12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Юры Чарнякевіч

_____________________
Няма ні слабых, ні моцных...
Вершы

* * *

Джала.
Яно абяцае
Надзею
Скарынаўскім зьмеяловам.
Прыціснуць да каменю
Голаў
I выціснуць
Руту атруты
На рану.

Як сольлю
На раны.

На рану
Пасаджаны астры.
Красуюць,
Цаляюць шыпамі.
Як джалы,
Як сонныя
Бадхісатвы,
Як зьлепкі
Арганікі думкі.


* * *

Ніколі не кажы
Ніколі.
Сон зачапіўся
За карніз
Струной дажджу,
Парэзаў вены
На паверхах неба,
Разгубіўся кропляй
На лісьце кляновым.

На тваім лісьце.


* * *

Парваным
Ад крыку Горлам
Застаецца толькі
Шаптаць.
Ш. Ш. Ш.
Літара алфавіту.
Шолах лістоты.
Ты чуеш?
Гэта драўляныя
Жабкі сухія
Гуляюць у хованкі
3 ветрам,
Нібы са сьмерцю
Сваёй.
Аднастайна.
Трывожна.

Свабода.
* * *

А. Разанаву

Дрэвы, як дрэвы.
Пераплятаюцца ў глыбінях
Зямлі і неба
Вершаліны – карэньні.
Яднаюцца,
Нітуюць
Зямлю і неба
Дрэвы,
Драдамы,
Дамы,
Мы.

Аум.

* * *

Няма ні слабых ні моцных.
Прытуляйся шчакой
Да вокнаў,
Плюшчы падушачкі пальцаў
На струнах
Наступнага дня.

На дарогах
Валяецца мёртвае
Пажаўцелае лісьце
І позіркі,
На руках крыжы
Намалёваны,
Абвязаны бінтамі
І фенькамі.

Адным колерам.
Адным подыхам.

* * *

Неба,
Скурчанае
I патрывожанае
Белымі кроплямі
Сьнегу мяккага,
Водарам ветру
Над рэчкай мёртваю.

Неба бруднае,
Непамытае,
Нібы твар Бога
Ці твар язычніка,
Ці быццам нешта
Яшчэ абрыдлае...

Вочы ўтаропіць,
Глядзець,
Адчуваць паветра,
Мацаць яго,
Хапаць,
Заціскаць у лёгкія.
I выціскаць пасьля цісканьня
Згвалтаванае
I бяскроўнае.

* * *

Карыдаю па калідорах.
Суцішанай зданьню
Па вулках,
Ценем на падваконьні
Цьмяна сядзець.
Боўтаць у шклянцы
Чаінкі,
Боўтаць нагамі ў паветры,
Сонечным промнем крэсьліць
Літары-рыскі на дрэве.

Паслухай, я разыйдуся
Кругамі на летнім
Асфальце,
Глыну салёную сьліну,
Віна і дажджу гаркату,
Калі на парэштках
Неба
Стрэнуцца нашыя целы...
Тарэадоры за працай!
Шалам, крывёю — вочы,
Жалем і стогнам —
Фарбы
Мяшае свае
Арлекін...

Балюча, калі не да сьмерці.
Пякуча, калі не адразу.
Таньчы, апошні майстра,
Круціся на маскарадзе.
Забытыя ключ і целы
Прыхавай ля крыжа, ля дарогі.

Крэйдаю па калідорах,
Нябачаным зьверам
Па вулках,
Холадам на падваконьні
Цьмяна сядзець.