12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Васіль Быкаў

_____________________
Лісты Васіля Быкава да Ларысы Геніюш
Прадмова,
публікацыя
і каментар
Міхася
СКОБЛЫ.

«Ганаруся Вашай “залатой” паэтычнай нітачкай...»

Пазнаёміліся яны напачатку 60-х: былая лагерніца, аўтарка выдадзенай пад акупацыяй кнігі і пісьменьнік, які ўжо стаяў на парозе сваёй сусьветнай славы. Двойчы вершы Геніюш зьяўляліся на старонках «Гродзенскай праўды» з лёгкай рукі літкансультанта Быкава, гэтак як у «Полымі» — пад апекай Максіма Танка. У другія выданьні паэтцы з васьмігадовым лагерным «стажам» шлях тады быў закрыты. Бываючы ў Горадні, Геніюш неаднойчы сустракалася з Быкавым, запрашала яго да сябе ў Зэльву. Калі пісьменьніка шальмавалі ў друку за яго ваенныя аповесьці, слала лісты падтрымкі і наказвала сябрам працягнуць «сябру Васілю» руку дапамогі. Вось фрагмент напісанага ў 1966 годзе ліста да тагачаснага супрацоўніка акадэмічнага Інстытуту літаратуры М. Прашковіча: «Трымайце Быкава! Між іншым, прышлеце мне афіцыяльны погляд на твор Быкава, г.зн. стацьцю Герцовіча. (…) Так, не баліць толькі мёрт­вым! Быкаў «праполвае» грамадзтва, і гэта вялікая справа. Ён – глыбокі аналітык, амаль геніяльны, як само жыцьцё. Яму баліць і ў творчых муках яму вельмі цяжка. Яму вельмі патрэбнае разуменьне і любоў сяброў! Галоўнае – разуменьне. Вы ж усе там на ўзроўні, каб адчуць яго, зразумець і моцна сьціснуць яго шляхотныя рукі. Не шкадуйце для яго добрых пачуцьцяў і разумнага мужнага слова! Танных і бязважкіх слоў ён ня любіць, ня прыме». І — праз два месяцы таму ж адрасату: «Факт, што кнігі Быкава чытаюцца, разыхо­дзяцца і перакладаюцца на ішыя мовы, сьведчыць не ў карысьць праціўнікаў яго поглядаў. Vox populi – за яго! Маю ўражаньне, што ён спакойны. Маючы 6 мільёнаў выданых кнігаў, можна дзе што пускаць міма вуха. У мінулым го­-дзе казаў мне: «Кіну пісаць, пайду працаваць шаўцом». Мы зь ім хахаталі. Бы­­­-каў – упарты. Ведае сваё і тое, што «гусьлям, княжа, ня пішуць законаў».
Адзінае, што катэгарычна не прымалася Геніюш, — быкаўскі песімізм. Але жыцьцялюбам, як і творцам, трэба нарадзіцца. Чарговым разам не паразумеўшыся з Быкавым наконт будучыні Беларусі, паэтка скрушліва прызнавалася Прашковічу: «З Быкавым нельга гутарыць, гэта — ноч, гдзе няма нават зораў надзеі». Але гутарыла — і лістоўна, і пры асабістых сустрэчах, пыталася рады, што варта пачытаць. І Быкаў дасылаў у Зэльву цэлыя сьпісы. Спрыяючы «творчай рэбілітацыі» Ларысы Антонаўны, імкнучыся пашырыць кола яе чытачоў, Быкаў папрасіў гарадзенскага паэта В. Чэкіна перакласьці вершы Геніюш для часопісу «Нёман». Паэтка вершы аўтарызавала і нават пахваліла перакладчыка, але друкавацца ў беларускім расейскамоўным часопісе адмовілася…
Чалавечыя і творчыя ўзаеміны Быкава і Геніюш добра адлюстраваныя ў лістах з Горадні ў Зэльву, якія прапануюцца ўвазе чытачоў. Іх арыгіналы акуратна зьберагаюцца ў архіве Ларысы Геніюш у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі (фонд 31, вопіс 1, адзінка захоўваньня 299).


