12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Чобат

_____________________
Самалёт. Паэма

Памяці 96-ці палякаў
у небе над Смаленскам

І

Самалёт раскідвае крылы на Крыж,
каб у Неба ўзняцца над Часам.

Над зямлёй усе людзі збіраюцца разам.
Ні жывых там, ні мёртвых – там проста ляціш,
там пануе гісторыя ад часоў Герадота,
з гэтай бездані ў тую палёт самалёта,
ў той бездані ў Небе – расстрэльныя ямы,
тая Польшча, якой больш няма, але ёсць
і не гіне – ні ў людзях, ні ў душах.
Там ляціць кожны сам на сваім крыжы.
Цяпер крыж нясе чалавека –
у Катынь пад Смаленскам, ля самай мяжы
паміж нашым і людскім светам.

Мы ж даўно незалежныя – і ад тых, і ад гэтых.
Хата з краю. Ні пекла, ні раю.
Не было, як было – а было, як напішам.
Бо такія мы людзі. Такі мы народ.
Гэтаксама жывем – толькі наадварот.


ІІ

Быў верасень трыццаць дзявятага года,
і панскую непагадзь наша пагода
змяніла на тыдзень-другі –
які ўжо раз “на вякі!” –
за лопатам, бразгатам, трэскам і громам
ніхто не заўважыў тых польскіх пагромаў,
раскіданых панскіх двароў,
парэзаных дойных кароў,
трафейных шкарпэтак навонханых панскіх,
пабраных гадзіннікаў, ботаў уланскіх,
лес кончыўся – трэскі ляцяць.
Нічога ж здалёк не відаць…

Саветы адразу далі ўсім работу,
кіно па нядзелях і танцы ў суботу –
за спаленым панскім дваром,
раскінуўся аэрадром;
вось нехта падаўся на курсы да Гродна,
другі ўбіўся ў пісары ўлады народнай,
прыслалі настаўнікаў і землямераў,
казалі вучыцца савецкіх манераў,
вясёлыя песні спяваць
і правадыроў шанаваць…


ІІІ

Скончыўся перапынак паводле актаў Версаля.
Новае пакаленне выступіла ў паход.
Танкі ўжо пад Варшавай. “Юнкерсы” над Варшавай.
У верасні наступае першы ваенны год.

“Рыжскі падзел ганебны” больш нікога не дзеліць.
Танкі даўно за Нёманам. Са слупоў “говорит Москва!”
Мястэчка стала райцэнтрам. У мястэчку кірмаш. Нядзеля.
Ходзіць зямля пад нагамі. Кружыцца галава.

Звыклы пры кожнай уладзе “жыць у ладзе і згодзе”,
Люд тутэйшы гадае: які ж гэта будзе лад?!
Як быццам усё ўжо скончана… Эх, вясковы народзе!
Так хутка ён адкрукоча – у Брэсце супольны парад .


IV

Хутар Сурконты. Лес. Трыццаць пяць палякаў.
Скончылася адна – ідзе другая вайна.
Вільню ўжо адабралі… І дарогі нідзе ніякай.
Лета сорак чацвёртага. “Котвіну” доля адна.

Доля парашутыста. Ноччу ступіць з самалёта,
месяц блукаць у балотах, нарэшце дайсці да сваіх…
А вайна зусім не такая. Другая зусім перамога.
Ды малая птушка з маёра, каб спяваць аб справах такіх.

Доля парашутыста. Руку адаб’юць па локаць.
Рэха стрэлаў і крыкаў замуруе возера шкло.
Гадкая гэта работа. Горкая асалода.
Скочыў у Польшчу, а Польшчы там ужо не было.


V

Над сталіцай саюзнай рэспублікі ні хмаркі ў спакойным небе.
Лепшыя хлопцы з мястэчак спакойна едуць вучыцца.
Нашы савецкія танкі спакойна стаяць на Эльбе.
А ў крамах стаяць спакойна гарэлка, цукар, гарчыца.

А па-за сталіцай рэспублікі калгаснае жыта красуе.
Няма авантуры афганскай – няма афганскіх герояў.
Нідзе не відаць беларусаў – ніхто іх не паланізуе.
Жывуць спакойныя людзі без клопату і без мрояў.


VI

Танцпляцоўка пустая пад мокрым снегам.
Сквер у самым цэнтры мястэчка.
Грае ў сне аркестра самотных сэрцаў.
Хлопцы з восені служаць у войску савецкім.

Над скверам хмара вісіць анучай.
Скандал пачаўся ў кнайпе суседняй.
Танцаваць вучыся, а жыць гора навучыць!
У мястэчку зімой штотыдзень вяселле.

Свецяць экраны блакітныя ў вокнах.
Вайна далёка. У Афганістане.
Ну і што з таго, што хлопцы ў тым войску?!
Адслужаць і прыйдуць – абы дзеўкі чакалі.

Стала цяжка з мясам. Потым – знік цукар.
Старая “Лазня” ледзь-ледзь рыпіць па суботах.
Толькі трое вярнуліся ў цынкавых трунах.
У адной панажоўшчыне загінула болей.


VII

Лёс у сабакаў сабачы.
Пуста ў людзей за душою.
Мы з гаспадыняй па дачы
марна шукаем спакою.

Знікла шляхецкая мужнасць.
Правіць савецкая раса.
Братніх народаў садружнасць
з’ела сабачае мяса.

