12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Васіль Быкаў

_____________________
"Пішу як умею, як разумею".
Перапіска Васіля Быкава і Лазара Лазарава


Публікацыя
Ірыны
Быкавай.

Падрыхтоўка
да друку, прадмова
і пераклад асобных
лістоў з рускай мовы
Алеся
Пашкевіча.



У лёсе такіх пісьменьнікаў, як Васіль Быкаў, зазвычай бывае няшмат людзей, якім можна даверыцца цалкам, якія разумеюць, дапамагаюць, ня здраджваюць.
Такім чалавекам на працягу доўгіх гадоў для беларускага пісьменьніка быў расейскі літаратуразнаўца Лазар Лазараў, аўтар многіх прадуманых і праўдзівых публікацыяў, у тым ліку і кнігі «Василь Быков: Очерк творчества» (Масква, 1979).
Перапіска паміж В. Быкавым і Л. Лазаравым – пранікнёная дакументальна-душэўная аповесьць пра лёсы лепшых прадстаўнікоў літаратуры 60-90-х гадоў, пра іхнія мары і спадзяваньні, надзеі і расчараваньні, эстэтычнае бачаньне. Гэта своеасаблівы творчы летапіс грамадскіх зьменаў у жыцьці савецкай імперыі і летапіс чалавечых стасункаў: двух сяброў-франтавікоў, сяброў-літаратараў і іхніх сем’яў.
Ліставаньне яскрава падзяляецца на тры перыяды: «агульнага» Савецкага Саюзу (Гродна, Менск, Дубулты, Ніда, Піцунда, Масква), Беларусі і Расіі як незалежных краінаў, а таксама перыяду вымушанага «замежжа» народнага пісьменьніка (Фінляндыя, Нямеччына, Чэхія). Ня ўся карэспандэнцыя захавалася, аднак і яе хапае на асобную кнігу. («Дзеяслоў» прапануе ўвазе чытача найбольш паказальныя лісты)* .
Напачатку былі адметныя сваёй гранічнай праўдзівасьцю публікацыі Васіля Быкава: у «Дружбе народов» выйшла яго аповесьць «Трэцяя ракета», а асобным выданьнем – аповесьць «Жураўліны крык». У «Новом мире» зьявіўся водгук Л. Лазарава на быкаўскую прозу. Пасьля гэтага і пачалося ліставаньне: напачатку далікатнае – са зваротамі на «Вы».
Першая сустрэча «празаіка і крытыка» адбылася ў Маскве – у «зборнай» пісьменьніцкай кампаніі. Пазнаёміў іх Алесь Адамовіч. Былі шматлікія хатнія сяброўскія адведкі. А над усім тым – час, калі, як успамінаў Л. Лазараў, ад начальніцкай пугі, што сьвістала над галавой Быкава, не абаранялі ні вялікая пісьменьніцкая слава, ні прызнаньне чытачоў. А іхняе ліставаньне з кожным годам рабілася больш адкрытым, шчырым, кранальным. Застой, ідэалагічны дыктат, рэдактарскі і цэнзарскі гвалт – стаўленьне да ўсяго гэтага прабівалася і ў радках, і паміж імі. Як і думкі пра нацыянальна-адраджэнскі ўздым і ў Літве (Вільнюскія падзеі 1988 году), і ў Менску, і ў Маскве. Як і водгукі на станаўленьне прэзідэнцкіх дзяржаў…
З 1998 году В. Быкава «выштурхнулі за мяжу, і ён вымушаны быў апошнія свае гады бадзяжнічаць па чужыне» (зноў выказваньне Л. Лазарава). І пачалася ў ягоным лёсе новая вайна, калі да грамадска-палітычных няўдобіц далучаецца асноўная праблема, як выказаўся сам пісьменьнік: адсутнасьць здароўя і старасьць, а яшчэ – адсутнасьць блізкіх сяброў («З сябрамі справы кепскія – няма сяброў… Нават у Гродне я не адчуваў такой пустаты»). А ў Менску… «З Менску весткі па-ранейшаму адна другой горш, – памёр Г. Карпенка, адзін з лідэраў апазіцыі, вельмі дастойны вучоны – не дажыў да 50 гадоў. Лютуе У. Сяўрук – друкуе палосы, дзе працягвае выкрываць В. Быкава, – на гэты раз за антырускасьць».
На пачатку стагоддзя ліставаньне згасае – як і сілы В. Быкава: творчыя і фізічныя. Ён хварэў і няўмольна прарочыў сваю блізкую разьвязку: «Адчуваецца, што часу ўжо ў абрэз»; «Вясной што-небудзь памяняецца. (Калі дажывём да вясны.)».
Апошнім адказам на дасланы з Прагі Быкаўскі ліст сталі ўспаміны Л. Лазарава з далёкасяжнай назвай «Праўда застанецца»…


Масква. 11.11.1964
Дарагі Васіль Уладзіміравіч!
Вялікі Вам дзякуй за кнігу – я быў па-сапраўднаму крануты Вашай увагай. Ня так часта праца нашага брата, крытыка, знаходзіць водгук, а тым больш сустракае добрыя словы. Але асабліва мне прыемна была менавіта Вашая ўвага, таму што Вы робіце ў літаратуры тое, што я ўспрымаю надзвычай важным і што вельмі дарагое і блізкае мне, – можа быць таму, што мы людзі аднаго пакаленьня з надзвычай блізкай ваеннай біяграфіяй. Калі б я ўзяўся за прозу, дык, верагодна, пісаў бы аб тым, пра што пішаце Вы.
З Вашых апошніх рэчаў, пра якія мне давялося пісаць, мне спадабалася “Пастка” (я прачытаў яе, слава Богу, не ў “адрэдагаваным” выглядзе) <…> Вам давя­дзецца яшчэ зрабіць у літаратуры шмат цікавага і карыснага.
Не схаваю, “Альпійская балада” мне спадабалася менш. Мне здаецца, што рамантычныя ноты не ўласьцівыя Вашаму таленту (наогул, я ня супраць рамантызму), таму рэч атрымалася стракатай: моцныя старонкі ў ёй суседнічаюць са старонкамі, дзе Вы прымушаеце сябе рамантызаваць рэчаіснасьць. Гэты ўнутраны прымус дае пра сябе знаць.
Можа быць, пра гэта ня варта б пісаць, ды яшчэ падчас першага знаёмства. Але я даўно ўзяў сабе як правіла нават блізкім сябрам гаварыць усё, што думаю аб іхняй працы, – інакш адносіны становяцца двухсэнсоўнымі. <…>
Жадаю Вам посьпеху!
Моцна цісну руку!
Ваш Л. Лазараў.
P.S. Калі патрапіце ў Маскву, буду рады пабачыць Вас і пазнаёміцца з Вамі.

[Бяз даты.]
Дарагі Лазар Ільліч!
Сёньня атрымаў Ваш ліст, за які хачу моцна падзякаваць Вам. Ня ведаю, ці трэба казаць тут, наколькі высока я цаню Ваш літаратурны густ і Вашую ідэйную стойкасьць у складаных літаратурных перыпетыях нядаўняга мінулага, роўна як і Вашую прынцыповасьць у многім, што тычыцца ваеннай тэмы, якую я цалкам падзяляю. Насамрэч, вельмі многа з сапраўднай праўды аб вайне мы яшчэ не сказалі, мне здаецца, што мы ўсё яшчэ ідэалізуем і працуем па старых, у многім ад сталінскай школы канонах, ня столькі ўглыбіню, колькі ўшырыню. А таму ня дзіўна, што пры параўнаньні нават лепшых нашых твораў аб вайне з аднатэмнымі рэчамі Чэхаславакіі, Югаславіі ці Польшчы, мы часта выглядаем да шкадаваньня ўбога. А час жа ідзе, сыходзяць з жыцьця тыя, хто вынес на сабе ўвесь цяжар вайны, і будучым пакаленьням застаецца прапагандысцкая літаратура, вырабленая па утылітарнай мерцы кожнага дадзенага часу, а зусім не па вялікай меры праўды. Някрасаў, Казакевіч, Бакланаў, Бондараў, яшчэ пяць-восем чалавек, па-сапраўднаму праўдзівых і высокаталенавітых, але ж гэта для такой краіны да крыўднага мала.
Канешне, неабходная грамадзянская сьмеласьць і патрэбен талент, але якой жа сілы павінен быць гэты талент, каб прабіць сабой глыбу яраснага чыноўніцкага супраціву і зрабіць рукапіс здабыткам літаратуры! Вось і даводзіцца, у патрэбнай меры не валодаючы ім, часова адступаць, як гэта здарылася ў мяне з “Баладай”. У памятны час сустрэч і прапрацовак прышлося адкласьці рукапіс зусім іншага характару і ўзяцца за тое, што менш усяго мне падыходзіць. Ды і тая выдавалася з вялізнай цяжкасьцю, друкавалася з купюрамі, мноства разоў перараблялася і рэдагавалася. А “Пастка”! За два гады гэты аповед абышоў амаль усе рэдакцыі (дарэчы, на беларускай мове так да гэтага часу і не апублікаваны) і выйшаў у сьвет пераробленым наадварот (дарэчы, нават без майго ў тым удзелу). У Беларусі мае кнігі гадамі не выдаюцца пад рознымі нагодамі, артадаксальная крытыка спачатку выступала катэгарычна супраць, а цяпер звычайна замоўчвае іх. Звычайна пасьля чарговай рэдактуры сам пачынаеш ненавідзець свой твор, але ня маеш сілаў что-небудзь выправіць у ім.
Ды, спадзяюся, Вы і без таго ўсё выдатна ведаеце. І разумееце. Вы ня можаце не разумець, я ў гэтым перакананы.
Ад вайны ў мяне так многа ў галаве і на сэрцы, што, думаецца, хапіла б на ўсё жыцьцё. Але часам патрапляю ў тупік: а ці варта? Ці ня кінуць усё гэта ды не перакваліфікавацца ў дрэсіроўшчыкі якіх-небудзь зьвяркоў для цырку. Напэўна, гэта было б цікавей. І ўсё гэта не таму, што цяжка, а таму што безвынікова. Калі б няхай тытанічныя высілкі давалі нейкі станоўчы вынік. А то ж няма выніку. Ёсьць яго супрацьлегласьць.
Аднак, дарагі Лазар Ільліч, прашу прабачыць мне. Я зусім ня меў намеру скардзіцца, проста так прарвалася. Я вельмі рады выпадку выказаць маю самую шчырую Вам удзячнасьць за Ваш розум і Ваш талент, якія час ад часу грэюць з друкаваных старонак і, магу Вас запэўніць, далёка не аднаго мяне. З далёкай правінцыі гэта асабліва відаць.
Ад усёй душы цісну Вашую чэсную руку. Ваш В. Быкаў.

19 сакавіка 1966
Дарагі Васіль!
Амаль месяц я ня быў у Маскве <…> Таму ня змог прыехаць на абмеркаваньне “Юности”, куды мяне зазывалі. Вельмі шкадую, што зноў нам не атрымалася ў Вамі пабачыцца. <…>
Але галоўнае, з-за чаго я сеў за машынку – Ваш раман. Я хачу павіншаваць Вас з вялікім посьпехам. Вы напісалі рэч вельмі сур’ёзную, па-сапраўднаму чэсную і моцную. Я мала ведаю рэчаў – на пальцах можна пералічыць, – у якіх пра вайну гаварылася тое, што неабходна сёньня, і гаварылася так горача, без аглядкі. Сьпела і дакладна напісаны ўсе ваенныя часткі, самаадчуваньне героя, які знаходзіцца на мяжы чалавечых магчымасьцяў, неразьбярыха, нарэшце, Сахно і немец. Надзвычайная Каця. Выдатны і гэты гусь у мірных частках, хоць мірныя часткі бядней ваенных і, можа быць, манціраваць іх з ваеннымі трэба было б больш экспрэсіўна, больш рэзка. Але ўсё гэта дробязі. “Мёртвым не баліць” – посьпех па самым вялікім рахунку, я рады за Вас. У мяне вельмі асабістыя адносіны да таго, што Вы пішаце, і Вы нават ня можаце ўявіць, як я рады, што ў Вас такі посьпех. У Маскве ўжо гавораць пра Ваш раман. Хваляць яго людзі, думка якіх Вам, верагодна, неабыякавая: Р. Бакланаў, М. Галай… Вось толькі, баюся, што надрукаваць пра яго што-небудзь будзе ня так проста. Бакланаў прапанаваў свае паслугі “Лит. России”, але яны ўхіляюцца. Мы (“Вопросы литературы”, №2) пасьпелі ў адным з выступаў па прозе 1965 г. сказаць пра раман некалькі добрых словаў, хоць раман заслугоўвае большай размовы. Але што б пра яго ні пісалі, Вы можаце мець законнае пачуцьцё задаволенасьці. Кніга выдатная.
Жадаю Вам усіх дабротаў! Абнімаю Вас, дарагі Васіль! Ваш Лазар.

1966
Дарагі Лазар Ільліч!
Віншую Вас з самым радасным вясновым днём, з нашай Перамогай! Жадаю бадзёрасьці і мужнасьці, так неабходных цяпер, як і тады. У нас 12 траўня вялікі форум, рыхтуюцца падвесьці вынікі. Было б выдатна пабачыць Вас у Менску, калі гэта хоць як-небудзь магчыма. Рыгора я запрашаў таксама. З жыльлём уладкуем. Я буду ў Менску 11-га. Падумайце.
Цісну Вашую мужную руку і абдымаю Вас – Васіль.

[Бяз даты.]
Дарагі Васіль!
Дзень Перамогі я сустракаў у Кіеве. Віктар Някрасаў, Міша Пархомаў і я ў гэты дзень выпілі за Вас, за Вашае здароўе і посьпехі, за тое, каб у Вас усё было ў парадку. Мы не сумняваемся, што ўсё так і будзе. Мы ўжо бачылі ўсё, і нас наўрад ці можна зьбіць з толку. Мы перакананы, што ў Вас хопіць мудрасьці і спакою, каб не паддацца ўсёй гэтай праціўнай кампаніі вакол Вашай выдатнай, па-сапраўднаму праўдзівай кнігі.
Абдымаем Вас.
М. Пархомаў. Л. Лазараў
Дарагі Лазар Ільліч!
Сардэчна віншую цябе з самым сьветлым і радасным днём нашай слаўнай, ужо далёкай Перамогі!
Спадзяюся, у цябе ўсё добра, наколькі можа быць добра ў дадзены час, у мяне таксама. Ня лічачы розных дробязяў, што сталі ўжо трывіяльнымі і да якіх, наогул, пара ўжо прывыкнуць.
У Маскве я цяпер бываю рэдка, спраў асаблівых няма, кніжка ў “М.[олодой] Г[вардии]” вісіць да гэтага часу ў паветры, у “Н.[овый] М[ир]” даўно не званіў, ня ведаю, як з аповесьцю: ідзе ці ўжо зьнялі, можа быць.
Пры нагодзе зьяўлюся – нагадаю пра сябе.
Вясновае прывітаньне Наі1 .
Цісну тваю руку.
Твой Васіль.
5/V-69 г.

6 чэрвеня 1969 г.
Дарагі Васіль!
Прачытаў твой “Круглянскі мост” два тыдні назад, але ніяк ня мог выбрацца, каб напісаць табе, – крыху хварэў, прастыў (у Маскве яшчэ сапраўднага цяпла не было), безьліч усялякай працы, якая не прыносіць асаблівага задавальненьня. Але ўсе гэтыя дні аповесьць твая ня йдзе з галавы. Вельмі парадаваўся і за цябе, і за “Нов.[ый] мир”, у іх даўно не было такой сур’ёзнай прозы (ды і наогул, здаецца, справы іх кепскія, а гэта для ўсіх нас будзе ўдар цяжкі). Але не хачу сёньня аб гэтым пісаць, не хачу, каб быў азмрочаны твой посьпех. Ты напісаў выдатную рэч. Яна выдатная ня толькі тым, што вострая, што бярэ праблемы складаныя і хворыя (і цяпер вельмі хворыя!), ня толькі тым, што ў ёй багаты і тонкі псіхалагічны малюнак (наогул, у тваіх апошніх рэчах у гэтым напрамку, па-мойму, ты далёка прасунуўся наперад), але і тым – а для цябе гэта таксама вельмі важна, – што гэта, калі я не памыляюся, першая рэч, у аснове якой “чужы” матэрыял (у партызанах напэўна ты ня быў). Дзьве апошнія якасьці гавораць аб тым, што ты дасягнуў той сьпеласьці, калі пісаць і пісаць… Я зьбіваюся на рэцэнзію, а гэта, верагодна, не ў лісьце рабіць… Але ці атрымаецца напісаць куды-небудзь пра тваю аповесьць?
Цяпер цяжкія часы, і ёсьць ужо нямала людзей, якія сёньня праз сьвядомае прыстасаванства ці па слабасьці ў сваіх пісаньнях усхваляюць тое, што выкрывалі ўчора. Гэта і брыдка, і крыўдна, і горка. Але я заўсёды ў гэтых выпадках узгадваю пра цябе, аб тым, з якой упартасьцю і чэснасьцю ты пішаш аб тым, што перажылі мы ўсе, аб тым, што было на самой справе. І ўмацоўваюся ў веры, што ўсё гэта пена, якая доўга ня можа трымацца на паверхні. А калі і доўга, дык усё роўна няхай іншыя гуляюць у гэтыя гульні. Сваім “Круглянскім мастом” ты многім напомніў, што такое ісьцінная праўда. І многія людзі – я знаю, я чуў – табе ўдзячныя і захопленыя тваёй аповесьцю.
Склалася парадаксальнае становішча. Гадоў 10-12 назад мемуары падштурхоўвалі мастацкую літаратуру да праўды, цяпер яны ўмела адводзяць ад праўды. Зьяўляюцца нават другія выданьні ўспамінаў, істотна адрозныя ад першых, – робіцца гэта з бессаромнасьцю страшэннай, з упэўненасьцю, што ніхто ня зьверне на тое ўвагі… Канешне, усім гэтым лаўкачам твая аповесьць будзе як востры нож…
Дарагі Васіль! Яшчэ раз віншую цябе з сапраўдным посьпехам, з цудоўнай рэччу! Жадаю табе аднаго – як гаварылі ў нас на флоце – “Так трымаць!”. Калі будзеш у сталіцы, вельмі рады буду цябе бачыць.
Моцна абдымаю цябе!
Твой Лазар.