11 кастрычніка 1963 г.
Шаноўная Ларыса Антонаўна!
Ня ведаю, як Вам дзякаваць за верш, які Вы прыслалі мне, такога я яшчэ ніколі не чытаў і мне нават крыху няёмка, асабліва калі ўлічыць прысьвячэньне. Праўда, я думаў, што Вы прышлеце што-небудзь, каб надрукаваць у газеце, можа што з лірыкі, тым больш што рыхтуецца чарговая літаратурная старонка, і Ваш верш рэдакцыя надрукавала б з ахвотай. Ну, але гэта Ваша асабістая справа.
У мяне ўсё па-ранейшаму: працую ў рэдакцыі, часам езджу ў Мінск, чытаю, пісаць пакуль што не бяруся. Нядаўна (якраз калі Данута езьдзіла да Вас у Зэльву) прыязджалі ў Гродна літоўцы – два паэты і празаік, і з імі нашыя беларусы: М. Ткачоў, Н. Гілевіч, Г. Бураўкін. Я гутарыў з Ткачовым адносна Вас (ён – сакратар Саюза пісьменьнікаў Беларусі), ён зацікавіўся і сказаў, што даможацца, каб Вас аформілі ў Саюз, Дануту, між іншым, таксама. Так што будзем спадзявацца, хоць гэта ўрэшце нічога ні добрага, ні благога не азначае, звычайная фармальнасьць.
Аляксей, мабыць, ужо з месяц сядзіць у Маскве, рыхтуе да выданьня сваю кніжку на рускай мове, так што цяпер тут, у Гродні, і мне сумнавата, няма з кім і словам абмовіцца. Дануту бачу рэдка, калі-нікалі заходзіць у рэдакцыю, але ў яе свае справы, свае клопаты і шчасьце – адваявала яна з войска свайго мужа. Вы гэта ўжо ведаеце. Наконт яго работы нічога не магу паведаміць, бо ня ведаю.А як Іван Пятровіч1? Мусіць, ужо вярнуўся з далёкага падарожжа і поўны ўражаньняў?
Жадаю Вам, Ларыса Антонаўна і Іван Пятровіч, добрага здароўя, не хварэць і быць у бадзёрым настроі. Калі-небудзь мы наведаемся да Вас.
З павагаю да Вас — Васіль.
Прывітаньні шчырыя ад жонкі і ад Іны Анатольеўны2.

(Лістапад 1963 г.)
Шаноўная Ларыса Антонаўна!
Толькі што з Мінску, у які езьдзіў па справах свайго твора. У Гродна адтуль заўжды вяртаешся, як да ціхага берага пасьля цяжкога плаваньня. Давялося шмат папрацаваць, што-колечы перарабіць, каб аповесьць усё ж убачыла сьвет. Абяцаюць надрукаваць у № 1 “Маладосьці”. А як яно абернецца ў канцы – пабачым.
Аляксей недзе ў Каралішчавічах пад Мінскам, будзе, відаць, пісаць сцэнарый па сваёй “Дануце”3. Я не адгаворваў яго – хай паспытае кінахлеба, я ўжо ведаю яго на смак, дык ня дужа ахвотна іду. Хоць таксама за­прашаюць. Валодзя Караткевіч заканчвае раман пра К. Каліноўскага (цяпер таксама ў Каралішчавічах), хлопец абязгрошаў, відаць, Вы ўжо ведае­це, што яго раман папярэдні рассыпалі пасьля набору ў выдавецтве. У “Полымі” бачыў яго два падрыхтаваныя да друку апавяданьні, адно з якіх прысьвячаецца Янку Брылю, а другое – Ул. Калесьніку. Кажуць, апавяданьні неблагія. Пачытаем, напэўна, хутка.
Ці чыталі Вы новы раман А. Адамовіча, які надрукаваны ў 7-8 нумарах “Дружбы народов”? Я чытаў нядаўна і мне спадабаўся. Добрая рэч, напісана таленавіта, без прыкрас, без няпраўды. У Мінску яшчэ ўсё хваляць раман І. Шамякіна, што нядаўна закончыўся друкавацца ў “Полымі”, і новы раман Я. Брыля, які неўзабаве будзе друкавацца ў “Полымі”. На Ленінскую прэмію вылучаны ад Беларусі раман Івана Мележа “Людзі на балоце”. Дарэчы, ён ужо напісаў і другую кніжку, таксама, кажуць, вельмі цікавую.
Вось такія мінскія справы. А ў Гродна, здаецца мне, няма анічагуткі цікавага. Ліпее-канчаецца неблагая восень. Хутка зіма. Трошкі сумна. Трэба б працаваць, але нешта не ляжыць душа.
Як Вы маецеся? Можа, прыслалі б які верш у нашу абласную газету?
З павагаю і шанаваньнем – В. Быкаў.
P.S. Прывітаньне Івану Пятровічу. Пішыце.

