12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Чарановіч

_____________________
Плынь розуму. Мініяцюры


Раніца

Цярушыць дождж, не ідзе, а сыплецца з усіх бакоў.
Нашто дождж, як няма дрэваў.
Калі былі дрэвы, дождж быў прыгажэйшы. На галінах збіраліся кроплі, вільготна і прыемна пахла лісце.
Цяпер відаць толькі дзве шэрыя паласы.
Гэта павінны быць неба і зямля.
Павінны быць...
Калі паўтарыць гэтыя словы некалькі разоў, яны губ­ляюць сэнс.
Дзе неба, дзе зямля?
Неба там, дзе сонца. А дзе сонца?
Чаму ў маёй галаве такая каша?
А думкі – на дождж…

Праца

Мне не падабаюцца працавітыя людзі. Бо праца даўно страціла свой першапачатковы сэнс. Праца пачала мець нейкі разбуральны характар. Асабліва гэта відаць, калі звярнуць увагу на тое, як яна адбіваецца на нашым існаванні.
Канечне, трэба працаваць, але толькі дзеля таго, каб не памерці з голаду, ці проста, каб быў нейкі занятак.
Ці каб зарабіць крыху грошай.
Ці многа грошай, калі ты любіш грошы.
Інтэлігентна кажучы, ёсць вельмі шмат гатункаў грошай – еўра, даляры, зайчыкі, драўляныя грошы, ліры і таямнічыя йены, ракавіны кауры.
Шкада, што грошы нельга есці.
Чаму так мала цікавага ў чалавеку, які толькі працуе і працуе дзень за днём. Самыя надакучлівыя кнігі – гэта кнігі, дзе пішуць пра працу. Кнігі пра любоў да грошай і да жанчын атрымліваюцца больш цікавымі.

Праца 2

Школа – гэта месца, дзе я працую, не каб зарабіць грошы, бо грошы ўсё ж нельга есці, а каб не памерці з голаду.
Многія з настаўнікаў трымаюць гаспадарку – курэй, свіней, індыкоў, пчолаў. Садзяць бульбу і агуркі з памідорамі. Самагонку гоняць. Частуюць адзін аднаго.
Яно б ўсё нічога, абы на здароўе. Але як падумаеш, што на дварэ XXI стагоддзе, то і ў думках нейкая паўза наступае, далей нічога падумаць не можаш. Дваццаць Першае Стагоддзе – і ўсё, далей зацьменне, канец фільму.

Цэнтр Еўропы ці яе сэрца?

Прапаную не казаць больш, што нашая краіна знаходзіцца ў Цэнтры Еўропы.
Прапаную казаць у Сэрцы Еўропы. Бо ўсялякія бываюць думкі, так бы мовіць інсінуацыі.
Напрыклад: а як тая Еўропа ляжыць? А крый Божа на спіне. То і дзе ж мы, атрымліваецца, знаходзімся. Бо тады цэнтр з’яўляецца ў тым мяккім і цёплым месцы.
І хоць яно, канечне, утульна, і нават лагодна, але неяк сорамна.

Бог і ператварэнні

Гадоў з дзесяць будзе, як нам дазволілі верыць у Бога. Да гэтага ўсе ведалі, што Бога няма, і ў кнігах пісалі яго з малой літары.
Пачалі рабіцца цуды.
Напрыклад, многія прапаршчыкі, што так спраўна жылі на харчовых складах, раптам ператварыліся ў святароў. Ды што прапаршчыкі, у нас вядома цудоўнае ператварэнне ў веруючага Старшыні Камісіі Партыйнага Кантролю. Яго і ў ранейшыя часы падсвядома цягнула да царквы. Асабліва на вялікія святы. Усю ночку, бывала, не спіць, цікуе каля Божага храма, выглядае, хто ў царкву ідзе, і ўсіх у паперку запісвае.
Цяпер ён, пасля пераўвасаблення, спявае ў царкоўным хоры.