29 чэрвеня 1969 г.
Дарагі Лазар, дзякуй!
Абдымаю, твой В. Быкаў.
Дарагі Лазар!
Дзякуй табе за памяць і цеплыню – твой водгук на “Сотнікава” быў другім і, зразумела, быў для мяне вельмі дарагім. Што ж, пішу, як умею, як разумею, хоць, зразумела, трэба было б нашмат лепш. Але я рады, што і гэта атрымалася, хоць з купюрамі, з не маёй назвай. У Менску ідзе толькі ў № 11 “Полымя” і тое толькі пасьля працяглых “прапрацовак” аўтара на дзьвюх рэдкалегіях. Праўда, у нашай “Літаратура і Мастацтва” зьявілася ўжо вялікая і станоўчая рэцэнзія, аўтар якой – сам рэдактар т. Прокша. Гэта добры знак.
Ну а ў астатнім усё звычайна і ня вельмі радасна. Горш за ўсё тое, што няма жаданьня працаваць. А можа, і ня трэба.
Спадзяюся, у цябе ўсё пасьпяхова – на службе і дома. Як-небудзь выберуся ў М[аскву]. Убачымся. А пакуль мой сардэчны паклон Наі, тваім дзяўчаткам. І Рыгору Б.[акланаву.] Галаю таксама.
Яшчэ – дзякуй!
Абдымаю, твой Васіль Б.
7 верасьня 70 г.

[Бяз даты.]
Дарагі Вася!
Даўно гэта было, а сьвята гэтае ўсё роўна заўсёды з намі – заплочана за яго было звыш усялякай меры. І вельмі многім менавіта ты дапамог гэта да канца зразумець.
Будзь здароў – абавязкова!
Не паддавайся маяце – пішы!
Моцна абдымаем цябе і Ірыну2 !
Твой Л. Лазараў.

Дарагі Лазар!
Мяне проста забівае маё тэатральнае шэсьце па Маскве, да якога я амаль ня маю дачыненьня. Я з цяжкасьцю напісаў 2 п’есы, адна з якіх апублікаваная ў часопісе, але нікім не пастаўленая, а другая ў падпсаваным выглядзе пастаўленая МХАТам. Астатняе – наробкі маскоўскіх тэатраў і іхніх халтуршчыкаў, якія толькі дыскрэдытуюць маё імя. Але што я магу зрабіць? Яны нават не заўсёды зьвяртаюцца да мяне па дазвол на інсцэніроўку, і я ніякіх правоў на гэта ня маю.
Нядаўна таксама быў у Ленінградзе, дзе на Ленфільме закансервавалі фільм і ад здымак адхілены рэжысёр. Прычына мне не зусім зразумелая, знаю толькі, што непрыхільнасьць ваеннага ведамства да аповесьці адыграла тут не апошнюю ролю. А была ўжо адзьнятая амаль палова фільма. Ну ды Бог з імі. Над новай аповесьцю яшчэ працягваю працаваць, што-кольвек перарабляю, куды аддаць яшчэ ня ведаю, ня буду сьпяшыць друкаваць. Нядаўна прачытаў Грышкаў раман, які мне агулам спадабаўся: скурпулёзна, праўдзіва, местамі – значна. Але – баюся, крытыка наўрад ці будзе ад яго ў захапленьні. Некаторыя часткі (як, напрыклад, выдатная частка з некралогам і подпісам) выклікаюць думкі аб цэнзурным недаглядзе, а такое аўтарам не даруецца.
У Маскву пакуль не зьбіраюся, няма справаў. Трохі хаджу па Нёмане, хоць надвор’е ў нас вымагае жадаць лепшага – вецер і халаднавата, не заўсёды сонца. Але на Нёмане добра, ня тое, што ў літаратуры. Часопіс з артыкулам атрымаў, дзякуй. Артыкул прачытаў з цікавасьцю, так слаўна ты мяне прадставіў дзіцячаму чытачу, што я сам сябе запаважаў.
Як-небудзь, спадзяюся, сустрэнемся яшчэ, калі дасьць Бог і будзем жывыя-здаровыя. А пакуль я абдымаю цябе, сябра, кланяйся, калі ласка, Грышку3 , яго сямейству і свайму сямейству на чале з Наяй.
Будзь здароў.
Твой Васіль.
25 траўня 1975 г.

[1976]
Дарагі Лазар!
Дзякуй табе за ліст і рэцэнзію – сам разумееш, наколькі важна для мяне тваё меркаваньне пра маю новую рэч. Прызнаюся, я пабойваўся ўжо, думаў – не спадабалася. Хоць, канешне, я разумею, што дзіўна ёй спадабацца ў такім выглядзе – адціснутым і абскубаным – некалькі ж месяцаў толькі тым і займаліся, што прыгладжвалі і падразалі ўсё, што, зразумела, самае важнае. Таму вось так і атрымліваецца, што хочаш і чакаеш апублікаваньня, а надрукуешся і бачыш, што радавацца няма чым. І вінаваціць жа няма каго: усе добрыя хлопцы і ніхто табе зла не хацеў.
Ну а цяпер пачынаецца другое дзеяньне: Масква ж пакуль маўчыць, а тут ужо загаварыла буйнакаліберная артылерыя – у газеце артыкул на паўпаласы – разгром поўны. Аказваецца, такога на вайне не было, усё было ня так, камандзіры і байцы былі іншыя, аўтар перакрывіў, ачарніў, апаганіў… Цярплю, што рабіць.
Дарагі Лазар, чытаю “Огонёк”… Дзіўна, што апошні ўвёў мне дакладна такія ж думкі. Значыць, я таксама быў наіўны чалавек, думаючы, што Генштаб – гэта самы разумны штаб.
Астаф’еў добры хлопец і харошы пісьменьнік, хоць з ім я сустракаўся адзін раз. Праўда, нядаўна ў лісьце ён мяне моцна засмуціў, паведаміўшы, што аповесьць мая яго “зусім не задавальняе ў нечым большым і галоўным”, і тут жа некалькі зусім незразумелых захапленьняў М. Грыбачовым (як пісьменьнікам наогул) і яго ваеннымі апавяданьнямі (у “Знамени”) – у прыватнасьці. Нечага я тут не разумею.
У Маскве, магчыма, восеньню буду, патэлефаную, зразумела. А пакуль цісну тваю руку, яшчэ раз. Дзякуй табе, дарагі сябар, маё сардэчнае прывітаньне тваёй чароўнай жонцы <…>.

Лазар, дарагі сябра!
Даўно ўжо ня чуў твайго голасу, не чытаў тваіх радкоў. Усё зьбіраўся напісаць табе, ды нешта перашкаджала: то справы, паездкі, то нездароўе. Вырвалі два зубы, ды няўдала, у жаночае сьвята, якое супала, на бяду, з двума выхаднымі, сяджу дома і маюся ад болю, прыкідваючы, колькі яшчэ маяцца да адкрыцьця паліклінікі. І вось у такім стане пішу табе.
Пасьля доўгага перапынку атрымаў ліст ад Валодзі4 , які сварыцца на мяне (коратка, але энергічна) за маю кінамяккацеласьць. Сварыцца па справе, але ў нас розныя выхадныя дадзеныя ў кіно, і я не магу дзейнічаць так, як дзейнічае ён, хоць усе мае фільмы атрымаліся саплівыя, глядзець няма чаго. І яшчэ ён паведамляе аб тым кіслым выразе твару маскоўскага чытача, з якім ён азнаёміўся з маёй аповесьцю. Галоўная прычына, як Валодзя паведамляе, моўная неахайнасьць, аб чым ішла размова нават на Радзе па беларускай літаратуры ў ЦДЛ у лютым. Але я схільны думаць, што рэч тут ня ў моўных неахайнасьцях (якіх, безумоўна, хапае ў аповесьці), рэч, напэўна, у іншым. Зьявіўся выпадак не баючыся (перад начальствам) куснуць Быкава, і гэта натхняе маіх крытыкаў, у апошні час пазбаўленых гэтай магчымасьці. А Валодзя яшчэ вінаваціць мяне, што я недастаткова прыслухоўваюся да крытыкі…
Цяпер нічога не пішу і ня хочацца. Ваенная тэма невычэрпная, і ў ёй яшчэ б знайшлося што сказаць мне, але адчуваю, недзе яна зжывае сябе маральна ў народзе, асабліва пасьля такіх трыумфальных і афіцыйных юбілееў, як у мінулым годзе, чытач адварочваецца, хочацца нечага іншага. Але для іншага неабходна нашмат большая ступень праўды, чым тая, якой валодае літаратура сёньня.
У Маскве даўно ўжо ня быў, трэба б пад’ехаць, бяз справаў, так проста. Але найперш трэба справіцца з зубамі.
У другім нумары “Д.[ружбы] Н[ародов]” прачытаў апавяданьні Г[ригория]. Б[акланова]. Цяжка ўсё ж нашаму брату пераходзіць на партыкулярныя тэмы. Хоць калі-небудзь і давядзецца. І незразумела, з якой прычыны Гр[ыша] адвярнуўся ад мяне… Шкада, канешне. Мне вельмі шкада!
Нядаўна мне даслала ліст удава любімага мной, мілейшага Аляксандра Бека. Піша між іншым, што яе дачка працуе ў вашым часопісе. Перадай ёй, калі ласка, маё сардэчнае прывітаньне.
І яшчэ – нізкі паклон тваёй непараўнальнай Наі. Лепшай з усіх пісьменьніцкіх жонак Масквы. Няхай гэта будзе маім запозьненым ёй кампліментам у дзень 8 сакавіка.
І будзь здароў, сябар!
Авось хутка сустрэнемся і, можа, возьмем па чарцы. Што яшчэ нам засталося…
Твой Васіль.
8.ІІІ.76 г.

17.7[76]
Дарагі Васіль!
У гэтых Дубалтах цяпер таксама хмурна, як паказана на гэтай паштоўцы. Дажджы, прахалодна. Вада вышэй 15-16 градусаў пакуль не падымалася. І хоць мы ў яе час ад часу ўлазім (купаньнем гэта назваць нельга), – гэта факт самасьцьверджаньня і самакатаваньня. Але прагулкі тут выдатныя ў любое надвор’е – заўсёды суха, чыста, малалюддзе ў параўнаньні з поўднем. Я працую (узяў з сабой машынку) – марудней, чым хацелася б, але ўсё ж працую. Мы тут да 3 жніўня. Ці ня зьявішся ў гэтых краях? Вось слаўна было б, пабачыліся б.
Што ў цябе чуваць? Чым займаешся? Якія планы? <…>
Ная кланяецца, а я цябе абдымаю!
Твой Лазар.

Дарагі Лазар!
Даўно я атрымаў твой ліст, і ўсё не ставала то часу, то настрою напісаць табе. Хоць і пісаць асабліва няма чаго – сяджу ў Гродна, крыху сумую, крыху хварэю, крыху працую. Правільней, спрабую працаваць. Як добра пісаць маладому, калі аніякага вопыту, служба, сям’я, малая кватэра і мала грошай. З узростам гэта даецца ўсё цяжэй…
Нядаўна прачытаў артыкул Грышкі ў тваім часопісе, артыкул разумны і справядлівы. Добры таксама ягоны нарыс пра Канаду. Распуцінская “Матёра” нешта мяне не прыцягнула, а вось Круцілінскае “Окружение” ў № 11 прачытаў з задавальненьнем. У адрозьненьне ад ягоных двух першых ваенных кніг гэта сама праўда, прычым праўда ў многіх адносінах рызыкоўная, як цяпер прынята казаць – складаная. Ня ведаю, як ён закончыць, але напісаў пачатак і сярэдзіну добра. Дай яму Бог, аднарукаму праведніку!
Валодзя хоча на зімовыя канікулы ў Друскенікі, і я ўжо езьдзіў туды на рэкагнасцыроўку. Кватэру знайсьці лёгка, гарадок добры, пытаньне заключаецца ў надвор’і. Пакуль у нас дождж і склізота, сьнег нападаў і тут жа растаў. А ён хоча пахадзіць на лыжах. А можа, і ты з ім? За кампанію.
Адносна ганарараў – усё правільна. Я запытаў ВААП, і мне даслалі разьлік: пералічана 425 марак = 132 р. Утрымана: 25 % – камісійных на карысьць ВААП, 30 % – падатку. Усяго да аплаты 69 р. 91 кап. Вось такія нашыя заробкі з дапамогай хвалёнага ВААПа! І гэта можна сказаць за збор твораў, таму што ў гэты двухтомнік увайшло амаль усё, мной напісанае – 9 аповесьцяў. Ну ды чорт з імі…
Сардэчнае прывітаньне тваім дзяўчаткам.
І Наі, безумоўна…
І – будзь здароў!
Абдымаю, сябра,
твой Васіль.
30.ХІ.76

Дарагія Лазар і Ная!
Будзем думаць, што цяперашні адпачынак ваш – самая вялікая няўдача ў вашым жыцьці. Я таксама часта ўспамінаю вас і ўяўляю, як вам ля Балтыйскага мора. Зрэшты, ня толькі вам і ня толькі ля мора. Мне і каля рэчкі мутарна – непагадзь замучыла, ніякага прасьвету. На лодцы яшчэ і ня сплаваў ні разу – пакуль плавае сын. Але і ў яго, бачу, не вялікая ахвота. Будзем спадзявацца на восень – яна для тутэйшых мясьцінаў больш падыходзіць, чым гэтае дурасьлівае лета.
Дарагі Лазар, спадзяюся, ты ня вельмі замучыў сябе працай, можа, зробіш яшчэ невялікі артыкульчык для кіеўскага выданьня маіх 2 аповесьцяў (“Альпійская” і “Сотнікаў”). Яны павінны табе напісаць, я даў твой рыжскі адрас. Ім трэба 2-3 старонкі. Але, канешне, глядзі сам.
Званіў неяк Валодзя – даведваўся адносна Друскенінскаю для Раісы на жнівень. Але, відаць, спыніўся на іншым варыянце. Тым больш, што зноў тое ж надвор’е…
У мяне час праходзіць зусім бяздарна, амаль не працую і не адпачываю. Розныя клопаты. Прыехаў сын з Нямеччыны з сям’ёй. Сядзяць дома. Няма куды падацца праз непагадзь. Ну а розныя мерапрыемствы само-сабой, ім надвор’я ня трэба. Але я вельмі спачуваю вам. Вам горш. Хоць прагулянкі па Юрмале насамрэч добрыя ў любое надвор’е. Асабліва яшчэ калі з добрай кампаніяй.
А можа па дарозе ў Маскву завярнулі б на гадзінку ў Гродна? Ёсьць начны аўтобус Рыга-Гродна. Вось толькі надвор’е…
Вельмі жадаю вам, каб сонца ўсьміхнулася вам хоць бы ў апошнія дні.
А пакуль – адпачывайце, працуйце. Ня вельмі лезьце ў мора – пабольш гуляйце пад сонцам.
Абдымаю –
ваш Васіль.
25.VІІ. 77 г.

Масква. 16.1.1978
Дарагі Васіль!
Дзякуй за ліст і званок. Мы ўжо хваляваліся, дзе ты, што з табой, ці не захварэў. Ці не было наступстваў пасьля балгарскага прыступу? Але некалькі дзён назад у Маскве быў Адамовіч, патэлефанаваў мне і сказаў, што ты пераехаў5 . Адрасу ён ня ведаў, а параіў патэлефанаваць Бураўкіну. Што я і зрабіў, бо адчуваў сябе ніякавата, што ўсунуў табе рукапіс, – нейкае зацьменьне найшло, потым, калі ты паехаў, зразумеў, што кватэра, пераезд і г. д. зьядзяць цябе цалкам, а тут над табой вісіць яшчэ гэты рукапіс. І вырашыў дабрацца да цябе, каб ты ведаў, што ўсё гэта неабавязкова і ня так тэрмінова. Таму і прасіў Бураўкіна перадаць табе, каб ты патэлефанаваў. А ты ўжо і прачытаў, бедалага, – так што дзякуй табе за гэта. Калі рукапіс і насамрэч ня выклікаў у цябе адмоўных эмоцыяў, дык я гэтаму рады. Заўтра іду ў выдавецтва – выслухоўваць, чаго хоча рэдактар, які нарэшце прачытаў рукапіс, нібыта ня так ужо й многа ён хоча, акрамя таго, каб я скараціў у ёй аркуш.
Уяўляю, як цябе заезьдзіў рамонт <…>. Якія персьпектывы, калі кончаць? Ці будзе тэлефон – калі? Якія ў цябе бліжэйшыя планы? <…>
Ная і дзяўчаткі шлюць табе прывітаньне, а я цябе моцна абдымаю! Пішы!
Твой Лазар.

Дарагі Лазар!
Дзякуй табе за грунтоўны ліст і добрыя словы ў ім, якім я заўсёды рады. Мы тут з Валодзем успаміналі цябе і, канешне, пікіраваліся, але гэта ўсё ён задзіраў мяне – так яму хацелася. А наогул усё было добра, хоць ён ня піў амаль, піў я з Раісай. Я рады, што ў цябе вытанцавалася нарэшце з кнігай, для якой я дасылаю нейкае фота аднаго маскоўскага маэстра.
З кватэрай я ўсё валэндаюся патроху – не магу ніяк абставіць кабінет – кніжных паліцаў немагчыма ні купіць, ні замовіць. Зваляныя ў вуглу кнігі так і ляжаць. Працаваць за гэтую зіму зусім развучыўся, і ня хочацца, з вялікім азартам аддаюся гаспадарчым клопатам. Аповесьць6 ідзе пакуль у № 5 “Невы” і ў “Маладосьці” ў №№ 3-4. Прэтэнзіі пакуль мінімальныя там і тут, авось пойдзе, як напісалася. Што ж тычыцца анкеты пра Талстога, дык гэта цяжкаватая для мяне справа, хіба што ты пад’едзеш і падштурхнеш мяне. Праўда. Хоць бы на дзянёк-другі – давай, сябра. А то яшчэ захопіш Валодзю, з якім мы яшчэ недасварыліся з нагоды яго штабнога мінулага. На жаль, рукапісу аповесьці ў мяне цяпер няма, давядзецца пачакаць выхаду “Невы”. Можа быць, дзе-небудзь на пачатку красавіка я падскочу ў Маскву на дзянёк, ёсьць некаторыя справы, але яшчэ ня ведаю, калі канкрэтна. У “Худ[ожественную] лит[итературу]” напішу (адносна ганарару).
А цяпер я цябе абдымаю і шлю мае прывітаньні Наі, Валодзю і Грышу.
Будзь, сябар!
Твой Васіль.
23 сакавіка 78 г.

10.5.1978
Дарагі Васіль!
Пішу, каб ты ведаў на ўсялякі выпадак: у Манголію я не паляцеў, звычайная справа, не пасьпелі аформіць дакументы, так што яны ўжо без мяне правядуць свой “круглы стол”. <…> Начальства маё ў разьездах. Так што калі сабярэшся да венграў, а табе павінна быць цікава пабываць там, калі пасьля вайны ня быў, дык плануй так, каб на пару дзён затрымацца ў Маскве і пабачыцца. Запрашэньні Ірыне, зробленыя ў папярэдніх лістах, застаюцца, натуральна, у сіле. Дарэчы, венгры, напэўна, будуць цябе добра прымаць: яны вельмі хутка цябе перакладалі і добра ведаюць… <…>
8-га вечарам з Валодзем выпілі па чарцы – як ты здагадваешся, я гарэлку, ён – нейкае шыпучае, якое я змалку ў рот ня браў. Валодзя многа цікавага распавёў пра свае архіўныя пошукі – насамрэч накапаў унікальны матэрыял. Працягвае ўсім гэтым з уласьцівай яму настойлівасьцю займацца. Сьпіць па-ранейшаму на падлозе, бо ня можа адшукаць адпаведнай мэблі. Грыша ў ЗША, вернецца, напэўна, 15-га, як кажуць у Адэсе, размаўляюць за раман.
Прыязджай! Моцна цябе абдымаю!
Твой Л. Лазараў.