14 сьнежня 1963 г.
Паважаная Ларыса Антонаўна!
Нядаўна прыехаў з Мінска, дзе прабыў тыдзень у Каралішчавічах на семінары кінадраматургаў. Мінская студыя зьбіраецца зрабіць карціну па новай аповесьці, ну і просіць мяне напісаць сцэнарый. Відаць, так і зраблю, хоць першы блін (“Ракета”) атрымаўся ня дужа ўдалы і дагэтуль яго ўсе лаюць у Маскве амаль на кожным вялікім мерапрыемстве, а таксама ў газетах. Кажуць, што атрымаўся пацыфізм і камернасьць; мне ж недахопы фільма (а іх багата) здаюцца ў іншым. Ну, але ліха з імі. Можа, што-небудзь лепшае атрымаецца з новай аповесьці, усё ж тут прыбыло вопыту ў мяне, ня ведаю, як вырашыцца справа з рэжысёрам, бо пакуль ёсьць дзьве кандыдатуры – стары і малады, і абодва хочуць атрымаць мой сцэнарый. Аповесьць у “Маладосьці”, яшчэ ня вырашылася, — яшчэ не чытала цэнзура. У Маскве таксама нічога не атрымліваецца, рэдактар “Дружбы народов” аповесьць вярнуў, кажа – няправільна асьветлены даваенны час жыцьця ў Беларусі, час культу. Тое ж самае зрабілі ў выдавецтве ў Мінску – у такім стане, як я напісаў, выдаваць ня будуць, патрабуюць перапрацоўкі; я ж перарабляць ня буду. Вось такія справы.
У Каралішчавічах быў разам з Валодзем Караткевічам. Ён дапісвае раман (здаецца, будзе добры раман пра К. Каліноўскага і паўстаньне), мы гаварылі пра Вас, і ён шле Вам і Івану Пятровічу свой нізкі паклон. Хлопец ён харошы, хоць трошкі несабраны па-маладому. Ну, але гэта ня так важна.
У нас тут усё па-старому і без цікавага. Аляксей нешта піша (не гаворыць – што), Данута гадуе дачку, піша мала цяпер, я ўсё ніяк не магу прабіцца з тым, што ўжо напісаў. Разам з гэтым пасылаю Вам пісьмо, што прыслаў да нас у рэдакцыю, відаць, Ваш стары знаёмы.
Ну, вось і ўсё. Калі, можа, будзеце ў Гродна, — калі ласка, да мяне ў хату. Гэта адносіцца да Вас таксама, як і да Івана Пятровіча. А пакуль што пішыце. Можа быць, прышлеце што з лірыкі для газеты? Вядома, надрукуем. Так што глядзіце.
З паклонам і прывітаньнем – Васіль.

22 сьнежня 1963 г.
Шаноўная Ларыса Антонаўна!
Атрымаў пазаўчора Ваш апошні (ад 17 сьнежня) ліст і вось адказваю. Перш за ўсё хачу павініцца за некаторае ўмаўчаньне па двух пытаньнях, але ж, далібог, то не мая віна. Справа ў тым, што як я ні біўся, так дагэтуль ня змог разабраць увесь тэкст верша, які Вы мне прыслалі – “Белую вежу”. Такі трудны Ваш почырк, што як ты ні біся, з некаторымі словамі нічога не атрымліваецца. У звычайным лісьце гэта прасьцей – некаторыя словы можна ўгадаць па сэнсу, у вершы гэта ня так. З выгляду Ваш почырк здаец­ца выразным, а як пачнеш чытаць, адразу спатыкаешся. Каб упэўніцца, ці так я ўсё зразумеў, я перадрукаваў яго на машынцы і разам з гэтым (лістом) пасылаю Вам. Прачытайце, папраўце, калі ласка, што ня так, і прышліце мне. Здаецца, мы зможам надрукаваць яго, з Вашай згоды, вядома.
Другое пытаньне – аб маім да Вас прыезьдзе — проста ў той час не было вырашана. Цяпер стала вядома, што прыехаць мне будзе неяк, бо ў канцы гэтага месяца зьбіраецца прыехаць у Гродна адзін мой сябра з Балгарыі, аб чым ён і паведаміў днямі ў сваім лісьце, хоць зьбіраўся прыехаць трошкі раней. Гэта балгарскі літаратуразнаўца, вучоны, з якім мы некалькі год перапісваліся. Вось такія мае справы на гэты конт.
З іншых – усё клопаты пра аповесьць. Заўтра-пасьлязаўтра еду ў Мінск, у “Маладосьць”, як аказалася, справа пачынае разладжвацца і там, чаму дапамог наш паважаны і народны Міхась Лынькоў. Трэба неяк уладжваць, нешта перарабляць. З Масквы пакуль няма нічога пэўнага. Во ўжо давя­дзецца намучыцца, пакуль надрукуеш, хай яго возьме ліха. А тут яшчэ нешта няможацца, прыхварэў нечым, для грыпу трохі даўгавата цягнецца…
Наконт майго да Вас прыезду – ня ведаю, што і паабяцаць. Калі-небудзь Новым годзе, калі спіхну з сябе выдавецкія клопаты. Але ж кінаклопаты!.. Яны таксама ня меншыя.
Нядаўна размаўлялі пра Вас з Аляксеем, ён прасіў слаць Вам прывітаньне і не крыўдаваць на яго.
На тым заканчваю кароценькае сваё пасланьне. Жадаю Вам і Івану Пятровічу добрага здароўя і бадзёрасьці духу. Усё ж жыцьцё, яно – рознае.
З прывітаньнем – Васіль.
P.S. Ларыса Антонаўна, а верш не затрымлівайце вельмі.