Унія

Наш Загадчык райвыканкама хоць і праваслаўны атэіст, але разам з тым і крэпка веруючы чалавек. Ён першы ў раёне, прабачце за параўнанне, быццам Святы Уладзімір Русь, хрысціў Белы Дом і ўсіх вольных ці нявольных паганцаў-чыноўнікаў павярнуў да сапраўднай веры праваслаўнай.
Вельмі Загадчык цікавіцца і пытаннямі, і таямніцамі веры.
Аднойчы сабраў Ён святароў усіх канфесіяў дзеля сардэчнай размовы. Селі, гарбатаю і рознымі смакалыкамі частуюцца. І такая шчырая ў іх пайшла размова, і такая салодкая была гарбата, што наш Загадчык не стрымаўся і ў сардэчным парыве прапанаваў:
“Почэму мы так рэдка сабираемся? Нада чашчэ сабиратца. Саберомся, пагаварым, каньячку вып'ем. Не, я не то что напивацца, а так, па сотачке, па сотачке. Ну, какия меджду нами могут быть пративарэчыя. Мы жэ ж адно дзела дзелаем. Давайте абъединимся усе. Чтобы все уместе. Па-добраму.”
Тут каталікі пачалі так моцна лыжачкамі сваю гарбату мяшаць, быццам у званы званіць. І так паскудна, па-езуіцку, між сабой пачалі пераглядвацца. А праваслаўны святар, моўчкі ўстаў, бараду расправіў і з кабінета выйшаў.
Так, у каторы ўжо раз, загінула на зямельцы нашай ідэя праваслаўнай і каталіцкай уніі.

Вясна, ці мары пра будучыню

Вясною так хораша марыць. Лежачы пасля абеду, я часцяком мару пра будучыню. Будучыня мроіцца, нягледзячы ні на што, светлай.
Мроіцца мне, што ў будучыні не будзе нічога лішняга, а толькі будзе патрэбнае. Будзе вельмі шмат скакуноў і бегуноў. І яны будуць лепшымі ў свеце.
Мы будзем скакаць вышэй за ўсіх і далей за ўсіх. Такое будзе ў нас развіццё. І такі будзе з гэтага гонар.
Усяго, чаго сёння не хапае, будзе многа.
Разумных людзей раптам зробіцца многа.
Гною, напрыклад, будзе вельмі-вельмі многа. Бо вядома, што без гною не будзе нічога. Перапыніцца ўсялякае існаванне.
Ад гною зробіцца вельмі моцнай харчовая бяспека нашай краіны.
Гадоў з пяць не магу дастаць таго гною на свой агародчык. Дзе яго ўзяць. Сёння і за грошы не купіш. Толькі па знаёмству.
Эх, паскудны век, паскудныя сэрцы. Інтэлігентна кажучы, канец цытаты. Тут мары заканчваюцца і прыходзяць думкі пра дзень сённяшні.

Эстэтыка, ці пазыў да прыгожага

Вясною жыхары майго гораду адчуваюць пазыў да прыгожага. Гэта ўсё ідзе з глыбіняў падсвядомага і з нашага менталітэту. А можа, інтэлігентна кажучы, проста не хапае вітамінаў. Напрыклад, як у маёй суседкі, якая кожную вясну трапляе ў мясцовы дурдом, дзе ёй робяць рэабілітацыю.
Пазыў да прыгожага пачынаецца, як ліхаманка, заўсёды раптам, знянацку. Усю зіму чалавек адыходзіць ад сельскай гаспадаркі, так што нават мае час марыць пра будучыню.
Асабліва адчуваецца пазыў да прыгожага ў горадзе. Пачынаецца ўсё з абпілоўвання дрэваў. Усе дрэвы абпільваюцца ад галінаў так, што застаецца толькі голы ствол. А іншым разам і ствол абпільваюць напалову. Дрэвы выглядаюць пасля абрэзкі, як людзі пасля вайны – у каго няма рук, у каго ног, а ў каго і галавы.
Пілаванне спыняецца, бо хутка сканчаюцца дрэвы. А пазыў да прыгожага яшчэ цісне.
Пачынаюць фарбаваць крэйдай бардзюры абапал дарог, прыгожа насыпаныя на траву камяні, старыя аўтамабільныя шыны. Малююць, так бы мовіць, у свабоднай манеры, пырскаюць і ставяць прыгожыя плямы. Горад пачынае нагадваць карціны Джэксана Полака.
Шкада, але праз нядзелю ўсю прыгажосць змывае дождж. А абрэзаныя дрэвы не вельмі кідаюцца ў вочы, бо з кожным годам іх усё менш.
Эстэтычная дзейнасць раптам спыняецца і пачынаецца сельска­­гаспа­дарчая.
Да наступнай вясны, таварышы!!!