Масква. 24.7.1978
Дарагі Вася!
Я адразу не напісаў табе: у нас некаторае нашэсьце Наіных родзічаў з розных месцаў і краінаў. <…>.
Вялікі вам – Ірыне і табе – дзякуй за ўсё. Нам было вельмі ў вас добра, і мы вельмі радыя, што выбраліся, хоць па ўсіх нашых абавязках і справах паездка гэтая была аванцюрай. Але ўсяго не пераробіш, і мы надоўга запомнім гэтую паездку, вашу гасьціннасьць. І было б вельмі добра, калі б вы, калі справы вашыя, як казалі ў нас на флоце, увойдуць у мерыдыян, прыехалі ў Маскву – гэта быў бы нам падарунак. <…>
Ваш Л. Лазараў.

Дарагія Лазар і Ная!
Атрымаў тваю, Лазар, паштоўку, спачуваю вам адносна надвор’я. Ды што рабіць? Надвор’е цяпер усюды паршывае.
Мы ў нецярплівасьці і гатоўнасьці падскочыць у Рыгу, ды шмат дробязей не пускаюць <…>.
Як толькі мы праводзім Багамолавых, дык адразу ж бяром курс на Рыгу.
Спадзяюся, мы вас яшчэ там засьпеем.
А пакуль да сустрэчы ў Дубултах.
Вашы Васіль і Ірына.
18 жніўня 78 г.

[Бяз даты.]
Дарагія Лазаравы і Адамовіч!
Начальнік аддзелу расстрэлаў палкоўнік Цюцюгін і я вітаем вас, доблесных памораў, з далёкай беларускай сталіцы.
Палкоўнік з сямействам вяртаецца з нарачанскага выгнаньня і зрабіў кароткачасовы прыпынак у горадзе-героі Менску. Адпачыў добра, загарэў, паправіўся. Поўны сіл і энергіі ў высакароднай справе росшуку і пакараньняў – неадпрэчных і цалкам заслужаных.
Я загараю, бо маё аўто на прыколе – не прыйшло да нораву ДАІ.
Супрацькніжная акцыя ў Маскве нібы прыпынена. Частка накладу (невялікая) панесла страты, астатняга нібыта не кранула. Чыталі інтэрв’ю Адамовіча ў “ЛіМе”, жадалі прачытаць (асабліва т. палкоўнік) у “Л[итературной] Г[азете]”, але на жаль! Недзе, напэўна, у сучасных гіпербарэяў знайшліся апекуны.
А так усё нічога.

Гэта наш стол:

Праз 30 хвілін – у цягнік.














2 кастр. 79 г.
Лазар, дарагі сябра!
Шлём табе прывітаньне з далёкага цёплага Чорнага мора, якое, хоць і халадзее патроху, але яшчэ церпялівае і ласкавае. Надвор’е таксама пакуль нармальнае, хоць магло б быць і цяплей. Я з некаторай асьцярогай купаюся, Ірына больш рашучая ў гэтай справе. Умовы агулам адносна шырспажывецкія, спачатку не было вады зусім, і я ўжо горка пашкадаваў, што прыехаў сюды. Потым далі ваду, і мы адчулі сябе шчасьлівымі. Як мала, аказваецца, чалавеку трэба.
З літаратараў тут ня так шмат, былі і неўзабаве паехалі Гранін і Трыфанаў, прыехаў В. Огнеў, А. Маркаў. Мы харчуемся за адным сталом з Нікалаевымі, крыху далей Жэня з дачкой і Тацьцяна Бек. Мы з Ірынай езьдзілі на экскурсію ў Н. Афон і пячору, наогул грандыёзнае падземнае відовішча, гэтыя пячоры. Сумаваць не даводзіцца, бо тут сабралася даволі моцнае зямляцтва з Менску, і амаль кожны дзень раніцай нас будзіць тэлефонны званок з суседняга нумару – гэта Валодзя Караткевіч, які ўчора ў застольлі заснуў да вячэры, запрашае зайсьці пахмяліцца, бо ён ужо 5 гадзінаў чакае гэтай хвілі. Кепска, аднак, што тут няма гарэлкі, чачы таксама, прыходзіцца задавальняцца даволі гадкім і дарагім мясцовым каньяком ды кіслым віном у вялікіх бутэльках. Людзі, прывыклыя да гарэлкі, зело страждут… <…>
Вось такія нашыя справы. <…>
Што новага ў цябе? Што ў часопісе? Як у гэтым годзе ўкалваецца Наі? Як унучкі?
Што ў Маскве?
Выкраіш часу – чыркні пару радкоў сюды па адрасе: Абхазія, Піцунда, Літфонд – мне.
А пакуль я абдымаю цябе, Ірына таксама.
Паклон Наі, усім тваім дзяўчаткам, палкоўніку, само сабой.
І – будзь!
Абдымаю – Васіль.

Лазар, дарагі сябра!
Двойчы ня мог табе датэлефанавацца, каб падзякаваць табе за добрыя словы пра мяне ў “Литературной Газете” і раблю гэта пісьмова. Дзякуй, сябра! Жыву я ў агульным някепска; тым больш што наладзілася нарэшце надвор’е, але шмат па-ранейшаму непатрэбнай мітусьні і казёншчыны. Зрэдку выязджаем з Ірынай на прыроду, хоць прырода асабліва ў выхадныя амаль недаступная: за кожным кусьцікам – аўтамабіль, а побач куча напаўаголеных целаў, але ўсё-ткі. Даймае яшчэ ўсялякае чытаньне (рукапісаў, кніг), малацікавае, але такое, ад якога пайсьці немагчыма.
Грышкаву аповесьць я прачытаў, яна мне вельмі спадабалася, і цяпер я вяду перамовы з “Известиями”, каб напісаць пра яе. Пакуль узгадняюць. У Менску літаратурнае жыцьцё праходзіць у цішыні і мерапрыемствах, нічога асаблівага. Саша7 , здаецца, адпачывае пасьля бальніцы, але мама яго ўсё там жа, ёй кепска.
У пачатку чэрвеня я зьбіраюся ў Балгарыю на нейкі сімпозіум, магчыма ўдваіх з Ірынай пад’едзем у Маскву, спадзяюся, тады пабачымся.
Вось такія мае справы.
А як ты? Як справы ў лаўцы?
Як Ная і дочкі-ўнучкі?
Пры нагодзе чыркані хоць бы коратка, бо засьпець мяне дома цяжка.
А пакуль мы з Ірынай абдымаем вас з Наяй – будзьце здаровыя!
Прывітаньне Грышку і Валодзю.
Васіль.
21 траўня 1979 г.
Масква. 11.10.1979
Дарагі Васіль!
Дзякуй за ліст. Пішу табе ня ў сонечную Абхазію, а ў восеньскі Менск – баюся, што на поўдзень ліст ня дойдзе, пошта нашая не сьпяшаецца.
У нас усё бяз сутнасных пераменаў, але выматаўся я пасьля адпачынку ўжо да мяжы. <…>
Я рады, што ты не прыязджаеш цяпер, бо 16-га дзён на 5-6 лячу ў вызваленую табой Венгрыю… Так што ў лістападзе пабачымся – прыязджайце на некалькі дзён, пасядзім і пагаворым, не сьпяшаючыся… <…>
Тут заходзіў В. Кандрацьеў, казаў, што напісаў ліст табе з просьбай рэкамендаваць яго ў Саюз, і спадзяецца, што ты яму не адмовіш. Я яму напісаў рэкамендацыю…
Вельмі чакаем вас у лістападзе. Гэта я пішу і ад майго шматлікага сямейства, якое вас любіць.
Абнімаю вас!
Ваш Л. Лазараў.

17.7.1980. Масква.
Дарагі Вася!
Высылаю табе копіі двух лістоў Сіманава, у якіх размова вядзецца пра цябе, правільней пра твае кнігі – напэўна, табе будзе цікава гэта прачытаць. <…>
Я кручуся на працы. Дачытваю лісты Сіманава – засталіся яшчэ за паўтара гады. Гэта такі Манблан, якім я займаўся некалькі месяцаў. Учора атрымаў, нарэшце, ключы ад кватэры. Трэба выпісвацца, прапісвацца і рабіць рамонт (кватэра ў старым доме), што цяпер і складана, і дорага. Але гэта ўжо справа дзясятая: добра, што атрымалі. <…>

«Дзяржлітвыд, І. С. Ізраільскай
Рэдакцыя літаратуры народаў СССР
Паважаная Ірына Серафімаўна!
Я атрымаў ваш ліст аб прадмове да аднатомніка Васіля Быкава.
Я б з вялікім задавальненьнем напісаў прадмову да аднатомніка гэтага пісьменьніка. Я яго наогул вельмі люблю, а яго аповесьць “Сотнікаў” падаецца мне адным з самых лепшых і высакародных твораў нашай літаратуры пра вайну, пра прыгажосьць і сілу духоўную савецкага чалавека.
Але вось якая са мной бяда. Па-першае, у хуткім часе ўкладваюць у шпіталь, а па-другое, катэгарычна загадалі абмежаваць маштаб працы, і мне даводзіцца, – ва ўсялякім разе на бліжэйшы год, – адмаўляцца ад вельмі многага, што мне хацелася б зрабіць, у тым ліку адмовіцца ад таго, каб напісаць прадмову да аднатомніка Быкава, хоць я лічыў бы за гонар для сябе напісаць прадмову да кнігі гэтага аўтара.
З павагай да Вас
Канстанцін Сіманаў
25.ХІІ.73

М. Л. Дударэнку8
Дарагі Міхаіл Лаўрэнцьевіч,
атрымаў Вашу запіску і Вашыя заўвагі па аповесьці В. Быкава “Яго батальён”. Быкава я наогул люблю, гэта, па-мойму, таленавіты і моцны пісьменьнік, які праўдзіва расказвае пра вайну, хоць гэта не азначае, што мне падабаецца ўсялякая ягоная рэч і ўсялякае месца ва ўсялякай з ягоных аповесьцяў. Патрапляюцца і старонкі, якія не кладуцца да душы ці здаюцца недастаткова гістарычнымі і псіхалагічна выверанымі. Бывае і так. Напэўна, іншыя мае таварышы па прафесіі, паклаўшы руку на сэрца, тое ж могуць сказаць і пра тыя мае кнігі, што яны чыталі.
Калі гаварыць пра Вашыя заўвагі па аповесьці Быкава, дык з адным з іх я ў прынцыпе згодны: дзеля таго, каб сказаць пра свайго выдуманага героя, пра якога напісаны мастацкі твор, што ён праз пэўны час стаў Героем Савецкага Саюзу, няма неабходнасьці даваць выдуманую архіўную даведку, – гэта можа заблытаць справу і зьбіць спанталыку чытача. <…> ня трэба пры гэтым спасылацца на архівы.
Што ж тычыцца іншых Вашых заўваг па аповесьці, дык, як ня горка, я з імі пагадзіцца не магу. Можа быць, у іх ёсьць і справядлівыя прыватнасьці – тут я не хачу з Вамі спрачацца, але агульны тон іх мне здаецца няправільным, бо Вашае патрабаваньне ў дадзеным выпадку зводзіцца да поўнай адпаведнасьці жаданага з рэчаісным, і да адпаведнасьці статутных палажэньняў з рэальнай практыкай вайны. А як гэта ўсё на самай справе не сыходзілася і як часта не сыходзілася, вы ведаеце па сваім вялікім ваенным вопыце куды лепш за мяне. Дарэчы сказаць, калі ўзгадаць сакавік 43-га, дык, хоць у нас за сьпіной быў на той час Сталінград і перамога над Паўлюсам, але якраз у гэтым самым сакавіку нам давялося далёка і цяжка адступаць пад Харкавам. Я пра тое, дарэчы, пішу ў “Последнем лете”, і, як я памятаю, гэта ня выклікала ў Вас пярэчаньняў. <…>
Мне думаецца, што ў пісьменьніка ёсьць такое ж права, як і ў іншых удзельнікаў вайны, успамінаць усё, уключаючы самыя цяжкія яе хвіліны, і мне думаецца, што Вы, крытыкуючы за гэта Быкава, уступаеце ў пэўную супярэчнасьць [з самім сабой].
Не сярдуйце на мяне, дарагі Міхаіл Лаўрэнцьевіч, але сяброўства патрабуе ў такіх выпадках поўнай шчырасьці.
Моцна цісну Вашу руку,
Ваш Канстанцін Сіманаў.
3.VІ.77».

10 жніўня 80 г.
Дарагія Ная і Лазар!
Падалося нам, што вы прыпазьніліся з адпачынкам і з Дубултамі, хоць у гэтым годзе дзіўна не спазьніцца – у нас было ўсяго 10 дзён здатных у ліпені. Цяпер жа хмарна і холадна. Мы тут толькі два разы пакупаліся ў возеры, астатні час чакаем лепшага надвор’я. Днямі езьдзілі з Адамовічамі па грыбы, але на жаль! Саша замест грыбоў прывёз дадому яловых лапак з шышкамі. Зрэшты, яму зараз не да грыбоў, ён у сьпісе кандыдатаў у член-кар[эспандэнты Акадэміі навук] і чакае галасаваньня. Яшчэ з ім суседнічае І. Шамякін; І. Навуменка балатуецца ў правамоцныя – занадта вучоны чалавек. Ну і яшчэ ў нас гарачая тэма: хто будзе замест Шамякіна, які сыходзіць са свайго 30-гадовага паста ў С[аюзе] П[ісьменьнікаў]. Гэта насамрэч цікава, хоць да з’езду яшчэ паўгоду, яшчэ многа кандыдатураў пераменіцца.
Валодзя некуды зьнік і не тэлефануе, Саша дрыжыць у чаканьні яго званка, а я чакаю кнігі. Ды пакуль няма нічога. Слабавата працуецца; крыху езьдзіў па навакольлі, назіраючы, як заканчваецца лета. Амаль не прыходзячы.
А як вы? Ці купаецеся? Як Балтыка? І Латвія? З кім суседнічаеце?
Адамовічы кланяюцца. Мы ўсе абдымаем зело і борзо. Жадаем сонца і цёплай вады.
Можа быць, плюнем на ўсё і сарвёмся ў Рыгу. Цягніком, хутчэй за ўсё. Але пакуль – ?
Ну – будзьце!!
Васіль і Ірына.
11.8.1980
Дарагія сябры!
Зараз такога шматлюдства не назіраецца на беразе – з нашым прыездам надвор’е сапсавалася: дажджы, мора халоднае, у якое мы ў парадку ці то закалкі, ці то самакатаваньня лезем 2-3 разы ў дзень (зрэдку і пад дажджом). Я насеў працаваць, але даволі вяла. Першыя дні адсыпаўся, бо зьявіўся сюды ня ў лепшым выглядзе. Спадзяёмся на лепшае – у сэнсе надвор’я. А раптам вы б сабраліся сюды – вось было б слаўна! Абдымаем вас!
Вашыя Ная і Лазар.

25 [сьнеж]ня 80
Дарагія Ная, Лазар і ўсе вашыя чады,
на пярэдадні Новага году сардэчна абдымаем вас, вельмі жадаючы добрага здароўя і шчасьця да 31 сьнежня 1981 году. На ўвесь год. У нас пярэдадзень не вясёлы – я ляжу з грыпам, Ірына абходжвае мяне, і я баюся, як бы і яна не звалілася. З-за хваробы абваліліся некаторыя планы адносна паездак, але што рабіць… Можа быць, як-небудзь дажывём да вясны, да яснага сонейка.
Ну дык – здароўечка вам і шчасьця ў 198[1] годзе.
Вашыя Ірына і Васіль.

Лазар, па адной чарцы ў дзень з добрым чалавекам!
Аптэкар:
В. Быкаў.