13 студзеня 1964 г.
Шаноўная Ларыса Антонаўна!
Вы задалі мне шмат пытаньняў, і таму пастараюся на ўсе адказаць пасьлядоўна.
Пачну з Сергіевіча1. Баюся вельмі, што я яму грунтоўна нічым дапамагчы не магу ў яго вельмі зразумелым жаданьні друкавацца. Не зважаючы ўжо на іншыя акалічнасьці, перашкодай да таго зьяўляецца яго жыхарст­ва, як відаць з адраса, у Мінскай вобласьці. У нас у газеце такі парадак, што друкуюць толькі жыхароў сваёй вобласьці. Гэта незалежна ад жанру – хоць артыкул, хоць верш. Жыхароў з другіх гарадоў і другіх абласьцей друкуюць у выключных выпадках. Відаць, лепей за што іншае яму трэба параіць паслаць што-колечы з сваіх твораў у рэспубліканскі друк – у “Вожык”, “Мінскую праўду”, “Беларусь”, у маладзёжныя газеты, а можа, і ў “Полымя”. Астатняе будзе залежаць ад якасьці твораў, іх тэмы. Вось гэтым, мабыць, я толькі і магу дапамагчы яму.
Цяпер пра Васілька2. Я ведаў яго ў апошнія гады ягонага жыцьця. Уражаньні мае аб ім добрыя. Ён быў добры чалавек, вельмі сардэчны, абыходлівы, з 49-га ці 50-га г. працаваў у Гродне ў рэдакцыі. Творчасьць жа яго, праўда, зьмізарнела пасьля вайны, вершы сталі рытарычныя і нецікавыя, ды ён і сам ведаў гэта, і глядзеў на іх толькі як на заробак. Сям’я ў яго была ня дужа малая, другую жонку ўзяў з дочкамі. Да таго ж любіў чарку ўзяць, і нават вельмі. Наогул, жыцьцё яго было паламанае, ён усё хацеў у Мінск да сяброў, але туды яго чамусьці не ўзялі. Калі Сергіевіч хоча падрабязьней даведацца аб ім, дык няхай пашукае ў бібліятэцы кнігу Ул. Ка­лесьніка “Пісьменьнік і час”, выдадзеную ў мінулым годзе. Там вельмі добра, мне здаецца, напісана пра Васілька, Засіма, Салагуба і іншых. Сын яго Лёнік ужо скончыў Вышэйшую партыйную школу ў Мінску і недзе працуе ў рэдакцыі раённай газеты. У Гродне жыве жонка Міхася Мар’я і з ёй іхні малодшы сынок Ярык. Ходзіць у сёмы клас, здаецца.
Цяпер пра сябе. Аповесьць усё ж выходзіць у №1 “Маладосьці”. Два дні як прыехаў з Мінска. Ледзьве не зарэзалі зусім. Давялося ахвяраваць што-колечы. Выйдзе – пачытаеце і пакрытыкуеце, крытыкаваць там ёсьць за што. І па маёй віне, і насуперак мне. Нічога ня зробіш – інакш нельга. Што датычыць мовы, дык я і сам ведаю свой грэх, але гэта грэх ня толькі мой, гэта – выхаваньне. У часы Вашай маладосьці беларуская мова вельмі шмат узяла ад польскай, у гады нашай і цяпер – ад рускай. Таму зусім натуральна, што Вам здаюцца ненатуральнымі мае стыль і лексіка, а мне – Вашы. Ненатуральна, бо непрывычна, але, мусіць, гэта ня значыць, што няправіль­на. Да таго ж улічыце маю тэму – тэму вайны, арміі, дзе беларуская мова наогул ня мела аніякага ўжытку. Відаць, каб я пісаў пра вёску, пра сялян, зьмяніліся б і мова і стыль. Гэта элементарна. Хоць, зрэшты, на крытыку я ня крыўджуся. Верш Ваш я ўрэшце разабраў з Вашай дапамогай і са спазьненьнем дзякую.
Шкада, так атрымалася, што Івана Пятровіча мне не давялося прыняць як мае быць, не было маёй гаспадыні, ды трохі перашкодзілі захмялелыя хлопцы. Да таго ж я быў з дарогі, недаспаны, і гаворка наша не была грунтоўнай. За што і прашу ў І.П. прабачэньня. Жонка мая дзякуе Вам за пры­вітаньне і шле сваё.
З павагай – Васіль.

