12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Васіль Быкаў – Рыгор Барадулін

_____________________
«Твая паэзія вартая, каб гучаць з нябесных сфераў».
Невядомыя старонкі ліставання Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна

Прадмова
і падрыхтоўка
да друку
Сяргея
Шапрана.


Прайшло паўтары гады, як выйшла кніга «Дажыць да зялёнай травы…: Ліставанне і аўтографы Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна (1960—2003)» (Львів: ВолЯ). За гэты час у хатніх архівах абодвух пісьменнікаў было знойдзена некалькі невядомых дагэтуль лістоў: адзін ліст і два рукапісныя вершы Рыгора Барадуліна, якія былі напісаныя да дня нараджэння сябра і ніколі не друкаваліся; дзве віншавальныя паштоўкі і адзін ліст Васіля Быкава, пра якія трэба сказаць асобна, бо адна паштоўка і ліст дасланыя Васілём Уладзіміравічам з замежжа і шмат пра што распавядаюць. Тут і ўзнёслае захапленне, выкліканае паэтычнай творчасцю Барадуліна (пра што Быкаў неаднойчы напіша сябру, але менавіта гэты водгук у нейкім сэнсе ўзор, адна з вяршынных быкаўскіх ацэнак паэзіі Рыгора Барадуліна, якая вартая таго, каб гучаць «зь нябесных сфэраў. Толькі як дамагчыся таго? Дзе тыя дзьверы на неба?»); тут і смутак, і трагізм у стаўлен­ні да свайго пакалення, «якому нідзе не наканавана шчасьця — ні дома, ні на людзях»; тут і зноў жа пра сумненні — «часам да адчаю» — адносна каштоўнасці напісанага ім у замежжы. І ў гэтых ды іншых радках настолькі выразна гучыць сапраўды непаўторная быкаўская інтанацыя, такі чуецца подых ад, здавалася б, простых і звычайных, але такіх цёплых і родных слоў («…зь Вялікаднем вас віншуем, вельмі жадаем вам цёплай вясны, зялёнай травы і хлеба на стале. А й да хлеба таксама»), што застаецца ў каторы раз здзіўляцца нават не пісьменніцкаму майстэрству Васіля Быкава, а перш за ўсё яго чалавечай шчырасці, якая лёгка знаходзіла моўныя эквіваленты пачуццяў і якая гэтак жа лёгка прачытваецца цяпер у знойдзеных пасланнях. У пасланнях, без якіх эпісталярная спадчына Васіля Быкава была б няпоўнай. Таксама як без знойдзеных цяпер вершаў Рыгора Барадуліна будзе няпоўнай бібліяграфія паэта.
Сяргей Шапран

Р. БАРАДУЛІН — В. БЫКАВУ

Дарагі Васіль!
Прымі мае спачуванні. Хілю галаву перад светлай памяццю тваёй мамы1. Хай доўжыцца яе дабрыня і чалавечая мудрасць у нязводным Быкаўскім родзе!
Шаноўны Васіль Уладзіміравіч! Паклон табе з-за акіяну2. Дзе ні выступаю — падкрэслена ганаруся табой як беларусам, як зямляком, як найвыдатным майстрам.
Жадаю здароўя, настрою, плёну!
Святла ў душу тваю!
Прывітанне Ірыне Міхайлаўне!
твой Рыгор
6.XI.84, New York

Васілю Быкаву
на 19 чэрвеня 1994 году

Нарадзіцца на сьвятую Тройцу —
Ў Бога быць любімым
Мець надзею.
Хоць жыцьцё не спачувае мройцу.
Людзтва непапраўна нелюдзее.

Як бяда сама папросіць шлюбу,
Сьцежка ляжа
Ў апраметнай з краю.
Мэта
Зьвідніць цемру праўдалюбу,
Мужнасьць
Змусіць захлынуцца зграю.

Доля —
Сплаканая маладзіца
Бласлаўляе крыкам жураўліным
На сьвятую Тройцу нарадзіцца,
Ў Беларусі быць любімым сынам!

Рыгор Барадулін


В. БЫКАЎ — Р. БАРАДУЛІНУ

Дарагі Рыгорка!
З паўналеццем цябе! І з адзіным клопатам: каб ты быў здаровы і заставаўся ранейшым — Сумленным Чалавекам і Беларусам, няздольным ні на што іншае.
Абдымаю і цалую,
твой Васіль Быкаў
24 лютага 95 года

Рукапісная паштоўка. На адвароце малюнак П. Пікасо: чалавек з-за кратаў глядзіць на белага голуба; на адным крыле голуба В. Быкаў напісаў: «Беларусь».

Р. БАРАДУЛІН — В. БЫКАВУ

Дзень народзін тваіх,
Васіль,
Як Вялічка крывіцкага роду.
Сыйдзе ўсё ж
Бальшавіцкая цьвіль,
І адчуем сьвятую лагоду.
Дасмыляць, як карчы,
Стукачы,
Стане цёмна прадажніцкім совам.
Вечніну абжывуць крывічы,
Душы сьвенцячы
Быкаўскім словам!