Масква. 8.4.1982
Дарагі Вася!
Самае галоўнае я табе ўжо сказаў па тэлефоне: аповесьць атрымалася – гэта сапраўднае народнае жыцьцё, народны лёс, народная трагедыя ў самым глыбокім і масавым выяўленьні. Як ні дзіўна, літаратура да гэтага напрамую вельмі рэдка дакраналася. А можа быць, і ня дзіўна – вельмі цяжкі, па ўсіх параметрах вельмі цяжкі матэрыял. Невыпадкова посьпехаў тут так мала – у большасьці атрымліваліся касьцюміраваныя ўяўленьні “пейзажнага” жыцьця – адзін хрэн, што “Они сражались за Родину”, што “Усвятские шлемоносцы”.
Я да гэтага часу хаджу пад уражаньнем прачытанага – і, напэўна, галоўнае адчуваньне: нашаму брату даводзілася і кроў праліваць і нямала часу знаходзіцца па суседству са сьмерцю, а вось так жыць не даводзілася. Наогул, мне, чалавеку, які пра гэты час многа ведае, адкрылася нешта вельмі важнае. Я перакананы, што аповесьць будзе мець немалы (заслужаны) посьпех у чытачоў, што яна ўзмоцніць і без таго высокую і цьвёрдую рэпутацыю Быкава як пісьменьніка, які піша пра самае важнае, жыцьцёва неабходнае.
А цяпер некалькі заўвагаў – што зробіш, прафесія такая злосная і характар таксама няважны – так што цярпі. Але напачатку пра пераклад. Дзе-нідзе ён, як на маё, сыраваты. Мова аповесьці не павінна быць “залізанай”, ты ўлавіў правільна, што героі часам ня толькі гавораць, але як бы думаюць “коснаязыка”. Але агрэхі ёсьць, ёсьць фразы, што гучаць як пераклад – відаць, не заўсёды можна прама перадаць строй беларускай мовы. На жаль, я не чытаў аповесьць з алоўкам, гэта б мне перашкаджала ў першым чытаньні, але калі табе патрапіцца рэдактар з добрым слыхам, уважліва пастаўся да яго прапановаў.
Заўвагі мае, канешне, не абавязковыя – для развагаў, а раптам нешта спатрэбіцца, пойдзе ў справу. У першай частцы (а пачатак заўсёды вельмі важны – чытач яшчэ не ўцягнуўся) трэба неяк пэўней сказаць, што героі ўжо чулі і пра немцаў і пра паліцаяў, але яшчэ ня бачылі, не сутыкаліся, у іх на хутары тыя не былі. У гэтай танальнасьці – зьдзіўленьня – напісаны першы прыезд паліцаяў і немцаў. Але да гэтага ўжо склалася ўражаньне, што яны і раней бачылі – але не ў сябе – паліцаяў і немцаў. Гэта ўступае ў супярэчнасьць з апісаньнем першага візіту паліцаяў і немцаў.
Мне падаецца, што ўспаміны Сьцепаніды і Петрака ўзьнікаюць неяк адвольна, не стаяць жалезна менавіта ў гэтым месцы, могуць быць тут, а могуць быць і ня тут. Можа быць, варта падшукаць нейкую папярэднюю падставу дзеля ўспамінаў. Прымітыўна, вельмі прымітыўна гаворачы, паглядзеў, скажам, чалавек на голыя асеньнія галіны, якія раскалыхвае вецер, і раптам успомніў, што тады, у той восеньскі вечар, таксама шумеў вецер… і пайшлі раскручвацца ўспаміны. Успаміны павінны нараджацца з канкрэтнага душэўнага стану героя ў гэты момант, тады ў нас ня будзе адчуваньня, што яны ў гэтым месцы “ўстаўленыя” аўтарам.
І апошняе. У гісторыі з бомбай крыху выпірае аўтар ці, дакладней гаворачы, яго літаратурная задача, сімвалізацыя. Сьцепаніда з яе цьвярозай дзелавітасьцю, практычным розумам па логіцы характару ня можа не разумець, што нават з цалкам наладжанай бомбай яна нічога ня можа зрабіць. Значыць, як мне падаецца, трэба падкрэсьліць зьбянтэжанасьць у яе сьвядомасьці і ў гэты момант пасьля перажытага. Ва ўсім астатнім яна дзейнічае і паводзіць сябе, як звычайна, – з прывычнай, аўтаматычнай дзелавітасьцю, цьвярозасьцю, аглядкай, а тут, на бомбе, яна “кранулася”, гэта ідэя фікс, тут яна страціла пачуцьцё рэальнасьці, хоць ва ўсім астатнім, як яе набывае, хавае і г. д., яна паводзіць сябе з уласьцівай ёй, але ўжо механічнай разумнасьцю.
Вось і ўсе мае прэтэнзіі. Калі нешта ўбачыцца вартым – буду рады. Калі нічога ня будзеш рабіць, не вялікая бяда – гэта ўсё дробязі. <…>
Спадзяюся, што вы з Ірынай у хуткім часе зьявіцеся ў Маскве. Улічыце, што жывём мы цяпер, на жаль, прасторна і будзем вельмі радыя, калі вы проста паселіцеся ў нас і ня будзеце дурыць сабе галаву гасьцініцай.
Мы вас абдымаем!
Ваш Л. Лазараў

Дарагія Ная і Лазар!
Шлём вам прывітаньне з сівой Балтыкі, на якой мы ўжо цалкам асвоіліся – я з пэўнай доляй курортнай цярпімасьці, а Ірына – з захапленьнем галоўным чынам ад таго, што тут ня трэба бегаць па магазінах, цягаць сумкі, гатаваць, а – прыйшоў у сталовую, дзе цябе ўжо чакае накрыты стол, і спаталяйся. Не, на самой справе гарадок (пасёлачак) вельмі мілы, – сосны, пясок і мора. Яшчэ і заліў. Да мора паўгадзіны ходу, да заліву 10 хвілінаў. Сапраўдная раскоша, дзе хочаш, там і кладзіся пузам уверх. На жаль, мы не загараем (хіба – крыху Ірына) і не купаемся, я працую, а Ірына аднаасобна нагульвае апетыт перад прыёмам ежы і ўжо заўважна паправілася. Усялякі раз перад выглядам мора і заліву мы згадваем вадаплавальную Наю, – вось ёй было б раздольле, ад сьняданку да абеду яна магла б махнуць да Стакгольму і назад да Лазара, які ў трывозе бегаў бы па беразе. Вялікіх дамоў тут няма – дзясятак маленькіх цесна зьлепленых катэджаў, усё блізка, па-хатняму, зручна. У сталоўцы – адна зьмена людзей на 80, кормяць вельмі прыстойна. Ну а галоўная прывабнасьць – амаль поўная адсутнасьць знаёмых, так, зьлёгку знаёмыя літоўцы, а з Масквы – толькі Нінэль Шахава, нашая суседка.
Пасьля доўгага перапынку, выкліканага вядомымі падзеямі, я ўзмоцнена ўкалваю за пісьмовым сталом, наганяю ўпушчанае. Хоць, трэба прызнацца, у прастоі было так добра… Але трэба абрабляць агарод, бо сезон падыходзіць да завяршэньня, а яшчэ ня ўсё пасеяна.
Так што тут добра, і мы ўсяляк рэкамендуем вам Ніду. Шкада, сюды нельга прыехаць проста так, на машыне – рэжымная зона, уезд па прапусках. І – па пуцёўках.
Усе гэтыя дні сонечна, цёпла. Сёньня t каля 30 градусаў і бязвоблачнае неба. Недалёка ад Беларусі, а надвор’е зусім іншае.
Ну а што ў Маскве? Як вашыя справы-клопаты? Што ў літаратуры і каля? Мы прабудзем тут да 7 верасьня. Калі будзе час і жаданьне – чыркні, Лазар.
Жадаем вам слаўнага надвор’я ў Маскве. І – абдымаем!
Васіль і Ірына.
23 жніўня 84 г.

15.12.1985
Дарагі Вася!
Дачытаў “Кар’ер” і хачу паўтарыць тое, што казаў табе па тэлефоне. Вельмі моцная аповесьць. Ніколі так востра я не адчуваў, якая вялікая розьніца паміж сьмерцю, якая вісіць над табой у баі, і сьмерцю чалавека, загнанага ў тупік, у якога адбіраюць ня толькі жыцьцё, але і годнасьць, з якога зьдзекуюцца. Стан гэтага чалавека выпісаны з бездакорнай пераканаўчасьцю. Чытаць гэта, а правільней перажываць – ты вымусіў гэта перажыць – амаль невыносна. Я аніяк не магу вызваліцца ад гэтага цяжару.
Аповесьць дакладна выбудавана ў сэнсе кампазіцыі: пераходы з сучаснасьці ў вайну, са сноў у рэальнасьць зусім натуральныя, арганічныя – усё тут арганічна і моцна зьвязана. Галоўныя фігуры выпісаны відочна, усе жывуць у аповесьці – кожны сваім жыцьцём: і Марыя, і Бараноўская (гэта, напэўна, будзе самы цяжкі ў сэнсе праходжаньня кавалак), і Сямёнаў (вельмі добрыя абодва яго расповеды – і франтавы, і партызанскі, а нечаканая сьмерць яго, пахаваньне пераварочваюць душу), і Малаковіч, І Кісьлякоў, і Дразьдзенка, і сам Агееў.
Я мог бы яшчэ доўга гаварыць аб тым, што добра ў аповесьці, што робіць большае ўражаньне, але пакіну ўсё гэта на будучую рэцэнзію, а пакуль толькі віншую цябе з безумоўным посьпехам: рэч сур’ёзная, глыбокая, якая пра многае прымушае думаць. Цікавасьць у шырокага чытача яна выкліча, напэўна, ня меншую, чым “Знак бяды”. <…>
А пакуль я цябе абдымаю – які ты малайчына!
Сардэчнае прывітаньне Ірыне! Ная вам кланяецца – цяпер яна будзе чытаць аповесьць.
Ваш Л. Лазараў.

Дарагія Ная і Лазар!
Ад мірнай і дабрадатнай Балтыкі шлём вам палымянае прывітаньне на вашае крыважэрнае Чарнамор’е.
Вось ужо тыдзень, як мы тут шчасьлівыя. Я – упрогшыся ў сваю творчую каляску, а Ірына наадварот: вызваліўшыся ад бытавога ярма. Тут ціха і нават ясна: днём сьвеціць сонца, па-восеньску, канешне, ня горача. Але і ня холадна. Пад вакном майго кабінета (вакном на ўсю сьценку, ціха пагойдваюцца верхавіны соснаў, удалечы відзён горб дзюны, край заліву і небасхіл). Патроху ўваходжу ў працоўны стан, хоць гэта ня проста, асабліва за паўгоду разгультаіўшыся, разбэсьціўшыся мітусьнёй і шэрагам аб’ектыўна-суб’ектыўных прычынаў. Але як-небудзь! А раптам што-небудзь народзіцца… Раніцай я саджуся за стол і з сумам пазіраю ў вялікае вакно, чакаючы Ірыну, якая пайшла ў пасёлак – да кіёску Саюздруку. Патрабуецца прэса. О, гэтая прэса, колькі ў ёй навінаў ды ілюзій!.. Тым ня менш у адным з нумароў “Комсомолки” знайшоў падсалоджаную пілюлю, прыпісаную з адной нагоды маёй асобе. Невялікая пілюля, але амаль салодкая. Навошта толькі?
Народу тут ня шмат, і той малазнаёмы, калялітаратурны, па-мойму. Суседзямі нашымі (візаві) за сталом сталі сям’я Куляшовых (Васіль Іванавіч), што гэта такое – мне ня вельмі зразумела. З літоўцаў знаёмы адзін В. Бубніс, з ім аднойчы перагаворваўся. Тут у разгары грыбны сезон, масквічы цягаюць іх кашамі, але ў нас да грыбоў насьцярога, вывезеная з радыраванай Беларусі. Лепш гарэлка, чым грыбы. Дарэчы, тут [яна] цалкам даступная ва ўсіх сэнсах.
А як вы? Як настрой (курортны), умовы (бытавыя)? Лазар, не дазваляй Наі заплываць за буйкі і не ступайце на трап. Ні кроку з сухашляху! Мы тут на моры толькі глядзім з бугра. Усё ж гінуць на сушы і на моры – дзьве вялікія розьніцы, як сказалі б адэсіты. А яны разьбіраліся ў моры. Чаго ня скажаш пра наварасійцаў. Тут ня шмат небясьпекі, хіба што кабаны, якія за дзьве мінулыя начы грунтоўна перарылі газон пад нашым вакном. Але мы іх ня бачылі, спалі. Бачылі толькі вожыка, – чагосьці прыходзіў да нашых прыступак. А яшчэ ў нас жыве некім пакусаная маладая кошка, якую сардэчна падкармлівае Ірына.
Пражылі тут ужо 5 дзён – кажа Ірына. Яшчэ толькі 5 дзён, думаю (маўкліва) я9 . Тут прынцыповая несумяшчальнасьць паміж намі. Спадзяюся, паказальная несумяшчальнасьць… Хоць за апошнія 19 дзён яшчэ многае можа зьмяніцца.
І так – самага вам! Цёплага сонца, мора бяз штормаў!
Пішыце.
Абдымаем – Васіль і Ірына.
14 верасьня 1986 г.

Піцунда. 20.9.1986
Дарагія Ірына і Васіль!
Толькі ўставіў старонку ў машынку, каб напісаць вам ліст, як прыйшоў М. Галай, прынёс ліст ад вас. Мы ўжо таксама чацьвёрты дзень у сонечнай Абхазіі. <…> усё гэта здаецца казкай – з Масквы мы адляталі ў халадзіну – замаразкі, вецер. Ная прастудзілася і спрабуе марскім купаньнем паправіць здароўе. А тут і прыкметаў восені няма. Усё зялёнае. Праўда, выгляд з нашай камеры на дзьве будоўлі, якія прыкладна ў тым жа стане, у якім былі ў мінулым і пазамінулым годзе. Новае ў нашым доме – “Закон годнасьці працаўнікоў Дома творчасьці”, які складаецца з дзесяці самых розных пунктаў, і вялікі плакат: “Претворим в жизнь Постановление ЦК КПСС и Совета Министров о борьбе с пьянством и алкоголизмом”. І “претворяют”, гады, з 5 верасьня на ўсім узьбярэжжы Месячнік па барацьбе, таму нават віна няма ні кроплі. Я пачаў патрошку працаваць – трэба напісаць абяцаныя накіды аб кнізе іспанскіх рэпартажаў Эрэнбурга. <…> Спакусаў тут, акрамя мора, няшмат. Пра гарачыя напоі я ўжо паведаміў. У кіно адзін фільм лепш за другога. <…>
Мы спадзяёмся, што ў вас атрымаецца спалучыць адпачынак з працай, што вы будзеце памятаць, што ў Менску, акрамя засумавалага ў гаражы па Васіным доглядзе аўтамабіля, вас чакаюць тэлефонныя званкі. Будзьце здаровымі! Моцна абдымаем вас!
Вашыя Ная і Лазар.

Мілыя нашыя і далёкія
Ная і Лазар!
Спадзяемся, вы ўжо там акліматызаваліся, адпачылі, Ная сплавала ў Сіён і назад, падзагарэлі і – папрацавалі. Мы ж тут яшчэ толькі прыкладаемся да адпачынку і працы, я праходжу стадыю псіхатэрапіі (самаўгавораў), Ірына ні сьвет ні зара бяжыць у пасёлак, каб укараніцца, як яна кажа, у чаргу за прэсай, якую прывозяць а 12-й гадзіне. Цікавасьць да прэсы тут яшчэ падаграецца падзеямі ў Вільнюсе і Каўнасе, у якіх прынялі ўдзел 100 тыс. і 50 тыс. літоўцаў са старымі нацыянальнымі сьцягамі і сьпяваньнем старога гімну. Выступы ўсіх удзельнікаў былі сустрэтыя авацыямі, апладыравалі амаль пасьля кожнай фразы, у тым ліку і сакратару ЦК* (*Усё гэта трансьлявалася па рэспубліканскім тэлебачаньні. [Зноска ў лісьце В. Быкава.]) Агулам усё справядліва, можа быць за выключэньнем аднаго моманту, а менавіта: абагульненьня адносна нацыянальнага (рускага) паходжаньня таго, што на іх абрынулася напрыканцы 40-х і пасьля вайны. Гэта наогул сумна. Але й гэтаму ёсьць тлумачэньне.
А ў нас, у Менску, арганізатараў 10-тысячнага мітынгу на месцы расстрэлаў у 30-х гадах аштрафавалі па 50 руб. – за “незаконнасьць” правядзеньня. Як дзе-небудзь у Лацінскай Амерыцы. Цяпер уся праблема ў тым, што пойдзе далей.
Лазар, прачытаў твой мемуар пра Б. Слуцкага і па-добраму пазайздросьціў: вельмі добра (ва ўсіх сэнсах) ты напісаў. І разумна, і сардэчна, і тактоўна. Я ня быў знаёмы з Б. С., хоць заўсёды з цікавасьцю чытаў яго вершы, і цяпер даводзіцца толькі пашкадаваць аб тым, каго мы страцілі. Страціла літаратура. І – нашая тэма праклятая-ваенная.
Вельмі жадаем вам ласкавага сонца і цёплага мора. Адпачывайце, набірайцеся сілаў для Масквы. Іх вам спатрэбіцца яшчэ шмат. Як і ўсім нам.
Абдымаем сардэчна,
вашыя Васіль і Ірына.
28 жніўня 88 г. Ніда

Дарагія Ная і Лазар!
Атрымалі вашае пасланьне і крыху пазайздросьцілі вам. Суцяшаемся хіба тым, што праз пару тыдняў будзеце зайздросьціць вы, а мы будзем песьціцца на негарачым балтыйскім сонцы. Але гэта потым, а пакуль… пакуль у нас проста халаднавата, выпадаюць дажджы. Мы стараемся штодня бываць на лецішчы, хоць начуем дома. Сур’ёзную працу пакуль адкладваю на потым, цяпер жа заядае цякучка. Як і заўсёды. Здаецца, ня вызвалюся ад яе і ў Нідзе.
Забівае маскоўская прэса – дружны хор супраць прыбалтаў і інш. Якія перлы выдае “ЛитРоссия” у дадатак да іншых. Даходзіць да таго, што мне Ірына не дае чытаць гэтай пакасьці, каб не псаваць настрою. Ды ўсё роўна чытаю.
Зрэшты, і нашая ня лепш.
На днях атрымаў з кніжнай лаўкі маю гарэтную кнігу1 0. Праз чвэрць стагоддзя пасьля напісаньня. Стаў чытаць і адклаў – маса абруковак, на цэлых старонках адсутнічаюць працяжнікі перад простай мовай – эканомія гэта ці што? Карэктары, па ўсім, яе і ў руках не трымалі.
Тэлефанаваў з Кіеву Пархомаў, і я таксама зрабіў некалькі старонак пра Някрасава. Але ня ўмею я гэтага… Пра Някрасава трэба пісаць ці ўсё, ці нічога…
Саша пабыў 3 дні ў Менску і ўкаціў у ФРГ чытаць лекцыі аб барацьбе за мір. Надзвычай дынамічная фігура. А яго адлуп Кожынаву выдатны. Малайчына, Саша!
Вельмі жадаем вам доўга плаваць, але далёка не заплываць. А непаслухмяную Наю трэба вадзіць на пляж на шнурку, калі яна сябе так паводзіць. Але Лазар на гэта ня здатны – гэта зрабіла б любімая ўнучка. Знаю гэта па сваёй Ірыне.
Прачытала гэта Ірына і сказала, што я люблю прыбядняцца, што надвор’е ў нас не такая ўжо бяка. Але гэта яна праз задзетасьць у папярэднім абзацы.
А наогул – о’кей!
Будзем так думаць.
Сонца вам, цёплай вады, нештурмавога надвор’я!
Абдымаем –
Васіль і Ірына.
5 верасьня 1989 г.

[1991 г.]
Паважаныя сябры!
Здароўя і дабрабыту вам і ўсім вашым блізкім! У цяперашні нялёгкі час пажаданьне гэтае нясе ўжо не рытуальны, а цалкам практычны сэнс.
Я спадзяюся, што незалежнасьць не стварае граніцы, якія будуць разьдзяляць людзей. І мы будзем сустракацца не радзей, чым раней.
І вып’ем – калі будзе што – за тое, як казаў Зяма Паперны, дзякуючы чаму мы нягледзячы ні на што…
Моцна вас абдымаем!
Вашыя Ная і Лазар.