7 лютага 1964 г.
Добры дзень, паважаная Ларыса Антонаўна,
добры дзень, шаноўны Іван Пятровіч!
Трошкі Вы зачакаліся, відаць, майго пісьма, а для мяне ўвесь гэты час быў дужа гарачы. Дзесяць дзён – з 21-га да 30-га — праседзеў у Маскве, рэдагавалі маю “Баладу”, заціснуўшы у кулаку нервы, крэмсаў тое, што сам напісаў, перайначваў, перарабляў, зьмякчаў і закругляў. Інакш нельга было. Праўда, думаю, што сапсаваў ня вельмі, даводзілася шмат працаваць над мовай (у гэты раз – над рускай). Мова – вельмі працаёмкая рэч, у гэтым пераконваюся ўжо даўно, таму ахвотна пагаджаюся з Вамі, Ларыса Антонаўна, наконт канкрэтных хібаў маёй аповесьці. Іх хапае. У апраўданьне сябе хачу толькі заўважыць, што апроч аўтара ў творы яшчэ пакі­дае свой сьлед рэдактар (таму ў нас кажуць: што ні рэдактар – то стыль; яно і сапраўды – ня аўтар вызначае стыль кнігі ў сэнсе мовы, а рэдактар). Па-другое, у нас на Беларусі ў кожнай вёсцы свая гаворка, вось тут і разьбярыся.
Са зьдзіўленьнем прачытаў у Вашым лісьце пра плёткі, якія ходзяць у Зэльве аб маёй асобе. Здаецца, у Гродна такіх яшчэ няма. У гэтым сэнсе прыярытэт за правінцыяй. Цікава толькі, хто гэта (раз)носіць такую лухту? Відаць, Вы ўжо прачыталі Брыля і маю аповесьць. Пра Брыля дык магу паведаміць, што было абмеркаваньне ў Інстытуце літаратуры, паставіліся нядрэнна. Выдавецтва ж, наадварот – бракуе. Наконт маёй “Балады” пакуль маўчаць, ня ведаю, што скажа першы. У Маскве то стаўленьне амаль скрозь адмоўнае – ня той герой, ня тыя размовы. Гэта самая цяжкая мая аповесьць у сэнсе выданьня, я проста ўжо зьнясілеў. Іншыя даліся лягчэй, а я не лічу яе горшай за хоць бы і “Ракету”.
Пра Валодзю К. нічога пакуль ня чуў.
У нас тут цяпер У. Калесьнік з Брэста. Перадаваў Вам прывітаньне. Аляксей і Данута памалу пішуць. Данута трошкі хныча з прычыны розных непаладак. Але нічога. Я, пакуль ня вырашацца ўсе выдавецкія пытаньні-справы, нічога не магу пісаць. Чакаю вясны.
Ларыса Антонаўна, Вы пытаецеся, што ёсьць вартага з кніг. Нямнога сам цяпер чытаю, але раю Вам “Самый далёкий берег” Ан. Злобіна ў № 2-3 “Молодой гвардии” за 1963 г. Далей – аповесьць А. Асіпенкі ў № 11-12 “Маладосці” (63 г.), праўда, сам не чытаў, але што-колечы чуў. Далей – аповесьць у № 1 “Юности” (64 г.) хваляць. У № 1 “Иностранной литературы” надрукавана некалькі апавяданьняў Ф. Кафкі і артыкул пра яго. Калі цікавіцеся – прачытайце. Больш вартага, здаецца, у апошні час нічога і няма.На тым бывайце здаровы. Пішыце. Ваш – Васіль.
Прывітаньне ад маёй жонкі.

