

30.
Добры дзень, дарагая Сястрыца.
Даўно не пісаў табе – так закруцілася жыцьцё маё, як вярнуўся з Хельсінкаў. Найперш адразу захварэў на грып – сьпярша Ірына, затыя я. Хвароба была цяжкая і доўгая. Толькі пад канец месяца неяк ачомаўся. А тут яшчэ здарылася бяда з унукамі. Быў прапаў старэйшы ўнук Сярожка – тыдзень не маглі знайсьці ні ў Менску, ні ў Гародні. Думалі, што ўжо дзе забілі хлопца. Але знайшоўся, толькі абрабаваны, без капейкі грошай… (А быў ён дома, адпусьцілі на пару тыдняў з арміі.) А затым малы васятка паехаў у Віцебск на спаборніцтвы (ён займаецца спортам) і там трапіў пад машыну. Было з ім клопату, маці езьдзіла ў Віцебск, прывезла яго ў Гродна, цяпер лечаць у гродзенскай бальніцы. Ну мне, вядома, усё тое выцягнула нерваў. Не памагла і прэмія, якую я атрымаў у Маскве16 . Атрымаў, праўда, пакуль толькі дыплом ды пазалочаную цацку, грошай яшчэ трэба чакаць… а тут у Менску пачалася траўля па тэлебачаньні – са злосьці і з зайздрасьці, праўда, заступілася Масква (напр.[ыклад], газета «Известия»), але цяпер тое заступніцтва мала значыць. Тут жыць становіцца немагчыма. І ўжо ня толькі мне. Яны дабіраюцца і да хлопцаў…
З тае прычыны паеду ў Германію. Хоць да вясны. А то тут холадна, у кватэры сьцюжа, Ірына ўсё прастуджваецца. Ды і я таксама. А з Германіі запрашаюць да мая-месяца17 . Так што 3 лютага паляцім. Наступнае пісьмо напішу ўжо адтуль.
Ну а як ты, сястрыца? Як тваё здароўе? Ці ёсьць што есьці? Ці ня мерзьнеш у хаце?
Што ў Вушачы?
Як атрымаеш мой новы адрас, напішы.
А пакуль што і я і Ірына жадаем табе добрага здароўя і цёплай зімы.
Абдымаем цябе –
твой Васіль і Ірына.
1 лютага 2000

Пасылаю табе два фінскіх фота.

31.
Дарагая мая сястрыца!
Ужо тыдзень, як мы ў Германіі, і я пішу табе першае пісьмо. Даехалі (даляцелі) добра, з Берліна нас адвезьлі на машыне ў наш дом каля лесу ў невялікай вёсцы18. Але вёскі тут як маленькія гарадкі, а наш дом адпачынку – былы маёнтак нямецкага графа. Тут нас кормяць, абыходзяць, – як у санаторыі. Жывем з Ірынай у невялікім пакойчыку, унізе сталовая і ўсё іншае. Цёпла, утульна. Пачынаю працаваць, бо інакш тут рабіць няма чаго. Часам – у выхадныя – з Берліну прыязджаюць сябры нямецкія, якія стараюцца чым-небудзь мне памагчы. Хаця помачы мне ніякай ня трэба. Абы было здароўе. Але дзе яго возьмеш на 8-ым дзясятку?..
Надвор’е тут зусім не зімовае, – як у нас у красавіку. Сьнегу няма, у полі скрозь зелянее рунь. Марозу таксама няма, часам толькі ідзе дождж. І вецер. Невялікі гарадок праз 20 км, у які мы з Ірынай езьдзім разы два на тыдзень, каб што-небудзь купіць. Калі нічога не перашкодзіць, мяркуем пабыць тут да мая-месяца, а тады вернемся ў Беларусь. Што будзе далей – нічога не вядома.
А як ты жывеш, сястрыца?
Напішы мне пра сваё жыцьцё і пра жыцьцё ў Вушачы. У Бычках таксама. Перад ад’ездам я званіў Тоні, Мікола, па-мойму, чуецца кепска пасьля бальніцы. У хлопцаў маіх – у Менску і Гродні – таксама нічога добрага. Ім я часам званю, але ў іх свае праблемы.
Перад ад’ездам я так і не пасьпеў паслаць табе трохі грошай, проста не хапіла часу, так шмат было спраў – з візай, пашпартам, білетамі… Цяпер ужо да вясны.
Валічка, пішы нам.
А пакуль што мы з Ірынай жадаем табе здароўечка і хуткай вясны. Зазелянее траўка, ажыве твой гародчык – стане лягчэй на душы.
Абдымаем цябе, сястрыца,
Твае Васіль і Ірына.
12 лютага 2000