Лазар, дарагі сябра!
Сёньня атрымаў тваю паштоўку з тваім такім асаблівым почыркам. Дзякуй, дарагі. Я гэтым разам амаль нікога не віншаваў – не было аніякага настрою. Ды і атрымаў усяго нічога – нейкіх 4-5 віншаваньняў. Адных ужо няма, а іншым, як і мне, не да гэтага. Жыцьцё робіцца ўсё больш агідным ва ўсіх адносінах, а ў нас яшчэ гэтая агіднасьць накладваецца на няўмольна блізкую старасьць. Здаецца, з усіх бедаў гэтая, апошняя, будзе самай гнятлівай. Ня ведаю, па якой з прычынаў – асабістай ці грамадскай – але некуды ўсё далей адыходзіць літаратура. Ня толькі сам не пішу, але нават ня хочацца чытаць, тым больш, што амаль усе (усе!) маскоўскія часопісы ад нас адрэзаны (няма падпіскі), а цяпер вось адразаюць і апошнія палітычныя газеты (на другое паўгоддзе, напр., няма падпіскі нават на “Известия”, якімі я асабліва даражыў). Менскіх газетаў хапае, але гэта амаль усе афіцыёзы, канешне, камуністычныя, за выключэньнем 2-3 малафарматных, рэдактары якіх ужо маюць па 3-4 судзімасьці і пустыя рахункі ў банках. Праблема палітычная ўсё тая ж: камуністычны таталітарызм ва ўмовах эканамічнай катастрофы. Дзеля таго, каб утрымаць уладу перад небясьпекай новага ўзрыву, прыдуманыя выбары прэзідэнта, здача суверэнітэту, аб’яднаньне грашовых сістэмаў і інш. З поўнай апатыі народу, няўдзеле інтэлігенцыі. Нядаўні зьезд Саюзу пісьменьнікаў, які М. Танк абвесьціў гістарычным, здаецца, насамрэч стане такім, г. зн. апошнім. Літфонд разваліўся, разваліцца і Саюз. Я не выступаў, – ня мела ніякага сэнсу кідаць бісер перад цынікамі. Раней слова праўды было ўсё ж нейкім учынкам, а цяпер – толькі нагода, каб пазубаскаліць.
Наогул я імкнуся трымацца збоку ад боек з начальствам, але на жаль! Не заўсёды гэта атрымліваецца. Час ад часу ўвязваюся ў газетныя перапалкі і называю рэчы сваімі імёнамі, што выклікае незадавальненьне маіх былых сяброў. Для іх жа гэты час – новыя магчымасьці: для літаратурнай кар’еры, дабрабыту – ўласнага і радні. Таму амаль усе яны прыхільнікі “нацыянальнай згоды”, і ніколі ня скажуць, што ў нечым вінаватыя камуністы – звычайна абыходзяцца эўфемізмамі, як Гілевіч. Такі вось разьлік, аглядка – да мярзотнасьці.
Пры ўсім гэтым, прыйшла вясна. Сёньня езьдзілі на лецішча, хоць на нашую пенсію многа не наезьдзіш – 1 літр бензіну ў нас 4.050 руб. Але прырода ў добрае надвор’е – цуд, якая добрая. Я вельмі люблю вясну, і заўсёды вясной што-небудзь пачынаў. Гэтым разам – на жаль! З сябрамі справы кепскія – няма сяброў. Вельмі балюча адчуваю адыход Сашы, без яго неяк стала пуста вакол. Нават у Гродне я не адчуваў такой пустаты. Зрэшты, магчыма гэта ўзроставае…
Высылаю табе старонку адной нашай газеткі, дзе ёсьць такія-сякія зьвесткі адносна 9 мая 1994 г. Гэты сьцяг (дзяржаўны, дарэчы1 1) быў адзіным, які зьявіўся каля памятніка Перамогі сярод мора чырвоных. Вось і ўсё!
Дарагія Ная і Лазар!
Ня ведаю, калі мы сустрэнемся (і ці сустрэнемся), але мы заўсёды памяталі вас і, здаецца, нашая дружба – нічым ніколі не азмрочненая – пойдзе з намі. Вельмі мы з Ірынай жадаем, каб у вас усё было належна. І ў вашых дзетак таксама. Здаецца, цяпер ужо іхнія лёсы важней, чым нашыя.
Абдымаем, дарагія нашыя далёкія і мілыя.
Вашыя Васіль і Ірына.
14 траўня 94 г.

19.06.1994
Дарагія сябры!
Адпраўляючы “літаратурнае” віншаваньне ў газеце “Культура” (калі дойдзе?), да свайго вуснага віншаваньня і газетнага хачу дадаць, што мы вас, юбіляра1 2 і яго баявую сяброўку, вельмі любім. І адлегласьць ня можа астудзіць нашага пачуцьця… І ўсё ж як бы мы былі радыя, калі б вы выбраліся ў былую нашую сталіцу – пасядзець, пагаварыць, абмеркаваць праблемы, колькасьць якіх не памяншаецца.
Моцна вас абдымаем!
Ад імя і па даручэньні былы юбіляр, а цяпер шэраговы старыкан
Л. Лазараў.

Дарагі Лазар!
Дасылаю табе мой злашчасны артыкул, спадзяюся, ты разьбярэшся ў беларускай [мове]. Можа, трэба было б перакласьці, але я вельмі сумняюся, што ўсё гэта дойдзе да цябе – звычайна цяпер не даходзіць. Раней, перлюстраваўшы, арыгінал пасылалі адрасату, цяпер пажыраюць з вантробамі. І – бяз сьледу.
Жыцьцё стала паскудным ва ўсіх адносінах і, здаецца, усё пагаршаецца. Ва ўсіх адносінах, ня толькі ў эканамічных. Я напісаў артыкул пра камуна-фашызм як новую стадыю нашага камунізму – ня ведаю, ці дадуць “М[осковские] Н[овости]”. І хоць – ці дайшоў да іх. Пасылаў (у студзені) апавяданьне ў “Литературку” – не атрымалі да гэтага часу. У нас надрукавацца ўжо няма дзе, здымаюць рэдактароў (у т. л. і рэдактара1 3, які надрукаваў гэты артыкул); літаратурныя выданьні паступова даходзяць. Як і ў вас, відаць.
Адна толькі радасьць – вясна. І тая ў перспектыве. Бо ў рэчаіснасьці – холад, дождж і сьнег. Ды калі-небудзь зазелянее ж траўка…
Вось бы толькі дажыць.
Пімен Панчанка не дажыў. Пахавалі на тым тыдні…
Сардэчна абдымаем вас з Наяй, і – будзьце здаровымі.
Васіль і Ірына.
10 красавіка 95 г.
Часопісы перадам аказіяй.
В.

12.VІ.98 г.
Дарагія Лазар і Ная!
Вось ужо амаль тыдзень, як мы тут – на чужой зямлі, удалечыні ад радзімы, сярод незнаёмых людзей. Першае ўражаньне – зусім ня кепска! Ірына думае, што нават вельмі добра. Я не спрачаюся.
Сустрэлі нас добра, пасялілі.кватэрка невялікая, аднапакаёвая, але ў ёй усё ёсьць, нават саўна. Раён – новы, наўскрайку гораду, далей лес і побач (500 м.) заліў. Праўда, заліў добры здалёк, з яхтамі і астраўкамі. Зблізу ж такі, што намачыць рукі ня хочацца.
Ёсьць і некаторыя нечаканасьці.
Я меркаваў, што тут будзе цішыня і спакой, што тут да мяне нікому справы ня будзе, і я буду працаваць. На жаль! Адразу ж прэса, інтэрв’ю і пытаньні тыпу: што Лукашэнка? Ён вам дазволіў выехаць? Чаму вы выбралі для эміграцыі Фінляндыю? І калі я заяўляю, што я не эмігрант, у іх выцягваюцца твары. Вось і зразумей людзей.
І ўсё ж трэба працаваць. Толькі ў гэтым выпадку нашае прабываньне тут набывае нейкі сэнс. Інакш навошта? Толькі б не падвяло здароўе…

Масква. 25.6.1998
Дарагія сябры!
Учора атрымалі ваш ліст. <…> Абрадаваліся, бо, па-першае, атрымалі магчымасьць, хоць і запозьнена, павіншаваць Васю з днём нараджэньня і пажадаць усяго добрага – найперш моцнага здароўя.
Па-другое, даведаліся, што вы ўжо на месцы – уладкаваліся, абжываецеся. Падобна, Хельсінкі ня горшае месца на зямлі і працэс акліматызацыі, трэба спадзявацца, ня будзе ў вас доўгім і прыгнятальным. Ці даходзіць туды рускі друк? Ці чуваць нашае радыё? Ці прыймаюцца – праз Ленінград – нашыя тэлеперадачы? У свой час Някрасаў расказваў, што калі на яго ў Парыжы накочвалася настальгія, ён купляў і прачытваў “Правду” – і як рукой зьнімала. Гэта я да таго, што беларускі Бацька працягвае весяліць народ – ён <…> дамогся ўсё ж, што Менск пакінулі замежныя паслы, а беларускім прапанавалі вярнуцца на радзіму. Праўда, звычайных людзей больш цікавіць зарплата, цэны і прылаўкі магазінаў, чым дыпламатычныя адносіны, але недурныя раскрыюць для сябе сувязь гэтых далёкіх сфераў.
“Трубу”, прачытаўшы (добрае, моцнае атрымалася апавяданьне), я адразу ж пераправіў у “Д[ружбу] Н[ародов]”, учора патэлефанаваў Тацяне Аркадзьеўне Фіш, яна сказала, што ўсё ў парадку, апавяданьні пойдуць у восьмым ці дзявятым нумары.
Два дні назад жахлівым ураганам, што нарабіў у Маскве шмат бедаў, закончылася шматдзённая стамляльная сьпёка. Зараз – 16-18 градусаў, як кажуць у метэапаведамленьнях, кароткачасовыя дажджы. Што мне больш падабаецца. Працягваецца нягледзячы на ўмовы надвор’я пара прэзентацыяў – нейкі міліянер выдаў чатырохтомнік Владзімава (перафразуючы Маякоўскага, хочацца сказаць: паболей міліянераў – харошых і розных), у Алексіевіч выйшаў двухтомнік пад юбілей. <…>
Усіх дабротаў вам! Мы вас моцна абдымаем!
Вашыя Ная і Лазар.

Дарагія Наячка і Лазар!
Перш за ўсё – з Днём нараджэньня, мілая Надзея Якаўлеўна, з новымі радасьцямі – ад мужа, дачок, зяцёў, унучак і ўнукаў, а таксама праўнукаў-праўнучак. Ну і ад жыцьця ў цэлым, што само сабой разумеецца.
Мы ўжо трэці месяц у краі далёкім, краі паўночным і – нянашынскім, што вельмі важна. Часткай гэта несімпатычна, затое надзвычай прагматычна. Праўда, усё болей пачынае аглушаць усеаб’ёмная цішыня вакол, якая, зразумела, толькі з непрывычкі надакучае асабліва з прычыны без’языкасьці. Але агулам гэта добра, бо ў тутэйшых краях лічыцца нормай. У паветры разьліты водар індывідуалізму; калектывізмам нідзе ня пахне, што для нас, людзей з камуністычнай казармы, крыху непрывычна. Але будзем прывыкаць. Магчыма, потым давядзецца адвыкаць, што, зразумела, цягне пэўныя выдаткі. Ды што рабіць! Усё жыцьцё – суцэльныя выдаткі.
Затое я, як нідзе і ніколі раней, пагруз у працы. Напісаў невялікую аповесьць, пераклаў ужо на расейскую, і яшчэ – як бачыце, авалодваю новай тэхнікай1 4, якую прыназваў ЖЫВАГЛОТАМ. Прыносіць пэўныя зручнасьці, але і пажырае высілкі разам з нервамі, і я пачынаю часам зайздросьціць тым пісакам, якія гэта рабілі гусінымі пёрамі. І здэцца някепска атрымлівалася, чаго ня скажаш пра многіх з іх кнопачных нашчадкаў. Што атрымалася ў мяне дзякуючы кнопкам, пакуль не ўяўляю. Ірына крытыкуе, ды хіба можна ў такіх рэчах давяраць жанчыне? Як і ў каханьні. Як сьведчаць некаторыя сьпецыялісты, менавіта ў апошнім яна часьцей за ўсё памыляецца. За тое яе бог і карае часьцей, чым мужчын.
Але калі на цьвярозую галаву, дык, магчыма, яна – Ірына – і мае рацыю.
Яшчэ адна праблема, якую я не магу тут ацаніць па-справядлівасьці, гэта адсутнасьць друкаванай інфармацыі, тэлебачаньня таксама. Зрэдку вельмі таго не хапае, ды цалкам магчыма, што гэта – дурасьць, ад якой тут ёсьць магчымасьць адвыкнуць. Ня ведаю, што з гэтага атрымаецца…
Здароўе – у нейкім падвешаным стане, ня ведаеш, у які бок схіліцца. Залежнасьць ад надвор’я – ранейшая, а надвор’е тут далёка не паўднёвае. Я ўжо казаў Ірыне: нам бы сюды часьціну маскоўскай сьпёкі. Але яе задавальняе тутэйшае, у сярэднім каля 20 па Цэльсію і з частымі дажджамі.
Вось гэта і ўсё пакуль, што я змог настукаць на маім ЖЫВАГЛОЦЕ. Пакуль ён не праглынуў гэты тэкст…
Абдымаем вас двух. Сардэчнае прывітаньне і найлепшыя пажаданьні ўсяму сямейству, якое таксама віншуем з Днём нараджэньня БАБУЛІ!
Васіль, Ірына
31 ліпеня 98 г.

Масква. 5.8.1998
Дарагія сябры!
Як вы там, у краіне гіпербарэяў і белых начэй? Ці прыжыліся, ці прылаўчыліся да тамтэйшага быту? Сядзіце ўвесь час у Хельсінкі ці ўжо паглядзелі і правінцыйную Фінляндыю? Ці адшукаліся якія-небудзь знаёмыя? <…>
У нас усё без істотных пераменаў. Да палітычнай непагадзі мы ўжо прывыклі – зрэшты, у гэтым плане істотныя перамены, здаецца, нам у бліжэйшы час не пагражаюць. Здараюцца, аднак, і вясёлыя хвіліны. Учора перадалі па радыё, што ваш “Бацька” сустракаўся з пісьменьнікамі1 5 і з інфантыльнай непасрэднасьцю сказаў ім, што калі яны будуць пісаць пра яго добра, ён будзе да іх добра ставіцца і жыць яны будуць лепш. Добра, што вас не было ў Менску. Здалёк гэта сьмешна, а зблізку, напэўна, агідна.
Лета ў гэтым годзе ў Маскве вельмі гарачае і неспакойнае – ураган, ліўні. Усе, хто можа, сядзяць на дачах. Неяк у адзін з вельмі сьпякотных дзён езьдзілі мы да Грышы абмываць яго дзяржпрэмію – сьпёка была такая, што ўпершыню ў жыцьці я ня мог піць гарэлку, піў толькі піва. <…>
Усё маё, ужо даволі шматколькаснае, сямейства шле вам самае гарачае прывітаньне. Мы з Наяй вас моцна абдымаем – галоўнае, як кажуць у Адэсе, “будзьце нам здаровы”! Чакаем лістоў!
Ваш Лазар.

Лазар, дарагі сябра!
Твой ліст ішоў да мяне нашмат хутчэй – усяго толькі два тыдні. Наогул, і іншыя (асабліва з Менску) ходзяць не хутчэй. Самыя хуткія – з беларускай глыбінкі, напрыклад ад сястры, якая заўсёды піша адно і тое: што бульба ўрадзіла, што муж п’е ўсё больш. Выглядае па ўсім, такія зьвесткі нікога, акрамя адрасату, не цікавяць1 6. І за гэта дзякуй!
Нашае жыцьцё тут цячэ наогул даволі аднастайна, што мне амаль падабаецца, Ірыне – ня вельмі. Тут яна стала перпетуум-нобіле, можа ўвесь дзень рухацца – ня важна, куды. У горад, за горад, на мора, у лес, на камні, у зьвярынец. Крамы, праўда, яе мала цікавяць, акрамя хіба зранку – харчовыя. Я ж усё лета прасядзеў за камп’ютарам, – напачатку авалодваў ім, затым ён патрабаваў аддачы. Ну і аддаў. Напісаў і пераклаў аповесьць, зусім партатыўную. Калі мяне пытаюць, пра што, я адказваю: пра Чарнобыль. Можа, і так. Але мне здаецца, што Чарнобыль там – толькі нагода, рэч у іншым. Шкада, не магу табе яе выслаць, бо ўжо аддаў у “Д[ружбу] Н[ародов]”. Тут у нас тыдзень быў кангрэс Пэну (калі коратка, зьмяшэньне моў, толькі гэтым і запомніўся), і я перадаў праз Сільву К. рукапіс Смалянскай. Напэўна, цяпер там чытаюць. А “Трубу” ўжо надрукавалі ў № 8, за што ўвогуле дзякуй ім. Шкада толькі, што з гэтай прычыны з нумара выляцела маё другое апавяданьне. Кажуць – нацыяналістычнае. Можа быць. Не пярэчу… Сьмешна цяпер пярэчыць, калі ня толькі публікацыя, але і кожны нумар можа стаць апошнім. І ў Маскве, і ў Менску.
Дзякуй табе за выразку з “О[бщей] Г[азеты]”; гісторыя з “Нашай Нівай” мне ўвогуле знаёмая. А цяпер яшчэ і тычыцца непасрэдна – яе хлопцы ўзялі ў мяне новую аповесьць, каб друкаваць яе з працягам. Так што, па ўсім, існаваць ім засталося нядоўга. Але перш чым задушыць, іх заматаюць, выцягнуць з іх апошнія грашовыя крошкі, як яны зрабілі з беларускім С[аюзам] П[ісьменьнікаў], [адабралі] і ягоны Дом літаратара, а потым прыкрыюць. Цікава, што судовыя позвы такога роду разглядаюць не ў нарсудах, не ў трыбуналах, не ў Вярхоўным судзе, а ў гаспадарчым судзе. Дзе, “зразумела”, засядаюць “гаспадарнікі” ў штацкім. Ужо яны ведаюць, як судзіць.
З Менску прыходзяць агулам малавясёлыя, хоць і забаўныя весткі. Як вядома, усе нацыянальныя творчыя арганізацыі там разгромленыя. Але заставаўся Пэн-цэнтр, і я чакаў, калі ж дойдзе да яго чарга. Карлас1 7 усё суцяшаў тым, што мы – па-за палітыкай, і мяне гэта сьмяшыла. Дык вось, чарга падышла і да Пэну. Прэзідэнцкая газета ў серыі нумароў выкрывае падрыўную яго працу, сувязь з ЦРУ і цяпер ужо з масонствам і Масадам, апісвае розныя метады падрыўной дзейнасьці. І што важна – усіх называюць паіменна, даюць падрабязную характарыстыку. У гэтай іх “распрацоўцы” амаль усе, пачынаючы, зразумела, з Быкава – Барадулін, Бураўкін, Законьнікаў, Тычына, Алексіевіч, Будзінас, Някляеў. Цяпер трэба чакаць аргвывадаў.
А я вось сабраўся пад’ехаць на пару дзён у Менск і ня ведаю: ці ўпусьцяць? Ці, упусьціўшы, ня выпусьцяць, – што таксама ня мёд.
Хоць што плакацца, Лазар! Па тым, што мне тут урыўкава вядома, можна меркаваць, што і ў вас ня лепш. Ці вельмі хутка будзе ня лепш. Тут на кангрэсе былі хлопцы, яны тое-сёе мне расказалі…
Да абміне нас чара сія. Але, баюся, не абміне. Асабліва ў сьвятле апошніх падзеяў…
І яшчэ – пра тутэйшае нашае жыцьцё… Для мяне ня стала адкрыцьцём, што мы тут (і там таксама) наогул нікому не патрэбныя. Мы ўсім надакучылі з нашымі дурнямі і бандытамі. Як і з нашымі бясконцымі бедамі. Захад ня ведае, як ад нас адрабіцца. Адкупіцца не атрымалася, цяпер ён гатовы пакласьціся на дыктатуру. Дыктатура ж заўсёды самадастатковая, ні хлеба, ні месца ў турмах ня просіць, сама ўсё ўладкоўвае. Так што – няхай жыве дыктатура. А калі каму такі парадак не падабаецца, дык хай заткнецца і не пішчыць. Захад яго падтрымліваць ня будзе.
Так што нічога больш, як заткнуцца, нам не застаецца…
А наогул я табе зайздрошчу. Таму, што ты чытаеш цікавыя (і страшныя) кнігі, што вы едзеце на поўдзень. Усё ж для мяне поўнач – ня вельмі сімпатычная, хоць фінская поўнач – ня з горшых поўначаў. Але поўдзень мілейшы. Ва ўсіх адносінах…
Можа быць, ты напішаш пару радкоў з ПОЎДНЯ?
На гэтым я вас абдымаю, Ірына таксама. Дай вам Бог посьпеху на Поўначы і Поўдні.
І будзьце здаровенькімі!
Васіль Б.
16 верасьня 98
Масква. 22.10.1998
Дарагія сябры!
Вось мы і вярнуліся ў Маскву. Два тыдні на Крыце былі казкай, раем (расказваюць, што маленькая дзяўчынка, якая чула, як бацькі казалі: тут рай, спытала: “Тут жыве Бог?”): спакой, цяплынь, ціхае ласкавае мора, якое Ная выкарыстала працэнтаў на трыста, прыгажосьць – і пейзажная, і археалагічнай даўніны, сяброўскі народ. <…>
Жыцьцё ў Маскве хмурае, напружанае. Людзі нярвуюцца. Усё заўважна ўздарожала. Згортваюць сваю дзейнасьць, а то і зусім лопаюцца выдавецтвы. Часопісы з апошніх сіл стараюцца трымацца… ды самае сумнае – бездапаможны ўрад, на дзьве трэція які складаецца з “былых”, што сьпяць і бачаць “сьветлае” мінулае. <…>
Пішыце, як працякае вашае жыцьцё. Ці прывыклі? Ці ёсьць у полі вашага зроку нейкія землякі? Аповесьць тваю1 8, Вася, я паспрабую атрымаць у “Дружбе”, хочацца яе прачытаць. Спадзяюся, што ў бліжэйшы час выберуся туды.
Будзьце здаровыя, мае дарагія! Не сумуйце ад майго ліста. Выкарыстоўвайце ціхае і спакойнае жыцьцё! Няхай жыве камп’ютар!
Усё маё сямейства вас моцна абдымае!
Ваш Лазар.