2 сакавіка 1964 г.
Паважаная Ларыса Антонаўна!
Дзякую за Ваш ліст, які я атрымаў якраз перад ад’ездам у Мінск. Дзякую і за добрыя словы аб Іване, якія мяне вельмі ўсьцешылі, бо я дужа, прызнацца, сумняваўся наконт таго, як Вы да ўсяго паставіцеся. Яшчэ было неяк трывожна пасьля Вашага ад’езду з Гродна, цяпер, пасьля Вашага ліста, трывога гэта неяк змарнела.
Быў у Мінску, бачыў Валодзю, Барадуліна, Стральцова і, вядома, Георгія-братушку з Сафіі, вельмі вартага хлопца. (Дарэчы, там жа, у Георгія, пазнаёміўся з адным чэхам, але ён мне не спадабаўся.) Валодзя гаротны, сядзіць бяз грошай, многа працуе (казаў, па 10 г. у суткі), напісаў ужо 800 старонак свайго рамана. Каліноўскім ён проста трызьніць, шмат гаворыць аб ім. Я думаю, хай дае яму Бог удачы, самай вялікай пасьля ўсіх гэтулькіх шматлікіх няўдач, перажытых ужо.
Я езьдзіў на кінастудыю, выклікалі на рэдакцыйную калегію. Хочуць ставіць фільм па “Баладзе”, ужо ёсьць рэжысёр, напісаў я і сцэнарый, хоць яшчэ ня ўсё добра ў ім. Я думаю – няхай робяць, характар Івана мне таксама даспадобы, хоць я і ня меў на ўвазе стварыць вобраз сьвятога, бяз страху і дакору рыцара. Гэта просты хлопец, які пражыў нялюдскае жыцьцё (25 год), але які захаваў у сабе ўсё самае высакароднае, хоць яно ў яго і не ляжыць на плячах, і не блішчыць. У рускім варыянце (які, дарэчы, бу­дзе друкавацца ў “Огоньку” з № 12) што-колечы давялося прырэзаць, зьняць, некаторыя рэчы яны зьнялі самі. Балюча гэта для аўтара і крыўдна, але нічога ня зробіш.
Паважаная Ларыса Антонаўна! Дзякуй вам за запрашэньне да Сергіевіча, але, мусіць, пакуль што не зьбяруся. Вельмі ўжо шмат турбот кіно і літаратурных, ды і на службе запусьціў мнагавата. Хіба што па цёпламу, улетку. Ну, але гэта далёка.
На тым і ўсё маё кароценькае пісьмо. Шанаваньне Вам ад усёй маёй сям’і. Шчырае прывітаньне Івану Пятровічу. Як яму спадабаліся “Балада” і “Птушкі”1?
Пішыце. З павагай – Васіль.

18 красавіка 1964 г.
Шаноўная Ларыса Антонаўна!
Я зноў затрымаўся з адказам на Ваша пісьмо, зноў клопату па самыя вушы – з кіно і з поваду публікацыі аповесьці ў “Огоньке”. З кіно нелады наконт сцэнарыя, некалькі разоў езьдзіў у Мінск, удзельнічаў у розных абмеркаваньнях. “Огонёк” шмат што выкінуў з аповесьці, дык я ўжо ня рад і такой ласцы іх. У выдавецтве ў Мінску, здаецца, аповесьць пойдзе, быццам бы здалі ў набор. Але як там будзе ўрэшце – яшчэ невядома.
Настала вясна, прыгрэла сонца, гэта заўжды паднімае настрой, і зьяўляецца цікавасьць да прыроды, да жыцьця, аддзеленага ад чалавека. Даводзіцца калі-нікалі выступаць перад чытачамі, школьнікамі, пераважна тут, у Гродні. На раён яшчэ не адважваліся сунуцца. Аляксей улёг у працу, піша нешта новае, я ж пакуль што за новае не бяруся. Данута чакае новае кніжкі вершаў, але кніжка тая нешта вельмі марудна выдаецца ў Мінску.
Ці чыталі Вы нядаўна ў “ЛіМе” рэцэнзію на Брылёў раман, якую на­друкаваў Я. Герцовіч? У Мінску я гутарыў з многімі, адносіны да “Птушак” вельмі розныя: адны хваляць, другія ганяць, трэція — і так і сяк. Згоды, як гэта было ў адносінах да Мележа, няма ніякай. Я ўжо ня ведаю, што гавораць пра маю аповесьць, у вочы ніхто нічога ня хоча сказаць, а ў друку яшчэ не было ні радка. Чытачам жа, як я гэта магу меркаваць, быццам падабаецца.
Што ў Вас новага? Як здароўе? Ці напісалі Вы, Ларыса Антонаўна, які новы верш? Можа б, надрукавалі што ў “Гродненской правде”?
Запытайце, калі ласка, у Івана Пятровіча, што з часопісаў я абяцаў яму паслаць у Зэльву? Я зусім забыўся за гэтай калатнечай, за што прашу прабачэньня.
На тым усяго Вам найлепшага, добрага настрою і здароўя.
Ваш Васіль.