Прыступкі Правінцыйнага Дао

Нацыянальна адметных, інтэлігентна кажучы, цалкам арыгінальных, філасофскіх канцэпцыяў наконт будавання свайго жыцця ў касмічным маштабе, акрамя, канечне, ідэі пра Харчовую Бяспеку, ці, напрыклад, добра распрацаваных правілаў Агульнанацыянальнай Гульні ў Хованкі, жыхары майго горада яшчэ не пабудавалі, таму карыстаюцца агульначалавечымі. Хто цікавіцца ідэямі праваслаўнай рэлігіі, хто каталіцкай, ёсць цікавасць да ісламу і таямнічых духоўных практык Індыі і Тыбету. А хто і зусім нічым не цікавіцца. Аднак трэба заўважыць, што з ідэяй аб існаванні ў кожнага чалавека свайго лёсу, свайго шляху ў жыцці, які наканаваны вышэйшымі сіламі, ніхто спрачацца не стане.
Існуюць, так бы інтэлігентна кажучы, тры прыступкі Дао Правінцыйнага Беларуса.
Першая прыступка.
Іншым разам народзіцца чалавек у такім глухім месцы, куды і аўтобус не кожны дзень ходзіць. А, усё ж такі, і там чалавек мае спрыт розуму і смак да жыцця. Каб выкараскацца з гэтай глухамані, ёсць толькі адзіны сродак – кінуцца ў вочы якому-небудзь Начальству і спадабацца яму. Гэта тонкае мастацтва, і не кожны чалавек да гэтага прыдатны ад прыроды.
Шчыра кажучы, вельмі распаўсюджаная ў нас ідэя аб тым, што ад Начальства трэба трымацца як мага далей, але гэтая ідэя бярэ сваё паходжанне з сістэмы правілаў Агульнанацыянальнай Гульні ў Хованкі і да ідэі трох прыступак Дао не мае ніякага дачынення. Яна хоць і дае добрыя вынікі ў плане выжывання індывіда, але выкараскацца ён ужо нікуды не можа.
Чалавеку, якога заўважыла Начальства, трэба дзейнічаць мякка, каб крый Божа не напалохаць Начальства сваёй празмернай актыўнасцю. Шкада, што нельга, як у ранейшыя часы Вялікага княства Літоўскага, прылюдна пацалаваць Начальства ў руку, ці ў бруха, ці прытуліцца тварам да яго кабцяў. Сённяшнім днём гэта толькі палохае Кіраўніка. Найлепшым з усіх, у наш час, лічыцца зазіранне ў вочы, якое аздабляецца сардэчнай усмешкай. Прычым, на любое пытанне начальніка, нават і нявыказанае ўслых, трэба адказваць так, як адказаў некалі герой Ільфа і Пятрова слесар-адзіночка Полесаў. На пытанне Астапа Бэндэра: “Ваше политическое кредо”? – ён адказаў, цытуючы мову арыгіналу – “Всегда”!
Спадабаўшыся Начальству, чалавек набывае статус Добрага Хлопца.
Другая прыступка.
Добры Хлопец павінен імкнуцца да набыцця статусу Свой Хлопец.
Каб набыць новы статус і ўзняцца на новую прыступку, трэба актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцці свайго акалотка. Паўсюдна праслаўляць свайго Начальніка і імгненна, не разважаючы, падтрымліваць усе ягоныя ідэі, нават калі адна з іх супярэчыць другой. А менавіта – асабліва ў гэтым выпадку. Трэба старацца рабіць ўсялякія неспадзяванкі яго ворагам. Асабліва важна, каб імкненне набыць новы статус было заўважана Начальствам.
Вяршыняю на пераходным этапе ад Добрага Хлопца да Свайго Хлопца з’яўляецца атрыманне Новай Пасады.
Трэцяя прыступка.
Свой Хлопец мае шанц заняць месца ў харчовым ланцугу свайго На­чальніка. Прабачце, я не зусім дакладна выказаў думку. Начальнік, канечне, у любы момант можа “з’есці” Свайго Хлопца. Але я хацеў сказаць пра другое. Свой Хлопец знаходзіцца на такім узроўні даверу Начальніка, што нават ведае яго хатні адрас і мае права прыносіць Дары – бульбу і сала. На пытанне Начальніка: “Ты, мабыць, трымаеш кабанчыка”? – трэба адказваць, што трымаеш, нават калі ты жывеш у кватэры шматпавярховага дома. Сала і бульбу, у гэтым выпадку, трэба набыць на рынку. Калі сала спадабаецца, Начальнік можа лагодна запытацца, чым ты корміш свайго кабанчыка. Трэба адказваць, што яблыкамі.
Далей жыццё чалавека, які набыў статус Свайго Хлопца і заняў сваё месца ў харчовым ланцугу Начальніка, залежыць толькі ад яго асабістых здольнасцяў, крышачку ад атрыманай адукацыі і, у асноўным, ад непазбежнага ўздзеяння зорак, пад гнётам якога жывуць усе людзі на нашай планеце.