9 лістапада 98 г.
Лазар, дарагі сябра!
<…> Жывём. Пакуль што. Здароўе восеньню нагадала пра сябе – і не аднойчы, ды што рабіць? Канешне, лячыцца трэба дома, як, зрэшты, і жыць. Але калі б гэта было магчыма. Там немагчыма, а тут не зусім зручна. Працаваць жа тут наогул зручна. Галоўнае – ціха, ніхто не перашкаджае. Але і не стымулюе. Імпульсы з радзімы амаль не даходзяць. Напісаў некалькі апавяданьняў, але што з імі рабіць? У Менску, падобна, ужо нідзе не надрукаваць. Усё паступова і глуха для мяне закрываецца. І ня толькі для мяне, зразумела…
Тут, па-мойму, раньняя зіма – з галалёдам з першага дня. У нас так не бывае… (Вось і нагода для настальгіі…) <…>
Мы два няшчасныя выгнаньнікі абдымаем дваіх вас! Здароўя вам! А да ўсяго – і посьпеху!..
Васіль.

25.11.1998
Дарагія сябры!
<…> Валя Аскоцкі даў мне нумар “Литературных вестей”, якія ён рэдагуе і дзе надрукаваны твой выступ на кангрэсе Пэн-цэнтра. Усё правільна, але безвыходна. Я ж думаю, што кожны з нас па меры сваіх здольнасьцяў і магчымасьцяў павінен лепей рабіць сваю справу, гэта адзіны рэальны спосаб неяк узьдзейнічаць на агульную хаду спраў. Гэта, канешне, кропельны працэс, але кропля, як вядома, камень разбурае. Гэта я да таго, што калі ў цябе зьявілася магчымасьць пісаць, трэба яе выкарыстаць. Жыць на чужыне, зразумела, цяжка, ды ўсё ж галоўнае для цябе – гэта пісаць, бо ты можаш сказаць тое, што іншым не дадзена, а таму ня рвіцеся са спакойнай Фінляндыі. А друкавацца можна, пакуль ня лопне лукашэнкаўскі рэжым (лопне абавязкова, толькі ці дажывём?), у Маскве, ёсьць нямала выданьняў, якія палічаць за гонар.
Валя [Аскоцкі] абяцаў даць мне “Хвастатага” – апавяданьне ідзе ў наступным нумары “Литературных вестей”. А ў “Дружбе [народов]” … мне далі рукапіс тваёй “Ваўчынай ямы”. Аповесьць, як я зразумеў, усім спадабалася (я размаўляў з Эбанаідзэ, Тэракапянам, Т. А. Фіш), і яны яе будуць друкаваць, не адкладваючы ў “доўгую скрыню”… Я таксама прачытаў яе з вялікай цікавасьцю, залпам. Рэч вельмі моцная і глыбокая. Ня толькі, правільней, ня столькі пра Чарнобыль – пра “зону”, пра час, пра лад, які калечыць і забівае людзей, пра тую “радзіяцыю”, што ня толькі фізічна, але і духоўна зьнішчае людзей. Добрыя два героі, вельмі моцна апісана іхняя сьмерць – падобная, але розная, задача была вельмі цяжкая, ты справіўся, малайчына.
Цяпер, паколькі рэч яшчэ ў стадыі рэдагаваньня, некалькі канкрэтных парад ці заўвагаў, якія, як мне падаецца, калі аўтару яны пакажуцца вартымі, будуць працаваць на бездакорнасьць аповесьці. Я памятаю стары анекдот: у ізраільскім генштабе вісіць аб’ява: “Просім генералам парадаў не даваць!”, але, відаць, прафесія стала часткай маёй натуры, і я ігнарую парады ізраільскага камандаваньня.
<…> Добра б нейкімі дэталямі (менавіта дэталямі, а не прамым тэкстам) даць чытачу зразумець, адкуль Салдат (з вялікага ці малога гораду, вёскі), у якім інстытуце вучыўся, кім хацеў быць – гэта ж робіць адбітак на асобе чалавека і дапамагае нам лепш зразумець яго характар. Недзе напрыканцы аповесьці гаворыцца, што Салдат імкнецца ў армію, уяўляў яе ў розных танах. Мне гэта (пасьля вучобы ў інстытуце) здалося надуманым, можа быць, лепш тое зьняць. <…>
Моцна напісана і гісторыя Бамжа, я паверыў і ў ягоную любоў да тэхнікі, і ў тое, як ён сьпіўся, і ў гісторыю з жонкай… А вось у тое, што ён да таго ж быў сэксотам, я не паверыў, неяк гэта ня ўкладваецца ў гэты характар, іншую тады трэба пісаць гісторыю, іншага чалавека. І гэта я б параіў зьняць. <…> мне падаўся няўдалым эпізод з жанчынай у джынсах. Па архітэктуры рэчы тут яўна патрэбная перабіўка, зьяўленьне яшчэ аднаго чалавека – гэта ты правільна адчуў. Але наркотыкі, сьнід… нічога не праяўляюць у галоўных персанажах, усё гэта з іншай оперы, названыя яшчэ дзьве хваробы, а іх і без таго ў аповесьці з гакам, але толькі называюцца, а яны патрабуюць дасьледаваньня. Упэўнены, што такі “давесак” не патрэбен. <…>
Заканчваю, бо атрымаецца не ліст, а ўнутраная рэцэнзія. Калі нешта спатрэбіцца, буду вельмі рады. Не, забудзь пра мае заўвагі. <…>
Высылаю выразку з “Книжного обозрения” – гэта самаўпэўненыя, нарцысавыя аповеды Еўтушэнкі. Яны раздражняюць… Было шмат выпадкаў, калі Еўтушэнка вёў сябе сьмела, ня проста ж так начальства люта яго ненавідзела. Але гэта прыказка, а высылаю я вам гэтую выразку, бо Еўтушэнка прыводзіць ліст Матукоўскага начальству цалкам даносьлівы па характары. Быў ён, аказваецца, старанным “першым вучнем” (згадаем “Дракон” Шварца). І народ усё ж павінен ведаць сваіх герояў. <…>
Я вас моцна абдымаю! Галоўнае – будзьце здаровымі!
Ваш Л.

8 сьнежня 98 г.
Дарагі Лазар!
Атрымаў твой вялікі (і тоўсты) ліст, дзякуй табе за яго. Мы заўсёды чульліва чытаем твае лісты – тоўстыя і тонкія, бо… Сам разумееш, чаму. Але, ведаючы тваю загружанасьць літаратурай, я не хачу цябе яшчэ дагружаць, завязваць падрабязную перапіску і г. д. Для мяне каштоўна, канешне, усё, што ты пішаш, але асабліва – твае заўвагі на мае рэчы. Напэўна, ты маеш рацыю ва ўсім, што-нішто я паспрабую паправіць. Разьдзел з жанчынай, канешне, устаўны, я яго дасылаў наўздагон, адчуўшы, што тут трэба нешта. Але, відаць, гэта нешта не дадумаў, як варта было б.
За восень напісаў яшчэ некалькі апавяданьняў і прыпавесьцяў, тое, што ёсьць у Валі А.[скоцкага]. Гэта проста казка-алегорыя, так, драбяза… Але два апавяданьні мне вельмі б хацелася паказаць табе, – вось перадрукую і дашлю. Калі ў цябе знойдзецца час, прачытай, калі ласка. Гэта не да сьпеху, я іх нікуды не абяцаў.
Я вельмі рады, што нашае стаўленьне да Еўтушэнкі супадае, і ён правільна робіць, што дэманструе цяпер усе гэтыя цытаты таго часу. Гэта патрэбна знаць. Было і ў мяне такое жаданьне – пакапацца ў мінулым, але потым жаданьне зьнікла. Сапраўды, мемуары трэба пісаць нашмат пазьней жыцьця, калі адыдуць сьведкі, якіх вельмі лёгка пакрыўдзіць. Але бяда ў тым, што да таго часу і сам пойдзеш. Што тычыцца нашага М.[ікалая] М.[атукоўскага], дык тут для мяне няма аніякай нечаканасьці. Не дарэмна ж ён мой даўні таварыш і верны сябар. Вл. Ос., з якім яны разам прабілі фільм па “Августу-44”, нядаўна мне скардзіўся, як не пашанцавала аўтару – атрымаў 30 тыс. даляраў, уклаў у нейкі банк, а банк пагарэў. Ды я думаю, наш каудзільо кампенсуе – дзеля чэкістаў ён нічога не пашкадуе.
Тут шмат чытаю, у асноўным маскоўскія часопісы. Бібліятэка належыць “Інстытуту Расіі і Усходняй Еўропы” <…>
У мяне які ўжо дзень баліць горла, і я сяджу, не выходзячы. З Менску ідуць агідныя весткі… Але самае агіднае, напэўна, яшчэ наперадзе. Мы ж тут пакуль у цяпле, спакоі і ў сытасьці, так што нават сорамна перад тымі, хто наадварот. Але і дапамагчы немагчыма, самі на гуманітарнай дапамозе. Выдавецкіх магчымасьцяў аніякіх, новых знаёмстваў – таксама. Нібыта наклёўвалася паездка ў правінцыю, але восеньню не адбылася, адклалі да вясны. А да вясны яшчэ дажыць трэба.
Вось такія справы.
Мы двое жадаем вам дваім здароўя і – хлеба на стале.
Абдымаем – Васіль і Ірына.

Масква. 26.12.1998
Дарагія сябры!
З надыходзячым вас Новым годам! І хай вас не прыгнятае фінскі спакой – гэта ўсё ж выдатная магчымасьць у наш час папрацаваць, што ў нашыя гады, напэўна, самае галоўнае. А “матэрыялам”, трэба думаць, ты забясьпечаны. Так што, брат, пішы нам на радасьць. Аповесьць у “Дружбе”, як мне сказалі, плануецца на пяты нумар. Я прачытаў “Хвастатага” – гэта, як і “Сьцяна”, вельмі сур’ёзна і зусім не “драбяза”; вельмі моцныя рэчы і, на мой погляд, цалкам арганічныя для Быкава. Што зробіш, калі нашае жыцьцё ўкладваецца ў такія гісторыі. З нецярплівасьцю чакаю новыя твае апавяданьні – як толькі будуць гатовыя, дасылай (калі трэба будзе зрабіць ксеракопіі і перадаць у нейкую, па тваім распараджэньні, рэдакцыю, я гэта зраблю). І цікавасьць у мяне да таго, што ты пішаш, перадусім чытача, а толькі потым крытыка, калі можна падзяліць крытыка і чытача. Для мяне гэта па-чалавечы важна. І так было заўсёды.
А ўспаміны, калі цягне (а, напэўна, павінна цягнуць, бо на нашае жыцьцё выпала столькі зрушэньняў), па-мойму, трэба пісаць. А то потым, ня ведаючы, што было на самай справе, тых падрабязнасьцяў, з якіх па сутнасьці складалася жыцьцё, будуць тлумачыць усё крыва і коса, – чаму мы ўжо і цяпер сьведкі1 9. А крыўды ўсё роўна будуць – ёсьць нямала людзей, якія хочуць заўсёды выглядаць прыгажунамі ды ўдальцамі, і, калі самі бяруцца за мемуары, менавіта такімі сябе малююць, не аддаючы сябе справаздачы аб тым, што выглядаюць мала прывабліва. <…>
Будзьце здаровыя! Няхай Ірына ходзіць шмат, але асьцярожна! Хай не дабіраецца да вашага жыльля грып і іншыя агідныя вірусы!
Усе маё сямейства, якое любіць вас, шле вам навагоднія віншаваньні! А мы з Наяй моцна вас абдымаем!
Ваш Лазар.

12 студзеня 1999 г.
Лазар, дарагі сябра!
Надоечы адправіў табе ліст і атрымаў твой. Пошта ідзе незразумела як, наладзіць дыялог не атрымліваецца. Таму пішу некалькі неўпапад. Ужо прабач, калі ласка. Вельмі мяне парадавала тваё паведамленьне пра ўласную вялікую кнігу – дай Бог! А то ўсё пішаш пра чужыя, а свая чакае-пачакае… Я тут, прама скажу, запісаўся – за лета напісаў вядомую табе аповесьць, а за восень некалькі (каля 12) апавяданьняў і прыпавесьцяў, з якіх пераклаў самыя, на мой погляд, вартыя. Тры з іх дасылаю табе – на суд і расправу. Асабліва адно пад назвай “Чырвоныя пятліцы”. Паглядзі, калі ласка, тваё меркаваньне для мяне будзе мець вырашальнае значэньне. Ня ведаю, ці варта яго наогул друкаваць? А калі варта, дык дзе? Мне тут надоечы тэлефанаваў з Л-да [Ленінграда] рэдактар “Звезды” Гардзін Я., прапаноўваў супрацоўніцтва, і я паабяцаў. М.[ожа] б.[ыць], туды і варта сунуцца з гэтымі апавяданьнямі. Але ў л-градскіх часопісах я мала каго ведаю (хутчэй – нікога ня ведаю), не арыентуюся ў іх накірунках, і не хацелася б уляпацца, як гэта некалі было з “Нашим современником”, за што мне выгаварыў Валодзя.
Акрамя гэтага, я тут шмат чытаю (як не чытаў даўно). Прачытаў і Салжаніцына, і Астафьева (“Весёлый солдат”), і розныя неабавязковыя рэчы. І тут самае моцнае ўражаньне – успаміны В. Гарэлік у “Знамени”. Магутная публікацыя…
Брацца ж за ўспаміны ўсё асьцерагаюся, неяк нязручна мне гэта, ды і памяць ужо ня тая. Відаць, трэба было раней. Ці пазьней – ня ведаю. Хоць, канешне, цяпер літаратура такога роду моцна ўваходзіць у моду, яшчэ Адамовіч, памятаецца, гаварыў і пісаў аб тым. Але тут неабходна схільнасьць. Асаблівага роду. І праўдзівасьць – крайняя.
З Менску весткі самыя чорныя. Ва ўсіх адносінах. Дзеля ілюстрацыі дасылаю табе адну выразку. Іх мне сюды дасылаюць шмат. Але не хачу загрувашчваць тваю ўвагу.
Ня ведаю, калі ты атрымаеш гэты пакунак, і на ўсялякі выпадак – яшчэ цябе з юбілеем.
75
Будзь здаровы, шчасьлівы.
Абдымаю
цябе і Наю. Нас усіх
абдымае Ірына…

Масква. 22.1.1999
Дарагія сябры!
Амаль адначасова прыйшоў ваш ліст і бандэроль з апавяданьнямі. Вялікі вам дзякуй за віншаваньні. Праўда, на лічыльніку ўжо такая лічба, што сьвяткаваць ня вельмі й хочацца. <…>
Насамрэч, мне было вельмі прыемна атрымаць ад вас віншаваньні, я быў крануты, бо няма ў мяне сумненьняў у вашых добрых адносінах да мяне. Не схаваю ад вас, што ў глыбіні душы гэта нават прадмет некаторага майго гонару. Думаю, што вы здагадваецеся, што з вялікай сардэчнасьцю я (напэўна, трэба пісаць мы – Ная і ўсё маё сямейства) ужо шмат гадоў ставімся да вас. Шкада, што жывём на такой адлегласьці адзін ад аднаго.
А цяпер ад юбілею да працы. Апавяданьні я прачытаў самым уважлівым чынам. Першыя два – “Вочная стаўка” і “Доўжык” вельмі добрыя, па-сапраўднаму глыбокія і цалкам сучасныя, па ўзроўню мастацкай дасканаласьці іх можна паставіць у адзін шэраг з самымі лепшымі, з самымі славутымі рэчамі Быкава. У “Вочнай стаўцы” толькі пакажу на адно недакладнае слова. На с. 8 <…>.
А цяпер пра “Чырвоныя пятліцы”. Гэтае апавяданьне, мне здаецца (і далей усё, што я буду пісаць, патрабуе гэтай абавязковай агаворкі “мне здаецца”), пакуль не атрымалася. Па галоўнай ідэі і мастацкім вырашэньні апавяданьне блізкае да “Жоўтага пясочку”, але там гратэскная сітуацыя не перашкаджае рэалістычнаму адлюстраваньню, характары сапраўдныя, сапраўдны і іхні сацыяльны лёс. Усё сьціснута, як спружына. У “Чырвоных пятліцах” матывіроўкі сутыкаюцца, абвяргаюць адна адну, гратэскная сітуацыя губляе рэалістычную пераканаласьць. Хто такі Анішчык – наіўны дуралей, які зусім не разумее, што адбываецца, ці ўжо вінцік партыйнай машыны – гэта супярэчнасьць не характару, а раскрыцьця персанажу. <…> Нічога не дае тут, па-мойму, і закаханасьць у дачку Янкоўскага. Не зразумела, што за чалавек Янкоўскі <…> Паседжаньне ячэйкі доўгае, усё топчацца на месцы, у адрозьненьне ад “Жоўтага пясочку” сацыяльныя характары мутныя.
Але задума апавяданьня добрая, моцна выпісаны пачатак і апошняя частка – гісторыя са Злотнікам. І я падумаў, што гэта і ёсьць апавяданьне, яго сэнсавае ядро. <…> над гэтым апавяданьнем трэба яшчэ паваражыць, у гэтым у мяне сумненьняў няма. Разумею, што засмуціў цябе, але напісаў усё гэта з поўнай упэўненасьцю, што ты зможаш давесьці апавяданьне да сапраўднай кандыцыі.
Ці можна друкаваць апавяданьні ў “Звезде” (ці ў “Неве”)? Безумоўна. Абодва часопісы цалкам культурныя, дэмакратычнага накірунку. Ніякіх супрацьпаказаньняў няма. <…>
А цяпер я хацеў бы з вамі абмеркаваць яшчэ адзін сюжэт. У апошні час некалькі чалавек (Ю. Чарнічэнка, Р. Бакланаў, літфондаўцы) распачыналі са мной размову на тэму: ці не пераехаць Быкаву ў Маскву, у Менску ж яму жыцьця ня будзе, а ў Маскве пры ўсіх гадасьцях абстаноўка лепей, паветра чысьцей, свабоды пабольш, нават для Беларусі ён з Масквы мог бы рабіць больш. Дружнымі высілкамі – ПЭН, Літфонд, маскоўскі саюз, дэмакраты – праз адміністрацыю прэзідэнта маглі б выстарацца кватэру ці зімнюю дачу (з усімі выгодамі) у Перадзелкіне. Што вы на гэты конт думаеце?2 0 <…>
Усё маё сямейства жадае вам усяго добрага! Галоўнае – будзьце здаровымі!
Моцна абдымаем!
Ваш Лазар.