3 мая 1964 г.
Шаноўныя Ларыса і Янка Геніюш!
Хоць са спазьненьнем, віншую Вас са Сьвятам, якое Вы сьвяткуеце, жадаю Вам абоім добрага здароўя і сонечнай вясны.
А я толькі ўчора прыехаў з Масквы, куды езьдзіў па выдавецкіх справах, здаецца, цяпер нешта атрымаецца з маім вельмі няўдалым апавяданьнем, якое абышло амаль што ўсе часопісы і цяпер прыбілася ў “Юность”. Абяцаюць надрукаваць у № 7, для таго зрабіў сякія-такія папраўкі-уступкі. Бог з імі! Галоўнае засталося, а каб яго давесьці да чытача, відаць, трэба ў чым-колечы і ўступіць.
А як Вы жывяце? Мы тут з Аляксеем гутарылі наконт той аднаактоўкі ў “Вожыку”1, ён якраз прыехаў з Мінска і казаў, што Вы напісалі туды пісьмо. Ці варта гэта, сапраўды? З разумных людзей ніхто гэтага Прокшу ўсур’ёз не прымае, а дурным хіба што ўваб’еш у іх галовы?
Мы тут зьбіраемся правесьці чарговы сход нашага літаб’яднаньня, зьбяруцца хлопцы, абмяркуем вершы. Аляксей кажа, што варта запрасіць Вас, Ларыса Антонаўна, няхай бы Вы пазнаёміліся з нашымі маладымі хлопцамі і дзяўчатамі, паслухалі і прынялі ўдзел у абмеркаваньні. А мо нават і зрабілі б агляд вершаў каго-небудзь з беларусаў. Ваш аўтарытэт і вопыт быў бы для іх карысны. Як Вы самі на гэта гледзіцё? А то, можа, прыехалі б напярэдадні? Час я паведамлю пазьней, пазваню па тэлефоне або напішу.
Быў праездам у Мінску, але мала каго бачыў. Брыль у Кіславодску перапрацоўвае раман, Валодзя, кажуць, ужо скончыў свой, хваляць людзі. Астатняе ўсё ідзе, як і ішло раней.
На тым канчаю свой кароткі лісток, бывайце здаровы.
Са шчырасьцю – Васіль.

31 кастрычніка 1966 г.
Шаноўная Ларыса Антонаўна,
шаноўны Іван Пятровіч!Даўно зьбіраюся напісаць Вам, ды ўсё няма як за справамі і рознай драбязой, якія адбіраюць увагу і час. Ня памятаю ўжо, калі мы бачыліся, мусіць, вельмі даўно, і набралася многа чутак, у якіх шмат незразумелага. Мне што-колечы гаварылі Данута і Аляксей, але я не магу сабе ўсё гэта выразна ўявіць, проста, мне здаецца, нешта задужа перакручана і перабольшана, як гэта ў падобных выпадках і бывае. Зноў жа Аляксей з уласьцівай яму прамалінейнасьцю мог ляпнуць нешта непрыемнае і абуральнае, можа, і не са злосьці нават, а так, для “красного словца”. Што датычыць мяне, дык мне здаецца, я нічым ніколі ня крыўдзіў Вас і ня меў нічога такога ў думках. І я, і мая жонка былі і застаемся самых добрых да Вас абоіх адносін, просім паверыць у абсалютную шчырасьць гэтых слоў.
Мусіць, Вы маеце інфармацыю аб нашых тутэйшых літаратурных справах, чытаеце нашыя публікацыі ўсіх гатункаў, можна б да іх дадаць каментар, толькі ня тут, вядома. З іншага – шмат клопату і непрыемнасьцей і зусім мала плёну, якога хацелася б. А часам і проста па-чалавечы бывае кепска, ды нічога зрабіць нельга, апроч як трываць, нічога не чакаючы. Такі лёс літарацкі, і тут суцяшае толькі тая акалічнасьць, што некалі было горш. Цяжкая гэта ноша – літаратура, але аднойчы ўзяўшы яе на плечы, мусіць, ужо давядзецца ісьці з ёй да канца. Дарога гэта — чыгунка-аднапутка, паязды па якой ідуць толькі ў адным кірунку і ніводзін назад не вяртаецца.
На тым жадаю Вам як найлепшага здароўя і душэўнае бадзёрасьці.
Са шчырасьцю – Васіль.