Дурная энергія

Інтэлігентна кажучы, у школе настаўнік стаіць амаль на самай нізкай ступені іерархічнай лесвіцы.
Яшчэ ніжэй толькі вучні.
Цікава, ці павінен, напрыклад, завуч быць сукаю ад прыроды. Ці гэ­та якасць набываецца толькі падчас спаўнення ім сваіх прафесійных абавязкаў?
Ці не з’яўляецца тая сукаватасць раптам, як прафесійная хвароба, напрыклад, як сухоты ў шахцёраў?
І праўда, здаецца, сядзі і пі сваю гарбатку!
Дык не!
Колькі ж трэба мець дурной энергіі каб прымусіць настаўнікаў пад­рых­таваць які-небудзь вечарок нікому не патрэбнай паэзіі, прымусіць вучняў вывучыць вершаваныя радкі, якія так сорамна і фальшыва гучаць са сцэны, прымусіць бацькоў, пакінуўшы справы, ісці на гэту вечарыну, дзе яны будуць, сплываючы потам, чакаць, калі ўсё скончыцца і іх адпусцяць да хаты.
Дык не!!
Трэба яшчэ наладзіць абмеркаванне вечарыны, якое паволі ператворыцца ў сварку і памножыць узаемнае непаразуменне.
Дык не!!!
Трэба яшчэ пра гэта з захапленнем распавядаць на якой-небудзь нас­таўніцкай канферэнцыі.
І ўсё гэта там, дзе галоўнае – проста даваць дзецям веды.
Этнаграфічны полтэргейст