Цэлае лета пацею,
нешта шукаю па кучах.
Кажуць – канец Дземянцею.
З’елі яго разам з путчам…

Кожны тут зубы шчэрыць…
Просты наш Край – як малітва.
Мінскам кіруе Шушкевіч –
вёскай кіруе паўлітра.

Морду паклаўшы на лапы,
ціха драмлю да абеда –
кажуць вясковыя бабы,
што заваююць нас шведы.

Нос не высоўваю з дому –
гэта ў маіх інтарэсах.
Шастаюць цёткі з райкома,
быццам ваўчыцы, на Крэсах.

Нехта пра ўладу загаўкаў,
нехта вішчыць пра свабоду…
Людзі не любяць сабакаў –
Бог не спрыяе народу.

VIII
Свет стаяў, як стаяў –
у шчаслівым застоі.
Планавалі студэнты… да пенсіі
і да магілы свой лёс.
Там жылі – дзе пашлюць,
варушыцца і дзыгаць – пустое,
бо ўсё роўна спякотнае лета,
а ў зімку мароз.

Пасылаў адзін дурань другога –
было ж нас замнога…
Дабіваліся клеткі асобнай,
цягнулі на службе матуз…
У самога святога парога
кулі трапілі ў Яна Паўла ІІ,
А стаяў гэты свет!
Як без Бога Савецкі Саюз…

А куды што падзелася?!
Мы ж ані вухам, ні вокам…
Ізноў тыя палякі
ізноў забаламуцілі свет?!
І за што нам чужая свабода
не выйшла, а вылезла бокам?!
І чаму беларус ва ўсім свеце
“апошні сапраўдны свет”?!

Толькі дзесяць гадоў праляцела
ад рымскага стрэла,
а паставілі жонд “Салідарнасць”,
мур бетонны ў Берліне прапаў ,
і на месцы “савецкай імперыі”
дзірка адна зіхцела…
…адзін кінуты люд беларускі
жыў, як жыў – і далей сабе жыў.


IX
Пытанні, пытанні, пытанні адны…
Ці нават адно – на вякі.
Мы выйшлі ў народ з партызанскай вайны.
Але – у народ які?!

Спрыяў людзям час за жыццё першы раз,
прыйшоў той “шчаслівы мамент”! –
саветы і немцы прыбралі ад нас
жыдоў і палякаў нашчэнт.
Паўстаў просты люд! Сам паставіў сцяной
начальніцкі свой апарат –
і ганіў “фашысцкаю мовай дурной”
Купалы і Коласа лад,

і розумам не забіваў галавы,
і верай душы не муціў –
і толькі бяздонная бочка Масквы
цурчала шчаслівы матыў.

Чаму ж так не жыць, калі можна і так?!
Пад тою крамлёўскай сцяной…
А тут гэты пан, каталік і паляк
з крыжовай свабодай дурной!

Гатовы да смерці за ёю ляцець!
На крыж самалёта, ты бач!
А простаму люду паноў зразумець
ніяк не выходзіць, хоць плач…


Х

Катынь не была ГУЛАГам
з лагерным горкім пылам –
Катынь для “адных палякаў”,
бо гэта “людзі не тыя”,

Ідзі іх толькі паслухай!
Насмешка адна штомінуту…
– Нашто нам Сталін з камунай?! –
і шлюць да д’ябла і ў дупу.

– Мы, – кажуць, – з апекай Божай,
то вы з “няўмытай Расіяй”,
мы, – кажуць, – тут самі Польшча,
пакуль мы яшчэ жывыя!..

“…ну, мы вам Польшчу пакажам!
Глядзі – якія героі!
З гонарам вашым панскім
гноем будзеце, гноем!

Не пацягаеце нервы
простым людзям савецкім,
ах вы, пшэцкія сцервы
з Божанькам вашым пшэцкім!

Ляціце ў яму на крылах –
як лёталі на пагонах!”.
Народ не робіць памылак,
вялікі народ, шматмільённы…


ХІ

У наступным стагоддзі над пожняй –
самалёт так бярозы пасек –
“Прабачце нам, калі можаце”, –
выдыхне чалавек.

Забудзе сваю палітыку
і свой ХХІ век,
і нават Расію вялікую –
бо ён найперш чалавек.

Бо жыць далей яму трэба –
не так, як “людзі жылі”! –
бо кожнага сваё Неба
чакае ў канцы зямлі.

Бо мала “хацець, як лепей”,
каб выйшла – як ты хацеў,
і позна прасіць на Небе,
чаго на зямлі не смеў.


ХІІ

Ноч над Варшавай
дажджом заплача,
цень Крыжа
хмараю наязджае…

…а тут спакойна,
а тут іначай,
бо свет чужы –
і бяда чужая.

Бо гэта ў іх
з адным самалётам
больш тыдня Польшча
душой нямее,
а тут няма калі –
тут работа,
дый жыць на Небе
тутэйшы не ўмее.
То ў тых палякаў
грашыскаў поўна
і ўсё па-панску –
што ж не маліцца?!
Хто багацейшы –
бліжэй да Бога,
а бедным людзям
нідзе не ўбіцца,
бо грошы там
і на смерці робяць –
не ўсё так проста
з тым самалётам…

…так і гавораць,
так тут і ходзяць
з пальцам задраным,
з раскрытым ротам,
так і цягаюцца
днямі пустымі,
бязвінных судзяць –
як вінаватых.

Браты і сёстры
ў сваёй Катыні,
а мы яшчэ
ў чужых Курапатах.

18 красавіка 2010