2 сакавіка 1967 г.
Шаноўная Ларыса Антонаўна!
Толькі што дабраўся да № 2 “Полымя” і прачытаў Вашую падборку. Адразу хочацца сказаць Вам: надта ж добра. Добра па настроі, па думках, па інтанацыях. Усё харошае. Вельмі прыемная паэмка – народная, сялянская, самабытная. Цяпер усё гэта забытае (амаль), але ў ім – наша даўгавяковая гісторыя, быт, у ім мы самі. Ну, і, вядома ж, найлепшыя, мабыць, “Зубры”. Гэта проста цудоўна. Таму дзякуй Вам, дарагая Ларыса Геніюш, за сапраўдную паэтычную асалоду, якую Вы далі. Я рады за Вас і ганаруся Вашай “залатой” паэтычнай нітачкай. Дай Вам Бог багата ў Вашым куфры.
А мы тут патроху гаруем-жывем, пішацца кепска, усё чакаем немаведама чаго – вясны, цяпла, хіба. Думаецца, тады будзе лепш. Іван Пятровіч абяцаў зайсьці перад выездам з Гродні, ды не зайшоў нешта, можа, скрыўдаваў чаго – ня ведаю. Але ня трэба крыўдаваць. На мяне і так у гэты час шмат крыўд.
Яшчэ хачу паведаміць Вам прыемную навіну: часопіс “Нёман” мае намер надрукаваць Вас у перакладзе на рускую. Пераклады заказалі В. Чэкіну (ён з Гродні, Іван Пятровіч павінен яго памятаць – некалі разам абедалі). Ён з натхненьнем узяўся за працу. Падрадкоўнікі яму зрабіў я. Перакладзе – прышле Вам на аўтарызацыю.
Вось і ўсё. Пішыце. Жывіце. Не тужыце. Як-небудзь, як-колечы. Усё і абыдзецца.
Са шчырасьцю да Вас абодвух – Васіль Б.
P.S. Сёньня Аляксей К. хадзіў у абком і гутарыў з Міцкевічам1 наконт Вашай паездкі. Сказалі: усё будзе добра, паедзеце. Так што рыхтуйцеся.
В.Б.

8 лістапада 1968 г.
Шаноўная Ларыса Антонаўна!
Я быў проста расчулены Вашым пісьмом, такім мілым, разумным, як заўсёды, спагадлівым і таварыскім. Што рабіць, цяжка жыць на гэтым сьвеце, асабліва калі зьвяжашся з гэтай праклятай літаратурай. Нікому яна ў Расіі не ўпрыгожвала жыцьця, а многім і стала прычынай іх дачаснага зыходу “в мир иной”. Што ж датычыць мяне, дык талент мой ня Бог ведае які, я сам выдатна разумею гэта, але проста ня хочацца хлусіць, ашукваць людзей дзеля адной толькі асабістай выгоды, як гэта робяць скрозь. Многага мне ад жыцьця ня трэба, а ў літаратуры хацелася б сказаць пяток нясказаных слоў праўды і — годзе. Астатнія хай скажуць іншыя.
Дарагая Ларыса Антонаўна! Я ніколі не сумняваўся ў Вашае шчырасьці і беззаганнасьці ў дачыненьні да Беларусі, памятаю ўсе нашы гутаркі і вельмі перажываю за тыя несправядлівасьці, якія Вы пазналі ў жыцьці. Але што можна зрабіць у такі час? Адно — трываць і спадзявацца. Лёс, як звычайна, бывае кручаны, ніхто з нас ня ведае, што кожнаму наканована ў жыцьці, але важна, каб яно было пражыта па праўдзе, сумленна перад сабою, як і перад Богам. У гэтым, мабыць, і ўвесь яго сэнс. Просты, але дужа трудны.
Дзякуй Вам за Вашую ўвагу.
Магчыма, калі завітаем у Зэльву, а пакуль што вельмі жадаю Вам і Івану Пятровічу як мага лепшага здароўя і душэўнае вольнасьці.
З павагай і шанаваньнем — Васіль.

P.S. На пленуме Я. Брыль вельмі хораша гаварыў пра Ваш «Куфар», прыемна было слухаць. Апладзіравалі крыху.