Дарагія Ная і Лазар!
Здаецца, прайшла зіма, хоць вясна ў нас нейкая вялая, нерашучая. У двары яшчэ ляжаць сумёты сьнегу, хоць вуліцы ўжо ачысьціліся. Але сонца выглядвае рэдка. Клімат і надвор’е, відаць, самае малапрыемнае ў тутэйшых мясьцінах. Дарэчы, як і ў нашых.
Працоўнага імпэту ў мяне ўсё ж не хапіла на год, ледзь дацягнуў да канца 10-га месяца. Прызнацца, стаміўся. А галоўнае – азірнуўся на зробленае і стала сумна. Навошта. Усю зіму пісаў прыпавесьці, невялікія па аб’ёме – па 3-6 стар. Перакладаць на расейскую ўжо не хапіла пораху; па-беларуску ж тое-сёе перадала “Свабода”, тое-сёе надрукаваў у апазіцыйнай прэсе. Думаю, на тым і досыць. Шмат чытаў. <…>
З Менску весткі па-ранейшаму адна другой горш, – памёр Г. Карпенка2 1, адзін з лідэраў апазіцыі, вельмі дастойны вучоны – не дажыў да 50 гадоў. Лютуе У. Сяўрук2 2 – друкуе палосы, дзе працягвае выкрываць В. Быкава, – на гэты раз за антырускасьць. <…>
А наогул, калі шчыра, дык ужо настальгія ці што. Ці вясна з імкненьнем перамены месцаў? Ірына ж прыжылася выдатна, і калі б не ўнушальныя рахункі за тэлефон, напэўна, і не зьязджала б адсюль.
Магчыма, у пачатку траўня зьезьдзім у Берлін – на нейкую канферэнцыю па бел. літаратуры.
А як вы? Як жывяце? Ці ня думаеш, Лазар, запісацца ў дабравольцы, абараняць братоў-сербаў? Кажуць, у Маскве на ўсю ідзе такі запіс. І сапраўды, вельмі патрэбная “маленьная пераможная вайнушка”. Хоць яе ініцыятарам варта б памятаць, што з пушыстага ласкавага шчанюка вырастае злосны бульдог. Незваротна.
На гэтым абдымаю вас!
Дай Бог цягнуць далей, топаць за Пратапопам, як пратапопіца…
Вашыя Васіль і Ірына.
6 красавіка 999 г.
P.S. Як твая кніга, Лазар?
В.

Масква. 26.4.1999
Дарагія сябры!
А ў нас ужо вясна – некалькі зусім цёплых дзён (да дваццаці градусаў), усё зазелянела. <…>
Учора ў “Знамени” і “Дружбе народов” даведаўся пра твае справы. І там, і там аповесьць і апавяданьні цьвёрда ідуць <…>. А вось тое, што ты называеш прыпавесьцямі, добра ўсё ж перакласьці на расейскую і даслаць мне, бо ў нас ёсьць магчымасьці апублікаваньня <…>.
У зьвязку з вашай паездкай у Берлін вось якая шалёная думка прыйшла мне ў галаву, а ці не запросяць цябе на год (у іх ёсьць такі інстытут у Берліне) – там былі Бітаў, яшчэ нехта з нашых пісьменьнікаў, там год правяла мая старэйшая дачка – гэта райскія ўмовы дзеля працы. Калі гэтая ідэя не здаецца вам зусім вар’яцкай, я разьведаю, як гэта робіцца, як да гэтага падступіцца. <…>
Моцна вас абдымаем.
Ад імя і па даручэньні ўсяго майго сямейства
Ваш Лазар.

Масква. 28.6.1999
Дарагія сябры!
<…>
Хутка паедзе ў Берлін мая старэйшая дачка Ірына. Яна выведае, ці можна атрымаць для цябе ў Берлінскай акадэміі гадавую стыпендыю, як да гэтага падступіцца, што дзеля гэтага патрэбна. <…>
Правільна зрабілі, што застаяцеся ў Фінляндыі яшчэ на паўгоду. Наколькі я магу меркаваць, у Беларусі мала радаснага. Калі вы зьбіраецеся ў Менск? Калі праз Маскву, дык вы заўсёды можаце спыніцца ў нас на столькі часу, колькі вам спатрэбіцца. <…>
Вашыя Ная і Лазар.

Дарагі Лазар!
Сучасная пошта, акрамя ўсяго, робіць зусім немагчымым які-небудзь пісьмовы дыялог: пакуль дачакаешся адказу, забудзеш уласнае пытаньне. Вельмі доўга ідуць лісты з усёй СНД. Таму размова нагадвае дыялог глухіх. Але што рабіць, акром як “стойка пераносіць усе цягаты і нястачы зямной службы”. Зрэдку гэтых нястачаў больш, зрэдку менш, але каб іх не было наогул – так не бывае. Нават у дабраславёнай Фінляндыі.
Нам тут галоўная радасьць – дачакаліся лета, доўгая зіма і ня вельмі цёплая (хутчэй халодная, зацяжная) вясна мінулі, стала цёпла, хоць далёка ня горача, ветрана; толькі-толькі адцьвіў бэз. Наш тэрмін тут заканчваецца 5 чэрвеня, але было прапанавана працягнуць візу яшчэ на паўгоду. Я крыху задумаўся з адказам, а Ірына адразу ўхапілася за ласкавую прапанову. Наогул вырашылі пагадзіцца. Вось толькі трэба зьезьдзіць у Менск, каб утрэсьці некаторыя дробныя справы ну і… спаталіць узьніклую (хоць і слабую) настальгію. Верагодна, бяз гэтага цяжка…
Чытаў твае, Лазар, успаміны пра М. Галая, вельмі здорава ты напісаў. Недзе я чытаў, што ў мемуарах, як нідзе больш, выяўляецца характар аўтара – значна ў большай меры, чым характар героя. Гэта, відаць, праўдзіва. І калі два гэтыя характары гарманіруюць, дык і зусім выдатна. Дай табе Бог! Найперш здароўя. Таленту і розуму ў цябе з лішкам.
Я ж белетрыстыкай з зімы не займаюся, неяк ахаладзеў да яе, а вось да мемуарыстыкі аніяк не падступлюся – палохае, напэўна, адсутнасьць вопыту ці яшчэ што. Ці, можа быць, непрывабнасьць праўды, у якую непазьбежна трэба будзе акунуцца. Але бяз праўды – які сэнс гарадзіць увесь раскалашмацены агарод? Тым часам “літаратураведы ў штацкім” доўга не раздумваюць – Сяўрук у Менску рэгулярна вылівае на Быкава цэбры гразі і жоўці, стварыўшы ў дапамогу сабе брыгаду памочнікаў, якія распрацоўваюць “аб’ект” па архівах КДБ. Ужо анансуюць сенсацыі. Грамадства, затаіўшы дыханьне, чакае… Беларускі С[аюз] П[ісьменьнікаў], падобна, зусім капітуляваў пасьля таго, як усю ўладу ў ім узурпавала групоўка расейскамоўных прапрэзідэнтшчыкаў; нядаўна выбраны старшынём Някляеў надрукаваў рэзкі артыкул у адной незалежнай газеце, і, гавораць, назусім паехаў у Польшчу. На першы план усё актыўней выходзяць пісьменьнікі-генералы і палкоўнікі, у іх ліку і наш сябар Сульянаў…
А мне тут патрапіўся ў рукі другі нумар “Нашего современника”, які я ня бачыў, напэўна, с сярэдзіны 80-х. І я ўпершыню спалохаўся за ваш лёс у Маскве – што ж гэта робіцца? Аб такім зьвярыным антысемітызме я ўжо неяк забыў. А ён, аказваецца, ня толькі жыве і квітнее, але і пачынае прыходзіць у шаленства – перад канцом, ці што? І гэта ж – у рускай культуры, а ня дзе-небудзь на плошчы ці ў завулку. <…>
Я тут надрукаваў некалькі палітычных інтэрв’ю, проза мая пакуль нікога не зацікавіла. Нават з ліку пісьменьнікаў. Таксама, як і мая грэшная асоба. Але, можа быць, гэта і добра. Прынамсі, лепш, чым на маёй радзіме з яе спецыфічнай цікавасьцю.
Ня ведаю, калі ты атрымаеш гэты ліст – з Беларусі я атрымліваю пошту праз тры тыдні. Таму з апераджэньнем шлём віншаваньне мілай Наі з яе сьветлым Днём нараджэньня. Мы вельмі любім в а с!
Васіль.
14 чэрвеня 999 г.

10 ліпеня 1999 г.
Дарагія нашыя Ная і Лазар!
Учора атрымаў твой, Лазар, пакет з радасным пасланьнем, якое ўсхвалявала мяне. Дзякуй табе, дарагі, за неюбілейны артыкул, які вельмі сагрэў мне сэрца. Галоўным чынам таму, што гэта – ад цябе, сябра і майго галоўнага аўтарытэта ў літаратуры. Дзякуй таксама Валю А[скоцкаму], які выказаўся пад некалькі іншым вуглом, але таксама добра. У бібліятэцы зазірнуў у некаторыя іншыя расейскія газеты, многія напісалі, павіншавалі, – прыемна, нічога ня скажаш. Беларускія апазіцыйныя газеты таксама адзначылі маё -годдзе, афіцыёз жа дружна прамаўчаў. Затое сёньня пачуў па радыё “Свабода”, як, відаць, усё той жа Сяўрук ці з ягонай падачы афіцыёз разразіўся заявай пад назвай: “О спекулятивных выступлениях некоторых органов печати относительно Быкова”. Аказваецца, і стаўленьне ўладаў да Быкава найлепшае, і выдаюць яго ўдосталь, а калі што ня выдалі, дык таму што Быкаў сам не зьвяртаўся. Сам жа і вінаваты. Вось так!
Зрэшты, чорт з імі, мяне гэта ўсё мала хвалюе, горш іншае. Напрыканцы чэрвеня мне тут давялося прысутнічаць на міжнародным семінары, які праводзіў фінскі С[аюз] П[ісьменьнікаў]. Гэта было ў курортным пасёлку, на беразе прыгожага возера. Прыехала шмат вельмі разумных, вучоных аўтараў, прафесараў, выступалі з дакладамі. І вось тут я зусім зблытаўся, бо нічога не зразумеў, хоць размова ішла пра сучасную літаратуру. Але такой літаратуры я ня ведаю, амаль нічога з яе не чытаў. А тое, што я чытаў, па ўсім яны ніколі не чыталі. Ня толькі расейскай класікі, але і еўрапейскіх гуманістаў – ні Бёля, ні Рэмарка, ні Хэмінгуэя, ні каго-небудзь з нашых, нават ня згадвалі. Нават наш постмадэрн для іх – учарашні дзень, затое даклад аднаго амерыканскага аўтара двух раманаў пра гомасэксуалаў сустрэлі бурай апладысментаў. Ні слова не было сказана пра палітыку, пра Югаславію, ды і пра сучасную Расію таксама. <…>
А тут яшчэ ноччу пачуў перадачу аб пушкінскім дні паэзіі ў Пецярбурзе, дзе Наташа Іванова сказала, што шасьцідзясятнікі – гэта не ўчарашні, а нават пазаўчарашні дзень літаратуры. Што ж нам рабіць?
Цалкам магчыма, што ўсе яны маюць рацыю, мы безнадзейна састарэлі. Я гэта даўно адчуў па сабе… Але інакшым я быць не магу, ня ўмею. Значыць – фініта ля камедыя?
Вось такія мае клопаты, якія маюць, мабыць, класічны дыягназ: творчы крызіс. Куды ня йшло, калі гэта толькі на асабістым узроўні, і горш, калі – на нацыянальным. Мала нам крызісаў – экалагічнага, палітычнага, ідэйнага, дык яшчэ і літаратурны. Хоць некаторыя і нашыя ўваходзяць у новую плынь лёгка і грацыёзна, як рыбкі ў ваду. Ноччу слухаў… выступленьні некаторых дам і літаратураведаў – вось гэта заўтрашні дзень? І нават, як запэўніваюць, наступнае, ХХІ стагоддзе?
Зрэшты, аб чым клопаты? Вунь у Беларусі цяпер усё пагарэла: і бульба, і зерневыя, і кармавыя. Што будзем есьці? Калі давядзецца жыць. Тут не да літаратуры…
Дарагія нашыя, мілыя сябры! Мы вельмі жадаем вам двум належнага здароўя і – як-небудзь…
Абдымаем – Васіль і Ірына.
P.S. Зьбіраемся на тыдзень у Менск. Калі ўпусьцяць. І – выпусьцяць таксама.

Масква. 31.8.1999
Дарагія сябры!
Адначасова атрымалі абодва вашыя лісты – з вельмі мілым фотаздымкам <…> У “Знамени” атрымаў твой ганарар за апавяданьні – паверылі без даверанасьці. Ганарар ня надта вялікі – не разбагацееш – 2059 рублёў, якія Ная абмяняла на даляры, – яны вас чакаюць. <…>
Ваш Лазар.

Дарагія Ная і Лазар!
Даўно мы не пісалі вам – езьдзілі на радзіму. Два тыдні правялі ў Менску, я акрамя таго зьезьдзіў на вёску, наведаў аўдавелую сястру і брата. Пабываў у Гродне, дзе жыве сын, пераначаваў у яго і вярнуўся ў Менск. Уражаньне ад усіх візітаў прыгнятальнае – як і належыць па цяперашнім часе. Зрэшты, расказваць пра тое – вельмі невясёлая справа. Хоць і ўсё астатняе бязрадаснае, сумнае, страшнае… Суцяшае толькі адно: ужо ня шмат засталося. Такой жа думкі і нямногія сябры, якія засталіся там, і тыя, хто пакуль яшчэ лічыцца такімі. Пра рэжым я ўжо не кажу – такога цынічнага фашызму яшчэ нядаўна немагчыма было сабе і ў сьне ўбачыць. Зьлёгку ўсьцешыла хіба што – некалькі артыкулаў у менскай апазіцыйнай прэсе з цёплымі словамі з нагоды майго юбілею. Хоць зразумела, канешне, што гэта – з нагоды юбілею… У гэтым плане некалькі асобна стаіць твой, Лазар, артыкул у “Литературке”, дзе ня толькі з нагоды юбілею, але і проста – у абарону. Напэўна, абараніць сябра – парыў заўсёды годны, і я бязьмерна табе ўдзячны, мой мілы сябра! <…>
А я з вясны, падобна, выдыхся. Не пішу і ня хочацца. Затое чытаю, як ніколі не чытаў – ніколі не было такой магчымасьці. <…>
Вельмі хочацца прачытаць тваю кнігу, Лазар. Напэўна, адчуваецца, што часу ўжо ў абрэз і хочацца пасьпець ухапіць самае важнае хоць бы дзеля аднаго лёсу. Дзеля чалавецтва хай чакае само чалавецтва, якому, як паказвае вопыт, чорт ведае чаго хочацца.
Дарагія і мілыя нашыя далёкія сябры, мы вельмі сумуем бяз вас у такім доўгім адрыве і шлём нашае сардэчнае прывітаньне.
Абдымаем двое – дваіх!
3.VІІІ.999
Васіль і Ірына
P.S. Гэты ліст перадаю з аказіяй, так м. б. будзе хутчэй.
В.

Масква. 17.9.1999
Дарагія сябры!
Былі вельмі радыя званку Васі. Але адначасова востра адчуў, што вельмі хочацца сустрэцца, сесьці і за чаркай пагаварыць, як кажуць у Адэсе, “за жызьнь”. Але пішу я гэты “нечарговы” ліст не як водзыў на званок.
Некалькі дзён назад <…> сустрэў Ткачэнку2 3. І ён завёў са мной размову пра тваё будучае. Вяртацца ў Менск на пастаяннае жыхарства нельга – і жыць і працаваць будзе немагчыма. Асабліва калі ня дай бог Расія пасьля выбараў палявее, тады беларускі бацька і яго кампанія зусім закусяць вудзілы. Ткачэнка прапануе арганізаваць вам пастаяннае месца жыхарства ў цэнтральнай Еўропе – Нямеччыне ці Аўстрыі. Гэта (асабліва Нямеччына) павесялей і цікавей, чым Фінляндыя, – багацей культурнае жыцьцё, вялікае расейскамоўнае зямляцтва. Гэта, кажа ён, зусім рэальна. Патрэбна толькі вашая згода, і ён пачне дзейнічаць. Ён абяцаў табе патэлефанаваць ці ў лістападзе пад’ехаць у Хельсінкі, каб усё падрабязна агаварыць з вамі. Калі гэтая ідэя падаецца вам прывабнай, зьвяжыся з ім. Мне здаецца, што ня трэба ўпускаць такой магчымасьці. <…>
Ваш Лазар.