32.
[Без даты.]
Дарагая сястрыца,
пішу табе невялічкую адкрытку з новага адрасу19 . Мы ў новым горадзе, тут усё добра. Кватэра нішто сабе (лепшая, чым была раней). Жывем, працуем. Дрэнна толькі, што яшчэ далей ад Беларусі. Зіма тут цёплая, сьнегу няма. Здароўе так сабе. Бывае… Усякае ўжо бывае. Лячыцца, аднак, лепш дома. Але што зробіш. Хлопцы мае часам звоняць, я ім – тожа. Пісьмы ідуць дужа доўга. Але ты – пішы.
На тым абдымаю. Ірына шле прывет.
Твой брат – В.

33.
[Без даты.]
Дарагая сястрыца,
віншую цябе з Вялікаднем, хай ён будзе для цябе цёплы, сонечны і шчасьлівы.
У мяне ўсё добра, жывем добра, вясна тут ужо ў разгары, цёпла. У горадзе шмат кветак і вялікіх дрэваў, цэркваў таксама.
Дасьць Бог, вясной як-небудзь пабачымся.
Абдымаем цябе з Ірынай.
Будзь здаровенькая.
Твой брат В.

34.
Дарагая сястрыца,
даўно я не пісаў табе, а гаварыў толькі аднойчы, на пахаваньні нашага браточка Міколкі. Дужа мне шкада яго, нашага малодшага, заўсёды хворага. Яшчэ з дзяцінства помню яго, як ён хварэў на коклюш. Ды і пасьля… Як я прыязджаў пасьля вайны, і мы з ім езьдзілі на санях у гаі, секлі сухую ёлку на дровы. Няшчасны ён быў, наш браток, столькі нахварэўся за калгасам і пасьля. Шкада, я ня мог прыехаць на пахаваньне, добра што хлопцы мае паслухаліся, зьезьдзілі…
Ну а як жа ты, сястрыца, як ты жывеш, у чым твой клопат цяпер, перад зімой. Бульбачка ёсьць, гэта добра, але ж яшчэ трэба і да бульбы… Рыгор пісаў мне, што дужа яму спадабалася твая мова, родная, ушацкая, якой ужо рэдка ўчуеш у Вушачы. Гэта праўда. А ён жа дужа любіць сваю мову і наогул самы лепшы паэт Беларусі. І я яго дужа люблю. Бо ён чэсны грамадзянін і чалавек. Праўда, даўно хварэе, хоць і ня п’е… І цешча ягоная ляжыць, не ўстае. Ну але гэта ўжо клопат ягонай Валі.
У нас тут ужо канчаецца восень. Добрая (дужа добрая) была тут восень – цёплая і без дажджу. У маёй мансардзе наогул цёпла, даўно топяць. Адно толькі дрэнна (і гэта якраз прыпала на восень) [,] клопат пра новы пашпарт (старога канчаецца тэрмін) [,] трэба мяняць. А з ім і візы – нервовая гэта справа ды яшчэ на 2 дзяржавы. Ну але як-небудзь. Тут мне памагаюць – і сябры-немцы, і землякі з пасольства. Дзякуй ім. І ўсё ж з новым пашпартам, як атрымаю, трэба будзе пад’ехаць у Менск, хоць на якіх пару дзён – па розных справах, у тым ліку і выдавецкіх. Тады патэлефаную з Менску.
А пакуль што – здароўічка табе, мілая сястрыца мая. Пішы мне.
Абдымаю цябе. Ірына таксама.
Твой брат Васіль.
25 кастрычніка 2000
P. S. Пасылаю табе фота са Швецыі. І адкрытку з нямецкіх Альпаў.

35.
[Сьнежань 2000]
Дарагая сястрыца,
найперш віншуем цябе з Новым годам, са сьвятымі Калядамі. Дужа жадаем, каб ты была здаровенькая, жыла ў цёплай хатцы і ня дужа журылася. Прыйдзе вясна, прыгрэе сонца, стане весялей каля твае хаткі і ў гародчыках, дзе ў цябе поўна кветак.
У нас пакуль што ўсё па-ранейшаму – жывем у Берліне. Трохі прастудзіліся, асабліва Ірына, а так пакуль што цярпіма. Пасьля Калядаў, быць можа, перабярэмся далей на Захад – у Франкфурт, бо тут, у Берліне, наш тэрмін канчаецца. Ну а ў Беларусь – ужо як пацяплее. Жывы буду, абавязкова прыеду. І на госьці да цябе таксама.
Ну дык – з Новым годам, новым стагоддзем!
Абдымаю цябе, сястрыца. Твой брат Васіль.
Ірына – таксама.