19.VI.96 Рыгор, Менск

В. БЫКАЎ — Р. БАРАДУЛІНУ

Дарагі Рыгорка,
толькі што атрымаў твой ліст, пісаны 1 лістапада. Чакаў доўга і ўжо пачаў трывожыцца. А Ірына3 толькі павялічвала тую трывогу, кажучы: штосьці ня тое! Чаго так доўга ня піша Рыгорка? Прабач, даражэнькі, што я ня пішу гэтак часта, хоць размаўляю з табой штодня і штоночы, як ня сплю. А тое бывае часта — з прычыны і без, хаця ўсё натуральна, калі мець на ўвазе ўзрост. Біблейскі! Канешне тут іншае жыцьцё, але для іншых. Мы, былыя саўкі, такое праклятае племя, якому нідзе не наканавана шчасьця — ні дома, ні на людзях. Нашая метафізіка такая — з выразанай малекулай шчасьця, заместа якой пасаджана малекула манкурта, што ўсё і вызначыла. І, мабыць, не для аднаго пакаленьня.
Наш тут тэрмін канчаецца, і па праўдзе я чакаю таго канца4. Бо… Вельмі шмат у гэтым бо, тое не апісаць у лісьце. Але, як цяпер пагляджу, паўтараецца лёс маёй мамы (хіба ў іншых варунках): і там, і там нельга. У Бычках было добра, добры сын5, але там […]. У Ваўчы добрая дачка6, але благі зяць. Во мама бедная і тузалася — туды-сюды, пакуль не супакоілася назаўжды пад бычкоўскімі хвоямі. Ну але тое — невырашальная класічная праблема, толькі мама ня ведала таго. Адно — адчувала. Я во — ведаю, ды ад таго веданьня не лягчэй. Як бы не цяжалей было.
Але во пішу. Апавяданьні пакуль ляжаць, а прыпавесьці пасылаю на «Свабоду»7, адтуль перадаюць у «Н[ашу] Н[іву]»8. Дужа сумняваюся ў каштоўнасьці ўсяго напісанага, часам да адчаю. Суцяшаю сябе хіба тым, што ўжо позна хістацца-вагацца, ёсьць тое, што ёсьць. Іншага ня будзе. Твой 21 верш9 адразу ж перадрукаваў на кампутары. Як і ўсе папярэднія, ён геніяльны! Твая паэзія стала такой, што вартая, каб гучаць зь неба. Зь нябесных сфэраў. Толькі як дамагчыся таго? Дзе тыя дзьверы на неба?
Рыгорка, браток, толькі будзь як-небудзь здаровы. Не хварэй. І няхай будуць здаровыя твае дзяўчаткі. А будуць здаровыя, будуць і шчасьлівыя, — скажу, трохі перайначваючы аднаго нашага вялікага.
Міхалішка10 дужа ўсьцешана тваім лістом.
Абдымаю і — да сустрэчы!!
Сьціплая кветачка ад сябра11.

24 ліст[апада 1]999 Васіль

[3 красавіка 2000 г.]12
Мілыя і шаноўныя нашы
Рыгорка, Валічка, Дамінічка13
зь Вялікаднем вас віншуем, вельмі жадаем вам цёплай вясны, зялёнай травы і хлеба на стале. А й да хлеба таксама.
Шлём гэтае з Мілану, у якім апынуліся на 3 дні, заўтра едзем у Берлін.14 Тут добра. Але… Можаце здагадацца, што далей за але. Тут здалёку мы вас памятаем, шануем і любім як родных любых людзей, якіх навакол небагата. Можа, Бог дасьць пабачыцца цёплай вясёнкай.15
Шчасьцейка вам. Васіль і Ірына

Рукапісная паштоўка без даты.



1У 1984 г. памёрла маці В. Быкава Ганна Рыгораўна.
2 У гэты час Р. Барадулін у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у працы XXXIX сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.
3 Ірына Міхайлаўна — жонка В. Быкава.
4 У снежні 1999 г. скончыўся тэрмін знаходжання І. і В. Быкавых у Фінляндыі, дзе па запрашэнні Фінскага ПЭН-Цэнтру ў межах пэн-клубаўскай праграмы «Пісьменнік у выгнанні» яны жылі з чэрвеня 1998 г.
5 Малодшы брат В. Быкава Мікалай Уладзіміравіч.
6 Сястра В. Быкава Валянціна Уладзіміраўна, узяўшы шлюб, пераехала на сталае месца жыхарства ў вёску Ваўчо, таксама на Ушаччыне.
7 Падрабязней гл.: Васіль Быкаў: Лісты цяпер для мяне — манна нябесная…: Перапіска Васіля Быкава з дырэктарам Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандрам Лукашуком // Дзеяслоў. 2005. № 3 (16). С. 172-186; Лукашук А. «Лісты цяпер для мяне — манна нябесная»: Перапіска з Васілём Быкавым // Быкаў на Свабодзе. Выд. 2-е. [Без м.] Радыё «Свабодная Эўропа» / Радыё «Свабода», 2005. С. 538-565.
8 У «Нашай ніве» надрукаваныя прыпавесці В. Быкава: «Вуціны статак» (1999. 18 кастр.), «Кошка і мышка» (2000. 10 студз.), «Маленькая чырвоная кветачка» (2000. 5 чэрв.), «Пахаджане» (2000. 23 жн.), «На балотнай сцяжыне» (2001. 2 крас.), «Помнік ад дэмакратыі» (2002. 4 кастр.), «Мурашкі» (2002. 11 кастр.).
9 21-ы верш з цыкла «Лісты зь Менску».
10 Ірына Міхайлаўна Быкава.
11 Унізе Быкавым намаляваная кветка.
12 Датуецца па штэмпелі на канверце.
13 Родныя Р. Барадуліна: жонка Валянціна Міхайлаўна і ўнучка Дамініка.
14 Запрошаныя Нямецкім ПЭН-цэнтрам, І. і В. Быкавы на пачатку лютага 2000 г. прыехалі ў Германію, дзе, вымушаныя час ад часу пераязджаць (Віперсдорф, Берлін, Франкфурт-на-Майне, зноў Віперсдорф), пражылі да снежня 2002 г.
15 В. Быкаў прыязджаў у Беларусь у чэрвені 2001 г.