Не. Не. Ён спакойны.
Не лезе ў вочы, не спрачаецца.
Не гаваркі.
Не добры і не злы.
Не вясёлы і не сумны. Спакойны, спакойны.
Не, не праваслаўны і не каталік.
Хоць іншы раз і каталік, і нават паляк.
Хоць, інтэлігентна кажучы, і праваслаўны, і рускі. Асабліва каля царквы, ці ў навальніцу.
Асабліва ў навальніцу. І тады не толькі каля царквы.
Не, не дурны, але разам з тым і неяк не вельмі адукаваны. Не цераз край.
Хоць іншым разам і вельмі адукаваны, але толькі пакуль маўчыць.
Як пачне размаўляць, то неяк, чамусьці, атрымліваеш іншае ўражан­не.
Калі пачне пісаць, уражанне мацнее. Але не, не дурны. Не. Проста спа­койны.
Не размаўляе на беларускай мове.
Не размаўляе на расейскай мове.
Не размаўляе па-польску.
Але ўсё наскрозь разумее.
Але разам з тым, як прыслухацца, то, інтэлігентна кажучы, размаўляе адначасова і па-расейску, і па-беларуску, і па-польску. Але толькі адначасова.
На гэтых трох мовах толькі адначасова.
Па-ангельску ці па-нямецку, ці на якой іншай мове, як гаворыць, то чыста і паасобна. А так, на тых трох астатніх, толькі адначасова. Не, не дурны!
Спакойны!!!
Не гультай, не тандэтнік. Тут, канечне, не пагалоўна. Але ж і не кожны другі. Не, не кожны. Не…
Не палахлівы, але і не арол. Але і не курыца.
Не, спакойны, спакойны.
Не шэры, але і не блакітны.
Хоць іншы раз і блакітны.
І ўсё часцей.
Але ж не кожны другі. Усё ж цэнтр Еўропы. Спакойна! Спакойна!
Не яўрэй. Хоць, інтэлігентна кажучы, іншым разам ну сапраўдны жыд.
Не, не цыган. Проста турыст.
Не валацуга. Сорак гадоў на адным працоўным месцы, у адным горадзе, каля адной жонкі, на адзін заробак.
Не, спакойны, спакойны.

Як, Вам не сорамна?

Так, мне не сорамна!
Так, гэта я еду не аплаціўшы праезд у гарадскім аўтобусе.
І мне не сорамна!!!
Я не эканомлю, я пратэстую!!!
Проста гэта ўсё, што магу.
Каб я мог асмеліцца на што іншае, то асмеліўся б.
А так усё, што магу.
Загадка

Што гэта, такое шэрае і палахлівае?
Што гэта, такое паслухмяна-абыякавае?
Што гэта, лісліва-ўсмешлівае?
Што гэта такое з дыпломам аб адукацыі?
Што гэта, з балючым позіркам беспрытульнага дварняка?
Што гэта, шалёна-зайздрослівае і помслівае?
Што гэта за духоўная галеча?
Што гэта там, што гаворыць на неіснуючай мове, не кажучы ўжо пра літа­ратурную?
Што гэта там, увесь час гатовае на ўсё?
Што гэта там, што так палахліва хаваецца за чужою спінай, як у жыце?
Што гэта, што так спалохана глядзіць на сапраўды адукаванага чалавека?
Што гэта, так недатыкальна здэнерваванае?
Адгадка (кінўатсан).

Ёсць такія гарады

Ёсць такія гарады, дзе ўжо проста на вакзале, толькі сышоўшы з цягніка, раптам адчуваеш патрэбу быць культурным і адукаваным чалавекам.
Напрыклад, у Вільні.
Хочацца перапрашаць і сардэчна дзякаваць нават у вінагарэлачнай краме, не кажучы ўжо пра аптэку ці кнігарню.
У тралейбусе такая цнатлівая цішыня, як у храме. Калі заходзіш, хочацца не толькі прабіць талон, але і ўкленчыць.
Хочацца думаць, што ты скончыў універсітэт. І абавязкова з чырвоным дыпломам.
Хочацца, закруціўшы на шыі белы доўгі шалік, ісці па вуліцы ў доўгім і дарагім паліто.
Хочацца набыць капялюш.
Хочацца быць маладым і падабацца.
І зноў так хочацца, так моцна хочацца жыць.

Кола шчасця

Сёння мы проста не можам жыць без таго, што заўтра зробіць нас ня­шчаснымі.

Стары горад

Гораду, у якім я зараз жыву, болей за пяцьсот гадоў, але тут усё “новае”: новая царква і новы касцёл, новыя дамы і дрэвы.
А ці ж гэта добра?

Розум і лужына

Інтэлігентна кажучы, не кожную лужыну можа перамагчы чалавечы ро­зум!
Асабліва ў восень.