Дарагія Ная і Лазар!
<…>
Пісаць стаў мала, тое-сёе і, мабыць, так-сяк. Восень і перадзім’е, канешне, ня лепшы дзеля таго час, заядае хандра – палітычная і наогул. Старэчая, зразумела. Ды што рабіць! Вясна далёка, а жыць неяк трэба. Дажываць свой богам адпушчаны век. Даймаюць думкі пра дзяцей-унукаў з іх бясконцымі праблемамі рознага роду. У гэтым сэнсе асабістыя праблемы адыходзяць на задні план. Што нас чакае пасьля фінляндскага тэрміну, яшчэ не вядома. Нейкія праекты нібыта праварочваюцца, але пакуль бяз нашага ўдзелу. Зрэшты, я ўжо неяк страціў да таго цікавасьць. Што будзе, тое і будзе. Як заўсёды… <…>
З надзеяй на сустрэчу абдымаем вас дваіх і вельмі жадаем – хоць як-небудзь!
Вашыя Васіль і Ірына.
20 лістапада 999 г.

Масква. 31.10.1999
Дарагія сябры!
На гэты раз ліст ад вас дайшоў даволі хутка – за дванаццаць дзён. <…>
Некалькі дзён назад мой выдавец прывёз мне сігнал маёй кнігі. <…> Калі кнігі будуць у мяне ў руках, перапраўлю экзэмпляр вам – туды, дзе вы ў той час будзеце. <…>
Добра, калі выйдзе варыянт з Нямеччынай, – абавязкова едзьце туды. <…> Пакуль у Менску вам рабіць няма чаго – нічога добрага там ня будзе, пакуль там на троне блізкі сябар Лужкова і Селязьнёва. <…>
Ня думаю, што наш час прайшоў, наадварот мне здаецца, што лопнуў постмадэрнізм, які шырока разрэкламаваў сябе, па маіх назіраньнях, літаратурная Масква яўна страчвае да яго цікавасьць. <…>
Будзьце здаровыя!
Ваш Лазар.

Дарагія нашыя Ная і Лазазар!
Учора мы перабраліся ў Берлін, сёньня я ўключыў кампутар і першай справай пішу вам гэтае пасланьне. Падобна, пачынаецца новы адрэзак нашай няпэўнасьці – шчасьлівы ці не, хто ведае. Пакуль што ўсё о’кей, як тут кажуць немцы. Нас мілы нямецкі сябар2 4 уладкаваў нас у выдатную вілу, у зялёным раёне (Капенік, калі вы ўяўляеце). Вялікі пакой у мансардзе, усе выгоды – як у нас пасьля еўрарамонту. Крыху далекавата ад цэнтру, ад Zoo, але пад бокам трамвай, а потым эсбан, як вы ведаеце. Але самае галоўнае – тут я набыў вялікі стол, на якім зьмяшчаецца кампутар і ўсе мае прычындалы. У Віперсдорфе было някепска (Ірына да гэтага часу зачараваная гэтай графскай назвай). Але я там быў прыцесьнены адсутнасьцю прасторнага стала, за якім можна было б разьмясьціцца і пасядзець. Да таго ж – акружэньне. Яно ў агульным і някепскае, але нябачны моўны бар’ер ствараў пэўныя (і немалыя) нязручнасьці. Тут жа гэты бар’ер – толькі пры выпадковых сустрэчах з гаспадыняй, мілай спадарыняй з Заходняй Нямеччыны, якая купіла пяць гадоў назад гэтую вілу. Плоціць за нашае знаходжаньне і яшчэ корміць нас тут наш стары сябар, які стварыў нейкі фонд для экзыльнага беларускага пісьменьніка. Апошнія абставіны мяне некалькі заціскаюць, часамі нават моцна, але тут моўны бар’ер якраз выручае: гэты мой Крыстаф нічога мне не паведамляе, толькі ставіць перад фактам. Пакуль што факты былі самыя спрыяльныя, і мы з Ірынай удзячныя яму і ягонай жонцы-францужанцы. Менавіта яна, Мішэль, перавезла нас сюды, знайшла гэтую кватэру і яшчэ цягала разам наш немалы гапак. Ня ведаю, як мне аддзячыць ім. Што ж тычыцца Пэна, дык я яго ня бачыў і ня чуў, хоць афіцыйна менавіта Пэнклуб запрасіў нас у Нямеччыну. Запрашэньне таксама нямала каштуе…
Усё гэта нібыта і някепска, прынамсі да сьнежня, калі мне давядзецца мяняць пашпарт з прычыны заканчэньня тэрміну дзеяньня папярэдняга. Гэта даволі каніцельная справа, бо з пашпартам мяняецца (ці ўзнаўляецца віза), клопаты пра якую – далёка ня самыя прыемныя. Да таго ж чакаецца паездка на радзіму – па розных справах, што таксама зьвязана з многімі малапрыемнасьцямі бытавога і сямейнага парадку. Карлас ня раіць пакуль совацца туды, ды я так мяркую, што потым будзе горш, а совацца ўсё ж давядзецца. Не зьбіраюся ж я эміграваць у рэшце рэшт…
Цяпер пра літаратуру, як справу нашага жыцьця, калі дазволена так выказацца. У Віперсдорфе напісаў некалькі (здаецца, колькасьцю восем) прытчаў, але нейкія яны атрымаліся не такія, як бы хацелася, і перакладаць іх на расейскую ў мяне няма аніякай ахвоты. Акрамя таго, напісаў адно апавяданьне, якім таксама незадаволены, хоць і адаслаў яго ў “Дружбу”. Пісаў яшчэ розную драбязу накшталт прадмовы да італьянскага выданьня маіх апавяданьняў, тэкст дакладу пра лінгвакрызіс у Беларусі на кангрэс у Фінляндыі, куды запрошаны напрыканцы ліпеня. Калі дадуць візу. Рэч у тым, што ў мяне стары пашпарт з нейкімі пратэрмінаванымі датамі-адзнакамі, і паліцыя заўсёды прыдзіраецца. Трэба ехаць у Менск і клапаціцца пра новы. Ды рэч у тым, што разам са старым пашпартам можа зьнікнуць і каштоўная нямецкая віза. Вось і гадай, як лепш зрабіць. З-за гэтага пашпарта давялося адмовіцца ад паездкі ў Італію, дзе ў пачатку ліпеня павінна была адбыцца прэзентацыя маёй кнігі (Мілан – Рым). Праўда, у гэтым выпадку мелі месца і яшчэ адныя абставіны асабістага парадку – у паездцы мяне аб’ядналі з вядомым В. Суворавым, аб’ядноўвацца з якім у мяне не было вялікай ахвоты. Няхай ён у адзіноце выкладае сваю ваенную ахінею, якая на захадзе даволі папулярная.
Весткі з Менску, як заўсёды, маласуцяшальныя. Апазіцыя ўсё колецца, раскалваецца і ўсё цяне на свой бок мяне. Але я ім паставіў адзіную ўмову майго ў ёй удзелу – аб’яднаньне. Думаю, што гэта правільна. Паколькі ніколі яны там не аб’яднаюцца, дык і мяне ў аніякай якасьці не атрымаюць. Праўда, яны пачынаюць балаваць. І жаніць мяне без мяне – маё імя ўстаўляюць у розныя сьпісы, што мяне засмучае. Асабліва, калі гэта робяць блізкія людзі. Ды, як я пераканаўся на асабістым вопыце, менавіта блізкія і могуць табе прычыніць найбольшае зло. Як гэта ні сумна…
Вось такія мае тут справы. Нібыта і някепскія, але і не шчасьлівыя. Хоць якое ўжо там шчасьце. Толькі б не бяда!
На гэтым заканчваю. Сардэчна абдымаем вас, жадаем здароўя і дабрабыту. І цёплага лета.

Вось так здарылася, што гэтую прыпіску раблю праз 2 месяцы пасьля напісаньня ліста, якое вы не атрымалі, а я, успомніўшы, адшукаў у сваім кампутары. Нічога ў ім не выпраўляю, дасылаю, як было. Толькі з дабаўкай.
А ў якасьці апошняй хачу паведаміць, што ня ўсё так вясёлкава, як напачатку здавалася. Ня тут, дык дома. На адлегласьці ўцягнулі ўсё ж мяне ў разлад паміж беларускім Пэнам і Хельсінскім камітэтам, і я дакараю сябе за тое, што ў свой час ня змог (не хапіла рашучасьці) выйсьці з аднаго і другога. Цяпер давялося стаць перад выбарам: ці Пэн ды іншыя дэмакраты (мае сябры, дарэчы) ці Хельсінскі камітэт, які, па ўсім, таксама ня мёд. А ў іх справа дайшла да суда. Ці да расколу… І абедзьве гэтыя арганізацыі цягнуць мяне на свой бок.
Хутка з Ірынай едзем у Гётэборг на нейкую кніжную канферэнцыю, ехаць куды мне зусім ня хочацца. Ды ў свой час не адкруціўся, а цяпер даводзіцца.
На двары ўжо восень. Лета выдалася даволі прахалодным, восень, падобна, будзе такой жа. Здароўе вымушае жадаць лепшага, але…
Абдымаю вас. Ірына таксама.
Адрас такі: <…>
Тэл. <…>
12 лютага 2000

Мілыя нашыя Ная і Лазар!
У нас сёньня сонечны, зусім красавіцкі дзень, я сяджу каля вакна (амаль слыхавога, пад дахам), гляджу на зялёную траўку газону, чароўную графіку дрэваў старога парку і пішу гэта. Наогул цалкам вясковая ідылія ў былым маёнтку графа фон Арніма, дзе цяпер уладкавана нешта, што цалкам нагадвае нашыя дамы творчасьці. Тут сабралася чалавек 20, пераважна немцаў, але ёсьць і амерыканцы, адзін італьянец, і чацьвёра з СССР – пісьменьнікі, мастакі, кампазітары. Моўная несумяшчальнасьць трымае ўсіх на адлегласьці, праўда, многія перамаўляюцца на англійскай, а мы трое – два беларусы і адна армянка – стварылі своеасаблівую абшчыну на аснове мовы агульнанацыянальных зносін. І гэта добра. Адлегласьць адсюль да Берліну 80 км, да бліжэйшага гарадка 20 км. Паўсюль выдатныя дарогі, але аўтобус ходзіць туды 2 разы ў тыдзень – ва ўсіх персанальны транспарт, у грамадскім няма патрэбы. Акрамя нас, зразумела. Беззямельных і бязконных. Наогул усё вельмі нават някепска – цёпла, сытна, прыгожа, але…
Працаваць яшчэ не пачаў, – разьмінаюся, раздумваю: а ці трэба? Тыя, што вакол мяне, падобна, зусім не стамляюць сябе працай, – больш п’юць і жывуць ня горш. Нават лепш… Але ж яны – ня мы. Такім жыцьцём мы тут забясьпечаны да траўня, а потым давядзецца выбіраць што-небудзь іншае.
Прачытаў тваю, Лазар, кнігу, якая мне, канешне ж, вельмі спадабалася. Гэта, напэўна, самая капітальная праца пра пісьменьніцка-журналісцкія норавы 50-60 гадоў, – усё вельмі падрабязна, глыбока і разумна, як гэта ты ўмееш. Вельмі добрыя нарысы пра дарагіх нашых, што пайшлі, вялікі ты малайчына, Лазар, дазволь мне гэта табе сказаць. Асабліва калі ўявіць, колькі часу і працы яна забрала ў цябе… Цікава, як да яе паставіцца новае пакаленьне хоць бы той жа “Литературки”? Ці будуць ганьбаваць аўтара разам з ненавіснымі многім шасьцідзясятнікамі?
Тут усялякая пісьмовая інфармацыя пра Расію начыста адсутнічае. Засталося адзінае – радыё “Свабода”, якую мы слухаем днём і ноччу. Ёсьць тэле-скрыня, але нямецкае тэле, відаць, мудрэй расейскага – спорт, кухня, памперсы і – недаступная нам інфармацыя на нямецкія палітычныя тэмы. Нават прадукцыя Галівуду тут рэдкасьць.
Вельмі шмат Рэльскай цішыні і чыстага вясновага паветра.
Здароўе – на мяжы, але трымаемся ўсьведамленьнем таго, што за мяжой хварэць нельга. Сабе даражэй.
Ірына перакананая, што лепей, чым у Фінляндыі, нідзе не было і ня будзе. Вельмі не хацелася б, але даводзіцца з ёй пагаджацца. Хоць недзе іскрыцца думка: а чаму ўласна павінна быць лепей? Якое ў нас права на гэтую лепшасьць? Горшасьць – так, тут маса правоў і прычын, але лепшасьць?.. Нам?.. Сьмешна нават, калі падумаць. І паслухаць радыё…
Як вы, харошыя нашыя? Галоўнае – як здароўе?
Адрас на канверце. А тэлефон: <…>.
Абдымаем – Васіль і Ірына.

Масква. 5.3.2000
Дарагія сябры!
Нарэшце прыйшоў твой ліст, Вася, – мы ўжо хваляваліся, як вы там, у Нямеччыне туманнай. Пра ваш “шлос” я ведаю: Таня Бек пражыла там паўтары месяцы, расказвала, ёй спадабалася, скардзілася толькі на тое, што далёка дабірацца да Берліну, ды і транспарт дарагі. <…>
Ага, на ўсялякі выпадак паведамляю вам – раптам спатрэбіцца табе ці Ірыне – тэлефоны старшай сястры Наі (яе завуць Эдзя, мужа Пётр), якія жывуць у Берліне – <…> і яе старэйшых дзяцей (ужо цалкам саліднага ўзросту) – Андрэя і Машы <…>. Усе яны, натуральна, гавораць па-расейску і ў любых абставінах будуць радыя быць вам карыснымі. Ведаючы вашую безразьмерную далікатнасьць, хачу сказаць, што вам будуць радыя. <…>
А цяпер галоўнае пытаньне: што пасьля траўня ў вас, якія перспектывы і магчымасьці: куды вы можаце пасунуцца? Трымайце нас у курсе.
У “Литературке” за 23-29 лютага (№ 8) надрукаваныя дзьве твае прыпавесьці (“Маленький красный цветочек” і “Свобода”) і вялікі артыкул А. Казловіча “4-ый Белорусский отступил (Почему Василь Быков уехал за границу)”. <…>
Дзякуй за добрыя словы пра маю кнігу – мне, канешне, гэта прыемна і важна. Калі табе цікава было яе чытаць, значыць, а не дарэмна ўзяўся за неўласьцівую мне справу і столькі аддаў часу. <…>
У нас усё без істотных пераменаў. Прыгнятаюць нават ня выбары, а Чачня, якой, падобна, ня будзе канца, і нашыя шалёныя дзяржаўнікі. <…>
Прывыкайце да вашага бесканфліктнага жыцьця, а галоўнае, мае дарагія, будзьце здаровымі! А будзе здароўе – узьнікне і жаданьне працаваць. Бяз гэтага мы ня можам. І памятай: тое, што ты пішаш, патрэбна ўсім нам… Я ў гэтым цьвёрда перакананы. <…>
Ваш Лазар.

Масква. 20.6.2000
Дарагія сябры!
Учора безвынікова спрабаваў датэлефанавацца да вас. На жаль, то “Няправільна набраны нумар”, то трапляў не туды. Так што нашая сувязь застаецца вернай сваім даўнім традыцыям <…> Таму задняй датай і ў пісьмовым выглядзе віншуем Васю з днём нараджэньня. Пажаданьні: перад усім здароўя і дабрабыту, затым стабільнасьці, каб вы аселі на больш ці менш працяглы тэрмін і не ў нямецкай глухамані, а там, дзе ёсьць бібліятэкі, музеі і іншыя культурныя ўстановы, ня лішнія граматным людзям. <…>
Галоўныя мае клопаты – часопіс. З фінансамі кепска. <…>
Зайздрошчу Бакланаву (ён, дарэчы, шле табе прывітаньне і віншаваньні), сядзіць сабе на лецішчы і займаецца садам ды агародам (яшчэ Твардоўскі, які разьбіраўся ў тым, адзначаў ягоныя вялікія сельскагаспадарчыя здольнасьці). <…>
Чакаем ад вас паведамленьняў аб тым, як і дзе ўладкуецца вашае жыцьцё. Дай бог, каб усё гэта атрымалася самым найлепшым чынам. А пакуль я вас ад імя майго шматлікага сямейства моцна абдымаю!
Ваш Лазар.

[2000-2001]
Дарагія Ная і Лазар!
З яшчэ адным Новым годам! Няхай ён застанецца для нас у шэрагу нягоршых! Пра лепшыя ўжо марыць перасталі…
Па ўсім, зімаваць мы застанемся тут, а вясной што-небудзь памяняецца. (Калі дажывём да вясны.) М. б. за гэты час як-небудзь пабачымся. Мы – да вас ці вы – да нас.
Шчасьця і посьпеху вашым родным!
Абдымаем – Васіль і Ірына.

[2001-2002, Прага.]
Дарагія Лазар і Ная,
з Новым годам вас. Будзьце здаровыя і шчасьлівыя.
Мы пакуль ня вельмі – і тое, і іншае.
Але – спадзяёмся. Авось…
А пакуль у чаканьні…
Абдымаем – Васіль і Ірына.

[Канец красавіка 2003 г., Прага.]
Дарагія Лазар і Ная <..>.
Прайшоў месяц з дня аперацыі, але я ўсё не магу прыйсьці ў норму. Вострыя болі прайшлі, але тупыя засталіся. Гэтыя даймаюць па-ранейшаму, асабліва ўначы. У бліжэйшы час мяне чакаюць некалькі курсаў хіміятэрапіі, ня ведаю, як яна мне абыдзецца. А наогул, здаецца, я зрабіў памылку, даверыўшыся сябрам і зьвярнуўшыся да медыцыны. Ну крыху пабольвала ў баку (часам), быццам нічога страшнага. А цяпер у адначасьсе з нармальнага ператварыўся ў інваліда. Сапраўды – не чапай ліха, пакуль ціха. Ня ведаю яшчэ (не гавораць), колькі там метастазаў. І дзе?..
Валя Аскоцкі прыслаў мне вельмі грунтоўны (і суцяшальны) ліст, заклікае да бадзёрасьці і аптымізму. Вядома, дзякуй яму, але тут ніякія суцяшэньні не дапамогуць. Самае лепшае – памаўчаць. Маўчаньне гучней за ўсе словы. <…>
Як-небудзь зьбяру паболей сілы і паедзем на радзіму, дзе мяне, вядома, чакаюць. Ня толькі сябры, але і іншыя. Рыхтуюць сустрэчу…
Дарагія мае сябры! Мы з Ірынай вельмі жадаем вам здароўя і дабрабыту. Вельмі хацелі б яшчэ сустрэцца. Але – ня ведаю…
Абдымаем Вас.