36.
Добры дзень, дарагая
сястрыца,
даўно не пісаў табе, бо зьбіраўся ў дарогу. На днях пераехалі з Берліну яшчэ далей на захад – у Франкфурт, цяпер будзем жыць тут. Кватэра добрая, зручная, цёплая, на 3 паверсе, вуліца ціхая, усё добра. Дрэнна толькі, што далей ад дому, ад Беларусі, куды ўсё ж маем намер вярнуцца. Калі будзем жывы. Здароўе так сабе, не заўсёды добрае. Але дзе ж яго возьмеш на 77 годзе жыцьця? Хварэць тут нельга…
А як ты? Як здароўе? Як там жыцьцё ў Вушачы?
Дрэнна, што адсюль пакуль што я не магу пазваніць – яшчэ няма тэлефона. Але тэлефон будзе.
Пішы мне сюды – адрас на канверце.
А пакуль што канчаю і абдымаю цябе.
Ірына перадае прывет.
Твой брат Васіль.
19 студзеня 2001 г.
37.
[Без даты.]
Дарагая сястрыца,
віншуем цябе з Вялікаднем, дай Бог табе шчасьця і здароўя. І цёплай вясны. Шчырае віншаваньне тваім мілым суседзям.
Мы пакуль што на старым мейсцы, але тут ужо прабудзем нядоўга. Хутка – на новае20. Але куды – невядома. Усё ж маем надзею вясной ці на пачатку лета пабачыцца.
А пакуль што – абдымаем!
Твой Васіль і Ірына.


ПРЫПІСЫ

1.
Лісты 1–4, 7 напісаныя па-расейску.
2.
Паштоўка напісана зялёным фламастарам. На тытуле – каляровы малюнак з кветкамі і надпісам «8 сакавіка».
8.
З гэтага ліста ўся далейшая перапіска з сястрой Валянцінай вялася В. Быкавым па-беларуску.
13.
З гэтага ліста В. Быкаў пачаў карыстацца класічнай граматыкай і пісаць «з мяккім знакам».
16.
Ліст набраны на кампутары і раздрукаваны на струйным прынтары. Унізе зьлева аркуша прыклеены рознакаляровы малюнак вазы з кветкамі.
22.
Тэкст напісаны на віншавальнай паштоўцы, на тытуле якой – два трусы за зялёнай траве каля велікодных пісанак. Зьверху надпіс па-фінску: «Hauskaa Pддsiдistд».
23.
Ліст напісаны ў Італіі, куды В. Быкаў з жонкай Ірынай Міхайлаўнай прыехаў па за­прашэньні перакладчыка сваёй кнігі.
На тытуле – рознакаляровыя пасхальныя малюнкі: пісанкі, кветкі, званочкі. Зьверху надпіс па-італьянску: «Felice Pasqua / Шчасьлівай Пасхі».
24.
Тэкст напісаны на паштоўцы, на тытуле якой каляровае фота аленя на лясной паляне.
Ліст, напісаны ў Берліне, пра які згадваецца ў паштоўцы, не захаваўся (ці не дайшоў да адрасата).
28.
Напачатку аркуша В. Быкавым наклеена налепка рознакаляровага какаду.
32.
Паштоўка пісалася ў Франкфурце-на-Майне. На тытуле паштоўкі – каляровая панарама гэтага нямецкага горада.
33.
На тытуле паштоўкі выява цацачнага мядзьведзяня ў кошыку з чырвонай стужкай. Пад ім намаляваныя два сэрцы. На развароце над тэкстам віншаваньня надпіс па-нямецку: «Alles Gute ZUM MUTTERTAG / Найлепшыя віншаваньні з “матчыным днём”».
35.
На тытуле паштоўкі – каляровае фота фіялетавых касачоў.
37.
Апошні вядомы ліст, высланы В. Быкавым сястры Валянціне перад пераездам у Чэхію ў сьнежні 2002 г. На тытуле віншавальнай паштоўкі – каляровая выява з сюжэтам Тайнай вячэры.